прагарэ́ць, -ру́, -ры́ш, -ры́ць; -ры́м, -рыце́, -ра́ць; -ры́; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зрабіцца дзіравым ад агню.

Сцяна прагарэла.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Згарэць зусім.

Дровы ў печы прагарэлі.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Гарэць які-н. час.

Ліхтар прагарэў усю ноч.

4. перан. Пацярпець няўдачу ў справе, пераважна грашовай (разм.).

Справа мая прагарэла.

|| незак. прагара́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е (да 1, 2 і 4 знач.) і прага́рваць, -аю, -аеш, -ае (да 1, 2 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

«ТРЭ́ЦІ РЭЙХ», «Трэцяя імперыя» (ням. das Dritte Reich), пашыраная ў 1933—45 неафіц. саманазва нацысцкага рэжыму (гл. Нацызм) у Германіі. На думку нацыстаў, створаная імі дзяржава была пераемніцай гіст. традыцый «Свяшчэннай Рым. імперыі» (962—1806) і Герм. імперыі (1871—1918).

т. 16, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЛ IV, Карэл I Чэшскі (Karl IV, Carel I; 14.5.1316, Прага — 29.11.1378),

кароль Чэхіі (з 1346), герм. кароль (з 1347), імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» [1355—78], кароль Бургундыі (з 1365). З дынастыі Люксембургаў. Сын чэш. караля Яна. У 1334—46 рэгент у Чэхіі, 11.7.1346 выбраны чэш. каралём. Умацоўваў каралеўскую ўладу (у т. л. ў Германіі праз прыняцце Залатой булы 1356), апіраўся на гандл.-рамесніцкія колы, сярэднюю і дробную шляхту. Пры ім Чэхія стала гал. дзяржавай «Свяшчэннай Рым. імперыі», а Прага фактычна яе сталіцай (садзейнічаў інтэнсіўнаму буд-ву ў горадзе, у т. л. Карлава моста цераз р. Влтава, у 1348 засн. Пражскі, або Карлаў, ун-т). Далучыў да ўладанняў Люксембургаў ч. Верхняга Пфальца, землі ў Цюрынгіі, Саксоніі, Ніжнія Лужыцы, у 1373 Брандэнбург (страчаны пасля яго смерці), з дапамогай дынастычнага шлюбу ўмацаваў сувязі з Польшчай і Венгрыяй.

т. 8, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́МУЛ (Romulus),

заснавальнік Рыма і першы рымскі цар [753—716 да н.э.]. Паводле стараж.-рым. падання Р. і яго брат-блізня Рэм былі сынамі весталкі Рэі Сільвіі і бога вайны Марса. Кінутых паводле загаду дзядзькі Рэі Амулія ў р. Тыбр братоў-немаўлят рака вынесла на бераг. Ваўчыца выкарміла іх сваім малаком (Капіталійская ваўчыца), пасля братоў знайшоў пастух Фаўстул, які разам з жонкай выхаваў іх. Р. і Рэм вярнулі свайму дзеду Нумітару царскую ўладу над Альба-Лонгай, несправядліва захопленай Амуліем, а на месцы свайго выратавання заснавалі горад. Падчас сваркі Р. забіў Рэма і стаў адзіным уладаром горада, які атрымаў яго імя. Ва ўяўленнях нашчадкаў Р. быў ініцыятарам выкрадання сабінянак, заснавання рым. сената, курый, арганізацыі войска, падзелу грамадзян на патрыцыяў і плебеяў. Пасля смерці Р. абагаўлёны, пазней атаясамліваўся з богам Квірынам.

А.​Г.​Зельскі.

т. 13, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕАДО́СІЙ I, Феадосій Вялікі,

Флавій (Flavius Theodosius; 11.1.347, Кока, Іспанія — 17.1.395), рымскі імператар [379—395]. Сын палкаводца. У 379 абвешчаны аўгустам (суправіцелем імператара Грацыяна), атрымаў у кіраванне ўсх. ч. імперыі. Спыніў наступленне вестготаў і паводле пагаднення 382 рассяліў іх у якасці федэратаў у ніжнім цячэнні Дуная. Пасля смерці Грацыяна (383) Ф. I аб’яднаў пад сваёй уладай усх. і зах. часткі Рым. імперыі. На 2-м Усяленскім саборы (381) ён замацаваў панаванне артадаксальнага хрысціянства. Адмовіўся ад язычніцкага тытула вял. пантыфіка, праследаваў прыхільнікаў арыянства і язычніцтва. У 391—392 забараніў язычніцкія культы, у 394 — Алімпійскія гульні. Пры Ф. I разбурана шмат стараж. храмаў, спалена частка Александрыйскай бібліятэкі. Абвешчаны хрысц. царквою Вялікім. Пасля яго смерці Рым. імперыя ў 395 распалася на ўсх. і зах. часткі.

Літ.:

Федорова Е.В. Императорский Рим в лицах. 2 изд. Смоленск, 1995.

А.​Г.​Зельскі.

т. 16, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЫ́ДРЫХ II (Friedrich; 26.12.1194, Іесі каля г. Анкона, Італія — 13.12.1250),

кароль Сіцылійскага каралеўства (з 1197), герм. кароль (з 1212), імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» (з 1220), кароль Іерусалімскага каралеўства [1229—39]. З дынастыі Штаўфенаў. Сын Генрыха VI (гл. Генрых, герм. правіцелі), унук Фрыдрыха I Барбаросы. Пасля смерці бацькі (1197) і маці (Канстанцыі Сіцылійскай, 1198) яго апекуном быў рым. папа Інакенцій III. Правёў б.ч. свайго жыцця ў Італіі, у т. л. ў Сіцылійскім каралеўстве, дзе фарсіраваў цэнтралізацыю дзярж. улады. У 1212 выбраны герм. каралём у процівагу Атону IV. У 1220 каранаваны як імператар, даў прывілеі духоўным князям у Германіі. У 1224 заснаваў ун-т у г. Неапаль (Італія). Узначальваў 6-ы крыжовы паход (1228—29), у час якога стаў каралём Іерусаліма (1229). Сапернічаў з Ламбардскай лігай і рым. папамі Грыгорыем IX і Інакенціем IV. Аўтар трактата «Аб майстэрстве паляваць на птушак» (1224).

т. 16, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАЎН,

у старажытнарымскай рэлігіі і міфалогіі бог лясоў і палёў, апякун пастухоў і іх статкаў. Лічылася, што ён меў дар прароцтва. Яго сынам лічылі цара Лаціна, легендарнага пачынальніка племя лацінаў, якія разам з сабінамі заснавалі Рым. У грэч. міфалогіі Ф. адпавядаў Пан.

т. 16, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРГІ́ЛІЙ, Публій Вергілій Марон (Publius Vergilius Maro; 15.10.70 да н. э., Андэс, каля г. Мантуя, Італія — 21.9.19 да н. э.),

рымскі паэт. Вывучаў рыторыку і філасофію ў Крэмоне, Мілане, Рыме. Пазней жыў у Неапалі. Паэт. славу яму прынёс зб. «Буколікі» («Пастухоўскія песні», 42—38 да н. э.) — 10 эклог (асобных вершаў), цесна звязаных з тагачаснай рэчаіснасцю, у якіх ідэалізуецца вясковае жыццё (гл. Букалічная паэзія). Прароцтва пра нараджэнне божага дзіцяці і пачатак залатога веку (4-я эклога) хрысціянскае сярэднявечча прызнала за прадбачанне нараджэння Хрыста, за што вельмі шанавала Вергілія. У дыдактычнай паэме «Георгікі» («Земляробскія вершы», кн. 1—4; 36—29 да н. э.) вёску разглядаў як апору дзяржавы. Гераічная паэма ў 12 кнігах «Энеіда» (29—19 да н. э.) стала нац. эпасам. Створаная з арыентацыяй на Гамера, яна распрацоўвала сюжэт пра міфічнага заснавальніка Рым. дзяржавы траянца Энея, усхваляла Рым і рым. народ. З ранняга Адраджэння творчасць Вергілія рабіла выключны ўплыў на еўрап. л-ры, у т. л. на лацінамоўную паэзію Беларусі — героіка-эпічныя творы Я.​Вісліцкага («Пруская вайна», 1516), М.​Гусоўскага («Песня пра зубра», 1523). Паэт і філосаф 17 ст. М.​Сарбеўскі напісаў трактаты «Аб паэзіі дасканалай, або Вергілій і Гамер» (апубл. 1954). Да багатай традыцыі парадыйнай інтэрпрэтацыі сюжэтных матываў «Энеіды» далучылася і беларуская «Энеіда навыварат». У 1909 у Мінску выдадзены «Скандоўнік да «Энеіды» — дапаможнік для правільнага чытання лацінскіх вершаў.

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. СПб., 1994.

Літ.:

Полонская К.П. Римские поэты эпохи принципата Августа. М., 1963. С. 13—46.

С.​Дз.​Малюковіч.

Вергілій.

т. 4, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛЬБА-ЛО́НГА (Alba Longa),

старажытны лацінскі горад на ПдУ ад Рыма. Паводле падання, засн. каля 1152 да н.э. Асканіем, сынам Энея. Каля пач. 1-га тыс. да н.э. быў цэнтрам Лацінскага Саюза, у 7 ст. да н.э. разбураны рымлянамі, жыхары горада пераселены ў Рым.

т. 1, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫНО́Й (лац. Antinous; каля 110, Віфінія — 130),

грэчаскі юнак, любімец рым. імператара Адрыяна. Патануў у Ніле (магчыма, прынёс сябе ў ахвяру), пасля чаго быў абагатвораны. На месцы гібелі Антыноя засн. г. Антынопаль, пабудаваны храм, у яго гонар створаны шматлікія статуі і гемы, выпушчаны манеты.

т. 1, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)