ПЛАСТЫФІКА́ТАРЫ (ад грэч. plastos вылеплены + лац. facere рабіць),

1) рэчывы, што павышаюць пластычнасць і (ці) эластычнасць палімераў і матэрыялаў на іх аснове пры перапрацоўцы і эксплуатацыі. Аблягчаюць размеркаванне сыпучых інгрэдыентаў у палімернай матрыцы, зніжаюць т-ру перапрацоўкі палімерных матэрыялаў, некаторыя надаюць ім негаручасць, тэрма-, мароза-, святлоўстойлівасць і інш. спец. ўласцівасці. П., якія аблягчаюць перапрацоўку (зніжаюць т-ру цякучасці гумавых сумесей), але не паляпшаюць марозаўстойлівасць вулканізату, наз. змякчальнікамі. Працэс увядзення П. у палімер наз. пластыфікацыяй. Найб. шырока П. выкарыстоўваюць пры перапрацоўцы пластмас (каля 70% ад агульнага аб’ёму пры перапрацоўцы полівінілхларыду) і эластамераў, вырабе лакафарбавых матэрыялаў.

Асн. агульныя патрабаванні да П. — сумяшчальнасць з палімерам пры ўвядзенні значнай (да 50% па масе) колькасці П., нізкая лятучасць, адсутнасць паху і колеру, хім. інертнасць, устойлівасць да вымывання ў вадкім асяроддзі. Найб. пашыраныя П. — складаныя эфіры араматычных і аліфатычных кіслот (напр., дыбутылфталат), фосфарнай к-ты, нізкамалекулярныя поліэфіры, эпаксідаваныя алеі, змякчальнікі — нафтавае масла, парафіны, каніфоль, прадукты ўзаемадзеяння алеяў з серай (факсіты), нафтавыя бітумы (рубраксы), кумарона-індэнавыя смолы.

2) Паверхнева-актыўныя рэчывы, што дадаюць у буд. растворы і бетонныя сумесі (0,15—0,3% ад масы вяжучага матэрыялу) для надання ім пластычнасці (аблягчэння ўкладкі ў форму) і зніжэння водазмяшчэння. Найб. шырока выкарыстоўваецца сульфітна-спіртавая брага (таварная форма лігнасульфанатаў — солей лігнасульфонавых кіслот), якая паскарае працэс цвярдзення і павышае трываласць бетону.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 12, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ ХІ́МІЯ,

навука, якая вывучае хім. ператварэнні рэчываў пад уздзеяннем іанізавальных выпрамяненняў.

Асн. задачы Р.х. — вывучэнне заканамернасцей утварэння, фіз.-хім. уласцівасцей і ператварэнняў высокарэакцыйных прамежкавых прадуктаў радыяцыйна-хім. працэсаў; вызначэнне ўстойлівасці розных рэчываў да ўздзеяння іанізавальных выпрамяненняў і стварэнне радыяцыйна-ўстойлівых матэрыялаў; выяўленне аптымальных умоў ажыццяўлення радыяцыйна-хім. сінтэзу і мадыфікацыі матэрыялаў; распрацоўка апаратаў і метадаў правядзення радыяцыйна-хім. працэсаў. Станаўленне Р.х. звязана з адкрыццём рэнтгенаўскага выпрамянення (1895) і радыеактыўнасці (1896). Інтэнсіўнае яе развіццё пачалося ў 1940-я г. ў сувязі з работамі па комплексным выкарыстанні атамнай энергіі. Выключную ролю ў развіцці Р.х. адыграла стварэнне ў 1960-я г. і ўкараненне ў эксперым. практыку метаду імпульснага радыёлізу.

На Беларусі даследаванні па Р.х. праводзяцца з 1962 пасля пуску ў АН Беларусі доследнага ядз. рэактара. У 1968 у БДУ арганізавана кафедра Р.х. і радыяхіміі па падрыхтоўцы спецыялістаў. Даследаванні па Р.х. вядуцца ў БДУ, Ін-це радыяцыйных фізіка-хім. праблем, Ін-це механікі металапалімерных сістэм, Ін-це фізіка-арган. хіміі Нац. АН Беларусі. У навукова-фармацэўтычным цэнтры адкрытага акц. т-ва «Белмедпрэпараты» распрацаваны і ўкаранёны ў вытв-сць радыяцыйна-хім. тэхналогіі атрымання гемакарэктараў на аснове поліцукрыдаў. На Мазырскім кабельным з-дзе арганізавана вытв-сць радыяцыйна-мадыфікаваных кабельных вырабаў.

Літ.:

Своллоу А. Радиационная химия: Пер. с англ. М., 1976;

Пикаев А.К. Современная радиационная химия: Основные положения. Экспериментальная техника и методы. М., 1985.

А.​І.​Шадыра.

т. 13, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́НАЧНАЯ ЭКАНО́МІКА,

сістэма арганізацыі эканам. дзейнасці, заснаваная на таварна-грашовых адносінах, разнастайнасці форм уласнасці, свабоднай канкурэнцыі паміж вытворцамі і спажыўцамі. У межах Р.э. абмен рэсурсамі ці іх размеркаванне ажыццяўляецца пераважна на аснове рыначных цэн, якія фарміруюцца ў залежнасці ад попыту і прапаноў. Механізм Р.э. грунтуецца на сістэме рынкаў (таварных, рабочай сілы, капіталаў, каштоўных папер, жылля і інш.). Для Р.э. характэрна дэцэнтралізацыя кіравання: планаванне вытв-сці ажыццяўляецца суб’ектамі гаспадарання, а не органамі дзярж. кіравання. Гал. ўмова Р.э. — свабода прадпрымальніцтва, вытворчага і спажывецкага выбару, заснаваных на эканам. інтарэсах. Вытворцы зацікаўлены ў максімалізацыі прыбытку, спажыўцы — у аптымізацыі сваёй выгады пры набыцці неабходных тавараў і паслуг. Сутыкненне гэтых інтарэсаў складае сутнасць рыначнай канкурэнцыі. Акрамя свабоднай Р.э., заснаванай на рыначнай канкурэнцыі без умяшання ў працэсы куплі-продажу органаў дзярж. кіравання і ўлады, існуе змешаная Р.э., пры якой дзейнасць прыватных суб’ектаў гаспадарання кіруецца рыначным механізмам, а органы дзярж. кіравання ўздзейнічаюць на эканам. працэсы эканам. і адм. метадамі рэгулявання. Эканоміка многіх дзяржаў, у т. л. Рэспублікі Беларусь, спалучае рысы рыначнай і адм.-каманднай эканомікі. Гэта абумоўлена тым, што і рыначным, і камандна-адм. метадам кіравання ўласцівы пэўныя недахопы, уздзеянне якіх аслабляецца ва ўмовах змешанай эканомікі.

Літ.:

Фишер С., Дорнбуш Р., Шмалензи Р. Экономика: Пер. с англ. М., 1999;

Экономическая история зарубежных стран. Мн., 1996;

Рыночное реформирование экономики Беларуси. Мн., 1996;

Друзик Я.С. Мировая экономика на финише века. Мн., 1997.

А.​І.​Лучанок.

т. 13, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЗЕРФАРД (Rutherford) Эрнест (30.8.1871, Брайтуотэр, каля г. Нельсан, Новая Зеландыя — 19.10.1937),

англійскі фізік, адзін са стваральнікаў ядзернай фізікі, заснавальнік міжнар. навук. школы фізікаў. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1903, у 1925—30 прэзідэнт). Замежны чл.-кар. Рас. АН (1922), ганаровы чл. АН СССР (1925). За навук. заслугі атрымаў тытул лорда Нельсана (1931). Скончыў Новазеландскі ун-т (1894). З 1895 у Вялікабрытаніі, з 1898 у Канадзе. З 1907 праф. Манчэстэрскага ун-та, з 1919 — Кембрыджскага ун-та і дырэктар Кавендышскай лабараторыі. Навук. працы па радыеактыўнасці, ат. і ядз. фізіцы. Адкрыў альфа- і бэта-прамяні (1899) і ўстанавіў іх прыроду. Стварыў разам з Ф.​Содзі тэорыю радыеактыўнасці (1903). Устанавіў закон рассеяння альфа-часціц атамамі розных хім. элементаў (1911; гл. Рэзерфарда формула), на аснове чаго прапанаваў планетарную мадэль атама (мадэль атама Р.). Здзейсніў першую штучную ядз. рэакцыю па ператварэнні азоту ў кісларод (1919), прадказаў існаванне нейтрона і дэйтрона (1920). Пацвердзіў справядлівасць закону ўзаемасувязі масы і энергіі ў ядз. рэакцыях (1933). Правёў рэакцыю сінтэзу дэйтронаў з утварэннем трытыю (1934). Яго імем названы хім. элемент рэзерфордый. Нобелеўская прэмія 1908.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. науч. тр. [Т. 1—2]. М., 1971—72.

Літ.:

Кедров Ф.Б. Эрнест Резерфорд. М., 1965;

Данин Д.С. Резерфорд. 2 изд. М., 1967;

Старосельская-Никитина О.А. Эрнест Резерфорд. М., 1967;

Резерфорд — ученый и учитель. М., 1973.

Э.Рэзерфард.

т. 13, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УНІВЕРСА́ЛЬНАЯ ГРАМА́ТЫКА,

лінгвістычная тэорыя, якая грамат. катэгорыі мовы тлумачыць праз катэгорыі мыслення. Наз. таксама ўсеагульнай, агульнай, рацыянальнай, філас., аналітычнай граматыкай. Бярэ пачатак у грамат. уяўленнях антычнасці. Найб. поўна ўвасоблена ў граматыках 16—17 ст.: грамат. трактат «Мінерва, або Аб прычынах лацінскай мовы» Ф.​Санчэса (Іспанія), «Гермес, або Філасофскае даследаванне, якое тычыцца мовы і універсальнай граматыкі» Дж.​Харыса, «Тэорыя мовы» Дж.​Біты (Англія) і інш. Найб. вядомая з такіх спроб — Пор-Раяль граматыка. У пэўнай ступені У.г. захоўваецца ў сучаснай т.зв. школьнай граматыцы.

У аснове пабудовы У.г. ляжыць даўняе ўяўленне пра мову як просты адбітак мыслення: слова — паняцце, сказ — суджэнне, часціны мовы — пэўныя катэгорыі мыслення і г.д. Такія суадносіны маюць месца, але яны не носяць абсалютнага несупярэчлівага характару, таму што сістэмна-структурная арганізацыя адзінак мовы мае ўласныя прынцыпы, свае законы пабудовы і ў мове ёсць таксама адзінкі плана выражэння, якія ўвогуле не суадносяцца з адзінкамі значэння (фанемы, склады) або фарміруюць іх уласнымі, «пазалагічнымі» сродкамі (безасабовы сказ, выклічнікі і інш.). З сярэдзіны 18 ст. адрозніваюць «граматыку навукі» (пераважана логікі) і «граматыку мастацтва». 1-я абавязкова выяўляецца ва ўсіх мовах як сродак мыслення, 2-я складае спецыфіку, адметнасць кожнай асобнай мовы. Гэтыя ўяўленні адыгралі ў гісторыі мовазнаўства станоўчую ролю, прывялі да складвання агульнага мовазнаўства, параўнальна-гістарычнага мовазнаўства, тыпалагічнага мовазнаўства і прыватнага мовазнаўства.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 16, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНЯХО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён жалезнага веку, якія ў канцы 2 — сярэдзіне 5 ст. н.э. насялялі стэпы, лесастэпы ад Ніжняга Падунаўя да левабярэжжа Дняпра; на Пн дасягалі рубяжоў Бел. Палесся, дзе перамяжаліся чаргавалася* з насельніцтвам вельбарскай і кіеўскай культур. На тэр. Беларусі рэчы Ч.к. знойдзены пры раскопках паселішча Лемяшэвічы Пінскага р-на. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй, земляробствам, рамёствамі. Ч.к. прадстаўлена селішчамі (размяшчаліся на паўд. схілах тэрас невял. рэк і ручаёў), гарадзішчамі (вядомы 3, умацаваныя валамі, равамі і каменнымі сценамі), грунтавымі могільнікамі.

Выяўлены 3 тыпы жытлаў: паўзямлянкі і зямлянкі каркасна-плятнёвай канструкцыі, наземныя глінабітныя і каменныя двухкамерныя дамы. На заключным этапе культуры будаваліся зрубныя дамы. На паселішчах выяўлены шматлікія гасп. пабудовы і ямы-сховішчы. Сярод знаходак пераважае кераміка (гаршкі, карчагі, міскі, вазы, збаны, кубкі), часта арнаментаваныя складанымі кампазіцыямі; ёсць ляпны посуд, невял. колькасць ант. посуду, разнастайныя прылады працы, асабліва земляробчыя, прадметы побыту, упрыгожанні, дэталі адзення, зброі, рыштунку вершніка. Пахавальныя абрады — трупаспаленне і трупапалажэнне. Пахавальны інвентар уключае гасп. і быт. рэчы, упрыгожанні, вупраж. Вядома больш за 3 тыс. помнікаў Ч.к., з якіх вылучаюць 5 лакальных груп у залежнасці ад этн. складу насельніцтва (мяркуюць, што ў розных рэгіёнах у склад Ч.к. ўваходзілі скіфы-сарматы, геты-дакі, готы, славяне). У аснове Ч.к. — вытворча-тэхнал. дасягненні рымскіх правінцый і традыцыі народаў, якія яе стваралі. Частка насельніцтва Ч.к. ўдзельнічала ў фарміраванні слав. старажытнасцей 5—7 ст.

В.​С.​Вяргей.

т. 17, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУЗІ́НСКАЕ ПІСЬМО́,

алфавітная сістэма, якая адлюстроўвае фанемны склад грузінскай мовы. Летапіс Грузіі («Картліс цхаврэба») прыпісвае стварэнне грузінскага пісьма цару Фарнавазу (4—3 ст. да н.э.). Некат. навукоўцы звязваюць грузінскае пісьмо з усх.-арамейскім пісьмом эліністычнага перыяду. У выніку хрысціянізацыі Грузіі адбылася трансфармацыя арамейскай асновы пад уплывам грэч. пісьма: мяняўся напрамак пісьма (ад справа налева да адваротнага), парадак літар у алфавіце, уводзіліся знакі для галосных, якія часткова былі запазычаны з грэч. пісьма. Існуе гіпотэза аб удзеле ў стварэнні грузінскага пісьма Месропа Маштоца (гл. ў арт. Армянскае пісьмо). У стараж.-груз. алфавіце было 37 (пазней 38) літар, якія мелі і лічбавае значэнне, у сучасным — 33 (5 для галосных, 28 для зычных). Вял. літары, як правіла, адсутнічаюць. Першыя пісьмовыя помнікі грузінскага пісьма датуюцца 5 ст. н.э. — надпісы ў груз. манастыры ў Палесціне (каля 433) і інш.

У працэсе развіцця ўзніклі 3 асн. формы грузінскага пісьма, якія значна адрозніваліся. Мрглавані (круглае) — устаўнае пісьмо з акруглым абрысам і аднолькавым памерам літар — існавала да 9—10 ст. З яго развілася нусхуры (радковае) — з вуглаватым нахіленым напісаннем і рознымі па вышыні літарамі (было пашырана ў 9—11 ст.). У 10 ст. на аснове нусхуры ўзнікла мхедрулі (грамадзянскае, ці свецкае) таксама з рознай вышынёй літар і круглым абрысам. Да 17 ст. мхедрулі набыло сучасны выгляд, пранікла ва ўсе сферы ўжывання, а з увядзеннем у 1629 кнігадруку канчаткова стабілізавалася.

Літ.:

Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.

А.​М.​Рудэнка.

Да арт. Грузінскае пісьмо. Грузінскі алфавіт.

т. 5, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМБІКО́РМАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна прамысловасці, спецыялізаваная на выпуску камбікармоў і бялкова-вітамінных дабавак для с.-г. жывёл, птушак і рыбы. Неабходная для развіцця жывёлагадоўлі на прамысл. аснове. Найб. развіта К.п. у ЗША, Японіі, Расіі, Вялікабрытаніі, Украіне, Францыі, Германіі, Польшчы і інш.

На Беларусі К.п. развіваецца з сярэдзіны 20 ст. Першыя камбікормавыя цэхі пры млынкамбінатах створаны ў 1957 у Віцебску і Магілёве. Да 1960 пабудаваны 10 малагабарытных універсальных з-даў магутнасцю па 35 т у суткі і 2 камбікормавыя цэхі ў Слуцку і Лідзе — па 200 т у суткі кожны. На працягу 1966—75 здадзена ў эксплуатацыю 28 прадпрыемстваў: спецыялізаваныя камбікормавыя з-ды, цэхі амаль на ўсіх камбінатах хлебапрадуктаў; выпуск прадукцыі павялічыўся ў 8,1 раза.

Сучасная К.п. Беларусі налічвае больш за 2 тыс. прадпрыемстваў і вытв-сцей (у т. л. 17 спецыялізаваных з-даў), на якіх занята каля 10 тыс. чал. Найбольшыя прадпрыемствы: з-ды ў Глыбокім, Жабінцы, Драгічыне, Смаргоні; цэхі ў Віцебску, Магілёве, Мар’інай Горцы, Слуцку і інш. Шмат дробных вытв-сцей створана ў калгасах і саўгасах, на жывёлагадоўчых комплексах і фермах. Камбікорм звычайна выпускаецца грануляваны і брыкетаваны. Сыравінай для вытв-сці камбікармоў з’яўляюцца зерне збожжавых культур, жывёльныя і грубыя кармы, травяная і хвойная мука, прадукты хім. і мікрабіял. прам-сці, вітаміны, мікраэлементы, антыбіётыкі, амінакіслоты і інш. біял. рэчывы, што ўводзяцца ў камбікорм у выглядзе дамешкаў (прэміксаў). Асвоена вытв-сць камбікармоў для ўсіх відаў і полаўзроставых груп жывёлы. У 1995 выраблена 2059,6 тыс. т камбікармоў.

Г.​С.​Смалякоў.

т. 7, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТА́ЦКАЕ ЧЫТА́ННЕ,

публічнае выкананне твораў л-ры; від эстрады.

Вытокі М.ч. ў мастацтве дэкламацыі Стараж. Грэцыі і Рыма. У жанры М.ч. выступалі вядомыя зах.-еўрап. акцёры [браты Каклен, В.​Дэжазэ (Францыя), І.​Кайнц (Германія), Г.​Ірвінг (Англія) і інш.]. Выразнае вуснае слова — у аснове нар. мастацтва скамарохаў, акынаў, ашугаў. У Расіі як прафес. М.ч. зарадзілася ў 19 ст. на вечарах літ. чытанняў М.​Шчэпкіна. Майстрамі М.ч. былі В.​Качалаў, І.​Масквін, Дз.​Арлоў, І.​Ільінскі і інш.

На Беларусі заснавальнікам М.ч. лічыцца Сімяон Полацкі (у 1656 падрыхтаваў дэкламацыю «Прывітальныя вершы цару Аляксею Міхайлавічу»). У пач. 20 ст. з М.ч. выступалі акцёры т-ра Буйніцкага (А.​Бурбіс, В.​Буйніцкая, П.​Швайка, Я.​Хвеакціст і інш.), у 1920—30-я г. — У.​Галубка (С.​Бірыла, А.​Блажэвіч, В.​Вазнясенскі, Г.​Качынская і інш.). З 1940-х г. М.ч. развіваецца як самастойны від выканальніцтва. Сярод бел. чытальнікаў Р.​Дзідзенка, Г.​Дзягілева, М.​Зорын, М.​Казінін, І.​Лакштанаў, Г.​Рыжкова, А.​Слесарэнка, М.​Шышкін. Па радыё і тэлебачанні з М.ч. выступалі і выступаюць артысты Г.​Глебаў, П.​Малчанаў, Б.​Платонаў, Л.​Рахленка, Л.​Ржэцкая, І.​Шаціла, В.​Анісенка, Ф.​Варанецкі, Л.​Давідовіч, П.​Дубашынскі, М.​Захарэвіч, Р.​Маленчанка, В.​Тарасаў, Б.​Уладамірскі, В.​Шушкевіч і інш.

Літ.:

Аксенов В.Н. Искусство художественного слова. 2 изд. М., 1962;

Смоленский Я.М. Искусство звучащего слова. М., 1967;

Каляда А.А. Выразнае чытанне. 3 выд. Мн., 1989.

А.​А.​Каляда.

т. 10, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНДЗЯЛЕ́ЕЎ Дзмітрый Іванавіч (8.2.1834, г. Табольск Цюменскай вобл., Расія — 2.2.1907),

расійскі вучоны. Чл.кар. Пецярбургскай АН (1876). Скончыў Гал. пед. ін-т у Пецярбургу (1855). У 1857—90 у Пецярб. ун-це (з 1865 праф.), адначасова ў 1863—72 у Пецярб. тэхнал. ін-це. Арганізатар і першы дырэктар (1893) Гал. палаты мер і вагі (зараз НДІ метралогіі імя М.). Навук. працы па агульнай хіміі, хім. тэхналогіі, аграхіміі, фізіцы, паветраплаванні, метралогіі, метэаралогіі, геалогіі, эканоміцы, нар. асвеце і інш. Адкрыў адзін з асн. законаў прыродазнаўства — перыяд. закон хім. элементаў (1869; перыяд. закон М.; гл. Перыядычная сістэма элементаў Мендзялеева), існаванне крытычнай т-ры (1860). Вывеў агульнае ўраўн. стану ідэальнага газу (1874; гл. Клапейрона—Мендзялеева ўраўненне). Вынайшаў новы тып бяздымнага пораху, прапанаваў прамысл. спосаб фракцыйнага раздзялення нафты. Аўтар першага на рус. мове падручніка «Арганічная хімія» (1861) і класічнай працы «Асновы хіміі» (ч. 1—2, 1869—71), у якой курс неарган. хіміі выкладзены на аснове перыяд. закону. Адзін з заснавальнікаў Рус. фіз.-хім. т-ва (1868; зараз Хім. т-ва імя М.). У гонар М. названы мінерал мендзелеявіт, хім. элемент мендзялевій, кратэр на Месяцы, вулкан на в-ве Кунашыр, падводны хрыбет у Паўн. Ледавітым акіяне.

Тв.:

Соч. Т. 1—25. М., 1937—54.

Літ.:

Фигуровский Н.А. Д.​И.​Менделеев, 1834—1907. 2 изд. М., 1983;

Кедров Б.М. Прогнозы Д.​И.​Менделеева в атомистике. Кн. 1—3. М., 1977—79;

Макареня А.А. Д.​И.​Менделеев и физико-химические науки. 2 изд. М., 1982.

Дз.І.Мендзялееў.

т. 10, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)