АКТУА́ЛЬНАЕ ЧЛЯНЕ́ННЕ СКА́ЗА,
падзел сказа (у жывым маўленні — выказвання) на тэму (зыходны пункт выказвання) і рэму (тое новае, што паведамляецца чытачу ці слухачу аб тэме). Актуальнае чляненне сказа накладваецца на фармальна-сінтаксічную будову сказа, і ён набывае магчымасць перадаваць актуальную ў дадзеным кантэксце, важную ў момант паведамлення інфармацыю. Напр., у сказах «Мужчыны выйшлі на двор з хаты» і «На двор з хаты выйшлі мужчыны» суадносіны і камунікатыўная значымасць тэмы і рэмы розныя (з другога варыянта сказа вынікае, што ў хаце былі не толькі мужчыны). Тэма і рэма перадаюцца: лагічным націскам (прасадычныя сродкі), парадкам слоў (сінтаксічныя), часціцамі, займеннікамі, прыслоўямі або сінонімамі (марфалагічныя і лексічныя). У вусным маўленні тэма найчасцей падкрэсліваецца інтанацыяй, у пісьмовым — парадкам слоў. У экспрэсіўных выказваннях рэма можа папярэднічаць тэме, што патрабуе пры вымаўленні сказа асабліва ўзмоцненага націску і наз. эмфазай. Калі ў сказе адсутнічае проціпастаўленне тэмы і рэмы, ён наз. камунікатыўна нерасчлянёным.
А.Я.Міхневіч.
т. 1, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАЎНЁВЫЯ ГРЫБЫ́ (Ustilagenales),
парадак базідыяльных грыбоў. Уключае 2 сям. — устылягавыя і тылецыевыя, больш за 50 родаў, каля 1000 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляюцца каля 100 відаў з 7 родаў (сараспорый, тылецыя, тэкафора, урацысціс, устыляга, энталома, энтарыза).
Звычайна спецыялізаваныя паразіты вышэйшых травяністых раслін: пашкоджваюць толькі пэўныя віды і нават асобныя сарты, выклікаюць спецыфічнае захворванне пераважна збожжавых злакаў — галаўню. У цыкле развіцця галаўнёвых грыбоў 3 стадыі (фазы): гаплоідная (кароткачасовая, базідыяспоры і першасны міцэлій), дыкарыятычная (працяглая, другасны паразітны міцэлій) і дыплоідная (вельмі кароткая, спелыя хламідаспоры). Міцэлій шматклетачны, бясколерны, мае гаўсторыі, з дапамогай якіх грыбы жывяцца. Міцэлій можа пранізваць розныя органы раслін, дзе ўтвараюцца спляценні з круглаватымі двух’ядравымі спорамі (хламідаспоры), якімі грыбы размнажаюцца. У некат. відаў утвараюцца спаракучкі з 40—50 і больш спораў. Хламідаспоры маюць ахоўную абалонку і здольныя пераносіць высушванне, захоўваюць жыццядзейнасць на працягу 20 і больш гадоў.
В.С.Гапіенка.
т. 4, с. 452
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРНО́ВЫЯ ЗАБАЛО́ЧАНЫЯ ГЛЕ́БЫ,
залішне ўвільготненыя глебы, якія ўтварыліся пад травяным покрывам. Паўгідраморфныя глебы. На пясчаных і супясчаных пародах фарміруюцца пад уплывам грунтавога ўвільгатнення, на гліністых, сугліністых і двухчленных — пад уплывам паверхневых (схілавых) вод. У залежнасці ад працягласці залішняга ўвільгатнення падзяляюцца на слабаглеяватыя (часова залішне ўвільготненыя), глеяватыя і глеевыя. На Беларусі трапляюцца ў паніжэннях невял. масівамі і ў месцах з блізкім ад паверхні заляганнем грунтавых вод (на Бел. Палессі). Займаюць каля 11% сельгасугоддзяў, пераважна выкарыстоўваюцца пад сенажаці. Лішак вільгаці ў гэтых глебах трымаецца 90—200 дзён у годзе, на працягу 10—90 дзён можа адзначацца яе недахоп. Перагнойны гарызонт глеб не перавышае 20—30 см, пад ім знаходзіцца аглеены гарызонт блакітнага колеру (у дзярнова-глеевых глебах) або такі ж з рудымі плямамі (у дзярнова-глеяватых), які паступова пераходзіць у глебаўтваральную (мацярынскую) пароду. Сугліністыя і звязнасупясчаныя Дз.з.г. пасля гідратэхн. меліярацыі выкарыстоўваюцца пад пасевы.
Т.А.Раманава.
т. 6, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНАМІ́ЧНЫ СТЭРЭАТЫ́П,
адносна ўстойлівая адаптыўная сістэма рэакцыі арганізма на ўздзеянні знешняга асяроддзя; адзін з найб. складаных феноменаў вышэйшай нерв. дзейнасці. Мае важнае значэнне ў адаптацыі жывёл і чалавека. Асновай Д.с. з’яўляецца фарміраванне сукупнасці сувязей і ўзаемаадносін паміж ачагамі ўзбуджэння і тармажэння ў кары вял. паўшар’яў галаўнога мозга ў адказ на шматразовае стэрэатыпнае ўздзеянне вызначаных камбінацый умоўных раздражняльнікаў, што змяняюць адзін аднаго і спадарожнічаюць індывіду ўсё жыццё. Як адзіны комплекс Д.с. складваецца ў выніку накладвання наступных стымулаў на сляды папярэдніх. На гэтай аснове ствараюцца звычкі, традыц. распарадак дня чалавека і інш. Д.с. выпрацоўваецца паступова, дасягае высокай устойлівасці, забяспечвае аўтам. эканомнае з пункту гледжання расходу нерв. энергіі прыстасаванне да змен наваколля, бо звыклая дзейнасць для арганізма значна лягчэйшая, чым новая. Са зменай абставін Д.с. зведвае перабудову, ступень цяжкасці якой залежыць ад характару раздражняльніка, асаблівасцей вышэйшай нерв. дзейнасці і можа прыводзіць да яе зрыву.
У.М.Калюноў.
т. 6, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЦЫЯ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,
працэс расслаення грамадства на асобныя, звязаныя паміж сабой, але адносна самаст. сац. групы. Існуюць розныя навук. падыходы вызначэння крытэрыяў Д.с. Г.Спенсер вылучаў эканам. фактар — падзел працы і яе вынікаў. М.Вебер звязваў паглыбленне неаднароднасці грамадства з працэсамі рацыяналізацыі каштоўнасцей і адносін паміж людзьмі. Прадстаўнікі сучаснай зах. структурна-функцыян. школы (Т.Парсанс) асаблівую ўвагу звяртаюць на сац. структуру, розныя віды дзейнасці, неабходныя для самазахавання грамадскай сістэмы. Матэрыяліст. сацыялогія падставай для Д.с. лічыць развіццё грамадскай вытв-сці, падзел працы, узнікненне рамёстваў, гандлю, прыватнай уласнасці, манагамнай сям’і, дзяржавы і інш. Важнымі праявамі і наступствамі Д.с. з’яўляюцца гіст. тыпы грамадства, сац. слаі, групы і інш. На сучасным этапе Д.с. звязана з навук.-тэхн. рэвалюцыяй і інфарматызацыяй грамадства. Д.с. — складаны і супярэчлівы працэс, які можа прывесці да сац. няроўнасці, негатыўна адбіцца на развіцці грамадства. Адна з форм Д.с. — сацыяльная стратыфікацыя.
В.І.Боўш.
т. 6, с. 301
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУКАПЕРАЙМА́ННЕ, анаматапея,
1) у мовазнаўстве ўмоўная імітацыя тых ці іншых гукаў рэчаіснасці фанет. сродкамі пэўнай мовы (напр.: «ква-ква», «мяў», «цік-так»). Умоўнасць выяўляецца ў тым, што адно і тое ж гучанне ў кожнай мове перадаецца па-свойму: па-беларуску певень крычыць «кукарэку», па-англійску cock-a-doodle-doo. Карэнныя гукапераймальнікі-выклічнікі з’яўляюцца асновай ўтварэння шматлікіх слоў у мове, у першую чаргу дзеясловаў: «кукарэку < кукарэкаць < кукарэканне», «бух < бухаць < буханне < выбух < выбухны» і г.д. 2) У паэзіі імітацыя з дапамогай гукаў мовы тых ці іншых прыродных гукаў. Дасягаецца і назапашваннем гукапераймальных слоў, і падборам слоў з аднароднымі, блізкімі гукамі. Інструментоўка на асобныя (перш за ўсё зычныя) гукі можа асацыятыўна ўзнаўляць свіст, грукат грому, шум і рокат вадаспаду: «У горных жорнах перацёрты, // Па схіле, як па латаку, // Паток ссыпаўся, распасцёрты, // І ніцма падаў у раку» (М.Лужанін).
А.І.Падлужны (у мовазнаўстве).
т. 5, с. 525
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р МІЖНАРО́ДНЫ,
пагадненне паміж дзяржавамі або іншымі суб’ектамі міжнар. права, якое вызначае іх узаемныя правы і абавязкі ў паліт., эканам. ці іншых адносінах; асн. крыніца міжнароднага права. Бываюць двухбаковыя і шматбаковыя, міжурадавыя і міжведамасныя. Паводле зместу — паліт. (аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе, аб ненападзе, нейтралітэце, і інш.), эканам. (гандл., аб аказанні эканам. і тэхн. дапамогі, аб пазыках, крэдытах і да т.п.) і дагаворы па спец. пытаннях (у галіне сувязі, транспарту, аховы здароўя, адукацыі, навукі і культуры, прававой дапамогі і інш.). Найменні і формы дагавора міжнароднага разнастайныя: дагавор, пагадненне, канвенцыя, пакт, пратакол, статут і інш. Заключаецца на пэўны тэрмін або бестэрмінова. Калі пасля сканчэння тэрміну дагавор па згодзе бакоў не прадоўжаны, ён спыняецца. Спыненне дагавора міжнароднага можа адбыцца і да сканчэння тэрміну — па згодзе бакоў, шляхам дэнансацыі і, як выключэнне — шляхам аднабаковага анулявання ў выпадку істотнага парушэння дагавора міжнароднага другім бокам ці карэннай змены становішча.
т. 5, с. 571
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАДА́НЫЯ ЧЛЕ́НЫ СКА́ЗА,
залежныя сінтакс. адзінкі, якія маюць форму слова ці словазлучэння і развіваюць структурную аснову (прэдыкатыўнае ядро) сказа. Знаходзяцца ў падпарадкавальнай сувязі з галоўнымі членамі сказа або інш. членамі сказа і ўдакладняюць, дапаўняюць ці паясняюць іх. У сказе яны рэалізуюць і абагульняюць атрыбутыўныя, аб’ектыўныя і акалічнасныя адносіны. У залежнасці ад характару гэтых адносін Д.ч.с. ў бел. мове па традыцыі падзяляюцца на азначэнні («Настала ранняя вясна»), дапаўненні («Вецер калыша збажыну») і акалічнасці («У нагах трава нізка сцелецца»).
У бел. мове адзін і той жа Д.ч.с. можа сумяшчаць у сабе атрыбутыўнае і аб’ектыўнае або атрыбутыўнае і акалічнаснае ці аб’ектнае і акалічнаснае значэнні, а г.зн., што паміж названымі Д.ч.с. не існуе выразнай мяжы. Традыц. класіфікацыя іх некалькі схематычная, не зусім дакладная, бо не ўлічвае пераходных з’яў паміж Д.ч.с. і той ролі, якую кожны з іх адыгрывае ў структурнай арганізацыі сказа. Вядуцца пошукі больш дакладнай класіфікацыі Д.ч.с.
Л.І.Бурак.
т. 6, с. 5
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМІНА́НТА [ад лац. dominans (dominantis) пануючы] у фізіялогіі часовы пануючы ачаг узбуджэння ў ц. н. с., які ахоплівае адзін ці некалькі цэнтраў і вызначае характар рэакцый арганізма ў адказ на вонкавыя або ўнутр. раздражняльнікі. Вучэнне аб Д. як агульным прынцыпе работы нерв. цэнтраў, сфармуляваў А.А.Ухтомскі (1911—23). Д. вылучаецца высокай устойлівай узбудлівасцю, здольнасцю прыцягваць, акумуляваць і падсумоўваць сігналы, што паслядоўна паступаюць, а таксама тармазіць рэакцыю інш. нерв. цэнтраў на прызначаныя ім імпульсы. Гэта дазваляе, напр., у працэсе творчай дзейнасці цалкам «паглыбіцца ў працу», сканцэнтраваць на ёй усю ўвагу, адцягнуцца ад пабочных раздражняльнікаў. Д. складаецца пад уплывам рэфлекторнай актыўнасці, уздзеяння гумаральных фактараў і з’яўляецца асновай фарміравання матывацыйных паводзін (харчовых, палавых і інш.). У эксперыменце Д. можа быць створана непасрэдным уздзеяннем на нерв. цэнтры слабым эл. токам або некат. фармакалагічнымі рэчывамі. Д. ў вышэйшых цэнтрах галаўнога мозга з’яўляецца фізіял. асновай шэрагу складаных псіхічных з’яў.
У.М.Калюноў.
т. 6, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАЛЯЧЭ́ННЕ, гідратэрапія,
вонкавае і ўнутранае выкарыстанне прэсных (у вадкім стане, у выглядзе лёду ці пары), салёных азёрных і марскіх, а таксама мінер. вод у лек. і прафілакт. мэтах; адзін з відаў бальнеатэрапіі і фізіятэрапіі. Заснавана на мех., фіз., хім. уплывах вады на фізіял. і біяхім. працэсы ў арганізме праз раздражненне пэўных рэцэптараў (рэфлекторныя механізмы), змены складу ўнутр. асяроддзя — крыві, лімфы, міжтканкавай і інш вадкасцей арганізма (пры пітным спажыванні) і інш. механізмы. Пры хваробах найчасцей выкарыстоўваецца як дадатковы да асн. від лячэння, у лячэбна-прафілакт. мэтах могуць выконваць вядучую ролю (гл. Ванны). Да асноўных у водалячэнні адносяцца таксама душ, абліванне, абціранне, захінанне, купанне і інш. водныя працэдуры. Пры водалячэнні ў воднае асяроддзе часта дадаюцца пахучыя і лек. экстракты і рэчывы (напр., хвойны экстракт, гарчыца, шкіпінар, марганцоўка, крухмал і інш.). Водалячэнне можа спалучацца з цеплалячэннем, сонцалячэннем, гразелячэннем, таласатэрапіяй, выкарыстаннем гарачага пяску (псаматэрапія) і інш.
т. 4, с. 248
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)