НЕЛІНЕ́ЙНАЯ СІСТЭ́МА,

вагальная сістэма, параметры якой (маса, жорсткасць, ёмістасць, супраціўленне і г.д.) залежаць ад працэсаў, што ў ёй адбываюцца. Напр., электрычны ланцуг, што складаецца з элементаў, параметры якіх залежаць ад сілы току і прыкладзенага напружання. У адрозненне ад лінейнай сістэмы працэсы ў Н.с. апісваюцца нелінейнымі дыферэнцыяльнымі ўраўненням.

т. 11, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕКСІ́Т,

пашкоджанне нервовага спляцення, утворанага пярэднімі галінамі спіннамазгавых нерваў. Адрозніваюць П. шыйны, плечавы і паяснічна-крыжавы. Прычыны ўзнікнення: траўмы (у т. л. родавая), пухліны, запаленчыя працэсы пазваночніка, суставаў і інш. Зрэдку бывае пры інфекц. хваробах (напр., ангіне, грыпе). Характарызуецца адчувальнымі, рухальнымі і трафічнымі расстройствамі. Лячэнне комплекснае, пры неабходнасці хірургічнае.

т. 12, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДЭНСА́ЦЫІ РЭА́КЦЫІ ў арганічнай хіміі,

назва вялікай групы рэакцый рознага характару, якія прыводзяць да ўтварэння з дзвюх ці некалькіх малекул адной больш складанай.

У больш вузкім значэнні К.р. — унутры- і міжмалекулярны працэс утварэння новых вуглярод-вугляродных (C—C) сувязей. Звычайна К.р. суправаджаюцца адшчапленнем простай неарган. ці арган. малекулы (напр., галагенавадароду, вады, вадароду, спірту) і адбываюцца з удзелам кандэнсавальных агентаў — рэчываў, якія звязваюць малекулы, што адшчапляюцца, ці аказваюць каталітычнае дзеянне. Напр., кратонавая кандэнсацыя (узаемадзеянне 2 малекул альдэгідаў ці кетонаў з утварэннем малекулы ненасычанага карбанільнага злучэння) і шматлікія роднасныя працэсы адбываюцца з адшчапленнем малекул вады ў прысутнасці каталізатараў — кіслот (напр., сернай H2SO4, салянай HCl) ці асноў (напр., натрыю гідраксіду NaOH, аміду NaNH2). Звычайна да К.р. не адносяць этэрыфікацыю, алкіліраванне або ацыліраванне па гетэраатамах (кіслароду, азоту), аднак працэсы ўтварэння палімераў, якія адбываюцца па гэтых схемах, наз. полікандэнсацыяй.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 7, с. 582

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́СЛАВА (Галі Сямёнаўна) (10.3.1904, г. Казань, Татарстан — 14.12.1991),

расійскі этнограф. Д-р гіст. н. (1963). Скончыла Маскоўскі ун-т (1924). Працавала ў Музеі Цэнтральнапрамысл. вобл., Музеі народаў СССР. У 1947—70 у Ін-це этнаграфіі АН СССР. Даследавала агульныя рысы і своеасаблівасць нар. адзення, арнаменту, вышыўкі беларусаў, рускіх і ўкраінцаў, абрадавыя функцыі нар. адзення ўсх.-слав. народаў, яго гісторыю, сац. сімволіку і эстэтыку. На матэрыялах адзення вывучала гіст.-культ. сувязі беларусаў з рускімі і ўкраінцамі, этнічныя працэсы ў СССР. Аўтар прац «Народнае адзенне рускіх, украінцаў і беларусаў у XIX — пачатку XX ст.» (1956), «Народнае адзенне ва ўсходне-славянскіх традыцыйных звычаях і абрадах XIX — пачатку XX ст.» (1984). Адзін з аўтараў працы «Сучасныя этнічныя працэсы ў СССР» (1975; Дзярж. прэмія СССР 1981).

Тв.:

Орнамент русской народной вышивки как историко-этнографический источник. М., 1978.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 10, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́ВІЧ (Валянцін Антонавіч) (н. 2.1.1947, в. Краснае Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фізіка-матэм. н. (1990), праф. (1992). Скончыў БДУ (1969). З 1969 у Ін-це фізікі АН Беларусі. Распрацаваў новыя метады кагерэнтнай спектраскапіі камбінацыйнага рассеяння святла, даследаваў уплыў квантавых шумаў на нелінейна-аптычныя працэсы, стварыў высокаэфектыўныя цвердацельныя і газавыя лазеры.

т. 1, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯСФЕ́РНЫ МАНІТО́РЫНГ,

сістэма доўгатэрміновых назіранняў за прыроднымі з’явамі на ўзроўні біясферы. Дапамагае вывучаць прыродныя працэсы біясферы і яе кампанентаў, улічваць іх змены ад уплыву антрапагенных фактараў, вызначаць глабальна-фонавыя змены ў прыродзе. Ажыццяўляецца праз біясферныя запаведнікі, з дапамогай метадаў сачэння за станам біясферы з касм. апаратаў і інш. Гл. таксама Глабальны маніторынг.

т. 3, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬПІ́ЙСКІ РЭЛЬЕ́Ф,

тып рэльефу высакагор’яў, якія ляжаць вышэй за снегавую лінію ці зведалі зледзяненне ў плейстацэне. Пашыраны ў Альпах, Гімалаях, на Каўказе, Паміры, Цянь-Шані і інш. Характэрны востраканечныя вяршыні і вострыя грабяні, глыбокае расчляненне, стромкія схілы, скалістасць, ледавіковыя формы рэльефу (кары, цыркі, трогі, карлінгі і інш.). Адбываюцца актыўныя працэсы снегавой і ледавіковай эрозіі.

т. 1, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТРУ́ЗІЯ (позналац. intrusio ад лац. intrudo упіхваю),

працэс укаранення расплаўленай магмы ў тоўшчу зямной кары. І. звычайна суправаджаюць арагенныя (гораўтваральныя) працэсы Магма, якая застывае на розных глыбінях, дае пачатак многім інтрузіўным горным пародам і геал. целам (штокі, баталіты, лакаліты, жылы і інш.). На Беларусі І. пашыраны сярод архейскіх і ніжнепратэразойскіх утварэнняў крышт. фундамента.

т. 7, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЯЛО́ГІЯ (ад крыя... + ...логія),

навука пра прыродныя аб’екты і працэсы, якія адбываюцца ў крыясферы. Даследуе фіз., хім. і мінералагічныя змены вады пры т-ры ніжэй пункта яе замярзання, а таксама прыродныя целы, якія ўзнікаюць пры адмоўных т-рах (атм. льды, наземныя і марскія зледзяненні, шматгадовая мерзлата). Падзяляецца на гляцыялогію і геакрыялогію.

Крыяліт.

т. 8, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУКУ́Й (Давыд Міхайлавіч) (н. 2.6.1946, Мінск),

бел. вучоны ў галіне металургіі і ліцейнай вытв-сці. Д-р тэхн. н. (1988), праф. (1990). Скончыў БШ (1969). З 1969 у Бел. політэхн. акадэміі. Распрацаваў рэсурсазберагальныя тэхнал. працэсы вырабу дакладных адлівак і новых ліцейных матэрыялаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1990.

Тв.:

Новое в литейном производстве. Мн., 1981 (у сааўт.).

т. 8, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)