«МАЛАДНЯ́К»,

аб’яднанне бел. пісьменнікаў у ліст. 1923 — ліст. 1928. Узнік як гурток маладых паэтаў пры час. «Маладняк». Заснавальнікі: М.​Чарот, А.​Вольны, А.​Дудар, А.​Александровіч, А.​Бабарэка, Я.​Пушча. Са стварэннем філіі ў Маскве (май 1924) і ініцыятыўных груп у Віцебску і Магілёве прыняў назву Усебеларускае аб’яднанне паэтаў і пісьменнікаў. Меў філіі ў Мінску, Бабруйску, Барысаве, Віцебску, Гомелі, Клімавічах (Калінінская філія), Магілёве, Оршы, Полацку, Слуцку, Смаленску, Ленінградзе, Празе, Рызе, студыі і гурткі ў многіх гарадах і мястэчках, а таксама нац. секцыі рус., літ., польск. і яўр. пісьменнікаў.

Членамі «М.» ў розны час былі М.​Аляхновіч, З.​Бандарына, І.​Барашка, П.​Броўка, З.​Бядуля, У.​Галубок, В.​Гарбацэвіч, Ю.​Гаўрук, П.​Глебка, К.​Губарэвіч, А.​Гурло, У.​Дубоўка, Я.​Журба, У.​Жылка, М.​Зарэцкі, А.​Звонак, В.​Каваль, Т.​Кляшторны, К.​Крапіва, М.​Лынькоў, В.​Маракоў, Р.​Мурашка, М.​Нікановіч, Л.​Родзевіч, В.​Сташэўскі, П.​Трус, У.​Хадыка, Н.​Чарнушэвіч, К.​Чорны, С.​Шушкевіч, А.​Якімовіч і інш. Кіруючы орган — прэзідыум, з лют. 1925 Цэнтр. бюро, у розныя гады якое ўзначальвалі М.​Чарот, А.​Вольны, Дубоўка, П.​Галавач. Друк. орган — час. «Маладняк», многія філіі мелі свае часопісы або альманахі. З мая 1925 «М.» выдаваў на свае сродкі бібліятэчку (кніжніцу) — невял. зборнікі твораў сваіх членаў (выйшла каля 60).

Творчая праграма «М.» сфармулявана ў дэкларацыі (снеж. 1924): «...ідэі матэрыялізму, марксізма і ленінізма ажыццявіць у беларускай мастацкай творчасці...»; мастацкі вобраз павінен аб’ектыўна адпавядаць рэальнасці. Праграма ўдакладнялася новымі дэкларацыямі (1925, 1926) у кірунку размежавання творчай і культ.-масавай працы, барацьбы за развіццё марксісцкай крытыкі і інш. Праводзіў выхаваўчую работу сярод моладзі, садзейнічаў выяўленню талентаў, наладжваў сувязі з літ. арг-цыямі інш. рэспублік, кнігаабмен з зарубежнымі краінамі. Творчасць маладнякоўцаў прасякнута пафасам сцвярджэння сацыяліст. ладу, вызначалася пошукамі новых маст. форм і сродкаў. Аднак многія з іх абвяшчалі літ. спадчыну перажыткам старога грамадства, захапляліся арыгінальнічаннем, фармаліст. штукарствам (атрымала назву «бурапена»). У сваёй дзейнасці «М.» кіраваўся ўказаннямі КП(б)Б, быў цесна звязаны з камсамолам. У маі 1926 у выніку расколу многія члены (К.​Чорны, К.​Крапіва, Дубоўка, Бабарэка, Глебка, Пушча, М.​Лужанін і інш.), а на мяжы 1927—28 і асн. кіруючае ядро (М.​Чарот, А.​Вольны, А.​Дудар, Сташэўскі і інш.) выйшлі з «М.». Рэарганізаваны ў Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў.

Літ.:

Гарэцкі М. «Маладняк» за пяць гадоў, 1923—1928. Мн., 1928;

Пшыркоў Ю.С. Беларуская савецкая проза (20-я — пачатак 30-х гг.). Мн., 1960;

Перкін Н.С. Шляхі развіцця беларускай савецкай літаратуры 20—30-х гг. Мн., 1960;

Гілевіч Н.С. Акрыленая рэвалюцыяй: (Паэзія «Маладняка»), Мн., 1962;

Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг. Мн., 1975;

Навумовіч У.А. Шляхамі арлянят: Проза «Маладняка». Мн., 1984;

Чыгрын І.П. Проза «Маладняка»: Дарогамі сцвярджэння. Мн., 1985.

К.​Р.​Хромчанка.

т. 9, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́СЯЦ,

адзіны натуральны спадарожнік Зямлі, астр. знак . Другое па яркасці пасля Сонца свяціла (поўны М. свеціць у 465 тыс. разоў слабей за Сонца). Дыяметр 3476 км, маса 7,35∙10​22 кг (у 81 раз меншая за зямную); сярэдняя шчыльнасць 3343 кг/м³ (0,607 сярэдняй шчыльнасці Зямлі). Арбіта з эксцэнтрысітэтам 0,045 нахілена пад вуглом 5°9′ да экліптыкі. Сярэдняя адлегласць ад Зямлі 384,4 тыс. км. Перыяды абарачэння М. вакол сваёй восі і вакол Зямлі (сідэрычны месяц — 27,3217 сут) супадаюць, таму М. павернуты да Зямлі адным бокам. Але ў выніку лібрацыі Месяца з Зямлі назіраецца каля 60% яго паверхні. Адваротны бок М. ўпершыню сфатаграфаваны ў 1959 сав. аўтам. станцыяй «Месяц-3». Змена фаз Месяца, якія вызначаюцца ўзаемным становішчам М., Зямлі і Сонца, адбываецца з перыядам у 29,5306 сут (сінадычны месяц). Сіла цяжару на М. ў 6 разоў меншая, чым на Зямлі.

Паверхня М. падзяляецца на «моры» і «мацерыкі». Светлыя ўчасткі паверхні наз. «мацерыкамі», займаюць 60% плошчы. Гэта няроўныя, гарыстыя раёны з вял. канцэнтрацыяй кратэраў розных памераў (у большасці метэарытнага паходжання, ёсць і вулканічныя). 40% паверхні — «моры»: упадзіны, запоўненыя цёмнай лавай і пылам; напластаванні асобных лававых патокаў утвараюць валы і грады, у многіх месцах праяўляюцца разломы і расколіны. «Мацерыкі» перасечаны горнымі хрыбтамі, размешчанымі ўздоўж узбярэжжа «мораў». Найб. вышыня месяцавых гор дасягае 9 км. Паверхневы слой М. складаецца з раздробленых парод — рэгаліту (таўшчынёй да дзесяткаў метраў). Месяцавы грунт шэра-бурага колеру, адбівальная здольнасць 5—20%, складаецца з часцінак сярэдняга памеру 0,08—0,10 мм Аналіз месяцавых парод, дастаўленых на Зямлю, паказаў, што яны не падвяргаліся ўздзеянню вады. Атмасфера М. вельмі разрэджаная: канцэнтрацыя атамаў і малекул прыблізна ў 10​9 разоў меншая, чым у зямной атмасферы на ўзроўні мора. Яна фарміруецца ў выніку ўздзеяння на месяцавы грунт светлавых і цеплавых фатонаў сонечнага выпрамянення. Асн. газы ў атмасферы — неон, вадарод, гелій, аргон. Сутачныя перапады т-р ад 101 °C да -153 °C. Ва ўзорах месяцавых парод, дастаўленых на Зямлю, адсутнічаюць якія-н. мікраарганізмы ці сляды іх жыццядзейнасці. Відаць, стэрылізаваны радыяцыяй і вял. перападамі т-р паверхневы грунт пазбаўлены жыцця. Існуюць розныя гіпотэзы паходжання М., канчаткова гэта праблема не вырашана. М. даследуецца аптычнымі і радыёастр. метадамі, радыёлакацыяй. З 1959 (першая сав. аўтам. станцыя «Месяц-1») пачаліся даследаванні М. сав. аўтам. станцыямі серыі «Зонд», «Месяц», амер. аўтам. станцыямі і пілатуемымі караблямі серый «Сервеер», «Лунар Орбітэр», «Апалон», «Лунар Праспектар». Першы чалавек ступіў на паверхню М. 21.7.1969 (Н.Армстранг).

Літ.:

Фрондел Д.У. Минералогия Луны: Пер. с англ. М., 1978;

Черкасов И.И., Шварев В.В. Грунтоведение Луны. М., 1979;

Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ. М., 1984;

Маров В.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986.

А.​А.​Шымбалёў.

Агульны выгляд Месяца.
Да арт. Месяц. Кратэр Капернік («Апалон-17», 1972, ЗША).

т. 10, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВО́ДНАЯ ЛО́ДКА,

баявы карабель, здольны апускацца і працяглы час дзейнічаць у падводным становішчы. Прызначаны для знішчэння караблёў і суднаў праціўніка, паражэння яго наземных аб’ектаў, пастаноўкі мінных загарод, вядзення разведкі, высадкі дыверсійных груп і выканання інш. задач, што патрабуюць скрытнасці і раптоўнасці. Існуюць таксама П.л. для навук. даследаванняў.

Першы эскіз праекта П.л. зрабіў Леанарда да Вінчы. Спробы пабудовы П.л. зроблены ў Вялікабрытаніі галандскім вучоным К. ван Дрэбелем (1620), у Расіі Я.​Ніканавым (1724), у Паўн. Амерыцы Д.​Бушнелем (1776), у Францыі Р.​Фултанам (1801), у Германіі В.​Баўэрам (1850). Мінскі дваранін К.Г.Чарноўскі прапанаваў праект метал. П.л. з перыскопам (1829), які рэалізаваў К.А.Шыльдэр (1834). Да пач. 20 ст. многія марскія дзяржавы пачалі буд-ва баявых П.л. Шырока выкарыстоўваліся ў 1-ю і 2-ю сусв. войны (гл. Падводная вайна).

П.л. мае стальны герметычны абцякальны корпус цыгара-, шара- ці кроплепадобнай формы Бывае аднакорпуснай (без лёгкага корпуса), паўтаракорпуснай (лёгкім корпусам часткова ахопліваецца моцны корпус) і двухкорпуснай (моцны корпус ахоплены лёгкім корпусам). Моцны корпус здольны вытрымаць вонкавы ціск вады на вял. глыбіні. П.л. ўнутры падзелена воданепранікальнымі перагародкамі на 4—8 адсекаў. У моцным корпусе размяшчаюцца экіпаж, зброя, механізмы, розныя сістэмы і ўстройствы, паліва, запасы прэснай вады і інш. Лёгкі корпус служыць для надання П.л. абцякальных абводаў, размяшчэння цыстэрнаў, трубаправодаў, якарных і інш. прыстасаванняў. Для апускання П.л. баластныя цыстэрны запаўняюць вадой, для ўсплывання іх прадзімаюць сціснутым паветрам. П.л. пад вадой кіруюць верт. (па напрамку) і гарыз. (па глыбіні) рулямі. Паводле гал. энергет. установак П.л. падзяляюцца на атамныя і дызельныя (дызель-акумулятарныя). Атамная мае ядз. энергет. ўстаноўку, можа знаходзіцца пад вадой некалькі месяцаў; дызельная ў надводным стане рухаецца з дапамогай дызеляў, пад вадой — электрарухавікоў, што сілкуюцца ад акумулятарных батарэй. Для сачэння за гарызонтам, вадой і паветрам П.л. мае перыскоп. Паводле асн. ўзбраення П.л. падзяляюцца на тарпедныя, ракетныя (з міжкантынент. балістычнымі або крылатымі) і ракетна-тарпедныя, паводле прызначэння — на стратэг. і шматмэтавыя. Аснашчаны гідраэлектроннай, радыёэлектроннай, радыёлакацыйнай і інш. апаратурамі. Дызельныя П.л. (водазмяшчэнне да 10 тыс. тон) маюць глыбіню апускання да 300 м, скорасць руху пад вадой 20 вузлоў (37 км/гадз); атамныя стратэг. (водазмяшчэнне да 26 тыс. т) — глыбіня апускання да 500 м і больш, скорасць руху пад вадой да 36 вузлоў (да 66,7 км/гадз). Гал. кірункі развіцця і ўдасканалення П.л.: павелічэнне глыбіні апускання, скорасці ходу, далёкасці і аўтаномнасці падводнага плавання, зніжэнне шуму, удасканаленне ўзбраення, радыёэлектроннага абсталявання і інш. П.л. знаходзяцца на ўзбраенні ЗША, Расіі, Кітая і інш.

Л.​А.​Пенязь, В.​М.​Пташнік.

Атамная падводная лодка «Акула» (Расія).
Разрэз атамнай ракетнай падводнай лодкі тыпу «Агайо» (ЗША): 1 — баластныя цыстэрны; 2 — адсек галоўных і дапаможных агрэгатаў; 3 — рэактарны адсек; 4 — ракетны адсек; 5 — навігацыйныя прылады; 6 — жылыя памяшканні; 7 — цэнтральны пост; 8 — акумулятарныя батарэі; 9 — тарпедны адсек; 10 — гідраакустычная антэна; 11 — перыскоп і антэна.

т. 11, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫЯДЫЗА́ЦЫЯ гісторыі літаратуры,

падзел літаратурнага працэсу на асобныя этапы, перыяды адпаведна асаблівасцям развіцця л-ры, якасным зменам, якія адбываюцца ў яе маст. сістэме. Узаемазвязана з агульнай канцэпцыяй гісторыі л-ры, у многім вызначае яе знешнюю будову, служыць больш глыбокаму і аб’ектыўнаму раскрыццю працэсу развіцця нац. л-ры на працягу стагоддзяў.

Як сац. з’ява і адна з найважн. галін духоўнай культуры л-ра развіваецца ў цеснай сувязі з гіст. жыццём народа. Яе асн. этапы вылучаюцца адпаведна буйным культ.-гіст. эпохам, што падзяляюцца на больш дробныя перыяды, якія ў розных народаў маюць розныя храналагічныя межы і сваю спецыфіку, абумоўленыя асаблівасцямі іх духоўнага быцця, літ. працэсу і інш. У прыватнасці, у гісторыі многіх еўрап. народаў не было антычнасці ў класічным паняцці гэтага слова. а іх л-ры зараджаліся ў эпоху сярэднявечча, якое ў розных краінах мела розную працягласць і нярэдка, але недакладна называецца стараж. эпохай (напр., Стараж. Русь). У 19—20 ст. у сувязі з больш дынамічным, самаст., менш непасрэдна залежным ад грамадз. гісторыі развіццём л-ры яе этапы вылучаюцца пераважна паводле ўласна літ. крытэрыяў, якасных змен у жанравай сістэме, у прынцыпах асэнсавання і адлюстравання чалавека і рэчаіснасці, маст.-выяўл. прыёмах і сродках, паводле эвалюцыі літ. кірункаў, творчых метадаў і інш. Усякая П. даволі ўмоўная, бо не бывае раптоўных пераходаў ад адной літ. эпохі да другой, рэзкіх змен маст. сістэм. Літ. традыцыі папярэдніх эпох працягваюць уплываць на развіццё л-ры, захоўваючы пераемнасць літ. працэсу. Аднак без вырашэння праблемы П., без выяўлення асн. тэндэнцый і гіст. этапаў нельга пабудаваць канцэптуальную, навук. гісторыю л-ры.

Першыя спробы П. літ. працэсу на Беларусі належаць аўтарам першых комплексных даследаванняў па гісторыі ўласна бел. л-ры: Я.​Карскаму, М.​Багдановічу і М.​Гарэцкаму, які ў сваёй «Гісторыі беларускае літаратуры» (1920, факс. выд. 1992) яе шматвяковы шлях падаў сістэматызавана, канцэптуальна, у гіст. развіцці. Прапанаваная ім П. [падзел на 3 этапы: старая (11—18 ст.), новая (19 ст.), найноўшая (з канца 19 ст.)] у сваёй аснове ўлічвае самыя важныя асаблівасці развіцця прыгожага пісьменства на бел. землях на працягу стагоддзяў і з пэўнымі ўдакладненнямі была прынята бел. літ.-знаўствам. У апошні час у сувязі з працай над новай шматтомнай гісторыяй бел. л-ры яе П. ўдакладнена: даўняя (11—1-я пал. 18 ст.), новая (2-я пал. 18—19 ст.) і найноўшая (20 ст.). У сваю чаргу кожны з 3 этапаў падзяляецца на асобныя перыяды. У прыватнасці, у гісторыі даўняга бел. пісьменства вылучаюцца 3 этапы: сярэднявечча (11—15 ст.), Адраджэнне (16 ст.) і барока (канец 16—1-я пал. 18 ст.), што больш дакладна ўлічвае асаблівасці развіцця самой л-ры і дае магчымасць больш арганічна ўпісаць яе ў агульнаеўрап. кантэкст.

Літ.:

Гл. да арт. Літаратуразнаўства, Літаратурны працэс.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 12, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЦАРСТВА (ад рыцар),

прывілеяваны сац. слой у краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы ў сярэднія вякі; у шырокім сэнсе ўсе свецкія феадалы, у вузкім — толькі дробныя. Пачало складвацца ў 8 ст. ў працэсе фарміравання феадальна-іерархічных адносін. Унутры Р. адносіны будаваліся на аснове васалітэту. Рыцары атрымлівалі ад свайго сеньёра маёнтак — феод (лен) і былі абавязаны несці ваен. службу з поўным рыцарскім узбраеннем і рыштункам (баявы конь, меч, панцыр, шлем, шчыт і інш.). Ваен. справа была гал. сац. функцыяй Р., яна давала яму правы і прывілеі. Р. было вызвалена ад большасці падаткаў, падсудна толькі роўным па сац. статусе судам, карысталася перавагай на заняцце дзярж. і ваен. пасад. Доступ у рады Р. быў абмежаваны. Падрыхтоўцы будучага воіна служыла сістэма рыцарскага выхавання і навучання. Узведзены ў Р. даваў клятву вернасці і абавязваўся абараняць гонар і годнасць сюзерэна, яго зямлю ад дамаганняў інш. феадалаў, удзельнічаць у міжусобных і міждзяржаўных войнах. Традыцыя патрабавала ад рыцара быць смелым і адважным у баі, высакародным у адносінах да жанчыны, дасведчаным у пытаннях рэлігіі, ведаць правілы прыдворнага этыкету і інш. Важнай формай распаўсюджання сац.-этычных ідэалаў Р. былі турніры, у час якіх праводзіліся спаборніцтвы ў ваен. майстэрстве. Як служылае ваен.-феад. саслоўе найб. росквіту дасягнула ў 11—13 ст. у час крыжовых паходаў, калі яго ўзбраенне і тактыка бою адпавядалі тагачасным маштабам ваен. аперацый і тэхн. ўзроўню. У шэрагу краін Р. мела свае карпаратыўныя арг-цыі — ордэны. Найстарэйшы з іх — Ордэн св. Марыі ў каралеўстве Навара і Ордэн льва ў Францыі (вядомы з 11 ст.). З пашырэннем агнястрэльнай зброі Р. як асн. ўдарная сіла ў баі заняпала, але захавалася як саслоўе. Частка Р. ў 16—17 ст. увайшла ў склад дваранства, другая, збяднелая, ператварылася ў ваен. наёмнікаў. Як адно з ганаровых рыцарскае званне захавалася ў сучаснай Вялікабрытаніі. У ВКЛ рыцарамі наз. коннікаў-феадалаў. У Прывілеі 1387 вял. кн. Ягайлы гаворыцца аб «рыцарах або баярах». У Прывілеі 1447 вял. кн. Казіміра пералічваюцца розныя катэгорыі феадалаў і сярод іх Р. (княжаты, рыцары, шляхціцы, баяры). Пачынаючы са Статута ВКЛ 1529 у тэкстах прававых актаў наз. «высакародныя рыцары». У Віленскім прывілеі 1563 Жыгімонта II Аўгуста гаворыцца пра «стан рыцарскі шляхецкі». Гэтыя прыклады сведчаць, што тэрмін Р. быў ідэнтычны тэрміну шляхта. У Японіі блізкія па становішчы да рыцараў былі самураі, у Асманскай імперыі — сіпахі.

Літ.:

Ястребицкая А.Л. Запаяная Европа XI—XIII в. М., 1978;

Кардини Ф. Историки средневекового рыцарства: Пер. с итал. М., 1987;

Оссовская М. Рыцарь и буржуа: Исслед. по истории морали: Пер. с пол. М., 1987;

Иванов К.А. Многоликое средневековье. М., 1996;

Руа Ж.Ж. История рыцарства: [Пер.] М., 1996;

Кин М. Рыцарство: Пер. с англ. М., 2000.

Да арт. Рыцарства. Нямецкі дваранін Генрых Ангальцкі (1170—1252) з іншымі знатнымі людзьмі на турніры. Мініяцюра 13 ст.

т. 13, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛА́САЎ Аляксандр Мікітавіч (28.8.1874, г. Вілейка Мінскай вобл. — 11.3.1941),

бел. грамадскі і культ. дзеяч, выдавец, публіцыст. Скончыў політэхн. ін-т у Рызе (1905). Адзін з арганізатараў і актывістаў Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), член яе ЦК. Рыхтаваў да друку газ. «Наша доля», у 1906—14 быў рэдактарам-выдаўцом газ. «Наша ніва». За публікацыі супраць самадзяржаўя неаднойчы прыцягваўся да суд. адказнасці. Адзін з заснавальнікаў бел. выдавецкага т-ва «Наша хата» ў Вільні. У 1912 у Вільні наладзіў выданне с.-г. час. «Саха», у 1914 у Мінску — краязн. часопіса Для бел. моладзі «Лучынка». У 1914—17 служыў у царскай арміі. Дэлегат з’езда воінаў-беларусаў Зах. фронту ў кастр. 1917, Усебеларускага з’езда 1917. Як прадстаўнік правага крыла БСГ у лют. 1918 увайшоў у выканаўчы к-т паліт. аб’яднання «Менскае беларускае прадстаўніцтва». У крас. 1918 кааптаваны ў склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, у снеж. 1919 пасля яе расколу ўвайшоў у прэзідыум Найвышэйшай рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У Зах. Беларусі на выбарах у ліст. 1922 абраны ў польскі сейм як беспартыйны. Цесна супрацоўнічаў з Беларускім пасольскім клубам. Арганізатар і адзін з кіраўнікоў Таварыства беларускай школы. Пад яго апякунствам дзейнічала ў 1922—29 Радашковіцкая беларуская гімназія імя Ф.​Скарыны. У вер. 1939 вітаў вызваленчы паход Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь. У публікацыях на старонках газ. «Наша ніва» закранаў значныя падзеі грамадска-паліт. жыцця, выступаў супраць палітыкі царызму, палемізаваў з праціўнікамі бел. нац. адраджэння (арт. «Пакуль беларус спаў векавечным сном...», 1908; «Хаўрусныя балячкі», 1910; «Валасное земства і жыды», 1911; «Што думае народ аб школах», 1912; і інш.). Асвятляў розныя аспекты сац.-эканам. жыцця бел. зямель (арт. «Аб гарадах», «Аб ткацтве на Беларусі», абодва 1909; «Аб эканамічным палажэнні нашага краю», 1910; «Эміграцыя ў Амерыку», 1911; «Дарагоўля харчовых прадуктаў і вываз іх за граніцу», 1912; «Аб дарогах у Беларусі», 1913, і інш.). Выказваў аптымізм наконт перспектыў развіцця гаспадаркі Беларусі. Аўтар працы «Аб гаспадарцы на хутары і шнурах» (1909). Пісаў пра развіццё харч. прам-сці, апублікаваў эканам. нарыс «Беларусь. Літва» (1917). Шэраг артыкулаў прысвяціў сац.-эканам. і культ. адраджэнню Беларусі, яе дзярж. самастойнасці («Я буду чыноўнікам», «Пасля вайны», «Валасная і местачковая палітыка», «Прасвета Беларусі» і інш.). У 1930-я г. пісаў успаміны «З майго жыцця» (захаваліся не поўнасцю). 16.10.1939 арыштаваны органамі НКУС па абвінавачанні ў «шпіёнска-правакатарскай дзейнасці», 29.11.1940 Асобай нарадай пры НКУС СССР асуджаны як «сацыяльна-небяспечны элемент» на 5 гадоў зняволення ў папраўча-працоўных лагерах. Высланы ў Сіблаг (Новасібірская вобл., Расія). Памёр ад «паралічу сэрца» (паводле даведкі) на ст. Марыінск (цяпер Кемераўская вобл.; паводле інш. звестак — на этапе ў г. Арол ці Рэспубліцы Марый Эл, Расія). Рэабілітаваны ў 1961.

Тв.:

Дні жыцця // Шляхам гадоў: Гіст.-літ. зб. Мн., 1990;

Якуб Колас і «Наша ніва» // Маладосць. 1992. № 11.

А.​М.​Вабішчэвіч.

А.М.Уласаў.

т. 16, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАШЫ́ЗМ (італьян. fascismo ад лац. fascio пучок, звязка, аб’яднанне),

1) палітычная плынь праваэкстрэмісцкага характару і адпаведны ёй таталітарны рэжым.

2) Ідэалогія, заснаваная на ваяўнічым антыдэмакратызме і нацыяналізме, кульце расавай перавагі. Першыя фаш. арг-цыі ў форме дружын б. франтавікоў (fasci di combattimento) з’явіліся ў Італіі ў 1919. У 1921 створана нац. фаш. партыя, а ў 1922 уладу ў Італіі захапіў фаш. рэжым на чале з Б.Мусаліні (гл. Паход на Рым 1922). У Германіі станаўленне Ф. звязана з дзейнасцю нацыянал-сацыялісцкай партыі, правадыром (фюрэрам) якой у 1921 стаў А.Гітлер, і якая ў 1933 прывяла апошняга да ўлады (гл. Нацызм). У 1920—30-я г. фаш. рэжым усталяваўся таксама ў Балгарыі, Партугаліі, Венгрыі, Румыніі, Славакіі і інш. краінах. Узнікненне і пашырэнне Ф. было абумоўлена шэрагам прычын: нязгодай з вынікамі Версальскага мірнага дагавора 1919, бояззю распаўсюджання сацыялізму, пагаршэннем сац.-эканам. становішча ва ўмовах крызісу 1920—30-х г. і інш. Напад фаш. Германіі на Польшчу ў вер. 1939 паклаў пачатак другой сусветнай вайне 1939—45, у якой загінула каля 62 млн. чал., у т. л. больш за 2,5 млн. жыхароў Беларусі.

Найб. характэрныя рысы фаш. паліт. рэжыму: адмаўленне ад дэмакр. сістэмы як формы дзярж. ладу на карысць дыктатуры; татальны масавы тэрор, шавінізм і ксенафобія; сцвярджэнне асаблівай місіі адпаведнага («выбранага») народа і апраўданне выкарыстання ім сілы для вырашэння сваіх геапаліт. інтарэсаў; насаджэнне культу пэўнага харызматычнага лідэра. Усталяванне фаш. рэжыму суправаджаецца ліквідацыяй дэмакр. сац. ін-таў, забаронай дзейнасці інш. паліт. партый і рухаў. Для Ф. характэрна наяўнасць значнай сац. базы, для пашырэння якой выкарыстоўваюцца многія сацыяліст. лозунгі: ліквідацыя існуючых класавых адрозненняў і беспрацоўя; абяцанне годнай аплаты працы; стварэнне сеткі даступных спарт.-рэкрэацыйных устаноў і г.д.

Ідэалаг., сац. і паліт. платформа Ф. знайшла сваё канцэнтраванае ўвасабленне ў праграмных кнігах Гітлера «Мая барацьба» (т. 1—2, 1925—26) і Мусаліні «Дактрына фашызму» (1932). Прэтэндуючы на гіст. абгрунтаванне сваіх поглядаў, ідэолагі Ф. імкнуцца абапірацца на вучэнні і тэорыі мінулага: «моцнай улады» Н.​Макіявелі, «грамадства-дзяржавы» Т.​Гобса, «няроўнасці чалавечых рас» і «нардызму» Ж.​А.​Габіно, «Звышчалавека» Ф.​Ніцшэ, тэорыю эліт В.​Парэта, ідэі Г.​Гегеля, О.​Шпенглера і інш. Прычым з іх тэарэт. спадчыны Ф. адбірае толькі тое, што адпавядае яго мэтам і прыдатнае для ўздзеяння на масавую свядомасць. Таму ідэалогія Ф. не ўяўляе сабою цэласнай светапогляднай сістэмы, яна эклектычна спалучае розныя элементы сацыял-дарвінізму, этнацэнтрызму, элітарызму, расізму, антысемітызму, антыкамунізму. Ва ўмовах слабасці або адсутнасці дэмакр. ін-таў і механізмаў улады захоўваецца магчымасць узнікнення разнастайных рухаў фаш. тыпу і пераўтварэння Ф. ў сур’ёзную пагрозу для сучаснага грамадства. Гл. таксама Неафашызм.

Літ.:

Тольятти П. Лекции о фашизме: Пер. с итал. М., 1974;

Ширер У. Взлет и падение Третьего рейха: Пер. с англ. М., 1991;

Энциклопедия Третьего рейха. М., 1996;

Zmierczak M. Spory o istotę faszyzmu: Dzieje i krytyka. Poznań, 1988;

Steinweis A. Art, ideology and economics in Nazi Germany. Chapel Hill, 1993.

С.​А.​Яцкевіч.

т. 16, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТОРЫЯ.

Са старажытных часоў з мэтай фізічнай загартоўкі моладзі, падрыхтоўкі да працоўнай і ваеннай дзейнасці бел. народ выкарыстоўваў розныя практыкаванні і гульні, якія адлюстроўвалі пэўныя віды яго дзейнасці і дапаўнялі самабытную нацыянальную культуру. Паступова фіз. практыкаванні і гульні складваліся ў своеасаблівую сістэму — ігрышчы.

Шырока вядомы купальскія і калядныя святкаванні-ігрышчы, скокі праз вогнішча, карагоды, бег навыперадкі, барацьба, кулачныя баі, баі на палках, скачкі, плаванне і інш. Стагоддзямі ўдасканальваліся спосабы барацьбы: у абхват, да крыжа, на крыжы. Вядомы бел. нар. гульні азярод (перакідванне дугі праз збудаванне для прасушвання сена), апука, бабкі, була, гуські, гула (кіданне прадмета ў бок праціўніка), пікар, свінка, чыжык, ямкі (точкі), штандар, клянні, пацяг (перацягванне), зубар і інш. Зімой моладзь каталася на касцяных і драўляных каньках, наладжвала калаўроты. Пасля ўваходжання Беларусі ў склад Расіі сталі папулярнымі і гульні іншых народаў Расіі, у т. л. гарадкі, лапта, чахарда і інш., пашыраліся віды бытавых, вытворчых і спартыўных гульняў. У пратаколах Усерасійскіх спаборніцтваў упамінаюцца імёны найб. вядомых спартсменаў Беларусі, сярод якіх у 1890-я г. шырокую вядомасць набыў велагоншчык М.​Ф.​Дзявочка — пераможца гонак паміж Масквой і Ніжнім Ноўгарадам, С.-Пецярбургам і Масквой; віцэ-чэмпіён Расіі па гіравым спорце, арганізатар спартыўных т-ваў «Сокал» у Гродне і Віцебску (1908—10) І.​Л.​Саланевіч. У 1913 атлет і барэц Я.​А.​Чахаўской атрымаў міжнародны прыз (ганаровы залаты пояс) за рэкордны нумар — перанос на адной руцэ 6 чал. (больш за 400 кг). У 1914 мінскі атлет У.​С.​Сакалдзінскі ўстанавіў усерасійскі рэкорд у жыме штангі для атлетаў лёгкай вагі (214 фунтаў — 85,6 кг).

У 1909—10 пад уплывам прагрэсіўнай грамадскасці на Беларусі створаны арг-цыі спартыўнага т-ва «Сокал» (назва ад чэшскай «сокальнай» гімнастыкі, што ўзнікла ў 1860-я г. і была больш цікавай і змястоўнай, чым раней вядомыя нямецкая і шведская). Аддзяленні «Сокала» існавалі пры гімназіях у Магілёве, Мінску, Гродне, Віцебску, Оршы і інш. У іх праводзілі гульні, заняткі па гімнастыцы, развучвалі пабудовы пірамід, арганізоўвалі паказальныя гімнастычныя святы. У 1911—12 створаны т-вы садзейнічання фізічнаму развіццю ў Мінску, Магілёве, Віцебску, Гродне, аддзяленні яўрэйскага спартыўнага т-ва «Макабі» ў Мінску, Бабруйску, Магілёве, Слуцку і інш. гарадах. У 1911 у Магілёве адбыўся першы розыгрыш Кубка горада па футболе; у ім удзельнічалі каманды гімназіі, камерцыйнага і рэальнага вучылішчаў. У 1913 у Мінску заснавана аддзяленне спартыўнага т-ва «Санітас» («Здароўе»), у якім займаліся пераважна барацьбой і цяжкай атлетыкай. Ініцыятарам стварэння т-ва быў служачы банкаўскай канторы А.​У.​Александровіч, які на II Усерасійскай алімпіядзе (1914, Рыга) заваяваў залаты медаль па гіравым спорце ў паўцяжкай вазе. У Мінску праведзены першы чэмпіянат т-ва па падыманні цяжару і барацьбе; у Гомелі — спаборніцтвы па скачках у вышыню, кіданні дыска і кап’я, бегу на 800, 1000 і 1500 м. Аднак арганізаваны спартыўны рух на Беларусі да абвяшчэння БССР (студзень 1919) быў развіты даволі слаба.

І.​К.​Анісава.

т. 18, кн. 2, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛГЕБРАІЧНАЯ ГЕАМЕТРЫЯ

Сістэматычныя даследаванні па алгебраічнай геаметрыі на Беларусі пачаты ў 1961 У.​П.​Платонавым; вядуцца ў Ін-це матэматыкі Нац. АН Беларусі і БДУ. Напачатку гэта было вывучэнне ўласцівасцей вырашальных уніпатэнтных груп, апісанне аўтамарфізмаў невырашальных лінейных алгебраічных груп (У.​П.​Платонаў); у далейшым — даследаванне па праблемах моцнай апраксімацыі (У.​П.​Платонаў) і Кнезера—Тытса над адвольным полем вызначэння (У.​П.​Платонаў, В.​І.​Янчэўскі) і доказ імі гіпотэзы Хардэра. Даследаваліся групы Уайтхеда і групы R-эквівалентнасці лінейных алгебраічных груп (У.​П.​Платонаў, В.​І.​Янчэўскі), лінейныя алгебраічныя групы некамутатыўнага класічнага тыпу над спецыяльнымі віртуальнымі палямі (В.​І.​Янчэўскі), праблема роду і апісанне лікаў падвойных сумежных класаў груп адэляў алгебраічных груп (А.​А.​Бандарэнка, Г.​В.​Мацвееў, У.​П.​Платонаў, А.​С.​Рапінчук), кангруэнц-праблема (У.​П.​Платонаў, А.​С.​Рапінчук, А.​А.​Шарамет). У арыфметычнай тэорыі лінейных алгебраічных груп даказаны прынцып Хасэ для груп тыпу E8 (У.​І.​Чарнавусаў); у бірацыянальнай геаметрыі высвятлялася унірацыянальнасць распластавання на конікі з рацыянальнымі пунктамі над гензелевымі палямі (В.​І.​Янчэўскі).

Актыўна развіваюцца розныя кірункі дыяфантавай геаметрыі. Апісаны ўтваральныя і суадносіны ў падгрупах 2-кручэння груп Браўэра гіперэліптычных крывых (С.​В.​Ціханаў, В.​І.​Янчэўскі разам з У.​Рэманам); кручэнне груп першых кагамалогій якабіянаў гіперэліптычных крывых, вызначаных над полем рэчаісных фармальных ступенных шэрагаў (С.​В.​Ціханаў, В.​І.​Янчэўскі); атрыманы ацэнкі для індэксаў цэнтральных простых алгебраў, вызначаных над палямі функцый праектыўных прастор, і спецыяльных крывых, вызначаных над Pn,r-палямі (С.​В.​Ціханаў, В.​І.​Янчэўскі); атрыманы апісанне індэксаў гіперэліптычных крывых, вызначаных над p-адычнымі палямі (В.​І.​Янчэўскі разам з Я. ван Геелам), апісанне закону ўзаемнасці ў групах Браўэра крывых, вызначаных над палямі алгебраічных лікаў (У.​І.​Гулецкі, В.​І.​Янчэўскі), апісанне груп Браўэра лакальных эліптычных крывых (В.​У.​Гоглеў, А.​А.​Ліпніцкі, С.​В.​Ціханаў, В.​І.​Янчэўскі), апісанне груп Шафарэвіча—Тэйта спецыяльных эліптычных крывых (С.​В.​Ціханаў, В.​І.​Янчэўскі). У геаметрычнай тэорыі ўяўленняў апісаны мнагастайнасці ўяўлення і характару шырокага класа F-груп, даследаваны бірацыянальныя ўласцівасці гэтых мнагастайнасцей (В.​В.​Беняш-Крывец, А.​С.​Рапінчук, А.​І.​Таўгень, У.​І.​Чарнавусаў).

Літ.:

Платонов В.П., Рапинчук А.С. Алгебраические группы и теория чисел. М., 1991;

Yanchevskii V. Whitehead groups and groups of R-equivalence classes of linear algebraic groups of noncommutative classical type over some virtual fields // Algebraic Groups and Arithmetic. Tata Inst. Fund. Res. Studies in Math. Mumbai, 2002;

Rehmann U., Tikhonov S.V., Yanchevskii VI. Two-torsion of the Brauer groups of hyperelliptic curves and unramified algebras over their function fïelds // Communication in Algebra. 2001. Vol. 29, №9;

Тихонов С.В., Янчевский В.И. Индексы центральных простых алгебр над полями функций проективных пространств над Pn,r-полями // Мат. сб. 2002. Т. 193, №11.

В.​І.​Янчэўскі.

т. 18, кн. 2, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯХІМІЯ

Біяхімічныя даследаванні на Беларусі пачаліся з адкрыццём у 1923 кафедры біяхіміі на медыцынскім факультэце БДУ (з 1930 у складзе Мінскага мед. ін-та). Найбольш актыўна даследаваліся прыкладныя кірункі біяхіміі ў сельскагаспадарчых навуках, у т. л. ў Бел. сельскагаспадарчай акадэміі, дзе сфармулявана палажэнне аб паступовым утварэнні малекулы хларафілу ў расліннай клетцы (Ц.​М.​Годнеў). У пасляваенны час біяхімічныя працэсы вывучаліся ў АН Беларусі, у галіновых НДІ і ВНУ. Вывучаліся фізіялогія і біяхімія бульбы (А.​С.​Вечар, М.​М.​Ганчарык), лубіну (А.​В.​Міраненка), рэгулятары росту раслін (С.​М.​Маштакоў), уплыў грыбной і віруснай інфекцыі на біяхімічныя паказчыкі расліны-гаспадара (В.​Ф.​Купрэвіч); распрацоўваліся бесперапынны спосаб вырабу яблычных пеністых він (А.​С.​Вечар, Л.​А.​Юрчанка), біяхімія клетачных ядраў і пластыд раслін пры экспрэсіі і рэканструкцыі геному (У.​М.​Рашэтнікаў), уплыў малых доз радыяцыі на абмен рэчываў у арганізме (Л.​С.​Чаркасава), абмен мікраэлементаў пры паталагічных працэсах (В.​А.​Лявонаў), біяхімічныя працэсы пры старэнні (А.​Н.​Разумовіч, Г.​Р.​Гацко). У БДУ даследуецца ўплыў гармонаў наднырачнікаў на абмен глутамінавай кіслаты і паказчыкі вугляводна-энергетычнага абмену (А.​Ц.​Пікулеў). У Ін-це біяхіміі Нац. АН Беларусі вывучаліся малекулярныя механізмы рэгуляцыі абмену рэчываў, міжвітамінныя і вітамінна-гарманальныя ўзаемаадносіны (Ю.​М.​Астроўскі і яго вучні — У.​У.​Буко, У.​В.​Вінаградаў, Ф.​С.​Ларын, У.​В.​Лялевіч, М.​К.​Лукашык, А.​Г.​Майсяёнак, Л.​І.​Няфёдаў і інш.). У Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі вывучаюцца розныя пытанні клінічнай біяхіміі (У.​Г.​Колб, У.​С.​Камышнікаў). Роля мікраэлементаў у павышэнні прадукцыйнасці жывёлагадоўлі даследуецца ў Віцебскім ветэрынарным ін-це (Ф.​Я.​Беранштэйн) і НДІ жывёлагадоўлі (К.​М.​Сонцаў). У Віцебскім мед. ун-це вырашаюцца пытанні бактэрыяхіміі (А.​П.​Яфімцава), абмену ліпідаў пры рознай паталогіі (А.​А.​Чыркін). У Бел. мед. ун-це праводзяцца даследаванні абмену рэчываў пры рознай паталогіі (М.​Ф.​Меражынскі) па ўдасканаленні фізіка-хімічных метадаў біяхімічных даследаванняў (В.​А.​Бандарын). Вучні Бандарына ўносяць значны ўклад у вывучэнне абмену рэчываў пры сардэчнай недастатковасці (В.​К.​Кухта), уздзеянні радыяцыі (Я.​Ф.​Канапля), злаякасным росце (Т.​С.​Марозкіна). Вывучаюцца структурныя асновы спецыфічнасці трамбіну і механізмы яго лімфацытапасродкаваных эфектаў (Я.​В.​Баркоўскі), малекулярныя механізмы ўзаемадзеяння сурфактанту з макрафагамі лёгкіх і іх роля ў развіцці інтэрстыцыяльнага пнеўмафіброзу (А.​Д.​Тагановіч), антыаксідантная ахова тканак жывёл пры асобным і спалучаным дзеянні гама-апрамянення і кадмію ў розных дозах (В.​К.​Кухта, Т.​С.​Марозкіна).

Літ.:

Вечер А.С., Гончарик М.Н. Физиология и биохимия картофеля. Мн., 1973;

Решетников В.Н. Клеточные ядра высших растений: состав, структура, функции. Мн., 1992;

Пантюк И.В. Становление и развитие медицинской биохимии в Беларуси. Мн., 1999;

Антиоксидантная защита тканей животных при раздельном и сочетанном действии γ-облучения и кадмия в различных дозах // Мед. радиология и радиац. безопасность. 2000. Т. 45, №6.

В.​К.​Кухта.

т. 18, кн. 2, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)