КАН’ЮГА́ТЫ (ад лац. conjugatio злучэнне),
счаплянкі, група пераважна мікраскапічных зялёных водарасцей. У парадку каля 50 родаў, 4000—6000 відаў. Пашыраны ўсюды (найб. вядомыя — кластэрыум, мужоцыя, нетрыум, спірагіра). На Беларусі каля 200 відаў. Трапляюцца ў прэснаводных вадаёмах (ціна), сярод вільготных імхоў, на вільготных глебах, сценах і інш.
Аднаклетачныя (рэдка каланіяльныя), сіметрычна пабудаваныя арганізмы, клеткі якіх звычайна перашнураваны пасярэдзіне на 2 аднолькавыя паўклеткі (дэсмідыевыя водарасці), з суцэльнай абалонкай без падзелу на паўклеткі (мезатэніевыя), з ніткаватай структурай (зігнемавыя, ганатазігавыя). Характэрная асаблівасць К. — адсутнасць у цыкле развіцця рухомых жгуцікавых стадый і наяўнасць палавога працэсу — кан’югацыі.
т. 8, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗАІЦЫ́ЗМ, мазаічнасць,
прысутнасць у аднаго мнагаклетачнага арганізма клетак рознага генатыпу (выключэнне — палавыя клеткі ў працэсе меёзу). Такія арганізмы наз. мазаікамі або хімерамі. Напр., стракаталістасць у раслін, розная пігментацыя радужнай абалонкі вачэй у чалавека (адно вока карае, другое — блакітнае). Асн. прычыны — мутацыі і рэкамбінацыі ў клетках, што дзеляцца шляхам мітозу. Адрозніваюць М. са зменай генатыпу, плазматыпу і фенатыпічны М., звязаны са зменай функцыі гена ці яго дозы. Да М. адносяць таксама штучнае аб’яднанне груп клетак або органаў: трансплантацыя, прышчэпкі ў раслін і інш. Выкарыстоўваюць для аналізу мутацый, асаблівасцей развіцця арганізмаў і інш.
т. 9, с. 504
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТЫСТАЛО́ГІЯ (ад пратысты + ...логія),
галіна біялогіі, якая вывучае аднаклетачныя ядзерныя арганізмы — пратысты. Тэрмін «П.» часам выкарыстоўваецца як сінонім тэрміна «протазаалогія». На Беларусі даследаванні ў галіне П. пачаты ў 1930-я г. В.Л.Якімавым. Пераважнае развіццё атрымалі вет. і мед. П. Праводзяцца ў Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі, віцебскіх Акадэміі вет. медыцыны і ун-це, у БДУ і інш. Значны ўклад зрабілі вучоныя Г.Г.Вінберг, У.Р.Гобзем, В.Ф.Гусеў, М.І.Дылько, П.С.Іванова, С.П.Сузько і інш.
А.С.Шалапёнак.
т. 13, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ксілабіёнты
(ад ксіла- + біёнты)
арганізмы, якія жывуць у драўніне, напр. многія насякомыя, грыбы.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
батыбіёнты
(ад баты- + біёнты)
марскія арганізмы, якія жывуць на глыбінях звыш 500 м.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
біяметэарало́гія
(ад бія- + метэаралогія)
раздзел метэаралогіі, які вывучае ўплыў надвор’я на жывыя арганізмы.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
гідрабіясфе́ра
(ад гідра- + біясфера)
частка біясферы ў межах гідрасферы, якую насяляюць водныя арганізмы.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
гелабіёнты
(ад гр. helos = балота + біёнты)
жывыя арганізмы, што насяляюць балоты (напр. гелафіты).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
сапрабіёнты
(ад сапра- + біёнты)
арганізмы, якія жывуць у вадаёмах, моцна забруджаных арганічнымі рэчывамі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
МІКРААРГАНІ́ЗМЫ, мікробы,
найдрабнейшыя арганізмы, бачныя толькі пад мікраскопам. Адкрыты ў 17 ст. А.Левенгукам. Да М. належаць пракарыёты (бактэрыі, сіне-зялёныя водарасці, архебактэрыі) і эўкарыёты (мікраскапічныя грыбы, водарасці, прасцейшыя). Большасць М. — аднаклетачныя арганізмы. Характарызуюцца высокай скорасцю росту і размнажэння, якое адбываецца часта шляхам простага дзялення клеткі. Здольныя існаваць пры т-ры 7—105 °C, павышаным узроўні радыяцыі, у моцнакіслым (pH менш за 1) або шчолачным (pH 9 і болей) асяроддзі, пры адсутнасці кіслароду, пераносіць вельмі нізкую т-ру, высушванне і інш. экстрэмальныя ўмовы. Пашыраны ўсюды ў прыродзе і адыгрываюць важную ролю ў кругавароце рэчываў у біясферы: забяспечваюць мінералізацыю арган. злучэнняў, фіксуюць малекулярны азот, удзельнічаюць у разбурэнні горных парод, глебаўтварэнні, фарміраванні некат. карысных выкапняў і інш. Выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, вытв-сці кармавога бялку, вінаробстве, хлебапячэнні, атрыманні малочнакіслых прадуктаў, антыбіётыкаў, вітамінаў, амінакіслот і інш. Некат. М. патагенныя для чалавека, жывёл і раслін. Развіццё шэрагу М. прыводзіць да збяднення глебы на азот, псавання с.-г. прадукцыі, карозіі метал. абсталявання, разбурэння прамысл. вырабаў, будынкаў, выклікае цвіценне і забалочванне вадаёмаў і назапашванне ў іх атрутных рэчываў (серавадароду, нітрытаў і інш.). Вывучэнне М. прывяло да адкрыцця фундаментальных біял. заканамернасцей і стала асновай біятэхналогіі. Вывучае М. мікрабіялогія.
Літ.:
Стейниер Р., Эдельберг Э., Ингрэм Дж. Мир микробов: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1979;
Нейман Б.Я. Индустрия микробов. М., 1983.
т. 10, с. 357
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)