штотыднёвая грамадска-палітычная і літаратурная газета ў Зах. Беларусі. Выдавалася з 3.2.1926 да 9.2.1928 у Вільні на бел. мове. Выдавец — Часовая бел. рада, з № 20 за 1926 — Бел.нац. рада. У праграмных артыкулах заяўляла пра нац. адраджэнне, тэрытарыяльную і культ.-нац. аўтаномію Беларусі, перадачу зямлі сялянам, шырокі дэмакратызм, нац. царкву, барацьбу з камунізмам і далучэнне Усх. Беларусі да Заходняй. Асвятляла пытанні бел. школьніцтва, працаўладкавання бел. інтэлігенцыі, зямельнай справы і інш. Крытыкавала праграмы Бел. сялянска-работніцкай грамады, Бел. сялянскага саюза, Бел. хрысціянскай дэмакратыі. Выйшлі 74 нумары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЯ САВА́,
палярная сава (Nyctea scandiaca), птушка сям. савіных атр. совападобных. Пашырана кругапалярна, характэрна для Арктыкі і Субарктыкі: у тундрах Еўразіі, Паўн. Амерыкі і на а-вах Паўн. Ледавітага ак. Вандроўная птушка. На Беларусі вельмі рэдкі зімуючы від.
Даўж. цела 56—65 см, маса 1,4—2,5 кг. Самкі большыя за самцоў. Апярэнне белае з бураватымі стракацінамі розных памераў або э бурымі папярочнымі палоскамі. Самцы больш светлыя, чым самкі, зрэдку зусім белыя. Дзюба і кіпцюры чорныя. Радужына ярка-жоўтая. Гняздо на зямлі ў выглядзе ямкі. Корміцца мышападобнымі грызунамі, птушкамі, зайцамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯНАВІГА́ЦЫЯ (ад бія... + навігацыя),
здольнасць жывёл выбіраць напрамак руху пры рэгулярных сезонных міграцыях (на зімоўкі або да месцаў размнажэння) і пры знаходжанні свайго месцажыхарства (хомінг). Забяспечваецца здольнасцю жывёл да арыентацыі ў навакольнай прасторы з дапамогай органаў пачуццяў і інстынктаў (значэнне інстынктаў асабліва вялікае, калі міграцыі жывёл адбываюцца ўпершыню). Здольнасць да біянавігацыі ўласціва птушкам, рыбам, млекакормячым, якія ажыццяўляюць далёкія сезонныя міграцыі (напр., паўн. аленям, марскім коцікам, кітам, пералётным птушкам), некаторым паўзунам (напр., марскім чарапахам) і інш. Спосабы біянавігацыі розныя: сонечная або зоркавая арыентацыя, навігацыя па наземных арыенцірах, магнітным полі Зямлі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУГЕ́Р, Буге (Bouguer) П’ер (10.2.1698, г. Ле-Круазік, Францыя — 15.8.1758), французскі фізік, адзін са стваральнікаў фотаметрыі. Чл. Парыжскай АН (1731). Навук. працы па астраноміі, геадэзіі, гідраграфіі, гравіметрыі, оптыцы і інш. Устанавіў паняцце колькасці святла, сфармуляваў асн. палажэнні візуальнай фотаметрыі, сканструяваў фатометр і распрацаваў спосабы вымярэння яркасці святла. У 1729 устанавіў закон аслаблення інтэнсіўнасці святла ў паглынальных асяроддзях (гл.Бугера—Ламберта—Бэра закон). Адзін з кіраўнікоў экспедыцыі (1735—43) па правядзенні градусных вымярэнняў у Перу для вызначэння формы Зямлі.
Тв.:
Рус.пер. — Оптический трактат о градации света. (М.), 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЕСАВІ́К»,
ілюстраваны літ.-маст. часопіс для дзяцей. Выдаецца з 1995 у Мінску на бел. мове 1 раз у 2 месяцы (да 1998 выходзіў як экалагічны часопіс-плакат). Асвятляе разнастайныя аспекты жыцця звяроў і птушак Беларусі і інш. рэгіёнаў. Друкуе фотарэпартажы, маст. творы (апавяданні, вершы, казкі), прысвечаныя прыродзе, якія выхоўваюць любоў да прыроды, Бацькаўшчыны. Мае рубрыкі «Рэха турынага рога» (пра звяроў і птушак, што зніклі з абшараў бел.зямлі), «Год-карагод» (апавяданні пра месяцы года), чытацкія рубрыкі «Мы дружбакі», «Зялёная галерэя», «Фотазагадка» і інш. Праводзіць конкурсы чытачоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́НІЯ РАДЫЁСУ́ВЯЗІ,
лінія сувязі, у якой перадача сігналаў ажыццяўляецца з дапамогай радыёхваль, што распаўсюджваюцца ў атмасферы Зямлі, водным асяроддзі, касм. прасторы.
У радыёсувязі адрозніваюць доўга-, сярэдне-, каротка-, ультракароткахвалевыя Л.р., у якіх для перадачы сігналаў выкарыстоўваюць розныя слаі атмасферы, што адрозніваюцца сваімі эл.-маг. ўласцівасцямі і адпаведна рознымі ўмовамі распаўсюджвання і адбіцця радыёхваль. Найб. пашыраны радыёрэлейныя лініі сувязі, у якіх выкарыстаны асаблівы эфект распаўсюджвання ЗВЧ-радыёхваль. З развіццём касманаўтыкі для сувязі паміж касм. лятальнымі апаратамі і наземнымі пунктамі кіравання створаны розныя касм. і спадарожнікавыя Л.р. (гл.Касмічная сувязь, Спадарожнікавая сувязь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я АДКЛА́ДЫ, акіянскія адклады,
донныя асадкі марскіх вадаёмаў. Тэрмін выкарыстоўваецца таксама адносна асадкаў Сусветнага акіяна. Паводле генезісу падзяляюцца на тэрыгенныя, біягенныя, вулканагенныя, хемагенныя і полігенныя; па глыбіні ўтварэння — на літаральныя, нерытавыя, батыяльныя і абісальныя. Выкапнёвыя М.а. ператвораны працэсамі дыягенезу ў горныя пароды. Да М.а. адносяцца большасць вапнякоў, даламітаў, мергеляў і крамяністых парод, значная ч.глін, аргілітаў, алеўралітаў, пясчанікаў, кангламератаў, фасфарытаў, жалезных руд, марганцавых руд, гаручых сланцаў і інш. Састаў і размяшчэнне М.а. на паверхні Зямлі залежаць у асн. ад тэктанічнага рэжыму і кліматычных умоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕВЫЧАРПА́ЛЬНЫЯ ПРЫРО́ДНЫЯ РЭСУ́РСЫ,
прыродныя рэсурсы, недахоп у якіх не адчуваецца цяпер і не прадбачыцца ў аглядным будучым. Да іх адносяць: энергію сонечнага і касм. выпрамяненняў, прыліваў і адліваў, марскога прыбою, цякучай вады, ветру, унутрызямное цяпло, атм. паветра і запасы вады (у глабальным колькасным сэнсе) і інш. Магчымасці іх практычнага выкарыстання абмежаваны геагр., геафіз., геахім. і інш. асаблівасцямі Зямлі, асобных рэгіёнаў і іх зменамі, вычарпаннем інш. прыродных рэсурсаў, узроўнем навукова-тэхн. і грамадскага развіцця. Многія Н.п.р. — слаба асвоеныя патэнцыяльныя крыніцы энергіі. Гл. таксама Вычарпальныя прыродныя рэсурсы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПАЧАЛО́ВІЧ (Янка) (Іван Данілавіч; 25.5.1917, в. Мінкавічы Старадарожскага р-на Мінскай вобл. — 3.7.1969),
бел.паэт. Скончыў Мінскі пед.ін-т (1940). У Вял.Айч. вайну сувязны партыз. брыгады імя Кірава Мінскай вобл. Настаўнічаў у Дзяржынску, Мар’інай Горцы, Асіповіцкім р-не, працаваў у выд-ве «Народная асвета». Друкаваўся з 1936. Аўтар зб-каў вершаў «Мера любві» (1958), «Позні паром» (1967). Паэзія Н. грунтуецца на жыццёвай канкрэтнасці, знітавана з чалавекам працы, прасякнута любоўю да роднай зямлі і прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ РАБО́ЧЫХ І САЛДА́ЦКІХ ДЭПУТА́ТАЎ ЗАХО́ДНЯЙ ВО́БЛАСЦІ.
Адбыўся 2—4.12.1917 у Мінску. Прысутнічала 560 дэлегатаў (⅔ — бальшавікі, ⅓ — левыя эсэры) ад Саветаў Мінскай, Віленскай і Магілёўскай губ. Парадак дня: бягучы момант; даклады з месцаў; пытанні: зямельнае, харчовае; арганізац. работа; выбары абл. Савета. З’езд прапанаваў усім Саветам садзейнічаць ажыццяўленню Дэкрэта аб зямлі, прызнаў уладу Саветаў і СНК, выбранага II Усерас. з’ездам Саветаў. Выбраны ім абл. Савет (35 чал.) 9.12.1917 увайшоў у склад Абл. выканаўчага к-та Саветаў рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў Зах. вобласці і фронту (Аблвыкамзаха).