по́яс, -а, мн. паясы́, паясо́ў, м.

1. Стужка, шнур, рэмень і пад., якімі падпяразваюць адзенне па таліі.

Скураны п.

2. перан. Што-н., размешчанае паласой вакол чаго-н.

Зялёны п. горада.

3. Паясніца, талія.

Па п. у вадзе.

Кланяцца ў п. (сагнуўшы тулава).

4. Частка зямной паверхні паміж якімі-н. паралелямі або паміж двума мерыдыянамі, якая выдзяляецца па якой-н. прымеце.

Гарачы п.

Часавы п.

5. Прастора, якая з’яўляецца падраздзяленнем тэрыторыі краін па якіх-н. прыметах.

Тарыфны п.

6. Брус, распора паміж кроквамі.

7. Частка шкілета, якая служыць для прычлянення да тулава і апоры канечнасцей (спец.).

Плечавы п.

|| памянш. паясо́к, -ска́, мн. -скі́ і -ско́ў, м. (да 1 знач.).

|| прым. паясны́, -а́я, -о́е (да 1, 3—5 і 7 знач.).

П. рэмень.

П. партрэт (да пояса). П. час.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

се́тка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так, ж.

1. Прыстасаванне з перакрыжаваных нітак, дроту, вяровак і пад. рознага прызначэння.

Плесці сетку на рыбу.

Валейбольная с.

С. пчаляра.

2. Сумка для нашэння прадуктаў, дробных рэчаў і пад., сплеценая з нітак, вяровак, шнуркоў і пад.

Злажыць у сетку яблыкі.

3. адз.; чаго або якая. Сукупнасць размешчаных дзе-н. і звязаных адзінай сістэмай устаноў, прадпрыемстваў, дарог, ліній сувязі і пад.

С. дамоў адпачынку.

С. бальніц.

Гандлёвая с.

4. Разлінееная, звычайна ў клетку, паверхня.

Градусная с.

Геаграфічная с. (лініі, якія абазначаюць даўготы і шыроты).

5. Расклад, схема, шкала (спец.).

Тарыфная с.

|| памянш. се́тачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж. (да 1 і 2 знач.).

|| прым. се́тачны, -ая, -ае (да 1, 2 і 5 знач.) і се́ткавы, -ая, -ае (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

heart [hɑ:t] n.

1. сэ́рца; душа́

2. пачу́цці, каха́нне, любо́ў

3. сярэ́дняя ча́стка, сярэ́дзіна;

the heart of the forest не́тры ле́су

4. са́мая ва́жная ча́стка (чаго-н.), су́тнасць;

the heart of the matter су́тнасць спра́вы

5. pl. hearts чы́рвы (карты)

♦ at heart у глыбіні́ душы́;

be sick at heart

1)адчува́ць мло́снасць/млосць

2) тужы́ць, нудзі́цца;

break smb.’s heart разбі́ць чыё-н. сэ́рца; мо́цна засмуці́ць, расхвалява́ць каго́-н.;

by heart/off by heart на па́мяць;

close/dear/near to smb.’s heart блі́зкі для чыйго́-н. сэ́рца;

from the (bottom of one’s) heart з глыбіні́ сэ́рца, шчы́ра;

give/lose one’s heart to smb. адда́ць сваё сэ́рца каму́-н., пакаха́ць каго́-н.;

give smb. (fresh) heart падбадзёрыць, падтрыма́ць каго́-н.;

have a heart! злі́туйцеся!; змі́луйцеся!;

have a heart of gold мець залато́е сэ́рца, быць ве́льмі до́брым чалаве́кам;

have a heart of stone мець каме́ннае сэ́рца, не шкадава́ць ніко́га;

have one’s heart in one’s mouth забая́цца, спужа́цца, спало́хацца; ≅ душа́ ў пя́тках (пра стан);

have one’s heart in smth. з энтузія́змам ста́віцца да чаго́-н.;

have one’s heart in the right place мець до́брыя наме́ры;

heart and soul усёй душо́й; стара́нна, дба́йна, руплі́ва;

heart bleeds for smb. сэ́рца крывёю абліва́ецца пры ду́мцы пра каго́-н.;

lose heart па́даць ду́хам, тра́ціць надзе́ю, адча́йвацца;

make smb.’s heart leap прыму́сіць чыё-н. сэ́рца калаці́цца;

not have the heart to do smth. быць няздо́льным, не адва́жвацца зрабі́ць што-н.;

pour out/open one’s heart to smb. адкры́ць сваю́ душу́, пачу́цці каму́-н.;

set one’s heart on smth./have one’s heart set on smth. імкну́цца да чаго́-н., мо́цна пра́гнуць чаго́-н.;

take heart from smth. чэ́рпаць му́жнасць у чым-н.;

take smth. to heart прыма́ць што-н. блі́зка да сэ́рца;

tear/rip the heart out of smth. пашко́дзіць/сапсава́ць са́мую ва́жную ча́стку чаго́-н.;

to one’s heart’s content до́сыць, удо́сталь, уво́лю, ко́лькі душа́ жада́е;

with all one’s heart ад усёй душы́, шчы́ра, сардэ́чна;

He is a man after my own heart. Гэты чалавек мне даспадобы;

His heart sank. ≅ Яго душа ў пятках апынулася.

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

РЫТМ (грэч. rhythmos ад rheō цяку),

чараванне якіх-н. элементаў (гукавых, моўных і інш.), якое адбываецца ў пэўнай паслядоўнасці, частаце; хуткасць працякання, здзяйснення чаго-небудзь.

Р. у літаратуры — раўнамернае чаргаванне аднародных моўных з’яў. Вершаваны Р. засн. на чаргаванні пэўных адзінак, што характарызуюць працягласць (ант. верш, сілабічнае вершаскладанне) або пэўную сістэму размеркавання націскных і ненаціскных складоў у стапе (сілаба-танічны верш, танічны верш, белы верш). У вершы рытмічная заканамернасць выступае як адзіны зыходны прынцып разгортвання мовы, што зададзены ў пачатку і вяртаецца пастаянна ў кожнай наступнай варыяцыі, калі прыраўнаваны адзін да аднаго асобныя адрэзкі мовы, сегменты фразы. Р. у прозе — вынік моўнага разгортвання, суаднесены са шматбаковасцю і зменлівасцю натуральнага Р. мовы ў яе разнастайных функцыянальных стылях. Маст. Р. прозы можна ахарактарызаваць як своеасаблівую арганізацыю Р. паўсядзённай мовы, які адрозніваецца большай упарадкаванасцю націскаў, аднак гэтая ўпарадкаванасць не павінна дасягаць ступені яўнай ізахроннасці, як у вершах. Агульнае ўражанне правільнасці і перыядычнасці звычайна ўзмацняецца пры дапамозе фанет. і сінтакс. прыёмаў: гукавога малюнка, сінтакс. паралелізму, ураўнаважанасці сэнсавых супрацьлегласцей. Р. непарыўна звязаны з інтанацыяй, паслядоўнасцю тонаў. Мова літ. твора больш, чым інш. тыпы выказвання, арганізаваная і выразная. У лепшых сваіх узорах яна максімальна насычана сэнсам і таму не дапускае пераафармлення, перабудавання, змянення.

Р. у музыцы — арганізаванасць муз. гукаў у іх часавай паслядоўнасці; адзін з гал. выразных і формаўтваральных сродкаў музыкі. На рытмічных заканамернасцях будуюцца суадносіны рознапрацяглых гукаў у непасрэднай блізкасці (у межах матыву, фразы і інш.) і прапорцыі частак муз. формы. У аснове Р. — суразмернасць часавых рытмічных доляў (рытмічныя адзінкі — цэлая, палавіна, чвэрць, восьмая і інш.). Нормай адліку рытм. руху, сродкам яго ўпарадкавання служыць метр (адзінства Р. і метра адлюстравана ў тэорыі музыкі паняццем метрарытму). У адпаведнасці з ім гукі звычайна аб’ядноўваюцца ў рытмічныя групы. Магчыма несупадзенне метрычных і рытмічных акцэнтаў (гл. Сінкопа). Па-за Р. не існуе музыкі. Нават самы маленькі меладычны зварот уключае і рытмічны элемент. Яго выразнасць раскрываецца ва ўзаемадзеянні з інш. элементамі, найперш ладам, тэмпам. Часам Р. выступае і адасоблена ад іх (розныя сігналы на ўдарных інструментах). Музыка кожнага народа мас характэрныя рытм. рысы. Тыповыя рытмаформулы ўласцівы некат. муз. жанрам, асабліва тым, што непасрэдна звязаны з увасабленнем руху (марш, танцы).

Р. у архітэктуры — чаргаванне акцэнтных элементаў (праёмаў, прасценкаў, верт. стоек каркаса, балконаў, эркераў і інш.) пры вырашэнні кампазіцыі будынка або паўтарэнне саміх будынкаў пры стварэнні арх. ансамбля; адзін са сродкаў кампазіцыі, з дапамогай якога дасягаецца сувымернасць і эмац. выразнасць твора архітэктуры. У аснове Р. — адзінства функцыян., канстр. і аб’ёмна-планіровачнага вырашэння. Р. у архітэктуры вядомы са старажытнасці (памяншэнне аб’ёмаў па вертыкалі ў пірамідах і зікуратах краін Стараж. Усходу). Рытмічнасць сістэмы ант. дойлідства па-мастацку асэнсавана сродкамі ордэрнай сістэмы (манум. пабудовы Стараж. Грэцыі і Рыма). Р. можа быць простым (паўтарэнне арх. элемента з захаваннем яго памераў і інтэрвалаў паміж імі), нарастаючым ці ўбываючым (паступовае змяненне інтэрвалаў паміж арх. элементамі). Заканамернасці нарастання і ўбывання выкарыстоўваюцца гал. чынам для стварэння выразнага арх. аблічча збудавання, пазбаўлення яго манатоннасці (касцёлы бернардзінцаў і езуітаў у Гродне, палац у Гомелі, ратуша ў г. Чачэрск Гомельскай вобл., Дом урада ў Мінску). Рытмічныя акцэнты падкрэсліваюць колерам, фактурай аддзелачных матэрыялаў і інш.

Літ.:

Елатов В.И. Ритмические основы белорусской народной музыки. Мн., 1966;

Холопова В.Н. Вопросы ритма в творчестве композиторов первой половины XX в. М., 1971.

Т.​І.​Шамякіна (літаратура), Т.​А.​Дубкова (музыка), Г.​С.​Ларкін (архітэктура).

т. 13, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

адплы́сці, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; зак.

1. Плывучы, аддаліцца на нейкую адлегласць ад каго‑, чаго‑н. Адплысці ад берага.

2. Перамясціцца куды‑н.; пасплываць. У даль начную адплылі Усе хмурынкі, што так ззялі Красой дзівоснай для зямлі. Астрэйка. Туман адплыў на ўзлессе ракі. Броўка. // перан. Павольна, плаўна аддаліцца. Бярозавыя прысады.. парадзелі, бы расступіліся, адплылі ўбок, і неяк адразу ж за імі з’явіўся камбайн. Савіцкі. // Мінуцца, знікнуць. Адплылі ў таямнічую далеч яго [Сяргея] басаногія гады, адплылі і не вернуцца. Шахавец. Думкі пра малодшага сержанта хутка без следу адплылі. Мележ.

3. Выйсці ў плаванне. Ціха ў порце, бо на параходзе ў Аргенціну адплыў жывы тавар. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лу́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

Разм. Трапіць, пацэліць. Акцызнік раптам стаў, спяшаючыся, апранацца. Соваў рукі ў рукавы кашулі і ніяк не мог лучыць. Пташнікаў. — Што на .. [сівецкіх гаспадароў] глядзець? Яны раздураныя, яны адно глядзяць, каб як лучыць на лёгкі хлеб. Зарэцкі.

лучы́ць, лучу́, лу́чыш, лу́чыць; незак., каго-што.

Разм. Злучаць, яднаць. Як высветлілася, усе [партызаны] былі жывы-здаровы і толькі яшчэ раз адчулі, чаго варт для іх той, хто лучыў іх у адну баявую сілу. Брыль. З гэтым чалавекам Рыгора лучыла глыбокае пачуццё таварыскай блізкасці. Гартны. Ва ўсім цывілізаваным свеце родная мова ёсць асноваю, якая лучыць усе прадметы школьнага курса, якая праходзіць праз усе яго часткі. Шырма.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мі́ласць, ‑і, ж.

1. Добрыя, велікадушныя адносіны. Дзякуй вам за хлеб, за кашу і за міласць вашу. З нар.

2. Ахвяраванне, дар. [Аксіння:] — Ды кожнаму кланяйся ды прасі, як тае міласці, каб хаця невялічкую якую работу табе далі. Лынькоў. [Шугай:] — Бальшавікі, таварыш Каліна, не чакаюць міласцей ад прыроды. Яны заваёўваюць перамогу. Асіпенка.

•••

Ваша, твая (яго, яе, іх) міласць (уст. і іран.) — ужываецца як пачцівы зварот і пры ўпамінанні трэцяй асобы.

Змяніць гнеў на міласць гл. змяніць.

Міласці просім гл. прасіць.

На міласць бога (спадзявацца) — не рабіць ніякіх захадаў для паспяховага ажыццяўлення чаго‑н.

Па міласці каго — а) дзякуючы каму‑н.; б) перан. па чыёй‑н. віне.

Скажы на міласць гл. сказаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няста́ча, ‑ы, ж.

1. Адсутнасць каго‑, чаго‑н. у неабходнай колькасці, недахоп. Нястача рабочых. Нястача грошай. □ Баец пачаў задыхацца. Грудзі распірала ад нястачы паветра, — здавалася, вось-вось хрусне горла. Быкаў. Шмат гора давялося перажыць.. [Анастасіі Фамінічне] у першыя гады замужжа. Зямлі мелі мала, і заўсёды ў чым-небудзь была нястача. Сіняўскі.

2. Недастача грошай, тавараў, выяўленая пры праверцы магазіна, установы і пад. Калі ў краме ёсць нястача, Дык «усушка» там няйначай. Крапіва. Правяраючы касу, Зіна выявіла нястачу. Васілёнак.

3. Адсутнасць дастатковых сродкаў для існавання; беднасць. Васіль .. чакаў, што Аўгіня, прыціснутая нястачаю, засмуткуе па куску хлеба і прыйдзе да яго. Колас. Мой край па царскаму закону Быў краем гора і нястач. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыпо́мніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.

1. Аднавіць у памяці, успомніць. Прозвішча здалося мне знаёмым, але я ніяк не мог прыпомніць, дзе сустракаў гэтага чалавека. Дадзіёмаў. Адась выняў папяросу, але не закурыў, прыпомніў, што ў вагоне курыць забаронена. Галавач. // Пазнаць каго‑н. — Што ты, дружа? Не пазнаў хіба мяне? Помніш, бегалі па лужах? Ну, прыпомніў? Бялевіч.

2. Разм. Не забыць чаго‑н., каб адпомсціць, пакараць за гэта. — Не памілуе вас пан, прыпомніць кожны дубок, высечаны ў лесе, рагач, што выкапалі вы для сахі, каб калупацца ў полі. Колас. А катам прыпомнілі сёння Агні Трасцянца і Майданэк. Здавалася нам, што патронаў Ці хопіць адпомсціць за раны. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ру́пар, ‑а, м.

1. Труба канічнай формы, якая служыць для ўзмацнення гуку. У руках цыбатага хлапца апынуўся бляшаны рупар, і, прыставіўшы яго да вуснаў, ён загудзеў: — Таварышы! Перш за ўсё правядзём спаборніцтва бегуноў. Мікуліч. // перан.; чаго. Кніжн. Той, хто перадае, выказвае, распаўсюджвае чые‑н. ідэі, погляды. З гаворкай Якубовіча ніяк не згаджаецца Антон Корж, вобраз якога ў апавяданні па сутнасці з’яўляецца рупарам ідэй аўтара. Лойка. Агітацыйна-масавая графіка перыяду грамадзянскай вайны была рупарам ідэй Камуністычнай партыі. Шматаў.

2. Разм. Рэпрадуктар у выглядзе такой трубы. У пасёлку каля слупа з рупарам стаяла некалькі мужчын і жанчын з дзецьмі. Кулакоўскі. — Дарэчы, чаму ў вас на кухні ніколі рупар не выключаецца? Грамовіч.

[Ад гал. roerper.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)