ЭКАЛАГІЧНАЕ ЗАКАНАДАЎСТВА.

Асн. палажэнні канцэпцыі аховы навакольнага асяроддзя і прыродакарыстання замацаваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У сістэму экалагічнага заканадаўства ўваходзяць законы, дэкрэты і ўказы Прэзідэнта, пастановы Савета Міністраў, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і інш. дзярж. органаў. У нарматыўных прававых актах па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя змяшчаюцца нормы, якія рэгулююць пытанні: забеспячэння экалагічных правоў грамадзян; кіравання; эканам. механізму аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага прыродакарыстання; аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў; прававога рэжыму прыродных тэрыторый, якія падлягаюць асаблівай і спец. ахове, а таксама тэрыторый з дрэннай экалогіяй; аховы навакольнага асяроддзя ад забруджвання адходамі; экалагічнай бяспекі біятэхналогій; экалагічнай асветы і адукацыі; вырашэння спрэчак і адказнасці за парушэнне патрабаванняў экалагічнага заканадаўства.

Прававое рэгуляванне дзярж. кіравання ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і прыродакарыстання ажыццяўляецца на аснове законаў «Аб ахове навакольнага асяроддзя» (у рэдакцыі ад 17.7.2002), «Аб дзяржаўнай экалагічнай экспертызе» (у рэдакцыі ад 14.7.2000), дэкрэта Прэзідэнта «Аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці» ад 14.7.2003, пастаноў Савета Міністраў «Аб дзяржаўных кадастрах прыродных рэсурсаў» ад 20.4.1993, «Аб некаторых пытаннях дзяржаўнага кантролю ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, які ажыццяўляецца Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і яго тэрытарыяльнымі органамі» ад 21.6.2003, «Аб Нацыянальнай сістэме маніторынгу навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь» ад 14.7.2003 і інш. нарматыўных прававых актаў, якія рэгулююць парадак і ўмовы ажыццяўлення планавання, стандартызацыі і нарміравання, экалагічнай сертыфікацыі, прагназіравання, ацэнкі ўплыву на навакольнае асяроддзе плануемай гаспадарчай і інш. дзейнасці, экалагічнай экспертызы, маніторынгу, уліку і вядзення кадастраў, ліцэнзавання ў галіне выкарыстання прыродных рэсурсаў. Парадак платы экалагічнага падатку рэгулюецца законам «Аб падатку за карыстанне прыроднымі рэсурсамі (экалагічны падатак)» ад 23.12.1991.

Прававую базу для стварэння запаведнікаў, заказнікаў, нац. паркаў, помнікаў прыроды стварае Закон «Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях» (у рэдакцыі ад 23.5.2000), які вызначае катэгорыі і віды асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, асаблівасці дзярж. кіравання ў гэтай сферы, меры па ахове асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, абмежаванні гасп. дзейнасці ў іх межах, адказнасці за парушэнне заканадаўства. Прававы рэжым экалагічна небяспечных тэрыторый вызначаецца законамі: «Аб прававым рэжыме тэрыторый, якія былі падвергнуты радыеактыўнаму забруджванню ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» ад 12.11.1991, «Аб ахове насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару» ад 5.5.1998, «Аб радыяцыйнай бяспецы насельніцтва» ад 5.1.1998, «Аб адходах» (у рэдакцыі ад 26.10.2000), «Аб санітарна-эпідэмічнай бяспецы насельніцтва» (у рэдакцыі ад 23.5.2000) і інш.

Рэспубліка Беларусь ажыццяўляе міжнар. супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў адпаведнасці з агульнапрызнанымі прынцыпамі і нормамі міжнар. права і міжнар. дагаворамі, ратыфікаванымі ва ўстаноўленым парадку: Канвенцыя аб трансгранічным забруджванні паветра на вялікія адлегласці (1979), Канвенцыя аб ацэнцы ўплыву на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце (1991), Дэкларацыя Рыо-дэ-Жанейра па навакольным асяроддзі і развіцці (1992), Канвенцыя аб біял. разнастайнасці (1992), Рамачная канвенцыя аб змяненні клімату (1992), Пагадненне дзяржаў—членаў СНД аб узаемадзеянні ў галіне экалогіі і аховы навакольнага асяроддзя (1992), Канвенцыя аб доступе да інфармацыі, удзеле грамадскасці ў працэсе прыняцця рашэнняў і доступе да правасуддзя ў пытаннях, якія тычацца навакольнага асяроддзя (1998) і інш.

Літ.:

Балашенко С.А., Демичев Д.М. Экологическое право. Мн., 1999;

Балашенко С.А., Макарова Т.И. Международно-правовая охрана окружающей среды и права человека. Мн., 1999;

Карпович Н.А. Реализация экологической функции государства в законодательной деятельности Парламента Республики Беларусь. Мн., 2000;

Балашенко С.А., Лаевская Е.В., Макарова Т.И. Право на благоприятную окружающую среду (как его защитить?). Мн., 2000.

І.​С.​Шахрай.

т. 18, кн. 2, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКАРАТЫЎНА-ПРЫКЛАДНОЕ МАСТАЦТВА

Найб. стараж. ўзоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на тэр. Беларусі — арнаментаваныя абломкі біўня маманта, падвескі з ракавінак і зубоў жывёл, пацеркі з трубчастых касцей, характар якіх адлюстроўвае першабытныя культы плоднасці і паляўнічай магіі (каля 30 тыс. г. назад). У мезаліце найб. пашырыўся арнамент з косай сеткі, хвалістых ліній, нарэзак, ямак. У неаліце з зараджэннем земляробства і жывёлагадоўлі мастацтва ўзнялося на больш высокую ступень (арнаментаваныя касцяныя вырабы, дробныя пластычныя заа- і антрапаморфныя выявы людзей, жывёл, птушак з каменю, дрэва, косці), з’яўляюцца ўпрыгожанні з бурштыну — падвескі, кольцы, гузікі, пацеркі. Гравіраваны арнамент вызначаўся схематызмам і ўмоўнасцю, узоры дробнай пластыкі — рэалістычнай дакладнасцю. Гліняны посуд аздаблялі наколкамі, нарэзкамі, грабеньчатым і ямкавым арнаментам. У канцы неаліту і ў бронзавым веку арнамент ускладніўся, пашырылася касмаганічная, салярная сімволіка. З адкрыццём выплаўкі медзі і бронзы распаўсюдзіліся металічныя ўпрыгожанні — грыўні, дыядэмы, пярсцёнкі, бранзалеты, падвескі, скроневыя кольцы; ва ўжытку з’яўляюцца шкляныя пацеркі і бісер. Разнастайнасцю вызначаюцца творы жалезнага веку: медныя, бронзавыя, жалезныя ўпрыгожанні, сярэбраныя і залатыя вырабы (бранзалеты з гладкімі, вітымі і рэльефнымі стрыжнямі, скроневыя кольцы, пярсцёнкі, шыйныя грыўні, шпількі-запінкі, нярэдка аздобленыя геаметрычным арнаментам), рознакаляровыя шкляныя пацеркі, гліняныя фігуркі жывёл, пераважна коней (магчыма, культавага прызначэння). У пач. н.э. з’явіліся вырабы з каляровымі эмалямі (падвескі, спражкі, запінкі). Аб’ектамі дэкарыравання стала адзенне з тканін, а таксама вырабы, звязаныя з прадзеннем і ткацтвам (гліняныя прасліцы, упрыгожаныя салярнымі і каляндарнымі сімваламі).

У 10—13 ст., з падзелам грамадства на класы, узнікненнем і развіццём гарадоў, аддзяленнем рамёстваў ад сельскай гаспадаркі, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва вылучылася ў самастойную галіну маст. дзейнасці. Яно прадоўжыла традыцыі, закладзеныя ў язычніцкія часы, а таксама запазычаныя з візант. і еўрап. культур. Майстры-рамеснікі, што працавалі ў гарадах і пры княжацкіх дварах, спецыялізаваліся ў асобных відах рамёстваў. Развіваліся разьба па косці, дрэве, металаапрацоўчыя рамёствы, шкларобства, ткацтва, ганчарства і інш. Вырабляліся прадметы побыту, посуд, літургічнае начынне, зброя, воінскі рыштунак, дробная пластыка (абразкі, шахматныя фігуркі), тканіны, упрыгожанні і інш. Стылістыка і матывы дэкору вырабаў адлюстроўвалі размежаванне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў адпаведнасці з класавым падзелам грамадства: у асяроддзі сялян і значнай часткі гараджан пераважаў закладзены яшчэ ў першабытныя часы геаметрычны арнамент сімвалічнага характару. У дружынна-баярскім побыце пераважнае месца займаў дэкор з раслінных і зааморфных форм рэальнага і фантастычнага характару (тэраталагічны стыль), асабліва ярка выяўлены ў разьбе па косці (накладкі калчанаў, ручкі нажоў і інш.). У многіх гарадах пашыраным рамяством было шкларобства (пацеркі, бранзалеты), з 12 ст. распаўсюдзіўся выраб пярсцёнкаў, скроневых кольцаў, сталовага, аптэчнага, літургічнага посуду. З пашырэннем у 10 ст. на бел. землях ганчарнага круга наладзіўся масавы рамесніцкі выраб глінянага посуду, які набыў больш зграбныя і разнастайныя формы. У тэхніцы кавальства з чорных металаў, атрыманых з мясц. балотных руд, выраблялі прадметы побыту, зброю, воінскі рыштунак, дэталі конскай вупражы. З медзі, волава, свінцу, часам сплаву медзі і серабра (білону) ліццём па васковай мадэлі, а з 12—13 ст. — з дапамогай каменных раз’ёмных раздымных* форм масава выраблялі рэчы быт., літургічнага, маст. прызначэння. Шырока развівалася ювелірнае мастацтва, якое аб’ядноўвала розныя віды маст. апрацоўкі каляровых і каштоўных металаў: чаканку, гравіраванне, філігрань, чарненне, зярненне, эмалі, якімі аздаблялі ўпрыгожанні, посуд, зброю, абклады абразоў і кніг. Выдатны ўзор тагачаснага ювелірнага мастацтва — крыж Ефрасінні Полацкай, выкананы ў 12 ст. полацкім ювелірам Лазарам Богшам паводле заказу Ефрасінні Полацкай.

14—16 ст. — перыяд інтэнсіўнага развіцця дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, на характар якога моцна ўплывалі шырокія гандлёвыя і культурныя сувязі з краінамі Зах. Еўропы. Пашырыліся працэсы спецыялізацыі рамёстваў, падзел рамесніцкай вытворчасці на больш вузкія спецыяльнасці. З 15 ст. ўзнікалі рамесніцкія спецыялізаваныя аб’яднанні заходнееўрап. тыпу — цэхі (напр., цэх шкларобаў у Гродне), у 16 ст. ў іх канцэнтравалася пераважная частка рамеснікаў. Стварэнне цэхаў спрыяла ўзбагачэнню асартыменту і дэкору вырабаў. Дасягнула росквіту ювелірнае мастацтва: з каштоўных і каляровых металаў у тэхніцы чаканкі, ліцця, кавальства ў спалучэнні з гравіраваннем, эмалямі, чарненнем выраблялі ўпрыгожанні, быт. і літургічны посуд, абклады кніг і абразоў. Развівалася маст. шкларобства, ружэйная справа, выраб паліхромнай рэльефнай кафлі з геаметрычнымі расліннымі, геральдычнымі кампазіцыямі. У 17—18 ст. дэкар.-прыкладное мастацтва зазнала ўплыў барока, творы набылі дынамічную кампазіцыю, дэкар. пышнасць, пластычнасць і экспрэсіўнасць форм. Плоскасны характар дэкору саступіў месца аб’ёмнасці і шматпланавасці, шырока ўжываўся багаты раслінны арнамент у спалучэнні з дынамічна выцягнутымі ракавінападобнымі элементамі, вітымі калонкамі, фігурнымі выявамі і інш. Многія віды дэкар.-прыкладнога мастацтва актыўна ўключыліся ў інтэр’ер, набылі манументальна-дэкар. характар. Рэльефнай паліхромнай кафляй аздаблялі печы і каміны ў палацах і замках. У тэхніцы маст. кавальства выраблялі фігурныя рашоткі, агароджы, вароты, крыжы, алтарныя перагародкі, флюгеры, завесы, замкі, дзвярныя ручкі, падсвечнікі і інш.; з волава адлівалі фігурны посуд, падсвечнікі, з бронзы — званы, гарматы, аздобленыя рэльефнымі паяскамі, гербамі, расліннымі гірляндамі. Дасягнула росквіту манументальна-дэкар. аб’ёмна-ажурная разьба па дрэве з ляўкасам і пазалотай, т.зв. беларуская рэзь, якою аздаблялі іканастасы і алтары ў храмах. Многія бел. майстры-ювеліры, разьбяры, кафляры, збройнікі працавалі ў Маскоўскай дзяржаве, дзе выраблялі быт. і літургічны посуд, мэблю, зброю, абклады кніг і абразоў, аздаблялі інтэр’еры палацаў і храмаў паліхромнай рэльефнай кафляй, аб’ёмна-ажурнай пазалочанай разьбой і інш. У 18 ст. ўзніклі вотчынныя мануфактуры па вытворчасці шаўковых паясоў (Нясвіж, Слуцк), фаянсу (Свержань, Целяханы), дываноў, шпалераў, габеленаў (Гродна, Карэлічы, Ружаны, Слонім), маст. шкла (Налібакі, Урэчча) і інш. На жалеза- і медналіцейных мануфактурах у Гомелі, Вішневе (Валожынскі р-н), Кляцішчы (Стаўбцоўскі р-н), Бакштах (Іўеўскі р-н), Рудні (Слонімскі р-н) і інш. адлівалі крыжы, агароджы, садовую мэблю, помнікі, посуд, асвятляльныя і пісьмовыя прылады. Напачатку на мануфактурах прадукцыю нярэдка выраблялі паводле ўсх. ці зах.-еўрап. узораў, але пад уплывам нар. мастацтва яна набывала своеасаблівую мясц. інтэрпрэтацыю: больш рэалістычна трактаваўся дэкор, уводзіліся традыцыйныя элементы. Масавае будаўніцтва ў гарадах выклікала значнае пашырэнне вырабаў маст. ліцця, кавальства, разьбы па дрэве ў архітэктуры, якая ў 2-й пал. 18 ст. зазнала ўплыў класіцызму. Характар вырабаў стаў больш стрыманы, ураўнаважаны, у дэкор уключаліся выявы антычных матываў, ваен. атрыбутыкі, картушаў, грыфонаў і інш.

Дэкар.-прыкладное мастацтва 19 — пач. 20 ст. характарызавалася ўзаемаўплывам 2 кірункаў: прамысл. і народнага. Ручныя цэхавыя і мануфактурныя рамёствы прыйшлі ў заняпад, на базе мануфактур і нар. промыслаў узніклі прадпрыемствы маст. прамысловасці, што напаўнялі рынак адносна таннай, але часта маламаст., эклектычнай прадукцыяй, хаця некат. ўзоры (напр., шкларобства) вызначаліся і несумненнымі маст. вартасцямі. Выцясненне ручной вытворчасці маст. вырабаў прамысл. прадукцыяй вылучыла на першы план праблему дапасавання мастацтва да магчымасцей тэхнікі, спалучэння маст. творчасці з патрэбамі масавага індустрыялізаванага вырабу, што адлюстраваў тэрмін «прыкладное мастацтва». Спробай вызначыць месца маст. быт. рэчаў у эпоху тэхнічнай цывілізацыі, накіраваць мастацтва на стварэнне новай маст. мовы стала пашырэнне з канца 19 ст. стылю мадэрн. Формы вырабаў набылі плаўныя цякучыя абрысы, асіметрыю і дынаміку, арнаментальныя матывы (пераважна раслінныя) — адвольную цякучасць, вытанчаныя колеравыя спалучэнні (некат. ўзоры кафлі, шклянога посуду, каваныя дэталі арх. ўбранства і інш.). Развіццё прамысл. вытворчасці паўплывала на нар. маст. промыслы, некат. з іх (напр., набіванка) заняпалі, іншыя — наадварот, дасягнулі значнага развіцця (ганчарства, лозапляценне). Сваё развіццё прадаўжала і традыц. нар. дэкар.-прыкладное мастацтва. Развіццю нар. промыслаў садзейнічалі адкрытыя земствамі рамесніцкія школы і майстэрні, дзе рыхтавалі кваліфікаваных спецыялістаў: карзіначная — у Гомелі, слясарная — у Вішневе, слясарна-такарная — у Грабянях і Друцку, ткацкія — у Бранчыцах, Дзісне, Клецку, Лепелі, Слуцку, Юзафінах і інш. Актывізавалася выставачная і збіральніцкая дзейнасць. Узоры прамысл. і нар. дэкар.-прыкладнога мастацтва дэманстраваліся на Усерасійскай этнаграфічнай і сусветнай выстаўках у Парыжы (1867), выстаўцы вырабаў саматужніцкай прамысловасці ў Магілёве (1893), міжнар. выстаўцы ў Марселі (1908), выстаўцы саматужнай прамысловасці ў Вільні і Пецярбургу (1913) і інш. Аднак у цэлым дэкар.-прыкладное мастацтва перажывала крызіс, які паглыбіўся ў сувязі з 1-й сусв. вайной.

Дэкар.-прыкладное мастацтва 1920-х г. вызначалася пошукамі новага стылю. У 1919 створаны спец. керамічныя майстэрні ў Віцебску, Магілёве, ткацка-вышывальныя ў Слуцку, дрэваапрацоўчыя ў Гомелі, пабудаваны Аршанскі льнокамбінат (1928—37). Аднак слабаразвітая прамысловасць не магла задаволіць патрэбы насельніцтва ў зручных і прыгожых рэчах. Недахоп прамысл. маст. вырабаў часткова кампенсавалі творы нар. маст. промыслаў. Патрэбу ў керамічным посудзе гасп. і маст. прызначэння задавальнялі традыцыйныя ганчарныя цэнтры. З 2-й пал. 1920-х г. пачалося аб’яднанне майстроў-саматужнікаў у арцелі, гал. чынам ганчарныя і ткацка-вышывальныя. У 1938 арганізаваны Белмастпрамсаюз, які аб’яднаў маст. арцелі (каля 20) у адзіную сістэму. Іх прадукцыя карысталася папулярнасцю, у т. л. і за мяжой, экспанавалася на многіх усесаюзных выстаўках, у Парыжы (1937), Нью-Йорку (1939) і інш. Да канца 1940-х г. адноўлены разбураныя ням.-фашысцкімі захопнікамі прадпрыемствы маст. прамысловасці, створана прамысл. база для развіцця дэкар.-прыкладнога мастацтва. У канцы 1950-х г. створаны новыя арцелі маст. кшталту: цэх маст. керамікі ў Івянцы, цэх маст. аплікацыі саломай па дрэве ў Жлобіне і інш. Асартымент вырабаў прадпрыемстваў Белмастпрамсаюза (24 арцелі) быў даволі шырокі: мужчынскія кашулі па бел. і ўкраінскіх матывах, вышываныя сукенкі, настольнікі, хусткі, тканыя посцілкі, дываны, вязаныя рэчы, цацкі з дрэва, шкла, пап’е-машэ, галантарэйныя вырабы з размалёўкай у тэхніцы батыку і шаўкаграфіі, ганчарны маст. посуд, тачэнне з бярозы-чачоткі і інш. Пачалі працаваць Віцебскі дывановы камбінат (1946), дзе наладзілі вытворчасць ворсавых дываноў па бел. матывах, ’Мінскі фарфора-фаянсавы завод (1951). Аднавілі работу Аршанскі льнокамбінат, шклозаводы ў Барысаве і Бярозаўцы (Лідскі р-н), на якіх выраблялі посуд масавых гатункаў, а таксама унікальныя вырабы выставачнага і падарункавага прызначэння. Мастакі звярталіся да класічнай спадчыны, традыцыйных форм і дэкору. Аднак такое спалучэнне нярэдка было эклектычнае, творы, асабліва выставачныя, вызначаліся залішняй пампезнасцю, складанасцю і надуманасцю форм. Асабліва вострай была праблема кадраў прафес. мастакоў вышэйшай кваліфікацыі, якіх на Беларусі не рыхтавалі.

Абнаўленне і развіццё маст. прамысловасці значна паўплывала на дэкар.-прыкладное мастацтва 1950—60-х г. Пасля рэарганізацыі Белмастпрамсаюза ў фабрыкі Упраўлення маст. прамысловасці Мін-ва мясц. прамысловасці Беларусі (1960) пашырыліся асартымент і тэматыка вырабаў маст. промыслаў (больш за 20), адроджана саломапляценне, лозапляценне, ткацтва, вышыўка. Папулярнасць набыла івянецкая кераміка, жлобінская інкрустацыя, неглюбскае ткацтва і інш. Палепшылася і пашырылася вытворчая база прафес. дэкар.-прыкладнога мастацтва: рэарганізаваны вытворчыя цэхі Маст. фонду Беларусі, пачаў работу маст.-вытворчы камбінат у Барысаве (1961), наладзіў выпуск прадукцыі Брэсцкі дывановы камбінат (1963—65), павялічаны магутнасці шклозавода «Нёман» (Бярозаўка Лідскага р-на) і Барысаўскага хрусталёвага завода, Аршанскага льнокамбіната. Аддзяленне дэкар.-прыкладнога мастацтва Бел. тэатральна-маст. ін-та з 1961 стала рыхтаваць мясц. спецыялістаў. Значны ўклад у развіццё дэкар.-прыкладнога мастацтва зрабілі М.​Бяляеў, Г.​Гаркуноў, В.​Гаўрылаў, Ф.​Зільберт, А.​Кішчанка, Т.​Паражняк. Асн. прынцыпам дэкар.-прыкладнога мастацтва сталі прастата геаметрычных форм, функцыянальнасць, строгасць, утылітарна-канструктыўная мэтазгоднасць, умелае выкарыстанне дэкар. уласцівасцей матэрыялу, яго натуральнай прыгажосці. У формах керамічных і шкляных вырабаў падкрэсліваліся нахільныя лініі, косыя зрэзы, т.зв. дыяганальны стыль. З сярэдзіны 1960-х г. такі празмерны лаканізм стаў саступаць месца большай разнастайнасці і смеласці дэкар. вырашэнняў, творчаму засваенню нар. традыцый, багаццю форм, каларыстыкі, дэкору. Акрамя стварэння вырабаў утылітарна-маст. прызначэння для масавай вытворчасці мастакі звярталіся да індывідуальных творчых вырашэнняў, да станковых твораў выставачнага характару. Дэкар.-прыкладное мастацтва ўсё больш вызваляецца ад прыкладных функцый, займае раўнапраўнае месца сярод прасторавых і пластычных відаў мастацтва. Развіваюцца маст. шкло (мастакі П.​Анішчык, П. і Т. Арцёмавы, У.​Жохаў, Г.​Ісаевіч, Т.​Малышава, У.​Мурахвер, Л.​Мягкова, В.​Сазыкіна і інш.), фарфор (М. і Л. Гатальскія, В.​Данчук, В.​Леантовіч, А.​Фядусь і інш.), маст. кераміка (М.​Байрачны, А.​Дзятлава, А.​Зіменка, В.​Калтыгін, А.​Концуб, Г.​Крамко, М.​Несцярэўскі, Л.​Панамарэнка, В.​Прыешкін, Т.​Сакалова, У.​Угрыновіч і інш.), маст. тканіны (Г.​Гаркуноў, В.​Грыдзіна, В.​Дзёмкіна, Г.​Крываблоцкая, В.​Крывашэева, В.​Маркавец-Бартлава, Н.​Пілюзіна, Л.​Пятруль, Л.​Сівакова, Н.​Сухаверхава і інш.). Новыя прынцыпы комплекснага падыходу да афармлення буйных архітэктурных аб’ектаў, характэрныя для 1970-х г., актыўна ўключылі дэкар.-прыкладное мастацтва ў грамадскі інтэр’ер, надалі яму манум. характар. У сувязі з гэтым развіваюцца новыя ці адраджаюцца забытыя яго віды: габелен, маст. кавальства, чаканка, вітраж. Інтэр’еры палацаў культуры, рэстаранаў, кафэ, гасцініц аздобілі манум. керамічныя пласты, вазы, перагародкі, маст. тканіны, металічныя каваныя рашоткі і пано: габелен «Музыка» ў інтэр’еры Мінскага маст. вучылішча (1975), габелен-заслона і серыя габеленаў для фае Дзярж. тэатра оперы і балета Беларусі (1985, усе А.​Кішчанка), каванае ўбранства — у інтэр’еры рэстарана «Журавінка» (1969), гасцініцы «Турыст» (1973), Дома літаратара ў Мінску (1976, усе Ю.​Любімаў), керамічныя творы ў інтэр’ерах кафэ «Бульбяная» ў Мінску (М.-Несцярэўскі, 1983), гасцініцы «Бярэзіна» ў Барысаве (М.​Байрачны, В.​Прыешкін, Т.​Сакалова, 1982), рэстарана «Заслаўе» (В.​Прыешкін, 1989) і інш. Дэманстрацыяй дасягненняў, праблем і тэндэнцый развіцця стала выстаўка дэкар.-прыкладнога мастацтва «Гармонія і асяроддзе» (1986), якая засведчыла прыкметны працэс станкавізацыі, часам нават адмовы ад прыкладной функцыі і імкненне да стварэння ўзораў скульптурна-пластычнага, жывапіснага, манум.-дэкар. характару. Майстры дэкар.-прыкладнога мастацтва актыўна звяртаюцца да індывідуальных творчых вырашэнняў, новых відаў і жанраў, бяруцца за вырашэнне агульначалавечых, філас. задач, падуладных раней толькі станковым відам мастацтва. Іх творчасць вызначае цікавасць да нац. культуры, фальклору, нар. мастацтва, прыроды, гіст. мінулага.

Складанае становішча перажывае дэкар.-прыкладное мастацтва з канца 1980-х г. Спыніў сваю дзейнасць Маст. фонд Беларусі, што пазбавіла прафес. прыкладное мастацтва эканам. базы, амаль выключыла са сферы манум.-дэкар. мастацтва, тым не менш будаўніцтва або рэканструкцыя арх. аб’ектаў грамадскага прызначэння выклікае неабходнасць у аздабленні іх інтэр’ераў. Комплексным падыходам у вырашэнні задач манум.-дэкар. характару вызначаецца афармленне інтэр’ера Палаца Рэспублікі, які аздобілі габелены-заслоны (В.​Грыдзіна, В.​Крывашэева, Г.​Крываблоцкая, В.​Маркавец-Бартлава, Н.​Пілюзіна), люстры і свяцільнікі з металу і шкла, дэкар. кампазіцыі з металу і інш. Працягваюцца пошукі ў галіне стварэння унікальных выставачных твораў станковага характару. Узоры керамікі, маст. шкла вызначаюцца разнастайнасцю вырашэнняў, складанасцю асацыяцый, шырынёй тэматыкі, шматфункцыянальнасцю. Метафарычнасць многіх твораў часта дасягаецца выразнасцю формаўтварэння, спалучэннем сродкаў дэкар.-прыкладнога мастацтва з набыткамі дызайну, скульптуры, архітэктуры і інш. Дамінуе дэкар. скульптура, вырашаная вобразна і асацыятыўна, нярэдка гэта шматфігурныя кампазіцыі з адвольнай кампаноўкай. Творчыя эксперыменты з рознымі тэхнікамі, пошукі ў галіне формаўтварэння, пластыкі, вобразнасці вызначаюць керамічныя кампазіцыі В.​Калтыгіна, Т.​Кіршчынай, М.​Кляцкова, В.​Прыешкіна, З.​Раўко, Т.​Сакаловай, шкляную пластыку У.​Мурахвера і інш. Не страціў свайго вядучага становішча ў сучасным дэкар.-прыкладным мастацтве габелен. Шырыня тэматыкі, разнастайнасць творчых пошукаў у спалучэнні з эксперыментамі ў галіне тэхналогіі, фактуры і структуры тканін вызначае творы Т.​Белавусавай-Пятроўскай, А.​Бельцюковай, Г.​Гаркунова, Л.​Густавай, В.​Дзёмкінай, Л.​Пуцейкі, А.​Салохінай, Н.​Сухаверхавай і інш. Найб. значны твор — манум. «Габелен стагоддзя» А.​Кішчанкі (1995), афіцыйна прызнаны самым вялікім габеленам свету (14×19 м). Як своеасаблівая рэакцыя на ўсеагульнае захапленне манум.-дэкар. творамі з іх непрыдатнасцю да камернага жылога інтэр’ера заявіў пра сябе міні-габелен (творы В.​Грыдзінай, Г.​Крываблоцкай). Масавую вытворчасць вырабаў утылітарна-маст. прызначэння працягваюць прадпрыемствы маст. прамысловасці: шклозавод «Нёман», Барысаўскі хрусталёвы завод, Мінскі і Добрушскі фарфоравыя заводы, ворсавых дываноў — ААТ «Віцебскія дываны» і «Дываны Брэста», Радашковіцкі завод «Белмастацкераміка» і інш. Пашырэнне індывідуальнага мураванага будаўніцтва выклікала адраджэнне ручнога маст. кавальства, аднаўленне забытых відаў і прыёмаў металаапрацоўкі ў спалучэнні з сучаснымі тэхналогіямі. Прыкметны ўздым характэрны для сучаснага нар. дэкар.-прыкладнога мастацтва. Паралельна з прадпрыемствамі маст. промыслаў, аб’яднаных у канцэрн «Белмастацпромыслы» (1993), адраджаецца індывідуальная маст. творчасць, у т. л. ў выглядзе промыслаў, бытуюць розныя віды маст. апрацоўкі дрэва: упрыгожанне жылля, афармленне грамадскіх пабудоў, стварэнне арыгінальнай мэблі. Сучасныя майстры абапіраюцца на традыцыі нар. мастацтва, набыткі стараж. цэхавых рамёстваў, дасягненні сусветнай культуры.

Літ.:

Яніцкая М.М. Вытокі шкларобства Беларусі. Мн., 1980;

Яе ж. Мастацкае шкло Беларусі. Мн., 1989;

Жук В.І. Сучасная беларуская кераміка. Мн., 1984;

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1984.

Я.​М.​Сахута.

Фрагмент косці з гравіраванай выявай. Неаліт. З паселішча Азёрнае Любанскага раёна.
Слуцкі пояс. 2-я пал. 18 ст.
Урэцка-Налібоцкае шкло. Графін і флеты. 19 ст.
Віцебская кафля. Канец 19 — пач. 20 ст.
Л.​Мягкова. Кампазіцыя «Вечна жывыя». 1984.
У.​Мурахвер. Кампазіцыя «Песня». 1990.
Г.​Крамко. Дэкаратыўная кампазіцыя «Купалле». 1982.
Н.​Пілюзіна. Габелен «Летні дожджык». 1985.

т. 18, кн. 2, с. 663

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕРА́МІКА (грэч. keramike ганчарнае мастацтва ад keramos гліна),

вырабы з прыродных глін і іх сумесей з мінер. і арган. дамешкамі, абпаленыя да каменепадобнага стану. Паводле прызначэння падзяляецца на посуд (сталовы, кухонны, тарны), буд. вырабы (плітка керамічная, цэгла, чарапіца, кафля і інш. вырабы будаўнічай керамікі), рэчы мастацтва, культу (дэкар. вазы, статуэткі, фігуркі, барэльефы, урны пахавальныя) і інш. Паводле гатункаў гліны К. бывае звычайная (з афарбаванай, ажалезненай гліны) і фарфора-фаянсавая (з белай гліны — кааліну). Паводле дамешкаў у глінянае цеста адрозніваюць К. тэракотавую (з чыстай чырванаватай гліны), з арганічнымі (расліннымі) дамешкамі, тоўчанымі ракавінамі, пяском (кварцам), жарствой (тоўчаным каменем), крывавікам (балотнай рудой), шамотам (здробненымі кавалкамі посуду), фарфоравую (з дамешкамі ў каалін кварцу, мармуру, мелу), фаянсавую (з дамешкамі гіпсу) і інш. Стараж. К. нясе ў сабе тэхналагічную, храналагічную (стадыяльную), тэрытарыяльную, культурна-археал. інфармацыю. Тыпы, формы і арнаментацыя гліняных вырабаў (найперш посуду) з’яўляюцца асн. вызначальнымі прыкметамі пэўнай археал. культуры, а часам і этнічнай прыналежнасці. Паводле спосабаў вытв-сці К. падзяляюць на ляпную (вырабленую рукамі) і ганчарную. Па апрацоўцы паверхні керамічны посуд бывае гладкасценны, з адбіткамі шнура (вяроўкі), з расчосамі грэбенем, шурпаты, штрыхаваны, храпкаваты (абляпаны), тэкстыльны (з адбіткамі тканіны), глянцаваны, паліраваны, маёлікавы (гл. Маёліка) і інш.

Вытворчасць глінянага посуду пачалася 8—6 тыс. г. да н.э. ў Пярэдняй Азіі (Месапатамія), на Б. Усходзе і ў Інданезіі. У Еўропе найб. стараж. посуд (6—5,8 тыс. г. да н.э.) знойдзены на Балканскім п-ве (Македонія, Балгарыя). У 5—4 тыс. да н.э. вытв-сць К. стала вядома насельніцтву Валыні, а з канца 5-га тыс. да н.э. плямёнам, якія насялялі тэр. Беларусі. Для стараж. посуду характэрна выкарыстанне раслінных дамешкаў у цесце гліны, якія пры т-ры 300—400 °C часткова выгаралі. Абпал посуду на адкрытым вогнішчы быў слабы, пры т-ры 500—600 °C утвараўся аксід жалеза, што афарбоўваў паверхню ў чырванаваты колер. У жал. веку ў фармовачную масу найчасцей дамешвалі жарству ці буйназярністы пясок, посуд фармавалі стужачна-кальцавым спосабам на спец. цвёрдай падстаўцы. Спачатку выбівалі ці выціскалі донца, потым нарошчвалі сценкі. Абпальвалі ў скляпеністых горнах, дзе т-ра дасягала 1000 °C, калі мінер. дамешкі пачыналі плавіцца, а пазней і 1200—1400 °C, пры якой адбывалася іх крышталізацыя і чарапок набываў «звонкасць». Усх. славяне ганчарны посуд пачалі вырабляць у сярэдзіне 10 ст. Першапачаткова ганчарны круг выкарыстоўвалі толькі для загладжвання ўжо гатовага начыння ці частковай яго фармоўкі. Асн. яго формай былі гаршкі, вырабленыя на павольным крузе.

На Беларусі са з’яўленнем нажнога ганчарнага круга стаў выкарыстоўвацца спосаб тачэння або выцягвання пасудзіны з аднаго кавалка гліны. Вельмі шмат ганчарнай К. ў культурных пластах гарадоў 12—13 ст. Асабліва добра К. абпальвалася ў горне (гл. Ганчарны горан). Пасля прыняцця хрысціянства (988) у гарадах Кіеўскай Русі, у т. л. на Беларусі, разгарнулася буд-ва мураваных цэркваў, што адразу расшырыла асартымент К. З гліны пачалі вырабляць плінфу (шырокую плітачную цэглу), архітэктурныя дэталі, у т. л. галаснікі; для аздаблення падлогі і сцен выраблялі пліткі, якія часам пакрывалі паліхромнымі палівамі. У 14 ст. з’явілася, а ў 16—17 ст. шырока распаўсюдзілася брусковая буйнапамерная цэгла-пальчатка з адбіткамі і баразёнкамі ад пальцаў. Частка цэглы перапальвалася і ператваралася ў цэглу-жалязняк цёмна-шэрага колеру, што выкарыстоўваўся на дэкор. У гэты час ганчары навучыліся загартоўваць посуд у растворы хлебнага квасу, у выніку з’явілася «абварная», «гартаваная», «рабая» К., дэкор якой меў выгляд плям на светла-ружовым фоне. У 14 ст. рамеснікі ВКЛ перанялі ў ням. майстроў уменне вырабляць кафлю і абліцоўваць ёю печы. Аб’яднанне рамеснікаў у цэхі ў сярэдзіне 16 ст. і асваенне нажнога ганчарнага круга садзейнічалі павышэнню якасці К. Посуд стаў больш тонкі і сіметрычны, пашырыўся яго асартымент. Пачалі вырабляць курыльныя люлькі, скарбонкі, цацкі-свістулькі і інш. рэчы. Прадукцыя ганчароў паступала на рынкі, набывала таварны характар. Шмат белаглінянага посуду — т.зв. «каменнага тавару» — трапляла ў 16 ст. ў гарады Беларусі з Рэйнскай вобласці. З 15 — пач. 16 ст. посуд і кафлю пакрывалі пераважна зялёнай палівай, з сярэдзіны 16 ст. пачалі рабіць маёлікавы посуд і кафлю, аздобленыя паверх нізкарэльефнага малюнка жоўтай, белай, зялёнай эмаллю не ражком, як гэта было ў 12—15 ст., а пэндзлем непасрэдна па непрасушаным чарапку. Для дэкарыравання посуду выкарыстоўвалі дымленне, глянцаванне, падглазурную размалёўку — ангобам, а надглазурную — эмалямі. Росквіт вытв-сці паліхромнай кафлі на Беларусі ў 16—17 ст. дазволіў экспартаваць яе ў Маскоўскую дзяржаву. У 17 ст. на Беларусі з’явіўся маёлікавы посуд, рэчы, аздобленыя кобальтавай размалёўкай. У 18 — пач. 19 ст. пачаўся выраб фаянсу ў Целяханах, Слуцку і інш. гарадах. У 19—20 ст. К. пераважна вырабляюць на прамысл. прадпрыемствах. Тэхнал. працэс вырабу прамысл. К. ўключае апрацоўку сыравіны, прыгатаванне керамічнай масы, фармаванне, сушку і абпал вырабаў, дэкаратыўную аддзелку.

К. мастацкая — галіна дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Асн. тэхнал. віды маст. К. — тэракота, шамот, маёліка, фаянс, каменная маса, фарфор.

Вырабы з гліны (выявы жывёл і чалавека) вядомы з палеаліту (фігуркі з Дольні-Вестаніцы, Чэхія, 27 тыс. г. да н.э.). З позняга палеаліту і ў неаліце вядома абпальванне вырабаў з гліны (рэльефныя выявы жывёл у пячоры Цюк-д’Адубер, Францыя). Выразныя магчымасці К. павялічваліся з удасканаленнем спосабаў вырабу (ад лепкі ўручную да фармоўкі на ганчарным крузе), абпальвання (ад вогнішча да ганчарнага горна) і аздаблення посуду (ад нескладанага ямкавага арнаменту для глянцавання, лакаў, ангобу, палівы і шматкаляровай размалёўкі; гл. Ганчарства). Імкненне атрымаць тонкую і прыгожую К. прыводзіла майстроў розных краін і эпох да адных і тых жа адкрыццяў. Напр., вытв-сць фаянсу і глазураў, вядомая стараж. егіпцянам у 15 ст. да н.э., была зноў вынайдзена ў 3—4 ст. н.э. ў Кітаі, у 9—10 ст. у краінах Б. Усходу, у 16 ст. ў Францыі. Сакрэт фарфору, вядомага ў Кітаі з 6—7 ст., адкрылі ў 1-й пал. 18 ст. самастойна рус. і ням. майстры (мейсенскі фарфор), у 2-й пал. 18 ст. — у Францыі (сеўрскі фарфор). У Францыі і Англіі былі створаны блізкія да фарфору разнавіднасці К. — т.зв. мяккі і «касцяны» фарфор. Важнае месца ў гісторыі К. належыць Стараж. Грэцыі, дзе выпрацаваны разнастайныя формы пасудзін (амфара, ваза, кіяф, кілік, скіфас і інш.), упрыгожаныя чорна- і чырваналакавай размалёўкай (гл. Вазапіс), былі пашыраны ляпныя і размаляваныя тэракотавыя статуэткі. Высокага маст. ўзроўню дасягнула К. амер. індзейцаў, якія да 16 ст. не ведалі ганчарнага круга (тэракотавыя статуэткі майя, фігурныя пасудзіны і маскі ацтэкаў, «тваравыя» пасудзіны інкаў). Высокім маст. узроўнем вызначаюцца кіт. фарфор 9—17 ст., блізкаўсходні паліхромны з люстрам посуд і арх. абліцоўкі 9—15 ст. (дэкор пабудоў Самарканда, Бухары і інш.), іспана-маўрытанская (14—15 ст.) і італьян. (15—17 ст.) маёліка, фаянсы Руана, Сеўра (16—18 ст.), рас. фарфор, фаянс (гл. Гжэльская кераміка. Дулёўскі фарфоравы завод) і вырабы нар. маст. промыслаў (гл. Дымкаўская цацка, Скапінская кераміка). З пач. 20 ст. з пашырэннем функцыяналізму ў К. краін Еўропы і ЗША вёўся пошук простых, часам без дэкору форм, разлічаных на прамысл. вытв-сць (распрацоўкі «Баўгауза» ў Германіі і інш.). У 1950-я г. прамысл. К. імкнулася да рацыянальнай прастаты, выяўлення утылітарнасці прадмета, структурных і фактурных якасцей матэрыялу. Для дэкору характэрна разнастайнасць тэхнік (новыя віды эмалі, палівы), стылявых тэндэнцый, кантрастных супастаўленняў з інш. матэрыяламі. З 1960-х г. адбываецца адыход ад строгай функцыянальнасці і імкненне наблізіцца да станковых форм. У галіне К. працуюць буйнейшыя мастакі і архітэктары.

На тэр. Беларусі керамічныя вырабы (прадметы хатняга ўжытку) вядомы з неаліту (гл. ў арт. Першабытнае мастацтва). Лепленыя ўручную вастрадонныя гаршкі ўпрыгожвалі наколкамі, адбіткамі грэбеня, пракрэсленымі лініямі, пазней арнаментавалі ўсю паверхню. У бронзавым веку была пашырана шнуравая К., у жал. веку пераважала штрыхаваная, гладкасценная і чорназадымленая. Выкарыстанне ганчарнага круга, павышэнне якасці апрацоўкі гліны садзейнічалі таму, што з 10 ст. керамічныя вырабы сталі больш якасныя, пластычна выразныя і разнастайныя па форме. У сярэдневякоўі склаліся традыц. асаблівасці К. Практычную і эстэт. каштоўнасць гліняных вырабаў павялічыла выкарыстанне глазуры. Керамічны посуд аздаблялі гравіраваным лінейна-хвалістым узорам, штрыхамі, кропкамі. Выраблялі таксама арх. дэталі, збаны-галаснікі, паліхромныя абліцовачныя пліткі (гл. Плітка дэкаратыўная). У 16—18 ст. інтэнсіўна развівалася вытв-сць кафлі. Пра шырокае ўжыванне маст. К. ў 17 ст. сведчаць інтэр’еры маскоўскіх і падмаскоўных храмаў, манастыроў і палацаў, якія аздаблялі выхадцы з Беларусі, майстры-цаніннікі С.Палубес, П.Заборскі, І.Максімаў, С.Грыгор’еў, старац Іпаліт і інш. У 18 — пач. 19 ст. пачаўся выраб фаянсу ў Свержані (Стаўбцоўскі р-н), Целяханах (Івацэвіцкі р-н; гл. Целяханскія фаянсавыя вырабы), Гродне, Урэччы, Слуцку. Фаянсавыя вырабы аздаблялі рэльефным арнаментам, маскаронамі, шматколернай размалёўкай і пазалотаю. Склаліся цэнтры маст. К., сфарміраваліся самабытныя школы дэкар. размалёўкі, мясц. маст. стылі (гл. Бабінавіцкая кераміка, Бабруйская кераміка, Гараднянская кераміка, Гарадоцкая кераміка, Дубровенская кераміка, Заслаўская кераміка, Івянецкая кераміка, Крычаўская кераміка, Поразаўская кераміка і інш.). Да традыц. відаў маст. К. адносяцца і гліняная скульптура, цацкі-свістулькі і інш. У 19 — пач. 20 ст. К. выраблялі на кафляных і фаянсавых з-дах у Целяханах, Слуцку, Барысаве, Магілёве; буйнейшы цэнтр вытв-сці — Копысь Аршанскага р-на (гл. Копыская кафля, Копыская кераміка). У 1925—29 існавала аддзяленне маст. К. ў Віцебскім маст. тэхнікуме. У 1920—40-я г. на базе нар. ганчарнага рамяства створаны арцелі (у Барысаве, Івянцы, Бабруйску, Бабінавічах Лёзненскага, Ракаве Валожынскага р-наў); з 1948 працуе фаянсавы з-д у Мінску. Лепшыя тагачасныя творы К. адметныя пошукам новых дэкар. магчымасцей у прыродных формах. Выраблялася таксама настольная дэкар. скульптура, гал. ч. з фарфору. У 1959 створана керамічная майстэрня пры Маст. фондзе БССР. У 1961 адкрыта аддзяленне дэкар.-прыкладнога мастацтва, у 1964 — кафедра маст. керамікі ў Бел. тэатр.-маст. ін-це (цяпер Бел. АМ). З 1963 працуе керамічны цэх Барысаўскага камбіната прыкладнога мастацтва. Значны ўклад у развіццё маст. К. ў гэты час зрабілі Ф.​Зільберт, М.​Бяляеў, В.​Гаўрылаў, Т.​Паражняк. Для мастакоў-керамістаў гэтага перыяду характэрна імкненне да выяўлення прыгажосці матэрыялу, шырокае выкарыстанне кантрастаў яго фактур, матэрыялаў, якія раней лічыліся немастацкімі (напр., шамот), смелае спалучэнне колераў, распрацоўваліся новыя віды эмалей і глазураў. У 1960-я г. павялічылася цікавасць да унікальнай К., якая ў 1970-я г. набыла станковы характар, да традыцый нар. творчасці (работы Л.​Панамарэнкі, М.​Шаўцовай, М.​Кляцкова, Ф.​Шостака). З 1978 працуе Добрушскі фарфоравы завод, з 1979 — аб’яднанне «Беларуская мастацкая кераміка». Маст. К. развіваецца ў 2 кірунках: адны мастакі амаль адышлі ад масавай бытавой К. і ствараюць пераважна свабодныя дэкар. формы, арх. К., другія паслядоўна прадаўжаюць традыцыі нар. мастацтва. У творчасці мастакоў першага кірунку відавочна імкненне парушыць канструкцыйна-прадметную сутнасць твора, іх работам уласцівы своеасаблівасць пластычных сродкаў, складаныя асацыяцыі, сімволіка. Дэкар. рэчы ствараюцца ў формах, блізкіх да скульптуры і жывапісу. Пашыранымі сталі блізкія да скульптуры малых форм керамічныя пано і размаляваныя рэльефы. Сярод мастакоў-керамістаў 1980—90-х г. М.​Байрачны, В.​Грыгарышына, В.​Данчук, А.​Дзятлава, А.​Зіменка, В.​Калтыгін, Т.​Кіршчына, А.​Концуб, У.​Кузняцоў, Н.​Кухарэнка, С.​Ларчанка, А.​Паддубны, У.​Паражняк, Э.​Позняк, В.​Прыешкін, Г.​Пусеў, Т.​Пятроўская, Т.​Сакалова, А.​Сурмач, У.​Угрыновіч і інш.

Літ.:

Беларуская кераміка. Мн., 1984;

Бобринский А.А. Гончарство Восточной Европы: Источники и методы изучения. М., 1978;

Акунова Л.Ф., Крапивин В.А. Технология производства и декорирование художественных керамических изделий. М., 1984.

Н.​І.​Здановіч, Г.​К.​Штыхаў, М.​М.​Яніцкая, В.​І.​Жук (К. мастацкая).

Да арт. Кераміка. Дама з мопсам. Мейсен. Каля 1740.
Да арт. Кераміка. Паднос. Кітай. 18 ст.
Да арт. Кераміка. Керамічная лямпа са Скальнага храма ў Іерусаліме. 1549.
Да арт. Кераміка. У.​Кузняцоў. Дэкаратыўная скульптура «Купава» ў Мінску. 1970.
Да арт. Кераміка. У.​Угрыновіч. Дэкаратыўная кампазіцыя «Развіццё». 1980.
Да арт. Кераміка. С.​Палубес. Чатыры апосталы. Рэльеф. Маёліка. 2-я пал. 17 ст.
Да арт. Кераміка. Т.​Сакалова. Кампазіцыя «З’яўленне». Шамот, эмаль. 1994.

т. 8, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАДЖЭ́ННЕ,

анаэробны ферментатыўны акісляльна-аднаўляльны працэс расшчаплення (катабалізму) арган. рэчываў, што адбываецца ў жывых арганізмах і эксперым. умовах пераважна пад уздзеяннем мікраарганізмаў або вылучаных з іх ферментаў. Зыходным субстратам для браджэння з’яўляюцца гал. ч. вугляводы, арган. к-ты, пурыны і пірымідзіны. Пры браджэнні ў выніку шэрагу спалучаных акісляльна-аднаўляльных рэакцый вызваляецца энергія, неабходная для жыццядзейнасці арганізмаў, і ўтвараюцца хім. злучэнні, што выкарыстоўваюцца імі для біясінтэзу амінакіслот, бялкоў, тлушчаў і інш. «будаўнічых» кампанентаў цела (некаторыя бактэрыі, мікраскапічныя грыбы і прасцейшыя жывуць толькі за кошт энергіі браджэння). Адначасова назапашваюцца канчатковыя прадукты браджэння: у залежнасці ад віду зброджвальнага субстрату і шляхоў яго метабалізму ўтвараюцца спірты (этанол і інш.), карбонавыя к-ты (малочная, алейная і інш.), ацэтон і інш. арган. злучэнні, вуглякіслы газ, у шэрагу выпадкаў — вадарод. Паводле ўтварэння асн. прадуктаў адрозніваюць браджэнне спіртавое, малочнакіслае, масленакіслае, прапіёнавакіслае, ацэтона-бутылавае, ацэтона-этылавае і інш. Характар і інтэнсіўнасць браджэння, колькасныя суадносіны канчатковых прадуктаў, а таксама кірунак залежаць ад асаблівасцяў яго ўзбуджальніка і ўмоў, пры якіх яно адбываецца (pH, ступень аэрацыі, від субстрату і інш.). Найб. вывучана спіртавое браджэнне.

Спіртавое браджэнне адкрыў франц. вучоны Каньяр дэ ла Тур (1836), які вызначыў, што яно звязана з ростам і размнажэннем дражджэй. Хім. ўраўненне спіртавога браджэння — C6H12O6∙2C2H5OH + 2CO2 выведзена франц. хімікамі А.​Лавуазье (1789) і Ж.​Гей-Люсакам (1815). Л.​Пастэр (1857) вызначыў, што спіртавое браджэнне выклікаюць толькі жывыя дрожджы ў анаэробных умовах. Ням. хімік Э.​Бухнер (1897) высветліў, што яго могуць ажыццяўляць таксама выцяжкі з дражджэй. Пры т-ры, роўнай або большай за 50 °C, працэс браджэння спыняецца. Вылучаны і ідэнтыфікаваны 11 метабалітаў гэтага працэсу — прамежкавых прадуктаў спіртавога браджэння глюкозы і 11 ферментаў, што паслядоўна каталізуюць усе рэакцыі і спіртавога браджэння (сумарнае ўраўненне якога C6H12O6 + 2H3PO4 + 2АДФ → 2CH3CH2OH + 2CO2 + 2АТФ). Існуе цесная сувязь паміж браджэннем і дыханнем мікраарганізмаў, раслін і жывёл. У прысутнасці кіслароду спіртавое браджэнне прыгнечваецца ці зусім спыняецца. Працэс ператварэння глюкозы ў жывых арганізмах (гліколіз) падобны да спіртавога браджэння і ідзе з удзелам тых жа ферментаў (адметныя рысы ён набывае на апошніх этапах). Зброджванне вугляводаў (глюкозы, ферментатыўных гідралізатаў крухмалу, кіслотных гідралізатаў драўніны) шырока выкарыстоўваецца ў многіх галінах прам-сці з мэтай атрымання этылавага спірту, гліцэрыну і інш. тэхн. і харч. прадуктаў. На спіртавым браджэнні заснаваны прыгатаванне цеста ў хлеба-пякарнай прам-сці, малочнакіслых прадуктаў, вінаробства і піваварэнне. Малочнакіслае браджэнне бывае гомаферментатыўнае (яго асн. прадукт — малочная к-та; выклікаецца бактэрыямі Streptococcus lactis, S. diacetilactis, Lactobacillus delbrückii) і гетэраферментатыўнае (акрамя малочнай утвараюцца бурштынавая і воцатная к-ты, этанол і інш.; выклікаецца бактэрыяй Escherichia coli — кішачнай палачкай). Малочнакіслае браджэнне выкарыстоўваюць пры вырабе кісламалочных прадуктаў, малочнай к-ты, у хлебапячэнні, квашанні агародніны, сіласаванні кармоў і інш. Масленакіслае браджэнне вугляводаў з утварэннем масленай к-ты ажыццяўляюць многія анаэробныя бактэрыі з роду Clostrobium; выкарыстоўваецца для атрымання масленай к-ты, пры вымочванні валакністых раслін (лёну, канапель, джуту і інш.). Ацэтона-бутылавае браджэнне вугляродаў з утварэннем бутылавага спірту і ацэтону (таксама невял. колькасці вадароду, вуглякіслага газу, воцатнай і масленай к-т і этылавага спірту) выклікае бактэрыя Clostridium acetobutilicum; выкарыстоўваюцца для прамысл. атрымання бутылавага спірту і ацэтону, неабходных для хім. і лакафарбавай прам-сці. Некаторыя бактэрыі з роду Clostridium (гніласныя анаэробы) здольныя зброджваць таксама амінакіслоты бялкоў. Гэты працэс мае вял. значэнне ў кругавароце рэчываў у прыродзе. Прапіёнавакіслае браджэнне вугляводаў з утварэннем вуглякіслага газу, прапіёнавай і воцатнай к-т выклікаюць некалькі відаў бактэрый з роду Propionibacterium. На гэтым працэсе заснавана сыраробства. Ёсць віды браджэння, якія суправаджаюцца і аднаўленчымі працэсамі, напр. зброджванне цукру плесневым грыбам Aspergillus niger, які да 90% засвоенага ім цукру ператварае ў лімонную к-ту, што выкарыстоўваецца ў харч. прам-сці для мікрабіял. сінтэзу лімоннай к-ты. Традыцыйна браджэнне называюць таксама кіслародныя акісляльныя працэсы, напр. воцатнакіслае і глюконавакіслае браджэнне, што ажыццяўляюць аэробныя бактэрыі з роду Acetobacter і некаторыя плесневыя грыбы, якія акісляюць этылавы спірт з утварэннем воцатнай, а глюкозу — глюконавай к-т.

Літ.:

Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ. Т. 2. М., 1985;

Кретович В.Л. Биохимия растений. 2 изд. М., 1986.

А.​М.​Ведзянееў.

т. 3, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЙНО́Й РАГА́ТАЙ ЖЫВЁЛЫ ГАДО́ЎЛЯ,

галіна жывёлагадоўлі па развядзенні буйной рагатай жывёлы на мяса, малако, скуры. Выкарыстоўваюцца таксама крывяная і касцявая мука і інш. У шэрагу слабаразвітых краін буйн. раг. жывёлу выкарыстоўваюць як цяглавую і трансп. сілу. Сярод прадуктаў, якія спажываюцца ў свеце, на долю каровінага малака прыпадае каля 90% малочных прадуктаў, на ялавічыну — каля 50% мяса. Існуюць разнастайныя віды буйн. раг. жывёлы: еўрап. жывёла, зебу, буйвалы, які і інш. Сярод свойскай жывёлы буйн. рагатая па колькасці займае 1-е месца ў свеце — каля 1,5 млрд. галоў. Размяшчаецца яна параўнальна раўнамерна ва ўмераных і субтрапічных кліматычных зонах, але розныя краіны рэзка адрозніваюцца па яе прадукцыйнасці. 1-е месца па пагалоўі займае Індыя (больш за 250 млн.), потым ідуць Бразілія, Кітай, ЗША (больш за 100 млн.), Расія, Аргенціна (больш за 50 млн.). З краін Зах. Еўропы вылучаюцца Францыя, Германія, Вялікабрытанія і Польшча. Галіна мае інтэнсіўны тып (добрае ўтрыманне і вельмі высокая прадукцыйнасць) у развітых краінах Еўропы, ЗША, Канадзе, Новай Зеландыі, часткова ў Аўстраліі, Аргенціне, Уругваі. У краінах Азіі, Афрыкі, Лац. Амерыкі буйной рагатай жывёлы гадоўля экстэнсіўнага тыпу, жывёла нізкапрадукцыйная. У гэтых рэгіёнах значную частку статка складае рабочая жывёла. Вытв-сць мяса і малака на 1 галаву буйн. раг. жывёлы ў краінах Афрыкі ў 7 разоў, на Б. Усходзе ў 4 разы меншая, чым у Зах. Еўропе. Вял. попыт гар. насельніцтва ў Еўропе і Паўн. Амерыцы на мяса-малочныя прадукты абумовіў стварэнне і гадоўлю парод высокапрадукцыйнай жывёлы, выкарыстанне індустр. тэхналогій утрымання і кормазабеспячэння, актыўнае развіццё ветэрынарыі і зоатэхн. навукі. Сярэднія надоі малака на 1 карову там складаюць 8—10 тыс. л і болей, а высокі выхад ялавічыны на 1 галаву буйн. раг. жывёлы дасягнуты стварэннем мясных парод. Гал. вытворцы ялавічыны ў свеце ЗША, Аргенціна, Бразілія, Францыя, Германія, Вялікабрытанія, Аўстралія, Новая Зеландыя, дзе на душу насельніцтва атрымліваюць па 100 кг і больш мяса за год. Спецыялізаваная малочная жывёлагадоўля развіта ў Францыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Скандынаўскіх і Прыбалтыйскіх краінах, многіх раёнах Расіі, у Новай Зеландыі.

Буйн. раг. жывёлу гадуюць на Беларусі з глыбокай старажытнасці (на Пд прыкладна з 4—3-га тыс. да н.э.). У 19 ст. сяляне трымалі малапрадукцыйную жывёлу мясц. пароды пераважна на ўласныя патрэбы. Таварная гадоўля пераважала ў памешчыцкіх маёнтках. Прадукцыя (пераважна малочныя вырабы) часткова вывозілася ў Расію і за мяжу. У 1916 было 2,3 млн. галоў буйн. раг. жывёлы, у т. л. 1,6 млн. кароў.

На пач. 1995 было 5404 тыс. галоў, што значна меней, чым на пач. 1991 (6975 тыс. галоў ва ўсіх катэгорыях гаспадарак). Надой малака на 1 карову ў 1994 склаў 2509 кг (у 1990 — 3058 кг). Зніжэнне паказчыкаў звязана, як і ў інш. галінах сельскай гаспадаркі, з пагаршэннем мат.-тэхн. і фінансавага стану галіны ў 1-й пал. 1990-х г. Больш развіта буйной рагатай жывёлы гадоўля на З рэспублікі — у Гродзенскай, Брэсцкай, часткова Мінскай абласцях, што абумоўлена больш інтэнсіўным земляробствам, лепшай арганізацыяй кормавытворчасці, развітой мат.-тэхн. базай (гл. табл.). Развіваецца племянная жывёлагадоўля. У рэспубліцы гадуюць буйн. раг. жывёлу пераважна чорна-пярэстай пароды, а таксама чырв. беларускай, бурай латвійскай, кастрамской, сіментальскай, швіцкай парод.

Н.​І.​Жураўская.

Найважнейшыя паказчыкі развіцця гадоўлі буйной рагатай жывёлы ў Беларусі (1994, усе катэгорыі гаспадарак)
Вобласці і рэспубліка Надой малака на 1 карову, кг На 100 га с.-г. угоддзяў Вытворчасць на душу насельніцтва, кг
колькасць галоў буйной раг. жывёлы, на 1.1.1995 г. рэалізацыя мяса буйн. раг. жывёлы, забойная вага, ц вытворчасць малака, ц мяса, забойная вага малака
Брэсцкая 2619 67,2 54,6 687 92 663
Віцебская 2298 52,2 33,1 512 77 610
Гомельская 2316 59,2 41,0 538 65 483
Гродзенская 2803 61,4 45,2 689 104 727
Магілёўская 2524 49,0 34,6 473 70 539
Мінская 2519 61,9 42,3 675 107* 794*
Беларусь 2509 58,4 41,5 596 70 532

* Без г. Мінск (з улікам насельніцтва Мінска ў вобласці атрымана мяса 51 кг, малака 386 кг).

т. 3, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНА́,

вырашэнне сродкамі ўзбр. насілля эканам., нац., грамадска-паліт., рэліг., тэр. і інш. супярэчнасцей паміж дзяржавамі, народамі, нацыямі і сац. групамі. Гал. сродкі вядзення вайны — узбр. сілы, армія, інш. ваенізаваныя фарміраванні. Вайна, як правіла, вядзе да буйных чалавечых ахвяр, страты матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, разбуральна ўздзейнічае на грамадства.

У першабытнаабшчынным грамадстве ўзбр. сутыкненні родаў і плямён былі разнавіднасцю барацьбы за выжыванне. З узнікненнем дзяржавы як органа ажыццяўлення ўнутр. і знешняй палітыкі пануючых класаў вайна набыла грамадска-паліт. змест, што запатрабавала стварэння спец. атрада ўзбр. людзей — арміі. Узбр. насілле станавілася ўсё больш дзейсным сродкам узбагачэння, узмацнення эканам. і паліт. панавання, заняволення народаў. Як мера ў адказ на сац. насілле і эксплуатацыю барацьба заняволеных народаў нярэдка набывала форму грамадзянскай вайны або вызваленчай.

Войны класіфікуюць паводле вылучэння найб. істотных падстаў для іх развязвання. Найб. агульныя і найчасцей выкарыстоўваліся сац.-паліт., ваен.-тэхн., маштабныя (колькасныя), гіст. падставы. Паводле сац.-паліт. падстаў войны падзяляюць на роды, тыпы і віды, кожны з іх аб’ядноўвае пэўныя групы войнаў, якія маюць падобныя сац.-паліт. прыкметы. У сучаснай ваен. тэорыі пашыраны падзел войнаў на справядлівыя і несправядлівыя. Да справядлівых адносяць войны народаў за вызваленне ад эксплуатацыі і нац. прыгнёту або для абароны сваёй краіны ад агрэсіі; несправядлівыя войны накіраваны на задушэнне нац.-вызв. барацьбы, захоп чужых тэрыторый, заняволенне і рабаванне інш. народаў і г.д. Сіламі міжнар. рэакцыі падрыхтаваны і развязаны першая сусветная вайна 1914—18, самая вял. і кровапралітная ў гісторыі чалавецтва другая сусветная вайна 1939—45. Састаўной часткай апошняй была справядлівая Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. У перыяд навук.-тэхн. прагрэсу войны становяцца асабліва разбуральныя. Уступленне чалавецтва ў 2-й пал. 20 ст. ў ядзерны век істотным чынам змяніла змест войнаў, адносіны да іх сусв. супольніцтва. Пагроза ядзернай вайны паставіла перад чалавецтвам пытанне пра неабходнасць выключэння войнаў як сродку вырашэння любых міждзярж. і ўнутрыдзярж. спрэчак. Статут ААН замацаваў прынцып забароны вайны. У 1974 29-я сесія Генеральнай асамблеі ААН прыняла спец. рэзалюцыю «Аб вызначэнні агрэсіі», паводле якой для дзяржавы-агрэсара прадугледжана паліт. і матэрыяльная адказнасць, а асобы, вінаватыя ў планаванні, падрыхтоўцы і развязванні вайны (агрэсіі), нясуць крымін. адказнасць. Такая ж мера пакарання выкарыстана Нюрнбергскім і Такійскім міжнар. трыбуналамі ў 1945 у адносінах да ваен. злачынцаў фаш. Германіі і мілітарысцкай Японіі, якія развязалі 2-ю сусв. вайну.

Сац. і маральны прагрэс з’яўляецца гіст. перадумовай выключэння вайны з жыцця грамадства і ўсталявання трывалага міру і згоды на зямлі. Практыка міжнар. жыцця ўсё больш схіляецца да ідэі мірнага суіснавання, спынення гонкі ўзбраенняў, абмежавання, скарачэння і ліквідацыі назапашаных сродкаў вядзення вайны (гл. Раззбраенне). Ажыццяўляюцца меры па стварэнні матэрыяльных гарантый міжнар. бяспекі; паміж вядучымі дзяржавамі заключаны пагадненні па аслабленні пагрозы вайны. Падзеі канца 1980 — пач. 1990-х г.: аб’яднанне Германіі, спыненне супрацьстаяння блокаў ваенных пасля роспуску арганізацыі Варшаўскага Дагавора 1955, выступленне сіл шматнацыянальнай кааліцыі супраць анексіі Іракам Кувейта, супрацоўніцтва краін у рамках праграмы Арганізацыі паўночна-атлантычнага дагавора (НАТО) «Партнёрства дзеля міру» па спыненні грамадз. вайны ў Босніі і Герцагавіне і г.д., — зрабілі ўплыў на ўсю структуру сучасных міжнар. адносін, павысілі аўтарытэт і ролю ААН, АБСЕ, выявілі значэнне міжнар. супрацоўніцтва ў справе процістаяння войнам і агрэсіі. Аднак у розных рэгіёнах свету не затухаюць ваен. канфлікты, гінуць людзі, знішчаюцца матэрыяльныя і культ. каштоўнасці, а на ваен. падрыхтоўку затрачваюцца вял. сродкі.

Тэр. Беларусі з-за яе геагр. становішча неаднаразова на працягу апошніх стагоддзяў станавілася арэнай самых актыўных ваен. дзеянняў, якія прывялі да вял. матэрыяльных і людскіх страт (у 2-ю сусв. вайну Беларусь страціла каля 2,5 млн. жыхароў). Пасля набыцця незалежнасці і прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 у знешняй палітыцы Беларусі перш за ўсё замацаваны прынцыпы роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутр. справы інш. дзяржаў. Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а дзяржаву — нейтральнай. Прапаганда вайны, паводле нац. заканадаўства, з’яўляецца злачынствам і праследуецца ў крымін. парадку.

Літ.:

Фуллер Дж.Ф. Вторая мировая война 1939—1945 гг.: Пер. с англ. М., 1956;

Вержховский Д.В., Ляхов В.Ф. Первая мировая война 1914—1918 гг. М., 1964;

Кибернетика, ноосфера и проблемы мира. М., 1986.

Г.​А.​Маслыка.

т. 3, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛА́НС (франц. balance літар. вагі) у эканоміцы, сістэма паказчыкаў, якая характарызуе пэўную з’яву праз супастаўленне асобных яе частак (бакоў), якія павінны ўраўнаважваць адна адну. Дае магчымасць скаардынаваць патрэбнасці і рэсурсы, сувымяраць затраты і вынікі вытв.-гасп. дзейнасці на асобных прадпрыемствах, у галінах эканомікі ці маштабе ўсёй нар. гаспадаркі, у межах пэўных рэгіёнаў ці ўсёй краіны. Як правіла, баланс складаецца з 2 частак: 1-я характарызуе ўтварэнне рэсурсаў па крыніцах паступлення, 2-я — іх размеркаванне па кірунках выкарыстання.

Асобныя віды ці элементы балансу выкарыстоўваліся ў эканам. практыцы здаўна. У 18 ст. шатландскі эканаміст Дж.​Сцюарт увёў тэрмін «плацежны баланс». На пач. 20 ст. ў Вялікабрытаніі і ЗША прапанавана методыка яго складання, стандартызаваная Лігай Нацый і Міжнар. валютным фондам для ўсіх краін свету. Пазней сістэма балансу і балансавы метад распрацаваны ў СССР і выкарыстоўваліся ў сацыяліст. краінах, у т. л. на Беларусі, як найважнейшы інструмент планавай эканомікі. У краінах з развітой рыначнай эканомікай выкарыстоўваюцца міжнар. сістэма нацыянальных рахункаў, але не выключаецца і магчымасць выкарыстання балансу. Напрыклад, у 1930-я г. В.​Лявонцьеў з дапамогай міжгаліновага балансу вывучаў структуру амер. эканомікі. Гэты метад атрымаў назву «затраты—выпуск».

Самы пашыраны — бухгалтарскі баланс, які з’яўляецца асн. дакументам бухгалтарскай справаздачнасці прадпрыемстваў і ўстаноў. Ён складаецца ў форме 2 табліц — актыву (адлюстроўвае склад, размяшчэнне і выкарыстанне гасп. сродкаў) і пасіву (крыніцы ўтварэння гэтых сродкаў і іх мэтавае прызначэнне). Астатнія балансы падзяляюцца на матэрыяльныя, вартасныя і балансы нар. гаспадаркі (з яго састаўнымі часткамі). Матэрыяльныя балансы адлюстроўваюць вытв-сць і выкарыстанне відаў прадукцыі, сыравіны, матэрыялаў, наяўнасць і выкарыстанне вытв. магутнасцяў, абсталявання, асн. фондаў і інш.; распрацоўваюцца ў фіз. адзінках, умоўна-натуральным і вартасным выражэнні. З матэрыяльных балансаў найб. пашыраныя: паліўна-энергетычны (характарызуе наяўнасць, размеркаванне і выкарыстанне паліва і энергіі); вытворчых магутнасцяў [паказвае наяўныя магутнасці на пач. і канец пэўнага перыяду, іх рух (прырост, выбыццё), ступень выкарыстання ў выпуску канкрэтных відаў прамысл. прадукцыі]; машын і абсталявання (адлюстроўвае іх наяўныя рэсурсы і размеркаванне па відах выкарыстання); асноўных фондаў (характарызуе іх узнаўленне ў маштабе нар. гаспадаркі, галіны эканомікі, а таксама па формах уласнасці). Да матэрыяльных балансаў адносяць таксама балансы зямельных угоддзяў, с.-г. прадукцыі, кармоў і інш. Вартасныя балансы адлюстроўваюць утварэнне даходаў з усіх крыніц паступлення і іх размеркаванне па кірунках выкарыстання. З вартасных балансаў найб. пашыраны: баланс грашовых даходаў і расходаў насельніцтва па краіне, яе асобных рэгіёнах, па сац. групах для разліку рэальных даходаў і пакупніцкай здольнасці насельніцтва, попыту і прапаноў на тавары, рэгулявання грашовага абарачэння і эмісіі грошай; баланс фінансавых рэсурсаў — прагнозна-аналітычны дакумент, паказчыкі якога з’яўляюцца асновай для распрацоўкі дзярж. бюджэту, абгрунтавання падатковай, цанавой і крэдытнай палітыкі краіны; плацежны баланс адлюстроўвае знешнеэканам. аперацыі краіны за пэўны перыяд (ён актыўны, калі сума грашовых паступленняў перавышае суму расходаў і плацяжоў, і пасіўны, калі сума расходаў і плацяжоў большая за суму паступленняў); гандлёвы баланс — суадносіны экспарту і імпарту тавараў у краіне, аснова плацежнага балансу. Сярод працоўных балансаў асн. з’яўляецца баланс працоўных рэсурсаў, які складаецца па краіне, абласцях і раёнах, уключае звесткі пра наяўныя рэсурсы і пра іх выкарыстанне па сферах, галінах і відах занятасці.

З 1926 у СССР, у т. л. БССР, распрацоўваўся баланс народнай гаспадаркі для характарыстыкі працэсу грамадскага ўзнаўлення, яго маштабаў, тэмпаў, прапорцый, стану і тэндэнцый развіцця ўнутр. эканам. сувязяў. Ён складаўся з 4 асн. раздзелаў: баланс сукупнага грамадскага прадукту, нац. даходу, працоўных рэсурсаў і зводнай табліцы, якая абагульняла ўсе раздзелы і адлюстроўвала збалансаванасць асн. элементаў нар. гаспадаркі. Аднак сістэма разлікаў, асабліва валавога прадукту і нац. даходу, істотна адрознівалася ад міжнар. практыкі і скажала рэальны стан эканомікі. Таму з 1995 баланс нар. гаспадаркі Беларусі не распрацоўваецца. Спынена і распрацоўка балансу грамадскага прадукту (адлюстроўваў агульны аб’ём вытв-сці прадукцыі, яе матэрыяльна-рэчыўную, галіновую і сац. структуру), балансу нацыянальнага даходу (паказваў яго вытв-сць, размеркаванне і выкарыстанне) і міжгаліновага балансу (інструмент эканам. аналізу і ўстанаўлення прапорцый у працэсе расшыранага ўзнаўлення ў маштабе галін нар. гаспадаркі). Гэтыя балансы трансфармуюцца з улікам стандартаў міжнар. сістэмы нац. рахункаў.

Н.​Б.​Антонава.

т. 2, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖЗЕ́МНАЕ МО́РА,

міжмацерыковае мора Атлантычнага ак., паміж Еўропай, Азіяй і Афрыкай. На З Гібралтарскім пралівам злучана з Атлантычным ак., на ПнУ пралівам Дарданелы, Мармуровым м. і пралівам Басфор — з Чорным м., на У Суэцкім каналам — з Чырвоным м. У М.м. вылучаюць моры: Альбаран, Балеарскае, Лігурыйскае, Тырэнскае, Адрыятычнае, Іанічнае, Эгейскае. М.м. абмывае берагі 21 краіны: Іспаніі, Францыі, Манака, Італіі, Мальты, Славеніі, Харватыі, Югаславіі, Босніі і Герцагавіны, Албаніі, Грэцыі, Турцыі, Кіпра, Сірыі, Лівана, Ізраіля, Егіпта, Лівіі, Туніса, Алжыра, Марока. Пл. 2505 тыс. км². Сярэдняя глыб. 1541 м, найб. глыб. 5121 м. М.м. канчаткова ўтварылася ў эпоху альпійскага арагенезу ў выніку апускання часткі альпійскіх структур Паўд. Еўропы, Пярэдняй Азіі і платформенных утварэнняў Паўн. Афрыкі. Паўн. берагі гарыстыя, берагавая лінія складаная, паўд. афр. бераг мала парэзаны. Шэльф М.м. вузкі, за выключэннем Адрыятычнага і Эгейскага мораў, берагоў Туніса, Лівіі, Егіпта. Прыбярэжная зона глыбокая, меляў і рыфаў мала. Рэльеф дна складаецца з Алжыра-Праванскай, Тырэнскай, Цэнтр. і Левантыйскай катлавін. Найб. залівы: Валенсійскі, Ліёнскі, Генуэзскі, Таранта, Сідра, Габес. Найб. паўастравы: Пірэнейскі, Апенінскі, Балканскі, М.​Азія; астравы: Балеарскія, Корсіка, Сардзінія, Сіцылія, Крыт, Кіпр. Частыя землетрасенні, вывяржэнні вулканаў (в-аў Стромбалі). У М.м. ўпадаюць буйныя рэкі: Эбра, Рона, Тыбр, По, Ніл. Адна з асн. рыс воднага балансу М.м. — выпарэнне (3130 км³/год) — перавышае над ападкамі (1000 км³/год) і рачным сцёкам (430 км³/год). Водны дэфіцыт кампенсуецца паступленнем вады з Атлантычнага ак. (40 тыс. км³/год) і Чорнага м. (170 км³/год) у паверхневыя слаі. Існуе адток з прыдонных слаёў больш салёнай і шчыльнай вады М.м. ў Атлантычны ак. (38,5 тыс. км³/год) і Чорнае м. (170 км³/год). М.м. размешчана ў субтрапічных шыротах у зоне міжземнаморскага клімату з кароткай цёплай і дажджлівай зімой (т-ра студз. 5—10 °C, ападкаў да 600 мм) і працяглым сухім гарачым летам (т-ра ліп. каля 28 °C, сума ападкаў за чэрв.—жнівень каля 50 мм). Зімой дзьмуць моцныя паўн. вятры — містраль (у раёне Ліёнскага зал.) і бара (на У Адрыятычнага м.). Летам частыя сухія вятры з Афрыкі — сірока. Сярэдняя т-ра вады ў М.м. на паверхні вады ў лютым ад 10—12 °C на Пн да 15—16 °C на Пд, жн. ад 21—23 °C да 27—28 °C адпаведна. Салёнасць вады (ад 36%° да 39,5%°) павялічваецца з 3 на У і дасягае макс. ў Левантыйскім басейне. Прылівы паўсутачныя да 1 м, найб. да 4 м. Цячэнні ў М.м. ў паўд. паласе з 3 на У, у паўн. — з У на 3, з цыкланальнымі кругаваротамі ў морах паўн. часткі, з антыцыкланальнымі ў залівах Габес і Сідра. Біял. і рыбапрамысл. прадукцыйнасць М.м. невялікая, што звязана са слабым развіццём фіта- і зоапланктону. Аднак адзначаецца вял. відавая разнастайнасць арганізмаў. Водзіцца 540 відаў рыб паўд.-барэальнага і трапічнага комплексаў (анчоўс, сардзіна, скумбрыя, стаўрыда, тунец). Каля 70 відаў рыб — эндэмікі, у т. л. скаты, віды хамсы, бычкоў, губана, марскіх сабачак. Ёсць марскія чарапахі, дэльфіны. Шмат розных беспазваночных (галаваногія малюскі, ракападобныя, губкі, чырвоны карал). Улоў рыбы штогод каля 600 тыс. т. Каля Туніса здабываюць губкі і каралы. Штучнае развядзенне ў рыбніках вустрыц і мідый. На шэльфе здабываюць нафту і газ, магнійртутныя руды, солі. На берагах М.м. сканцэнтравана каля ​1/3 часткі ўсіх населеных пунктаў прыбярэжных краін, у т. л. больш за 300 партоў. Па М.м. ажыццяўляецца каля 20% сусв. знешнегандл. перавозак. Буйныя парты: Барселона (Іспанія), Марсель (Францыя), Генуя, Неапаль, Венецыя, Трыест (Італія), Бейрут (Ліван), Александрыя, Порт-Саід (Егіпет), Пірэй (Грэцыя), Ізмір (Турцыя), Хайфа (Ізраіль), Бенгазі, Трыпалі (Лівія), Туніс, Бізерта (Туніс) і інш. Міжземнамор’е — буйны раён адпачынку і турызму. Курорты: Лазурнага берага (Рыўера) у Францыі, Італіі і Манака, Левантыйскага ўзбярэжжа, Балеарскіх а-воў у Іспаніі. Буйной праблемай М.м. з’яўляецца забруджванне вод.

А.​А.​Матужа.

т. 10, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯМО́Е КІНО́,

умоўная назва кінематографа ад яго ўзнікнення (1895) да 1930-х г., які характарызаваўся спецыфічнай сістэмай выразных сродкаў, найб. адметным з якіх была адсутнасць гуку — «немата». Гэта кампенсавалася цітрамі, ігрой тапёраў, павышанымі мімікай і жэстыкуляцыяй акцёраў, падкрэсленым грымам. Узнаўленне выявы з хуткасцю 16 кадраў за секунду (цяпер 24) рабіла дзеянне больш рухомым. Чорна-белы колер часам спалучаўся з афарбоўкай, вірыраваннем стужкі. У 1930-я г. паступова саступіла месца гукавому кіно.

Гісторыя Н.к. пачалася ў 1890-я г. з тэхн. атракцыёна і была цесна звязана з развіццём кінатэхнікі: вынаходніцтвам «жывых карцінак» (Т.​Эдысан), «кінематографа» (браты Люм’ер), «вайтаскопа» (Т.​Армат і Эдысан) і «баёграфа» (Э.​Лост і У.​Дзіксан). У пач. 20 ст. пачалося наследаванне традыц. відам мастацтва — тэатру і літаратуры. У канцы 1910-х г. становіцца самаст. мастацтвам са сваёй сістэмай выразных сродкаў (гл. Кінамастацтва). Спецыфіка кінамовы (экранны рух, сістэма планаў, ракурсаў, кампазіцый, асвятлення, мантаж як аўтарская канцэпцыя фільма) былі тэарэтычна вызначаны як «фотагенія» (Л.​Дэлюк), «рэабілітацыя фізічнай рэальнасці» (З.​Кракаўэр), «фатаграфічная дакументальнасць» (А.​Базен), «Мантаж атракцыёнаў» (С.​Эйзенштэйн). Паэтыку Н.к. развіваў яго эксперым. авангард, кіно сімвалаў і метафар. Ням. экспрэсіянізм стварыў экранны свет дэфармаванай прасторы, фантасмагорыі, адчування пагрозы («Кабінет доктара Калігары», рэж. Р.​Віне, 1919; «Нібелунгі», 1924, «Метраполіс», 1926, абодва рэж. Ф.​Ланг). Франц. імпрэсіянізм матэрыялізаваў у вобразах падсвядомасць, летуценні, патаемныя жаданні («Антракт», рэж. Р.​Клер, «Механічны балет», рэж. Ф.​Лежэ, абодва 1924; «Андалузсхі сабака», 1928, «Залаты век», 1930, абодва рэж. Л.​Буньюэль). У эпоху Н.к. пачалі фарміравацца віды і жанры кіно (гл. Дакументальнае кіно, Мастацкае кіно). Усталявалася сістэма кіназорак пэўнага амплуа: «Папялушка» — М.​Пікфард, Л.​Гіш у ЗША, «ахвяра року» — В.​Халодная ў Расіі, Г.​Гарба ў ЗША, «вамп» — А.​Нільсен у Даніі, «рамантычныя палюбоўнікі» — Р.​Валентына, Г.​Лойд, Д.​Фэрбенкс у ЗША, І.​Мазжухін, А.​Ктораў у Расіі, комікі — Б.​Кітан у ЗША, М.​Ліндэр у Францыі і інш. Маст. мову Н.к., яго міміку і пантаміму геніяльна выкарыстаў Ч.​Чаплін для стварэння вобраза-маскі чалавечнага і вынаходлівага бадзягі («Малыш», 1921; «Залатая ліхаманка». 1925; «Цырк», 1928; «Агні вялікага горада», 1931). Нац. кінематографы ўвасобілі на экранах гісторыю народаў у розных жанравых формах: гісторыка-манумент. «баевікі» Дж.​Пастроне ў Італіі («Падзенне Троі», 1910; «Кабірыя», 1914), кінапрытча пра гісторыю чалавецтва Д.​Грыфіта ў ЗША («Нецярпімасць», 1916), кінатрагедыя пра сярэднявечча К.​Т.​Дрэера ў Францыі («Страсці Жанны д’Арк», 1927) і інш. У Расіі развівалася гіст.-рэв. кіно ў паэт.-метафарычным кірунку кінаэпапеі Эйзенштэйна з «героем-масай» і «тыпажамі» замест акцёраў («Стачка», 1925; «Браняносец Пацёмкін», 1925), кінадрамы У.​Пудоўкіна («Маці», 1926), лірыка-эпічныя кінапаэмы А.​Даўжэнкі («Звянігара», 1928; «Зямля», 1930).

На Беларусі Н.к. развівалася з 2-й пал. 1920-х г. З 1925 у «Белдзяржкіно» кінааператар М.​Лявонцьеў здымаў святы, урачыстасці, жыццё вёскі і горада. Першы бел. маст. фільм «Лясная быль» (1926, рэж. Ю.​Тарыч) спалучае авантурна-прыгодніцкі жанр з рысамі дакументалізму (здымкі на месцы рэальных гіст. падзей сялян, удзельнікаў вызвалення Беларусі ад польскай акупацыі). Авантурна-прыгодніцкі жанр дамінаваў у бел. фільмах на гіст. тэмы: «Кастусь Каліноўскі» (1927, рэж. У.​Гардзін), «Хвоі гамоняць» (1929, рэж. Л.​Малчанаў) і інш. Фільм У.​Корш-Сабліна «У агні народжаная» (1929) спалучае фальклорную афарбоўку з традыцыямі агітплаката. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. бел. Н.к. актыўна звяргалася да тагачаснай тэматыкі: фільмы «Чатырыста мільёнаў» (рэж. Гардзін), «Да заўтра» (абодва 1929), «Нянавісць» (1930, рэж. абодвух Тарыч), «Шчасце» (рэж. А.​Файкцымер), «Жанчына» (рэж. Я.​Дзіган, абодва 1932) і інш. Па стылістыцы яны блізкія да агітпрапфільмаў. У 1930-я г. бел. Н.к. звяргалася да эстэтыкі жывапісна-мантажнага кіно, што падкрэслівала нац. каларыт фільмаў. Апошні бел. «нямы» фільм — «Палескія рабінзоны» (1935, рэж. І.​Бахар і П.​Малчанаў).

Літ.:

История белорусского кино. Мн., 1969;

Клер Р. Кино вчера, кино сегодня: Пер. с фр. М., 1981.

В.​Ф.​Нячай.

т. 11, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЫЛЬ (лац. stilus, stylus ад грэч. stylos палачка для пісьма),

устойлівае адзінства вобразнай сістэмы і сродкаў маст. выразнасці; форма маст. самавызначэння эпохі, рэгіёна, нацыі, сац. або творчай групы, асобнага творцы. Цесна звязаны з эстэт. самавыяўленнем, у шырокім сэнсе распаўсюджваецца на ўсе віды дзейнасці чалавека (С. жыцця, паводзін, адзення і інш.) і з’яўляецца адной з важных катэгорый культуры. Паняцце «С.» часта асацыіруецца з канкрэтнымі відамі творчасці і прымае іх гал. характарыстыкі (жывапісны або графічны, эпічны або лірычны і інш.), з рознымі сац.-быт. ўзроўнямі і функцыямі моўных зносін (афіцыйны, дзелавы, нефармальны, размоўны і інш.; гл. таксама Стылістыка). У мастацтве вызначэнне С. базіруецца на агульнасці характэрных прыкмет твора, што карэняцца ў сац.-гіст. умовах, светапоглядзе, светаадчуванні, метадзе мастацкім творцы, у агульных заканамернасцях маст.-гіст. працэсу.

У культурах стараж. цывілізацый С. быў цесна звязаны з канонам. У розныя гіст. перыяды С. спецыфічна разглядаўся ў розных відах мастацтва, дзе ў пэўнай ступені выяўляў свае тыповыя прыкметы ў суадносінах зместу і формы. Тэорыя С. як маст.-гіст. катэгорыі распрацавана ў канцы 19 — пач. 20 ст. Г.​Вёльфлінам і А.​Рыглем, якія абсалютызавалі тыпалагічныя прыкметы С., вызначалі яго як фармальную структуру і разглядалі яго змену як гал. прынцып гіст. развіцця мастацтва. У сучаснай тэрміналогіі паняцце «С.» мае вял. дыяпазон: вызначэнне сумы ўстойлівых прыкмет, якія характарызуюць вобразную і фармальную структуру мастацтва пэўнай гіст. эпохі (раманскі стыль, готыка, рэнесанс (гл. Адраджэнне), барока, класіцызм, ракако, мадэрн; у такім кантэксце С. таксама з’яўляецца адным з гал. элементаў сінтэзу мастацтваў]; вызначэнне маст. эпохі паводле храналагічных вех, пераважна дынастычных (напр., «С. Людовіка XIV» у Францыі, «віктарыянскі С.» у Англіі, «паўлаўскі С.» у Расіі); характарыстыка прыкмет групы помнікаў ці маст. кірунку ўнутры гіст. перыяду (геам. С. размалёвак стараж.-грэч. керамікі, звярыны стыль, мяккі стыль і інш.); вызначэнне маст. асаблівасцей пэўнага рэгіёна (напр., візант. С.); нац. С. (тэрмін, альтэрнатыўны паняццю нац. маст. школа), крытэрый якога — фарміраванне нац. класікі, дзе закладваюцца асновы традыцый і стыліст. пераемнасці праз фалькл. вытокі, традыцыі нац. прафес. культуры і блізкіх, роднасных культур; вызначэнне індывідуальнай манеры творцы (напр., «С. Пусэна», «С. позняга Рэмбранта», «С. Бетховена», «С. Чайкоўскага», «С. Я.​Коласа», «С. Я.​Брыля»). З 17 ст. развіццё еўрап. мастацтва не ўкладваецца ў межы адзінага (т.зв. вялікага) С.: адначасова суіснавалі і знаходзіліся ў складанай узаемасувязі барока і класіцызм, з 18 ст. — позняе барока, класіцызм і ракако; творчасць буйнейшых прадстаўнікоў мастацтва (напр., Д.​Веласкес, Рэмбрант, І.​С.​Бах, Вальтэр, Сімяон Полацкі) не ўкладваецца ў межы ніводнага С., хаця і ўзаемадзейнічае з імі. У 19—20 ст. стылістычнае адзінства знікае, развіццё мастацтва вызначаецца складанымі ўзаемаадносінамі маст. кірункаў і плыняў, якія маюць свае стылявыя прыкметы (рамантызм, сентыменталізм, рэалізм, імпрэсіянізм, кубізм, абстракцыянізм, канструктывізм, сюррэалізм, сацыялістычны рэалізм, суровы стыль, поставангард і інш.); узрастае роля С. творчай індывідуальнасці. Спроба стварэння ў канцы 19 — пач. 20 ст. адзінага С. мадэрн стала штуршком для пошукаў новых варыянтаў «сучаснага С.». У 20 ст. пашырылася тэндэнцыя да надання паняццю «С.» больш шырокага значэння — «С. эпохі» і вызначэння яго як сукупнасці агульных рыс, што адрозніваюць культуру адной гіст. эпохі ад другой.

Літ.:

Лисса З. О сущности национального стиля: Пер. с нем. // Вопросы эстетики. М., 1964 Вып. 6;

Соколов А.Н. Теория стиля. М., 1968;

Скребков С.С. Художественные принципы музыкальных стилей. М., 1973;

Стыль пісьменніка. Мн., 1974;

Михайлов М.К. Стиль в музыке. Л., 1981;

Ломинадзе С.В. Концептуальный стиль и художественная целостность // Контекст, 1981. М, 1982;

Бартенев И.А., Батажкова В.Н. Очерки истории архитектурных стилей. М., 1983;

Медушевский В. К проблеме сущности, эволюции и типологии музыкальных стилей // Музыкальный современник. М., 1984. Вып. 5;

Каплун А.И. Стиль и архитектура. М., 1985;

Лосев А.Ф. Проблема художественного стиля. Киев, 1994;

Яго ж. Форма—Стиль—Выражение. М., 1995;

Власов В.Г. Стили в искусстве: Словарь. Т. 1. СПб., 1995.

С.​У.​Пешын.

т. 15, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)