МІКАБАКТЭ́РЫІ (Mycobacterium),

род бактэрый, роднасных актынаміцэтам. Каля 20 відаў. Пашыраны ў глебе, вадзе, харч. прадуктах.

Палачкі (0,2—0,6 × 1—10 мкм), часта злёгку скрыўленыя, галінастыя з уключэннямі ў выглядзе ружанцаў і гранул. Некат. віды ўтвараюць гіфы, якія распадаюцца на палачкі і кокі. Грамстаноўчыя, кіслотаўстойлівыя, нерухомыя. Маюць у сабе караціноіды, таму іх калоніі часта пігментаваныя (аранжавыя, жоўтыя, чырвоныя). Размнажаюцца дзяленнем клетак, спор не ўтвараюць. Сапрафітныя формы ўдзельнічаюць у мінералізацыі арган. рэшткаў, некат. акісляюць парафіны і вуглевадароды. Патагенныя віды выклікаюць хваробы чалавека (туберкулёз, лепру), жывёл і раслін.

т. 10, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНЁВА,

даўняе жаночае паясное адзенне ўсходніх славян. Вядомы П. расхінная (3 сшытыя суконныя ці паўсуконныя полкі, сабраныя зверху на шнуры, якім мацавалася на таліі, крыссе адкрытае спераду ці збоку) і закрытая, або глухая (4 цалкам сшытыя полкі, адна з якіх не аздобленая). На мяжы рассялення беларусаў, рускіх і ўкраінцаў насілі П. з 2 полак, сшытых прыкладна на ​2/3 даўжыні. На Беларусі найб. тыповыя клятчастыя сінія, чырвоныя, чорныя П. неглюбскага строю, аздобленыя ўзорамі квадратаў, ромбаў, крыжыкаў і інш. Бытавала да пач. 20 ст.

М.​Ф.​Раманюк.

т. 12, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кра́пінка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Памянш. да крапіна; невялікая крапіна. І неяк адразу пацяплела на сэрцы ў Алёшкі — абсівераная скура рук гэтага чалавека была ў крапінках вугальнага пылу. Лынькоў. І матылькі зляцеліся, Чырвоныя, У крапінку. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прывя́лы, ‑ая, ‑ае.

Які трохі звяў, прывяў. Паветра стаяла рэдкае, мяккае і здаровае, пахла яно прывялым лісцем, перапрэлаю травою. Адамчык. [Стары] чэша, з трэскам адломвае буйныя кавалкі прывялай драўніны. Ракітны. У гладышы з адбітым горлам пагнулі галовы прывялыя чырвоныя вяргіні. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хваставы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да хваста. Хваставы плаўнік.

2. Які знаходзіцца ў хвасце, у канцы чаго‑н. Хваставы вагон. □ Хваставыя чырвоныя агні поезда глядзяць з начы на .. [Яругіна].., але неўзабаве і яны знікаюць. Карамазаў.

•••

Хваставое апярэнне самалёта гл. апярэнне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КАМЕ́ЛІЯ (Camellia),

род кветкавых раслін сям. чайных. Каля 80 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі, Кітаі, Японіі. Культывуецца ў адкрытым грунце (Крым, Каўказ), аранжарэях, пакоях. Найб. пашырана К. японская (C. japonica), якая мае шмат гібрыдных форм.

Вечназялёныя дрэвы і кусты выш. 8—15 м. Лісце чаргаванае, простае, на кароткіх чаранках. Кветкі адзіночныя, пазушныя, чырвоныя, ружовыя, белыя, стракатыя, простыя ці махрыстыя. Плод — касцянка, каробачка або ягада. З лісця К. сасанква (C. sasanqua) атрымліваюць алей, які выкарыстоўваецца ў зубалячэбнай практыцы, касметыцы, харч. прам-сці.

В.​М.​Чартовіч.

Камелія японская: 1 — культурная махровая форма; 2 — дзікарослая расліна.

т. 7, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯПЭ́ЎНЫЯ ВІ́ДЫ,

віды жывых арганізмаў, пагроза знікнення якіх з дадзенай тэр. ўмоўна існуе (колькасць і стан папуляцый выклікаюць трывогу), аднак ступень яе дакладна не вызначана (з-за недахопу звестак). Уключаюцца ў Чырвоныя кнігі (катэгорыя 4 Камісіі па рэдкіх і знікаючых відах МСАП). На Беларусі 1 Н.в. млекакормячых, 17 — птушак, 8 — насякомых, 7 — пакрытанасенных раслін, па 4 — грыбоў і водарасцей. Ахова Н.в. патрабуе вывучэння іх біялогіі, экалогіі і пашырэння, уліку сустрэч, кантролю за станам папуляцый, забароны здабычы (збору), аховы месцаў пражывання (росту), увядзення ў культуру і рассялення ў прыродныя экатопы (для раслін) і інш.

т. 11, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ляду́начка ’ключыкі вясеннія, Primula veris L. macrocalyx Koch.’ Да ляду́нка ’патранташ’, якое з ладу́нка (гл.). (Ла‑ і ля‑ існавалі яшчэ ў ст.-бел. мове з прычыны розных крыніц запазычання: ла‑ з польск. ładunek, ля‑ з ням. Ladung). Матывацыя: кветкі ключыкаў размешчаны на сцябле адна за другой і выглядаюць як ячэйкі патранташа. Рус. ла́дан, лада́н — назвы самых розных раслін і ледуни́ца, ледуне́цчырвоныя парэчкі’, відаць, з бел. лексемай не звязаны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бу́сел, ‑ела; мн. буслы, ‑оў; м.

1. Вялікая пералётная птушка з доўгай прамой чырвонай дзюбай і высокімі чырвонымі нагамі. Па балоце, высока падымаючы чырвоныя ногі, хадзіў, шукаючы жаб, бусел. Васілевіч.

2. Разм. Высокая бутэлька гарэлкі. Тры «буслы» гарэлкі высока падымалі галовы над стусамі закусак. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бусля́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. Буслава гняздо. Амаль на кожным хляве ці на хаце — буслянка. Бусляняты, раскрыўшы яшчэ не чырвоныя дзюбы, размерана, бездапаможна хекаюць ад спёкі. Брыль. Толькі зрэдку сям-там пракінецца старое дрэва — ліпа з буслянкаю ці ясакар. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)