ДАБРЖА́НСКАЯ Любоў Іванаўна (24.12.1908, Кіеў — 3.11.1980),

расійская актрыса. Нар. арт. СССР (1965). Скончыла студыю пры Кіеўскім рус. драм. т-ры (1924), дзе працавала да 1934. У 1934—80 у Цэнтр. т-ры Сав. Арміі ў Маскве. Яе мастацтва вызначалася вострай характарнасцю, яркім тэмпераментам і вытанчанасцю. Сярод роляў: Негіна («Таленты і паклоннікі» А.​Астроўскага), Камісар («Аптымістычная трагедыя» У.​Вішнеўскага), Шура Азарава («Даўным даўно» М.​Гладкова), Васілуце («Каса марэ» І.​Друцэ), Катарына («Утаймаванне свавольніцы» У.​Шэкспіра). З 1952 здымалася ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 5, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВУ́ДАВА Марзія Юсуф кызы (8.12.1901, г. Астрахань, Расія — 6.1.1962),

азербайджанская актрыса. Нар. арт. СССР (1949). Сцэн. дзейнасць пачала ў 1917. З 1920 у азерб. т-ры ў Баку (цяпер Азерб. драм. т-р імя М.​Азізбекава). Яе мастацтва вызначалася эмацыянальнай сілай і псіхал. глыбінёй. Выконвала драм. і трагедыйныя ролі: Севіль («Севіль» Дж.​Джабарлы), Гызьетэр («Ханлар» С.​Вургуна), Гюльзар («Раніца Усходу» Э.​Мамедханлы; Дзярж. прэмія СССР 1948), Кручыніна, Кабаніха («Без віны вінаватыя», «Навальніца» А.​Астроўскага), Дэздэмона, Гертруда, лэдзі Макбет («Атэла», «Гамлет», «Макбет» У.​Шэкспіра).

т. 5, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАДЫЯ́НІ Шалва Мікалаевіч (21.5.1874, г. Зестафоні, Грузія — 15.3.1959),

грузінскі пісьменнік і тэатр. дзеяч. Нар. арт. Грузіі (1923). У 1893—1923 акцёр і рэжысёр (з 1907) Кутаіскага груз. драм. т-ра. Літ. дзейнасць пачаў як паэт (зб. «Іскра», 1892). Пісаў драм. творы, апавяданні. Сярод п’ес: «У падзямеллі» (1905), «Калі яны балявалі» (1907), «Гегечкоры» (1915), «Учарашнія» (1916). Аўтар першай у груз. л-ры сатыр. камедыі «У самае сэрца» (1928), аптыміст. трагедыі «Тэтнульд» (1931), гіст. раманаў «Юрый Багалюбскі» (1927), «Сям’я Гвіргвіліяні» (1945—54) і інш.

т. 6, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ЙКА (англ. dike, dyke літар. перашкода),

пліта або жылападобнае геал. цела ў трэшчынах зямной кары, абмежаванае паралельнымі плоскасцямі. Магутнасць Д. мяняецца ад долей да дзесяткаў метраў, працягласць ад 1 м да 500 км (напр., Вялікая Дайка ў Зімбабве). Адрозніваюць эндагенныя Д. (узніклі пры запаўненні шчылін зямной кары магмай) і экзагенныя Д. (шчыліны запоўнены асадкавым матэрыялам — т. зв. кластычныя Д.). Паводле тыпу размяшчэння бываюць Д. групавыя, радыяльныя і кальцавыя.

Да арт. Дайка. Адпрэпараваныя дэнудацыяй дайкі на схілах вулкана Этна на востраве Сіцылія.

т. 6, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎЛАЦЯ́Н Фрунзе Вагінакавіч (н. 26.5.1927, Ерэван),

армянскі кінарэжысёр, акцёр. Нар. арт. СССР (1983). Пачынаў як тэатр. акцёр. Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1960). З 1944 здымаецца ў кіно: «Давід-Бек», «Анаіт», «Пра што шуміць рака» і інш. Паставіў фільмы: «Кар’ера Дзімы Горына» (1961) і «Ранішнія паязды» (1963, абодва з Л.​Мірскім), «Добры дзень, гэта я!» (1966, і роля Зарана; Дзярж. прэмія Арменіі 1967), «Браты Сараяны» (1968, і гал. роля; Дзярж. прэмія Арменіі 1971) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1950.

т. 6, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТО́РЫНА Аляксандра Паўлаўна (28.11.1900, г. Чэлябінск — 15.7.1982),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1957). Скончыла муз. вучылішча Рус. муз. Т-ва (1917). Працавала ў т-рах Расіі. У 1949—73 у Брэсцкім абл. драм. т-ры імя ЛКСМБ. Характарная актрыса, майстар пераўвасаблення, сцэн. дэталі, эпізоду. Сярод роляў: Альжбета («Папараць-кветка» І.​Козела), Маці («Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча), Гурмыжская, Кабаніха («Лес», «Навальніца» А.​Астроўскага). Рэжысёр спектакляў «Тры жарты». А.​Чэхава (1956) і «Позняе каханне» Астроўскага (1963). Адна з арганізатараў Брэсцкага абл. т-ра лялек.

т. 2, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШАРЫ́, аль-Ашары Абу-ль-Хасан Алі Ібн Ісмаіл (873, Басра — 935), арабскі багаслоў, адзін з заснавальнікаў каламу—мусульм. артадаксальнай схаласт. тэалогіі. Яго вучэнне — спроба кансалідаваць суніцкае веравучэнне на аснове сінтэзу мутазілізму і ханбазілізму (гл. ў арт. Іслам). Асн. творы — «Вучэнне мусульман» і «Тлумачэнне асноў веры». Сцвярджаў абсалютны характар божай усёмагутнасці, рэальнае існаванне божых атрыбутаў, багатворнасць Карана. Адказнасць чалавека за свае дзеянні імкнуўся абгрунтаваць з дапамогай тэорыі, паводле якой чалавечыя ўчынкі робяцца непасрэдна Богам, а чалавек вольны быццам бы прыпісваць іх сабе.

т. 2, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШЧУ́ПНІКІ (Pselaphidae),

сямейства жукоў падатр. разнаедных. У сусв. фауне больш за 4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. вядомы жоўты бязвочка (Claviger testaceus), які жыве ў гнёздах жоўтых мурашак.

Даўж. 0,8—6 мм. Звычайна бурай або рыжай, радзей чорнай афарбоўкі. Надкрылы вельмі ўкарочаныя, 5—8 нерухомых членікаў брушка голыя. Жывуць у лясным подсціле, пад карой дрэў, камянямі, у пнях, пячорах, многія ў мурашніках. Кормяцца дробнымі беспазваночнымі. Выдзяленні асобных залоз прывабліваюць мурашак, якія кормяць ашчупнікаў.

Да арт. Ашчупнікі. Жоўты бязвочка.

т. 2, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАЧО́ВА Ірына Пятроўна (н. 2.3.1939, С.-Пецярбург),

руская спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. СССР (1976). Скончыла Ленінградскую кансерваторыю (1965), з 1978 выкладае ў ёй (праф. з 1982). З 1965 салістка Марыінскага т-ра. Сярод партый: Азучэна, Амнерыс, Эбалі («Трубадур», «Аіда», «Дон Карлас» Дж.​Вердзі), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ), Марына Мнішак («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Шарлота («Вертэр» Ж.​Маснэ). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу імя М.​І.​Глінкі (Масква, 1962), Міжнар. конкурсу вакалістаў у Рыо-дэ-Жанейра (1967). Дзярж. прэмія Расіі 1973, Дзярж. прэмія СССР 1984.

т. 2, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАДЭ́МІЯ ФІЗІ́ЧНАГА ВЫХАВА́ННЯ І СПО́РТУ,

вышэйшая навуч. ўстанова. Засн. ў 1937 у Мінску як Бел. ін-т фіз. культуры на базе Мінскага тэхнікума фіз. культуры, з 1993 акадэмія. У 1994/95 навуч. г. ф-ты: аздараўленчай і лячэбнай фізкультуры, пед., трэнерскі, завочнага навучання, павышэння кваліфікацыі. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1966. Прымае да абароны кандыдацкія і доктарскія (з 1992) дысертацыі.

Акадэмія фізічнага выхавання і спорту. Галоўны корпус.
Да арт. Акадэмія фізічнага выхавання і спорту. Заняткі ў зале біямеханічнай стымуляцыі.

т. 1, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)