АБУ́ХАВА (Надзея Андрэеўна) (6.3.1886, Масква — 14.8.1961),

рус. спявачка (мецца-сапрана), выдатная прадстаўніца рус. вакальнай школы. Нар. артыстка СССР (1937). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1912). У 1916—48 салістка Вял. т-ра СССР. Валодала голасам багатага тэмбру, шырокага дыяпазону. Выконвала кантральтавыя і высокія мецца-сапранавыя партыі. Лепшыя з іх: Любаша («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Марфа («Хаваншчына» М.​Мусаргскага), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1943.

Літ.:

Поляновский Г. Н.​А.​Обухова. 2 изд. М., 1986.

т. 1, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БПР (BPR),

першапачаткова ББПР (BBPR), творчы калектыў італьян. архітэктараў 20 ст. Назва ад першых літар прозвішчаў яго членаў: Дж.​Л.​Банфі (1910—45), Л.​Бельджаёза, Э.​Перэсуці, Э.​Н.​Роджэрс. Для творчасці БПР характэрна спалучэнне прынцыпаў рацыяналізму з індывід. выразнасцю пабудоў, імкненне да паэтычнасці агульнага выгляду з улікам нац. традыцый і гіст. асяроддзя (санаторый у Леньяна, 1937—38; помнік ахвярам вайны, 1948, і небаскроб Торэ Веласка, 1956—58, абодва ў Мілане).

Літ.:

Кацнельсон Р.А. Новейшая архитектура Италии. М., 1963.

т. 3, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАМ (Brahm; сапр. Абрахамзон; Abrahamsohn) Ота

(5.2.1856, г. Гамбург, Германія — 28.11.1912),

нямецкі тэатр. дзеяч, рэжысёр. Заснавальнік ням. сцэнічнага натуралізму. Вучыўся ў Берлінскім, Гейдэльбергскім і Страсбургскім ун-тах. З 1889 узначальваў літ.-тэатр. т-ва «Вольная сцэна», з 1894 — Нямецкі т-р, з 1904 — «Лесінг-тэатр» (усе ў Берліне). Паставіў амаль усе п’есы Г.​Ібсена і Г.​Гаўптмана, ставіў А.​Хольца, І.​Шлафа, Э.​Заля, Л.​Талстога. У яго спектаклях жыццёвая дакладнасць дэталяў спалучалася з глыбінёй распрацоўкі псіхал. Сцэн.

т. 3, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАНТ (Раман Фёдаравіч) (16.12.1853, С.-Пецярбург — 2.3.1920),

рускі мовазнавец, славіст. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1902). Праф. Маскоўскага ун-та (1886). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1875). Далучаўся да кірунку младаграматызму. Аўтар прац па гісторыі слав. моў і л-р; з лінгвістычных даследаванняў найб. каштоўныя па слав. націску, словаўтварэнні, фанетыцы, граматыцы, палеаграфіі («Апісанне славянскай акцэнталогіі», 1880, і інш.). Распрацоўваў праблемы стварэння і выкарыстання міжнар. штучных моў (у т. л. эсперанта).

Літ.:

Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды. Т. 1. Мн., 1976.

т. 3, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЭ́ЛАЎ (Гаўрыіл Мікітавіч) (3.4.1880, с. Пакроўскае Маскоўскай вобл., Расія — 16.8.1966),

рускі жывапісец. Засл. дз. маст. Расіі (1947), правадз. чл. АМ СССР (1953). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1903—11) у І.Рэпіна і Ф.​Рубо. Аўтар гіст. карцін («Пакаранне смерцю Пугачова», 1925), партрэтаў (Сталявар завода «Серп і молат» А.​С.​Субоцін, 1948), напісаных у стрыманай шэра-карычневай гаме. Дзярж. прэмія СССР 1950.

Літ.:

Гродскова Т. Г.​Горелов. Саратов, 1974.

Г.Гарэлаў. Партрэт сталявара завода «Серп і молат» А.​С.​Субоціна. 1948.

т. 5, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПА́ТЫЯ (Hypatia),

Іпатыя з Александрыі (370—415), матэматык, астраном і філосаф-неаплатонік. Пасля навучання ў Афінах выкладала астраномію, матэматыку і філасофію ў Александрыйскім музеі. Забіта натоўпам хрысціян-фанатыкаў. Гіпатыі належалі працы па матэматыцы, астраноміі, тлумачэнні твораў грэч. філосафаў. Яе творы да нас не дайшлі.

Літ.:

Ван-дер-Варден Б.Л. Пробуждающаяся наука: Пер. с гол. и англ. [Т. 1—2]. М., 1959—91;

Кольман Э. История математики в древности. М., 1961;

Гольбах П. Галерея святых... Пер. с фр. Киев, 1987.

т. 5, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́СМАН ((Graßmann) Герман Гюнтэр) (15.4.1809, г. Шчэцін, Польшча — 26.9.1877),

нямецкі матэматык, фізік, мовазнавец. Чл.-кар. Гётынгенскай АН. З 1842 у Шчэцінскай гімназіі. Навук. працы па матэматыцы, акустыцы, магнітным узаемадзеянні токаў, колеразнаўстве (устанавіў законы складання колераў; 1853). Прапанаваў першую сістэматычную пабудову мнагамернай эўклідавай прасторы, якая садзейнічала развіццю вектарнага і тэндэрнага злічэнняў. Склаў слоўнік да гімнаў Рыгведы (помніка стараж.-інд. л-ры; 1875).

Літ.:

Клейн Ф. Лекции о развитии математики в 19 ст.: Пер. с нем. Ч. 1. М.; Л., 1937.

т. 5, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ТГУС (Grotthuss, Grothuß) Крысціян Іаган Дзітрых (Тэадор) фон (20.1.1785, г. Лейпцыг, Германія — 26.3.1822), фізік і хімік. У 1803—08 вучыўся ў Лейпцыгу, Парыжы, Рыме. З 1808 праводзіў навук. даследаванні ў сваім маёнтку Гедучай у Літве. Навук. працы па электра- і фотахіміі, будове рэчыва. Прапанаваў тэорыю электролізу (1805), сфармуляваў першы закон фотахіміі (закон Гротгуса): фотахім. рэакцыю ў рэчыве можа выклікаць толькі тая частка падаючага на яго святла, якую рэчыва паглынае (1818).

Літ.:

Страдынь Я.П. Теодор Гротгус. М., 1966.

т. 5, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫН ((Green) Джордж) (14.7.1793, Снейнтан, цяпер у межах г. Нотынгем, Вялікабрытанія — 31.3.1841),

англійскі матэматык. Самастойна вывучаў матэматыку, потым скончыў Кембрыджскі ун-т (1837). Навук. працы па матэм. фізіцы. Развіў тэорыю электрычнасці і магнетызму, увёў паняцце патэнцыялу, устанавіў сувязь паміж інтэграламі па аб’ёме і па паверхні, што абмяжоўвае гэты аб’ём (гл. Грына формулы), вывеў асн. ўраўненне тэорыі пругкасці. Яго імем названа т.зв. функцыя распаўсюджвання (гл. Грына функцыя).

Літ.:

Стройк Д.Я. Краткий очерк истории математики: Пер. с нем. М., 1969.

т. 5, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНЬКО́, Данько-Аляксеенка Наталля Якаўлеўна (1892, Тбілісі — 18.3.1942), рускі скульптар-кераміст. У 1900—08 вучылася ў прыватных студыях і вучылішчах Масквы, Вільні, Пецярбурга. З 1914 працавала ў Петраградзе на імператарскім (з 1918 дзяржаўны) фарфоравым з-дзе. Стварыла больш за 300 паліхромных фарфоравых груп, фігурак, рэльефных пасудзін і скульпт. настольных прыбораў (у т. л. творы т.зв. агітацыйнага фарфору), якія вызначаюцца пластычнай выразнасцю матэрыялу, развіццём традыцый рус. нар. керамікі і маст. фарфору.

Літ.:

Овсянников Ю.М. Скульптор в красном халате. М., 1965.

т. 6, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)