МІТЭРА́Н ((Mitterrand) Франсуа) (26.10. 1916, Жарнак, Францыя — 8.1.1996),
французскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Парыжскі ун-т, журналіст, адвакат. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік Руху Супраціўлення. У жн.—вер. 1944 ген. сакратар па справах ваеннапалонных ва ўрадзе Ш. дэ Голя. Пасля вайны міністр у розных кабінетах Чацвёртай рэспублікі 1946—58. Дэп. Нацыянальнага сходу Францыі (1946—58 і з 1962), сенатар (1959—62). Старшыня Федэрацыі левых дэмакр. і сацыяліст. сіл (1965—68), 1-ы сакратар Франц.сацыяліст. партыі (1971—81). У 1981—95 прэзідэнт Францыі. У знешняй палітыцы выступаў за паліт., эканам. і валютны саюз 12 еўрап. дзяржаў (гл.Еўрапейская эканамічная супольнасць), садзейнічаў яго інтэграцыі. Пасля распаду СССР і камуніст. блока прапанаваў канцэпцыю еўрап. канфедэрацыі. Аўтар кніг «Выклік Кітая» (1961), «Сацыялізм магчымага» (1971), «Палітыка» (1977) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХА́ЙЛАЎ (Анатоль Мікалаевіч) (н. 3.11.1936, в. Індыкава Віцебскага р-на),
бел. вучоны ў галіне прамянёвай дыягностыкі. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1996), д-рмед.н. (1974), праф. (1980). Скончыў Віцебскі мед.ін-т (1961). З 1969 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (з 1977 заг. кафедры). Навук. працы па візуалізацыйнай дыягностыцы (з выкарыстаннем рэнтгеналагічнага і ультрагукавога даследаванняў, камп’ютэрнай, магнітна-рэзананснай тамаграфій і інш.) у распазнаванні захворванняў органаў стрававання, руху, сардэчна-сасудзістай сістэмы, ахове ад іанізацыйнага выпрамянення. Вызначыў асн. заканамернасці ў развіцці парушэнняў функцый стрававальнага тракту, распрацаваў спосабы даследавання кішэчніка і яго функцыян. стану, вывучыў механізмы развіцця дыскінезій і прапанаваў шляхі іх лек. карэкцыі. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.
Тв.:
Рентгеносемиотика и диагностика болезней человека. Мн., 1989;
Лучевая диагностика в гастроэнтерологии. Мн., 1994;
Руководство по медицинской визуализации. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́НТВІЛА ((Montvila) Вітаўтас) (4.2. 1902, г. Чыкага, ЗША — 19.7.1941),
літоўскі паэт. З 1906 жыў у Літве. Вучыўся ў Каўнаскім ун-це (1928—29). За ўдзел у антыфаш. руху зняволены (1929—31). Расстраляны ням.-фаш. захопнікамі. Друкаваўся з 1923. Прадаўжаў рэв. і грамадз. традыцыі лірыкі Ю.Яноніса. У зб. «Ночы без начлегу» (1933) — тэма сац. несправядлівасці, спалучэнне лірызму і сюжэтнасці, сатыр. інтанацыі і экспрэсіўнасць стылю. Аўтар паэт. зб-каў «У шырокі свет» (1940), «Вянок Савецкай Літве» (выд. 1946), кн. «Апавяданні» (выд. 1951). На бел. мову асобныя творы М. пераклалі М.Аўрамчык, С.Дзяргай, А.Звонак, А.Лойка, М.Лужанін, М.Хведаровіч.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Літоўская савецкая паэзія: Анталогія. Мн., 1977. Т. 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВІГАЦЫ́ЙНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
прылады для вымярэння параметраў руху судна, лятальнага апарата (ЛА), інш. рухомых аб’ектаў, для вызначэння месцазнаходжання і кіравання імі; адзін с тэхн. сродкаў навігацыі.
Бываюць: аўтаномныя (дзейнічаюць без прыёму сігналаў ад знешніх крыніц) і неаўтаномныя (устанаўліваюцца на рухомым аб’екце, вызначаюць навігацыйныя параметры па сігналах наземных, марскіх, паветр. і касм. установак); паводле прынцыпу дзеяння — гіраскапічныя, магн., гідраўл., радыётэхн., гідраакустычныя, інерцыйныя, аптычныя, інфрачырвоныя, механічныя. Да Н.п. адносяцца авіягарызонты, авіякомпасы, аўтапілоты, аўтарулявыя, аўташтурманы, вышынямеры, компасы, у т. л.гіракомпасы, курсографы, лагі, лоты, у т. л.рэхалоты, пеленгатары, секстанты, хранометры, гіравертыкалі, нахіламеры, аўтапракладчыкі, вымяральнікі скорасці ЛА, прыёмаіндыкатары радыёнавігацыйных і гідраакустычных сістэм (прызначаны для вызначэння напрамкаў на перадаючыя станцыі, вымярэння адлегласцей да іх і атрымання па гэтых даных каардынат аб’екта з дапамогай ЭВМ або табліц і спец. карт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯЧА́ЕЎ (Сяргей Генадзевіч) (2.10.1847, г. Іванава, Расія — 3.12.1882),
удзельнік расійскага рэв.руху. З 1865 у Маскве, займаўся самаадукацыяй. З 1866 у Пецярбургу, выкладаў у Сергіеўскім прыходскім вучылішчы. Удзельнічаў у студэнцкіх хваляваннях 1868—69 у Пецярбургу. Арганізатар тайнага т-ва «Народная расправа» (1869). Аўтар «Катэхізіса рэвалюцыянера» (1869), у якім прапанаваў у імя рэвалюцыі парваць з законамі, прыстойнасцю, мараллю, заглушыць усе чалавечыя пачуцці. Выкарыстоўваў метады містыфікацыі, правакацыі і шантажу. У 1869 у Маскве забіў па падазрэнні ў здрадніцтве студэнта І.І.Іванова і ўцёк у Швейцарыю. Разам з М.П.Агаровым выдаваў газ.«Колокол» (крас.—май 1870). У 1870 у Лондане выдаваў час. «Община». У 1872 арыштаваны ў Цюрыху і перададзены швейцарскімі ўладамі Расіі. У 1873 прыгавораны да 20 гадоў катаргі. Памёр у Аляксееўскім равеліне Петрапаўлаўскай крэпасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗЕ́Л ЦЭ́РКВАЎ,
падзел хрысціянскай царквы на каталіцкую і праваслаўную. Асн. прычынай падзелу з’явілася саперніцтва паміж папамі Рыма і патрыярхамі Канстанцінопаля ў выніку Taro, што пасля падзелу Рымскай імперыі ў гэтых гарадах склаліся 2 рэліг. цэнтры, паміж якімі да 7 ст. выявіліся пэўныя адрозненні ў дагматыцы, арганізацыі і абрадах. Традыцыйна падзел датуецца 1054, калі паглыбленыя рознагалоссі прывялі да таго, што папа Леў IX і патрыярх Кіруларый абвясцілі адзін аднаму анафему. Завяршыўся П.д. пасля заваёвы ў 1204 Канстанцінопаля крыжакамі. Прыхільнікі П.ц. пасля расколу пачалі называць сваіх праціўнікаў з другой канфесіі хрысц. царквы схізматыкамі. У 1965 на 2-м Ватыканскім саборы папа Павел VI і канстанцінопальскі патрыярх Афінагор I вырашылі «аддаць забыццю» анафему 1054. Гэта рашэнне з’явілася вынікам сучаснага экуменічнага руху да аб’яднання хрысц. канфесій. Гл. таксама Каталіцызм, Праваслаўе, Хрысціянства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДСО́ЧКА,
спосаб атрымання жывіцы, цукрыстых сокаў і латэксу натуральнага з дрэў шляхам штучнага паранення ствалоў у перыяд вегетацыі.
На ствале спелага дрэва робяць косыя зрэзы, якія ўскрываюць смаляныя хады, і накіравальны жалабок, па якім жывіца сцякае ў прыёмнікі. Для стымуляцыі выдзялення ці змянення хім. саставу смалы зрэз апрацоўваюць хім. стымулятарамі. Пашырана таксама П. бярозы для атрымання бярозавага соку. З пачаткам руху соку ў ствале свідруюць невял. адтуліны, пад якія змяшчаюць жалабок і посуд для соку. П. аслабляе дрэвы, таму яе праводзяць за 10—15 гадоў да высечкі.
Забаронена П. ў запаведніках, заказніках, нац. парках, дрэў ці насаджэнняў — помнікаў прыроды, насенных дрэў. Для павышэння жыццеўстойлівасці падсочаных дрэў і актывізацыі працэсаў смола- і сокаўтварэння праводзяць іх падкормку, біял. меліярацыю і інш. На Беларусі асн.прамысл. значэнне мае П. хвоі звычайнай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦЯРУ́ХА (Сцяпан Піліпавіч) (27.8. 1904, в. Калядзічы Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 7.3.1982),
дзеяч рэв.руху ў Зах. Беларусі. Скончыў Рэсп.парт. школу пры ЦККПБ (1953). За ўдзел у стварэнні арг-цыі КПЗБ у Палескім ваяв. ў 1925—27 зняволены ў турму. З 1928 сакратар Пружанскага падп. райкома КПЗБ. Адзін з кіраўнікоў забастоўкі лесарубаў Белавежскай пушчы (1932). У 1932—37 зняволены ў турму, у 1938—39 у Бяроза-Картузскі канцлагер. У Вял.Айч. вайну нам. упаўнаважанага ЦККП(б)Б па Брэсцкай вобл.чл. Брэсцкага падп. абкома, сакратар Пружанскага падп. райкома КП(б)Б. У чэрв.—ліп. 1943 камісар партыз. брыгады імя Панамарэнкі Брэсцкай вобл. Пасля вайны на парт. рабоце ў Брэсцкай вобл.Дэп. Вярх. СаветаСССР у 1940—46.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ-І-МАРГА́ЛЬ ((Pí-y-Margall) Франсіска) (29.4.1824, г. Барселона, Іспанія — 29.11.1901),
іспанскі грамадска-паліт. дзеяч, гісторык, сацыяліст-утапіст. Юрыст. З 1850-х г. удзельнік рэсп.руху, адзін з лідэраў леварэсп. Дэмакр. партыі, ісп. рэвалюцыі 1854—56. З 1866 у эміграцыі ў Францыі. У час ісп. рэвалюцыі 1868—74 міністр унутр. спраў (з лют. 1873), прэзідэнт і прэм’ер-міністр (чэрв.—ліп. 1873) Ісп. рэспублікі. Яго ўрад прапанаваў праграму сац. рэформ у інтарэсах працоўных. Пасля аднаўлення манархіі (1874) ён неаднаразова быў выбраны дэпутатам картэсаў (парламента). У сваіх працах выступаў як прыхільнік дэмакр. рэвалюцыі з мэтай стварэння ўмоў для паступовай эмансіпацыі працоўных (ліквідацыя наёмнай працы, перадача зямлі сялянам і інш.). Аўтар гіст. твораў «Гісторыя жывапісу Іспаніі» і «Эцюды пра сярэднія вякі» (абодва 1851, за апошні адлучаны ад царквы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РА́НІЦА»,
часопіс бел. студэнцкай моладзі дэмакр. кірунку. Выдадзены адзін нумар у чэрв. 1914 у Пецярбургу. Ставіў задачу шляхам асветы, вывучэння духоўных і прадукц. сіл Беларусі павышаць грамадскую свядомасць, гуртаваць інтэлігенцыю для служэння народу. Пафас публіцыст. выступленняў (арт. К.Голскага і Л.Будзіловіча) — адлюстраванне гаротнага становішча працаўніка, вера ў лепшую будучыню і імкненне наблізіць яе змаганнем. У арт. Б.Тарашкевіча (Тараса Язычніка) і К.Душэўскага актуальныя праблемы вывучэння культуры бел. народа — яго мовы, нар. творчасці, мастацтва. У аснове алегарычнага апавяд. «Казка аб крылах» Будзіловіча — ідэя неабходнасці служэння інтэлігенцыі занядбанай роднай зямлі. Змешчаны агляд культ.-грамадскага руху студэнтаў-беларусаў у розных гарадах Расіі, рэкламы пецярб. і віленскіх бел. выданняў.
Літ.:
Семашкевіч Р.М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец XIX — пачатак XX ст.), Мн., 1971.