БАЗЭ́Н ((Bazin) Эрвэ) (сапр. Жан П’ер Мары Эрвэ-Базэн; Hervé-Bazin; г. Анжэ, Францыя — 17.2.1996),
французскі пісьменнік. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік Руху Супраціўлення. З 1958 чл. Ганкураўскай акадэміі, з 1977 яе прэзідэнт. Аўтар паэт. зб-каў «Долі» (1933), «Дні» (1947), «Настроі» (1953) і інш. Бяздушнасць і ханжаства сем’яў, заснаваных на меркантыльных інтарэсах, іх бездухоўнасць, праблема бацькоў і дзяцей у цэнтры сатыр.-псіхал. трылогіі «Сям’я Рэзо» («Гадзюка ў кулаку», 1948; «Смерць коніка», 1950; «Крык савы», 1972), у цыкле «сямейных» псіхал. раманаў «У імя сына» (1960), «Сямейнае жыццё» (1967), «Анатомія аднаго разводу» (1975). У рамане «Уставай і ідзі» (1952) адлюстраваў трагічныя вынікі вайны. Раман «Масла ў агонь» (1954) — даніна натуралістычнай эстэтызацыі паталаг. выпадку. Аўтар дакумент. рамана «Шчасліўцы з вострава «Адчаю» (1970), філас. рамана «Зялёны храм» (1981), паліт. аповесці пра Чылі «І агонь паглынае агонь» (1978), зб. нататак і афарызмаў «Азбука» (1984) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—4. М., 1988.
Літ.:
Балашова Т. Эрве Базен и пути французского психологического романа. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫМІ́ЗМ І ПЕСІМІ́ЗМ,
процілеглыя і адначасова ўзаемазвязаныя формы ўспрымання свету, тэндэнцый і заканамернасцяў яго развіцця. Залежаць ад перавагі спрыяльных, стваральных і жыццесцвярджальных, або, наадварот, неспрыяльных і разбуральных пачаткаў. Абазначаюць веру ці нявер’е ў будучае, у здольнасць чалавецтва арганізаваць сваё жыццё на аснове ідэалаў дабра, справядлівасці і г.д. Надаюць пэўную афарбоўку розным ідэйна-паліт. плыням, ідэалогіям, філас. вучэнням, праграмам практычнага дзеяння. Аптымізм становіцца пануючым настроем у эпоху грамадскага ўздыму і пераходу да новага, больш высокага ў параўнанні з ранейшым якаснага стану. Калі пераход заканчваецца і ў грамадстве ўзнікаюць новыя праблемы і цяжкасці, супярэчнасці абвастраюцца, уздым перарываецца спадамі і крызісамі, узмацненнем рэгрэсіўных тэндэнцый у грамадскім жыцці, аптымізм, як правіла, саступае месца песімізму. Крыніцай песімістычных настрояў і змрочных глабальных прагнозаў на будучыню служыць і заснаваная на драпежніцкіх адносінах да прыроды «цывілізацыя спажывання» (экалагічны песімізм). Аптымізм і песімізм здольныя адыгрываць актыўную канструктыўную ролю ў пошуках адказаў на пытанні, што ўзнікаюць перад грамадствам.
Літ.:
Мечников И.И. Этюды оптимизма. М., 1988;
Жибуль И.Я. Экологические потребности: сущность, динамика, перспективы. Мн., 1991.
іспанскі пісьменнік. Скончыў Валенсійскі ун-т (1888). У ранніх творах адчувальны ўплыў рамантызму (гіст. раман «Граф Гарсі-Фернандэс», антыклерыкальны раман-фельетон «Чорнае павуцінне», апрацоўкі легендаў і паданняў). Аўтар раманаў і апавяданняў пра Валенсію «Бесшабашнае жыццё» (1894), «Майская кветка» (1895), «Хутар» (1898), «У апельсінавых садах» (1900), зб. «Валенсіянскія апавяданні» (1896) і інш. Вызначальны творчы метад Бласкі Ібаньеса — рэалізм з элементамі натуралізму. Напісаў цыклы сац.-тэндэнцыйных («Сабор», 1903; «Нязваны госць», 1904; «Вінны склад», «Арда», абодва 1905) і філас.-псіхал. раманаў («Голая маха», 1906; «Кроў і пясок», 1908; «Мёртвыя валадараць», 1909). Падзеі 1-й сусв. вайны ў раманах «Чацвёра вершнікаў Апакаліпсіса» (1916), «Наша мора» (1918), «Ворагі жанчын» (1919). Раманы «Зямля для ўсіх», «Каралева Калафія» (абодва 1923) з задуманага цыкла твораў пра Паўд. Амерыку, раман «У пошуках Вялікага Хана» (1928) пра Х.Калумба.
Тв.:
Рус.пер. — Полн. собр. соч.Т. 1—16. М., 1910—12;
Избр. произв.Т. 1—3. М.; Л., 1959;
Солнце мертвых. М., 1965.
Літ.:
Плавскин З.И. Иснанская литература XIX—XX веков. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВИ́ЛЕНСКИЙ ВЕ́СТНИК»
(«Kurier Wileński»),
палітычная і літаратурная газета Паўн.-Зах. краю. Выдавалася з 1841 да 1915 у Вільні (з кастр. 1915 да 1916 у Гомелі) на польскай і рускай, з 1865 на рус. мове. Замяніла газ. «Kurier Litewski» («Літоўскі веснік»). Рэдактары Э.І.Адынец, А.К.Кіркор, П.Р.Бывалькевіч і інш. Напачатку мела паланафільскі кірунак, пасля задушэння паўстання 1863—64 стала прапагандаваць рускамоўную школу, правасл. царкву і інш.
Пэўную папулярнасць газета мела ў 1860—65, калі яе рэдагаваў Кіркор; змяшчала матэрыялы па бел. этнаграфіі, гісторыі, л-ры; друкавала навук. працы і літ. творы В.І.Дуніна-Марцінкевіча, У.Сыракомлі, А.І.Вярыгі-Дарэўскага, Я.Ф.Карскага, М.В.Доўнар-Запольскага і інш. У 1870—90 асвятляла пытанні культуры і быту, пісала аб забавах віленскай знаці, заезджых знакамітасцях, зрэдку пра эканам. і паліт.жыццё Расіі і замежжа. Бел. праблемы газету мала цікавілі. Мела дадаткі: «Сельское чтение. Еженедельный народный журнал» (1877—78), «Виленский вестник. Телеграммы и вести о войне» (1904; 1914), «Виленский вестник. Еженедельное иллюстрированное приложение» (1905), «Вечерний Виленский вестник» (1915).
латышскі пісьменнік, літаратуразнавец. Нар. пісьменнік Латвіі (1978). Засл. дз. культ. Латвіі (1947). Акад.АН Латвіі (1978). Скончыў Латвійскі ун-т (1937). Друкаваўся з 1927. У паэт. зб-ках «Запіскі рэпарцёра» (1929), «Імітацыя і сэрца» (1931) выявіліся яго крытычныя адносіны да тагачаснай рэчаіснасці. У раманах «Людзі ў садзе» (1939), «Калі дождж і вецер стукаюць у акно» (1965, аднайм. фільм 1967), кнізе апавяданняў «Праз агонь і ваду» (1945), зб-ках вершаў «У буру» (1946), «Другія пеўні» (1970), «Зямля палае песняй» (1985) і інш. — праблемы вайны і міру, маральна-этычнае аблічча суайчынніка, філас. роздум і ўзмоцненая экспрэсія. Аўтар п’ес «Гліна і фарфор» (1947, Дзярж. прэмія Латвіі 1948), «Салдацкі шынель» (1955) і інш. Роздум пра л-ру, т-р, жыццё — у эсэ «Лісты паэтэсе Каміле» (1981, Дзярж. прэмія Латвіі 1982). На бел. мову творы Грыгуліса перакладалі А.Звонак, В.Зуёнак, У.Пігулеўскі, Н.Тулупава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫШКЕ́ВІЧ (Францішак) (Франук; 1904 ці 1906, мяст. Сухаволя Беластоцкага ваяв., Польшча — 1944 ці 1945),
бел. пісьменнік. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1926), літ.ф-т Карлава ун-та ў Празе. Д-р філасофіі. З 1939 узначальваў бел. школы Віленскай школьнай акругі. У 1941—44 дырэктар Віленскай бел. гімназіі. У 1944 арыштаваны, у час следства ў Мінску скончыў жыццё самагубствам. Друкаваўся з 1924. Лепшыя вершы пазначаны тонкім лірызмам, філасафічнасцю, у некат. матывы песімізму (зб. «Веснавыя мелодыі», 1927). Пісаў апавяданні («Куцця ў чужыне», «У калядны вечар»), выступаў як крытык, прапагандыст бел. л-ры ў Чэхаславакіі («Беларускае літаратурнае творства ў расейскім перакладзе», 1927; «Кароткі агляд дзеі ўкраінскае літаратуры», «Літаратурныя запіскі», 1928; рэцэнзіі на кн. паэзіі і прозы В.Адважнага, Н.Арсенневай, М.Багдановіча, М.Зарэцкага, Х.Ільяшэвіча, Я.Коласа, Р.Мурашкі, К.Чорнага і інш.). Аўтар публіцыстычных арт. «Каталіцкая місія на Беларусі» (1925), «Наш вечны сон» (1926), «Аб паходжанні нашае мовы» (1928), «У лабірынце маладое беларускае думкі» (1931). Пераклаў на бел. мову паасобныя творы І.В.Гётэ, О.Жупанчыча, І.Франко і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУРЧЫ́Н (Пётр Сідаравіч) (25.10.1918, г. Мазыр Гомельскай вобл. — 19.7.1997),
бел. мастак. Засл. дз. мастацтваў Беларусі (1990). Вучыўся ў Віцебскім маст. тэхнікуме (1934—37). Скончыў Маскоўскае маст. вучылішча памяці 1905 г. (1949). Працаваў у станковай графіцы ў тэхніцы пастэлі, літаграфіі, афорта і інш.Асн. творы прысвечаны абароне Брэсцкай крэпасці: «Брэсцкая крэпасць» (1957), «Цытадэль над Бугам» (1967), «Руіны чырвонаармейскага клуба» (1972), «Свяшчэнныя камяні», «Зорка бессмяротнасці» (абодва 1974), трыпціхі «Салдаты Брэста» (1979—81), «Памяць Брэста» (1992). Аўтар дыярамы «Абарона Брэсцкай крэпасці» ў Брэсцкім абл. краязнаўчым музеі (1957, з Ф.Зільбертам), шэрагу партрэтаў абаронцаў крэпасці П.М.Гаўрылава, Р.К.Семенюка, А.А.Вінаградава, Я.М.Фаміна, І.М.Зубачова, А.М.Кіжаватава і інш. з мемарыяльнай серыі «Жыццё за Радзіму» (1960—84). Творам уласціва дакумент. дакладнасць, лаканізм, манументальнасць кампазіцыі, вастрыня маст.-вобразных вырашэнняў. Сярод твораў на інш. тэмы: «Касцёл святой Ганны» (1972), «Над Прыпяццю» (1975), «Май» (1992—93), серыя «Мінск» (1959) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЧЫ́НСКІ ((Gałczyński) Канстанцін Ільдэфанс) (23.1.1905, Варшава — 6.12.1953),
польскі паэт. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це (1923—26). Друкаваўся з 1923. У яго ранняй творчасці пераважаюць скептыка-анархічныя адносіны да свету (паэт. карыкатуры). Аўтар сатыр. аповесці «Вослік Парфірыён, або Клуб святататцаў» (1929) і паэмы «Канец свету» (1930). Рэаліст. замалёўкі нар. гуляння перамяжоўваюцца з фантаст. ўстаўкамі ў паэме «Народная забава» (1934). Першы зб. вершаў «Паэтычныя творы» (1937). У 1939—45 вязень фаш. канцлагераў. У 1946—50 апублікаваў цыкл мініяцюр «Зялёная гусь», прасякнутых абсурдна-гратэскавым гумарам, паэт. і сатыр. фельетоны (цыкл «Пісьмы з фіялкай», 1948). Выдаў зб-кі вершаў «Зачараваная пралётка» (1948), «Заручальныя пярсцёнкі» (1949), «Лірычныя вершы» (1952), паэмы «Ніабея» (1951), «Віт Ствош» (1952; пра сярэдневяковага скульптара), «Падарожжа Хрызастома Бульвецыя ў Цемнаград» (1953). Лірычны цыкл вершаў «Песні» (1953) напоўнены філас. роздумам пра жыццё і прызначэнне мастацтва. Галчынскі стварыў арыгінальную маст. сістэму, у якой спалучаны элементы лірыкі, сатыры, гратэску, зямнога і фантастычнага. На бел. мову яго вершы перакладалі Н.Гілевіч, С.Дзяргай, М.Лужанін і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРУЛЁЎ (Мікалай Аляксандравіч) (6.11.1919, в. Баева Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. — 7.5.1980),
рускі пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1979). Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1941). Працаваў у прэсе, на кінастудыі, у выдавецтве, у 1970—80 адказны сакратар бюлетэня «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі». Друкаваўся з 1938. Аўтар зб. вершаў «Аднагодкі» (1950), «У дарозе» (1956), аповесці для юнацтва «Сябры-таварышы» (1954), рамана пра жыццё студэнтаў напярэдадні і ў пачатку Вял.Айч. вайны «Бывайце, любімыя» (1979, складае дылогію з раманам «Пасля разлукі», 1981), аповесці для дзяцей «Новы настаўнік» (1974), гумарыстычных апавяданняў (зб. «Кібернетычная жонка», 1979), сцэнарыяў фільмаў. Маральна-этычныя праблемы раскрывае ў п’есах «Другое знаёмства» (1959), «Калі любіш» (1963), «Мая дачка» (1966), «Помста Палавінкіна» (паст. 1968) і інш. Пераклаў на рус. мову раманы М.Паслядовіча «Святло над Ліпскам», М.Зарэцкага «Вязьмо», аповесці Э.Самуйлёнка «Тэорыя Каленбрун», П.Галавача «Вінаваты. Спалох на загонах», апавяданні І.Мележа, Я.Скрыгана, У.Краўчанкі, вершы А.Астапенкі, А.Вялюгіна, П.Панчанкі, М.Танка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ВІН (Гаўрыла Раманавіч) (14.7.1743, в. Кармачы ці в. Сакуры Лаішаўскага р-на, Татарстан — 20.7.1816),
рускі паэт. Вучыўся ў Казанскай гімназіі (1759—62). Друкаваўся з 1773. З пазіцый асветнага абсалютызму ўслаўляў веліч і дзярж. моц Расіі, рус. палкаводцаў, гераізм салдат (оды «На ўзяцце Ізмаіла», «На пераход Альпійскіх гор»). Выказваў спачуванне народу, выкрываў злоўжыванні царскай адміністрацыі, саноўных вяльможаў (оды «Феліца», 1783, «Уладарам і суддзям», 3-я рэд. 1787, «Вяльможа», 1798). У вершах — аўтабіяграфізм, канкрэтнасць і пластычнасць вобразаў, быт. і пейзажныя замалёўкі (оды «На смерць князя Мяшчэрскага», 1779, «Бог», 1784, «Вадаспад», 1798). Дыяпазон оды пашырыў ад дыфірамба да песні, спалучаў у адным творы элементы оды і сатыры, філас. роздумы і асабістыя прызнанні («Ручай», «Ластаўка», «Яўгену. Жыццё званскае»). У 1790-я г. пераважала анакрэантычная лірыка (зб. «Анакрэантычныя песні», 1801). У апошнія гады жыцця звяртаўся да драматургіі. Паэзія Дз. — пераходная ступень у развіцці рус. л-ры ад класіцызму М.Ламаносава да рэалізму А.Пушкіна. У 1793—94, 1799 і 1800 быў на Беларусі (Віцебск, Шклоў, Лёзна).