вёска ў Магілёўскім р-не, на правым беразе р. Дняпро, на аўтадарозе Магілёў—Быхаў. Чыг. станцыя на лініі Магілёў—Жлобін. Цэнтр сельсавета, калгаса і эксперым. базы «Дашкаўка». За 22 км на Пд ад Магілёва. 1850 ж., 704 двары (1997).
Паводле пісьмовых крыніц вядома з 1597 як сяло, заснаванае кн Б.Саламярэцкім, старостам крычаўскім і слуцкім. У 1604 у Вейнянскім войтаўстве Магілёўскага староства. У 1758 мястэчка ў т.зв. Быхаўскім графстве, прыватнае ўладанне, 50 двароў. У 1885 адкрыта школа. У 1897—1197 ж., 195 двароў, нар. вучылішча, царква, параходная прыстань, магазін, млын. маслабойня, крупадзёрка, 3 заезныя дамы. З 1924 у Магілёўскім р-не. У 1971—1807 жыхароў.
Магілёўская абл. доследная с.-г. станцыя і праектна-пошукавая станцыя хімізацыі сельскай гаспадаркі, дрэваапрацоўчы з-д. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — сядзібны дом (пач. 20 ст.). Каля вёскі група археал. помнікаў (стаянка каменнага веку, гарадзішчы, селішча і курганны могільнік).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРЭ́Ц,
вёска ў Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Моўчадзь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 13 км на ПдУ ад Дзятлава, 178 км ад Гродна, 7 км ад чыг. ст. Наваельня. 810 ж., 302 двары (1997).
Вядомы з пач. 15 ст. У 15—16 ст. належаў кн. Фёдару Даўголдавічу, Свідрыгайлу, Кежгайлам, Гарнастаям. У 1516 мястэчка Навагрудскага пав. У канцы 16 ст. перайшоў да Завішаў. З 1795 у Рас. імперыі, цэнтр воласці ў Слонімскім пав. У 1870-я г. 547 ж., 77 двароў, 2 царквы, касцёл, капліца, 2 яўр. малітоўныя дамы, школа, багадзельня, 9 крам, 3 шынкі, праводзіліся 2 кірмашы штогод. У пач. 20 ст. 1373 ж. У 1921—39 у Польшчы, у Слонімскім пав. З 1939 у БССР, цэнтр сельсавета Дзятлаўскага р-на. У 1962—65 у Навагрудскім р-не. У 1971—609 ж., 222 двары.
Ільнозавод, дрэваапр. прадпрыемства «Палац». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — вадзяны млын (канец 19 — пач. 20 ст.), касцёл (1904) і Пакроўская царква (пач 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫСВЯ́ТЫ,
вёска ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., каля воз. Дрысвяты, на аўтадарозе Відзы—Даўгаўпілс. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 35 км на З ад Браслава, 255 км ад Віцебска, 65 км ад чыг. ст. Друя. 367 ж., 137 двароў (1997).
Упершыню ўпамінаюцца ў дакументах 15 ст. У розны час належалі Радзівілам, Сапегам, Агінскім, Лапацінскім і інш. У 14—17 ст. на востраве воз. Дрысвяты існаваў Дрысвяцкі замак. Пасля адм. рэформы ВКЛ 1565—66 у Браслаўскім пав. Віленскага ваяв. Паводле інвентара за 1722, у Д. каля 400 ж., 52 дымы, 25 корчмаў, касцёл, плябанія, царква. У канцы 19 ст. ў мястэчку Д. 205 ж. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны Браслаўскага пав. Віленскага ваяв. 74 дамы, 375 ж. (1931). З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Відзаўскага р-на. З 1960 у Браслаўскім р-не. 99 двароў, 275 ж. (1971).
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-га, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — Дрысвяцкая царква (1908) і Дрысвяцкі Петрапаўлаўскі касцёл (1929). На востраве воз. Дрысвяты археал. помнікі Дрысвяты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́БІНКА,
горад, цэнтр Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл., пры ўпадзенні р. Жабінка ў Мухавец. За 30 км ад г. Брэст. Чыг. вузел (напрамкі на Брэст, Лунінец, Баранавічы), аўтадарогі на Брэст, Кобрын, Камянец. 12,5 тыс.ж. (1997).
Узнікла як чыг. ст. ў канцы 19 ст. ў сувязі з буд-вам чыг. Масква—Брэст. У 1890—282 ж., 30 двароў, гасцініца, пошта, царква, сінагога, 6 крам, 3 карчмы. У пач. 20 ст. дзейнічалі сукнавальня і тартак. З 1921 у складзе Польшчы, у Кобрынскім пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 вёска, цэнтр Жабінкаўскага р-на. З 23.6.1941 да 21.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Ж. і раёне 1764 чал. З 16.4.1952 гар. пасёлак, у 1959—62 у Камянецкім, у 1962—63 у Кобрынскім р-нах. У 1959—2,9 тыс.ж. З 23.12.1970 горад.
Асфальтабітумны з-д, прадпрыемствы харч. (найб. значны Жабінкаўскі цукровы завод), буд. прам-сці. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Пакроўская царква (1885).
Літ.:
Бензярук А. Наш край — Жабінкаўшчына. Брэст, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖО́ДЗІШКІ,
вёска ў Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Вілія, на аўтадарозе Варняны—Нарач. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 19 км на Пн ад горада і чыг. ст. Смаргонь, 240 км ад Гродна. 891 ж., 251 двор (1997).
Вядомыя з 1511 як замак і мястэчка, засн. М.Мішковічам. У 16—17 ст. належалі Падбейпецічам, Забярэзінскім, Осцікавічам, Кішкам, Комарам, Мінкевічам. У 1709—73 дзейнічаў Жодзішкаўскі езуіцкі калегіум. З 1795 у Рас. імперыі. У сярэдзіне 19 — пач. 20 ст. ў Свянцянскім пав. Віленскай туб. У 1859—222 ж., 39 двароў. З 1921 у Польшчы, у Вілейскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Смаргонскім р-не. У 1971—794 ж., 276 двароў.
Малое прадпрыемства «Надзея», лясніцтва. Сярэдняя школа, дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Лясная паляна», Дом культуры, б-ка, 2 бальніцы, амбулаторыя, 2 аптэкі, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — Жодзішкаўскі кальвінскі збор (1612) і сядзібны дом (з пейзажным паркам 19 ст.), пад які прыстасаваны кляштар езуітаў 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРО́ВІЧЫ, Жыровіцы,
вёска Слонімскім р-не Гродзенскай вобл., каля р. Шчара, на аўтадарозе, што злучае Слонім з аўтадарогай Мінск—Брэст. Цэнтр сельсавета. За 10 км на Пд ад горада і чыг. ст. Слонім, 138 км ад Гродна. 2577 ж., 646 двароў (1997).
Вядомы з 2-й пал. 15 ст. як уладанне, аддадзенае вял.кн.ВКЛ Казімірам Ягелончыкам літ. падскарбію А.Солтану. У 16 ст. заснаваны Жыровіцкі Успенскі манастыр. З 1610-х г. Ж. — уласнасць Л.Сапегі, потым Я.Мялешкі. З 17 ст. мястэчка, у 1652 атрымалі магдэбургскае права. З 1795 у Рас. імперыі, у Слонімскім пав. У 1880-я г. больш за 300 ж. З 1921 у складзе Польшчы, у Слонімскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Слонімскага р-на. У 1971—2591 ж., 430 двароў.
Дзярж. сортавыпрабавальная станцыя. Жыровіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум. Мінская вышэйшая духоўная семінарыя. Сярэдняя і муз. школы. 2 дамы культуры, 2 б-кі, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Каля вёскі магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — Георгіеўская царква (канец 18 ст.) і Жыровіцкі манастыр базыльян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ТКАВІЧЫ,
горад, цэнтр Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл.Чыг. ст. на лініі Гомель—Лунінец. За 238 км ад Гомеля. Аўтадарогамі злучаны з Брэстам і Калінкавічамі. 17,7 тыс.ж. (1997).
У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1500 як маёнтак Жыдкавічы. У канцы 16 ст.вёска ў Мазырскім пав.ВКЛ. З 1793 у Рас. імперыі. У 19 ст. цэнтр воласці. З буд-вам Палескай чыг. і адкрыццём у 1886 чыг. станцыі на месцы вёсак Зарэчча і Бярэжжа пачаў расці рабочы пас. Ж., заснаваны лесапільны з-д. У 1897—1200 ж., нар. 2-класнае вучылішча, аптэка, пошта, царква. З 1924 цэнтр Жыткавіцкага раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У 1939—4,3 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну з 20.8.1941 па 6.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ж. і раёне 1384 чал., разбураны. Дзейнічала Жыткавіцкае патрыятычнае падполле. З 1954 у Гомельскай вобл. 5,4 тыс.ж. у 1959, 7,9 тыс.ж. у 1970. З 19.11.1971 горад.
Прадпрыемствы лесанарыхтоўчай, харч. прам-сці. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСУ́ЛЛЕ,
вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Стоўбцы—Івянец. Цэнтр сельсавета. За 16 км на ПнУ ад Стоўбцаў, 96 км ад Мінска, 8 км ад чыг. ст. Коласава. 422 ж., 186 двароў (1997).
Вядома з 1-й пал. 16 ст. як уладанне тат. князёў Уланаў, у 17—18 ст. — Жыжэмскіх, у 1-й пал. 19 ст. — Крупскіх. У 1592 тут 38 двароў, млын, мячэць, жылі баяры, цяглыя людзі, бортнікі, агароднікі. У 17—18 ст. праз вёску праходзіў гандл. шлях Мінск—Мір, былі карчма, пастаялы двор, царква. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці. У канцы 18 ст. ў цэнтр. частцы З., дзе існавалі двары каваля, ганчара, краўца, фарміруецца мястэчка, працавалі сукнавальня, млын. У 1897—548 ж., 95 двароў. З 1921 у Польшчы, у Стаўбцоўскай гміне Навагрудскага ваяв., з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Стаўбцоўскага р-на. У чэрв. 1941 — ліп. 1944 акупіравана ням. -фаш. войскамі, якія ў 1941 спалілі частку вёскі. У 1971—984 ж., 281 двор.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАБЕ́ЛІН,
вёска ў Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Ваўкавыск—Ружаны. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 13 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Ваўкавыск, 115 км ад Гродна. 727 ж., 260 двароў (1997).
Вядомы з 1-й пал. 16 ст. пад назвай Петуховічы (потым Петухова). У 16—19 ст. уладанне Яновічаў, Клочкаў, Дарагастайскіх, Сапегаў, Флемінгаў, Грабоўскіх, Стравінскіх і інш. З 1690 мястэчка. З сярэдзіны 18 ст.наз. І. (у гонар дачкі Я.Флемінга Ізабелы). З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ. У 1815—73 існавала суконная мануфактура. У 1897—820 ж., 105 двароў, царква, кальвінскі збор, сінагога, вучылішча, 5 крам, 4 кірмашы на год. З 1921 у Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 у Ваўкавыскім р-не. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі расстралялі 31 жыхара вёскі. У 1971—527 ж., 195 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. 2 брацкія магілы сав. воінаў. Помнікі архітэктуры — Міхайлаўская царква (канец 18 ст.) і Петрапаўлаўскі касцёл (1778).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕНКА,
вёска ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Шчучын — Скідзель. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 16 км на З ад г. Шчучын, 45 км ад Гродна, 19 км ад чыг. ст. Скідзель. 643 ж., 261 двор (1997).
У 2-й пал. 16 ст. К. — маёнтак на мяжы Гродзенскага і Лідскага пав. У 1580 К.Кладзінскі пабудаваў драўляны касцёл, у 1599 П.Нонгард заснаваў туг мястэчка. У 18 ст ўласнасць Тызенгаўзаў. З 1795 у Рас. імперыі У 19 ст. мястэчка, цэнтр воласці Гродзенскага пав., уласнасць Тызенгаўзаў, Урускіх, і пач. 30 ст. — Сапегаў. У 1878—411 ж, у 1897—553 ж., 73 двары, нар. вучылішча, касцёл, 2 малітоўныя яўр. дамы, 8 крам, карчма, 8 кірмашоў на год. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Шчучынскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета ў Шчучынскім р-не. З 23.5.1962 да 25.12.1962 у Скідзельскім р-не. У 1971—530 ж., 180 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Каменкаўскі Антоніеўскі касцёл (1908).