КАРТЭ́СЫ (ісп. cortes ад corte каралеўскі двор),

1) саслоўна-прадстаўнічыя сходы ў Іспаніі і Партугаліі ў сярэднія вякі. Назва «К.» ўпершыню сустракаецца ў Кастыліі ў 1137. Развіліся з прадстаўніцтва дваранства і духавенства пры каралю. Пазней права прадстаўніцтва атрымалі гарады (у Леоне з 1188, Каталоніі з 1218, Кастыліі з 1250, Партугаліі з 1254, Арагоне з 1274, Навары з 1300). Вял. ролю адыгрывалі ў 13—14 ст., садзейнічалі росту ўплыву гарадоў і абмежаванню самавольства феадалаў. З усталяваннем абсалютызму страцілі сваё значэнне.

2) У Партугаліі да 1911, у Іспаніі сучасная назва парламента.

т. 8, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАРЫБУ́Т»,

прыватнаўласніцкі герб у ВКЛ, якім карысталіся князі Збаражскія, Вішнявецкія, Парэцкія, Варанецкія і некат. шляхецкія роды. У блакітным полі выява сярэбранага крыжа з перакрэсленымі канцамі, замест ніжняга канца — залаты маладзік рагамі ўніз і 6-прамянёвая зорка; клейнод шляхецкага варыянта герба — над прылбіцай з каронай тры страусавыя пёры. Існуюць варыянты герба. Апошні варыянт замацаваўся ў 17 ст. як герб «К.» (ад імя кн. Карыбута, якога Вішнявецкія лічылі сваім родапачынальнікам). У час знаходжання на троне Рэчы Паспалітай Міхала Вішнявецкага [1669—73] герб «К.» ужываўся ў дзярж. сімволіцы як элемент на вял. і малой пячатках ВКЛ.

т. 8, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫЯЛІ́СА СІ́ЛА,

адна з сіл інерцыі, абумоўленая ўплывам вярчальнага руху сістэмы адліку на рух цела адносна гэтай сістэмы. К.с. Iкар = m aкар , дзе m — маса цела, aкарКарыяліса паскарэнне. Наяўнасць К.с. вядзе да таго, што цела пры сваім руху адхіляецца ў напрамку, перпендыкулярным да яго адноснай скорасці, або дзейнічае на сувязі механічныя, што перашкаджаюць такому адхіленню. К.с. праяўляецца пры руху масіўных цел (напр., балістычных ракет, цяжкавагавых паяздоў), вял. мас паветра і вады (гл. Бэра закон) і інш. Названа ў гонар Г.Г.Карыяліса.

Карыяліса сіла.

т. 8, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСІ́МАЎСКАЕ ЦА́РСТВА,

удзельнае княства ў Расіі ў 15—17 ст. Створана каля 1450—56 вял. князем маскоўскім Васілём II Цёмным для тат. ханаў, што перайшлі ў маскоўскае падданства. Займала тэрыторыю ўздоўж р. Ака (цяпер паўн.-ўсх. ч. Разанскай вобл.), населеную мешчарой, мардвой і часткова татарамі. Цэнтр — г. Гарадзец-Мяшчэрскі, перайменаваны ў гонар першага ўладальніка — казанскага царэвіча Касім-Хана — у Касімаў (адсюль назва). «Цары» і «царэвічы» прызначаліся маскоўскім урадам. Страціла ваен.-паліт. значэнне пасля далучэння да Расіі Казанскага ханства (1552) і стала фактычна кіравацца маскоўскімі ваяводамі. Скасавана ў 1681.

т. 8, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАНЯ́Н (Васіль Васілевіч) (н. 21.2.1924),

расійскі кінарэжысёр. Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1950). Працаваў на Цэнтр. студыі дакумент. фільмаў. Ставіў пераважна фільмы пра дзеячаў культуры: «Сяргей Эйзенштэйн» і «Усевалад Вішнеўскі» (абодва 1958), «Поль Робсан» і «Зоркі сустракаюцца ў Маскве» (абодва 1959), «Мая Плісецкая» (1964 і 1982), «Аркадзь Райкін» (1967), «Кампазітар Радыён Шчадрын» (1970), «Наш Пушкін» і «Перачытваючы Стасава» (абодва 1974), «Кампазітар Аляксандра Пахмутава» (1977), «На канцэрце Людмілы Зыкінай» (1978); а таксама прысвечаныя Вял. Айч. вайне — «Партызаны. Вайна ў тыле ворага» (1979, Ленінская прэмія 1980), з кінаэпапеі «Вялікая Айчынная...».

т. 8, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БРЫНСКАЯ МІКАЛА́ЕЎСКАЯ ЦАРКВА,

помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1750-я г. за межамі г. Кобрын Брэсцкай вобл., на беразе р. Мухавец, у 1841 перавезена ў горад, перабудавана з элементамі позняга класіцызму. Складаецца з асн. зруба, 5-граннай апсіды і 4 чацверыковых аб’ёмаў, размешчаных па вуглах асн. зруба. Усе аб’ёмы накрыты агульным шматсхільным дахам, у сярэдзіне якога на чацверыковым пастаменце ўзвышаецца вял. 8-гранны светлавы барабан з купалам. Гал. фасад раскрапаваны па баках выступамі і аздоблены 2 калонкамі.

Т.​В.​Габрусь, А.​М.​Мартынаў.

Кобрынская Мікалаеўская царква.

т. 8, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РАТЦАЎ (Алег Мікалаевіч) (н. 17.8.1922, г. Слаўгарад Магілёўскай вобл.),

расійскі геадэзіст і астраном. Правадз. чл. Астранома-геадэзічнага т-ва Рас. АН (1946). Скончыў Маскоўскі ін-т інжынераў землеўпарадкавання (1954). У 1962—84 у Ленінградскім планетарыі. Ініцыятар стварэння касм. мемарыяла герояў Вял. Айч. вайны, імёнамі якіх названы малыя планеты. Яго імем названа малая планета Алегія.

Тв.:

Звезды Пулкова: Очерки о Пулковской обсерватории и астрономах-пулковцах. Л., 1989;

Созвездие памяти: Космич. мемориал героев Вел. отеч. войны. СПб., 1995 (разам з М.​Ю.​Дахіе).

А.​І.​Болсун.

т. 8, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЎЦО́ВА (Галіна Іванаўна) (н. 30.3.1939, в. Вял. Сялюцічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Канд. эканам. н. (1967), праф. (1989). Скончыла Бел. дзярж. ін-т нар. гаспадаркі (1961). З 1963 у Бел. дзярж. эканам. ун-це. Даследуе праблемы і стан грашова-крэдытнай сістэмы і банкаў. Аўтар вучэбных дапаможнікаў, падручнікаў, даведнікаў.

Тв.:

Кредитование и расчеты предприятий. Мн., 1975 (разам з У.​Ф.​Блізняцом, С.​С.​Ткачуком);

Совершенствование банковского кредитования отраслей народного хозяйства. Мн., 1983 (у сааўт.);

Кредит и повышение эффективности промышленного производства. Мн., 1986.

т. 8, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЯВО́ЧКІ (Lopinga),

род матылёў сям. аксамітніц (сатыраў). Пашыраны ў Еўразіі ў лясной і часткова стэпавай зонах. На Беларусі адзіны від роду К. прыдарожная, або аксамітніца ахінэ (L. achine). Трапляецца рэдка (у вільготных лясах, на ўскраінах балот, на ўзлесках і інш.). Занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.

Размах крылаў К. прыдарожнай да 54 мм. Пярэднія ногі недаразвітыя. Вусікі булавападобныя. Хабаток добра развіты. Агульны тон афарбоўкі буры, уздоўж вонкавага краю крылаў рады вял. круглых плям (адсюль назва). Матылі кормяцца сокам дрэў, вусені — дзікарослымі злакамі.

С.​Л.​Максімава.

Краявочка прыдарожная.

т. 8, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРО́МЛЕХ (ад брэтонскага crom круг + lech камень),

адзін з відаў мегалітычных пабудоў неаліту і бронзавага веку. Звычайна К. складаюць вял. (6—7 м у вышыню) вертыкальна размешчаныя камяні, якія ўтваралі адзін ці некалькі канцэнтрычных кругоў вакол пляцоўкі, дзе ў сярэдзіне знаходзіўся дальмен або менгір. Часам К. дасягаюць 100 м у дыяметры. Вядомы ў Еўропе, Азіі і Амерыцы. Найб. пашыраны ў Францыі, Вялікабрытаніі, у Скандынавіі і Закаўказзі. Лічаць, што К. звязаны з культам сонца і з’яўляюцца яго храмамі. Найб. вядомы К. Стонхендж (Вялікабрытанія) і каля Карнака (Францыя).

т. 8, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)