ВАКАЛІ́З (франц. vocalise ад лац. vocalis галосны гук; гучны, пявучы),
1) практыкаванне для развіцця вакальнай тэхнікі, якое выконваецца на галосным гуку.
2) Канцэртны твор, найчасцей для сапрана з інстр. суправаджэннем. Адсутнасць слоў і кантыленнасць, часам віртуознасць, дазваляюць выявіць прыгажосць і выпрацаванасць голасу («Вакаліз у форме хабанеры» М.Равеля, «Вакаліз» С.Рахманінава). У 20 ст. вакаліз набліжаецца да інстр. жанраў (5 мелодый для голасу ці скрыпкі з фп. С.Пракоф’ева, вакаліз-эцюд К.Шыманоўскага; саната-вакаліз, сюіта-вакаліз для голасу з фп. М.Метнера; канцэрт для голасу з арк. Р.Гліэра). Спецыфічны эфект дасягаецца ў харавым вакалізе («Дафніс і Хлоя» Равеля). Вакаліз ў бел. музыцы: Канцэрціна для голасу з арк. Дз.Лукаса, вакаліз з сімф. арк. памяці Дз.Шастаковіча Л.Абеліёвіча, вакаліз-калыханка з балета «Мара» Я.Глебава і інш.
т. 3, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
В’ЕТНА́МСКАЯ МО́ВА,
адна з аўстраазіяцкіх моў. Афіц. мова В’етнама, пашырана таксама ў Камбоджы, Лаосе, Тайландзе, Новай Каледоніі. Падзяляецца на 3 асн. дыялекты — паўн., цэнтр. і паўд., якія адрозніваюцца лексікай і фанетыкай. Літ. мова сфарміравалася на аснове паўн. і цэнтр. дыялектаў. Фанетыка в’етнамскай мовы не дапускае, каб у адной марфеме стаялі поруч 2 зычныя, 2 галосныя могуць спалучацца. Усе марфемы (асн. і службовыя) аднаскладовыя. Устойлівы парадак слоў абумоўліваецца тым, што ў в’етнамскай мове фактычна няма марфалогіі. У лексіцы шмат запазычанняў з кіт. мовы. Да 1910 у В’етнаме былі пашыраны 2 віды пісьменства — кіт. іерагліфіка і пісьменства «цьыном», якое ўзнікла на яе аснове (стараж. помнік датуецца 1343). З 1910 уведзена пісьмо «куок-нгы», створанае ў 17 ст. партуг. місіянерамі на аснове лац. алфавіта.
т. 4, с. 129
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕО́РГІЙ АКРАПАЛІ́Т (Georgios Akropolitēs; 1217, г. Нікея, цяпер г. Ізнік, Турцыя — пасля 1282),
візантыйскі дзярж. дзеяч, гісторык, пісьменнік. З 1246 узначальваў адм. кіраванне Нікейскай імперыі. У 1240—50-я г. ў якасці дарадчыка і намесніка імператара ўдзельнічаў у войнах супраць Балгарыі і Эмірскага царства. Пасля 1261 на пасадах пры канстанцінопальскім двары. На 2-м Ліёнскім саборы 1274 па даручэнні імператара Міхаіла VIII Палеалога падпісаў унію паміж праваслаўнай і каталіцкай цэрквамі (не была ажыццёўлена). Аўтар «Хронікі» (ахоплівае падзеі знешнепаліт. і дыпламат. гісторыі Нікейскай імперыі ў 1203—61), шматлікіх прамоў, пахвальных слоў, лістоў, вершаў, рытарычных і тэалаг. твораў.
Літ.:
Жаворонков П.И. Некоторые аспекты мировоззрения Георгия Акрополита // Византийский временник. 1986. Т. 47;
Удальцова З.В. Византийская культура. М., 1988.
Н.К.Мазоўка.
т. 5, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЦКАЯ МО́ВА,
адна са старажытных германскіх моў (усх.-германская падгрупа). Вядома пераважна па пісьмовых помніках 4 ст. (перыяд пасялення готаў у Прычарнамор’і). Найб. значны — пераклад Бібліі (прыпісваецца вестгоцкаму епіскапу Ульфіле), што дайшоў да нашага часу ў остгоцкіх рукапісах 5—6 ст. Лічыцца, што Ульфіла стварыў і само гоцкае пісьмо, заснаванае на грэч. і лац. алфавітах, а таксама на рунічным пісьме. Гоцкая мова захавала большую блізкасць да прагерманскай мовы, таму яна адыгрывае значную ролю ў параўнальнай граматыцы германскіх моў. Вылучаюць 2 блізкія дыялекты гоцкай мовы — остгоцкі і вестгоцкі. У Крыме пэўны час захоўвалася т.зв. крымска-гоцкая мова (вядома 68 слоў, запісаных фламандцам А.Г.Бусбекам у 16 ст.), якая паходзіла ад остгоцкага дыялекту гоцкай мовы.
Літ.:
Гухман М.М. Готский язык. М., 1958.
т. 5, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
З,
дзевятая літара бел. і некаторых інш. слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай Ꙁ («зямля»), утворанай на аснове грэка-візант. устаўной Ζ («дзэта»). У старабел. пісьменстве абазначала гукі «з» і «з’» («законъ», «возити»). Мела таксама лічбавае значэнне «сем». У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму Паралельна з ёй, хоць і больш абмежавана, для абазначэння гукаў «з» і «з’» выкарыстоўвалася літара Ѕ («зяло»), што ўзнікла шляхам відазмянення грэка-візант. S («дыгама»). У сучаснай бел. мове абазначае шумныя звонкія шчылінныя пярэднеязычныя зычныя гукі «з» і «з’» («зара», «зіма»), а перад глухімі зычнымі ці на канцы слоў — парныя да іх па звонкасці і глухасці гукі «с», «с’» («казка» — «каска», «лезці» — «л’эс’ц’і», «мазь» — «мас’», «полаз» — «полас’»), Уваходзіць у склад дыграфа «дз» («нэндза», «радзіма»).
А.М.Булыка.
т. 6, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДАКУМЕ́НТЫ, ШТО ТЛУМА́ЧАЦЬ ГІСТО́РЫЮ ЗАХОДНЯРУ́СКАГА КРА́Ю», «Документы, объясняющие историю Западно-Русского края и его отношения к России и к Польше»,
зборнік дакументаў, выдадзены ў 1865 Археаграфічнай камісіяй у С.-Пецярбургу. Падрыхтаваны ў сувязі з паўстаннем 1863—64, разлічаны на замежнага чытача і мае выключна паліт. характар. Дакументы надрукаваны на мове арыгінала і ў перакладзе на франц. мову. Паводле слоў рэдактара і аўтара прадмовы М.В.Каяловіча, мэта зборніка — даказаць, што «заходнярускі край» быў рускім, а не польскім. Публікацыя дакументаў пачынаецца з прывілея караля Ягайлы, дадзенага ў 1387 віленскаму біскупу. Большасць змешчаных дакументаў была апублікавана раней. Сярод надрукаваных упершыню ўрыўкі з дзённіка Люблінскага сейма 1569, крыніцы з архіва уніяцкіх мітрапалітаў.
Літ.:
Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973.
М.Ф.Шумейка.
т. 6, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
...метр, ‑а, м.
Другая састаўная частка складаных слоў, якія абазначаюць: 1) працягласць у столькі метраў ці ў такую частку метра, колькі паказана ў першай частцы слова, напрыклад: кіламетр, сантыметр і інш.; 2) прыбор, інструмент для вымярэння таго, што паказана ў першай частцы слова, напрыклад: тэрмометр, каларыметр; 3) спецыяліста ў галіне навукі, назва якой канчаецца на ...метрыя, напрыклад: геометр.
[Фр. mêtre, ад грэч. metron — мера.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
батра́цкі, ‑ая, ‑ае.
Які належыць батраку, уласцівы батраку; складаецца з батракоў. Батрацкі хлеб быў дужа горкі. Ты ўспамінаеш са слязой, Як жала, ткала, на вячоркі Хадзіла ў дом чужы зімой. Ляпёшкін. Слоў у песні нямнога, ды словы — простыя і горкія, як батрацкая доля. Брыль. [Селянін:] — А Сёмку-матроса, які быў у батрацкім камітэце, выдаў пан немцам. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перавары́ць, ‑вару, ‑варыш, ‑варыць; зак., што.
1. Зварыць нанава, яшчэ раз. Пераварыць варэнне.
2. Сапсаваць, пазбавіць патрэбных якасцей у выніку празмернага варэння гатавання. Пераварыць мяса.
3. Перапрацаваць, засвоіць у працэсе стрававання. [Голуб:] — Кажуць, салдацкае нутро пераварыць шрубу, гайку і ружэйнае масла. Васілевіч. // перан. Разм. Успрыняць, засвоіць, перапрацаваць. Унтэру столькі незразумелых слоў не пераварыць да самай смерці. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
транскры́пцыя, ‑і, ж.
Спец.
1. Дакладная перадача на пісьме ўсіх асаблівасцей жывой гаворкі літарамі алфавіта і некаторымі спецыяльнымі знакамі. Фанетычная транскрыпцыя.
2. Тое, што і транслітарацыя. Транскрыпцыя грэчаскіх слоў лацінскімі літарамі.
3. Пераклад музычнага твора, напісанага для аднаго музычнага інструмента або голасу, для выканання другім інструментам або голасам, а таксама парафраза (у 2 знач.). Транскрыпцыя Ліста. Транскрыпцыя для флейты.
[Ад лац. transcriptio — перапісванне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)