падвалі́на, ‑ы, ж.

1. Брус, на які насцілаецца падлога, памост. У сярэдзіне [хаты] яшчэ не было падлогі, толькі ўпушчаныя ў падрубы падваліны на яе. Чорны. А масток аказаўся ліхі. Алёша вылез, паглядзеў. Каб падваліны шырэйшыя былі, то можна было б праехаць. Лобан. Пад падлогу, якраз паміж дзвюх абгніўшых падвалін, вёў шырокі лаз. Місько. // перан. Аснова якой‑н. з’явы. Рэалізм як сістэма зыходных прынцыпаў адлюстравання жыцця — вось падваліны эстэтычных пазіцый Багдановіча. Лойка.

2. Абл. Падруба. Хату [Вондар] паставіў не так даўно, перад першай германскай вайной, а ўжо перасыпаў яе, паклаў новыя падваліны і штандары, два разы мяняў гонту на даху. Навуменка. Цясляр узяўся перарабляць то адну сцяну, то другую, то вымаць падваліны, то прасякаць новыя дзверы. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры́печак, ‑чка, м.

1. Месца, пляцоўка перад чалеснікамі печы. На руках [маці] данесла яго да прыпечка, а як узяла на вілкі і падняла, каб падаць яго далей у печ, рукі задрыжалі, закружылася галава і чыгун перавярнуўся. Галавач. [Люда] расклала на прыпечку з трэсак агеньчык. Хадкевіч.

2. Выступ печы або дашчаны насціл каля печы, на якім можна сядзець або ставіць што‑н.; прымурак. На прыпечку змардаваная гаспадыня, вурк[очучы] верацяном, цягне бясконцую, як жыццёвая нягода, нітку. Зарэцкі. Андрэйка скочыў на прыпечак, потым на печку і, натужыўшыся, галавою ўзняў адну дошчачку, другую і шмыгануў на дах... Кавалёў.

3. Абл. Выемка для вуголля, попелу ў печы. Аўгінка вымятала памялом печ. Старанна згарнуўшы вуголле ў прыпечак, пачала класці дровы. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стоўп ​1, стаўпа, м.

Абл. Сцірта, торп. Ціток узлез на жытні стоўп і адразу ўбачыў, што снапы каля сцяны паварушаны. Лобан. / у вобразным ужыв. Сваю ноч верасень дасыпае дзе-небудзь у гумне, на стаўпе духмянага мурагу. Васілевіч.

стоўп ​2, стаўпа, м.

1. Спец. Вежа або калона. Александрыйскі стоўп.

2. Тое, што і слуп (у 2 знач.). Даўно ўжо зышла на зямлю .. цёплая летняя ноч, і залацісты стоўп ад поўнага месяца лёг на люстраную гладзь шырокай Волгі. Багдановіч.

3. перан. Іран. Важны дзеяч, значная службовая асоба. Стаўпы грамадства. □ Раней, бывала, «стаўпы парадку» і кроку не ступяць, каб не наведаць яго; ніколі, бывала, не абыходзілася, каб на Марціна не склалі пратакола або не ўшпілілі штрафу. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

угле́дзецца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.

1. на каго-што, у каго-што і без дап. Уважліва паглядзець, прыгледзецца, стараючыся разгледзець, убачыць што‑н. [Старшына] ўскочыў, яшчэ ўгледзеўся ў далёкі сцямнелы краявід. Быкаў. Хадоська недаверліва ўгледзелася ў Захарыху і паспакайнела — нічога страшнага, жанчына як жанчына. Мележ. Шура ўгледзеўся на дзядзьку, як на нейкі дзіўны прывід. Ставер. [Хлопцы] ўгледзеліся — заяц! Сядзіць сабе і глядзіць на іх, вылупіўшы вочы. Маўр.

2. у каго-што. Не зводзячы вачэй, нерухома глядзець куды‑н., на каго‑, што‑н.; уставіцца, утаропіцца. [Каця] падклала пад галаву рукі і ўгледзелася ў цёмна-сіняе акно. Гаўрылкін.

3. з кім. Абл. Убачыцца, сустрэцца з кім‑н. асабіста. З далёкіх паходаў вярнуўся Крушына. Не стрэўся з дачкою, Не ўгледзеўся з сынам. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цалкі́, ‑оў; адз. няма.

Абл.

1. Яечня, у якой жаўткі не змешваюцца з бялкамі. Тарэсяй звалась цётка гэта. Яна так ветла сустракала І надта ж добра частавала: Спячэ «цалкоў» на скавародцы, І так, бывала, наясіся, Што хоць на пупіку круціся. Колас. Неўзабаве мы сядзелі за круглым сталом — яна глядзела на мяне сваімі мр[о]йнымі вачамі і карміла: падала яешню з цалкоў, тварог на сподку і шклянку салодкага малака. Чыгрынаў.

2. Цэлая бульба, вараная ў лупінах. Ціт наліў пляменніку кубак першаку і паказаў на закусь, якую тут жа разгарнуў на складзеным у некалькі столак абрусе. То былі хлеб, сала цыбуля, бульбяныя, яшчэ цёплыя, цалкі. Кавалёў.

3. Зерні канапель, якія застаюцца цэлымі нястоўчанымі. Канапляныя цалкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цы́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Ліцца, біць маленькімі струменьчыкамі. У ранішняй цішыні чуваць, як са звонам цыркае ў даёнкі малако. Дуброўскі. Густы дробны дожджык цыркае зверху, цягнецца золкай павуцінай. Бядуля. // каго. Абл. Даіць. Маці ў хляве цыркала.. карову ды ўсё прыгаварвала, каб тая добра стаяла на адным месцы. Каваль.

2. Пляваць цераз зубы. Андрэй.. цыркаў праз зубы ў агонь. Пташнікаў. З-за трактара паяўляецца Хведар. Ён стаіць, адставіўшы нагу, раз-пораз цыркае слінай. Асіпенка.

3. Стракатаць (пра насякомых, птушак). Спалохана цыркалі і зноў змаўкалі сонныя птушкі. Курто. Стаяла цішыня, толькі цыркалі конікі і ледзь чутна шапацела трава. Федасеенка.

4. Даваць, выдаваць, важыць патроху, невялікімі порцыямі. Сястра трохі памагае, але што — цыркае па кропельцы. Янкоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бадзяцца, туляцца, валачыцца, цягацца; басцяцца (абл.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

бервяно, пень, калода, кругляк; бярно (абл.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

брэх; гаўканне, звяга (разм.); ях (абл.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

востры; гостры (абл.), адвостраны, навостраны, адточаны

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)