КАЗЛО́ЎСКАЯ (Наталля Віталеўна) (8.8.1923, С.-Пецярбург — 30.6.1991),

бел. батанік. Д-р біял. н. (1981). Скончыла Ленінградскі ун-т (1950). У 1953—79 у Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі. Навук. працы па фларыстыцы, фітагеаграфіі, сістэматыцы раслін, навук. асновах аховы флоры.

Тв.:

Флора Белоруссии, закономерности ее формирования, научные основы использования и охраны. Мн., 1978;

Загадки белорусской флоры. Мн., 1986.

т. 7, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМА́РЫШКІ,

помнік прыроды рэсп. значэння (1963). Геал. агаленне міжледавіковых стужачных глін у Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., за 5 км на З ад г.п. Свір. Разрэз знаходзіцца на абрывістым выгіне р. Страча (правы бераг), выш. абрыву каля 4 м, даўж. 55 м. Пад тоўшчай марэнных адкладаў паазерскага зледзянення адзінае вядомае на тэр. Беларусі месцазнаходжанне рэшткаў арктычных (прыледавіковых) раслін.

т. 7, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАШО́К,

бакакветнае (батрычнае), коласападобнае паніклае суквецце. Складаецца з вял. колькасці аднаполых кветак і ападае цалкам пасля цвіцення (тычынкавы К.) ці паспявання пладоў (песцікавы К.). Да К. адносяцца суквецці бярозы, вярбы, таполі, мужчынскія суквецці алешніку, дуба, грэцкага арэха, каштана і інш. драўнінных ветраапыляльных раслін. У вярбы, таполі К. — просты колас, у алешніку, бярозы і інш. — колас з дыхазіяў (складанае суквецце).

т. 8, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСТАПА́ДНЫЯ ЛЯСЫ́,

лясныя фармацыі з лістападных раслін, якія скідваюць лісце ў неспрыяльны для вегетацыі перыяд. Характэрныя для лясных зон умераных кліматычных паясоў, дзе прадстаўлены драбналістымі і шыракалістымі лясамі, якія скідваюць лісце ў халодную пару года; у субэкватарыяльных і трапічных кліматычных паясах Л л. прадстаўлены сезоннымі трапічнымі лясамі, якія скідваюць лісце ў сухі перыяд. Гл. таксама Лістапад.

т. 9, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛО́НАВАЯ КІСЛАТА́,

CH2(COOH)2, двухасноўная кіслата насычанага раду. У свабодным выглядзе прысутнічае ў раслінах: лісці бабовых, зялёных ч. злакаў і парасонавых, пладах лімону. Удзельнічае ў абмене рэчываў у раслін і жывёл у форме соляў — маланатаў, у біясінтэзе тлустых кіслот. М.к. можа дэкарбаксіліравацца з утварэннем ацэтылкаферменту А, які ўдзельнічае ў цыкле трыкарбонавых к-т. Солі М.к. — інгібітары клетачнага дыхання.

т. 10, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНО́ЗА,

C6H12O6, монацукрыд з групы гексоз, ізамер глюкозы. Структурны кампанент многіх поліцукрыдаў і змешаных біяпалімераў расл., жывёльнага і бактэрыяльнага паходжання. У прыродзе трапляецца ў выглядзе Д-формы. Добра раствараецца ў вадзе, т-ра пл. 132 °C. У свабодным выглядзе М. выяўлена ў пладах цытрусавых, анакардыевых раслін і інш. Актываваная форма М. — гуаназіндыфасфат-Д-маноза ўдзельнічае ў біясінтэзе манозазмяшчальных біяпалімераў.

т. 10, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫКУЛЬТУ́РА, марская аквакультура,

вытворчасць і выкарыстанне (культываванне) карысных для чалавека раслін і жывёл у марскіх водах. Вядзецца пераважна ў прыбярэжнай зоне. Стварае ўмовы для рацыянальнай і беражлівай эксплуатацыі і ўзнаўлення прыродных рэсурсаў марскіх арганізмаў (водарасці, губкі, малюскі, ігласкурыя, ракападобныя, рыбы), атрымання значных (прамысловых) аб’ёмаў харч. прадукцыі, тэхн. і лек. сыравіны. Агульны сусветны прадукт М. каля 9 млн. т (1996).

т. 10, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖВУЗЕ́ЛЛЕ ў біялогіі,

участак сцябла паміж двума сумежнымі вузламі парастка. У пупышцы М. не развітыя, вузлы цесна збліжаны. Пры росце парастка яны падаўжаюцца ў выніку дзейнасці ўставачных (інтэркалярных) мерыстэм (роставыя парасткі дрэў, кветаносныя парасткі траў). Застаюцца вельмі кароткімі ці адсутнічаюць М. ў некат. суквеццяў (кошык, парасонік), разетачных раслін (напр., дзьмухавец, трыпутнік), укарочаных парасткаў дрэў (бяроза, яблыня).

т. 10, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРА́БІЛІС (Mirabilis),

род кветкавых раслін сям. ніктагінавых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў Амерыцы. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукавана М. ялапа, або начная прыгажуня (M. jalapa).

М. ялапа — кустападобная расліна выш. да 1 м. Лісце супраціўнае, суцэльнае. Кветкі невял., лейкападобныя, белыя, жоўтыя, чырв., распускаюцца пад вечар і цвітуць да раніцы (адсюль другая назва). Дэкар. расліна.

т. 10, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІМЕРЫ́Я (ад грэч. polymereia шматскладовасць, наяўнасць многіх частак),

адзін з тыпаў узаемадзеяння генаў, пры якім ступень развіцця адной і той жа прыкметы абумоўлена ўплывам шэрагу т.зв. палімерных генаў (праяўляюцца падобным чынам). П. пашырана ў прыродзе. Паводле тыпу П. наследуюцца важныя гаспадарча карысныя прыкметы: вышыня раслін, колькасць бялку ў зерні, вітамінаў у пладах, хуткасць росту, маса жывёл і інш.

т. 12, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)