канцэпцыя, у адпаведнасці з якой любая прыродная адносна замкнутая сістэма пры ўзаемадзеянні нежывога рэчыва і жывых арганізмаў з праходзячым праз гэтую сістэму патокам энергіі здольная да развіцця ў бок устойлівага стану пры дапамозе самарэгулюючых механізмаў (працэсаў). Такой сістэмай можа быць і біясфера Зямлі, і невял. экасістэма, напр., возера. У выпадку кароткачасовага дэстабілізуючага ўздзеяння звонку такія механізмы забяспечваюць вяртанне сістэмы да стабільнага стану, пры дасягненні якога перанос энергіі звычайна ідзе ў адным напрамку, з пастаяннай хуткасцю і садзейнічае падтрыманню ўстойлівасці сістэмы. Здольнасць да самастойнага дасягнення стану стабільнасці ўласціва толькі жывым сістэмам (папуляцыям, экасістэмам, біясферы ў цэлым). Прыватны выпадак С.п. — правіла стабільнасці ўзроставай структуры папуляцыі, у адпаведнасці з якім любая прыродная папуляцыя імкнецца да ўстанаўлення стабільнай узроставай структуры. Змены ў знешнім асяроддзі ці унутры папуляцыі звычайна прыводзіць да ўзнікнення новага стабільнага размеркавання ўзростаў у папуляцыі. Выяўлена амер. біяфізікам А.Дж.Лотка (1925).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТА́ТАК,
група дзікіх млекакормячых аднаго віду з узаемазвязанымі паводзінамі, якія захоўваюць блізкасць адзін да аднаго і маюць аднолькавы рытм актыўнасці і напрамак руху. Утварэнне С. характэрна для кітападобных, капытных, прыматаў, сумчатых, некат. драпежных. Склад С. (паводле ўзросту і полу) і памеры непастаянныя (у адрозненне ад сям’і, гарэма). Макс. памеры вызначаюцца магчымасцямі ўзаемнай каардынацыі паводзін, у кітоў і прыматаў — некалькі дзесяткаў асобін, у капытных (паўн. алені, сайгакі, гну) — сотні і тысячы. Найб. буйныя С. ўтвараюцца ў час сезонных міграцый. У С. перайманне пераважае над свабодным прыняццем рашэння, што характэрна для адзіночных жывёл. Складаныя іерархія і сістэма сувязей паміж асобінамі ў С. прыматаў. У капытных іерархія вызначаецца памерамі цела, рагоў. У жывёлагадоўлі С. — група с.-г. жывёл, сфарміраваная ў гаспадарцы для асобнага ўтрымання, адкорму і пасьбы. С. авечак — атара, С. коней — табун. У гадоўлі буйн. раг. жывёлы вылучаюць С. дойныя, нагульныя (гурт), цялят, маладняку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУСВЕ́ТНЫ РЫ́НАК,
сістэма ўстойлівых таварна-грашовых адносін паміж краінамі, якія звязаны ўдзелам у міжнародным падзеле працы; сукупнасць нац. рынкаў, якія ўзаемазвязаны і ўзаемадзейнічаюць праз розныя формы эканам. адносін. С.р. узнік у 16 ст. на мануфактурнай стадыі развіцця грамадскай вытв-сці. Пачаў актыўна фарміравацца пад уплывам руху гандлёвага капіталу, які эканамічна і палітычна ўсталяваўся ў большасці еўрап. краін. Наступная стадыя развіцця С.р. звязана з прамысл. рэвалюцыяй 18—19 ст., якая буйную прам-сць паставіла ў залежнасць ад знешняга гандлю. Завяршальны этап яго фарміравання адносіцца да канца 19 — пач. 20 ст., характарызуецца ростам міжнароднага гандлю, зменамі ў структуры гандл. патокаў, якія ўзаемна пераплялі нац. эканомікі. С.р. актыўна ўплывае на эканам. адносіны і макраэканам. раўнавагу адасобленых гасп. сістэм, інтэрнацыяналізацыю вытв-сці і капіталу. На аснове канкурэнтнай барацьбы вызначае структуру і аб’ём экспарту тавараў, узровень міжнар. падзелу працы, міграцыі рабочай сілы і інш.Гл. таксама Сусветная гаспадарка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫБЕ́РЫЙ Клаўдзій Нерон (Claudius Nero Tiberius; 16.11.42 да н.э. — 16.3.37 н.э.),
рымскі імператар [14—37 н.э.]. Палкаводзец у арміі Аўгуста, у 20 да н.э. здзейсніў паход у Арменію, у 15 да н.э. — да вытокаў Дуная, у 12—9 да н.э. ваяваў з панонцамі, у 8—7 да н.э. з германцамі. Усыноўлены Аўгустам у 4 н.э. і ў завяшчанні абвешчаны наследнікам. У 13 стаў суправіцелем Аўгуста, пасля яго смерці — імператарам. Пры Т. ўмацаваны прынцыпат, павялічана дзярж. казна (за кошт скарачэння выдаткаў на відовішчы, раздач плебсу, грамадскага будаўніцтва), палепшана сістэма кіравання правінцыямі; правы абрання магістратаў перададзены сенату. Узмацніў ганенні на апазіцыю сената праз суд. працэсы за знявагу велічы імператара. З 27 жыў на в-ве Капры і адтуль кіраваў імперыяй.
Літ.:
Светоний Г.Т. Жизнь двенадцати Цезарей: Пер. с лат.М., 1993;
Федорова Е.В. Императорский Рим в лицах. 2 изд. Смоленск, 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УКЛА́Д ГРАМА́ДСКА-ЭКАНАМІ́ЧНЫсістэмаэканам. адносін, якая характарызуе грамадскую форму вытв-сці; тып гаспадарання з пэўнай формай уласнасці, спецыфічным кіраваннем. Сацыяльны бок У.г.-э. вызначаецца ступенню ўдзелу ўласніка, кіраўніка і працаўніка ў працэсе прымання гасп. рашэнняў. Паняцце «У.г.-э.» з’явілася ў марксісцкай тэорыі для характарыстыкі сац.-эканам. змен у ходзе пераходу ад аднаго тыпу грамадства да другога. Так, калі ў Сав. Расіі праводзілася адзяржаўленне ўсіх відаў уласнасці, вылучалася 5 У.-г.э.: патрыярхальны, дробнатаварны, прыватна-капіталістычны, дзярж.-капіталістычны і сацыялістычны; ва ўмовах адм.-каманднай сістэмы пераважаў дзярж.-сацыялістычны ўклад (дзярж. сацыялізм). Пазней у СССР шматукладнасць у нар. гаспадарцы паступова знікала. У постсацыялістычных краінах пераход да рыначнай эканомікі характарызуецца фарміраваннем розных тыпаў гаспадарання, мноствам форм уласнасці і арганізацыйна-прававых форм прадпрыемстваў. У іх вылучаюць дзярж. формы гаспадарання, прыватныя (індывідуальныя і калектыўныя) і змешаныя; пашыраны кааператывы, акц. і інш. віды т-ваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАСЦЫЁЛЫ (Fasciola),
род чарвей кл. трэматод. 2 віды: двухвуснаўка пячоначная, або смактун пячоначны, або лісцвяніца, або Ф. пячоначная (F. hepatica), і Ф. гіганцкая (F. gigantica). Паразіты жоўцевых праток печані, жоўцевага пузыра авечак, буйн. раг. жывёлы і інш. траваедных, радзей чалавека.
Даўж. цела 2—7,6 см, шыр. 0,5—1,2 см. Цела лістападобнае, укрытае шыпікамі. Маюць 2 прысоскі. Кішэчнік і палавыя залозы моцна разгалінаваныя. Нерв.сістэма складаецца з каляглотачнага кальца і 3 пар нерв. ствалоў. Гермафрадыты. Развіццё з удзелам прамежкавых гаспадароў — прэснаводных малюскаў, у двухвуснаўкі пячоначнай — балацяніка малога. Заражэнне выклікаюць лічынкі (мірацыдыі), якія трапляюць у малюска, дзе ператвараюцца ў спарацысты, якія даюць пакаленне лічынак — рэдыі, унутры якіх развіваюцца цэркарыі, што выходзяць з малюска, інцыстуюцца і ператвараюцца ў адалескарыі. Канчатковыя гаспадары (жывёлы) заражаюцца, калі паядаюць траву з адалескарыямі, якія ў кішэчніку вызваляюцца ад цыстаў, трапляюць у жоўцевыя пратокі печані, жоўцевы пузыр і выклікаюць фасцыялёзы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІНА́НСАВЫЯ СІСТЭ́МЫ, у шырокім сэнсе — сукупнасць розных звёнаў фін. адносін, праз якія ў рамках той ці інш.сац.-эканам. сістэмы ажыццяўляецца стварэнне і выкарыстанне фондаў грашовых сродкаў. У вузкім сэнсе — сістэма фінансавых устаноў краіны, што ажыццяўляюць мабілізацыю грашовых сродкаў і іх размеркаванне ў працэсе фінансавання і крэдытавання, а таксама фінансавы кантроль. Унутры кожнай з буйных сфер вылучаюць звёны (групоўка фін. адносін ажыццяўляецца ў залежнасці ад характару дзейнасці суб’екта). Напр., у сферы фінансаў прадпрыемства вылучаюць звёны: фінансы прадпрыемстваў, якія функцыянуюць на камерцыйных пачатках, і фінансы прадпрыемстваў, што ажыццяўляюць некамерцыйную дзейнасць, а таксама фінансы грамадскіх арг-цый; у сферы страхавання — сац. страхаванне асабістае, маёмаснае і страхаванне прадпрымальніцкай рызыкі; у сферы дзярж. фінансаў — дзярж. бюджэт, пазабюджэтныя фонды і дзярж. крэдыт. Кожнае звяно ў Ф.с. можа падзяляцца на падзвёны або інш. элементы сістэмы, напр., фінансы прадпрыемстваў, што функцыянуюць на камерцыйных пачатках, могуць класіфікавацца па галінах накіраванасці і формах уласнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІ́НІКАВАЯ ПА́ЛЬМА, фенікс (Phoenix),
род кветкавых раслін сям. пальмаў. 17 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках Афрыкі і Азіі. Растуць па берагах рэк, у аазісах, на балотах, утвараюць мангравыя лясы, напр., Ф.п. мангравая (P. paludosa). Від уласна Ф.п. (P. dactylifera) — стараж.культ. расліна, вядомая з 4-га тыс. да н.э. ў Шумеры, Асірыі, Вавілоне, Егіпце. На Беларусі вырошчваюць у аранжарэях і пакоях.
Від уласна Ф.п. — дрэвападобная двухдомная расліна выш. 15—20 м, дыям. ствала 80 см. Каранёвая сістэма глыбокая. Ствалы ўкрыты рэшткамі лісцевых чаранкоў, на верхавінцы — густая крона перыстага лісця даўж. 4—6 м. Дробныя кветкі сядзячыя, белыя, сабраныя (да 12 тыс.шт.) у мяцёлчатыя суквецці. Плод (фінік) — ягада з цвёрдым семем, мае да 70% цукру, 2,5% алею. З Ф.п. вырабляюць віно, цукар, цыноўкі і інш. З Ф.п. стала магчымым аазіснае земляробства (дае цень інш. культурам). Харч., тэхн., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭФІО́ПСКАЕ ПІСЬМО́,
складовае пісьмо, якое ўзнікла на аснове кансанантна-фанемаграфічнага пісьма паўд.-аравійскіх плямён, што пад націскам араб. заваёўнікаў перасяліліся ў Афрыку і ўтварылі Аксумскае царства. Ран. ўзоры Э.п. захаваліся ў выглядзе стараж. надпісаў. Напачатку галосныя ў Э.п. не абазначаліся, але паступова пад грэч. уплывам кансанантна-фанемаграфічныя знакі ператварыліся ў складовыя. Канчаткова сістэма Э.п. склалася ў 13 ст., захоўваецца і цяпер. У Э.п. 26 асн. знакаў, кожны з якіх мае 7 графічных варыянтаў, што адпавядаюць спалучэнням зычнага гука з адным з 7 галосных (ă, ā, ě, ē, u, i, o). Напрамак радка — злева направа (напачатку было наадварот). Словы аддзяляюцца двукроп’ем. З пач. 2-га тыс.н.э. Э.п. абслугоўвае амхарскую мову Эфіопіі, цяпер таксама мовы тыгрэ і тыгрынья.
Літ.:
Крачковский И.Ю. Введение в эфиопскую филологию. М., 1955;