«ЧЫРВО́НЫЯ КХМЕ́РЫ»,

неафіцыйная назва членаў Камуніст. партыі Камбоджы, якая стаяла на мааісцкіх пазіцыях. Напачатку ўваходзіла ў Нац. адзіны фронт Камбоджы (НАФК), створаны ў 1970 Нарадомам Сіянукам у Кітаі. Пасля таго як атрады НАФК занялі сталіцу г. Пномпень (1975), уладу ў краіне захапілі «Ч.к.», а іх лідэр Пол Пот стаў прэм’ер-міністрам. У 1976 Нарадома Сіянука прымусілі пайсці ў адстаўку. У 1976 краіна стала наз. Дэмакр. рэспубліка Кампучыя. У час праўлення «Ч.к.» быў устаноўлены жорсткі рэжым тэрору і генацыду (за няпоўныя 4 гады ад голаду і рэпрэсій загінула каля 3 млн. чал.). У снеж. 1978 праціўнікі Пол Пота, якія аддзяліліся ад «Ч.к.», стварылі Аб’яднаны фронт выратавання Кампучыі (АФВК), падтрыманы В’етнамам. Са студз. 1979 «Ч.к.» адхілены ад улады, але працягвалі партыз. барацьбу супраць новага ўрада і в’етн. войск. Пасля перамогі Нарадома Сіянука на выбарах 1993 («Ч.к.» байкатавалі выбары) і смерці Пол Пота (1998) урадавыя войскі Хун Сена выцеснілі рэшткі партызан у горныя раёны і рассеялі іх. Гл. таксама раздз. Гісторыя ў арт. Камбоджа.

В.​У.​Адзярыха.

т. 17, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

цыкл

(гр. kyklos = круг)

1) сукупнасць узаемазвязаных з’яў, працэсаў, якая складае замкнёны круг развіцця (напр. вытворчы ц., ц. развіцця лічынкі);

2) закончаны рад лекцый, канцэртаў, аб’яднаных агульнай тэмай;

3) шэраг мастацкіх твораў, якія складаюць закончанае цэлае і аб’яднаны агульнай тэматыкай;

4) пэўная група навук (прыродазнаўчых, грамадскіх, тэхнічных).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ЖО́ДЗІНА,

горад абл. падпарадкавання ў Смалявіцкім р-не Мінскай вобл., на р. Пліса. За 55 км ад Мінска. Чыг. ст. на лініі Мінск—Орша, на аўтадарозе Мінск—Масква. 59,9 тыс. ж. (1997).

Упершыню ўпамінаецца пад 1688 як в. Жодзіна Слабада Барысаўскага староства Мінскага ваяв., уласнасць Радзівілаў. Пасля 1793 у Рас. імперыі ў Барысаўскім пав. Мінскай губ. У 1871 праз Ж. прайшла чыгунка Масква—Брэст. У 1897—697 ж, 97 гаспадарак, царква (пабудавана ў 1864), нар. вучылішча, вадзяны млын, кузня, карчма, крама. З 1924 цэнтр сельсавета ў Смалявіцкім р-не. 21.1.1958 пасёлкі Смалявіцкай ДРЭС, з-да дарожных і меліярац. машын і суседнія вёскі Зарэчча і Крушынікі аб’яднаны з Ж. ў гар. пасёлак. У 1958 створаны Бел. аўтамаб. з-д (БелАЗ). З 7.3.1963 горад. У 1962—65 у складае Барысаўскага р-на. У 1970—22,1 тыс. ж.

Смалявіцкая ДРЭС, Беларускі аўтамабільны завод, з-ды дарожных і меліярац. машын, цяжкіх кавальскіх штамповак. Прадпрыемствы харч., лёгкай (швейна-трыкат. ф-ка і інш.), дрэваапр., буд. матэрыялаў прам-сці. Жывёлагадоўлі Беларускі НДІ, Земляробства і кармоў Беларускі НДІ. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, Манумент у гонар маці-патрыёткі.

Фрагмент забудовы горада Жодзіна.

т. 6, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАН КАЙШЫ́, Цзян Цзешы,

Цзян Чжунчжэн (31.10.1887, в. Сікоку, прав. Чжэцзян, Кітай — 5.4.1975),

кітайскі дзяржаўны і ваенны дзеяч. Генералісімус (пасля 1927). Скончыў ваен. курсы ў г. Баадзін (Кітай) і пях. вучылішча ў Токіо. З 1908 у рэв. арг-цыі Тунмэнхой. З часу Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—13 паплечнік Сунь Ятсена і адзін з кіраўнікоў Гаміньдана. Адзін з кіраўнікоў узбр. сіл ва ўрадзе Сунь Ятсена, з 1926 галоўнакаманд. Нац.-рэв. арміяй; адначасова з 1926 лідэр Гаміньдана. Кіраўнік Паўночнага паходу 1926—28, у выніку якога Кітай аб’яднаны пад уладай Гаміньдана. З таго часу галоўнакаманд. ўзбр. сіламі Кіт. Рэспублікі і яе фактычны кіраўнік (з 1943 прэзідэнт). З канца 1920-х г. вёў амаль няспынную барацьбу з камуністамі. Кіраваў Нацыянальна-вызваленчай вайной кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—45. Пацярпеў паражэнне ад камуністаў у новай грамадз. вайне (1946—49), эвакуіраваўся з рэшткамі войск на в-аў Тайвань, якім кіраваў да канца жыцця як прэзідэнт Кітая. У 1950—60-я г. ініцыіраваў эканам. рэформы, якія ператварылі Тайвань у адзін з найб. развітых рэгіёнаў Азіі.

Літ.:

Галенович Ю.М. Цзян Чжунчжэн, или Неизвестный Чан Кайши. М., 2000.

В.​У.​Адзярыха.

т. 17, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАДЗІ́Н Аляксандр Парфіравіч (12.11.1833, С.-Пецярбург — 27.2.1887),

рускі кампазітар і вучоны-хімік. Скончыў Медыка-хірургічную акадэмію ў Пецярбургу (1856). Д-р медыцыны (1858). Праф. (1864), заг. кафедры хіміі (з 1874), акадэмік (1877) Медыка-хірург. акадэміі. Член-заснавальнік Рус. хім. т-ва (1868). Адзін з арганізатараў і педагогаў (1872—87) Жаночых урачэбных курсаў. Музыцы вучыўся самастойна. Уваходзіў у «Магутную кучку». Паслядоўнік М.​Глінкі. Найб. значны твор — опера «Князь Ігар» (не завершана, скончана М.​Рымскім-Корсакавым і А.​Глазуновым, паст. 1890), дзе аб’яднаны рысы эпічнай оперы і гіст. нар.-муз. драмы. Адзін са стваральнікаў рус. класічнай сімфоніі, квартэта, наватар у галіне камерна-вак. лірыкі, майстар раманса. Аўтар оперы-фарсу «Багатыры» (1867); 3 сімфоній (у т. л. 1-я, 1867; 2-я «Багатырская», 1876); муз. карціны «У Сярэдняй Азіі» (1880); камерна-інстр. ансамбляў; «Маленькай сюіты» для фп.; твораў для фп. ў 2 і 4 рукі; рамансаў на сл. А.​Пушкіна, М.​Някрасава, Г.​Гейнэ, уласныя і інш.; вак. ансамбляў і інш. Барадзін — аўтар навук. прац у галіне арган. хіміі. Распрацаваў метад атрымання бромзамяшчальных тлустых кіслот. Першы атрымаў фторысты бензаіл. Даследаваў полімерызацыю і кандэнсацыю альдэгідаў.

Тв.:

Письма: Полн. собр... Вып. 1—4. М.; Л., 1927—50.

Літ.:

Зорина А.П. А.​П.​Бородин. М., 1987.

А.П.Барадзін.

т. 2, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛА́ТА КРЫМІНА́ЛЬНАГА СУДА́,

вышэйшы судовы орган па крымінальных справах у губернях Рас. імперыі. Уведзены на падставе «Устанаўлення для кіравання губерняў Усерасійскай імперыі» 1775. У 1778 П.к.с. ўведзены ў Полацкай і Магілёўскай губ., у 1795 — у Мінскай губ. Апеляцыйная інстанцыя (2-я інстанцыя) для верхняга земскага суда, губернскага магістрата, верхняй расправы. У якасці рэвізійнай (рашаючай) інстанцыі разглядала справы аб злачынствах, якія прадугледжвалі смяротнае пакаранне, гандлёвае пакаранне, пазбаўленне гонару; у якасці суда 1-й інстанцыі — справы па абвінавачванні ў службовых злачынствах. Апеляцыйнай і рэвізійнай інстанцыяй для П.к.с. быў Сенат. У склад палаты ўваходзілі старшыня, 2 саветнікі і 2 асэсары. Паводле ўказа Паўла I ад 6.2.1797 П.к.с. на тэр. Беларусі скасаваны і заменены гал. судамі. Адноўлены ў 1831 як апеляцыйная і рэвізійная інстанцыя для павятовых судоў і магістратаў. Ў якасці 1 -й інстанцыі разглядалі справы аб службовых злачынствах чыноўнікаў. У адносінах да судоў 1-й інстанцыі мелі адм. паўнамоцтвы і маглі аб’яўляць вымовы і накладаць штрафы на чыноўнікаў ніжэйшых судоў. Пасля 1831 у склад палаты ўваходзілі старшыня, саветнік (з 1837 таварыш старшыні) і па 2 засядацелі ад дваран і купецтва. Справаводства вялося на рус. і польскай (да 1831) мовах. У 1867 П.к.с. паводле ўказа Сената аб’яднаны з палатамі цывільнага суда ў злучаныя палаты крымінальнага і цывільнага суда.

А.​У.​Марыскін.

т. 11, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТРО́Н (франц. patron, ням. Patrone),

1) у металаапрацоўцы — прыстасаванне для замацавання загатовак або інструментаў на металарэзных станках. Бываюць мех., эл.-магн., гідраўлічныя, пнеўматычныя, гідрапластавыя; 2-, 3-, 4-кулачковыя, цангавыя.

2) У электра- і святлатэхніцы — прыстасаванне для мацавання крыніцы выпрамянення (напр., лямпы напальвання) і забеспячэння яе эл. сілкаваннем.

3) У ваеннай справе — від боепрыпасаў стралковай зброі і малакаліберных (да 75 мм) пушак (гармат), у якіх куля (снарад), парахавы зарад і сродак запальвання (капсуль, капсульная ўтулка) аб’яднаны з дапамогай гільзы. Па прызначэнні падзяляюцца на баявыя і дапаможныя (напр., халастыя, для выпрабавання зброі). У залежнасці ад віду зброі бываюць пісталетныя, рэвальверныя, вінтовачныя, артыл., для паляўнічых ружжаў і інш. Распрацаваны т.зв. бязгільзавы П.

Патроны электрычныя: а — разьбовы (1 і 2 — часткі, якія скручваюцца; 3 — спружынны ўкладыш з кантактамі; 4 — цокаль лямпы з цэнтральным кантактам); б — баянетныя з адным і двума рухомымі кантактамі.
Шротавы патрон 12-га калібру: 1 — пластыкавы корпус гільзы; 2 — стальны шрот; 3 — кантэйнер; 4 — парахавы зарад; 5 — капсуль; 6 — пластыкавы пыж; 7 — латунная аснова гільзы.
Да арт. Патрон: а — 9-мм ПМ (ПММ) для пісталета Макарава; б — 5,45-мм для аўтаматычнай зброі Калашнікава; в — 7,62-мм для штатнага боепрыпаса НАТО (1 — куля; 2 — гільза; 3 — парахавы зарад; 4 — капсуль-запальнік).

т. 12, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАХВАЛА́ ВІ́ТАЎТУ», «Похвала о великом князи Витовте», «Сказание о великом князи Витовте»,

помнік бел. літаратуры 15 ст.; адзін з першых твораў бел. свецкай панегірычнай (гл. Панегірык) прозы. Напісана невядомым аўтарам у канцы 1420-х г. у Смаленску. Вядома ў 4 рэдакцыях: 1-я (1428) — прыватны дзелавы запіс-пасляслоўе, змешчаны ў кнізе слоў Ісаака Сірына (што перапісана ў Смаленску); 2-я (летапісная, каля 1430) — асобны твор панегірычнага жанру, напісаны на аснове папярэдняй як своеасаблівае ідэйна-маст. завяршэнне 1-га бел.-літоўскага летапіснага зводу, захавалася ў асобных спісах Беларуска-літоўскага летапісу 1446; 3-я (новая, 1-я пал. 16 ст.) — аб’яднаны скарочаны тэкст летапіснай «П.В.» з уступнай часткай т.зв. Смаленскай хронікі, збераглася ў спісах кароткай (гл. Красінскага летапіс) і пашыранай (гл. Альшэўскі летапіс) рэдакцыях 2-га бел.-літ. летапіснага зводу — «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага»; 4-я (рус. скарочаная, 16 ст.) змешчана ў розных гіст. зборніках, што бытавалі ў Расіі ў 16—18 ст. У творы ўслаўляецца вял. кн. Вітаўт як мудры і ўсемагутны валадар, гаспадар ВКЛ, які карыстаецца высокім міжнар. аўтарытэтам, ідэалагічна абгрунтоўваецца аб’яднаўчая палітыка князя на ўсх.-слав. землях. Напісана на падставе сапр. гіст. фактаў урачыста-ўзнёслым стылем з выкарыстаннем стараж.-рус. літ. традыцый, кніжных выразаў і зваротаў, без рытарычнай шматслоўнасці.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 12, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІМАРФІ́ЗМ у хіміі,

здольнасць цвёрдых рэчываў і вадкіх крышталёў існаваць у некалькіх формах з рознай крышт. структурай. П. простых рэчываў прынята наз. алатропіяй; паняцце П. не адносіцца да некрышт. алатропных форм (напр., газападобных кіслароду і азону).

Розныя крышт. структурныя формы рэчыва наз. паліморфнымі мадыфікацыямі (звычайна абазначаюцца грэч. літарамі, напр., у волаве). П. пашыраны сярод рэчываў разнастайных класаў (простых, неарган. і арган.), напр., мадыфікацыі вугляроду, якія істотна адрозніваюцца паводле ўласцівасцей: алмаз і лансдэйліт, у якіх атамы аб’яднаны кавалентнымі сувязямі ў прасторавы каркас, графіт, карбін. П. малекулярных крышталёў праяўляецца ў рознай упакоўцы малекул з аднолькавымі структурнымі ф-ламі. Паліморфныя мадыфікацыі звычайна з’яўляюцца тэрмадынамічнымі фазамі. Узаемныя ператварэнні паліморфных мадыфікацый наз. паліморфнымі пераходамі. Паліморфныя пераходы падзяляюцца на пераходы I і II роду (гл. Фазавыя пераходы). Змяненне крышт. структуры пры пераходах II роду нязначнае. Асобны выпадак П. — політыпізм, які назіраецца ў некаторых крышталях са слаістай структурай (сульфіды цынку ZnS і малібдэну MoS2, гліністыя мінералы і інш.). Палітыпы (палітыпныя мадыфікацыі) пабудаваны з аднолькавых слаёў ці слаістых «пакетаў» атамаў і адрозніваюцца спосабам і перыядычнасцю іх накладання (напр., для карбіду крэмнію вядома больш за 40 палітыпаў).

Літ.:

Верма А.Р., Кришна П. Полиморфизм и политипизм в кристаллах: Пер. с англ. М., 1969.

А.​П.​Чарнякова.

т. 12, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́Р АКАДЭМІ́ЧНЫ БЕЛАРУ́СКАГА ТЭЛЕБА́ЧАННЯ І РА́ДЫЁ, Заслужаны акадэмічны хор Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь. Створаны ў 1931 пры Бел. радыёцэнтры з б. удзельнікаў Беларускай дзяржаўнай капэлы, Бел. нар. хору і выпускнікоў Бел. муз. тэхнікума. У 1940 аб’яднаны з Харавой капэлай Беларускай філармоніі. З 1990 акадэмічны. З 2001 заслужаны. У даваен. час прапагандаваў бел. нар. песенную творчасць, творы бел. кампазітараў, садзейнічаў стварэнню нац. хар. рэпертуару. У розны час хорам кіравалі М.Маслаў (1940—41), Л.​Бен (з 1944), Р.Пукст (з 1949), І.​Кліёнскі (хормайстар, 1949—79), А.​Зелянкова (1950—63), з 1965 маст. кіраўнік і гал. дырыжор В.Роўда. Выканальніцкая манера калектыву адметная спалучэннем народнасці і акадэмізму, уменнем дасягаць яркай вобразнасці, захоўваць стыль і эпоху муз. твора. У рэпертуары творы сусв. хар. музыкі, у т. л. беларускай. Ажыццявіў фондавы запіс многіх (больш за 2000) сцэн., кантатна-аратарыяльных і хар. твораў бел. кампазітараў, апрацовак бел. нар. песень, у т. л. змешчаных у анталогіі «Беларускія народныя песні (для хору)» Р.​Шырмы (т. 1—2, 1971—73) і інш. Сярод салістаў: Л.Каспорская, В.Прышчапёнак, Л.Кудзеля, Я.​Кідуль, А.​Лапіцкая, Р.​Шытава, Н.​Ясева і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1990.

Літ.:

Романовская Л.А. Хор Белорусского телевидения и радио. Мн., 1975.

Л.​А.​Шымановіч.

Хор акадэмічны Беларускага тэлебачання і радыё.

т. 17, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)