горад на ПдЗ Швейцарыі, на Жэнеўскім воз. і р. Рона. Адм. ц. кантона Жэнева. 172,7 тыс.ж., з прыгарадамі каля 400 тыс.ж. (1994), каля 25% насельніцтва — іншаземцы. Вузел чыгунак і аўтадарог, азёрны порт. Міжнар. аэрапорт. Гандл.-фін.цэнтр.Прам-сць базіруецца на выкарыстанні высокакваліфікаванай працы. Вылучаюцца ювелірная справа, дакладная механіка (гадзіннікі, розныя інструменты, дакладная апаратура), станкабудаванне, электратэхн. машынабудаванне, вытв-сць рухавікоў, фармацэўтычнай, парфумернай, тэкст., харч. прадукцыі. Ун-т (з 1559). Цэнтр замежнага турызму.
Першапачаткова пасяленне кельтаў (алаброгаў), умацаванае Цэзарам у 58 да н.э. ў перыяд вайны з гельветамі. З 5 ст. рэзідэнцыя біскупства; у гэты ж час заваявана бургундамі, у 534 — франкамі. У канцы 9 ст. зноў пад уладай Бургундыі, разам з ёй увайшла ў склад «Свяшчэннай Рым. імперыі». У 1162 біскупы Ж. атрымалі ад імператара Фрыдрыха I Барбаросы тытул князёў. З пач. 13 ст. за паліт. вяршэнства ў горадзе вяліся спрэчкі паміж біскупамі Ж. і герцагамі савойскімі. На мяжы 14 і 15 ст. Ж. славілася кірмашамі, пазней стала значным цэнтрам крэдытна-банкаўскіх аперацый. У 16 ст. ў ходзе барацьбы з герцагамі савойскімі прымкнула да Швейцарскай канфедэрацыі. З 1539 гал. цэнтр Рэфармацыі (Г.Фарэль, Ж.Кальвін) еўрап. значэння (наз. «пратэстанцкім Рымам»), Створаная ў 16 ст. алігархічная форма праўлення выклікала шэраг паўстанняў. У 18 ст. развіваецца прам-сць (пераважна вытв-сць гадзіннікаў). У 1798—1814 пад уладай Францыі, у 1815 як кантон увайшла ў Швейцарскую канфедэрацыю. З 2-й пал. 19 ст. месца склікання міжнар. канферэнцый і знаходжання міжнар. арг-цый, у т. л.гал. органаў Лігі Нацый, пасля 2-й сусв. вайны — розных устаноў ААН.
Рака Рона падзяляе Ж. на 2 часткі. На левым беразе — Стары горад (гіст. цэнтр), дзе размешчаны ун-т, т-ры, б-кі, Саборная пл. з раманска-гатычным саборам Сен-П’ер (12—14 ст.; фасад у стылі класіцызму, 1752—56), гатычныя цэрквы Сент-Мары-Мадлен (14—15 ст.), Сен-Жэрмен (14—16 ст.), ратуша (15 ст. — 1617), гатычныя, рэнесансавыя і класіцыстычныя жылыя дамы, палац Энар (1817—21). На правым беразе — Новы горад (са старым кварталам і царквой Сен-Жэрве, 15 ст.): вакзал Карнавен (1928), дом «Клартэ» (1930—32, арх. Ле Карбюзье), Палац Нацый (1928—37, арх. Гіёль), будынак Сусв. арг-цыі аховы здароўя (1961, арх. Ж.Чумі). Музеі: мастацтва і гісторыі, сучаснага мастацтва, этнаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРКУ́ЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПдУсх. Сібіры, у складзе Расійскай Федэрацыі. Утворана 26.9.1937. Пл. 767,9 тыс.км². Нас. 2795 тыс.чал., гарадскога 79% (1996). У складзе І.в. Усць-Ардынская Бурацкая аўтаномная акруга. Цэнтр — г.Іркуцк. Найб. гарады: Ангарск, Брацк, Усолле-Сібірскае, Усць-Ілімск, Усць-Кут, Чарамхова, Тулун.
Прырода. І.в. размешчана на ПдУ Сярэднесібірскага пласкагор’я (выш. 500—700 м). У яе межах на ПнУ Паўночна-Байкальскае і Патамскае нагор’і (выш. да 1720 м), на Пд хрыбты Усх. Саяна (выш. да 2875 м) і Прыбайкалля (Прыморскі, выш. 1728 м, і Байкальскі, выш. 2572 м). Карысныя выкапні: каменны вугаль, жал. руда, золата, слюда, магнезіт, графіт, кухонная соль, буд. матэрыялы. Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -15 °C (на Пд) да -33 °C (на Пн), ліп. 17—19 °C. Гадавая колькасць ападкаў на пласкагор’і 400 мм, на паўн.-зах. і зах. схілах гор да 800 мм. Пашырана шматгадовая мерзлата. Рэкі належаць да бас. Енісея і Лены; найб. Ангара (з прытокамі Іркут, Кітой, Белая, Ака, Ія, Уда, Біруса, Ілім); Ніжняя Тунгуска, Лена (з прытокамі Віцім і Кірэнга). Уздоўж паўд.-ўсх. мяжы вобласці воз. Байкал з в-вам Альхон. Глебы пераважна падзолістыя, на Пд у лесастэпавых раёнах шэрыя лясныя і чарназёмы, у гарах горныя лясныя і горныя тундравыя. Пад лесам каля 80% тэр. вобласці (хвоя, лістоўніца). Прыбайкальскі нац. прыродны парк.
Гаспадарка. Асн. галіна прам-сці: паліўная (Іркуцкі і Чарамхоўскі вугальныя басейны), энергетыка (Брацкая, Іркуцкая, Мамаканская, Усць-Ілімская ГЭС, вытв-сць электраэнергіі 55,2 млрд.кВт-гадз, 1996), лясная, дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, лесахім., чорная і каляровая металургія (сталь, алюміній); горназдаб. (жал. руда, каменны вугаль, золата, слюда, тальк, соль), маш.-буд. і металаапр. (абсталяванне для горназдаб.прам-сці і каляровай металургіі, станкі), хім. і нафтахім., буд. матэрыялаў, харчовая, мукамольна-крупяная і камбікормавая, лёгкая, шкляная і фарфора-фаянсавая. С.-г. ўгоддзі займаюць 2,6 млн.га, у т. л. пад ворывам 1,8 млн.га. Пасевы збожжавых (пшаніца, ячмень, авёс) і кармавых культур; вырошчваюць бульбу, гародніну. Малочнамясная жывёлагадоўля, авечка- і свінагадоўля, на Пн пушны промысел, алене- і зверагадоўля. На воз. Байкал, рэках Ангара і Лена — рыбалоўства. Тэр. І.в. перасякае Транссібірская чыг. магістраль, зах. ўчастак Байкала-Амурскай магістралі. Гал. аўтадарогі: Маскоўскі тракт, Култук — мяжа Манголіі, Тулун—Брацк—Усць-Ілімск, Іркуцк—Качуг. Трубаправод Туймазы—Ангарск. Суднаходства па рэках Лена, Віцім, Ангара, воз. Байкал. Курорты: Ангара, Усолле, Усць-Кут.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМБІНАВА́ННЕў вытворчасці,
форма арганізацыі грамадскай вытв-сці, якая ўяўляе сабой тэхнал. спалучэнне ў адным прадпрыемстве (камбінаце) узаемазвязаных разнародных вытв-сцей адной або розных галін прам-сці. Прыкметы: аб’яднанне разнародных вытв-сцей; прапарцыянальнасць паміж імі; тэхніка-эканам. адзінства паміж гэтымі вытв-сцямі (зліццё розных спецыялізаваных вытв-сцей у адзіны арганізац.-тэхн. комплекс, які абслугоўваецца адзінай агульнакамбінацкай дапаможнай гаспадаркай, праца па адзіным плане і наяўнасць агульнага кіраўніцтва); вытв. адзінства (усе часткі камбіната размешчаны на адной тэрыторыі і звязаны паміж сабой агульнымі камунікацыямі).
У залежнасці ад характару вытв-сці, тэхналогіі і аб’яднання ў вытв. працэсе асобных стадый перапрацоўкі сыравіны і матэрыялаў К. выступае ў 3 асн. формах: паслядоўная перапрацоўка сыравіны да атрымання гатовай прадукцыі (напр., у чорнай металургіі на першай стадыі жал. руды выплаўляюць чыгун, затым у сталеліцейнай вытв-сці яго пераплаўляюць у сталь, а потым у пракатнай вытв-сці перапрацоўваюць у сартавы або ліставы пракат); комплексная перапрацоўка сыравіны, калі з аднаго яе віду выпрацоўваюцца розныя віды прадукцыі (напр., нафтаперапр. і нафтахім. камбінаты, дзе з нафтавай сыравіны атрымліваюць алефіны, араматычныя вугляроды, бутадыен, з якіх тут жа выпрацоўваюць хім. рэчывы для канчатковага прадукту вытв-сці камбіната — сінт. каўчук, пластмасы і інш.); выкарыстанне спадарожных прадуктаў і адходаў вытв-сці (напр., К. ў каляровай металургіі з хім.прам-сцю, калі адходы перапрацоўкі руды ў выглядзе сярністага ангідрыду выкарыстоўваюцца для атрымання серы і сернай к-ты). Многія сучасныя камбінаты спалучаюць 2 або нават 3 формы К.
Узровень К. характарызуюць наступныя паказчыкі: колькасць вытв-сцей, што ўваходзяць у склад камбіната; доля канкрэтнай прадукцыі, якая выпускаецца камбінатамі ў агульным аб’ёме вытв-сці; колькасць відаў карысных кампанентаў, атрыманых з зыходнай сыравіны; колькасць кожнага віду прадукцыі, створанай з адзінкі пэўнай сыравіны; удзельная вага сыравіны і паўфабрыкатаў, што перапрацоўваюцца ў наступны прадукт на месцы іх атрымання і інш. Камб шаты маюць істотныя эканам. перавагі ў параўнанні з некамбінаванымі прадпрыемствамі: для іх як для буйных прадпрыемстваў характэрны ўсе перавагі канцэнтрацыі вытв-сці; скарачаюцца выдаткі на перавозку паўфабрыкатаў і на стварэнне складскіх памяшканняў; расшыраецца сыравінная база ў выніку выкарыстання пабочных прадуктаў і адходаў вытв-сці, што паляпшае і экалагічную сітуацыю ў рэгіёне; больш інтэнсіўна выкарыстоўваюцца прылады працы за кошт высокага ўзроўню неперарыўнасці вытв. працэсаў; паскараецца абарачальнасць абаротных сродкаў за кошт скарачэння перапынкаў паміж асобнымі стадыямі вытв-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЬВО́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
На З Украіны. Утворана 4.12.1939. Пл. 21,8 тыс.км². Нас. 2730 тыс.чал. (1997), гарадскога 60%. Цэнтр — г.Львоў. Найб. гарады: Драгобыч, Чырванаград, Стрый, Самбар, Барыслаў.
Прырода. Л.в. размешчана ў межах Валынскага і Падольскага ўзв. На Пд — адгор’і Усх. Карпат (найвыш. пункт вобласці — г. Пікуй, 1406 м). Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, каменны і буры вугаль, азакерыт, сера, калійная і кухонная солі, буд. матэрыялы. Крыніцы мінер. вод (больш за 100) і тарфяная лек. гразь. Клімат умерана кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -4 °C да -6 °C, ліп. 13—18 °C. Ападкаў ад 650 мм да 1000 мм (у гарах) за год. Гал. рэкі: Днестр, Зах. Буг (бас.р. Вісла), Стыр (бас.р. Прыпяць). Глебы пераважна шэрыя і цёмна-шэрыя ападзоленыя, дзярнова-падзолістыя, перагнойна-карбанатныя, у далінах рэк алювіяльна-лугавыя. Каля 1/3 тэрыторыі займаюць лясы (дуб, граб, бук, хвоя); горныя лугі, балоты. Запаведнік Расточча.
Гаспадарка. Шматгаліновая эканоміка Л.в. мае індустр.-агр. характар. На долю прам-сці прыпадае больш за 75 валавога прадукту. Паліўна-энергет. базу складаюць мясц. вуглі (Львоўска-Валынскі бас.), нафта (раёны Барыслава, Драгобыча і інш.), прыродны газ (Дашава, Рудкі). Дабратворская ДРЭС і шэраг ЦЭЦ. Развіты машынабудаванне і металаапрацоўка (аўтамабіле-, станка- і прыладабудаванне, вытв-сцьс.-г. машын, паліграф. абсталявання, радыётэхнікі), нафтаперапр., хім., нафтахім. і хіміка-фармацэўтычная (вытв-сць сернай кіслаты, лакаў, фарбаў, серы, калійных угнаенняў, штучнага валакна, фармацэўтычных прэпаратаў), харч. (цукр., мясная, малочная, плодаагароднінакансервавая, алейна-тлушчавая, кандытарская), лёгкая (тэкст., трыкат., швейная, абутковая, скургалантарэйная), паліграф., дрэваапр., у т. л. мэблевая, і цэлюлозна-папяровая прам-сць.
Вытв-сць буд. матэрыялаў, у т. л. цэменту, шкляных вырабаў, у т. л. хрусталю, фарфора-фаянсавага посуду. Маст. промыслы (вышыўка, разьба па дрэве, вытв-сць ганчарных і шкляных вырабаў, дываноў). С.-г. ўгоддзі займаюць 1174 тыс.га, у т. л. ворныя землі 815 тыс.га (1997). Вял. масівы асушаных зямель (каля 500 тыс.га). Пасевы збожжавых (пшаніца, жыта, ячмень), тэхн. (цукр. буракі, лён-даўгунец) культур, бульбы, агародніны. Садоўніцтва. Мяса-малочная жывёлагадоўля, свіна-, птушка-, авечка- і козагадоўля. Пчалярства. Даўж. чыгунак 1309 км. Асн. чыгункі: Чоп—Стрый—Львоў—Кіеў, Ужгарад—Самбар—Львоў, Львоў—Івана-Франкоўск—Чарнаўцы. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 7,7 тыс.км (1997). Па тэр. вобласці праходзяць нафтаправод «Дружба» і газаправоды «Брацтва», Дашава—Кіеў і інш. Бальнеалагічныя і бальнеагразевыя курорты: Трускавец, Любень-Вялікі, Моршын, Няміраў, Шкло. Цэнтр турызму і гарналыжнага спорту — Слаўскае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКО́ВА-ТЭХНІ́ЧНЫ ПРАГРЭ́С (НТП),
працэс бесперапыннага ўзаемазвязанага, паступальнага развіцця навукі і тэхнікі, які праяўляецца ў пастаянным уздзеянні навук. ідэй (адкрыццяў і ведаў) на ўзровень удасканалення сродкаў і прадметаў працы, тэхналогіі і арг-цыі вытв-сці. Ажыццяўляецца ў форме паступовага эвалюцыйнага ўдасканалення матэрыяльнай вытв-сці і яго навук.-тэхн. асноў або ў форме карэннага якаснага пераўтварэння вытв. сіл на базе выкарыстання прынцыпова новых навук. і тэхн. дасягненняў, што забяспечваюць пераход да больш прагрэс. этапу развіцця грамадскай вытв-сці; мае рэв. характар развіцця і прымае форму навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. У рэальных працэсах развіцця грамадства эвалюцыя і рэвалюцыя — неабходныя ўзаемазвязаныя формы (роўныя кампаненты) НТП. Эвалюцыя падрыхтоўвае рэвалюцыю і стварае для яе неабходныя ўмовы, а рэвалюцыя адкрывае якасна новыя магчымасці эвалюцыі, садзейнічае яе далейшаму развіццю.
Навука і вытв-сць пачалі збліжацца ў 16—18 ст., калі развіццё гандлю, мараплавання, мануфактурнай вытв-сці і інш. патрабавалі тэарэт. і эксперым. вырашэння практычных задач; 2-1 яе этап звязаны з машыннай вытв-сцю ў канцы 18 ст., калі навука і тэхніка ўзаемна стымулявалі паскораныя тэмпы развіцця. Бурнае развіццё навукі з канца 19 ст. і ў 20 ст. прывяло да значных адкрыццяў, што стала пачаткам новага кірунку НТП. Хуткае развіццё і практычнае выкарыстанне эл. энергіі, стварэнне рухавіка ўнутр. згарання, рост хім. і нафтахім. прам-сці, укараненне новых тэхналогій, выкарыстанне энергіі атамнага ядра, атрыманне штучных алмазаў, вынаходства і развіццё ЭВМ, асваенне космасу і інш.
Асн. кірункі НТП: комплексная аўтаматызацыя і камп’ютэрызацыя вытв-сці; пошук новых крыніц энергіі, стварэнне новых сродкаў транспарту і сувязі, асваенне новых тэхналогій, у т. л. біятэхналогій. Многія кірункі НТП цесна ўзаемазвязаны, іх размежаванне ўмоўнае. Затраты на НТП пастаянна павялічваюцца і ў эканамічна развітых краінах складаюць значную долю валавога ўнутр. прадукту. Усё большае значэнне набывае павышэнне эфектыўнасці выкарыстання навукова-тэхнічнага патэнцыялу.
На Беларусі НТП развіваўся ў непасрэднай сувязі з развіццём мануфактурнай і машыннай вытв-сці, прамысл. пераваротам 19 — пач. 20 ст.; яго тэмпы паскорыліся ў ходзе індустрыялізацыі ў 1930-я г. і асабліва ў 2-й пал. 20 ст., калі ўзніклі новыя галіны вытв-сці: аўтамабіле-, трактара-, прыладабудаванне, электра-, радыётэхнічная, электронная, хім., нафтаперапрацоўчая і інш.прам-сць. Паводле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі» ў бюджэце краіны ўстанаўліваецца ліміт агульных расходаў на навук.-тэхн. дзейнасць і нарматыў фінансавання фундаментальных і пошукавых даследаванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РМСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Размешчана на ПнУУсх.-Еўрапейскай раўніны і на зах. схілах Паўн. і Сярэдняга Урала, у Расійскай Федэрацыі. Утворана 3.10.1938. Пл. 160,6 тыс.км². Нас. 2989 тыс.чал. (1997), гарадскога 77%. Цэнтр — г.Перм. Найб. гарады: Беразнікі, Салікамск, Чайкоўскі, Кунгур, Лысьва, Краснакамск, Чусавой. У складзе П.в. Комі-Пярмяцкая аўтаномная акруга. Цэнтр.ч. вобласці займае раўніна з далінай р. Кама, на З Верхнякамскае ўзв., на ПнЗПаўн. Увалы, на У хрыбты Паўн. Урала (выш. да 1469 м) і Сярэдняга Урала. Пашыраны карставыя формы рэльефу, у т. л.Кунгурская пячора. Радовішчы нафты, калійна-магніевых солей, каменнага вугалю, храмітаў, кухоннай солі, буд. матэрыялаў і інш. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -15 да -18 °C, ліп. 16—18 °C. Ападкаў ад 450 мм на ПдЗ да 800 мм на ПнУ. Гал.р. Кама з прытокамі Чусавая, Косьва, Вішара і інш. Камскае і Воткінскае вадасх. на р. Кама. Глебы пераважна падзолістыя і дзярнова-падзолістыя. Пад лесам каля 60% тэр. (піхтава-яловыя і мяшаныя лясы). На тэр. П.в. запаведнікі Басегі і Вішарскі. Асн. галіны прам-сці: машынабудаванне (вытв-сць абароннай прадукцыі, у т. л. ракетна-касм. тэхнікі, нафтапрамысл. і горна-шахтавага абсталявання, газавай апаратуры, буксіраў-плытаводаў, навігацыйнага абсталявання, турбагенератараў, электра- і авіярухавікоў, электрапомпаў, электрапіл, валачна-тралёвачных машын, пральных машын, магнітафонаў, тэлефонаў, веласіпедаў і інш.), хім. і нафтахім. (вытв-сцьмінер. угнаенняў, каўстычнай і кальцыніраванай соды, пластмасы, пральнага парашку, лакаў і фарбаў, гумава-тэхн. прадукцыі), лясная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая (вытв-сць фанеры, мэблі, кардону, шпалер, піхтавага алею). Развіты чорная (біметалы, сталь, пракат) і каляровая (тытанавая губка, метал. магній і яго сплавы) металургія, вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, цэгла, шкло і інш.), лёгкая (шаўковая, трыкат., абутковая), паліграф. і харч.прам-сць. Здабыча нафты, каменнага вугалю, алмазаў, золата, буд. матэрыялаў і інш.Вытв-сць электраэнергіі на Камскай і Воткінскай ГЭС, Пермскай і Яйвінскай ДРЭС і інш. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых культур і малочна-мясной жывёлагадоўлі. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 3 млн.га, пераважна на Пд вобласці. Пасевы збожжавых (жыта, ячмень, пшаніца, авёс) і кармавых культур. Бульба- і агароднінаводства. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак і коз. Даўж. чыгунак 1,5 тыс.км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём каля 8 тыс.км. Суднаходства па рэках Кама (гал. парты — Перм, Салікамск, Беразнікі), Чусавая, Вішара. Развіта сетка газа- і нафтаправодаў. Курорты Усць-Качка і Ключы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБО́ЧЫ КЛАС,
адзін з асн.класаў сацыяльных сучаснага грамадства, які заняты непасрэдна прадукцыйнай працай, працуе па найму на прадпрыемствах рознай формы ўласнасці і атрымлівае асн. даход ад выкарыстання ўласнай рабочай сілы. У Еўропе пачаў фарміравацца ў канцы 15 — пач. 16 ст. У Англіі гэты працэс быў звязаны з т. зв. першапачатковым накапленнем капіталу — абеззямельваннем сялян, стварэннем рынку свабоднай рабочай сілы, што стала асновай для развіцця мануфактуры, а пасля і буйной машыннай вытв-сці. У сярэдзіне 19 ст. ў Вялікабрытаніі налічвалася 4,1 млн.прамысл. рабочых, у Францыі — 2,5 млн., у ЗША — 1,4 млн. У пач. 20 ст. колькасць Р.к. ва ўсім свеце дасягнула 70 млн., у пач. 21 ст. — больш за 700 млн.чал. У СССР і інш. былых сацыяліст. краінах Р.к. быў абвешчаны гегемонам — кіруючай сілай грамадства (дыктатура пралетарыяту). У 20 ст. пад уплывам радыкальных сац.-паліт. абставін і навукова-тэхнічнага прагрэсу ў Р.к. высокаразвітых краін адбыліся значныя змены. Высокакваліфікаваныя рабочыя па характары працы і сваім сац. статусе наблізіліся да інтэлігенцыі. Многія рабочыя атрымліваюць высокую заработную плату, з’яўляюцца ўладальнікамі акцый прадпрыемстваў. Калектыўныя дагаворы строга рэгламентуюць узаемаадносіны паміж наймальнікамі і рабочымі, гарантуюць апошнім прававую і сац. бяспеку. Паводле ацэнкі некаторых зах. даследчыкаў у постіндустрыяльным грамадстве Р.к. страчвае ролю асн.прадукц. сілы грамадства і гал. сілы гіст. працэсу. Сучасныя рабочыя складаюць большасць занятых у гандлі, сферы паслуг, многія з іх тэхн. спецыялісты, частка работнікаў бюро, кантор і інш.
На Беларусі Р.к. пачаў фарміравацца ў 2-й пал. 19 ст. пасля адмены прыгоннага права. У 1913 рабочыя прадпрыемстваў цэнзавай прам-сці Беларусі складалі 57 тыс.чал. Фабрычна-заводскімі цэнтрамі былі Віцебск, Гродна, Мінск. Сацыяльна новы Р.к. у БССР сфарміраваўся ў 1920—30-я г. ў працэсе індустрыялізацыі краіны. У 1922 ён складаў 98 тыс., у 1940—724 тыс., у 1990—2900 тыс.чал. Р.к. станавіўся ўсё больш адукаваным і свядомым, адыгрываў важную ролю ў эканам. і паліт. жыцці дзяржавы. У 2000 на Беларусі 4,5 млн.чал. занятага насельніцтва (44,6% ад агульнай колькасці насельніцтва), пераважную большасць якога складаюць рабочыя прам-сці, лясной гаспадаркі, буд-ва і інш. галін нар. гаспадаркі.
Літ.:
Марченко И.Е. Рабочий класс БССР в послевоенные годы (1945—1950). Мн., 1962;
Панютич В.П. Из истории формирования пролетариата Белоруссии, 1861—1914 гг.Мн., 1969;
История рабочего класса Белорусской ССР. Т. 1—4. Мн., 1984—87;
Рабочий класс и мировое развитие: Этапы борьбы. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСО́ТА (Lesotho),
Каралеўства Лесота (сесута ’Muso oa Lesotho, англ. Kingdom of Lesotho), краіна на Пд Афрыкі, анклаў на тэр.Паўд.-Афр. Рэспублікі (ПАР). Пл. 30,35 тыс.км². Нас. 2007,8 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — сесута і англійская. Сталіца — г.Масеру. Краіна падзяляецца на 10 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (4 кастрычніка).
Дзяржаўны лад. Л. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1993. Кіраўнік дзяржавы — кароль. Вышэйшы заканад. орган — парламент, які складаецца з Сената (верхняя палата) і Нац. Асамблеі (ніжняя палата). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Большую частку краіны займае базальтавае нагор’е Басута, выш. 2000—3000 м, парэзанае глыбокімі далінамі рэк. На У і Пд яго абмяжоўваюць Драконавы горы (г. Тхабана-Нтленьяна, 3482 м), на Пн — горы Малуты (г. Шампейн-Касл, 3276 м). Карысныя выкапні: алмазы, буд. матэрыялы. Клімат рэзка кантынентальны субтрапічны. Сярэдняя т-ра на нагор’і студз. 25 °C, ліп. 15 °C. Зімой бываюць замаразкі, у гарах выпадае снег. Ападкаў за год у гарах на У каля 1000 мм, на астатняй тэрыторыі каля 700—500 мм. Гал. рака Аранжавая з прытокам Каледан. Пераважае сухая стэпавая расліннасць, у гарах — сухалюбныя хмызнякі, альпійскія лугі. Нац. парк Сехлабатэбе.
Насельніцтва. 99,7% складае народ басута. Ёсць еўрапейцы (каля 1,6 тыс.) і выхадцы з краін Азіі (каля 0,8 тыс.). Сярод вернікаў пераважаюць хрысціяне (80%, католікі і пратэстанты), астатнія вызнаюць традыцыйныя мясц. вераванні. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 2,4%. Сярэдняя шчыльн. 66,1 чал. на 1 км². Большая шчыльнасць на З і ў цэнтры краіны. У гарадах жыве 23% насельніцтва. У г. Масеру 400,2 тыс.ж. (1995). У сельскай гаспадарцы занята 86,2% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 7%. Сезонна (ад 6 да 9 месяцаў за год) 60% мужчын працуе на шахтах і фермах ПАР.
Гісторыя. Старажытнымі насельнікамі Л. былі бушмены і кой-коіны (гатэнтоты), якіх у 17 ст. выцеснілі плямёны басута з групы банту. У пач. 19 ст. адзін з правадыроў басута Машэш I аб’яднаў разрозненыя плямёны ў адзіную дзяржаву. Пад пагрозай заваявання бурамі ён заключыў у 1868 з Вялікабрытаніяй дагавор аб пратэктараце. У 1871—84 Л. ў складзе брыт. Капскай калоніі, з 1884 пратэктарат Басуталенд. У 1952 створаны Афр. кангрэс Басуталенда (з 1959 партыя кангрэса Басута, ПКБ), цесна звязаны з Афрыканскім нацыянальным кангрэсам, у 1959 — Нац. партыя Басута (НПБ), якая адлюстроўвала інтарэсы племянных вярхоў. Паводле канстытуцыі 1965 Л. атрымала ўнутр. самакіраванне. На першых усеагульных парламенцкіх выбарах у 1965 перамагла НПБ, яе лідэр Л.Джонатан стаў прэм’ер-міністрам урада.
4.10.1966 абвешчана незалежнасць Басуталенда, які атрымаў назву каралеўства Л. (кароль Машэш II). Пасля перамогі ПКБ на парламенцкіх выбарах у студз. 1970 Джонатан ануляваў іх вынікі і ўвёў надзвычайнае становішча (адменена ў 1973). У выніку перавароту ў студз. 1986 улада перайшла да Ваен. савета, які забараніў усе паліт. партыі, а ў 1990 скінуў караля Машэша II і абвясціў каралём яго сына Летсі III. Пасля перавароту ў крас. 1991 дзейнасць паліт. партый адноўлена. На парламенцкіх выбарах у сак. 1993 перамагла ПКБ, а яе кіраўнік Н.Махеле стаў прэм’ер-міністрам. Л. — чл. Садружнасці, ААН (з 1966), Арг-цыі афр. адзінства. Дзейнічаюць Партыя кангрэса Басута, Нац. партыя Басута, Партыя свабоды Марэматлу.
Гаспадарка. Л. — агр. краіна, у ліку 25 найменш эканамічна развітых краін свету. Знаходзіцца ў поўнай эканам. залежнасці да ПАР. Валавы нац. прадукт на душу насельніцтва складае каля 580 дол. за год. Сельская гаспадарка дае каля 80% даходу краіны, прам-сць — каля 10%. Пад с.-г. ўгоддзямі 2,3 млн.га (76% тэрыторыі), пераважаюць натуральныя лугі і паша (каля 2 млн.га). Апрацоўваецца каля 300 тыс.га зямлі. Пераважаюць дробныя натуральныя і паўнатуральныя сялянскія гаспадаркі на абшчынных землях. На рынак паступае толькі частка прадукцыі — воўна і высакаякасны махер. Найб. развіта жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — 640, авечак — 1500, коз — 1000; ёсць коні, мулы, аслы. Вырошчваюць кукурузу (займае палавіну пасяўной плошчы), сорга, пшаніцу, ячмень, агародніну. Значныя пасевы гароху і фасолі. З тэхн. культур вырошчваюць джут. У перадгор’ях цэнтр.ч. краіны развіта земляробства, у гарах — адгонна-пашавая жывёлагадоўля. У горных раёнах пашырана тэраснае земляробства. У нязначнай ступені развіты горназдабыўная і апрацоўчая прам-сць; здабыча алмазаў (каля 50 тыс. каратаў у год, значна вагаецца ў асобныя гады, кантралюецца канцэрнам «Дэ Бірс», ПАР), буд. матэрыялаў. Уся электраэнергія паступае з ПАР. Вядзецца апрацоўка воўны і скур, вытв-сць махеру, тканін, дываноў, адзення і абутку. Шмат дробных паўсаматужных прадпрыемстваў харч.прам-сці. Транспарт пераважна аўтамабільны. Аўтадарог 5,2 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 2,1 тыс.км. Адзінае чыг. адгалінаванне (1,6 км) звязвае г. Масеру з чыгункамі ПАР.
У г. Масеру міжнар. аэрапорт. Гандл. баланс адмоўны. У 1992 экспарт склаў 109 млн.дол., імпарт — 964 млн. долараў. Краіна экспартуе воўну, махер, буйн. раг. жывёлу, скуры, імпартуе харч. і прамысл. тавары, паліва і інш. Асноўны гандл. партнёр — ПАР (42% экспарту і 94% імпарту). Дадатковыя крыніцы даходаў насельніцтва — сезонная работа ў ПАР (каля 40% даходу краіны) і замежны турызм (штогод краіну наведвае каля 200 тыс. турыстаў пераважна з ПАР). Л. атрымлівае дапамогу і субсідыі ад міжнар. арг-цый і асобных краін. Грашовая адзінка — лоці.
І.В.Загарэц (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ХТЭНШТЭЙН (Liechtenstein),
Княства Ліхтэнштэйн (Fürstentum Liechtenstein), дзяржава ў Цэнтр. Еўропе, паміж Швейцарыяй і Аўстрыяй. Падзяляецца на 2 акругі (11 камун). Пл. 157 км². Нас. 31,4 тыс.чал. (1997). Сталіца — г.Вадуц. Афіц. мова — нямецкая. Нац. свята — Дзень нараджэння бацькі правячага князя (15 жн.).
Дзяржаўны лад. Л. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1921. Кіраўнік дзяржавы — наследны князь. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — ландтагу, 25 членаў якога выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады. Выканаўчая ўлада належыць князю і створанаму пры ім ураду, які складаецца з 5 асоб.
Прырода. Л. знаходзіцца ў Альпах у бас. Верх. Рэйна. На ПдУ — масіў Рэтыкон (г. Граўшпіц, выш. 2599 м), на З — даліна р. Рэйн. Клімат умераны. Сярэдняя т-растудз. ў даліне Рэйна ад 0 °C да -5 °C, ліп. каля 18 °C. Ападкаў каля 700—1200 мм за год. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй. Каля 20% тэрыторыі пад лесам (елка, дуб, бук), каля 40% — пад альпійскімі і субальпійскімі лугамі. Некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. 87,5% складаюць ліхтэнштэйнцы — народ блізкі да суседніх груп аўстрыйцаў, швейцарцаў і немцаў. Жывуць таксама швейцарцы, аўстрыйцы, італьянцы, туркі і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі — 80%. Сярэднегадавы прырост 1%. Сярэдняя шчыльнасць 200 чал. на 1 км², большасць насельніцтва сканцэнтравана ў даліне Рэйна. У гарадах і гар. пасёлках жыве больш за 80% насельніцтва, у т. л. ў Вадуцы 5,1 тыс.ж. (1997). У прам-сці, гандлі і буд-ве занята 45% працаздольных, у сельскай і лясной гаспадарцы, садоўніцтве і рыбалоўстве — 2%, у абслуговых галінах — 53%. Больш за 6 тыс.чал. штодзённа прыязджаюць на працу ў Л. з Швейцарыі і Аўстрыі.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. Л. насялялі кельты, у 15 ст. да н.э. яе заваявалі рымляне, якіх у 3 ст.н.э. выцеснілі адсюль алеманы (швабы). У 12 ст. тут узнікла феад. ўладанне Шэленберг, у 14 ст. — графства Вадуц, што ўвайшлі ў склад «Свяшчэннай Рымскай імперыі», потым сталі пратэктаратам імперыі Габсбургаў. У 1699 Шэленберг, у 1712 Вадуц прададзены аднаму з прыбліжаных аўстр. імператара з роду Ліхтэнштэйн. Датай утварэння дзяржавы лічыцца 15.8.1719, калі аб’яднаныя Шэленберг і Вадуц атрымалі статус княства. З 1806 Л. у складзе Рэйнскага саюза, у 1815—66 у Герм. саюзе. У 1868 урад распусціў армію (80 чал.) і абвясціў пастаянны нейтралітэт (захоўваўся і ў час 1-й і 2-й сусв. войнаў). У 1876—1918 Л. эканамічна цесна звязаны з Аўстра-Венгрыяй (агульная мытная і падатковая прастора). 5.10.1921 прынята сучасная канстытуцыя. З 1923 у эканам. і валютным саюзе з Швейцарыяй. У 1950—60-я г. актывізавалася прамысл. развіццё. З 1989 (фактычна з 1984) князь Л. — Ганс Адам II. На плебісцыце 1992 большасць выбаршчыкаў выказалася за ўступленне Л. ў еўрап.эканам. прастору. Дзейнічаюць партыя Айч. саюз, Прагрэс.грамадз. (бюргерская) партыя, экалагічная партыя Свабодны спіс (усе 3 партыі прадстаўлены ў парламенце), прафс. аб’яднанне Саюз працоўных і інш. Л. — чл. Савета Еўропы (з 1978), ААН (з 1990), Еўрап. асацыяцыі свабоднага гандлю (з 1991), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.
Гаспадарка. Л. — індустр. краіна, па выпуску прадукцыі на душу насельніцтва займае адно з першых месцаў у Еўропе. Штогадовы даход на 1 чал. — 23 тыс.дол. (1996). Найб. развіта прам-сць экспартнага кірунку. Прамысл. прадпрыемствы — пераважна філіялы швейц. фірм. Вытв-сць электраэнергіі 150 млн.кВтгадз (1997), у асн. на ГЭС. Развіта разнастайнае машынабудаванне (2/3прамысл. прадукцыі), у т. л. эл.-тэхн. і радыёэлектроннае прыладабудаванне, вытв-сць кацельнага абсталявання, штампаваных дэталей, высокатэхнал. металаапрацоўка, вытв-сць вакуумнай тэхнікі, электронных сістэм, мікрапрацэсараў. Ёсць асобныя прадпрыемствы тэкст., хім., фармацэўтычнай, гарбарнай, керамічнай, металаапр., дрэваапр.прам-сці. Сусветна вядомы выраб фарфоравых зубных пратэзаў. Найб. прадпрыемствы: прэсавых і штампаваных вырабаў (Эшэн), выліч. машын (Маўрэн), маш.-буд. з-ды (Бальцэрс, Шан, Вадуц). Ёсць вытв-сць фарбаў, лакаў і бялізны. Развіты вінаробства, піваварэнне, сыраробства. Здаўна развіта вытв-сць кафляных плітак і маст. керамікі (Нендэльн). У сельскай гаспадарцы пераважае дробнасялянскае землеўладанне (да 4—5 га). Пад ворывам каля 4 тыс.га, пад пашай каля 6,3 тыс.га. Гал. галіна — жывёлагадоўля (75% кошту с.-г. прадукцыі). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, свіней. Земляробства пераважна ў даліне Рэйна. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, бульбу, тытунь, кармавыя культуры, агародніну. Пладаводства і вінаградарства. Пчалярства. Многія сяляне сумяшчаюць заняткі сельскай гаспадаркай з працай у прам-сці і абслугоўваннем турыстаў. У сувязі з нізкім падаткам на капітал і адсутнасцю падатку на прыбытак Л. выбраны месцам рэгістрацыі больш як 40 тыс. замежных кампаній. Яны даюць трэць паступленняў у бюджэт краіны. Важнымі крыніцамі даходаў з’яўляюцца банкаўская і фін. справа, замежны турызм (86 тыс.чал. у 1995), санаторныя паслугі і выпуск паштовых марак. Асн. від транспарту — аўтамабільны. У краіне 250 км асфальтаваных аўтадарог, 14,8 тыс. легкавых і 1,5 тыс. грузавых аўтамабіляў. Тэр. Л. перасякае чыг. Вена—Парыж (18,5 км на тэр. краіны). У 1994 экспарт склаў 2,14 млрд.дол., імпарт — 852 млн. долараў. У экспарце пераважаюць прамысл. тавары, у імпарце — спажывецкія і харч. тавары, трансп. сродкі, сыравіна. Асн. знешнегандл. партнёр — Швейцарыя, з якой Л. у грашовай і мытнай уніі (15% экспарту, больш за 75% імпарту). Больш за 40% экспарту ідзе ў краіны Еўропы. Грашовая адзінка — швейцарскі франк.
Літ.:
Печников Б.А. Лихтенштейн — княжество на Рейне. М., 1986.
Ю.В.Бярэзіна (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя).
Герб і сцяг Ліхтэнштэйна.Тыповы ландшафт у Ліхтэнштэйне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІНЕ́ЗІЯ ФРАНЦУ́ЗСКАЯ (франц. Polynēsie Française),
уладанне Францыі ў цэнтр. частцы Ціхага ак., у Палінезіі. Пл. 3660 км². Нас. 242,1 тыс.чал. (1999). Афіц. мовы — таіцянская і французская. Адм. ц., найб. горад і порт — Папеэтэ на в-ве Таіці ў групе а-воў Таварыства. Адміністрацыйна падзяляецца на 5 астраўных груп: Маркізскія а-вы, архіпелагі Туамоту і Тубуаі, Падветраныя і Наветраныя а-вы з групы а-воў Таварыства; уключае таксама ненаселены в-аў Кліпертан ва ўсх. частцы Ціхага ак.Нац. свята — дзень узяцця Бастыліі (14 ліп.).
Прырода. У складзе П.Ф. 215 астравоў і атолаў вулканічнага (35 астравоў) або каралавага (180 атолаў) паходжання. Вулканічнымі з’яўляецца большасць а-воў Таварыства, Тубуаі, Маркізскія; каралавыя атолы ўтвараюць архіпелаг Туамоту. Горы на вулканічных астравах дасягаюць 2241 м (г. Арахена на в-ве Таіці), каралавыя астравы ўздымаюцца над узр. м. на некалькі метраў. З карысных выкапняў ёсць фасфарыты (в-аў Макатэа), руды кобальту. Клімат трапічны пасатны. Сярэднямесячныя т-ры 22—26 °C. Ападкаў за год ад 1500 мм на падветраных схілах да 3000—4000 мм на наветраных. Бываюць моцныя ўраганы. Рэкі і ручаі ёсць толькі на вулканічных астравах. Пад лесам і хмызнякамі 31% тэрыторыі. На наветраных схілах вечназялёныя субэкватарыяльныя і трапічныя лясы, падветраныя схілы ўкрыты травяністай расліннасцю. На каралавых астравах гаі какосавых пальмаў. У фауне адсутнічаюць буйныя млекакормячыя, шмат птушак. Мора багата рыбай, ракападобнымі, малюскамі. Біясферны рэзерват Атол-Таяра (а-вы Туамоту).
Насельніцтва. Карэнныя жыхары — палінезійцы, разам з еўрапейска-палінезійскімі метысамі складаюць 78%; падзяляюцца на блізкія народы: таіцяне (больш за 50% насельніцтва краіны), туамоту, тубуайцы, маркізцы, мангарэва. Жывуць таксама кітайцы (12%) і французы (10%). Вернікі пераважна пратэстанты (54%) і католікі (30%). Сярэднегадавы прырост 1,7% (1999). Сярэдняя шчыльн. 66,7 чал. на 1 км. Каля 67% насельніцтва жыве на в-ве Таіці (пл. 1042 км²), дзе на ўзбярэжжы шчыльн. перавышае 300 чал. на 1 км². Гарадскога насельніцтва больш за 50%.
У найб. горадзе Папеэтэ каля 30 тыс.ж. (1999). У прам-сці занята 19% працаздольных, у сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве — 13%, у абслуговых галінах — 68%.
Гісторыя. Заселена палінезійцамі ў канцы 1-га тыс. да н.э. — 1-м тыс.н.э. На момант з’яўлення еўрапейцаў найб. ўзроўню цывілізацыі дасягнулі жыхары а-воў Таварыства, дзе ўзнік шэраг дзярж. утварэнняў. У 1595 ісп. мараплавец А.Менданья дэ Нейра адкрыў Маркізскія а-вы, у 1722 галандзец Я.Рогевен — некаторыя з а-воў Таварыства, у 1767 брытанец С.Уоліс — в-аў Таіці, у 1777 капітан Дж.Кук — а-вы Тубуаі. Да пач. 19 ст. таіцянскія правадыры з роду Памарэ стварылі дзяржаву, якая ўключала а-вы Таварыства, Тубуаі і ч. а-воў Туамогу. З пач. 19 ст. тут з’явіліся еўрап. місіянеры. У 1842 астравы абвешчаны франц. пратэктаратамі, якія ў 1885 аб’яднаны ў адзіную калонію «Франц. ўладанні ў Акіяніі» (з 1958 — П.Ф.). З 1946 — заморская тэр. Францыі. У 1957 створана тэр. асамблея П.Ф. З 1960-х г. месца правядзення франц.ядз. выпрабаванняў (у 1966 першы выбух на атоле Муруроа). У 1977 атрымала ўнутр. самакіраванне, з 1996 мае статус аўт.тэр. Францыі.
Гаспадарка. П.Ф. — краіна сярэдняга ўзроўню развіцця. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае каля 10 800 дол. за год. 18% яго ствараецца ў прам-сці, 4% — у сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве, 78% — у абслуговых галінах, пераважна ў турысцкай справе. У прам-сці пераважаюць дробныя прадпрыемствы. Здабыча фасфарытаў на в-ве Макатэа. 57% электраэнергіі даюць ЦЭС на імпартным паліве, 43% — ГЭС. У 1997 атрымана 350 млн.кВт∙гадз электраэнергіі. З прадпрыемстваў апрацоўчай прам-сці найб. значэнне маюць мылаварныя ф-кі і алейныя з-ды (перапрацоўка какосавых арэхаў). Ёсць піваварныя з-ды, прадпрыемствы па вытв-сці мукі, фруктовых сокаў, воцату, перапрацоўцы рыбы і морапрадуктаў. Пашыў адзення, апрацоўка перламутравых ракавін, разьба па дрэве, ювелірная справа, выраб сувеніраў. Ёсць мех. майстэрні, прадпрыемствы па буд-ве і рамонце невял. суднаў. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 40 тыс.га зямлі, у т. л. пад ворывам каля 3,6 тыс.га, пад плантацыямі какосавых пальмаў і інш. дрэў каля 18 тыс.га, пад пашай каля 18 тыс.га. Гал. экспартныя культуры — какосавая пальма і ваніль. Вырошчваюць таксама каву, цукр. трыснёг, цытрусавыя, бананы, ананасы, гранаты, манга, папайю, авакада, хлебнае дрэва, кукурузу, арахіс, тара, ямс, батат, маніёк, агародніну. Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Гадуюць мясную буйн. раг. жывёлу, коней, свіней, птушку. Прамысловае рыбалоўства. Штучнае развядзенне малюскаў-жамчужніц (у лагунах атолаў), апрацоўка жэмчугу і перламутру. Транспарт пераважна марскі. У краіне 792 км аўтадарог з цвёрдым пакрыццём, 45 аэрапортаў, у т. л.міжнар. на в-ве Таіці. Міжнар. турызм (штогод астравы наведваюць больш за 150 тыс. замежных турыстаў). Значную ролю адыгрывае абслугоўванне палігонаў для выпрабавання атамнай зброі (атол Муруроа) і інш. ваенных баз. У 1996 экспарт склаў 212 млн.дол., імпарт — 860 млн.дол. У экспарце пераважае жэмчуг (больш за 50% ад кошту), прадукты перапрацоўкі какосавых арэхаў, перламутр, ваніль, рыба і рыбапрадукты, у імпарце — паліва, харч. і спажывецкія тавары. Гал.гандл. партнёры: Францыя (52% экспарту, 32% імпарту), ЗША, Японія. Краіна атрымлівае фін. дапамогу ад Францыі (каля 400 млн.дол. штогод). Грашовая адзінка — франк франц. кантор у Ціхім ак.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).