ПРАФА́ЗА (ад грэч. pro раней, перад + phasis з’яўленне),
першая фаза дзялення клеткі і яе ядра шляхам меёзу ці мітозу. Найб. складаная і працяглая фаза. Важныя адзнакі П. — кандэнсацыя храмасом, спыненне сінтэзу РНК, растварэнне ядзерка і пачатак фарміравання верацяна дзялення. У клетках жывёл і некат. ніжэйшых раслін верацяно дзялення ўтварае мітатычны апарат разам з цэнтрыёлямі, у клетках вышэйшых раслін і некат. прасцейшых — без іх. У П. меёзу I, якая мае 5 стадый, акрамя таго адбываецца кан’югацыя гамалагічных храмасом. П. меёзу II адбываецца аналагічна П. мітозу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУРЫ́НЫ,
група арганічных гетэрацыклічных рэчываў, вытворных пурыну (араматычнага біцыклічнага злучэння, утворанага кандэнсаванымі ядрамі пірымідзіну і імідазолу). Найб. пашыраны амінапурыны або пурынавыя асновы (адэнін, гуанін) і гідраксіпурыны (мачавая кіслата, гіпаксанцін, ксанцін), якія з’яўляюцца прадуктамі распаду амінапурынаў. Да П. адносяцца таксама алкалоіды кафеін і тэабрамін (метыліраваныя вытворныя ксанціну) і адэназінтрыфосфарная кіслата. Утвараюцца ў арганізме і паступаюць з прадуктамі харчавання. Біясінтэз П. пачынаецца з рыбоза-5-фасфату — прадукту пентозафасфатнага цыкла. Прыгнечанне біясінтэзу пурынавых нуклеатыдаў прыводзіць да тармажэння росту. Канчатковым прадуктам распаду П. у чалавека і большасці жывёл з’яўляецца мачавая к-та.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў (Васіль Фёдаравіч) (26.3.1903, г. Чэбаксары, Чувашская Рэспубліка, Расія — 5.7.1990),
бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-рвет.н. (1954), праф. (1955). Засл. дз. нав. Беларусі (1968). Скончыў Казанскі вет.ін-т (1926). У 1937—73 у Віцебскім вет. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па эпізааталогіі, патагенезе і тэрапіі інфекц. хвароб жывёлы. Даследаваў імунагенез пры адначасовай вакцынацыі жывёл супраць некалькіх інфекцый.
Тв.:
Рожа свиней: (Краткий очерк этиологии, эпизоотологии, патогенеза и терапии в современном освещении). Мн., 1963;
Одновременная вакцинация животных против нескольких инфекций. Мн., 1971 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАВО́К,
радовішча мелу ў Крычаўскім р-не Магілёўскай вобл., паміж вёскамі Глушнева і Зуі. Пластавы паклад звязаны з адкладамі туронскага яруса (верхні мел). Мел белы, шаравата-белы, слаба сцэментаваны, участкамі трэшчынаваты, у верхняй ч. забруджаны абломкава-гліністым матэрыялам, у ніжняй ч. пласта з праслоямі мергелю. Паверхня няроўная, закарставаная. Разведаныя запасы 13,6 млн.т. Магутнасць карыснай тоўшчы (ускрытая) 4,7—13,5 м, ускрышы (пяскі, супескі, суглінкі) 0,5—10,6 м. Мел прыдатны на выраб вапны, вапнавання кіслых глеб, мінер. падкормкі для с.-г.жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗДО́ЛЬСКІ (Павел Аляксандравіч) (1815, Курская вобл., Расія —5.3.1881),
бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Праф. (1860). Скончыў Маскоўскае аддз. Медыка-хірург. акадэміі (1841). З 1841 настаўнік Горы-Горацкай земляробчай школы, у 1848—64 у Горы-Горацкім земляробчым ін-це (заг. кафедры), адначасова ў 1853—64 заг.вет. клінікі (першая на Беларусі) і ў 1849—64 коннага завода пры гэтым ін-це. Апісаў больш за 40 хвароб с.-г.жывёл. Пасля паўстання 1863—64 звольнены з ін-та.
Тв.:
Очерк истории ветеринарной медицины // Зап. Горыгорецкого земледельческого ин-та. 1854. Кн. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДЫМЕНТА́РНЫЯ О́РГАНЫ,
недаразвітыя, спрошчаныя органы, якія выконвалі пэўныя функцыі ў эвалюцыйных продкаў, але страцілі сваё значэнне ў арганізме патомкаў у працэсе гіст. развіцця. Закладваюцца ў час зародкавага развіцця і поўнасцю не развіваюцца. Напр., малая галёначная косць у птушак, вочы ў некат. жывёл, што жывуць пад зямлёй (краты, слепакі і інш.), рэшткі валасянога покрыва і тазавых касцей шэрагу кітападобных. У чалавека да 100 Р.о., у т. л. хваставыя пазванкі, валасяное покрыва тулава, вушныя мышцы, апендыкс і інш. У адрозненне ад атавізмаў Р.о. ёсць ва ўсіх асобін віду.