ЛІНЕ́ЙНАЯ СІСТЭ́МА,

сістэма, працэсы ў якой задавальняюць суперпазіцыі прынцыпу і апісваюцца лінейнымі ўраўненнямі. Л.с. — ідэалізаваная мадэль рэальнай сістэмы. Спрашчэнні, якія прыводзяць дадзеную сістэму да Л.с., наз. лінеарызацыяй.

Да Л.с. адносяць усе віды суцэльных асяроддзяў (газ, вадкасць, цвёрдае цела, плазму) пры распаўсюджванні ў іх хваль малой амплітуды, вагальныя сістэмы з ваганнямі паблізу стану раўнавагі. напр., маятнікі пры малых амплітудах ваганняў, спружыны пры дэфармацыях у межах Рука закона, эл. вагальныя контуры і ланцугі, параметры якіх не залежаць ад прыкладзенага напружання.

Розныя па прыродзе Л.с. часта падпарадкоўваюцца аднолькавым дыферэнцыяльным ураўненням, што дае магчымасць вывучаць іх агульныя ўласцівасці, напр., развіваць агульную тэорыю ваганняў і хваль у Л.с. і праводзіць іх мадэліраванне, у т. л. на ЭВМ.

т. 9, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСТЭ́МА АДЗІ́НАК фізічных велічынь,

сукупнасць асноўных і вытворных адзінак некаторай сістэмы фізічных велічынь. За асн. (незалежныя) выбіраюцца адзінкі, якія лёгка ўзнаўляюцца ў выглядзе дакладных эталонаў (напр., метр, секунда). Вытворныя адзінкі вызначаюцца праз асн. з дапамогай матэм. суадносін, якія выражаюць фіз. законы ці паказваюць сувязь паміж фізічнымі велічынямі.

Звычайна выбіраецца паслядоўнасць суадносін, у якой кожны наступны выраз мае толькі адну новую фіз. велічыню. Гэта дазваляе вызначыць кожную вытворную адзінку праз сукупнасць раней вызначаных адзінак, а ў выніку — праз асн. адзінкі сістэмы. Першая С.э. — метрычная сістэма мер (асн. адзінкі метр і кілаграм), у сярэдзіне 19 ст. К.​Ф.​Гаўс і В.​Э.​Вебер стварылі адну з абсалютных сістэм адзінак (міліметр, міліграм, секунда), прынцып пабудовы якой увасоблены пры ўвядзенні СГС сістэмы адзінак. У 1901 італьян. вучоны Дж.​Джорджы прапанаваў С.а. МКС (метр, кілаграм, секунда), якая разам з С.а. МКСА (1 м, 1 кг, 1 с, ампер) і МКСК (1 м, 1 кг, 1 с, кельвін) стала асновай для стварэння Міжнароднай сістэмы адзінак (СІ). Гл. таксама Натуральная сістэма адзінак.

Літ.:

Стоцкий Л.Р. Физические величины и их единицы: Справ. М., 1984;

Сена Л.А. Единицы физических величин и их размерности. 3 изд. М., 1989;

Деньгуб В.М., Смирнов В.Г. Единицы величин: Словарь-справ. М., 1990.

А.​І.​Болсун.

т. 14, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСТЭ́МА АДЛІ́КУ ў механіцы,

сукупнасць сістэмы каардынат і сінхранізаваных гадзіннікаў, звязаных з выбраным целам адліку, у адносінах да якога вызначаецца рух або раўнавага матэрыяльнага пункта ці механічнай сістэмы.

Целам адліку можа быць пэўны матэрыяльны аб’ект (напр., пункт зямной паверхні, самалёт, Зямля, Сонца ці цэнтр Галактыкі), характар руху якога вызначае ступень неінерцыяльнасці сістэмы. У якасці гадзінніка (спосабу адліку часу) выбіраюць пэўны перыядычны працэс (ваганні маятніка, рух Зямлі вакол сваёй восі і інш.). Спосабы апісання руху цела адносна выбранай С.а. вывучаюцца ў кінематыцы, дзе ўсе С.а. лічацца раўнапраўнымі. Пры рашэнні задач дынамікі перавага аддаецца інерцыяльнай сістэме адліку, адносна якой ураўненні руху маюць больш просты выгляд. Пры неабходнасці ўліку сіл інерцыі (рух цяжкавагавых паяздоў, балістычных ракет і інш.) выкарыстоўваецца неінерцыяльная сістэма адліку.

А.​І.​Болсун.

т. 14, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЕ́ТНАЯ СІСТЭ́МА,

сукупнасць манет розных наміналаў, якія арыентаваны на пэўную лікавую сістэму. Часам паняцце «М.с.» трактуецца як сінонім дапапяровай грашовай сістэмы, калі маецца на ўвазе асн. манетны метал, зафіксаваныя законам проба і лігатурная маса манетных наміналаў.

т. 10, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЧЭ́ННЯ СІСТЭ́МА,

сістэма аўтаматычнага кіравання, выхадны сігнал якой з пэўнай дакладнасцю ўзнаўляе ўваходны сігнал, што змяняецца па папярэдне невядомым законе. С.с. бываюць лінейныя і нелінейныя, неперарыўныя і дыскрэтныя.

У адрозненне ад інш. сістэм аўтаматыкі ўваходны пераўтваральнік С.с. вымярае разузгадненне паміж уваходным і выхадным сігналамі сістэмы (гл. Дыскрымінатар). Структурная схема С.с. ўключае прамы ланцуг уздзеянняў і гал. адмоўную адваротную сувязь. Бываюць С.с. адна- (з адным ланцугом адваротнай сувязі) і шматконтурныя (некалькі ланцугоў адваротнай сувязі). Для кампенсацыі асн. узбуральных уздзеянняў можа мець разамкнутыя контуры. Выкарыстоўваецца ў робататэхн. сістэмах, сістэмах вызначэння каардынат розных аб’ектаў, навядзення ракет, у радыёлакацыі для суправаджэння рухомых аб’ектаў і інш. Гл. таксама Кіраванне ў кібернетыцы.

На Беларусі С.с. распрацоўваюцца ў БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, БПА і інш.

Літ.:

Ганэ В.А., Степанов В.Л. Расчет следящих систем. Мн., 1990.

В.​А.​Ганэ, М.​П.​Савік.

т. 14, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАВАВА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,

сукупнасць органаў стрававання ў жывёл і чалавека, якія забяспечваюць мех. і хім. апрацоўку ежы, усмоктванне яе састаўных ч. і выдзяленне незасвоеных рэшткаў. У пазваночных С.с. ўключае ротавую поласць, глотку, стрававод, страўнік, кішэчнік, буйныя стрававальныя залозы (печань, падстраўнікавая залоза). У расліннаедных адзначаецца значная даўж. кішэчніка, асабліва тоўстага (напр., у коней з’яўляюцца дадатковыя сляпыя адросткі), у кароў страўнік мае 4 камеры, у драпежных кішэчнік карацейшы, страўнік аднакамерны. Розныя аддзелы С.с. выконваюць спецыфічныя функцыі ў працэсе бесперапыннага ператраўлення ежы (напр., хім. працэс стрававання і ўсмоктвання ў страўніку і тонкай кішцы), таксама нестрававальныя функцыі (напр., выдзяляльных органаў, эндакрынных залоз, імунныя).

А.​С.​Леанцюк.

Стрававальная сістэма чалавека: 1 — язык; 2 — поласць рота; 3 — мяккае нёба; 4 — глотка; 5 — стрававод; 6 — страўнік; 7 — падстраўнікавая залоза; 8 — брыжэечная частка тонкай кішкі; 9 — тоўстая кішка; 10 — 12-персная кішка; 11 — печань.

т. 15, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАЦІ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД),

сістэма кайназойскай эратэмы, якая адпавядае 1-му перыяду кайназойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Тэрмін прапанаваны ў 1759 італьян. геолагам Дж.​Ардуіна. Выкарыстоўваецца пераважна ў замежнай л-ры. У айчыннай навуцы з 1959 заменена на самаст. палеагенавую сістэму (перыяд) і неагенавую сістэму (перыяд).

т. 15, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Сусветная сістэма сацыялізма 1/89; 5/73, 128, 317, 349; 6/14; 7/30, 256, 412; 8/391, 406; 9/235, 304, 385, 388; 10/130—132

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

СІСТЭ́МА ЎДЗЕ́ЛУ,

скупка галаўной кампаніяй кантрольнага пакета акцый інш. кампаніі, у т. л. даччынага т-ва, якое, у сваю чаргу, набывае акцыі інш. т-ваў. У выніку С.ў. ствараецца шматступенная залежнасць прадпрыемстваў ад галаўной кампаніі, што ў многіх дзяржавах забаронена або строга абмежавана антыманапольным заканадаўствам.

т. 14, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСКРЭ́ТНАЯ СІСТЭ́МА,

тэхнічная (электронная ці інш.) сістэма, працэс функцыянавання якой характарызуецца канечным (ці бясконцым) дыскрэтным наборам станаў, змены якіх могуць адбывацца ў дыскрэтныя моманты часу (гл. Дыскрэтнасць). Напр., паслядоўнасць выпрабаванняў з некалькімі магчымымі зыходамі. Пры гэтым ролю часу выконвае нумар выпрабавання, ролю стану — нумар зыходу. Існуюць неперарыўныя сістэмы, якія таксама можна разглядаць як дыскрэтныя (напр., лічбавыя вымяральныя прылады): станы ўлічваюцца ў пэўныя (дыскрэтныя) моманты часу і іх лікавыя значэнні акругляюцца. Апісанне і даследаванне Д.с. выконваецца з дапамогай дыскрэтных Маркава ланцугоў, рознасных ураўненняў, стахастычных матрыц і інш. Пашыраны Д.с. аўтам. кіравання (гл. Аўтаматычнага кіравання тэорыя), апрацоўкі інфармацыі на ЭВМ, а таксама лічбавыя элементы выліч. тэхнікі, лічбавыя інтэгральныя схемы і інш. На Беларусі пытанні аналізу, сінтэзу, аўтаматызацыі праектавання Д.с. распрацоўваюць у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, НВА «Інтэграл» і інш.

М.​П.​Савік.

т. 6, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)