ВУСАНО́ГІЯ (Cirripedia),

атрад (па інш. сістэме — падклас) ракападобных. Вядомы з сілуру. 3 падатр.: тарацыкавыя (Thoracica), коранегаловыя (Rhizocephala), акратарацыкавыя (Acrothoracica). Больш як 1000 відаў. Жывуць у морах і саленаватых водах. У дарослым стане прымацоўваюцца да скал, камянёў, днішчаў суднаў, жывых істот. Найб. вядомыя марскія жалуды і марскія качачкі.

Даўж. цела 2—500 мм, укрыта вапністай ракавінай (домікам); грудныя ножкі з шчацінкамі, нагадваюць вусікі (адсюль назва). Рачок пры дапамозе мышцаў можа расхінаць створкі доміка і карміцца. Паразітычныя вусаногія (грудныя ножкі, вочы, галава і інш. ў іх рэдукаваныя) аплятаюць цела крабаў, крэветак, ракаў-пустэльнікаў, марскіх чарапах. Разнаполыя і гермафрадыты. Лічынка-наўпліус, якая пасля шэрагу лінек ператвараецца ў цыпрысападобную лічынку, што вольна плавае, потым прымацоўваецца да субстрату. Лічынак паядаюць рыбы. Некаторыя віды вусаногіх ядомыя.

т. 4, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУКА́РСКАЯ ФО́РМА,

плоская або цыліндрычная форма, якая ў сістэме друкавальных (даюць адбіткі фарбы на матэрыяле) і прабельных (прамежкавых) элементаў мае тэкставую і ілюстрацыйную інфармацыю і служыць для шматразовага атрымання адбіткаў. Выкарыстоўваецца ў друкарскіх машынах.

Бывае для высокага друку (набор, клішэ, фотапалімерная форма, стэрэатып), плоскага друку (афсетныя, літаграфскія і фотатыпныя пласціны), глыбокага друку (пакрытыя меддзю і храміраваныя цыліндры), а таксама для металаграфскага, трафарэтнага, электраграфічнага і інш. спец. відаў друку. Матэрыялы Д.ф. — металічныя (друкарскія сплавы, цынк, алюміній, медзь, магній, біметал і інш.), неметалічныя (пластмаса. гума, шкло і інш.) і камбінаваныя. Д.ф. робяць фотанаборнымі, наборна-друкавальнымі і наборна-адліўнымі спосабамі, стэрэатыпныя формы — метадамі гальванапластыкі, прасаваннем і ліццём. З адной Д.ф. можна атрымаць 1 млн. і болей адбіткаў.

Літ.:

Колосов А.И. Наборные и стереотипные процессы. М., 1977.

т. 6, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫ́ЖНІК (Briza),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Пярэдняй Азіі, Паўн. і Паўд. Афрыцы, асабліва ў Міжземнамор’і. На Беларусі паўсюдна на лугах, лясных палянах і ўзлесках трапляецца Д. сярэдні (B. media). Як інтрадукаваная дэкар. расліна вырошчваецца і зрэдку дзічэе Д. вялікі (B. maxima).

Шмат- ці аднагадовыя травяністыя расліны з кароткімі паўзучымі падземнымі парасткамі або без іх. Сцябло прамастойнае, простае або ад асновы галінастае. Лісце сядзячае, лінейнае, пляскатае, шыр. 2—8 мм. Кветкі сабраны ў сплясканыя рамбічныя ці яйцападобныя каласкі, якія ўтвараюць агульнае раскідзістае або сціснутае мяцёлчатае суквецце. Плод — зярняўка. Кармавыя, дэкар. (выкарыстоўваюць для групавых пасадак і на сухія букеты) і лек. (мачагонны, сардэчны, супрацьзапаленчы сродак) расліны.

Г.​У.​Вынаеў.

Дрыжнік сярэдні.

т. 6, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБО́ВЫЯ ШАЎКАПРА́ДЫ (Antheraea),

род матылёў сям. паўлінавочак атр. лускакрылых. 2 віды: кітайскі Д.ш. (A. pernyi) і японскі Д.ш. (A. jamamai). На Д. Усходзе трапляецца яго падвід (A. j. ussuriensis). Культывуюць у Кітаі, Японіі, Карэі, Індыі, Расіі, Беларусі і інш. для атрымання прыроднага шоўку. Добра акліматызуюцца.

Крылы ў размаху 10—15 см. Вусені звіваюць коканы. Пры размотванні аднаго кокана атрымліваюць шаўковую нітку даўж. 1,5—5 км. За год даюць 1—2 пакаленні. Вусеняў выкормліваюць лісцем розных відаў дубу (у эксперыменце на бярозе, вярбе, грабе). У адрозненне ад тутавага шаўкапрада шоўк кітайскага Д.ш. больш грубы і моцны; выкарыстоўваюць на выраб часучы, у прыладабудаванні, электратэхніцы, медыцыне.

Да арт. Дубовыя шаўкапрады. Кітайскі дубовы шаўкапрад: 1 — кокан; 2 — вусень; 3 — матыль.

т. 6, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́ДНІК (Angelica),

род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, асабліва ва Усх. Азіі. На Беларусі 3 дзікарослыя віды: усюды трапляецца Д. лясны (A. sylvestris), зрэдку — лекавы, або дзягіль (A. archangelica), і вельмі рэдка — балотны (A. palustris). Растуць у лясах, хмызняках, на лугах, балотах і інш. Цэнтр. бат. садам Нац. АН Беларусі як дэкар. расліна інтрадукаваны Д. сахалінскі (A. sachalinensis).

Двух- або шматгадовыя травяністыя расліны з кароткім карэнішчам і галінастым, унутры пустым — дудкаватым (адсюль назва) сцяблом выш. да 2 м. Лісце буйное, складанае, перыстарассечанае, з вял. похвамі. Кветкі дробныя, белыя ці ружаватыя, у буйных складаных парасоніках. Плод — віслаплоднік з 10 крылатымі рэбрамі. Лек., кармавыя, эфіраалейныя, меданосныя, вострапрыпраўныя і дэкар. расліны. Плады і карані багатыя кумарынам.

Дуднік лясны.

т. 6, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫ́НЯ (Melo),

род аднагадовых травяністых раслін сям. гарбузовых. Вядома 15 відаў (у культуры 9). Радзіма — Сярэдняя і М. Азія. Вырошчваецца ў краінах з сухім, цёплым кліматам. На Пд Беларусі ў аматарскіх пасевах вырошчваюць Д. звычайную, ці сталовую (M. sativus).

Д. звычайная — расліна з паўзучым сцяблом даўж. да 3—4 м, укрытым цвёрдымі валаскамі. Лісце на доўгіх чаранках, суцэльнае або лопасцевае, апушанае, з вусікамі ў пазухах. Кветкі часцей аднаполыя, ярка-жоўтыя, развіваюцца ў пазухах лісця. Плод — шматнасенная несапраўдная ягада з сакаўной, салодкай, духмянай мякаццю, багатай цукрам (да 18%), вітамінам С (да 60 мг%), карацінам, мінер. солямі. Каштоўная харч., дыетычная культура. З мякаці атрымліваюць мёд (бекмез). Сарты: Калгасніца, Грунтавая грыбаўская, Алтайская.

Дыня: 1 — сорт Босвалды; 2 — сорт Калгасніца.

т. 6, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМАТЫ́ЧНАЕ ПІСЬМО́,

позні від іерагліфічнага егіпецкага пісьма для хуткага запісу на папірусе вял. тэкстаў. Д.п. прыйшло на змену іератычнаму пісьму каля 6—7 ст. да н.э. і заставалася пісьмом егіпцян да 3 ст. н.э., калі змянілася копцкім пісьмом і значэнне іерогліфаў было забыта. У 1799 каля г. Разета (дэльта Ніла) знойдзены т.зв. Разецкі камень, на якім былі высечаны 2 іерагліфічныя надпісы і 1 на стараж. грэч. мове; адзін з іерагліфічных надпісаў выкананы манументальнымі іерогліфамі, другі — Д.п. У 1822 франц. вучоны Ж.​Ф.​Шампальён расшыфраваў іх і прыйшоў да высновы, што Д.п. максімальна набліжана да фанетычнага пісьма і складаецца з 3 відаў знакаў: ідэаграфічных, фанетычных і дэтэрмінатываў.

Літ.:

Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.

А.​М.​Рудэнка.

Дэматычнае пісьмо.

т. 6, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЦЭ́НА (Dracaena),

род кветкавых раслін сям. драцэнавых. Каля 150 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках Усх. паўшар’я. Растуць на горных схілах, у прыбярэжных вільготных лясах. На Беларусі ў аранжарэях і пакоях вырошчваюць Д. пахучую (D. fragrans), стракаталістую, дзярэмскую (D. deremensis), зеленалістую Гукера (D. hookeriana).

Шматгадовазялёныя дрэва- і кустападобныя расліны. Лісце сядзячае, падоўжана-ланцэтападобнае, скурыстае, цвёрдае, зялёнае, шэра-зялёнае або стракатае. Кветкі правільныя, двухполыя, звычайна белыя, крэмаватыя, жаўтаватыя або ружовыя, пахучыя, сабраны на верхавінках у мяцёлкі або пучкі. Плод — ягада. Цвітуць рэдка. Размнажаюць насеннем, верхавінкавымі або сцябловымі чаранкамі. Тэхн. (лаканосныя, фарбавальныя, валакністыя), лек. і дэкар. расліны. Некаторыя дрэвападобныя віды Д., у якіх з надрэзаў кары выцякае хрывава-чырв. смаляністы сок, наз. драконавым дрэвам.

Г.​У.​Вынаеў.

Драцэна дзярэмская.

т. 6, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРО́ЖДЖЫ,

група аднаклетачных мікраскапічных грыбоў, у якіх адсутнічае сапраўдны міцэлій. Вядома каля 500 відаў, што належаць да 3 класаў — аскаміцэты, базідыяльныя грыбы і недасканалыя грыбы (дэйтэраміцэты). Пашыраны ў глебе, прадуктах, у раслін, жывёл і чалавека. Клеткі Д. шарападобнай, авальнай або цыліндрычнай формы, бясколерныя ці пігментаваныя, нерухомыя, даўж. 5—10 мкм і больш. Размнажаюцца пераважна пачкаваннем, некат. віды — дзяленнем. Д. ўдзельнічаюць у кругавароце рэчываў у глебе, фарміраванні яе структуры і ўрадлівасці. Многія выклікаюць спіртавое браджэнне. Багатыя бялком, вітамінамі групы B. Выкарыстоўваюцца ў вінаробстве, піваварэнні, хлебапячэнні, сельскай гаспадарцы (гл. Дрожджы кармавыя, Дражджавая вытворчасць) і інш.; піўныя Д. — у медыцыне пры гіпавітамінозе B1, парушэннях абмену рэчываў, фурункулёзе і інш. Патагенныя формы Д. выклікаюць хваробы чалавека і жывёл — бластамікозы, кандыдамікозы.

А.​П.​Красільнікаў.

т. 6, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАКТЫЛАСКАПІ́Я (ад дактыла... + ...скапія),

галіна ведаў, якая вывучае будову ўзораў скуры рук з мэтай ідэнтыфікацыі асобы. На далоневай паверхні канцавых (ногцевых) фалангаў пальцаў рук ёсць рэльефныя лініі (т. зв. папілярныя), якія строга індывідуальныя, адносна ўстойлівыя і здольныя аднаўляцца ў былым выглядзе пры паверхневым парушэнні скурнага покрыва. З улікам відаў і тыпаў скурнага ўзору, іх дадатковых асаблівасцей выводзіцца т. зв. дактыласкапічная формула, якая служыць асновай сістэматызацыі дактыласкапічных картаў у картатэках. Найб. шырока выкарыстоўваюцца ў крыміналістыцы: па адбітках пальцаў рук ажыццяўляюцца: крыміналістычная ідэнтыфікацыя асобы злачынца; устанаўленне злачынца, які быў раней зарэгістраваны як судзімы; ідэнтыфікацыя неапазнаных трупаў; пошук асоб, што прапалі без вестак, і інш. Метады Д. выкарыстоўваюць таксама ў антрапалогіі, медыцыне, банкаўскай справе і інш. галінах навукі, практычнай дзейнасці.

С.​У.​Скаруліс.

т. 6, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)