матэматычныя суадносіны, якія вылучаюць сапраўдны рух ці стан мех. сістэмы з усіх кінематычна магчымых (не забароненых накладзенымі на сістэму сувязі). Выражаюцца роўнасцямі, куды ўваходзяць варыяцыі каардынат, скарасцей і паскарэнняў пунктаў сістэмы (гл.Варыяцыйнае злічэнне). Даюць магчымасць атрымаць ураўненні і заканамернасці руху (або стану раўнавагі) сістэмы з аднаго агульнага палажэння і вызначыць пэўныя фіз. ўласцівасці, што характарызуюць сапраўдны рух (або ўмовы раўнавагі) сістэмы. Выкарыстоўваюцца ў механіцы суцэльных асяроддзяў, тэрмадынаміцы, эл.-дынаміцы, квантавай механіцы, тэорыі адноснасці і інш.
Варыяцыйныя прынцыпы механікі падзяляюцца на дыферэнцыяльныя і інтэгральныя. Дыферэнцыяльныя характарызуюць уласцівасці сапраўднага руху сістэмы ў кожны момант часу. Прыдатныя да сістэм з любымі галаномнымі і негаланомнымі сувязямі (гл.Сувязі механічныя). Найб. агульны прынцып статыкі несвабодных мех. сістэм — прынцып віртуальных (магчымых) перамяшчэнняў: для раўнавагі мех. сістэмы з ідэальнымі сувязямі сума элементарных работ усіх актыўных сіл пры розных магчымых перамяшчэннях роўная нулю
. Інтэгральныя варыяцыйныя прынцыпы механікі характарызуюць уласцівасці руху сістэмы за канечны прамежак часу і сцвярджаюць, што на сапраўдных траекторыях руху (у параўнанні з магчымымі) пэўныя фіз. велічыні (напр., энергія) дасягаюць экстрэмальных значэнняў (гл.Найменшага дзеяння прынцып). Матэматычна запісваюцца як роўнасць нулю варыяцыі функцыянала ад некаторай функцыі, якая характарызуе энергію сістэмы. Складаюць метадалагічную аснову для пабудовы матэм. мадэлей сістэм у эл.-дынаміцы, робататэхніцы, механіцы машын.
Літ.:
Маркеев А.П. Теоретическая механика. М., 1990;
Полак Л.С. Вариационные принципы механики. М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАЛЯ́ЦЫЯ (ад франц. isolatión аддзяленне, раз’яднанне) у біялогіі, выключэнне або абмежаванасць свабоднага скрыжоўвання паміж асобінамі аднаго віду; адзін з элементарных фактараў эвалюцыі, відаўтварэння. Вядзе да адасаблення ўнутрывідавых груп і новых відаў. У макраэвалюцыйным плане (гл.Макраэвалюцыя) абумоўлена нескрыжавальнасцю розных відаў або мае пераважна характар рэпрадуктыўнай І., пры якой узнікаюць незалежныя генафонды дзвюх папуляцый (потым папуляцыі могуць стаць самаст. відамі). У мікраэвалюцыйным плане (гл.Мікраэвалюцыя), або на ўнутрывідавым узроўні, адрозніваюць 2 асн. групы І.: тэрытарыяльна-механічную, да якой належаць усе выпадкі ўзнікнення перашкод паміж рознымі ч. насельніцтва ці папуляцыямі (напр., водныя бар’еры для сухапутных, суша для водных арганізмаў і інш.), і біялагічную, у якой вылучаюць 3 падгрупы І.: экалагічную (індывіды двух ці больш біятыпаў рэдка або зусім не сустракаюцца ў час рэпрадукцыйнага перыяду); морфа-фізіялагічную (апладненне, абцяжаранае ці немагчымае па марфал. ці паводзінскіх прычынах); генетычную, якая абумоўлена несумяшчальнасцю палавых клетак або непаўнацэннасцю гібрыдаў (паніжэнне жыццяздольнасці, плоднасці або поўная стэрыльнасць). Віды І. ўзнікаюць незалежна адзін ад аднаго і могуць спалучацца ў любых камбінацыях. Тэр.мех. І. (на вял. тэрыторыях геаграфічная) вядзе да алапатрычнага формаўтварэння (гл.Алапатрыя), а пры працяглым дзеянні звычайна выклікае з’яўленне біял. 1. якой-н. формы. Выпадкі першаснага ўзнікнення біял. І. могуць прывесці да сімпатрычнага формаўтварэння (гл.Сімпатрыя).
Літ.:
Дарвин Ч. Происхождение видов путем естественного отбора // Соч. М.;Л., 1939. Т. З; Шмальгаузен И.И. Проблемы дарвинизма. 2 изд. Л., 1969; Лопатин И.К. Основы зоогеографии. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАТАПІ́ЧНЫ СПІН,
адзін з квантавых лікаў, які характарызуе адроны, кваркі, лептоны і некаторыя інш. элементарныя часціцы. Адрозніваюць моцны і слабы І.с., якія сваімі ўласцівасцямі нагадваюць звычайны спін у квантамеханіцы.
Моцны І.с. вызначае колькасць розных зарадавых станаў адронаў ці кваркаў у ізатапічным мультыплеце (гл.Ізатапічная інварыянтнасць). І.с. адронаў можа прымаць цэлыя і паўцэлыя значэнні: 0; 1/2; 1; 3/2... Паміж эл. зарадам Q, трэцяй праекцыяй І.с. T3, барыённым зарадам B, дзіўнасцю S, чароўнасцю C і прыгажосцю b існуе сувязь: Q=T3+1/2(B+S+C−b). Напр., нуклону (B=1, S=0, C=0, b=0) адпавядае T3=Q−1/2, што дае T3=1/2 для пратона (Q=1) і T3=−1/2 для нейтрона (Q=0), т. ч. нуклон мае 2 зарадавыя станы і ўтварае ізадублет. І.с. сістэмы адронаў захоўваецца ў моцных (ядзерных) узаемадзеяннях, а T3 — у эл.-магн. узаемадзеяннях. Слабы І.с. характарызуе лептоны, кваркі, прамежкавыя вектарныя базоны і скалярныя базоны Хігса ў дачыненні да электраслабага ўзаемадзеяння. Для кваркаў і лептонаў прымае значэнні: 0; 1/2. Паміж эл. зарадам Q, трэцяй праекцыяй слабага І.с. T3w і слабым гіперзарадам Yw існуе сувязь: Q=T3w+1/2Yw (абагульненая ф-ла Гел-Мана—Нішыджымы). Слабы І.с. дазваляе правесці класіфікацыю лептонаў і кваркаў і дакладна вызначыць законы электраслабага ўзаемадзеяння ўсіх элементарных часціц.
галандскі юрыст, дыпламат, філосаф, гісторык. Адзін з заснавальнікаў тэорыі натуральнага права і навукі міжнар. права. З 1607 генеральны адвакат правінцыяльнага казначэйства, з 1613 пенсіянарый у гар. радзе Ротэрдама. У 1618 за ўдзел у паліт. барацьбе арыштаваны і асуджаны на пажыццёвае зняволенне. У 1621 збег у Францыю, дзе быў дарадчыкам пры каралеўскім двары, у 1634—44 — пасланнікам Швецыі ў Парыжы. Аўтар твораў па тэалогіі, філасофіі, гісторыі, палітыцы, праве, філалогіі, а таксама вершаў. У працы «Аб праве вайны і міру» (1625) разглядаў праблемы міжнар. права, агульныя пытанні дзяржавы і права. Ён лічыў, што натуральнае права складаецца з элементарных прынцыпаў: выкананне дагавораў, устрыманне ад замахаў на чужую ўласнасць, пакаранне за злачынствы і інш. У выніку развіцця і прыстасавання натуральнага права да ўмоў жыцця розных народаў узнікае пазітыўнае права, гіст. зменлівае і залежнае ад волі таго, хто яго ўстанаўлівае. У аснову міжнар. права уключаў дагаворы паміж дзяржавамі. Лічыў, што несправядлівыя войны павінны быць забаронены; бакі, што ваююць, абавязаны ўстрымлівацца ад знішчэння маёмасці праціўніка і жорсткасці ў дачыненні да грамадз. насельніцтва. Для вырашэння спрэчак паміж дзяржавамі ён прапанаваў стварыць пастаянны орган — «сход хрысціянскіх правіцеляў». У ліку яго прац: «Каментарыі аб праве здабычы» (1604—05), «Аб старажытнасці і ладзе Батаўскай рэспублікі» (1610), «Аб паходжанні амерыканскіх народаў» (1642). Ідэі Гроцыя паўплывалі на сац. фізіку 17—18 ст. і школу натуральнага права.
Тв.:
Рус.пер. — О праве войны и мира... Кн. 1—3. М., 1956.
Літ.:
Dumbauld E. The life and legal writings of Hugo Grotius. Norman, 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВАРЫЯ́НТНАСЦЬу фізіцы,
нязменнасць аб’екта (фіз. велічыні, матэм. суадносін, ураўненняў фіз. тэорыі і інш.) адносна пэўных пераўтварэнняў, якія адлюстроўваюць незалежнасць фіз. заканамернасцей ад канкрэтных сітуацый, у якіх яны ўстанаўліваюцца і ад спосабу апісання гэтых сітуацый. І. звязана з уласцівасцямі сіметрыі прасторы і часу, для матэм. апісання якіх у класічнай механіцы выкарыстоўваюцца Галілея пераўтварэнні, а ў рэлятывісцкай тэорыі — Лорэнца пераўтварэнні. Аднароднасць і ізатропнасць трохмернай (эўклідавай) прасторы і аднароднасць часу, як вынікае з Нётэр тэарэмы, прыводзяць да існавання фундаментальных законаў захавання энергіі, імпульсу і моманту імпульсу.
І. звязана з агульнымі і найб. глыбокімі ўласцівасцямі матэрыяльных аб’ектаў, прасторы і часу. Напр., рэлятывісцкая інварыянтнасць звязана з аднароднасцю і ізатропнасцю 4-мернай прасторы-часу, а ізатапічная інварыянтнасць — з незалежнасцю моцнага ўзаемадзеяння элементарных часціц ад іх эл. зарадаў. Пры стварэнні розных аб’яднаных тэорый (гл.Вялікае аб’яднанне, Электраслабае ўзаемадзеянне) выяўляюцца інш. віды І., напр.Калібровачная інварыянтнасць. З паняццем І. цесна звязана паняцце каварыянтнасці. Паводле яе патрабаванняў пры адпаведных пераўтварэннях сіметрыі захоўваецца толькі форма запісу матэм. суадносім фіз. тэорыі, а самі велічыні могуць мяняцца. Напр., 4-вектар энергіі-імпульсу P (P1; P2; P3; P4) P′ (P1′; P2′; P3′; P4′) — каварыянт, а яго квадрат P2 = (P′)2 = −m2c4 — інварыянт, дзе m — маса спакою рэлятывісцкай часціцы, c — скорасць святла ў вакууме. На прынцыпах каварыянтнасці грунтуецца т. зв. каварыянтны падыход, распрацаваны Ф.Л.Фёдаравым для рашэння задач тэарэт. фізікі (гл.Каварыянтныя метады, Праектыўных аператараў метад).
Літ.:
Вигнер Е. Этюды о симметрии: Пер. с англ.М., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ТНАЕ ПО́ЛЕ,
адна з форм існавання электрамагнітнага поля, якая выяўляецца ў сілавым уздзеянні на рухомыя эл. зарады (эл. токі) і магніты. Асн. характарыстыкі М.п. — магнітная індукцыя і напружанасць магнітнага поля. Паводле Максвела ўраўненняў крыніцамі М.п. могуць быць эл. токі, целы з ненулявым магнітным момантам і пераменныя эл. палі.
Адсутнасць у прыродзе адасобленых магн. полюсаў (гл.Манаполь магнітны) прыводзіць да таго, што М.п. саленаідальнае (лініі поля заўсёды замкнёныя) у адрозненне ад электрастатычнага поля, якое з’яўляецца патэнцыяльным (лініі поля бяруць пачатак на дадатных эл. зарадах). Пры вывучэнні ўласцівасцей М.п. пробным элементам (індыкатарам поля) служыць магн.дыполь — замкнёны плоскі контур з эл. токам або пастаянны магніт невялікіх памераў, што дае магчымасць вызначыць напрамак вектара магнітнай індукцыі ў кожным пункце поля. М.п., створанае правадніком адвольнай формы з эл. токам, вызначаецца паводле Біо—Савара закону. Наяўнасць М.п. ў касм. аб’ектаў (Сонца, зорак, некат. планет, міжпланетнай прасторы) прыводзіць да спецыфічных геамагн. і астрафіз. з’яў (напр., магнітныя буры, сінхратроннае выпрамяненне, сонечны вецер), а наяўнасць уласнага магн. моманту ў элементарных часціц — да праяўлення магн. уласцівасцей рэчыва (напр., дыямагнетызм, парамагнетызм, ферамагнетызм). Напружанасць М.п. міжпланетнай прасторы 10−3—10−4 А/м, Зямлі ~40 А/м, зорак да 109—1010 А/м; звышправодныя саленоіды могуць ствараць М.п. напружанасцю да 106 А/м. М.п. выкарыстоўваецца ў паскаральніках зараджаных часціц, для ўтрымання гарачай плазмы ва ўстаноўках кіравальнага тэрмаядз. сінтэзу, ва ўсіх канструкцыях і прыстасаваннях электра- і радыётэхнікі, выліч. тэхнікі і электронікі.
А.І.Болсун.
Магнітнае поле: 1 — прамалінейнага правадніка з электрычным токам (I — сіла току, — магнітная індукцыя); 2 — саленоіда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІС ВАН ДЭР РО́Э ((Mies van der Rohe) Людвіг) (27.3.1886, г. Ахен, Германія — 17.8.1969),
нямецкі архітэктар; адзін з лідэраў функцыяналізму. Прафес. адукацыі не атрымаў. З 1905 працаваў у Берліне, у т. л. ў майстэрні П.Берэнса. У 1930—33 дырэктар «Баўгауза» ў г. Дэсаў. З 1937 у ЗША. У 1938—58 выкладаў у Ілінойскім тэхнал. ін-це ў Чыкага. Пабудовы 1910-х г. у духу неакласіцызму (дом Перльса ў Берліне, 1911). У 1920-я г. выступіў з серыяй эксперым. праектаў, у якіх падкрэсленая выразнасць навясных канструкцый спалучаецца з экспрэсіўнай формай аб’ёмаў, стварыў тып жылога дома са стальным каркасам і зменнай унутр. планіроўкай. На творчасць пач. 1930-х г. паўплывала гал. група «Стыль»; работы сталі больш выразнымі па кампазіцыі, у іх інтэр’ерах сцены-шырмы падзялялі ўнутр. прастору на асобныя, звязаныя паміж сабой зоны (павільён Германіі на Сусв. выстаўцы ў г. Барселона, 1929; дом Тугендхата ў г. Брно, 1930). У 1940—50-я г. прапанаваў ідэю дасканалай «універсальнай формы» — адзінай унутр. прасторы, якая дае максімум магчымасцей для разнастайнага выкарыстання інтэр’ера (будынак арх. ф-та Ілінойскага тэхнал. ін-та, 1952—56); да элементарныхгеам. форм прыведзены аб’ёмы вышынных будынкаў: жылыя дамы на Лейк Шор Драйв (1950—51) і на Комануэлс Праменад (1957) у Чыкага, канторскія будынкі Сігрэм-білдынг у Нью-Йорку (1956—58), Дамініян-сентэр у г. Таронта (1967). Арыгінальным вырашэннем адметны будынак Нац. галерэі ў Берліне (1968). Яго творчасць паўплывала на архітэктараў ЗША і Зах. Еўропы.
Літ.:
Мачульский Г.К. Мис ван дер Роэ. М., 1969.
Л.Міс ван дэр Роэ. Будынак Нацыянальная галерэі ў Берліне. 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІМЕРЫЗА́ЦЫЯ,
метад сінтэзу палімераў, пры якім макрамалекула ўтвараецца шляхам паслядоўнага далучэння малекул аднаго ці некалькіх манамераў да актыўнага цэнтра, што знаходзіцца ў канцы растучага ланцуга; адзін з асн. спосабаў атрымання высокамалекулярных злучэнняў. У П. ўступаюць нізкамалекулярныя рэчывы, малекулы якіх маюць кратныя сувязі (алефіны, дыенавыя і ацэтыленавыя вуглевадароды, альдэгіды, нітрыты і інш.) або цыклічныя групоўкі, здольныя раскрывацца (аксіды алефінаў, цыклічныя эфіры, лактоны, лактамы і інш.).
Паводле колькасці манамераў, што ўдзельнічаюць у П., адрозніваюць гамаполімерызацыю (адзін манамер) і суполімерызацыю (2 і больш), паводле прыроды актыўнага цэнтра — радыкальную П., калі актыўны цэнтр — свабодны радыкал (гл.Ланцуговыя хімічныя рэакцыі), і іонную П., актыўныя цэнтры — іоны (аніённая ці катыённая П.) або палярызаваныя малекулы (каардынацыйна-іонная П.). Пры П. развіццё кінетычнага ланцуга (працэс П. ўключае некалькі асн. стадый, т.зв.элементарных актаў — ініцыіраванне, рост ланцуга, яго абрыў і перадача) адбываецца адначасова з ростам матэрыяльнага ланцуга макрамалекулы. Найб. пашыраныя спосабы ажыццяўлення П.: П. ў масе, ці блочная (П. вадкага манамера ў адсутнасці растваральніку), П. ў растворы (полімерызуецца раствораны манамер), эмульсійная П. і суспензійная П. (П. манамера, дыспергаванага ў вадзе), газафазная (П. газападобнага манамера пад уздзеяннем іанізавальнага выпрамянення ці на паверхні каталізатара), а таксама цвердафазная П. (П. манамераў у крышт. або шклопадобным стане). Метадам П. атрымліваюць каля 75% агульнага аб’ёму сінт. палімераў, што вырабляюць у свеце, (у т. л.найб. буйнатанажныя поліалефіны, полістырол, полівінілхларыд), а таксама асн. масу каўчукоў сінтэтычных.
Літ.:
Оудиан Дж. Основы химии полимеров: Пер. с англ.М., 1974;
Иванчев С.С. Радикальная полимеризация. Л., 1985;
Брук М.А., Павлов С.А. Полимеризация на поверхности твердых тел. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙТРО́ННАЯ ФІ́ЗІКА,
галіна ядзернай фізікі, якая ахоплівае даследаванні розных з’яў з удзелам нейтронаў. Вывучае ўзаемадзеянне нейтронаў з рэчывам (ядз. рэакцыі, дыфузію, запавольванне і інш.), даследуе ўласцівасці саміх нейтронаў (структуру, працэсы распаду, эл.-магн. характарыстыкі і інш.). Праяўленні хвалевых уласцівасцей нейтронаў даследуюцца ў нейтроннай оптыцы. Мае шматлікія дастасаванні пры вызначэнні структуры рэчыва (гл.Нейтронаграфія, Нейтронная спектраскапія).
Пачала развівацца пасля адкрыцця нейтрона (1932). Першыя эксперыменты з нейтронамі, праведзеныя ў 1934—40, прывялі да адкрыцця працэсу дзялення ядраў нейтронамі і магчымасці ажыццяўлення ланцуговай ядзернай рэакцыі і на яе аснове стварэння ядз. зброі і ядз. рэактараў. Некаторыя ядз. рэакцыі, выкліканыя нейтронамі, выкарыстоўваюцца для вытв-сці радыеактыўных ізатопаў, у т. л. для перапрацоўкі радыеактыўных адходаў ядз. рэактараў пераўтварэннем доўгачасовых (з вял. перыядам паўраспаду) ізатопаў у кароткачасовыя. Ствараюцца спецыялізаваныя крыніцы нейтронаў: імпульсныя і даследчыя ядз. рэактары, а таксама розныя буйнатокавыя паскаральнікі зараджаных часціц (пратонаў, электронаў, дэйтронаў), якія выкарыстоўваюцца для даследаванняў і атрымання адз. паліва ў прамысл. маштабах. Важным кірункам даследаванняў Н.ф. з’яўляецца вывучэнне законаў прыроды пры люстраным адбіцці прасторы і пры змене знака часу. У шматлікіх эксперыментах даказана адсутнасць люстраной сіметрыі ўзаемадзеянняў элементарных часціц, у прыватнасці, паказана залежнасць каэфіцыента паглынання нейтронаў у аднародным і ізатропным рэчыве ад арыентацыі спіна нейтрона адносна яго імпульсу. Адным з выяўленняў неінварыянтнасці часу з’яўляецца меркаванне аб наяўнасці ў нейтрона эл. дыпольнага моманту.
На Беларусі даследаванні па асобных пытаннях Н.ф. праводзяцца ў НДІядз. праблем пры БДУ, Ін-це фізікі і Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац.АН.
Літ.:
Гуревич И.И., Тарасов Л.В. Физика нейтронов низких энергий. М., 1965;
Крупчицкий П.А. Фундаментальные исследования с поляризованными медленными нейтронами. М., 1985;
Александров Ю.А. Фундаментальные свойства нейтрона. 3 изд. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫМЯРА́ЛЬНЫ ПЕРАЎТВАРА́ЛЬНІК,
прыстасаванне, якое пераўтварае фіз. велічыню, што вымяраецца або рэгулюецца, у сігнал (звычайна электрычны) для далейшай перадачы, апрацоўкі ці рэгістрацыі. Адна з асн. частак сродкаў вымяральнай тэхнікі, сістэм аўтаматыкі і тэлемеханікі. Тэрмін «вымяральны пераўтваральнік» уведзены стандартам замест тэрміна «датчык».
Параметры, якія ўспрымаюцца вымяральным пераўтваральнікам, бываюць механічныя (намаганне, перамяшчэнне, скорасць, вібрацыя), гідраўлічныя і пнеўматычныя (ціск, расход), аптычныя (сіла святла), цеплавыя (т-ра), электрычныя (напружанне і ток), радыеактыўныя. Выходныя сігналы падзяляюцца на электрычныя і пнеўматычныя (часам гідраўлічныя), амплітудныя, часаімпульсныя, частотныя і фазавыя, аналагавыя (неперарыўныя) і лічбавыя (дыскрэтныя). Вымяральны пераўтваральнік складаецца з аднаго (напр., тэрмапара, тэнзометр) або з некалькіх элементарных пераўтваральнікаў, найважнейшы з якіх — адчувальны элемент. Пераўтваральнікі злучаюцца па каскаднай, дыферэнцыяльнай і кампенсацыйнай схемах. Найб. Пашыраны маштабныя і функцыянальныя вымяральныя пераўтваральнікі. Маштабныя (напр., дзялільнікі частаты і напружання, трансфарматары вымяральныя) мяняюць маштаб велічыні, якая вымяраецца, без змены яе фіз. прыроды. Гэтыя вымяральныя пераўтваральнікі пашыраюць межы вымярэнняў сродкамі вымяральнай тэхнікі. Функцыянальныя вымяральныя пераўтваральнікі (напр., тэрмарэзістары, фотаэлементы) пераўтвараюць велічыню той ці іншай фіз. прыроды ў функцыянальна звязаны з ёй сігнал (звычайна электрычны). Такімі вымяральнымі пераўтваральнікамі можна вымяраць разнастайныя неэл. велічыні. Асобны клас складаюць аперацыйныя вымяральныя пераўтваральнікі, якія выконваюць над велічынямі пэўныя матэм. аперацыі (інтэграванне, дыферэнцыраванне і інш.). Асн. характарыстыкі вымяральных пераўтваральнікаў: від функцыянальнай залежнасці паміж уваходнай і выходнай велічынямі, адчувальнасць і парог адчувальнасці, хібнасць.
У.М.Сацута.
Вымяральны пераўтваральнік: а — тэмпературы (1, 2 — тэрмаэлектроды); б — ціску (1 — мембрана, 2 — газ або вадкасць); в — акустычны (1 — мембрана, 2 — вугальны парашок); г — нахілу (1 — электроды, 2 — электраліт); д — вызначэння канцэнтрацыі кіслаты ў растворы (1 — электроды, 2 — электрамагніт, 3 — рычаг, 4 — клапан).Схема палярызацыйнага валаконна-аптычнага вымяральнага пераўтваральніка ціску, акустычных ваганняў і лінейных паскарэнняў: 1 — крыніца аптычнага выпрамянення (AB); 2 — валаконныя светлаводы; 3 — палярызатар AB; 4 — аптычны адчувальны элемент (прызма); 5 — мембрана; 6 — аналізатар AB; 7 — прыёмнік AB.