навука пра вітаміны; раздзел біяхіміі. Адрозніваюць вітаміналогію эксперыментальную (даследуе дзеянне пэўных вітамінаў і іх вытворных, міжвітамінныя ўзаемаадносіны, мадэлюе паталогіі, што ўзнікаюць пры недахопе вітамінаў) і клінічную (вывучае выкарыстанне вітамінных прэпаратаў для прафілактыкі і лячэння захворванняў).
Адкрыццё вітамінаў звязана з імем рус. ўрача М.І.Луніна, які ў 1880 заўважыў наяўнасць у ежы незаменных кампанентаў, што адрозніваліся хім. прыродай ад вядомых бялкоў, тлушчаў, вугляводаў і мінер. рэчываў. Назву яны атрымалі ў 1911 (польскі біяхімік К.Функ). Першы вітамін, хім. будова якога была адкрыта, — тыямін (А.Віндаўс, 1932, Р.Уільямс, І.Клайн, 1936). У Расіі далейшае развіццё вітаміналогіі звязана з працамі А.У.Паладзіна, Б.А.Лаўрова і інш. На Беларусі даследаванні (пачаліся ў 1930-я г.) былі засяроджаны на вывучэнні ролі вітамінаў у харчаванні чалавека і кармленні жывёл (А.Поляк, Л.М.Форштэр), пошуку новых вітамінаў (Л.П.Розанаў), біяхім. механізмаў дзеяння вітамінаў, іх удзелу ў абменных працэсах (С.Д.Пеўзнер, Я.І.Бляхер, В.А.Лявонаў, М.Ф.Меражынскі, Ю.М.Астроўскі і інш.). Н.-д. работы па вітаміналогіі вядуцца ў мед. ін-тах, ін-тах АН Беларусі — біяхіміі, радыебіялогіі, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО ((Waugh) Іўлін) (28.10.1903, Лондан — 10.4.1966),
англійскі пісьменнік; адзін з буйнейшых майстроў сатыр. прозы. Вучыўся ў Оксфардзе. Першыліт. твор прысвечаны паэзіі і жывапісу Д.Г.Расеці (1928). У раманах «Заняпад і разбурэнне» (1928), «Брыдкая плоць» (1930), «Чорная бяда» (1932), «Прыгаршчы праху» (1934), «Сенсацыя» (1938) крытыка тагачаснай рэчаіснасці. Падзеі 2-й сусв. вайны прыўнеслі ў творы Во настроі элегічнага смутку. Раманы «Перапыненая работа» (1942), «Вяртанне ў Брайдсхед» (1945) ён назваў «некралогамі асуджаным вярхам», «памінальнай месай па каштоўнасцях старога свету». Стыль Во адзначаны праніклівым псіхалагізмам і афарыстычнай мовай (навелы «Марское падарожжа», «Пераможца атрымлівае ўсё» і інш.). У раманах з трылогіі «Пачэсны меч» (1965) драма пісьменніка, які не прыняў ілжывых каштоўнасцей рэчаіснасці, імкнуўся да пераадолення дысгармоніі жыцця праз захаванне традыц. ўкладу сям’і і дабрачыннасці. «Выпрабаванне Гілберта Пінфалда» (1957) — аўтабіягр. раман. Прыхільнасць да прынцыпаў рэалізму ў мастацтве засведчыў у артыкулах «Літаратурны стыль у Англіі і Амерыцы» (нап. 1955), «Гібель Жывапісу» (нап. 1956).
Тв.:
Prose, memoirs, essays. М., 1980. Рус.пер. — Мерзкая плоть;
Возвращение в Брайдсхед: Романы;
Незабвенная: Повесть;
Рассказы. 3 изд. М., 1982;
Офицеры и джентльмены: Роман. Мн., 1988;
Испытание Гилберта Пинфолда. М., 1992.
Літ.:
Анджапаридзе Г. Трилогия И.Во «Почетный меч» // Проблемы английской литературы XIX и XX вв. М., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАГРАФІ́ЧНАЕ КІНО́,
кіно з каляровым цалкам аб’ёмным відарысам аб’ектаў, які ствараецца метадамі галаграфіі. Перспектыўнае для выкарыстання ў тэатралізаваных паказах, навуч. працэсе, для даследавання хуткацякучых фіз. працэсаў, неразбуральнага кантролю трываласці вібрыруючых вырабаў і інш.
Здымка фільма робіцца апаратамі, якія фіксуюць на плёнцы відарысы аб’екта пад рознымі вугламі. Кожны кадр складаецца з 3 галаграм (яны фіксуюць структуру адбітай аб’ектам светлавой хвалі), атрыманых у чырвоным, зялёным і сінім колерах. Пры дэманстраванні фільма плёнку, змешчаную ў праекцыйны апарат, асвятляюць прамянямі з адпаведнай даўжынёй хвалі ад трох лазераў. У выніку на спец. экране (амаль празрыстым) узнікае бачны трохмерны відарыс такіх памераў, як на плёнцы. Праекцыйным аб’ектывам атрыманы відарыс павялічваецца да памераў, адпаведных аб’екту здымкі. Асн. прынцыпы галаграфічнага кіно распрацаваны ў 1970-я г. ва Усесаюзным н.-д. кінафотаінстытуце (Масква), дзе зняты і прадэманстраваны (1976) першыэксперым. галаграфічны фільм працягласцю каля 2 мін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРСІ́Я (Carcía),
іспанскія музыканты, бацька і сын.
Мануэль дэль Попала Вісентэ (22.1.1775, г. Севілья, Іспанія — 9.6.1832), спявак (тэнар), гітарыст, кампазітар, вак. педагог. Родапачынальнік сям’і вядомых вакалістаў. Адзін з найлепшых выканаўцаў асн. тэнаровых партый у сцэн. творах канца 18 — пач. 19 ст. З 1798 спяваў у тэатр. трупе Мадрыда, з 1808 — у «Тэатры Італьен» у Парыжы. Першы выканаў партыю Альмавівы ў «Севільскім цырульніку» Дж.Расіні. З 1818 выступаў у Лондане, дзе заснаваў школу спеваў (1823). Аўтар і пастаноўшчык многіх опер, пераважна камічных, шэрагу танадылляў (ісп.муз. камедый). З 1829 выкладаў у арганізаванай ім школе спеваў у Парыжы. Сярод вучняў: сын М.П.Р.Гарсія і дочкі М.Малібран і П.Віярдо-Гарсія; А.Нуры.
Мануэль Патрысіо Радрыгес (17.3.1805, Мадрыд — 1.7.1906), спявак (бас-барытон), вак. педагог. Гастраліраваў у ЗША і Мехіка. У 1842—50 выкладаў у Парыжскай кансерваторыі, у 1848—95 — у Каралеўскай акадэміі музыкі ў Лондане. Аўтар прац па вак. педагогіцы (у т. л. «Поўнае кіраўніцтва па мастацтве спеваў», перакладзена на многія мовы). Зрабіў вял. ўклад у вывучэнне фізіялогіі чалавечага голасу, вынайшаў ларынгаскоп. Яго пед. прынцыпы паўплывалі на развіццё вак. мастацтва 19 ст. Сярод яго вучняў Е.Лінд, Э.Фрэцаліні, М.Маркезі, Г.Нісен-Саламан, Ю.Штокгаўзен, Г.Гарсія (яго сын).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ФА́РНЫ КАСЦЁЛ, касцёл Прачыстай Божай Маці,
фара Вітаўта. Упершыню ўпамінаецца ў 1389 у грамаце вял.кн.літ. Вітаўта, які яго заснаваў. Першы каталіцкі храм у Гродне. На гравюры М.Цюнта 1568 — гэта драўляны 1-нефавы прамавугольны ў плане будынак, накрыты 2-схільным дахам; на паўд.-ўсх. рагу размяшчалася высокая круглая шмат’ярусная вежа-званіца. У 1584—87 на яго месцы пабудаваны (з удзелам італьян. майстра А.Дзігрэпа) мураваны касцёл у гатычна-рэнесансавым стылі (зафіксаваны на гравюры Т.Макоўскага, 1600). Трохнефавы прамавугольны ў плане будынак. Гал. фасад быў вылучаны прамавугольнай у плане 4-яруснай вежай-званіцай. Па баках да яе прымыкалі 2 баявыя вежы. Бакавыя сцены былі ўмацаваны контрфорсамі. Па сваіх памерах гэта быў самы вял. храм сярод аналагічных яму на Беларусі (даўж. 58,6 м, шыр. каля 23 м). Касцёл перабудоўваўся ў 1753, 1782, 1892. У 1804 перададзены правасл. царкве, пераабсталяваны, у 1807 асвячоны ў імя св. Сафіі. У 1896—99 перабудаваны ў псеўдарус. стылі (арх. М.Чагін), меў 5 цыбулепадобных купалаў на высокіх барабанах, з Пн дабудаваны прыдзел, з У — апсіда. У 1919 вернуты каталіцкай царкве, выкарыстоўваўся як гарнізонны касцёл. Перабудовы 1923 (арх. В.Генеберг) і 1935 (арх. А.Сасноўскі) надалі яму рысы раманскага стылю. У 1961 узарваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́КЕНС ((Dickens) Чарлз) (7.2.1812, г. Портсмут, Вялікабрытанія — 9.6.1870),
англійскі пісьменнік. Вучыўся ў прыватнай школе, працаваў клеркам, парламенцкім стэнографам. рэпарцёрам. Шырокую вядомасць прынёс яму першы твор «Нарысы Боза» (1833—36). Серыя спарт. нарысаў пра дзівака і няўдачніка містэра Піквіка ператварылася ў камічную эпапею — раман «Пасмяротныя запіскі Піквікскага клуба» (1837). У раманах «Прыгоды Олівера Твіста» (1838), «Жыццё і прыгоды Нікаласа Нікльбі» (1839) адлюстраваў заняпад духоўнасці і маралі ў віктарыянскай Англіі; сац. праблемы разглядаліся ў іх сувязі з маральна-этычнымі, праз крытэрыі дабра і зла. Традыцыі «рамана выхавання», рэаліст. асэнсаванне рэчаіснасці, увага да вечных маральных праблем характэрны для раманаў «Домбі і сын» (1848) і «Дэвід Коперфілд» (аўтабіяграфічны, 1849—50). Паглыбленне ў сутнасць жыцця адбывалася разам з узмацненнем сімволікі і сатыр. трактоўкі вобразаў у раманах «Халодны дом» (1853), «Цяжкія часы» (1854), «Крошка Дорыт» (1857). Аўтар гіст. рамана «Барнабі Радж» (1841), сац.-псіхал. раманаў з элементамі дэтэктыва «Вялікія спадзяванні» (1861), «Наш агульны сябар» (1865), «Таямніца Эдвіна Друда» (1870, незакончаны). На бел. мове выдадзены раманы Дз. «Домбі і сын» (1938) і «Вялікія спадзяванні» (1940). Паводле яго твораў т-р імя Я.Коласа паставіў спектакль «Жорсткі свет» (1953).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮМА́ (Dumas) Аляксандр, Дзюма-бацька (Dumas pére; 24.7.1802, г. Вілер-Катрэ, Францыя — 5.12.1870), французскі пісьменнік, Сын рэсп. генерала. Дэбютаваў вадэвілем «Паляванне і каханне» (1825). Вядомасць Дз. прынеслі рамант. драма «Генрых III і яго двор» (1829), п’есы «Антоні» (1831), «Нельская вежа» (1832), «Кін» (1836). У 1835 апублікаваў першыгіст. раман «Ізабэла Баварская». Творчы росквіт прыпадае на 1840-я г., калі былі выдадзены яго вядомыя гіст.-авантурныя раманы: трылогія «Тры мушкецёры» (1844), «Праз дваццаць гадоў» (1845), «Віконт дэ Бражэлон» (т. 1—3, асобнае выд. 1848—50); трылогія пра Генрыха Наварскага «Каралева Марго» (1845), «Пані Мансаро» (асобнае выд. 1846), «Сорак пяць» (асобнае выд. 1847—48); «Граф Монтэ-Крыста» (асобнае выд. 1845—46). Абапіраючыся на вял.гіст. матэрыял, Дз. цікава і дынамічна ўзнаўляе быт і норавы эпохі, характары гіст. асоб. Аднак яго раманы не вызначаюцца глыбокім гіст. і псіхал. аналізам, значныя гіст. падзеі часта тлумачацца выпадковым збегам абставін, што стварае эфектныя сітуацыі і заблытаныя інтрыгі. Літ. спадчына Дз. ўключае таксама кн. «Мае мемуары» (т. 1—22, 1852—54), пуцявыя нататкі (у т. л. «З Парыжа ў Астрахань», т. 1—5, 1858), творы самых розных жанраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯМІ́ДАВЫ,
дынастыя рас. горнапрамыслоўцаў, землеўладальнікаў, мецэнатаў у канцы 17 — пач. 20 ст. Паходзілі з заможных сялян-кавалёў Тульскай губ. Родапачынальнік — Мікіта Дзямідавіч Антуф’еў, празваны паводле імя па бацьку Дзямідаў (5.4.1656, Тула — 28.11.1725). Вылучыўся пры Пятру I, пабудаваў першы чыгунаплавільны з-д у Туле (1696), пазней — шэраг металургічных з-даў на Урале. У 1720 атрымаў спадчыннае дваранства. Найб. значныя прадстаўнікі: Акінфій Мікітавіч (1678, Тула — 16.8.1745). Сын Мікіты Дзямідавіча. У 1725 на яго Ніжнетагільскім з-дзе пушчана першая домна — найб. ў тагачасным свеце. Да 1745 валодаў 25 чыгунаплавільнымі, жалезаапр. і меднымі з-дамі. Павел Рыгоравіч (9.1.1739—13.7.1821). Вучыўся ў Гётынгенскім ун-це і Фрайбергскай горнай акадэміі (Германія). Заснаваў Дзямідаўскі ліцэй у Яраслаўлі. Мікалай Мікітавіч (20.11.1773, с. Чыркавіцы Воласаўскага р-на Ленінградскай вобл. — 2.1.1829), ваен. дзеяч, дыпламат. Садзейнічаў пашырэнню вытв-сці фамільных з-даў. Павел Мікалаевіч (17.8.1798, Масква — 6.4.1840). Ганаровы чл.Пецярб.АН. Скончыў Парыжскі ліцэй Напалеона. У 1831 заснаваў Дзямідаўскія прэміі пры Пецярб.АН. Валодаў сіб. чыгунаплавільнымі з-дамі. Павел Паўлавіч (21.10.1839, г. Веймар, Германія — 29.1.1885). Скончыў Пецярб.ун-т (1860). Заснаваў першую на Урале ф-ку бесемеравання сталі. Усяго Дз. заснавалі больш за 50 з-даў, якія давалі 40% чыгуну ў Расіі.
Літ.:
Старков В.В. Демидовы: Их жизнь и деятельность. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЛЬЦЫН (Барыс Мікалаевіч) (н. 1.2.1931, с. Бутка Таліцкага р-на Свярдлоўскай вобл., Расія),
расійскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Уральскі політэхн.ін-т (Свярдлоўск, 1955). З 1955 працаваў у буд. арг-цыях, з 1963 гал. інжынер, дырэктар Свярдлоўскага домабуд. камбіната. У 1968—88 на парт. рабоце: з 1976 1-ы сакратар Свярдлоўскага абкома, з 1985 сакратар ЦККПСС, 1-ы сакратар Маскоўскага гаркома КПСС, з 1986 канд. у чл. Палітбюро ЦККПСС. З 1987 1-ы нам. старшыні Дзяржбуда СССР — міністр СССР. З 1989 нар. дэпутат СССР. У 1990 выйшаў з КПСС. У 1990—91 старшыня Вярх. Савета РСФСР. З чэрв. 1991 першы Прэзідэнт Рас. Федэрацыі (выбраны 12.6.1991; 3.7.1996 выбраны на другі тэрмін). У снеж. 1991 разам з кіраўнікамі Беларусі і Украіны падпісаў Белавежскія пагадненні, быў адным са стваральнікаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Ініцыятар пачатай у студз. 1992 радыкальнай эканам. рэформы. У адпаведнасці з яго ўказам «Аб паэтапнай канстытуцыйнай рэформе ў Рас. Федэрацыі» (вер. 1993) ліквідавана сістэма Саветаў. У снеж. 1993 прынята новая Канстытуцыя Рас. Федэрацыі і выбраны парламент — Федэральны Сход Рас. Федэрацыі. 2.4.1996 Е. і Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка падпісалі Дагавор аб Супольніцтве Беларусі і Расіі, 2.4.1997 — Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі.
Тв.:
Записки президента. М., 1994;
Бел.пер. — Споведзь на зададзеную тэму. Мн., 1991.
рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар.арт. Беларусі (1940). Нар.арт.СССР (1970). Скончыў Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1926). Да 1930 вядучы танцоўшчык Ленінградскага т-ра оперы і балета. У 1930—58 саліст, у 1960—75 педагог-рэпетытар Вял.т-ра; у 1968—72 адначасова маст. кіраўнік Маск. харэаграфічнага вучылішча. Адзін з найб. яркіх прадстаўнікоў рус. балетнай школы 1920—40-х г., заснавальнік новага выканальніцкага стылю — гераічнага, віртуознага, насычанага драматызмам танца; значна ўзбагаціў танц. лексіку, зрабіў вял. ўплыў на наступныя пакаленні выканаўцаў. Сярод партый: Бог ветру («Талісман» Р.Дрыга), Блакітная птушка, Зігфрыд («Спячая прыгажуня». «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Геній вод («Канёк-Гарбунок» Ц.Пуні), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Альберт і Ганс («Жызэль» А.Адана), Тыбальд («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Лі Шанфу («Чырвоны мак» Р.Гліэра). Паставіў у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі першынац. балет «Салавей» М.Крошнера (з Ф.Лапуховым, 1939; 2-я рэд. балета 1940 вырашана ім сродкамі дзейснага танца, арганічным спалучэннем класічнай і бел.нар. харэаграфіі), «Аповесць пра каханне» (1953) і «Палымяныя сэрцы» (1955) В.Залатарова. Сярод яго вучняў: У.Васільеў, А.Гадуноў, М.Лепа. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1947, 1950.