ЕРМАШКЕ́ВІЧ (Барыс Кірыкавіч) (1.5.1907, в. Рыскоў Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 22.2.1982),
генерал-лейтэнант (1966). Скончыў Полацкі лясны тэхнікум (1929), Вышэйшую спецшколу Генштаба (1941), Ваен. акадэмію Генштаба (1948). У Чырв. Арміі з 1935. У Вял.Айч. вайну на Зах., 2-м Бел. франтах: нач. аддзялення, аддзела, нам.нач. штаба арміі, нам.нач. аддзела штаба фронту. З 1945 на адказных пасадах у штабах Паўн. групы войск, ваен. акруг. З 1955 у цэнтр. апараце Мін-ва абароны СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЯМЕ́НЦЬЕЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (1852 — пасля 1917),
бел. архітэктар. Скончыў Пецярбургскае буд. вучылішча (1879). Працаваў у Віцебскім губ. праўленні, у 1887—90 віцебскі губ. інжынер, адначасова ў 1878—90 полацкі епархіяльны архітэктар. Паводле праекта К. пабудаваны Віцебскага духоўнага вучылішча будынак, флігель наглядчыка пры губернатарскім доме (1872), расшыраны будынак лазарэта для жан. духоўнага вучылішча, рэканструяваны пасля пажару будынак гар.т-ра (1888—90). Распрацаваў праекты гар. клуба, будынкаў губ. праўлення ў Віцебску, астрога ў в. Струнне Полацкага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ГУБЕ́РНЯ,
адм.-тэр. адзінка ў 1802—1924 на тэр. сучасных Беларусі, Расіі, Латвіі. Утворана 11.3.1802 у выніку скасавання Беларускай губерні і падзелу яе тэр. на Магілёўскую губерню і Віцебскую губерню. Цэнтр — г. Віцебск. Увайшла ў склад Беларускага генерал-губернатарства. Падзялялася на 12 паветаў: Веліжскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Дзвінскі, Дрысенскі, Лепельскі, Люцынскі, Невельскі, Полацкі, Рэжыцкі, Себежскі, Суражскі (скасаваны ў 1866). Паводле перапісу 1897 пл. 386,5 тыс. кв. вёрст, нас. 1489,2 тыс.чал., у т. л. 788 599 чал. беларусаў. Паводле веравызнання: праваслаўных 825 524, католікаў 356 939, іудзеяў 175 586 чал., старавераў 82 968, лютэран 46 139. З 7.11.1917 Віцебская губерня ў складзе Заходняй вобласці РСФСР, у студз.—лют. 1919 у БССР, потым у РСФСР. У сувязі з утварэннем Гомельскай губерні (крас. 1919) у Віцебскую губерню перададзены Сенненскі пав. Магілёўскай губ. (ліп. 1919) і Аршанскі пав. Гомельскай губ. (ліст. 1920). Паводле мірнага дагавора РСФСР з Латвіяй ад 11.8.1920 Дзвінскі, Люцынскі і Рэжыцкі пав. адышлі да Латвіі. У лют. 1923 у сувязі з узбуйненнем паветаў скасаваны Гарадоцкі, Дрысенскі і Сенненскі пав.; Лепельскі пав. перайменаваны ў Бачэйкаўскі. 10.3.1924 у сувязі з узбуйненнем БССР Віцебская губерня скасавана. Аршанскі, Бачэйкаўскі, Віцебскі, Полацкіпав. ўвайшлі ў БССР, а Веліжскі, Невельскі, Себежскі пав. — у Пскоўскую губ. РСФСР.