КАСЫ́МАЎ Мухамеджан (9.5.1907, г. Рыштан Ферганскай вобл., Узбекістан — 5.7.1971),

таджыкскі акцёр. Нар. арт. СССР (1941). Вучыўся ў Какандскім пед. і Ташкенцкім каап. тэхнікумах, удзельнічаў у тэатр. самадзейнасці. З 1931 у трупе Таджыкскага т-ра імя Лахуці (Душанбе), з пач. 1940-х г. вядучы акцёр гэтага т-ра. Сярод лепшых ролей: Рахімбек («Чырвонапалачнікі» С.​Улуг-зада), Саліх-бай («Бай і батрак» Хамзы), Гараднічы («Рэвізор» М.​Гогаля), Атэла, Лір («Атэла», «Кароль Лір» У.​Шэкспіра). Займаўся рэжысёрскай дзейнасцю. Здымаўся ў кіно.

т. 8, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕВО́РКАЎ Сцяпан Агабекавіч (1.4.1903, Масква — 1990),

армянскі кінарэжысёр. Нар. арт. СССР (1970). Скончыў Дзярж. тэхнікум кінематаграфіі ў Маскве (1930). Працаваў на студыі «Азеркіно». З 1933 на студыі «Масфільм», з 1936 — «Арменфільм» (у 1949—51 дырэктар). З рэж. Э.​Карамянам стварыў фільмы: «Горны марш» (1939), «Прывіды пакідаюць вяршыні» (1955), «Сцежкаю грому» (1956), «Асабіста вядомы» («Камо», 1958), «Надзвычайнае даручэнне» (1965), «Выбух пасля поўначы» (1968), «Апошні подзвіг Камо» (1974, з Р.​Г.​Мелік-Авакянам) і інш. Дзярж. прэмія Арменіі 1967.

т. 8, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЫЕ́НКА Зінаіда Міхайлаўна (н. 9.7.1933, г. Махачкала, Дагестан),

расійская кінаактрыса. Нар. арт. Расіі (1977).

Скончыла Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1958). Акцёрскае майстэрства вызначаецца эмацыянальнай напружанасцю, драматычнай насычанасцю ў спалучэнні з тонкім лірызмам. Сярод роляў: Наталля («Ціхі Дон», 1957—58), Кацярына («Паэма пра мора», 1958), Ірына («Лёс чалавека», 1959), Марыя («Аповесць палымяных гадоў», 1961), Ефрасіння Дзяругіна ў фільмах «Любоў зямная» (1975) і «Лёс» (1978; Дзярж. прэмія СССР і Залаты медаль імя Даўжэнкі 1979), Аляксандра Пераганец («Яны былі акцёрамі», 1981).

т. 8, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́СА Алег Васілевіч (н. 1.6.1942, с. Малыя Уханы, Польшча),

украінскі і рас. скрыпач, педагог. Засл. арт. Украіны (1968). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1965, клас Д.Ойстраха). У 1968—73 выкладчык Кіеўскай, з 1975 Маскоўскай кансерваторый. Выступае як саліст і ансамбліст. Першы выканаўца многіх твораў сучасных кампазітараў, у т. л. прысвечаных яму. Лаўрэат Міжнар. конкурсаў скрыпачоў імя Н.​Паганіні (Генуя, 1963, 1-я прэмія), імя Г.​Вяняўскага (Познань, 1962; Манрэаль, 1969), імя П.​Чайкоўскага (Масква, 1966). З 1990-х г. за мяжой.

т. 8, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРАЎЛЁЎ Леанід Вячаслававіч (н. 8.10.1936, Масква),

расійскі кінаакцёр. Нар. арт. Расіі (1977). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1960). Дэбютаваў у фільме «Мічман Панін» (1960). Талент камед., вострахарактарнага акцёра выявіўся ў фільмах «Залатое цяля» (1968), «Іван Васілевіч мяняе прафесію» (1973), «Самазабойца» (1991). Сярод інш. фільмаў: «Жыве такі хлопец» (1964), «Ваш сын і брат» (1966), «Вій», «Старэйшая сястра» (абодва 1967), «Пачатак» (1970), «Семнаццаць імгненняў вясны» (1973), «Афоня» (1975), «Ты — мне, я — табе» (1977), «Мы, ніжэйпадпісаныя» (1980) і інш.

т. 9, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНАЛІ́Н (ад лац. lana шэрсць + oleum масла),

ачышчаны шарсцяны воск; жывёльны воск (гл. ў арт. Воскі). Вязкая белая ці светла-жоўтая мазепадобная маса, tпл 35—37 °C, шчыльн. 940—970 кг/м³. Не раствараецца ў вадзе і этаноле; раствараецца ў бензоле, хлараформе, дыэтылавым эфіры. Мае значную колькасць (каля 10%) стэрынаў, у т. л. халестэрыну. Атрымліваюць ачысткай шарсцянога воску, які экстрагуюць арган. растваральнікамі з воўны. Выкарыстоўваюць як аснову мазей і касметычных крэмаў (добра ўсмоктваецца і змякчае скуру).

т. 9, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯШКО́ЎСКАЯ Алена Канстанцінаўна (1864, г. Ягор’еўск Маскоўскай вобл. — 12.6.1925),

руская актрыса. Нар. арт. Рэспублікі (1924). Скончыла Муз.-драм. вучылішча Маскоўскага філарманічнага т-ва (1888). З 1888 у Малым т-ры. Яркая камедыйная актрыса, іграла ролі свецкіх «драпежніц», какетак, інтрыганак: Глафіра, Лідзія Чабаксарава («Ваўкі і авечкі» і «Шалёныя грошы» А.​Астроўскага) і інш. Тонкім гумарам, абаяннем было прасякнута яе выкананне ролей Дыяны («Сабака садоўніка» Лопэ дэ Вегі), Катарыны («Утаймаванне свавольніцы» У.​Шэкспіра) і інш., стварала таксама драм. вобразы сучасніц.

т. 9, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАРАСНІ́ЧНЫЯ ІНФУЗО́РЫІ (Oligotricha),

атрад прасцейшых кл. раснічных інфузорый. Нешматлікія прэснаводныя, марскія (тынтыніды) формы і інфузорыі, якія жывуць у страўніку (рубец, сетка) і тоўстых кішках жвачных млекакормячых — сям. афрыяскаляцыды (каля 120 відаў) і цыклапастыіды.

Форма цела складаная, са шкілетнымі і скарачальнымі элементамі. Суцэльнае раснічнае покрыва адсутнічае. Кормяцца бактэрыямі, грыбкамі, зернем крухмалу, часцінкамі раслін; ёсць драпежнікі. Размнажаюцца шляхам кан’югацыі, асобіны адрозніваюцца будовай шкілета, формай панцыра і інш.

Да арт. Малараснічныя інфузорыі. Афрыяскаляцыды: 1 — афрыясколекс; 2 — анапладыніум; 3 — астракадыніум.

т. 10, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛА́Я МЯДЗВЕ́ДЗІЦА (лац. Ursa Minor, бел. нар. назва Малы Воз),

каляпалярнае сузор’е Паўн. паўшар’я неба. 7 гал. зорак размяшчэннем нагадваюць коўш з ручкай. Найбольш яркая зорка — α М.М., ці Палярная зорка, 2-й зорнай велічыні — знаходзіцца непадалёку ад Паўн. полюса свету (на адлегласці каля 1°), з’яўляецца арыенцірам пры вызначэнні напрамку на Пн. 20 зорак сузор’я ярчэй 6-й зорнай велічыні. На тэр. Беларусі М.М. відаць круглы год. Гл. Зорнае неба. Іл. гл. да арт. Вялікая Мядзведзіца.

т. 10, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́ЗАЎ Уладзімір Міхайлавіч (н. 12.2.1933, С.-Пецярбург),

расійскі спявак (бас). Нар. арт. СССР (1981). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1960). У 1959—89 саліст Марыінскага т-ра. Сярод партый: Дасіфей, Варлаам («Хаваншчына», «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Грозны («Пскавіцянка» М.​Рымскага-Корсакава), Мефістофель («Фауст» Ш.​Гуно), Пётр I («Пётр I» А.​Пятрова), Бястужаў і Мікалай I («Дзекабрысты» Ю.​Шапорына), Андрэй Сакалоў («Лёс чалавека» І.​Дзяржынскага), Важак («Аптымістычная трагедыя» А.​Холмінава). Дзярж. прэмія Расіі 1974. Дзярж. прэмія СССР 1976.

У.В.Мароз.

т. 10, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)