АТАЦЮ́РК ((Ataturk) Мустафа Кемаль) (12.3.1881, г. Салонікі, Грэцыя — 10.11.1938),
дзяржаўны, паліт. і ваенны дзеяч, заснавальнік і 1-ы прэзідэнт (1923—38) Турэцкай рэспублікі. Скончыў Акадэмію Генштаба ў Стамбуле (1905). Да 1908 удзельнічаў у младатурэцкім руху. Прымаў удзел у італа-турэцкай (1911—12), 2-й Балканскай (1913) і 1-й сусветнай (1914—18) войнах (з 1916 генерал, паша). У 1919 узначальваў нац.-вызв. рух за стварэнне незалежнай Тур. рэспублікі. З 1920 старшыня Вял.нац. сходу Турцыі, сфарміраванага пад яго кіраўніцтвам. З 1921 вярх. галоўнакамандуючы. За перамогу над англа-грэч. інтэрвентамі ў баях пры р. Сакар’я (1921) атрымаў званне маршала і ганаровы тытул газі. Правёў прагрэс. рэформы бурж.-нац. характару ў галіне дзярж.-адм. ладу, культуры і быту: скасаваў султанат (1922) і халіфат (1924), абвясціў рэспубліку (1923), рэфармаваў заканадаўства, увёў грыгарыянскі каляндар, лац. алфавіт і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМРЫ́ТСАР,
горад на ПнЗ Індыі, штат Пенджаб, 709 тыс.ж. (1991). Трансп. вузел. Прамысл. і гандл.цэнтр.Тэкст., маш.-буд., хім.прам-сць. Вядомы рамёствамі: вытв-сць тканін, дываноў, вырабы з металу, косці, скуры.
Засн. ў канцы 16 ст. гуру Рам Дасам. Гал.рэліг. і культ. цэнтр сікхаў з ун-там Гуру Нанака. Тут знаходзіцца іх свяцілішча — «Залаты храм», дзе захоўваецца свяшчэнная кніга Адыгрантх. У 1-й пал. 19 ст. Амрытсар уваходзіў у склад дзяржавы Ранджыт Сінгха. У 1849 у выніку 2-й англа-сікхскай вайны захоплены англ. Ост-Індскай кампаніяй. У 1918—22 Амрытсар — адзін з цэнтраў нац.-вызв. барацьбы. 13.4.1919 англ. войскі расстралялі ў Амрытсары мітынг пратэсту супраць палітыкі калан. ўрада; у выніку т.зв. Амрытсарскай разні забіта і паранена больш за 1 тыс.чал. У 1947 Амрытсар значна разбураны ў час індуска-мусульманска-сікхскіх пагромаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВЕБЕ́КСКІЯ КАНФЕРЭ́НЦЫІ 1943, 1944,
нарады прэзідэнта ЗША Ф.Рузвельта і прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі У.Чэрчыля ў г.Квебек (Канада) у 2-ю сусв. вайну. 1-я К.к. адбылася 14—24.8.1943 пры ўдзеле начальнікаў штабоў ЗША і Вялікабрытаніі. Бакі пацвердзілі свае намеры адкрыць другі фронт у Еўропе (Францыя) не раней як у маі 1944, заключылі сакрэтнае пагадненне аб англа-амер. супрацоўніцтве ў галіне стварэння атамнай бомбы, абмеркавалі пытанні аб дыпламат. прызнанні франц.К-танац. вызвалення, пра ўмовы капітуляцыі Італіі і інш. 2-я К.к. праходзіла 11—16.9.1944 пры ўдзеле міністра фінансаў ЗША Г.Моргентау, міністра замежных спраў Вялікабрытаніі Э.Ідэна і Аб’яднанай групы начальнікаў штабоў. Бакі вырашылі пасля вызвалення Італіі ад ням.-фаш. войск развіваць наступленне на Трыест і Вену, выказаліся за актывізацыю ваен. дзеянняў супраць Японіі, абмяркоўвалі план расчлянення Германіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ ШАТЛА́НДЫЯ (англ. Nova Scotia, франц. Notivelle Écosse),
правінцыя на ПдУ Канады. Займае п-аў Новая Шатландыя і в-аў Кейп-Брэтан. Пл. 54,6 тыс.км². Нас. каля 1 млн.чал. (1998), гал. чынам англа-канадцы. Адм. і прамысл. цэнтр, гал. порт — г.Галіфакс. Паверхня нізінная, узгорыстая, на в-ве Кейп-Брэтан месцамі нізкагорная (да 532 м). Сляды стараж. зледзянення. Клімат умераны, вільготны, ападкаў да 1200 мм за год. Рэкі кароткія, мнагаводныя, з парогамі і вадаспадамі; шмат азёр. Захаваліся хваёвыя лясы з дамешкамі клёна і бярозы. Радовішчы барыту, каменнага вугалю, кухоннай солі. Найб. развіты чорная металургія, нафтаперапрацоўка, коксахімія, трансп. машынабудаванне, харч. (пераважна рыбакансервавая), цэлюлозна-папяровая, дрэва-апрацоўчая прам-сць. ГЭС. З-ды па вытв-сці цяжкай вады. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу (агародніцтва, сеяныя травы, малочная жывёлагадоўля). Садоўніцтва (яблыкі экспартуюцца). Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́РЫЦ САКСО́НСКІ (Maurice de Saxe; 28.10.1696, г. Гослар, Германія — 30.11.1750),
французскі палкаводзец і ваен. тэарэтык. Маршал Францыі (1744). Граф (1711). Пабочны сын курфюрста Саксонскага Аўгуста II (кароль Рэчы Паспалітай у 1697—1706 і 1709—33). Служыў у саксонскіх, польск., аўстр., з 1720 франц. войсках. Удзельнік войнаў за польск. (1733—35) і аўстр. (1740—48) спадчыну (вызначыўся ў час штурму Прагі ў 1741 і Эгера ў 1742). З 1745 галоўнакаманд. франц. арміяй, атрымаў шэраг перамог над англа-галандскімі войскамі ў Фландрыі, што значна ўзняло ваен. прэстыж Францыі і садзейнічала заключэнню Ахенскага мірнага дагавора (1748). У трактаце «Мае летуценні» (1731) выказаў новыя для таго часу ідэі пра перавагі вайсковай павіннасці перад сістэмай вярбоўкі, неабходнасць мець пастаянныя ваен. кадры, пра атаку пяхоты, ролю інж. умацаванняў на полі бою і інш.Вял. значэнне ў вайне надаваў маральнаму фактару.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСАДЫ́К (Махамед) (1880, Тэгеран — 5.3.1967),
іранскі паліт. і дзярж. дзеяч. Д-р права. Скончыў Лазанскі ун-т (Швейцарыя, 1914). З 1920 ген.-губернатар правінцый Фарс і Іранскі Азербайджан, на розных міністэрскіх пасадах. У 1925 пакінуў усе дзярж. пасады, пратэстуючы супраць абвяшчэння Рэза-шаха Пехлеві правіцелем Ірана. Пасля адрачэння Рэза-шаха (1941) вярнуўся ў палітыку, дэпутат меджліса (парламента) з 1944. У 1949 стварыў арг-цыю Нац. фронт, якая выступала за нацыяналізацыю Англа-іранскай нафтавай кампаніі (АІНК). Дамогся прыняцця ў сак. 1951 меджлісам закона аб нацыяналізацыі АІНК. З крас. 1951 прэм’ер-міністр Ірана. Ажыццявіў шэраг радыкальных рэформ, у выніку канфлікту вакол АІНК разарваў дыпламат. адносіны з Вялікабрытаніяй. У 1953 прымусіў шаха Мухамеда Рэза Пехлеві, не згоднага з яго палітыкай, пакінуць Іран. 19.8.1953 скінуты ваеннымі і асуджаны на 3 гады турэмнага зняволення, потым пад хатнім арыштам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Пік1 ’хутка што-небудзь выкінуць, выставіць на від’; у выразе: пік яму ў нос яго ж дабром’ (Нас.). Аддзеяслоўнае ўтварэнне. Да пікаць1 (гл.).
Пік2 ’смала, вар’, пі́ка ’бітум, вараная смала’ (Ян., ТС). З н.-ням.Pick ’смала’, якое, як і англ.-сакс.pic, англ.pitch, з лац.pix ’смала’, калькі са ст.-грэч.πίσσα, атычн.πίττα ’тс’ < *piki̯a.
Пік3 ’касцявы мозг (ТС). Усечаная форма лексемы шпік ’тс’ (гл.).
Пік4: гадзіны пік ’час вышэйшага напружання ў рабоце транспарту, электрастанцыі і пад.’ (ТСБМ). З рус.часы пик, якое з’яўляецца паўкалькай англа-амерыканск. peak hours ’тс’ (Кіпарскі, ВЯ, 1956, 5, 136).
Пік5 ’спічастая вяршыня гары’ (ТСБМ). Праз рус. мову (Крукоўскі, Уплыў, 86) з франц.pic ’тс’ (Мацэнаўэр, LF, 12, 340; Фасмер, 3, 260).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
НЬЮ-БРА́НСУІК (New Brunswick),
правінцыя на ПдУ Канады. Абмываецца залівамі Св. Лаўрэнція (на ПнУ) і Фанды (на Пд). Пл. 72,5 тыс.км². Нас. каля 800 тыс.чал. (1998), англа-канадцы і франка-канадцы. Адм. ц. — г. Фрэдэрыктан. На тэр. правінцыі паўн. адгор’і Апалачаў (г. Карлтан, 820 м), раўніны і нізіны. Характэрны марэнны рэльеф, ледавіковыя і флювіягляцыяльныя адклады. Есць радовішчы поліметалаў, медзі, нікелю, буд. матэрыялаў. Клімат умераны, марскі. Т-ра паветра ў студз. каля -10 °C, у ліп. каля 17 °C. Выпадае 1000 мм ападкаў за год. Рэкі мнагаводныя, з парогамі і вадаспадамі. Пераважаюць паўднёватаежныя цемнахвойныя лясы. На базе мясцовых руд у г. Батэрст буйны комплекс гарнарудных, металургічных і хім. прадпрыемстваў. Развіта цэлюлозна-папяровая, нафтахім., харч., маш.-буд. (у т. л. суднабудаўнічая), дрэваапр.прам-сць. Вытв-сць абутку і буд. матэрыялаў. Рыбалоўства і рыбаперапрацоўка. У сельскай гаспадарцы пераважае малочная жывёлагадоўля і агародніцтва. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТА́НТА МІЖЗЕМНАМО́РСКАЯ,
палітычная групоўка Вялікабрытаніі, Аўстра-Венгрыі і Італіі супраць Расіі і Францыі. Аформлена ў 1887 двума сакрэтнымі пагадненнямі: 1-м — паміж Вялікабрытаніяй і Італіяй (12 лют.), Аўстра-Венгрыяй і Вялікабрытаніяй (24 сак.); 2-м — паміж Аўстра-Венгрыяй і Вялікабрытаніяй (12 снеж.), Вялікабрытаніяй і Італіяй (16 снеж.). 1-е пагадненне фармальна захоўвала статус-кво ў басейнах Міжземнага, Адрыятычнага, Чорнага, Эгейскага мораў і на ўзбярэжжы Паўн. Афрыкі, 2-е мела на мэце захаваць становішча, якое існавала на той час у М.Азіі, чарнаморскіх пралівах і ў Балгарыі (Вялікабрытанія імкнулася ўмацаваць свае пазіцыі ў Егіпце, Італія — у Трыпалітаніі і Кірэнаіцы, Аўстра-Венгрыя — на Балканах). Стварэнню Антанты Міжземнаморскай садзейнічаў канцлер Германіі Бісмарк, які разлічваў умацаваць становішча Аўстра-Венгрыі адносна Расіі, далучыць да Траістага саюза 1882 Вялікабрытанію і перашкодзіць збліжэнню Францыі і Італіі. У выніку ўзмацнення ў канцы 19 ст.англа-герм. саперніцтва і аўстра-італьян. супярэчнасцяў Антанта Міжхемнаморская страціла сваю сілу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ ВАЛЕ́РА ((De Valera) Іман) (14.10.1882, Нью-Йорк — 29.8.1975),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Ірландыі. Скончыў Дублінскі ун-т (1904). З 1908 чл.Гэльскай лігі, з 1913 — патрыят. арг-цыі «Ірл. валанцёры». Адзін з кіраўнікоў Ірландскага паўстання 1916, за што зняволены і прыгавораны да смерці, але амнісціраваны. З 1917 лідэр паліт. арг-цыі Шын фейн і «Ірл. валанцёраў». У 1919 абраны прэзідэнтам Ірл. рэспублікі, не прызнаў англа-ірландскі дагавор 1921. У 1922 адмовіўся ад пасады прэзідэнта і ў грамадз. вайну 1922—23 узначаліў апазіцыю, якая дамагалася поўнага суверэнітэту і цэласнасці краіны. У 1923 заснаваў партыю «Фіяна файл», пасля яе перамогі на выбарах узначальваў у 1932—48 урад і быў міністрам замежных спраў. Імкнуўся да поўнай паліт. і эканам. незалежнасці Ірландыі ад Вялікабрытаніі. У 1932 узначальваў сесію Савета Лігі Нацый, у 1938 — Асамблею Лігі Нацый. У 2-ю сусв. вайну захаваў нейтралітэт Ірландыі. У 1951—54, 1957—59 зноў кіраўнік урада, у 1959—73 прэзідэнт Ірландыі.