БЕРЛІ́НА,

пласкадоннае драўлянае грузавое судна з палубай, двухсхільным дахам і мачтай. Даўж. 21—45 м, шыр. 4—11 м, грузападымальнасць ад 50 да 600 т. На рэках Беларусі з’явілася ў 2-й чвэрці 19 ст., паступова выцесніла байдак і віціну. Бытавала да пач. 20 ст. Хадзіла ўверх і ўніз па цячэнні ракі з дапамогай вёслаў, бусакоў, ветразяў, а таксама буксірнага парахода. Падзяляліся на барачныя (руская берліна з закругленым носам, стромкай кармой і разгорнутымі бакамі) і лодачныя (заходняя, або нямецкая, з доўгім вострым носам і завостранай кармой). Рускія берліны хадзілі па Дняпры і Прыпяці, заходнія — па Нёмане, Прыпяці, а таксама ў Прусіі і Польшчы.

Н.​І.​Буракоўская.

т. 3, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІБІ́ЛА Юлія Іосіфаўна (10.1.1897, г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. — 4.12.1974),

бел. бібліёграф. Скончыла БДУ (1925). З 1922 заг. бел. аддзела Дзярж. б-кі БССР. У 1937—59 гал. бібліёграф б-кі Саратаўскага ун-та. З 1959 у Мінску. Камплектавала рэспубліказнаўчы і краязнаўчы кніжныя фонды, збірала кнігі на бел. мове, выдадзеныя на Беларусі і за яе межамі. Распачала бібліягр. рэгістрацыю друку БССР, складанне 1-й у рэспубліцы краязнаўчай бібліягр. картатэкі. Склала бібліяграфію твораў Ц.​Гартнага (у зб. «Ц.​Гартны ў літаратурнай крытыцы», 1928), надрукавала матэрыялы да біяграфіі Цёткі (у час. «Запіскі аддзела гуманітарных навук», 1928, кн. 2. Працы класа філалогіі, т. 1).

т. 3, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАХІ́НЦАЎ Дзмітрый Іванавіч (11.1.1908, Масква — 27.1.1979),

савецкі фізік, адзін з кіраўнікоў стварэння 1-й у свеце АЭС. Чл.-кар. АН СССР (1958). Герой Сац. Працы (1956). Скончыў Маскоўскі дзярж. ун-т (1930). У 1956—65 дырэктар Аб’яднанага ін-та ядз. даследаванняў (г. Дубна). Навук. працы па квантавай тэорыі цвёрдага цела, акустыцы, оптыцы, квантавай механіцы, ядз. фізіцы і фізіцы элементарных часціц, метадалогіі фізікі. Аўтар падручніка «Асновы квантавай механікі» (6-е выд., 1983). Ленінская прэмія 1957, Дзярж. прэмія СССР 1952, 1971.

Тв.:

Акустика неоднородной движущейся среды. 2 изд. М., 1981;

Пространство и время в микромире. 2 изд. М., 1982;

Квантовая механика. 2 изд. М., 1988.

т. 3, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛО́ЖА (Blože) Вітаўтас (н. 9.2.1930, в. Байсагале Радвілішкскага р-на, Літва),

літоўскі паэт. Друкуецца з 1949. Аўтар паэтычных зб-каў «Сем касцоў» (1961), «З маўклівай зямлі» (1966), «Кветкі зямлі» (1971), «Поліфаніі» (1981), «Людзі» (1984), «Накцюрны» (1990) і інш. Галоўная тэматыка — дэфармацыя свету 2-й пал. 20 ст. і драматызм жыцця чалавека. На літ. мову пераклаў творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, П.​Глебкі, А.​Куляшова, А.​Зарыцкага і інш. бел. пісьменнікаў (у кн. «З беларускай паэзіі», 1952, і «Па Нёману песня плыве», 1958). На бел. мову творы Бложа пераклаў Р.​Барадулін (у кн. «Літоўская савецкая паэзія», т. 2, 1977).

А.​Лапінскене.

т. 3, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОГАСТВАРА́ЛЬНІЦТВА,

філасофска-этычная плынь у Расіі ў 1910-я г., якая імкнулася спалучыць навук. сацыялізм з рэлігіяй. Яе прадстаўнікі (А.​В.​Луначарскі, У.​А.​Базараў, П.​С.​Юшкевіч, часткова М.​Горкі і інш.) мелі на мэце абгрунтаваць неабходнасць стварэння новай «пралетарскай рэлігіі» без Бога, што фактычна зводзілася да абагаўлення калектыву і прагрэсу, якія павінны абуджаць у чалавека «складанае творчае пачуццё веры ў свае сілы, надзею на перамогу любові да жыцця» і дзейсна звязаць ідэал з рэчаіснасцю. Плынь не мела шырокай падтрымкі і да пач. 1-й сусв. вайны (1914) перастала існаваць.

Літ.:

Короткая Т.П. Религиозная философия в Белоруссии начала XX в.: Критич. анализ. Мн., 1983.

т. 3, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАКО́ЎКА СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫХ ЖЫВЁЛ,

выдаленне са статка жывёл, не прыдатных для ўзнаўлення або далейшага гасп. выкарыстання. Праводзіцца штогод з мэтай паляпшэння статка. Аб’ёмы залежаць ад кірунку гаспадаркі, віду і ўзросту жывёл, інтэнсіўнасці іх выкарыстання. Напр., штогод бракуюць 20—25% кароў, 20% цялушак у малочных статках, 20—30% дарослых свіней у племянных гаспадарках, 70% свінак у перыяд дарошчвання, да пераводу іх у групу асн. матак. Выбракаваных жывёл перад забоем ставяць на адкорм. Племянных жывёл бракуюць пры баніціроўцы, у таварных статках — у розныя тэрміны (буйн. раг. жывёлу звычайна ўвосень перад пастаноўкай на стойлавае ўтрыманне, авечак — у 2-й пал. лета пасля адымання ягнят).

т. 3, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЫ́НЦЫ,

вёска ў Беларусі, у Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., на р. Дрыса. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 23 км на ПдУ ад г. Верхнядзвінск, 152 км ад Віцебска, 4 км ад чыг. раз’езда Беніслаўскага. 990 ж., 394 двары (1995).

У канцы 18 — пач. 19 ст. побач з Валынцамі ў фальварку Забелы пры дамініканскім кляштары існаваў калегіум і дзейнічаў Забельскі школьны тэатр. У 1-й пал. 19 ст. ў Валынцах жыў і вучыўся ў Забельскай гімназіі бел. пісьменнік А.Вярыга-Дарэўскі. У 1924—29 цэнтр Валынецкага раёна ў Полацкай акрузе.

Перасоўная механізаваная калона. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі, Свята-Барысаглебская царква.

т. 3, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАН (Van),

горад на У Турцыі, каля воз. Ван. Адм. ц. іля Ван. Каля 150 тыс. ж. (1990). Чыг. станцыя. Харчовая, цэм. прам-сць.

Узнік у 1-м тыс. да н.э. Да 6 ст. да н.э. пад назвай Тушпа сталіца дзяржавы Урарту. Да 1 ст. да н.э. значны горад Стараж. Арменіі. У 364 разбураны войскамі сасанідскага цара Шапура II. У 10 ст. ў складзе Васпураканскага царства. З 1022 пад уладай Візантыі, пасля — сельджукаў. У 2-й пал. 14 ст. двойчы разбураны войскамі Цімура. З 17 ст. пад уладай Турцыі. У 1-ю сусв. вайну 1914—18 арм. насельніцтва Вана выселена і знішчана тур. ўладамі.

т. 3, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЁЦІ (Viotti) Джавані Батыста (12.5.1755, г. Фантанета-да-По, Італія — 3.3.1824),

італьянскі скрыпач, кампазітар. Вучань Г.​Пуньяні. Папярэднік Н.​Паганіні. Працаваў у Парыжы (у 1782—91 і 1819—22 узначальваў Парыжскую оперу), Лондане (1794—98 і з 1802) і інш. Аўтар канцэртаў для скрыпкі з аркестрам, у якіх узмацніў ролю сольнай партыі, павялічыў склад аркестра, канчаткова зацвердзіў для 1-й ч. форму санатнага алегра, а таксама тып фінальнага ронда. Зрабіў уплыў на развіццё скрыпічнага мастацтва 19 ст. і фарміраванне т.зв. парыжскай школы. Сярод яго вучняў М.​Казімір Агінскі і М.​Клеафас Агінскі. З 1950 у г. Верчэлі праводзіцца міжнар. конкурс музыкі і танца імя Віёці.

т. 4, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІТА́ЛІЙ,

усходнеславянскі рэліг. дзеяч і пісьменнік 1-й пал. 17 ст. Аўтар духоўных вершаў, перакладчык царк. кніг з грэч. і лац. моў. Пераклаў на царк.-слав. мову і выдаў кн. «Дыёптра, або Люстра жыцця людскога на тым свеце...» (Еўе, 1612; перавыдадзена ў Еўі і Вільні ў 1642, Куцейне ў 1651 і 1654, Магілёве ў 1698, Клінцах у 1786), прасякнутую царк.-рэліг. тэндэнцыямі. У кнізе змешчаны таксама тыпова барочныя паводле характару і стылю філас.-дыдактычныя вершы Віталія, у якіх праводзяцца ідэі хрысц. аскетызму, марнасці зямнога жыцця.

Літ.:

Франко І. Забутий український віршописець XVII в. // Зап. наук. т-ва ім. Шевченка. 1898. Т. 22, кн. 2.

А.​Ф.​Коршунаў.

т. 4, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)