МАГІЛЁЎ,

горад, цэнтр Магілёўскай вобл. і раёна. За 201 км ад Мінска. Вузел чыгунак на Оршу, Асіповічы, Жлобін, Крычаў і аўтамаб. дарог на Мінск, Гомель, Віцебск, Бабруйск і інш. Порт на р. Дняпро. Аэрапорт. 368,9 тыс. ж. (1998).

Гісторыя. Тэр. М. заселена ў раннім жал. веку (5 ст.), пра што сведчаць археал. даследаванні гарадзішчаў Змяёўка і Магіла. У пач. 13 ст. М., верагодна, быў цэнтрам феад. сядзібы-вотчыны, мог выконваць і функцыі крэпасці. Знаходкі рэчаў, характэрных для мангола-татар, даюць падставы меркаваць аб знішчэнні імі М. ў сярэдзіне 13 ст. Упершыню ў пісьмовых крыніцах М. згадваецца ў 14 ст. ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх». У канцы 14 — пач. 15 ст. М. належаў Ядвізе, жонцы вял. кн. ВКЛ і польскага караля Ягайлы, у 1431 — вял. кн. ВКЛ Свідрыгайлу, з 1503 — вял. княгіні Алене Іванаўне. У 1561 М. атрымаў права на войтаўства (гар. самакіраванне), у 1577 — магдэбургскае права і герб (на блакітным полі мураваная вежа з надпісам «Печать места Могилевского»). У 16 ст. М. часта быў арэнай баявых дзеянняў у войнах Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ (асабліва ў Лівонскую вайну 1558—83), у 1595 узяты казацка-сял. войскам С.Налівайкі. Нягледзячы на разбурэнні, у 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. горад інтэнсіўна рос: у 1577 у М. 1261 жылы дом, у 1588—1500, у 1604—2211. Паводле дакументаў 2-й пал. 16 ст., у М. каля 70 рамесных спецыяльнасцей, рамеснікі былі аб’яднаны ў 12 цэхаў, у 1-й пал. 17 ст. — у 17 цэхаў. Паводле гасп. значэння горад займаў адно з першых месцаў у ВКЛ, меў права на 2 кірмашы ў год. Супярэчнасці паміж гар. вярхамі і простымі гараджанамі прыводзілі да сац. канфліктаў, што найб. выявілася ў Магілёўскіх паўстаннях 1606—10. У канцы 16—18 ст. ва ўмовах Рэфармацыі і Контррэфармацыі М. з’яўляўся буйнейшым цэнтрам бел. праваслаўя. Тут ствараліся брацтвы, у 1632 засн. Магілёўская праваслаўная епархія, тады адзіная на Беларусі. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654 — 67 жыхары М. ў жн. 1654 перайшлі на бок рас. войск і ўпусцілі іх у горад. У час Магілёва абароны 1655 М. вытрымаў аблогу войск Рэчы Паспалітай. Аднак з цягам ваен. дзеянняў настроі магілёўцаў змяніліся, што прывяло да Магілёўскага паўстання 1661. У 1661 кароль Ян Казімір надаў гораду новы герб: на блакітным полі 3 гарадскія вежы, у сярэдзіне — у адчыненай браме рыцар з узнятым мячом, наверсе — коннік (герб «Пагоня»). У Паўночную вайну 1700—21 М. пацярпеў у 1708 ад шведскіх і рас. войск. У 1745 у горадзе 10 408 ж., 1301 дом. Паводле 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) М. у Рас. імперыі, цэнтр Магілёўскай губерні, Магілёўскай правінцыі (1772—75), Магілёўскага намесніцтва (1778—96). З 1773 М. — цэнтр Бел. рымска-каталіцкай епархіі (з 1782—83 — Магілёўская рымска-каталіцкая архіепархія). У 1781 зацверджаны новы герб горада: «Пагоня» на чырв. полі, а ў верхняй палавіне двухгаловы арол. У вайну 1812 акупіраваны франц. войскамі. У 1859 у М. 5 тыс. ж., 2833 дамы, 923 крамы, 29 цэркваў, 2 манастыры, 4 касцёлы, кірха, 34 сінагогі і яўр. школы. Напярэдадні паўстання 1863—64 восенню 1862 тут створана паўстанцкая арг-цыя з мясц. інтэлігенцыі, а ў 1863 — ваен.-рэв. арг-цыя ў 3-й артыл. брыгадзе, члены якіх пазней уступілі ў Магілёўскія паўстанцкія атрады. У 1897 у М. 43 119 ж., з іх 47,7% пісьменныя, 41 чал. меў вышэйшую адукацыю. У 1902 праз М. пракладзена Пецярбургска-Адэская чыгунка. У пач. 20 ст. ў М. ўзніклі мясц. арг-цыі РСДРП, эсэраў, Бунда і інш. партый. У рэвалюцыю 1905—07 працоўныя горада ўдзельнічалі ў забастоўках, у т. л. ў Кастрычніцкай Усерас. стачцы 1905, адбыўся Магілёўскі з’езд сял. дэпутатаў і інш. У 1-ю сусв. вайну з 21.8.1915 да 26.2.1918 у М. знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага.

Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у сак. 1917 быў абраны Магілёўскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, у якім пераважалі меншавікі і эсэры. У 1917—18 у М. дзейнічаў Беларускі нацыянальны камітэт. У ходзе барацьбы супраць карнілаўшчыны ў М. вырас уплыў бальшавікоў. Гар. Савет прызнаў сав. ўладу, 20.11(3.12).1917 Стаўка занята атрадам рэв. войск на чале з новым галоўнакамандуючым бальшавіком М.В.Крыленкам. З 12.3.1918 М. акупіраваны польскімі легіянерамі (гл. Доўбар-Мусніцкага мяцеж 1918), з 26.5 да 31.10.1918 — герм. войскамі. З 26.4.1919 па 3.3.1925 М. — павятовы цэнтр Гомельскай губ. РСФСР. 3 сак. 1924 зноў у складзе БССР. З 17.7.1924 цэнтр Магілёўскай акругі і Магілёўскага раёна, з 15.1.1938 цэнтр Магілёўскай вобласці. У пач. Вял. Айч. вайны створана Магілёўскае народнае апалчэнне 1941, якое з 3 да 26.7.1941 разам з рэгулярнымі часцямі Чырв. Арміі ўдзельнічала ў Магілёва абароне 1941; упартыя баі разгарнуліся на Буйніцкім полі; значная частка абсталявання з-даў і фабрык горада эвакуіравана, 26.7.1941 М. акупіраваны ням.-фаш. войскамі. Захопнікі праводзілі палітыку масавага знішчэння насельніцтва і ваеннапалонных: створаны Лупалаўскі лагер смерці, гета ў раёне Дубравенкі, 341-ы перасыльны лагер для ваеннапалонных; усяго ў М. загублена 70 тыс. чал. У М. дзейнічала Магілёўскае патрыятычнае падполле. 28.6.1944 горад вызвалены войскамі 2-га Бел. фронту ў ходзе Магілёўскай аперацыі 1944. Пасля вайны адбудаваны. У 1970—202,3 тыс. ж.

Гаспадарка. У 17—18 ст. М. вядомы як рамесна-гандл. цэнтр, які меў гандл. сувязі з гарадамі Расіі, Украіны, Польшчы, Прыбалтыкі. У 1783—84 дзейнічалі 33 прамысл. прадпрыемствы, у т. л. 22 гарбарныя, 7 піваварных, 2 цагельныя з-ды, 2 млыны. 3 адкрыццём Бярэзінскага канала (1805) — буйны рачны порт. Развіццё прам-сці паскорылася ў 2-й пал. 19 ст. У 1854 у М. дзейнічалі 27 цагельных з-даў, 4 мукамольна-крупадзёрныя прадпрыемствы, 34 маслабойні, развіваліся лесапільная, ганчарная, піваварная, свечачная, тытунёвая і інш. галіны прам-сці; у 1859—189 прадпрыемстваў, каля 2500 рамеснікаў; у 1885—124 прадпрыемствы, у т. л. пенькатрапальная мануфактура, Магілёўскія тытунёвыя прадпрыемствы, Магілёўскі піваварны завод; у 1897—220 прадпрыемстваў. У 1877 праведзены гар. водаправод, у 1878 — тэлефон. На пач. 20 ст. ў горадзе з’явілася лінія конкі. У 1910 пабудавана электрастанцыя, у 1913 — чыгуна-медналіцейны з-д (гл. Магілёўскі завод «Строммашына»), у 1915 — Магілёўская панчошная фабрыка. У 1912 на 170 прадпрыемствах М. працавала 712 рабочых. У 1919 дзейнічалі чыгуналіцейна-мех., маслабойны, піваварны, 2 мылаварныя з-ды, лесапільні і гарбарныя прадпрыемствы, тытунёвая і гільзавая ф-кі, электрастанцыя, гар. друкарня. У 1920—30-я г. М. ператварыўся ў буйны прамысл. і культ. цэнтр БССР. У 1926—27 пачала дзейнічаць кандытарская ф-ка «10-ы Кастрычнік», у 1930 — Магілёўскі гарбарны завод, у 1932 трубаліцейны з-д (гл. Магілёўскі металургічны завод), Магілёўскі завод металічных вырабаў. У 1929—30 пабудавана першае на Беларусі прадпрыемства хім. прам-сці — ф-ка штучнага шоўку (гл. Магілёўскі завод штучнага валакна). У 1926—32 пабудавана чыгунка Рослаўль—Крычаў—Магілёў—Асіповічы, у 1931 адкрыта прыстань на р. Дняпро. У 1934 уведзены гар. аўтобусныя маршруты. У 1933—37 пабудаваны з-ды: аўтарамонтны (гл. Магілёўскі аўтамабільны завод), клеявы (гл. Магілёўскі жэлацінавы завод), цагельны (гл. Магілёўскі камбінат будаўнічых матэрыялаў), мэблевая ф-ка. У 1940 у М. 210 прамысл. прадпрыемстваў, каля 13 тыс. рабочых. У пач. Вял. Айч. вайны значная частка прамысл. абсталявання заводаў і фабрык эвакуіравана. Акупанты знішчылі амаль усе прамысл. прадпрыемствы. Пасля вызвалення ад ням.-фаш. захопнікаў у М. пачалі аднаўляцца даваен. і будавацца новыя прадпрыемствы. У 1945 адноўлены металаапр. камбінат (з 1958 Магілёўскі завод «Электрарухавік»), у 1949 пачата буд-ва з-да натуральнага каўчуку (у 1952 рэарганізаваны ў рэгенератарны з-д). У 1950-я г. М. стаў горадам машынабудавання, металургіі, хіміі. З 1960 працуе Магілёўская фабрыка мастацкіх вырабаў. З 1963 тут працуе Магілёўская стужкаткацкая фабрыка, з 1967 — Магілёўскі ліфтабудаўнічы завод, з 1968 — Магілёўскі камбінат сінтэтычнага валакна, Магілёўскі камбінат сілікатных вырабаў. З 1970 у М. пракладзены тралейбусныя маршруты. Развіты машынабуд. (Магілёўскі завод транспартнага машынабудавання «Магілёўтрансмаш», ВА «Тэхнапрыбор», «Зеніт» і інш.), хім. (Магілёўскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно», рэгенератарны з-д і інш.), лёгкая (прадпрыемствы «Магатэкс», «Вяснянка», ф-кі швейная, «Світанак» і інш.), харч. (камбінаты мясны, малочны, з-д напіткаў, хлебазавод і інш.) прам-сць. Працуюць прадпрыемствы буд. матэрыялаў, чорнай металургіі, металаапрацоўкі (Магілёўскі завод вентыляцыйных загатовак і інш.), дрэваапр. прам-сці.

Асвета і культура. Першыя школы ў М. ствараліся пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах, буйных маёнтках. Пашыраным было навучанне дзяцей вандроўнымі настаўнікамі-самавукамі. У 1590—92 пры Спаскім манастыры засн. брацкая школа, у якой вывучалі грэч., лац., бел., польск. мовы, дыялектыку, рыторыку, музыку, асновы арыфметыкі, геаметрыі, астраноміі, геаграфіі. У 1740-я г. адкрыта піярская школа (навуч. ўстанова каталіцкага ордэна піяраў), у якой выкладаліся багаслоўе, гісторыя, лац. і польск. мовы, матэматыка, фізіка і інш. Пасля далучэння Беларусі да Расіі (1772) у М. пачалі адкрывацца рус. школы і вучылішчы. У 1789 створана 4-класнае гал. нар. вучылішча, на базе якога ў 1809 адкрыта мужчынская гімназія; у 1865 створаны жаночая гімназія (гл. Магілёўскія гімназіі), Магілёўская цэнтральная школа павітух, у 1875 — Цэнтр. фельчарская школа (на яе базе ў 1917 створана мед. вучылішча), у 1885 — Магілёўскае рэальнае вучылішча, у 1899 — жаночая нядзельная школа. У пач. 20 ст. створаны камерцыйнае і рамеснае вучылішчы, муз. школа, курсы бухгалтараў. У 1912 у М. 4 гімназіі, прыватная яўр. жаночая прагімназія, 14 вучылішчаў, у т. л. мужчынскае духоўнае і жаночае епархіяльнае, духоўная семінарыя, 9 школ, у т. л. жаночая 2-класная, 5 царк.-прыходскіх, 2 агульнаадукацыйныя. У 1913 засн. Магілёўскі настаўніцкі інстытут (на яго базе ў 1918 створаны пед. ін-т; гл. Магілёўскі універсітэт). У 1923 засн. пед. тэхнікум (гл. Магілёўскі педагагічны каледж), у 1928 — культ.-асв. вучылішча (з 1990 вучылішча культуры), у 1937 — муз. вучылішча. У 1932—36 дзейнічаў Магілёўскі палітыка-асветны інстытут. У 1937—53 пры пед. ін-це існаваў настаўніцкі ін-т. У Вял. Айч. вайну большасць навуч. і культ.-асв. устаноў разбурана. Да канца 1945 адноўлены 12 агульнаадук. школ, адкрыты буд. тэхнікум (гл. Магілёўскі будаўнічы каледж), у 1946 засн. Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум, у 1947 — машынабудаўнічы тэхнікум (гл. Магілёўскі політэхнічны тэхнікум). У першыя пасляваенныя гады працавалі пед. і настаўніцкі ін-ты, 3 буд. школы, 2 рамесныя і 2 механізацыі сельскай гаспадаркі вучылішчы. У 1961 адкрыты Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут (на базе яго тэхнал. ф-та ў 1973 створаны Магілёўскі тэхналагічны інстытут). З 1967 працуе Магілёўскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум. У 1998/99 навуч. г. ў М.: 100 дашкольных устаноў (больш за 18 тыс. дзяцей), у т. л. 18 дашкольных устаноў з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, экалагічнае выхаванне, муз. і тэатр.-маст. творчасць), 2 санаторныя сады (пульманалаг. профілю і для тубвіражных дзяцей); 48 навуч. устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (больш за 35 тыс. навучэнцаў), у т. л. 3 ліцэі і 3 гімназіі з фізіка-матэм., філал., грамадска-эканам., хіміка-біял., эканам.-прававым і інш. профілямі; 6 муз. і 23 дзіцяча-юнацкія спарт. школы; 16 прафес.-тэхн. вучылішчаў (больш за 7 тыс. навучэнцаў); 10 сярэдніх спец. навуч. устаноў (больш за 7 тыс. студэнтаў), у т. л. школа міліцыі, вучылішчы мед. і алімп. рэзерву; 4 ВНУ, у т. л. недзярж. фінансава-эканам. ін-т. У М. 19 масавых б-к, у т. л. Цэнтральная, 10 дзіцячых, 4 мяшанага тыпу, абласная з дзіцячым аддзяленнем. Дзейнічаюць Магілёўскі абласны краязнаўчы музей, Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.​В.​Масленікава, Магілёўскі музей этнаграфіі (філіял краязн. музея), Магілёўскі мастацкі музей В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі (філіял Нац. маст. музея Беларусі), Музей гісторыі Магілёва.

Архітэктура. У выніку археал. раскопак на ўсх. ускраіне М. выяўлены стаянка позняга мезаліту (6—5-е тыс. да н.э.), стараж. гарадзішчы Пелагееўскае (6 ст. да н.э. — 13 ст. н.э.) і Магіла (5 ст.). Ядром стараж. горада быў умацаваны драўляны замак на высокім узгорку з крутымі схіламі ў сутоках рэк Дубравенка і Дняпро. У 15 ст. М. складаўся з 3 частак: умацаванага замка (дзядзінец), Нагорскага рамесна-гандл. пасада (пазней Стары горад; абмежаваны з У Дняпром, з 3 Дубравенкай, з Пн замкавым ровам) і гандл. плошчы паміж імі. Каля 1526 на месцы старога пабудаваны новы Магілёўскі замак. У 16 ст. тэр. пасада значна пашырылася, на Пн ад яго пачала фарміравацца новая жылая забудова (пазней Новы горад), узніклі паселішчы за Дняпром (Задняпроўскі пасад) і Дубравенкай (Задубравенскі пасад), паміж Дняпром і ручаём Дзебра (Пакроўскі пасад). У 1609—33 узведзены 3 паясы абарончых умацаванняў (земляныя валы з бастыёнамі і ровам). У 17 ст. ў асноўным сфарміравалася планіровачная структура М. Яго цэнтрам стала Гандлёвая пл. (цяпер Савецкая; у 1604 яе тэрыторыя больш за 2 га), на якой размяшчаліся 26 радоў крам і Магілёўская ратуша. Ад плошчы адыходзілі 2 гал. вуліцы — Шклоўская (цяпер Першамайская) і Ветраная (Ленінская), што разам з вуліцамі-дарогамі на Вільню (ПнЗ), Быхаў (3) і Мсціслаў (Пд) фарміравалі радыяльную сістэму планіроўкі горада. У 17—18 ст. сфарміравалася Магілёўская школа дойлідства. Сярод збудаванняў гэтага часу: Магілёўскай Мікалаеўскай царквы комплекс, Магілёўскі Богаяўленскі манастыр, Магілёўскі касцёл і калегіум езуітаў, цэрквы Успенская і Пакроўская, фарны касцёл. У 1708 у час Паўн. вайны 1700—21 М. спалены і разрабаваны, да сярэдзіны 18 ст. адноўлены. У 1778 распрацаваны праектны план М., які меў на мэце ўпарадкаваць планіровачную структуру, надаць ёй рэгулярны характар. У пач. 19 ст. пачалі знішчаць абарончыя земляныя ўмацаванні, якія перашкаджалі далейшаму росту горада. У 1850 пракладзены Бабруйская шаша і Дняпроўскі пад’ём. Да сярэдзіны 19 ст. сфарміраваліся ансамблі Губернатарскай пл. (б. Гандлёвая) з адм. будынкамі на Магілёўскай Саборнай плошчы і Магілёўскім Іосіфаўскім саборам у цэнтры, манум. брамай і будынкам манежа. Арх.-маст. аблічча цэнтр. ч. горада ў 18—19 ст. вызначалі культавыя, жылыя і адм. будынкі: Магілёўскі Спаскі манастыр, Магілёўскай духоўнай семінарыі будынкі, Магілёўскі архіепіскапскі палац, Магілёўскі архірэйскі палац, Магілёўскі касцёл кармелітаў, касцёл і кляштар бернардзінцаў, будынак мужчынскай гімназіі, 2-павярховыя жылыя дамы. Пры ўездзе ў горад на месцы драўляных пабудаваны мураваныя брамы. На планіровачную структуру М. канца 19 — пач. 20 ст. значна паўплывала буд-ва чыгункі (1902). У паўн. ч. горада ўтворана Прывакзальная пл. з кампазіцыйным цэнтрам — будынкам Магілёўскага чыгуначнага вакзала. Пасля ўзвядзення будынка абл. драм. т-ра сфарміравалася Тэатральная пл. Тэр. горада значна пашыралася, забудоўваліся прадмесці Шклоўскае, Быхаўскае, Віленскае, Карабанаўскае, Лупалаўскае; на правым беразе р. Дняпро створана Магілёўская сядзіба «Піпенберг». Мураваныя жылыя і грамадскія будынкі размяшчаліся пераважна ў цэнтры горада. У гэты час узведзены: Магілёўскага банка будынак, Магілёўскага губернскага праўлення будынак, Магілёўскага дваранскага сходу будынак, Магілёўскага жаночага епархіяльнага вучылішча будынак, Магілёўскага крэдытнага таварыства будынак, Магілёўскага настаўніцкага інстытута будынак, Магілёўскія Барысаглебскія цэрквы, Магілёўскага пазямельна-сялянскага банка будынак, будынкі рэальнага вучылішча і жаночай гімназіі.

У 1-й пал. 20 ст. ў М. рэканструяваліся старыя і будаваліся новыя прадпрыемствы, вялося масавае жыллёвае і грамадскае буд-ва. Пачалася комплексная забудова раёнаў горада. Генплан рэканструкцыі М. 1936—39 (ін-т «Белдзяржпраект», арх. Н.​Трахтэнберг, М.​Андросаў) у асноўным захоўваў гістарычна складзеную планіроўку. Горад развіваўся ў шыротным напрамку. Яго структуру вызначалі 2 узаемна перпендыкулярныя дыяметры — вул. Першамайская і праспект Міру, на іх скрыжаванні сфарміраваўся новы адм.-грамадскі цэнтр — пл. Леніна. У 1938—40 тут пабудаваны Магілёўскі Дом Саветаў, адм. будынак (цяпер корпус машынабуд. ін-та; арх. П.​Абросімаў), 5-павярховыя жылыя дамы, гасцініца «Дняпро» (усіх арх. А.​Брэгман і А.​Воінаў), кінатэатр «Радзіма» (арх. У.​Вараксін) і інш. Пасля Вял. Айч. вайны горад развіваўся паводле генплана аднаўлення і рэканструкцыі 1947—50 («Белдзяржпраект», арх. Андросаў, Г.​Парсаданаў). Асн. ўвага аддавалася забудове цэнтр. вул. Першамайскай з прылеглымі да яе кварталамі. З 1960-х г. М. забудаваўся пераважна буйнымі масівамі — жылымі раёнамі і мікрараёнамі. Першыя мікрараёны створаны ў зах. ч. горада — Магілёў-2 (з 1962), Мір-1, -2 (з 1964), пазней ва ўсх. напрамку — «Юбілейны» (з 1967, усіх арх. І.​Фралоў). Паводле генплана 1969 («Белдзяржпраект», арх. Ю.​Глінка, М.​Трыгубовіч, М.​Семяненка) горад развіваўся пераважна ва ўсх. і паўд. напрамках. У паўд. ч. сфарміраваліся новыя жылыя раёны — Задняпроўскі, пазней па пр. Дзімітрова. Інтэнсіўна забудоўваюцца праспекты Пушкінскі, Шміта, Дзімітрава. Для паляпшэння трансп. сувязі з новымі раёнамі ўзведзены 3 масты цераз р. Дняпро. У цэнтр. ч. горада паводле праекта рэканструкцыі вул. Першамайскай (1974, арх. Фралоў) узведзены першыя 3 буйнамаштабныя жылыя дамы з комплексам прадпрыемстваў быт. абслугоўвання (арх. Фралоў, Р.​Борахаў, Я.​Бранцаў, Ю.​Іўжанка), будынкі б. абкома КПБ (цяпер Дом юстыцыі, арх. А.​Кучарэнка, Ю.​Шпіт), дыягнастычнага цэнтра (арх. К. і Г.​Аляксеевы), у інш. ч. горада — гасцініцы «Магілёў» (арх. В.​Астаповіч, Г.​Бенядзіктаў, А.​Лукомская) і «Турыст» (арх. Борахаў, А.​Валовіч), Палац піянераў і школьнікаў (арх. Семяненка, А.​Мельнікаў), Палац культуры камбіната «Хімвалакно» (арх. Я.​Смальгоўскі, В.​Ладыгіна, Астаповіч), карпусы ін-таў педагагічнага (арх. Фралоў, Кучарэнка, Г.​Аляксеева), машынабуд. (В.​Шаўчэнка, Кучарэнка, А.​Юрын) і тэхналагічнага (Ю.​Павалій, У.​Начараў, С.​Сень), навукова-тэхн. аб’яднання (цяпер тэхнапарк, арх.В.​Кільчыцкі), абл. статыстычнага ўпраўлення, вяслярнай базы (арх. І.​Голубева), будынкі кінатэатраў «Кастрычнік» (арх. Кучарэнка) і «Ветразь» (арх. Г.​Бранцаў, С.​Варанец), дзіцячай бальніцы і радзільнага дома (арх. Юрын), аблсаўпрофа (арх. І.​Магазінер), цэнтр. райвыканкома і філіяла Белаграпрамбанка (арх. Кучарэнка), аэрапорт (арх. М. і А.​Семяненкі), дамы дзіцяці (арх. У.​Свінарэнка), друку (арх. А.​Шарапава) і інш. Паводле карэкціроўкі генплана 1969 (1981, БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. Глінка, А.​Горб, М.​Мызнікаў) горад развіваўся ў паўн.-ўсх. напрамку, ствараўся агульнагар. цэнтр уздоўж праспекта Міру і р. Дубравенка. Паводле праекта дэталёвай планіроўкі 1988 (БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжана далейшая рэканструкцыя забудовы цэнтра горада. У розных раёнах М. пабудавана шмат жылых дамоў паводле індывід. праектаў. Створаны дзіцячы парк, лесапаркі Любужскі і Пячэрскі са штучным возерам. З 1993 ін-там «БелНДІПгорадабудаўніцтва» (пры ўдзеле ін-та «Магілёўграмадзянпраект») вядзецца распрацоўка новага генплана.

У М. брацкія магілы: сав. воінаў; апалчэнцаў; сав. воінаў і падпольшчыка; лётчыкаў, чырвонаармейцаў; магіла ахвяр фашызму. Узведзены мемар. комплексы «Змагарам за Савецкую ўладу» (1982, скульпт. Л.​Гумілеўскі, арх. К.​Аляксееў, А.​Іваноў), на месцы лагера смерці (1948, 1984). Помнікі А.​С.​Пушкіну, М.​Горкаму, Герою Сав. Саюза І.​С.​Лазарэнку, землякам, надмагільны помнік А.​В.​Пысіну, бюсты двойчы Героя Сав. Саюза І.​І.​Гусакоўскага, мастакоў В.​Бялыніцкага-Бірулі, П.​Масленікава і інш.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1616—1773 у М. існавала Магілёўская брацкая друкарня, якая выпускала л-ру на бел., грэч., лац. і польск. мовах. Царк. і свецкую л-ру на бел. і польск. мовах з 1676 выдавала брацкая друкарня пры Богаяўленскім манастыры. З 1774 дзейнічала кансісторская друкарня (гл. Магілёўская друкарня), у якой выкарыстоўваўся грамадз. шрыфт. Сярод шматлікіх выданняў яна друкавала і даведачную л-ру: «Каляндар беларускіх намесніцтваў на 1783 г.» (1782), «Беларускі каляндар на ...» (1784—95), царк. календары. У 1833—1917 пры губ. праўленні працавала Магілёўская губ. друкарня, якая акрамя афіц. матэрыялаў і л-ры свецкага характару з 1838 друкавала газ. «Могилевские губернские ведомости., штогоднія даведнікі «Памятныя кніжкі Магілёўскай губерні» (1861—1916), «Агляд Магілёўскай губерні» (1879—1915) і інш. У 2-й пал. 19 ст. ў М. пачалі стварацца прыватныя друкарні. У 1883—1917 выдаваліся час. «Могилевские епархиальные ведомости» з дадаткам «Воскресенье» (у 1991 адноўлена). У пач. 20 ст. ў М. дзейнічала друкарня Магілёўскай арг-цыі РСДРП. Перыяд. выданняў значна пабольшала, выходзілі таксама працы, справаздачы, даклады і інш., што мелі працяг. Газ. «Могилевские губернские ведомости» мела дадаткі «Сельскохозяйственный листок» (у 1901—9 нумароў) і «Могилевский листок сельского хозяйства и охоты» (1902—05). Акрамя афіцыйных, выдаваліся розных кірункаў грамадска-паліт. і літ. газеты: штодзённая левакадэцкая «Могилевский голос» (1906), праваакцябрысцкая «Могилевский вестник» (1906—17) з дадаткамі — час. «Вестник земского хозяйства Могилевской губернии» (1907—08) і «Листок Коммерческого отдела Могилевского общества сельского хозяйства» (1908—09); «Могилевский курьер» (1911). Губернская земская ўправа выдавала штодзённыя газеты: у 1910 «Могилевскую земскую неделю», у 1917 «Могилевскую жизнь», у 1914—17 «Вестник Могилевского земства». У 1910—11 выходзіў пед. час. «Белорусский учительский вестник». У 1-ю сусв. вайну, калі ў М. размяшчалася Стаўка Вярх. галоўнакамандуючага, выходзілі перыяд. выданні рознай арыентацыі: для распаўсюджвання ў арм. часцях «Наш вестник» (1915—17) з ілюстраваным дадаткам, т.зв. беспарт. сацыяліст. орган «Свобода, равенство и братство», газ. «Живое слово», органы Стаўкі Часовага ўрада «Вестник главного комитета союза офицеров армии и флота» і «Бюллетень штаба Верховного главнокомандующего» (усе 1917). У час акупацыі М. герм. войскамі выходзілі газ. «Труд», якую выдавалі афіцэры белай гвардыі, газ. кадэтаў «Эхо» (абедзве 1918). Ваен.-рэв. к-т пры Стаўцы выдаваў газ. «Революционная ставка» (ліст. 1917 — сак. 1918). Свае грамадска-паліт. газеты выпускалі Саветы рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў: «Молот» (май — вер. 1917), «Известия Могилевского Совета рабочих и солдатских депутатов» (са студз. 1918, неаднаразова мяняла назву, з 1956 «Магілёўская праўда»).

У 1919—20-я г. выходзілі насценныя газеты РОСТА, газ. «Красноармеец», аднадзёнкі, бюлетэнь «Работница и крестьянка». Грамадска-паліт. і літ. газ. «Соха и молот» (1919—24) выпускала штотыднёвы лісток «Красная молодежь» (1920—21) і «Профессиональный двухнедельник» (1921). На прадпрыемствах горада пачалі выпускаць шматтыражныя газеты. У 1931 пачала выходзіць газ. «За камуністычную працу» (мяняла назвы, сучасная «Прыдняпроўская ніва»). У пач. Вял. Айч. вайны ў М. друкавалася рэсп. газ. «Звязда». У часы ням.-фаш. акупацыі магілёўская падп. арг-цыя «Камітэт садзеяння Чырв. Арміі» выпускала малафарматную газ. «За Родину» (з 1942, з восені 1942 — «За Советскую Родину»).

Выходзяць газеты: абл. «Магілёўская праўда» на бел. і рус. мовах) з дадаткам газ. «Днепровская неделя», «Магілёўскія ведамасці» (з 1990, на бел. і рус. мовах), раённая «Прыдняпроўская ніва» (на бел. і рус. мовах), гар. «Вечерний Могилев» (з 1993) з дадаткам, «Веснік Магілёва» (з 1990) з дадаткам, «Толока» (з 1990) з дадаткамі, «Зямля і людзі» (з 1992, на бел. і рус. мовах), «Воскресная газета», «Тыднёвік Магілёўскі» (абедзве з 1996); «Могилевские епархиальные ведомости» і інш. Дзейнічае абл. арг-цыя Бел. саюза журналістаў.

Радыёвяшчанне з 1918, пастаяннае з 1944. Тэлебачанне з 1964, працуюць абл. студыя «Магілёў-1» і гар. канал «Магілёў-2».

Літаратурнае жыццё. У 17 ст. ў М. пэўны час працаваў паэт і філосаф А. (Ян) Белабоцкі (Белаблоцкі). Гісторыі горада прысвечана Магілёўская хроніка, створаная ў канцы 17 — пач. 18 ст. У 1799 на Магілёўшчыне пабываў рус. паэт Г.​Дзяржавін. У М. спыняўся А.​Пушкін (1820, 1824), праз яго праязджалі М.​Гогаль (1828) і Т.​Шаўчэнка (1843, 1847). Пра М. і інш. бел. гарады пісаў у «Паходных запісках рускага афіцэра» (1820) І.​Лажэчнікаў. У 1818 тут выйшаў падрыхтаваны пісьменнікам і педагогам Ф.​Орля-Ашменцам першы на Беларусі час. «Отечественный памятник». У М. нарадзіўся фалькларыст і этнограф П.В.Шэйн. У яго зборніках, асабліва ў «Матэрыялах для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» (т. 1—3, 1887—1902) шырока прадстаўлены бел. матэрыял, у т. л. запісы, зробленыя ў М. і на Магілёўшчыне. У 1853 у Пецярбургу выдадзены зб. «Народныя беларускія песні», запісаныя на Магілёўшчыне ўраджэнкаю горада К.​І.​Паўлоўскай (Кігн). У 1859 С.С.Акрэйц, які працаваў у М., намерваўся выдаць тут час. «Белорусский вестник» (праект складзены і ўхвалены рэдакцыяй час. «Современник»), але яго задума не здзейснена. У 1860-я г. ў М. паявіліся літ. творы на бел. мове (гутаркі Ф.​Блуса, брашура «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела», 1861, мяркуемы аўтар А.​Кісель). У 1900 выйшаў зб. бел. твораў «Тарас на Парнасе і іншыя беларускія вершы» (2-е выд. ў 1902 акрамя гэтай паэмы ўключала вершы Ф.​Багушэвіча, В.​І.​Дуніна-Марцінкевіча і інш.). У 1896—1906 у М. працаваў бел. этнограф, фалькларыст і археолаг Е.Р.Раманаў. У пач. 20 ст. ў Магілёўскай гімназіі вучыўся бел. пісьменнік М.Грамыка, у духоўнай семінарыі — М.Зарэцкі (з 1919 настаўнічаў на Магілёўшчыне, у 1920 працаваў у М. заг. валаснога аддзела работнікаў асветы), В.Шашалевіч, А.Мрый. У 1909—10 у гарбарных майстэрнях М. працаваў Ц.Гартны, пісаў тут вершы, пасылаў карэспандэнцыі ў газ. «Наша ніва»; у М. прайшлі і апошнія яго дні. М. увайшоў у бел. л-ру дзякуючы паэме Я.​Купалы «Магіла льва» (нап. 1913), вершу М.​Багдановіча «Летапісец», нарысу М.​Гарэцкага «Магілёў». У 1918 вакол газ. «Известия Могилевского Совета рабочих и солдатских депутатов» групаваліся мясц. пісьменнікі. У 1920-я г. дзейнічала Магілёўская філія літ. аб’яднання «Маладняк», рэарганізаваная пазней у філію Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. Тут выдаваліся «Зарніцы» (літ. дадатак да газ. «Соха и молот», 1924), літ. альманахі «Дняпроўскія ўсплёскі» (1927), «Ранне» (1929). Праводзіліся літ. вечары, прысвечаныя творчасці пісьменнікаў. Горад неаднойчы наведвалі Я.​Купала, Я.​Колас, А.​Куляшоў; у 1924 у М. прыязджала ў творчую камандзіроўку група бел. пісьменнікаў на чале з Я.​Купалам, у ліст. 1928 з групай пісьменнікаў быў Я.​Колас, у лютым 1930 — Я.​Калас, З.​Бядуля, П.​Броўка, М.​Нікановіч, І.​Цвікевіч. У студз. 1933 Я.​Купала, Ц.​Гартны, П.​Галавач, М.​Лужанін, А.​Александровіч і інш. сустракаліся з чытачамі ў Доме Чырв. Арміі і пед. ін-це. У крас. 1938 Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Клімковіч прысутнічалі на спектаклі «У пушчах Палесся» Я.​Коласа, якім адкрываў гастролі ў горадзе БДТ-2. У 1920—30-я г. ў М. працавалі В.​Бурносаў, Э.​Валасевіч, П.​Пруднікаў (рабочымі), І.​Баранкевіч, Ю.​Лявонны, Г.​Шчарбатаў (у газетах «Соха и молот», «Магілёўскі селянін», «Камунар Магілёўшчыны»), выкладалі ў пед. ін-це І.​Гутараў (і ў палітыка-асветным ін-це), Ю.​Гаўрук, Дз.​Палітыка, Ю.​Пшыркоў, у пед. тэхнікуме В.​Гарбацэвіч, у мед. вучылішчы Я.​Журба. У навуч. установах горада вучыліся У.​Агіевіч, М.​Барсток, А.​Бялевіч, Я.​Васілёнак, М.​Гарулёў, А.​Дзеружынскі, Я.​Курто, М.​Ларчанка, Ю.​Лявонны, В.​Матэвушаў, І.​Новікаў, Палітыка, П.​Прыходзька, С.​Фамін, Я.​Шарахоўскі, П.​Шасцерыкоў, М.​Шумаў, У.​Шахавец, Шчарбатаў і інш. У пач. Вял. Айч. вайны як ваен. карэспандэнты ў М. прыязджалі А.​Суркоў і К.​Сіманаў (абароне горада прысвяціў свае рэпартажы, раман «Жывыя і мёртвыя»). Сіманаў сустракаўся ў М. з чытачамі ў 1965, 1966 і 1974; паводле завяшчання пісьменніка пад Магілёвам на Буйніцкім полі — месцы суровых баёў у 1941 — развеяны яго прах. Выдадзены альманахі «Літаратурны Магілёў» (кн. 1—2, 1949—50), «Дняпро» (1957), «Прыдняпроўе» (1958). Літ. жыццё М. ажывілася з 1960, калі тут створана аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пры газ. «Магілёўская праўда» працуе літ. аб’яднанне «Прыдняпроўе». У 1980-я г. ў М. шырока адзначалася 60-годдзе І.​Мележа, 70-годдзе Сіманава, Куляшова, 100-годдзе з дня нараджэння Я.​Купалы і Я.​Коласа. У 1986 літ. вечар быў прысвечаны гераічнай абароне М. У Пушкінскім свяце паэзіі (май 1988) удзельнічалі І.​Чыгрынаў, В.​Зуёнак, П.​Макаль, А.​Пісьмянкоў, А.​Мельнікаў, М.​Луфераў, ва Усесаюзных сіманаўскіх літ. чытаннях (ліп. 1988) — рус. і бел. пісьменнікі А.​Вазнясенскі, Р.​Казакова, Р.​Раждзественскі, Я.​Хелемскі, І.​Шклярэўскі, В.​Быкаў, Р.​Барадулін, А.​Жук, Л.​Прокша, І.​Аношкін і інш. Наладжаны сувязі з пісьменнікамі Браншчыны, Чарнігаўшчыны, Ровеншчыны, дзе ў днях л-р удзельнічалі магілёўскія пісьменнікі А.​Пысін, Аношкін, А.​Кандрусевіч і інш. У снеж. 1997 у М. выступалі ўдзельнікі Дзён рус. л-ры ў Беларусі М.​Аляксееў, Ю.​Кузняцоў, Г.​Пашкоў, П.​Праскурын, В.​Сарокін, К.​Скварцоў. У М. нарадзіліся П.​Кабзарэўскі, Р.​Бярозкін, Валасевіч, І.​Клаз, М.​Шумаў. У Магілёўскім пед. ін-це вучыліся Дз.​Бугаёў, Г.​Бубнаў, Луфераў, В.​Ракаў, М.​Янчанка, Шклярэўскі, М.​Казакоў, Аношкін, С.​Марчанка, В.​Хаўратовіч, А.​Палітыка, А.​Салтук, Р.​Яўсееў, Кандрусевіч, У.​Буграмееў і інш., у вучылішчах — С.​Гаўрусёў, Л.​Левановіч, С.​Панізнік, настаўніцкі ін-т скончыў Г.​Юрчанка. У М. жылі і працавалі пісьменнікі Валасевіч, Палітыка, А.​Макарэвіч (выкладалі ў пед. ін-це), М.​Ткачоў, Гарулёў, Валасевіч (у газ. «За Радзіму»), Матэвушаў, Пысін, В.​Карамазаў, Кандрусевіч (у газ. «Магілёўская праўда»), А.​Макаёнак, І.​Сіўцоў, М.​Шумаў, Шасцерыкоў, Ракаў, Мельнікаў і інш. У М. (1999) жывуць і працуюць пісьменнікі Аношкін, У.​Дуктаў, Я.​Клімуць, М.​Лук’янаў, І.​Пехцераў, В.​Рагаўцоў і інш.

Мастацкае жыццё. М. здаўна вядомы як буйны цэнтр рамёстваў і маст. промыслаў. У 14—16 ст. тут развіваліся кавальства, ткацтва, маст. апрацоўка дрэва, скуры, металаў (ліццё, коўка, чаканка), ружэйная справа, ювелірнае мастацтва. З 15 ст. М. — цэнтр керамічнай вытв-сці (гл. Магілёўская кераміка, Магілёўская кафля). Вядомы імёны мастакоў 16 ст. Макара Акулініча, Дзмітра Івановіча, Ісака Івановіча, Ламакі (Ламаты) Федаровіча, Семяновіча. У 17 ст. высокага ўзроўню дасягнула маст. ліццё і коўка (выраблялі алавяны посуд, ліхтары, гарматы, званы, пазалочаныя і пасярэбраныя рэчы з медзі, жалеза і інш.), набойка, маст. шкло. У канцы 17 ст. склалася Магілёўская школа гравюры. Фасады жылых дамоў упрыгожвалі размалёўкай, разьбой па дрэве, культавыя будынкі — разьбой па камені (Пакроўская царква, 1668—87). Выдатнымі ўзорамі бел. нар. дэкар.-прыкладнога мастацтва з’яўляюцца іканастас і царскія вароты Магілёўскай Мікалаеўскай царквы і інтэр’ер Богаяўленскага сабора работы мясц. майстроў. У 17 ст. працавалі мастакі Ігнат Соц, Фёдар, Афанасій Пігарэвіч і інш., у 18 ст. А.​Главацкі (партрэтыст, дэкаратар, архітэктар), У.​Баравікоўскі (выканаў эскізы і размаляваў фрэскамі Магілёўскі Іосіфаўскі сабор, намаляваў шэраг партрэтаў і абразоў), Чайкоўскі (удзельнічаў у аздабленні фрэскамі Магілёўскага касцёла кармелітаў), Пігарэвіч (маляваў абразы, афармляў інтэр’еры), Ежы Александровіч (партрэтыст), жывапісцы Якуб Бараховіч, Мацвей Філановіч, Цімка Флюндра, Ян Чурула, Яўстафій Маргун, Лявон Сілініч, Пётр Сілініч, Андрэй Казак, Васіль Сушчэўскі, Максім Мастак, Якуб Малук, Васко, Карней, Арон, Маеўскі, Міхал, Айзік Сегаль, ювелір і чаканшчык Афанасій Воўчак. На мяжы 18—19 ст. тут працаваў Ю.Пешка. Зберагліся ўзоры высокамаст. арх. лепкі і маст. ліцця, разьбы па дрэве. У 19 ст. ў М. працавалі прыгонны мастак Ф.​Тулаў, шэраг краявідаў у 2-й пал. 19 ст. намалявалі Н.Орда, Ф.​Пархоменка, І.​Чамаданаў. У канцы 19 ст. ў М. дзейнічалі Т-ва аматараў прыгожых мастацтваў, прыватная маст. школа, якой кіраваў Пархоменка, у 1900—05 — Т-ва вывучэння бел. краю. Пасля 1917 у М. існаваў цэнтр. музейны фонд, які меў на мэце ахову помнікаў мастацтва. У 1919 створаны Магілёўскі дзярж. гіст. музей (існаваў да 1941). У 1920-я г. ў М. працавалі мастакі М.​Цеханоўскі, Р.​Пархоменка і інш., дзейнічаў філіял Рэвалюцыйнай арганізацыі мастакоў Беларусі; праводзіліся выстаўкі магілёўскіх мастакоў. У М. экспанаваліся творы 3-й Усебел. маст. выстаўкі (1928), графікі бел. мастакоў (1941). У пасляваенны час выстаўкі мастакоў М. і вобласці прайшлі ў 1952, 1955, 1969, 1971, 1972, персанальныя А.Бархаткова (1968) і У.​Кульваноўскага (1969), сатыры бел. мастакоў, да семінара творчай моладзі (абедзве 1968), графікі (1973) і інш. Маст. жыццё актывізавалася пасля стварэння Магілёўскай абл. арг-цыі Саюза мастакоў Беларусі (1974) і аб’яднання маладых мастакоў вобласці (1976). Сярод найб. значных выставак 1970—80-х г. «30 год Вялікай Перамогі» (1975), маладых мастакоў Магілёўшчыны (1977), мастакоў вобласці, перасоўная «Пейзаж нашай Радзімы», твораў мастакоў г. Габрава (Балгарыя, усе 1978), нар. мастацтва Францыі (1981), прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння М.​Багдановіча, рэспубліканская бел. графікі (абедзве 1982), маладых мастакоў М., твораў А.​Гараўскага, бел. сав. эстампа (усе 1983), да 40-годдзя вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў, персанальныя Г.​Туроўскай, Г.​Конавай, У.​Кузьміча (усе 1984), В.​Грамыкі (1998) і інш. З 1997 праводзяцца кожны год у М. пленэры: В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі (1997), М.​В.​Неўрава (1998), П.​В.​Масленікава (1999). Працуюць Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.​В.​Масленікава, Магілёўскі мастацкі музей В.К.Бялыніцкага-Бірулі.

Тэатральнае жыццё. Тэатр у М. вядомы з 1698 (паказы дыялогаў). У 1722—32 існаваў школьны т-р пры езуіцкім калегіуме. У 1780 пабудавана спец. памяшканне (арх. Брынгозі) т.зв. т-ра Чарнышова. У канцы 1780-х г. функцыянаваў прыватны т-р арцыбіскупа С.​Богуш-Сестранцэвіча. Паміж 1792 і 1795 выступала трупа на польск. і рус. мовах, сфарміраваная А.​Ш.​Жукоўскім. У 19 ст. былі пашыраны паказы батлейкі. У 1888 пабудаваны будынак гар. тэатра, у якім у 19 — пач. 20 ст. выступалі рус. трупы Пецярбургскага літ.-маст. т-ра і кабарэ «Лятучая мыш», Малога т-ра пад кіраўніцтвам А.​Яблачкінай, трупы Г.​Волгіна, Ф.​Карскага, П.​Максімава, С.​Няволінай, Р.​Неўскага, Ф.​Корша, Ф.​Хмары; польск. трупы В.​Ашпергера, К.​Фядзецкага, Ю.​Кондрата, Я.​Хелмікоўскага; гастраліравалі буйныя майстры сцэны (В.​Камісаржэўская, П.​Арленеў, бр. Адэльгеймы, В.​Далматаў, Ю.​Жукоўская, М.​Занькавецкая, М.​Петыпа, М.​Садоўскі, Г.​Фядотава, Ю.​Юр’еў і інш.). У 1900—04 дзейнічаў Магілёўскі аматарскі тэатр. У 1910—16 у М. выступала трупа рус. акцёраў пад кіраўніцтвам У.​Кумельскага. Канцэрты і спектаклі наладжвалі аматарскія калектывы. У 1919—20 створана сетка тэатр. гурткоў, у сярэдзіне 1920-х г. існавалі калектывы «Сіняй блузы». Арганізаваны: сав. т-р (1919), рус. драм. трупа «Пошукі» (1921), Першы паказальны т-р (1920—22). У 1935—41, 1944—45 у М. працаваў Дзярж. рус. драм. т-р Беларусі. У 1946—49 існаваў Магілёўскі драматычны тэатр. Дзейнічаюць: Магілёўскі абласны драматычны тэатр, Магілёўскі абласны тэатр лялек.

Музычнае жыццё. Навучанне хар. спевам было адной з асн. вучэбных дысцыплін у школах пры правасл. брацтвах (1-е засн. ў 1578). У 17 ст. Магілёўская брацкая друкарня выдавала нотныя зборнікі. Музыка суправаджала спектаклі школьнага т-ра, што існаваў пры езуіцкім калегіуме з 1-й пал. 18 ст. У 1780 з нагоды сустрэчы ў М. імператрыцы Кацярыны II у горадзе выступалі італьян. опера і прыдворная капэла, выпісаныя З.​Р.​Чарнышовым з Пецярбурга. У канцы 18 — пач. 19 ст. пры т-ры Чарнышова існаваў прыгонны аркестр. У М. пачынаў творчую дзейнасць І.Дабравольскі. У 19 ст. муз. жыццё горада канцэнтравалася вакол гімназій і семінарый. Музыку і спевы ў гімназіі выкладаў М.​Лустгартэн, на чале з якім наладжваліся канцэрты вучняў, выкладчыкаў і інш. аматараў музыкі. Муз. спектаклі паказвалі гастрольныя тэатр. трупы: у 1842 ішла камічная опера С.​Манюшкі «Карманьёла, або Французы любяць жартаваць» на лібрэта А.​Корвін-Мілеўскага. У 1860 Л.Скрабецкі арганізаваў і наладзіў у Варшаўскім муз. ін-це сіламі магілёўскіх музыкантаў муз. вечарыну на карысць вучняў Магілёўскай губ. Гарадзецкі прыгонны квартэт У.​Г.​Кастрыёта-Скандэрбека часта выконваў у горадзе творы В.​А.​Моцарта і Л.​Бетховена. Тут выступалі скрыпачы Г.​Ягеман (Ягноў), І.​Крушэўскі, піяністка Л.​Чачкова. Працавалі муз.-драм. т-ва з аддзеламі вак. і інстр. музыкі і муз. школа Пячкоўскай (з 1886), Магілёўскі музычна-драматычны гурток аматараў. У 1895 у М. выступаў з канцэртамі С.​Рахманінаў (з італьян. скрыпачкай Т.​Туа), у пач. 20 ст. — Л.​Аўэр, С.​Барцэвіч, А.​Вержбіловіч, І.​Гофман, К.​Грыгаровіч, Н.​Фігнер, М.​Эрдэнка, Мекленбургскі квартэт і інш.; гастрольнымі трупамі паказаны оперы «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага, «Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава, «Дэман» А.​Рубінштэйна, «Фауст» Ш.​Гуно, «Кармэн» Ж.​Бізэ, «Травіята» Дж.​Вердзі. З 1905 працавалі Магілёўскі літаратурна-музычна-драматычны гурток, муз. школы, заснаваныя Р.​Пеўзнерам (1906) і У.​Ерыхайлавым (1908), рабочая муз. студыя на чале з піяністкай Р.​Блюман. На базе гэтай студыі ў 1919 арганізавана дзярж. дзіцячая муз. школа імя Рымскага-Корсакава (цяпер Дзіцячая муз. школа-сямігодка № 1). Наладжваліся сімф. канцэрты (дырыжор Я.​Пеўзнер), лекцыі (Ю.​Дрэйзін), канцэрты хору работнікаў асветы. У 1921 працаваў гурток «Асвета», які меў муз.-вакальную, драм. і літ. секцыі. У 1924 сіламі аматараў з удзелам прафес. артыстаў у М. пастаўлена адна з першых бел. опер «Вызваленне працы» М.​Чуркіна. З 1937 цэнтрам муз. жыцця горада стала Магілёўскае музычнае вучылішча імя Рымскага-Корсакава, створанае на базе дзіцячай муз. школы. З 1974 канцэртную дзейнасць ажыццяўляла пераважна абл. гастрольна-канцэртнае аддз. Белдзяржфілармоніі. У 1984 пры абл. Навукова-метадычным цэнтры нар. творчасці і культ.-асв. работы створаны клуб самадз. кампазітараў. Новы этап у муз. жыцці горада пачаўся са стварэннем Магілёўскай абласной філармоніі (1990). У М. працуюць (1999): філіял Бел. акадэміі музыкі (з 1990), муз. і культ.-асв. вучылішчы, 4 муз. школы, 2 школы мастацтваў, Магілёўскі абл. навукова-метадычны цэнтр нар. творчасці і культ.-асв. работы. Развіта муз. самадзейнасць; 28 муз., харэаграфічных і фалькл.-этнагр. калектываў маюць званне народных і ўзорных. У М. праводзяцца міжнар. фестывалі духоўнай музыкі «Магутны Божа», эстрадны «Залаты шлягер» (з 1995) і інш..

Літ.:

Могилев: (Ист.-экон. очерк). Мн., 1971;

Чарняўская Т.І. Архітэктура Магілёва. Мн., 1973;

Могилев и окрестности: Справочник-путеводитель. Мн., 1982;

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Магілёўская вобл. Мн., 1986;

Мелешко В.И. Могилев в XVI — середине XVII в. Мн., 1988;

Могилев: Энцикл. справ. Мн., 1990;

Агееў А.Р., Марзалюк І.А., Пушкін І.А. Магілёўская даўніна ў пытаннях і адказах. 2 выд. Магілёў, 1999;

Марзалюк І.А. Магілёў у XII—XVIII стст. Мн., 1998;

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Магілёва. Мн., 1998.

І.​А.​Марзалюк, А.​В.​Марзалюк (гісторыя), І.​М.​Шаруха (гаспадарка), М.​І.​Ліс, В.​Л.​Цыбоўскі (асвета і культура), Т.​І.​Чарняўская, І.​І.​Фралоў (архітэктура), Л.​В.​Календа (друк, радыё, тэлебачанне), М.​Р.​Міхайлаў (літаратурнае жыццё), А.​Л.​Капілаў, В.​П.​Пракапцова (музычнае жыццё).

Магілёў. З гравюры 18 ст.
Магілёў. Вуліца Першамайская.
Магілёў. Агульны выгляд горада. Фота пач. 20 ст.
Праспект Міру ў Магілёве.

т. 9, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАНАЎЛЕННЕ, РАЗВІЦЦЁ І КАДЫФІКАЦЫЯ ЗАКАНАДАЎСТВА НА БЕЛАРУСІ

СТАРАЖЫТНАЕ ПРАВА.

У стараж. бел. княствах (Полацкім, Турава-Пінскім, Віцебскім, Новагародскім і інш.) дзейнічала пераважна звычаёвае права — сістэма няпісаных правіл паводзін людзей, што абапіралася на даўнасць і агульнапрынятасць ужывання. Звычаёвым правам рэгуляваліся маёмасныя і сямейныя праваадносіны, правы і абавязкі насельніцтва, сістэма органаў улады і інш., у т. л. парадак уступлення на трон князя, які на ўсеагульным вечы прысягаў верна служыць дзяржаве і дзейнічаць у адпаведнасці з мясц. звычаёвым правам. Умовы ўступлення князя на трон афармляліся граматай (калі ён займаў яго па спадчыне) або дагаворам (калі быў запрошаны на княжанне з інш. княства ці «чужой» зямлі).

Першыя пісаныя заканад. акты — Руская праўда і міжнар. дагаворы стараж. бел. княстваў з інш. дзяржавамі. Адным з першых пісаных дагавораў, які дайшоў да нашага часу, лічыцца дагавор 1229, заключаны Смаленскім, Віцебскім і Полацкім княствамі з Рыгай і Гоцкім берагам аб добрасуседскіх адносінах і свабодным гандлі па ўсёй Зах. Дзвіне і Балтыйскім узбярэжжы. Падобныя дагаворы заключаліся ў 1264, 1265, 1338 і інш. Гал. мэтай дагавораў у 13—15 ст. было ўстанаўленне і захаванне міру, рэгуляванне свабоды гандл. і дыпламат. зносін. Добрасуседскія адносіны замацоўваліся ў шэрагу дагаворных грамат з Псковам і Вял. Ноўгарадам Так, у 1471 Ноўгарад, імкнучыся захаваць сваю незалежнасць ад Масквы, заключыў дагавор з ВКЛ аб ваен. дапамозе і інш. На працягу стагоддзяў міжнар. дагаворы заключаліся з Маскоўскай дзяржавай. Асобнае месца ў дагаворным праве належыць васальным граматам, што замацоўвалі падпарадкаванне невял. княстваў больш магутным дзяржавам, якія часам не ўваходзілі ў склад дзяржавы-сюзерэна, але былі ў саюзе з ёй.

ЗАКАНАДАЎСТВА ВКЛ І РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ.

У працэсе ўтварэння ВКЛ складвалася ўласнае агульназемскае (агульнадзярж.) права, прымалася значная колькасць нарматыўных актаў — прывілеяў (грамат). У зборах дакументаў і матэрыялаў археаграфічных камісій (Віленскай, Пецярбургскай, Кіеўскай) надрукаваны розныя віды грамат: дагаворныя, даравальныя, устаўныя, ільготныя, ахоўныя, судныя, пазыўныя і інш. Граматы заканад. характару называліся звычайна «лістами» або «прывілеями». Яны ахоплівалі тэр. ўсёй краіны ці адрасаваліся прывілеяванаму саслоўю (т.зв. агульназемскія граматы); ахоплівалі асобныя землі, адм.-тэр. адзінкі і адрасаваліся ўсяму насельніцтву гэтых зямель (т.зв. абласныя граматы); выдаваліся асобным гарадам, пераважна на магдэбургскае права (т.зв. гарадскія граматы), пэўным установам (напр., цэрквам, манастырам) або асобным сац. і саслоўным групам насельніцтва (сялянам, духавенству, мяшчанам), нац. групам (татарам, яўрэям), а таксама прыватным асобам (падараванні зямельных угоддзяў ці промыслаў, наданні тытулаў, шляхецтва і інш.).

У ліку першых грамат агульнадзярж. характару былі граматы вял. князя Альгерда, выдадзеныя ў 1359, і граматы вял. князя Ягайлы, выдадзеныя ў 1387. Гарадзельская унія 1413 замацавана сумеснай граматай Ягайлы і Вітаўта. У грамаце ад 6.5.1434, выдадзенай вял. князем Жыгімонтам Кейстутавічам, пацвярджалася роўнасць правоў правасл. феадалаў з феадаламі-католікамі; усім феадалам гарантавалася права валодання маёнткамі, карыстання гербамі і інш. знакамі шляхецтва, а таксама асабістая свабода і недатыкальнасць асобы шляхціца.

Важным этапам у развіцці дзярж. заканадаўства была грамата Казіміра ад 2.5.1447, якая мела ярка акрэслены канстытуцыйны характар. У ёй вял. князь ВКЛ абяцаў ахоўваць тэр. цэласнасць дзяржавы і не даваць зямель і пасад іншаземцам. Грамата адрасавалася не толькі шляхце, але і гарадскому насельніцтву. Прынцыпы недатыкальнасці асобы і яе маёмасці, адказнасці за віну ў судовым парадку пашыраліся і на простых людзей. Адной з найб. прагрэсіўных норм канстытуцыйнага характару было дэклараванне права князям, рыцарам, шляхціцам, баярам свабодна выязджаць за межы дзяржавы, за выключэннем непрыяцельскіх зямель. Адначасова грамата заканадаўча афармляла права феадалаў судзіць сваіх залежных (падданых) людзей.

Агульназемская грамата 1492 замацоўвала асновы грамадскага і дзярж. ладу ВКЛ, суверэнітэт дзяржавы, вяршэнства Рады і інш. У гісторыка-прававой л-ры яна атрымала назву «малая феадальная канстытуцыя». Грамата замацавала асн. прынцыпы міжнар. палітыкі ВКЛ: падтрымліваць добрасуседскія адносіны з інш. дзяржавамі, прытрымлівацца заключаных пагадненняў аб міры, саюзах, канфедэрацыях, не парушаць раней заключаных дагавораў. Грамата гарантавала, што ўсе дзярж. пытанні і судовыя пастановы, вырашаныя з панамі-радай, вял. князь не мог «змяняць, выпраўляць або перапарадкоўваць»; што ўсе пасады ў дзяржаве будуць давацца са згоды Рады толькі ўраджэнцам ВКЛ; забараняла пазбаўляць службоўцаў пасад без вызначэння віны. Нормы граматы паклалі пачатак барацьбы са злоўжываннямі асоб мясц. адміністрацыі: ім забаранялася вымагаць у падначаленых і насельніцтва што-небудзь звыш вызначанага законам, браць хабары.

Важным законам, які таксама меў канстытуцыйны характар, стала грамата Жыгімонта 1 Старога, выдадзеная ў 1506. У ёй больш дэталізавана абагульняліся і паўтараліся палажэнні папярэдніх агульназемскіх грамат; пацвярджаліся ўсе правы і вольнасці, дадзеныя гарадам, цэрквам, духоўным і свецкім феадалам, мяшчанам і інш. жыхарам краіны. Князь абавязваўся не раздрабняць дзярж. землі і вяртаць незаконна адабраныя, дэкларавалася права падданых падаваць чалабітныя і скаргі.

Наступныя агульназемскія граматы (1529, 1547, 1551, 1563 і інш.) у асн. пацвярджалі і паўтаралі раней выдадзеныя прывілеі, хаця мелі і новыя прававыя нормы, у іх ліку нарматыўна-прававыя акты: устава аб маёнтках дзярж. злачынцаў (1509), грамата аб уладзе і правах гетмана ў перыяд паходу з войскам (1507), закон аб спакушэнні ва іудзейства (1540) і інш.

Першыя абласныя граматы, якія замацоўвалі аўтаномныя правы асобных зямель (найчасцей былых стараж. княстваў) у складзе дзяржавы, выдаваліся пераважна ў 14 ст. пры ўваходзе гэтых зямель у склад ВКЛ і потым пацвярджаліся наступнымі князямі. Да нашага часу дайшлі больш познія пацвярджальныя граматы (Полацкай зямлі 1511, 1547, 1580, 1634; Віцебскай зямлі 1503, 1509, 1561; Смаленскай зямлі 1505 і інш.). У іх рэгламентаваліся ўзаемаадносіны гэтых зямель з цэнтр. уладай, правы і абавязкі насельніцтва. Адначасова яны мелі сілу і значэнне мясц. законаў, бо рэгулявалі ўнутранае грамадскае жыццё. Валасныя граматы (гаспадарскія лісты, выракі, уставы) даваліся вял. князем жыхарам пэўных валасцей, як правіла, у адказ на іх скаргі адносна самавольства мясц. адміністрацыі і парушэння старадаўніх правоў. Найчасцей яны рэгламентавалі сял. павіннасці перад дзяржавай і мясц. адміністрацыяй. Гарады ў ВКЛ на падставе гарадскіх грамат набывалі самакіраванне на ўзор магдэбургскага права. Першымі атрымалі такія граматы Вільня (1387), Брэст (1390), Гродна (1391). На працягу 15—17 ст. правы на самакіраванне паводле магдэбургскага права атрымалі каля 60 гарадоў, у т. л. Слуцк, Полацк, Мінск, Браслаў, Ваўкавыск, Навагрудак, Слонім, Магілёў, Нясвіж, Пінск, Віцебск, Орша, Капыль. Граматы грунтаваліся на ўласным звычаёвым праве горада, рэгламентавалі парадак утварэння і кампетэнцыю органаў гар. кіравання — магістратаў у складзе войта (галавы горада), лент-войта (яго намесніка), радцаў, бурмістраў і лаўнікаў. Горад вызваляўся з-пад улады мясц. адміністрацыі — намеснікаў, старостаў і інш., меў пэўныя льготы і ўласны суд. Войта, як правіла, прызначала вярх. ўлада пажыццёва. Колькасць членаў гар. рады (радцаў) залежала ад памеру горада. Кожная грамата змяшчала пэўныя гандл. льготы для гараджан, рэгламентавала права горада на пэўную колькасць кірмашоў на год. Гораду давалася права на зямельную ўласнасць унутры горада і вакол яго. Гараджанам дазвалялася будаваць і атрымліваць прыбыткі з гасціных дамоў, крамніц, важніц, васкабойняў, млыноў, лазняў і інш. Першай спробай кадыфікацыі крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага заканадаўства быў прыняты на сойме 29.2.1468 Судзебнік Казіміра, у аснову якога пакладзена звычаёвае права стараж. бел. княстваў.

У пач. 16 ст. створана спец. камісія для кадыфікацыі заканадаўства. Першы звод законаў — Статут 1529, які складаўся з 13 раздзелаў і 244 артыкулаў. Галоўнае, што адрознівала яго ад падобных заканад. актаў інш. дзяржаў, гэта канстытуцыйная накіраванасць і ўласная кадыфікацыя. Першыя 3 раздзелы Статута ўключалі ў асн. нормы канстытуцыйнага характару, хаця яны меліся і ў інш. раздзелах. Раздзелы 4-ы і 5-ы змяшчалі ў асн. нормы спадчыннага і шлюбна-сямейнага права, 6-ы — судова-працэсуальнага, 7-ы — крымін., 8-ы — зямельнага, 9-ы — адм. (ляснога і паляўнічага), 10-ы — грамадз., 11—13-ы — крымін. і крымін.-працэсуальнага права. Статут замацаваў асновы грамадска-паліт. ладу дзяржавы, парадак утварэння, склад і паўнамоцтвы некаторых дзярж. і суд. органаў, прававое становішча розных катэгорый насельніцтва і інш. У ім выкладаліся шматлікія канстытуцыйныя нормы, найважнейшымі з іх былі тыя, што абмяжоўвалі ўладу вял. князя (усе справы ў дзяржаве ён павінен быў вырашаць са згоды паноў-рады і «дзеля агульнай карысці»), абавязвалі яго захоўваць тэр. цэласнасць дзяржавы, прытрымлівацца законаў і звычаяў.

Новы статут ВКЛ, які быў уведзены ў дзеянне з 1.3.1566, меў 14 раздзелаў і 367 артыкулаў. У яго былі ўключаны 3 прывілеі: Віленскія 1563, 1565 і Бельскі 1564. У ім былі нормы ўсіх галін тагачаснага права: канстытуцыйнага, грамадз. (у т. л. абавязацельнага, залогавага, зямельнага, апякунскага, спадчыннага), шлюбна-сямейнага, адм., крымін., судова-працэсуальнага і інш. Статут больш дакладна і поўна рэгламентаваў дзейнасць вышэйшых органаў дзяржавы (вял. князя і Рады), канчаткова замацаваў заканад. функцыю сойма (вызначаў яго склад і кампетэнцыю, парадак абрання павятовых дэпутатаў на сойм, дзейнасць павятовых соймікаў); рэгламентаваў дзейнасць новых падкаморскіх і земскіх судоў.

Пасля прыняцця Статута 1566 у ВКЛ працягваліся рэформы (судовая, зямельная, ваенная і інш.), удасканальваўся дзярж.-паліт. лад. У 1569 ВКЛ і каралеўства Польшча аб’ядналіся ў канфедэрацыю — Рэч Паспалітую. У сувязі з гэтым узнікла неабходнасць рэфармавання заканадаўства, утворана новая статутавая камісія з паноў-рады, павятовай шляхты, службовых асоб, юрыстаў, духавенства (па 5 ад каталіцкага і правасл.). Работу камісіі ўзначальвалі высокакваліфікаваныя правазнаўцы — канцлер ВКЛ А.​Б.​Валовіч і падканцлер Л.​І.​Сапега. Трэці Статут ВКЛ 1588 у параўнанні з папярэднімі меў не толькі большы аб’ём (488 артыкулаў, размешчаных у 14 раздзелах), але і больш дасканалую сістэму размяшчэння прававога матэрыялу. Па сутнасці, Статут з’яўляўся канстытуцыяй дзяржавы, бо яго першыя 3 раздзелы ў асн. былі прысвечаны нормам канстытуцыйнага права. У першую чаргу ён замацоўваў такія важныя канстытуцыйныя прынцыпы, як суверэнітэт дзяржавы і народа, роўнасць усіх свабодных людзей перад законам, іх правы на ўласнасць, на ахову жыцця, гонару, маёмасці, на суд. абарону і інш. Абвяшчалася права свабоднага выезду шляхты за межы дзяржавы, недатыкальнасць асобы, права прадстаўніцтва ў органах дзярж. улады і кіравання. Статут замацаваў прынцып падзелу ўлады: заканадаўчая ўлада належала сойму, выканаўчая — вял. князю і панам-радзе, судовая — новым, створаным у выніку судовай рэформы судовым органам. Аб юрыдычнай дзейнасці Статута 1588 сведчыць тое, што ён дзейнічаў амаль да сярэдзіны 19 ст.

На соймах Рэчы Паспалітай у 16—18 ст. прымаліся шматлікія нарматыўныя акты. Адны з іх тычыліся ўсёй дзяржавы, іншыя толькі Польшчы ці ВКЛ. Пры абранні на каралеўскі трон у 1573 Генрыка Валезы (Валуа) былі распрацаваны Генрыкавы артыкулы як асн. канстытуцыйны акт Рэчы Паспалітай. Але яны ўпершыню падпісаны 30.5.1576 пры каранацыі Стафана Баторыя, а потым падпісваліся ўсімі выбарнымі манархамі. У іх абвяшчалася: свабоднае абранне караля, свабода хрысц. веравызнання, абавязак склікаць агульны (вальны) сойм раз у 2 гады не больш чым на 6 тыдняў. Кароль не валодаў ні заканад., ні выканаўчай, ні суд. уладай; пры каралю меўся пастаянны савет з 16 сенатараў-рэзідэнтаў. Без згоды сойма забаранялася ўстанаўліваць новыя падаткі і пошліны. Прадугледжвалася, што калі кароль будзе дзейнічаць насуперак праву і сваім абавязкам, то шляхта можа адмовіцца ад падпарадкавання і выступіць супраць манарха. У 1768 сойм Рэчы Паспалітай прыняў Кардынальныя правы, паводле якіх захоўвалася выбарнасць караля, канфедэратыўны характар дзяржавы і феадальны лад. У студз. 1791 былі прыняты новыя Кардынальныя правы, у якіх выкладзены асн. прынцыпы канстытуцыйнага ладу дзяржавы. Рэч Паспалітая абвяшчалася дзяржавай, у якой вяршэнства належыць закону, прынятаму соймам, рэгламентаваліся свабода слова і друку, свабода рэліг. культаў, вечная унія ВКЛ і Польшчы і інш.

Канстытуцыя Рэчы Паспалітай, выдадзеная 3.5.1791, упершыню абвяшчала, што ўлада ў дзяржаве зыходзіць ад народа; кароль займае сваю пасаду як з Божай ласкі, так і па волі народа. Народ сам забяспечвае абарону дзяржавы і захаванне суверэнітэту, а ўсе грамадзяне з’яўляюцца абаронцамі цэласнасці дзяржавы і нар. свабод. Канстытуцыя 1791 прадугледжвала ператварэнне Рэчы Паспалітай з канфедэрацыі ў федэратыўную дзяржаву. Упершыню ўтвараўся адзіны ўрад усёй Рэчы Паспалітай — Стража правоў (законаў). Ён складаўся з караля (старшыні ўрада), прымаса (галавы каталіцкай царквы і адначасова старшыні адукац. і навук. камісіі) і 5 міністраў, якіх прызначаў кароль з вышэйшых службовых асоб Польшчы і ВКЛ. Абвяшчаўся падзел улады на заканад., выканаўчую і судовую. Сойм станавіўся пастаянна дзеючым заканад. органам, адмянялася ліберум вета і інш.

ЗАКАНАДАЎСТВА Ў ПЕРЫЯД РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ.

Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі працягваў дзейнічаць Статут 1588. Адначасова ў дзеянне ўводзіліся заканад. акты Рас. імперыі: «Даравальная грамата дваранству» (1785), «Даравальная грамата гарадам» (1785, у сувязі са скасаваннем магдэбургскага права на Беларусі), «Статут добрапрыстойнасці» (1782), «Установа для кіравання губерняў» (1775), «Настаўленне губернатарам» (1764) і інш. Прымаліся і спец. заканад. акты адносна кіравання губернямі, змен у адм.-тэр. падзеле і інш. Указам ад 23.6.1794 была ўведзена «мяжа аселасці» для яўрэяў, якая ўключала бел. і частку ўкр. губерняў. У 1826 у сувязі з работай кадыфікацыйнай камісіі М.​Спяранскага па падрыхтоўцы Збору законаў Рас. імперыі пачалася праца па падрыхтоўцы Збору мясц. законаў зах. губерняў пад кіраўніцтвам бел. вучонага-юрыста І.​Даніловіча, якая ў асн. завершана ў 1834 (дапрацоўка некаторых раздзелаў вялася да 1837). Аднак падрыхтаваны праект не быў уведзены ў дзеянне. У 1840 канчаткова адменена дзеянне Статута 1588 і інш. законаў часоў ВКЛ.

На Беларусі пачало дзейнічаць агульнарас. заканадаўства. У 1845 зацверджана, а з 1846 уведзена ў дзеянне «Улажэнне аб пакараннях крымінальных і папраўчых», паводле якога памешчыкі захоўвалі права суда над сялянамі, а суды мелі права ўжываць самыя жорсткія пакаранні (сялян і мяшчан маглі караць катаржнымі работамі, біццём розгамі, пугамі, палкамі). 19.2.1861 прыняты маніфест аб вызваленні сялян ад прыгонніцтва, агульныя і мясц. палажэнні, а таксама інш. заканад. акты адносна правядзення сял. рэформы (выдадзена 17 актаў). 27.11.1864 прыняты 4 Судовыя ўставы аб суд. рэформе, 16.6.1870 — Гарадавое палажэнне аб гар. рэформе і інш. Але на Беларусі ўсе гэтыя нарматыўна-прававыя акты ўводзіліся ў дзеянне, як правіла, пазней, з пэўнымі агаворкамі і выключэннямі. Гарадавое палажэнне ўведзена ў 1875. Пачатак земскай рэформы 1864 на Беларусі пакладзены Палажэннем ад 2.4.1903, пазней указам ад 14.3.1911 у трох усходніх бел. губернях (Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай) уведзена Палажэнне аб земствах з некаторымі папраўкамі і зменамі. Важнымі заканад. актамі сталі царскі Маніфест ад 6.8.1905 аб утварэнні Дзярж. думы, Маніфест ад 17.10.1905 «Аб удасканаленні дзяржаўнага парадку» і інш. заканад. акты, прынятыя ў час 1-й рус. рэвалюцыі. Паводле палажэння аб выбарах у Дзярж. думу бел. губерні атрымалі права выбіраць дэпутатаў (Віленская, Гродзенская і Магілёўская — па 7 дэпутатаў, Віцебская — 6, Мінская — 9). На падставе ўказа ад 9.11.1906, законаў ад 14.7.1910 і 29.6.1911 у Рас. імперыі пачалася т.зв. сталыпінская рэформа, накіраваная на развіццё фермерскіх сял. гаспадарак. У час 1-й сусв. вайны быў прыняты шэраг рас. надзвычайных законаў. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 пачалі дзейнічаць пастановы Часовага рас. ўрада. Паступова адбываўся працэс ліквідацыі рас. дзярж.-прававой сістэмы і адраджэння бел. дзяржаўнасці, нац. права і заканадаўства.

ЗАКАНАДАЎСТВА Ў БССР.

Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі 1.1.1919 апублікаваў Маніфест аб абвяшчэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. У ім гаварылася, што ўся ўлада ў Беларусі належыць Саветам рабочых, сял., батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў; усе землі памешчыкаў і манастыроў, усе лясы, нетры зямлі, чыгункі, фабрыкі, заводы, банкі, шляхі зносін, паштовыя, тэлегр. і тэлеф. сеткі абвяшчаліся ўласнасцю рабочых і бяднейшых сялян Беларусі; устанаўліваўся 8-гадзінны рабочы дзень; прац. ўсіх нацыянальнасцей прызнаваліся раўнапраўнымі. I Усебел. з’езд Саветаў 3.2.1919 зацвердзіў першую Канстытуцыю БССР. Вышэйшым органам дзярж. улады БССР абвяшчаўся Усебел. з’езд Саветаў. У перыяд паміж яго з’ездамі ўся паўната ўлады належала ЦВК БССР. Заканад. паўнамоцтвы меў таксама Прэзідыум ЦВК і Вял. Прэзідыум ЦВК (урад БССР). У лют. 1919 Прэзідыум ЦВК зацвердзіў Палажэнне аб выбарах у валасныя і сельскія Саветы.

Пасля стварэння 27.2.1919 Літоўска-Беларускай ССР (Літбел) на тэр. адзінай рэспублікі захоўвалі сілу дэкрэты і пастановы БССР і Літ. ССР. Заканад. акты РСФСР пашыраліся на тэр. Літбела спец. пастановамі ўрада. 31.7.1920 на пасяджэнні Мінскага губ. ВРК і ЦК КП(б) Літвы і Беларусі з удзелам прадстаўнікоў прафсаюзаў і інш. грамадскіх арг-цый прынята «Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі», якая аб’явіла аднаўленне БССР на асновах, устаноўленых Маніфестам 1919. Аснову федэратыўных узаемаадносін Сав. Беларусі з РСФСР складалі прынцыпы раўнапраўя, добраахвотнасці, захавання дзярж. і нац. суверэнітэту абедзвюх рэспублік. Да склікання Усебел. з’езда Саветаў вышэйшую ўладу ў рэспубліцы выконваў Ваенна-рэв. камітэт БССР. II Усебел. з’езд Саветаў (13—17.12.1920) прыняў дадаткі да Канстытуцыі БССР 1919, паводле якіх утвараўся Савет Народных Камісараў (СНК) рэспублікі як вышэйшы орган дзярж. кіравання; прыняў пастанову аб надзяленні зямлёй батракоў, беззямельных і малазямельных сялян.

Працоўныя адносіны ў БССР рэгуляваліся Кодэксам законаў аб працы РСФСР 1918, які ўстанавіў 8-гадзінны рабочы дзень для дарослых і 6-гадзінны для падлеткаў і асоб, занятых на работах са шкоднымі ўмовамі працы, забараніў звышурочныя работы, вызначыў абавязковую прац. павіннасць для ўсіх працаздольных грамадзян ва ўзросце ад 16 да 50 гадоў. Сямейныя адносіны рэгуляваліся Кодэксам законаў аб актах грамадз. стану, сямейным і апякунскім праве РСФСР 1918. У барацьбе са злачыннасцю судова-следчыя органы БССР карысталіся кіруючымі асновамі па крымін. праве РСФСР 1919. Заканад. органы БССР выдавалі і свае заканад. акты з улікам мясц. умоў. У першыя гады сав. улады на тэр. БССР дзейнічалі Грамадз. і Крымін. кодэксы РСФСР, Кодэкс законаў аб працы РСФСР, Крымін.-працэсуальны кодэкс РСФСР (усе 1922). 15.4.1923 ЦВК БССР увёў у дзеянне новы Крымін.-працэсуальны кодэкс БССР. Асаблівасці землекарыстання на Беларусі выклікалі неабходнасць распрацаваць Зямельны кодэкс БССР, які 29.3.1923 зацверджаны ЦВК БССР і з 15.4.1923 уведзены ў дзеянне. На тэр. Віцебскай і Гомельскай губ. дзейнічаў Зямельны кодэкс РСФСР 1922. Пасля вяртання гэтых тэр. БССР у 1924 паўстала неабходнасць распрацаваць адзіны Зямельны кодэкс. Прэзідыум ЦВК БССР 21.2.1925 зацвердзіў новы Зямельны кодэкс БССР і ўвёў яго ў дзеянне з 1.4.1925.

У сувязі з зацвярджэннем 31.1.1924 Канстытуцыі СССР Надзвычайны VI Усебел. з’езд Саветаў (13—16.3.1924) даручыў ЦВК БССР падрыхтаваць праект новай Канстытуцыі БССР, які ў лют. 1925 разгледжаны і ўхвалены на 4-й сесіі ЦВК БССР. 11.4.1927 8-ы Усебел. з’езд Саветаў зацвердзіў новую Канстытуцыю БССР. Яна вызначала, што Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка — сацыяліст. дзяржава дыктатуры пралетарыяту, якая ажыццяўляе свае задачы на аснове саюзу рабочых і сялян. Асн. сродкі вытворчасці — зямля, лясы, нетры, воды, фабрыкі і заводы, чыгуначны, водны і паветраны транспарт, сродкі сувязі — абвяшчаліся ўласнасцю дзяржавы. Замацоўваліся суверэнныя правы рэспублікі: самаст. прымаць канстытуцыю і ўносіць у яе змены, вырашаць пытанні аб змене граніц БССР, ствараць вышэйшыя органы дзярж. улады і кіравання, прымаць у грамадзянства БССР. Канстытуцыя вызначала выключную кампетэнцыю ўсебел. з’ездаў Саветаў, парадак утварэння, дзейнасць і паўнамоцтвы ЦВК БССР, яго Прэзідыума і СНК рэспублікі, сістэму мясц. органаў улады і кіравання, выбарчую сістэму; асн. правы і свабоды грамадзян. У студз. 1930 СНК БССР прыняў пастанову аб пераводзе на гасп. разлік усіх дзярж. прамысл. прадпрыемстваў. Узмацніліся заканад. меры па абмежаванні, а потым і выцясненні прыватнага капіталу з нар. гаспадаркі. У Грамадз. кодэкс унесены змены, якія расшырылі маёмасныя правы грамадзян. Нормы Грамадз. працэсуальнага кодэкса прыводзіліся ў адпаведнасць з законамі Саюза ССР. 27.7.1929 ЦВК і СНК БССР прынялі новы Кодэкс аб працы БССР, які пашыраў паўнамоцтвы прафсаюзаў у галіне кантролю за захаваннем працоўнага заканадаўства. 27.1.1927 ЦВК БССР зацвердзіў Кодэкс законаў аб шлюбе, сям’і і апецы БССР і ўвёў яго ў дзеянне з 1.3.1927. У галіне зямельнага заканадаўства, адпаведна з агульнасаюзнымі законамі, устанаўліваліся льготы калгасам і саўгасам у правядзенні землеўпарадкавання, абмяжоўвалася здача зямлі ў арэнду, прадугледжвалася дапамога бядняцкім і серадняцкім гаспадаркам. У перыяд масавай калектывізацыі землекарыстанне рэгулявалася Прыкладным статутам с.-г. арцелі, зацверджаным СНК СССР і Прэзідыумам ЦВК СССР 1.3.1930. У студз. 1927 ЦВК БССР зацвердзіў Водна-меліярацыйны кодэкс БССР (уведзены ў дзеянне з 8.3.1928). Крымін. заканадаўства прыведзена ў адпаведнасць з агульнасаюзнымі актамі. 23.9.1928 ЦВК БССР зацвердзіў Крымін. кодэкс БССР (уведзены ў дзеянне з 15.11.1928). З прыняццем у 1924 Асноў крымін. судаводства Саюза ССР і саюзных рэспублік і Палажэння аб судовым ладзе БССР (пастанова ЦВК і СНК БССР ад 10.11.1027) у Крымін.-працэсуальны кодэкс (КПК) 1923 унесены значныя змены, якія павышалі ролю пракурора ў крымін. працэсе, дапускалі ўдзел грамадскіх абвінаваўцаў і абаронцаў. 2.7.1926 ІДВК БССР зацвердзіў Папраўча-працоўны кодэкс БССР (уведзены ў дзеянне з 15.11.1926). У прац. заканадаўстве ўдасканальваліся палажэнні, якія рэгулявалі нарміраванне працы і заработнай платы, у 1933 канкрэтызавана палажэнне аб перадачы прафсаюзам функцый аховы працы і сац. страхавання. Крымін. заканадаўства ўзмацняла адказнасць за выпуск няякаснай прадукцыі, злоснае хуліганства, парушэнне правоў маці і дзіцяці, за ўцягванне непаўналетніх у злачынную дзейнасць і інш. Устанаўлівалася крымін. адказнасць за здраду Радзіме (шпіянаж, выдача ваен. ці дзярж. тайны, пераход на бок ворага, уцёкі за мяжу і інш.). У 1933—35 унесены змены ў крымін.-працэсуальнае заканадаўства.

19.2.1937 Надзвычайны Усебел. з’езд Саветаў зацвердзіў новую Канстытуцыю БССР. У ёй прыняцце рэсп. законаў аднесена выключна да кампетэнцыі Вярх. Савета БССР — вышэйшага органа дзярж. улады ў рэспубліцы. Да кампетэнцыі Саюза ССР аднесены ўстанаўленне асноў заканадаўства ў галіне асветы, аховы здароўя, працы, прыняцце законаў аб судовым ладзе, крымін. і грамадзянскага кодэксаў. Да ведання рэспублікі аднесена ўстанаўленне парадку землекарыстання і заканадаўства аб працы.

Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР СНК БССР прыняў пастановы аб нацыяналізацыі ў Зах. Беларусі фабрык, заводаў, гандл. прадпрыемстваў і інш. З прыняццем закона аб судовым ладзе СССР 1938 унесены змены ў ГПК БССР, у прыватнасці, устанаўлівалася, што ўсе грамадз. справы павінны разглядацца ў нар. судах з удзелам нар. засядацеляў. Зямельнае заканадаўства прадугледжвала меры па ахове калгасных зямель ад разбазарвання, удасканальванні правіл буд-ва, эксплуатацыі і аховы водна-меліярацыйных сістэм і збудаванняў. Унесены змены ў прац. заканадаўстве: уведзены прац. кніжкі; вызначаны новы рэжым рабочага часу; забаронена скасоўваць прац. адносіны па жаданні работнікаў і інш. Расшырана сфера крымін. адказнасці і ўзмоцнена пакаранне за шэраг злачынстваў.

У 1944—46 СНК БССР прыняў шэраг пастаноў па пытаннях росшуку і размеркавання грамадскай маёмасці, аднаўлення і развіцця ўсіх форм кааперацыі, арганізацыі дагаворных гасп. сувязей, абавязковых паставак с.-г. прадукцыі. Зямельнае і калгаснае заканадаўства забяспечвала аднаўленне парушаных у час акупацыі зямельных адносін, рацыянальнае выкарыстанне зямлі, матэрыяльную дапамогу калгаснай вытворчасці, строгі рэжым вядзення фін. гаспадаркі ў калгасах і арганізацыю калгаснага гандлю. Прац. заканадаўства ваенных гадоў дазваляла кіраўнікам прадпрыемстваў устанаўліваць звышурочныя работы ад 1 да 3 гадзін у дзень, прадугледжвала часовую мабілізацыю незанятага працаздольнага гар. насельніцтва для работы на вытв-сці і буд-ве, уводзіла ваен. становішча на транспарце. Адпаведныя нарматыўныя акты Саюза ССР цалкам пашыраліся і на тэр. БССР па меры яе вызвалення. Унесены змены ў сямейнае заканадаўства: ураўноўваліся ў правах усыноўленыя з дзецьмі ўсынавіцеля, павялічана дзярж. дапамога цяжарным жанчынам, мнагадзетным і адзінокім маці, узмоцнена ахова мацярынства і дзяцінства. Юрыд. значэнне прызнавалася толькі за зарэгістраваным шлюбам, уведзены судовы парадак яго скасавання. Грамадз. заканадаўства прадугледжвала расшырэнне і ўдасканаленне дагаворных сувязей паміж гасп. арг-цыямі, развіццё мясц. прамысловасці, умацаванне планавых асноў у капітальным буд-ве. У 1950 прыняты нарматыўныя акты па аб’яднанні невялікіх калгасаў, зменены прававыя інстытуты, што датычылі забеспячэння нар. гаспадаркі кадрамі, умацавання прац. дысцыпліны, узмацнення аховы працы. З 1947 адноўлена практыка заключэння калектыўных дагавораў паміж адміністрацыяй і ФЗМК прафсаюзаў. У сямейным заканадаўстве ўдасканальваліся нормы, якія рэгулявалі парадак узяцця і скасавання шлюбу, спагнання аліментаў на ўтрыманне дзяцей, аховы мацярынства і дзяцінства. У крымін. заканадаўстве развіваліся 2 узаемазвязаныя тэндэнцыі: узмацненне адказнасці за найб. цяжкія злачынствы і звужэнне сферы крымін. пакарання за дзеянні, якія страцілі грамадскую небяспеку.

З 1950-х г. больш інтэнсіўна абнаўлялася і кадыфікавалася заканадаўства Беларусі. Пачаткам гэтага працэсу паслужыў закон Вярх. Савета СССР ад 11.2.1957 «Аб аднясенні да ведання саюзных рэспублік прыняцця грамадзянскага, крымінальнага і працэсуальнага кодэксаў». Былі распрацаваны і прыняты Закон «Аб судовым ладзе Беларускай ССР» (ліст. 1959), Крымін. і Крымін.-працэсуальны кодэксы БССР (снеж. 1960). Вярх. Савет БССР у чэрв. 1964 прыняў Грамадз. і Грамадз. працэсуальны кодэксы БССР, зацвердзіў Зямельны (снеж. 1970) і Водны (снеж. 1972) кодэксы Беларускай ССР, Кодэкс аб шлюбе і сям’і БССР (чэрв. 1969) і Папраўча-працоўны кодэкс БССР (ліп. 1971), прыняты законы: аб ахове прыроды (1961); аб сельскім, пасялковым Савеце дэпутатаў працоўных (1968); аб ахове помнікаў культуры (1969); аб ахове здароўя (1970); аб раённым Савеце дэпутатаў працоўных і аб гарадскім, раённым у горадзе Савеце дэпутатаў працоўных (1971); аб дзярж. натарыяце (1974), аб нар. адукацыі (1974). З мэтай далейшага ўдасканалення і сістэматызацыі дзеючага заканадаўства ЦК КПБ, Прэзідыум Вярх. Савета БССР і Савет Міністраў БССР прынялі 1.11.1976 пастанову «Аб падрыхтоўцы і выданні Збору законаў Беларускай ССР». Пазачарговая сесія Вярх. Савета БССР 14.4.1978 прыняла новую Канстытуцыю БССР, якая цалкам адпавядала агульнасаюзнай Канстытуцыі 1977.

Да асн. рэсп. заканад. актаў 1980-х г. адносяцца Законы «Аб выбарах раённых (гарадскіх) народных судоў Беларускай ССР» (1981), «Аб парадку адклікання народных суддзяў і народных засядацеляў раённых (гарадскіх) народных судоў Беларускай ССР» (1981), «Аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету» (1981), «Аб ахове атмасфернага паветра» (1981), «Аб народным абмеркаванні важных пытанняў дзяржаўнага жыцця Беларускай ССР» (1988), «Аб выбарах дэпутатаў Вярхоўнага Савета Беларускай ССР» (1988), «Аб выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў Беларускай ССР» (1989). У 1983 прыняты Жыллёвы кодэкс БССР, у 1984 — Кодэкс Беларускай ССР аб адміністрацыйных правапарушэннях.

ЗАКАНАДАЎСТВА Ў РЭСПУБЛІЦЫ БЕЛАРУСЬ.

27.7.1990 Вярх. Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР. У ёй падкрэслівалася, што дзярж. суверэнітэт абвяшчаецца ў імя найвышэйшай мэты — свабоднага развіцця і дабрабыту кожнага грамадзяніна краіны. 27.2. 1991 Вярх. Саветам Рэспублікі Беларусь прыняты закон «Аб асноўных прынцыпах народаўладдзя ў Беларускай ССР», у якім абвяшчалася, што народ — носьбіт суверэнітэту і адзіная крыніца дзярж. улады ў краіне. 19.9.1991 Вярх. Савет прыняў закон аб перайменаванні Беларускай ССР у Рэспубліку Беларусь (скарочана — Беларусь).

Пасля абвяшчэння незалежнасці ў краіне актывізаваўся працэс заканатворчасці, накіраваны на ажыўленне гасп. дзейнасці, рэфармавання дзярж. апарату. Прыняты законы: «Аб банках і банкаўскай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» (14.12.1990), «Аб арэндзе» (12.12.1990), «Аб прадпрыемствах» (14.12.1990), «Аб сялянскай (фермерскай) гаспадарцы» (18.2.1991), «Аб прадпрымальніцтве ў Рэспубліцы Беларусь» (28.5.1991), «Аб прыярытэтным сацыяльна-культурным і эканамічным развіцці сяла і аграпрамысловага комплексу» (29.5.1991), «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь» (30.5.1991), «Аб прыватызацыі жыллёвага фонду ў Рэспубліцы Беларусь» (16.4.1992), «Аб каштоўных паперах і фондавых біржах» (12.3.1992), «Аб таварных біржах» (13.3.1992), «Аб акцыянерных таварыствах, таварыствах з абмежаванай адказнасцю і таварыствах з дадатковай адказнасцю» (9.12.1992), «Аб раздзяржаўленні і прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь» (19.1.1993). Гэтымі законамі поруч з дзярж. прызнавалася і прыватная ўласнасць, дазвалялася прадпрымальніцкая дзейнасць, але не дапускалася неабмежаваная прыватызацыя вытворчых фондаў. Са снеж. 1991 пачалі фарміравацца асновы новай падатковай палітыкі краіны, замацаваныя ў законах «Аб падатках на дадатковую вартасць», «Аб падаходным падатку з фізічных асоб», «Аб падатках на даходы і прыбытак», «Аб падатку за карыстанне прыроднымі рэсурсамі (экалагічны падатак)», «Аб падатку на нерухомасць». У 1992 прыняты закон «Аб дзяржаўнай пошліне».

Новае сац.-культурнае заканадаўства адлюстравана ў законах: «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, што пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» (22.2.1991), «Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь» (4.6.1991), «Аб адукацыі» (29.10.1991), «Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь» (11.11.1991), «Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей» (30.10.1992), «Аб ветэранах», (17.4.1992), «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» (13.11.1992), «Аб ахове навакольнага асяроддзя» (26.11.1992), «Аб нацыянальных меншасцях у Рэспубліцы Беларусь» (11.11.1992), «Аб ахове здароўя» (18.6.1993), «Аб фізічнай культуры і спорце» (18.6.1993). Дэмакратызацыя паліт. жыцця ў краіне ажыццяўлялася праз законы «Аб статусе дэпутата Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь» (13.2.1991), «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» (20.2.1991), «Аб міліцыі» (26.2.1991), «Аб рэферэндуме (народным галасаванні) у Рэспубліцы Беларусь» (13.6.1991), «Аб прафесійных саюзах» (22.4.1992), «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» (17.12.1992), «Аб адвакатуры» (15.6.1993). Рэарганізацыя дзярж. апарата пачата законам «Аб некаторых змяненнях у сістэме органаў дзяржаўнага кіравання Рэспублікі Беларусь» (25.8.1991). У сак. 1992 пачало дзейнічаць Мін-ва абароны краіны. У маі 1992 Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову «Аб перападпарадкаванні фарміраванняў Узброеных Сіл, якія дыслацыруюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрству абароны». У ліст. 1992 Вярх. Савет прыняў законы: «Аб абароне», «Аб Узброеных сілах Рэспублікі Беларусь», «Аб пагранічных войсках Рэспублікі Беларусь», «Аб воінскім абавязку і воінскай службе», «Аб статусе ваеннаслужачых», якія склалі прававую базу фарміравання і функцыянавання Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. У кастр. 1991 Камітэт дзярж. бяспекі падначалены Вярх. Савету. 13.3.1992 Вярх. Савет прыняў закон «Аб Кантрольнай палаце Рэспублікі Беларусь», якім істотна ўзмоцнена кантрольная функцыя парламента краіны. Законам «Аб Пракуратуры Рэспублікі Беларусь» (29.1.1993) пашыраліся магчымасці пракурорскага нагляду. 23.4.1992 Вярх. Савет прыняў пастанову «Аб канцэпцыі судова-прававой рэформы», у якой прадугледжвалася істотная перабудова сістэмы праваахоўных органаў. Неўзабаве пасля абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь пачалася праца над праектам новай Канстытуцыі. Быў вывучаны вопыт канстытуцыйнага будаўніцтва большасці сучасных дэмакр. дзяржаў. 15.3.1994 Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь прынята Вярх. Саветам. Беларусь абвяшчалася унітарнай дэмакр. сац. прававой дзяржавай. Замацоўваліся правы і свабоды асобы, прадугледжаныя ў міжнар. пактах аб правах асобы. Упершыню Беларусь стала прэзідэнцкай рэспублікай з выразна акрэсленым раздзяленнем улад — заканадаўчай, выканаўчай і судовай. Адначасова вылучаліся кантрольна-наглядныя органы дзяржавы — Канстытуцыйны суд, Кантрольная палата і Пракуратура. Вышэйшым прадстаўнічым і заканад. органам дзярж. улады абвяшчаўся Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь. У яго кампетэнцыю ўваходзіла прыняцце і змяненне Канстытуцыі, прыняцце законаў і пастаноў, ажыццяўленне кантролю за іх выкананнем, тлумачэнне Канстытуцыі і законаў.

Істотныя змены і дапаўненні ў Канстытуцыю 1994 унесены ў выніку правядзення рэсп. рэферэндуму 24.11.1996. Абноўлены тэкст Канстытуцыі набыў сілу 27.11.1996. Канстытуцыя адлюстроўвае новы сац.-эканам. і паліт. этап развіцця грамадства і дзяржавы: замацаванне поўнага дзярж. суверэнітэту, далейшае адраджэнне бел. нацыі і культуры, прызнанне роўнай абароны і роўных магчымасцей усіх форм уласнасці. Вызначаны новы прававы статус грамадзян, прызнаны натуральныя правы чалавека, пашырана кола правоў і свабод, замацаваны іх гарантыі і формы абароны. У 1994—96 Вярх. Саветам Рэспублікі Беларусь прыняты шэраг законаў з улікам палажэнняў Канстытуцыі 1994: «Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь», «Аб грамадскіх аб’яднаннях», «Аб палітычных партыях», «Аб дзяржаўных сакрэтах», «Аб Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь», «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь», «Аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь», «Аб бежанцах», «Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь», «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі», «Аб зваротах грамадзян», «Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь», «Аб навуковай дзейнасці», «Аб дзяржаўнай падтрымцы малога прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь» і інш. Прыняццем гэтых законаў завяршыўся першы этап станаўлення заканадаўства незалежнай Беларусі. Другі этап пачаўся пасля прыняцця на рэсп. рэферэндуме 1996 новай рэдакцыі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Найб. значнай з’явай гэтага этапа развіцця бел. заканадаўства з’явілася яго кадыфікацыя. На працягу 1997—2000 Нац. сход Рэспублікі Беларусь прыняў 18 кодэксаў, у т. л. Мытны кодэкс, Грамадз. кодэкс, Грамадз. працэсуальны кодэкс, Крымін. кодэкс, Крымін.-працэсуальны кодэкс, Прац. кодэкс, Кодэкс аб шлюбе і сям’і, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі, Паветраны кодэкс, Жыллёвы кодэкс, Крымін.-выканаўчы кодэкс, Банкаўскі кодэкс, Выбарчы кодэкс і інш. Законы, дэкрэты і ўказы Прэзідэнта, пастановы Урада Рэспублікі Беларусь у 1997—2003 накіраваны на развіццё нар. гаспадаркі ў рэчышчы рыначнай эканомікі, сац. абароны насельніцтва краіны, трывалага правапарадку, эфектыўнай дзейнасці дзярж. апарату: «Аб спрошчанай сістэме падаткаабкладання для суб’ектаў малога прадпрымальніцтва», «Аб экспартным кантролі», «Аб сумесным домаўладанні», «Аб дзяржаўным прагназіраванні і праграмах сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь», «Аб знешняй працоўнай міграцыі», «Аб энергазберажэнні», «Аб свабодных эканамічных зонах», «Аб дзяржаўным рэгуляванні знешнегандлёвай дзейнасці», «Аб чыгуначным транспарце», «Аб цэнаўтварэнні», «Аб фінансава-прамысловых групах», «Аб мерах па абароне эканамічных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь пры ажыццяўленні знешняга гандлю», «Аб эканамічнай неплацежаздольнасці і банкруцтве», «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках», «Аб магістральным трубаправодным транспарце», «Аб спажывецкай кааперацыі (спажывецкіх таварыствах, іх саюзах) у Рэспубліцы Беларусь», «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй», «Аб асабістых падсобных гаспадарках грамадзян», «Аб натуральных манаполіях», «Аб дэклараванні фізічнымі асобамі даходаў, маёмасці і крыніц грашовых сродкаў», «Аб газазабеспячэнні», «Аб гандлёва-прамысловай палаце», «Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі» і інш. Сац. абарона насельніцтва і забеспячэнне грамадскага парадку рэгуляваліся законамі «Аб трансплантацыі органаў і тканак чалавека», «Аб мерах барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй», «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» (усе 1997), «Аб радыяцыйнай бяспецы насельніцтва», «Аб абароне насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару», «Аб дзяржаўнай ахове», «Аб іміграцыі» (усе 1998), «Аб пражытачным мінімуме ў Рэспубліцы Беларусь», «Аб псіхіятрычнай дапамозе і гарантыях правоў грамадзян пры яе аказанні», «Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь», «Аб дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартах», «Аб турызме», «Аб творчых саюзах і творчых работніках» (усе 1999), «Аб прамысловай бяспецы небяспечных вытворчых аб’ектаў», «Аб сацыяльным абслугоўванні», «Аб мерах па прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам» (усе 2000), «Аб перавозцы небяспечных грузаў», «Аб пахаванні і пахавальнай справе», «Аб ахове азонавага слоя», «Аб зброі» (усе 2001), «Аб барацьбе з тэрарызмам», «Аб дэмаграфічнай бяспецы Рэспублікі Беларусь», «Аб абароне правоў спажыўцоў», «Аб наркалагічных сродках, псіхатропных рэчывах і іх прэкурсорах», «Аб надзвычайным становішчы», «Аб устанаўленні і парадку павышэння памеру мінімальнай заработнай платы», «Аб дарожным руху» (усе 2002), «Аб ваенным становішчы», «Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэннях непаўналетніх», «Аб прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі», «Аб якасці і бяспечнасці харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў для жыцця і здароўя чалавека» (усе 2003). Гуманізм дзярж. палітыкі ў адносінах да грамадзян, якія здзейснілі крымінальныя правапарушэнні, адлюстраваны ў законах аб амністыях 2000 і 2002.

Заканадаўча вызначаны прававы статус адпаведных дзярж. органаў, у т. л. адказнасць за належнае выкананне дадзеных ім правоў і ўскладзеных на іх абавязкаў: законы «Аб дзяржаўнай статыстыцы», «Аб органах дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» (абодва 1997), «Аб Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь», «Аб Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў», «Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь», «Аб гаспадарчых судах Рэспублікі Беларусь», «Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле і парадку вырашэння пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання Рэспублікі Беларусь», «Аб Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» (усе 1998), «Аб дзяржаўнай абароне суддзяў, службовых асоб праваахоўных і кантралюючых органаў» (1999), «Аб Камітэце дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь» (2000), «Аб органах фінансавых расследаванняў Рэспублікі Беларусь», «Аб аварыйна-выратавальных службах і статусе выратавальніка» (абодва 2001), «Аб органах і падраздзяленнях па надзвычайных становішчах Рэспублікі Беларусь» (2002), «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах», «Аб мабілізацыйнай падрыхтоўцы і мабілізацыі» (абодва 2000), «Аб статусе сталіцы Рэспублікі Беларусь — горада Мінск», «Аб зацвярджэнні ваеннай дактрыны Рэспублікі Беларусь» (абодва 2002) і інш.

У заканадаўстве гэтага перыяду прыярытэтнае значэнне мелі нормы міжнар. права. З 1997 Нац. сход Рэспублікі Беларусь ратыфікаваў шэраг міжнар. дагавораў і пагадненняў аб далучэнні да іх, у т. л. «Аб далучэнні Рэспублікі Беларусь да Венскай канвенцыі аб праве дагавораў паміж дзяржавамі або паміж міжнароднымі арганізацыямі» (9.11.1990), «Аб ратыфікацыі Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы» (24.12.1999), «Аб далучэнні Рэспублікі Беларусь да Канвенцыі аб статусе бежанцаў і Пратакола, які датычыцца статуса бежанцаў» (4.5.2001), «Аб далучэнні Рэспублікі Беларусь да Факультатыўнага пратакола да Канвенцыі аб правах дзіцяці, які датычыцца гандлю дзецьмі, дзіцячай прастытуцыі і дзіцячай парнаграфіі» (3.12.2001), «Аб правапераемнасці Рэспублікі Беларусь у адносінах некаторых міжнародных дагавораў аб прававой дапамозе» (1.11.2002) і інш.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь выдаў шэраг указаў, якія прадугледжвалі істотнае ўдасканальванне законапраектнай дзейнасці. Так, указам ад 28.7.1997 «Аб стварэнні Нацыянальнага цэнтра законапраектнай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь» прадугледжвалася стварэнне спец. дзярж. органа, асн. задача якога — фарміраванне адзінай законапраектнай дзейнасці. Указам ад 4.3.1998 «Аб некаторых пытаннях законапраектнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» вызначаны патрабаванні да парадку распрацоўкі законапраектаў, да іх узгаднення і працэдуры ўнясення ў парламент. Указам ад 23.6.1998 зацверджана Палажэнне аб парадку разгляду Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь праектаў прававых актаў. У адпаведнасці з Указам ад 20.7.1998 «Аб Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь», дэкрэтам Прэзідэнта ад 10.12.1998 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб афіцыйным апублікаванні і ўступленні ў сілу прававых актаў Рэспублікі Беларусь» прававыя акты, уключаныя ў Нац. рэестр, падлягаюць апублікаванню ў выданні Нац. рэестра, якому нададзены статус афіцыйнага. Уся дзейнасць па вядзенні Нац. рэестра прававых актаў, яго выданне даручаны Нац. цэнтру прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Важная роля ва ўдасканаленні нарматворчай дзейнасці належыць Закону «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь» (2000), у якім вызначаны віды нарматыўных прававых актаў, іх іерархія, парадак планавання нарматворчасці, ажыццяўлення заканад. ініцыятывы, прыняцця нарматыўных прававых актаў, набыцця і страты імі юрыд. сілы. Сфарміравалася практыка планавання заканад. дзейнасці. Штогадовыя планы падрыхтоўкі законапраектаў зацвярджаюцца ўказамі Прэзідэнта. З 2001 распрацоўваюцца дзярж. праграмы падрыхтоўкі праектаў нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь на больш доўгія тэрміны. Каб пазбегнуць унутраных супярэчнасцей і. дубліравання, прадугледжана экспертыза заканадаўчых актаў. Усе законапраекты, што паступаюць у Палату прадстаўнікоў Нац. сходу, праходзяць экспертызу ў Нац. цэнтры законапраектнай дзейнасці, а нарматыўныя акты ўрада, міністэрстваў і інш. органаў дзярж. кіравання — у Мін-ве юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь 19.1. 1999 выдаў указ «Аб фарміраванні і выданні Збору законаў Рэспублікі Беларусь». Ён павінен быць поўным сістэматызаваным зборам заканад. актаў Рэспублікі Беларусь. З мэтай удасканальвання нарматворчага працэсу Указам Прэзідэнта краіны ад 10.4.2002 ухвалена Канцэпцыя ўдасканальвання заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Асн. задача канцэпцыі — павышэнне эфектыўнасці прававога рэгулявання грамадскіх адносін з мэтай абароны правоў і свабод асобы, дзярж. суверэнітэту, нац. інтарэсаў і бяспекі; прывядзенне заканадаўства ў адпаведнасць з агульнапрызнанымі прынцыпамі норм міжнар. права, ажыццяўленне прававой інтэграцыі нац. заканадаўства з заканадаўствам Рас. Федэрацыі, дзяржаў-удзельніц Еўразійскай эканам. супольнасці і СНД.

Кр.:

Акты, относящиеся к истории Западной России. Т. 1—5. СПб., 1846—53;

Статут Великого княжества Литовского 1529 года. Мн., 1960;

Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР. Т. 3. 1938—1975 гг. Мн., 1976;

Конституция Белорусской Советской Социалистической Республики. Мн., 1978;

Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года: Тэксты. Давед. Камент. Мн., 1989;

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь: 1994 г. (са змяненнямі і дапаўненнямі): Прынята на рэсп. рэферэндуме 24 лістап. 1996 г. Мн., 1997;

Сборник действующих нормативных актов Президента Республики Беларусь: 1994—1998. Мн., 1999;

Статут Вялікага княства Літоўскага 1566 года. Мн., 2003.

Літ.:

Ясинский М. Уставные земские грамоты Литовско-Белорусского государства. Киев, 1889;

Пичета В.И. Белоруссия и Литва в XV—XVI вв. Мн., 1961;

История государства и права Белорусской ССР. Т. 1—2. Мн., 1970—76;

Сокол С.Ф. Политическая и правовая мысль в Белоруссии XVI — первой половины XVII в. Мн., 1984;

Юхо І.А. Крыніцы беларуска-літоўскага права. Мн., 1991;

Вішнеўскі А.Ф., Юхо Я.А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах. Мн., 1998;

Доўнар Т.І. Помнікі права Беларусі феадальнага перыяду. Мн., 2001;

Яе ж. Развіццё асноўных інстытутаў грамадзянскага і крымінальнага права Беларусі ў XV—XVI ст. Мн., 2000;

Дагаворы і граматы як крыніцы беларускага права. Мн., 2000;

Василевич Г.А. Нормативные правовые акты государственных органов Республики Беларусь: Мн., 2001.

Т.​І.​Доўнар (старажытнае права, заканадаўства ў часы ВКЛ, Рэчы Паспалітай і Рас. імперыі), У.​А.​Кучынскі (заканадаўства БССР і Рэспублікі Беларусь).

т. 18, кн. 2, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУКА І НАВУКОВЫЯ ЎСТАНОВЫ

Навука на Беларусі мае глыбокія гістарычныя вытокі і непарыўна звязана з гісторыяй развіцця грамадства, ростам гарадоў і патрэбамі вытворчасці, праблемамі нац. і сац. развіцця.

СТАНАЎЛЕННЕ БЕЛАРУСКАЙ НАВУКІ.

Першыя навук. ўяўленні адносяцца да 7—8 ст., калі ў плямён, што насялялі тэр. Беларусі, пачалося адасабленне такіх рамёстваў, як ліцейнае, кавальскае, ганчарнае, ткацкае. Развіццё іх было немагчыма без пэўных фіз. і фізіка-хім. ведаў. Так, пры атрыманні жалеза з балотных руд нашы продкі маглі з вялікай дакладнасцю вытрымліваць неабходную для гэтага тэмпературу больш за 1000 °C. Эмпірычныя звесткі ў галіне фізікі і механікі паспяхова выкарыстоўваліся пры ўзвядзенні культавых і абарончых збудаванняў, пракладцы дарог і будаўніцтве мастоў. Назіранні за атм. з’явамі адлюстроўваліся ў нар. прыкметах, звязаных з прадказаннем надвор’я, неабходных для земляробства і жывёлагадоўлі (адно з першых пісьмова зафіксаваных метэаралаг. назіранняў датуецца 3.3.1067). Да 13 — пач. 14 ст. адносіцца стварэнне на тэр. Беларусі ўласнай сістэмы мер — так званай Полацкай сістэмы.

Развіццё навук. ідэй на бел. землях адбывалася ў цеснай узаемасувязі з асн. тэндэнцыямі развіцця сусветнай цывілізацыі. Распаўсюджванне хрысціянства на старажытнабел. землях паскорыла развіццё пісьменства, літаратуры, культуры і ўлучыла іх у агульнаеўрапейскі гіст.-культурны ландшафт, спрыяла ўмацаванню сувязей з Візантыяй, дзяржавамі Зах. Еўропы. У манастырах і храмах ствараліся бібліятэкі, вяліся летапісы, перапісваліся кнігі. Такія асветнікі стараж. Беларусі, як Ефрасіння Полацкая і Кірыла Тураўскі, сталі зоркамі першай велічыні ў культ. жыцці Усх. Еўропы. Для распаўсюджвання прыродазнаўчых ведаў на тэр. Беларусі асаблівую ролю адыгрывала навук. літаратура, якая праз Беларусь трапляла ва Усх. Еўропу. Яна ўключала звесткі пра антычную навуку, знаёміла з працамі Дэмакрыта, Платона, Арыстоцеля і інш.

Развіццё навук. ідэй у 16 ст. звязана з навукова-асветніцкай дзейнасцю М.​Гусоўскага, Ф.​Скарыны, С.​Буднага, В.​Цяпінскага, М.​Стрыйкоўскага. У 1517 Ф.​Скарына заснаваў бел. кнігадрукаванне, у 1522 выдаў у Вільні «Малую падарожную кніжку», у якой былі звесткі па многіх галінах ведаў. У 1553 па ініцыятыве і фінансавай падтрымцы М.​Радзівіла заснавана друкарня ў Брэсце, дзе кнігі друкаваліся на лацінскай і польскай мовах. У 1562 С.​Будны заснаваў друкарню ў Нясвіжы.

Значнае месца ў пашырэнні адукацыі і навук. ведаў займалі навуч. ўстановы. Пачатковыя школы ствараліся пры правасл. прыходскіх цэрквах і брацтвах Сярэднюю і вышэйшую адукацыю можна было атрымаць у каталіцкіх навуч. установах — калегіумах, дзе выкладаліся т зв «сем вольных навук»: граматыка, дыялектыка, рыторыка, музыка, арыфметыка, геаметрыя, астраномія. Асноўнае выкладанне ішло на бел. мове, выкарыстоўвалася таксама лацінская, грэчаская і польская мовы. У 1570 адкрыта першая ў ВКЛ вышэйшая навуч. ўстанова — Езуіцкі калегіум у Вільні (у 1578 ператвораны ў Віленскую акадэмію, з 1781 — Галоўная школа літоуская, з 1803 — Імператарскі Віленскі ун-т), які стаў першым навук. цэнтрам і на бел. землях. У 19 ст. Віленскі ун-т быў навуч. і адм. цэнтрам Віленскай навуч. акругі, у склад якой уваходзілі Віцебская, Гродзенская, Мінская і Магілёўская губ. Ён адыграў выключную ролю ў культ. развіцці Беларусі, пашырэнні прыродазнаўчай адукацыі, падрыхтоўцы настаўнікаў для гімназій Віленскай навуч. акругі і выкладчыкаў для самога ун-та. За гады свайго існавання ун-т даў свету шмат таленавітых навукоўцаў — ураджэнцаў Беларусі. Сярод іх: М.​Пачобут-Адляніцкі — заснавальнік віленскай астранамічнай школы і першы дырэктар Віленскай абсерваторыі, І.​Дамейка — геолаг, прафесар ун-та ў Сант’яга (Чылі), С.​Горскі — заг. батанічнага саду Віленскага ун-та, В.​Міцкевіч — заснавальнік фіз. школы ў Вільні, М.​Ястржэмбскі — лаўрэат Дзямідаўскай прэміі, аўтар першага ў Расіі дапаможніка па буд. механіцы («Курс практычнай механікі», 1837), І.​Гайдэталь — інжынер, ген.-маёр, кіраўнік работ па ўдасканальванні Агінскага канала, Ё.​Лібошык — лекар і батанік, доктар медыцыны і хірургіі Дэрпцкага ун-та. М.​Палінскі — матэматык, дэкан фізіка-матэм. ф-та Віленскага ун-та, юрыст С.​Казакевіч і інш.

З 1580 дзейнічаў Полацкі езуіцкі калегіум (у 1812 ператвораны ў акадэмію), з 1586 — Нясвіжскі, з 1633 Брэсцкі, з 1664 — Гродзенскі, з 1714 — Мінскі езуіцкія калегіумы. Пры калегіумах існавалі бібліятэкі, музеі, друкарні, тэатры, аптэкі. У 16—18 ст. езуіты адкрылі на Беларусі 20 навуч. устаноў, якія спрыялі распаўсюджванню асветы, дасягненняў сусветнай навукі, падрыхтоўцы нац. інтэлігенцыі. У 1-й пал. 18 ст. ў езуіцкіх калегіумах і інш. установах пачалі выкладаць эксперым. навукі, сталі адкрывацца астранамічныя, фізічныя, мінералагічныя і інш. кабінеты, што адпавядала агульнаеўрапейскім тэндэнцыям Значную ролю ў пашырэнні прыродазнаўчых ведаў на Беларусі адыграла Каралеўская медыцынская акадэмія (1775—81), заснаваная ў Гродне А.​Тызенгаўзам. Яе кіраўнік — франц. ўрач і вучоны-натураліст, даследчык флоры Літвы і Беларусі Ж.​Э.​Жылібер.

У 17—18 ст. вялі навук. даследаванні і распаўсюджвалі веды ў галіне астраноміі, хіміі, геаграфіі, біялогіі, гісторыі, этнаграфіі і інш. навук Б.​Дабшэвіч, С.​Канарскі, І.​Капіевіч, О.​Крыгер, Я.​Накцыяновіч, К.​Нарбут, А.​Скарульскі, І.​Страйноўскі, І.​Храптовіч, С.​Шадурскі і інш. У 1-й пал. 19 ст. як частка славістыкі зарадзілася навук. беларусазнаўства (працы В.​Бадзянскага, З.​Даленгі-Хадакоўскага, П.​Шафарыка). Арганізатары гэтых даследаванняў — Віленскі ун-т, віленскія Археалагічная і Археаграфічная камісіі. Уклад у развіццё беларусазнаўства зрабілі ўраджэнцы Беларусі: гісторыкі М.​Без-Карніловіч, І.​Грыгаровіч, Т.​Нарбут, лінгвісты С.​Мікуцкі, І.​Насовіч, этнограф П.​Шпілеўскі, археолагі і краязнаўцы браты К. і Я. Тышкевічы. публіцыст Я.​Падбярэскі. У 1860—90-я г. бел. этнас даследавалі М.​Дзмітрыеў, М.​Доўнар-Запольскі, Я.​Карскі, Ю.​Крачкоўскі, І.​Насовіч, М.​Нікіфароўскі, А.​Семянтоўскі, М.​Янчук і інш.

У 1840 каля мястэчка Горкі (Магілёўская губ.) адкрыта Горы-Горацкая земляробчая школа (з 1848 Горы-Горацкі земляробчы інстытут) — першая ў Расіі вышэйшая с.-г. навуч. ўстанова (у 1864 пераведзены ў Пецярбург). Ін-т адыграў вял. ролю ў развіцці навукі і падрыхтоўцы спецыялістаў для сельскай гаспадаркі. Яго выпускнікі прафесары А.​Бажанаў, Ю.​Жабенка, С.​Касовіч, А.​Людагоўскі, А.​Саветаў, І.​Сцебут, Е.​Фалькоў, І.​Чарнапятаў і інш. зрабілі ўклад у развіццё с.-г. навукі і вышэйшай адукацыі.

У 2-й пал. 19 ст. навук. даследаванні праводзіліся гал. чынам у навук. кабінетах гімназій, прыватных н.-д. лабараторыях. Уклад у развіццё прыродазнаўчых ведаў зрабілі В.​Баранецкі, І.​Весялоўскі, Дз.​Дубяга, Б.​Дыбоўскі, В.​Ермакоў, браты А. і У. Кавалеўскія, Я.​Наркевіч-Ёдка, Я.​Рагоўскі, браты З. і Э. Урублеўскія, К.​Чаховіч і інш. У пач. 20 ст. на тэр. Беларусі існавалі 3 н.-д. ўстановы: Беняконская с.-г. доследная станцыя, станцыя лекавых раслін пад Магілёвам (абедзве засн. ў 1910) і Мінская доследная балотная станцыя (з 1911). Пэўная навук. работа вялася ў Віцебскім, Мінскім і Магілёўскім настаўніцкіх ін-тах (засн. адпаведна ў 1910, 1913 і 1914), у Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археал. ін-та (дзейнічаў у 1911—22, з 1918 — Віцебскі археал. ін-т).

Вокладка «Малой падарожнай кніжкі» Ф.​Скарыны. Каля 1522.
Будынак Віленскай акадэміі (18 ст.).
Будынак Горы-Горацкага земляробчага інстытута (г. Горкі Магілёўскай вобл. 19 ст.).

РАЗВІЦЦЁ НАВУКІ Ў БССР.

Больш шырокія маштабы набыло развіццё навукі і навук. устаноў пасля ўтварэння БССР. У 1919 адноўлены земляробчы ін-т у Горках (з 1925 Беларуская с.-г. акадэмія), створаны Віцебскі батанічны сад. У 1920 на базе політэхн. вучылішча засн. Беларускі політэхнічны інстытут (БПІ), які у 1922 рэарганізаваны ў Бел. дзярж. ін-т сельскай і лясной гаспадаркі (у 1925 аб’яднаны з Горацкім земляробчым ін-там); у 1924 — Віцебскі ветэрынарны ін-т, у 1927 — Ін-т сельскай і лясной гаспадаркі. У 1921 у Мінску адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт (БДУ), які стаў цэнтрам падрыхтоўкі нац. навук. і пед. кадраў і сістэматызаваных навук. даследаванняў у галіне фіз.-матэм., хім., біял., мед. і гуманітарных навук. Спец. камісія садзейнічання арганізацыі БДУ (узначальваў рэктар Маскоўскага ун-та В.​П.​Волгін) рэкамендавала для работы ў БДУ групу прафесараў з Маскоўскага, Петраградскага, Кіеўскага, Харкаўскага і інш. ун-таў; БДУ была перададзена багатая бібліятэка і абсталяванне; фінансавую дапамогу аказвалі Рас. АН, Маскоўскі ун-т, Наркамат асветы і інш. наркаматы РСФСР. Першы яго рэктар — гісторык У.​І.​Пічэта. У БДУ працавалі вядомыя вучоныя С.​Я.​Вальфсон, Ц.​М.​Годнеў, Я.​П.​Громер, М.​Б.​Кроль, М.​М.​Нікольскі, В.​І.​Пераход, У.​М.​Перцаў, М.​А.​Прыляжаеў, Я.​Е.​Сіроцін інш.

У 1922 на базе навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы БССР створаны першы н.-д. цэнтр рэспублікі — Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт). Яго старшынёй стаў С.​М.​Некрашэвіч, правадз. членамі — Я.​Ф.​Карскі, Я.​Ю.​Лёсік, І.​Д.​Луцэвіч (Я.​Купала), К.​М.​Міцкевіч (Я.​Колас). Навукова-даследчая работа ў Інбелкульце вялася па гуманітарных і прыродазнаўчых кірунках у яго лінгвістычнай, літаратурна-мастацкай, этнаграфічнай, гісторыка-археалагічнай, педагагічнай, прыродазнаўчай і сацыяльна-эканамічнай камісіях і секцыях; з 1924 працавалі геаграфічная, медыцынская і агранамічная секцыі. Цэнтр. бюро краязнаўства пры Інбелкульце кіравала краязнаўчымі арг-цыямі БССР. Пры ін-це заснаваны музей прыроды Беларусі, бібліятэка, друкарня. Каб падняць узровень навук. даследаванняў, у 1926 Інбелкульт пераўтвораны ў Дзярж. н.-д. ўстанову пры СНК БССР. У 1927 у складзе Інбелкульта былі 3 ін-ты, 17 кафедраў (пераважна грамадскіх навук), 3 лабараторыі, шэраг камісій і 3 музеі.

Зыходзячы з патрэб развіцця нар. гаспадаркі і культуры, у 1928 урад БССР ператварыў Інбелкульт у Беларускую акадэмію навук, якая была ўрачыста адкрыта 1.1.1929. Сярод першых яе акадэмікаў-заснавальнікаў. Я.​М.​Афанасьеў, М.​Ф.​Бліадухо, С.​Я.​Вальфсон, С.​М.​Вышалескі, Г.​І.​Гарэцкі, М.​О.​Грэдзінгер, А.​Д.​Дубах, М.​М.​Дурнаво, З.​Х.​Жылуновіч (Ц.​Гартны), І.​І.​Замоцін, У.​М.​Ігнатоўскі, В.​У.​Ластоўскі, Я.​Ю.​Лёсік, І.​Д.​Луцэвіч (Я.​Купала), М.​К.​Малюшыцкі, С.​Ю.​Матулайціс, К.​М.​Міцкевіч (Я.​Колас), С.​М.​Некрашэвіч, У.​І.​Пічэта, І.​А.​Пятровіч, Б.​А.​Тарашкевіч, А.​Н.​Ясінскі. Акадэмікамі былі абраны вядомыя савецкія вучоныя А.​П.​Карпінскі, В.​Р.​Вільямс, Д.​К.​Забалотны, М.​Я.​Мар, С.​Ф.​Альдэнбург, М.​М.​Пакроўскі, М.​А.​Скрыпнік, П.​А.​Туткоўскі, М.​І.​Яворскі. Першым прэзідэнтам акадэміі абраны У.​М.​Ігнатоўскі (1929—31), віцэ-прэзідэнтамі — М.​І.​Бялуга, С.​М.​Некрашэвіч, неадменным сакратаром — В.​У.​Ластоўскі.

У 1931 пастановай СНК БССР функцыі Акадэміі навук былі пашыраны. На яе ўскладзена планаванне работы ўсіх н.-д. устаноў Беларусі, кантроль за выкананнем планаў навук. даследаванняў і ўкараненнем у вытворчасць іх вынікаў. Акадэмія стала цэнтральнай навук. установай рэспублікі. У 1932 у сістэме Бел. АН дзейнічала 14 інстытутаў: філасофіі, мовазнаўства, літаратуры і мастацтва, гісторыі, сав. будаўніцтва і права, эканомікі, яўрэйскай пралетарскай культуры, польскай пралетарскай культуры, біял. навук, аграглебавы, хіміі, геалогіі, фізіка-тэхнічны, псіханеўралагічны; 2 сектары — літоўскі і латышскі. У ін-тах працавалі 22 правадз. члены, 150 навук. супрацоўнікаў. Як самастойныя ўстановы працавалі камісія па вывучэнні Зах. Беларусі, Цэнтр. бюро краязнаўства, выдавецтва, бібліятэка. Для падрыхтоўкі навук. кадраў у 1931 створаны Ін-т аспірантуры.

У 1930 у Гомелі адкрыты Бел. лесатэхн. ін-т. У гады 1-й пяцігодкі (1928—32) дробныя спецыялізаваныя ВНУ Беларусі былі аб’яднаны, створана некалькі ведамасных н.-д. устаноў. На базе Бел. с.-г. акадэміі ў 1931 заснаваны НДІ: садова-агародны, водна-меліярацыйны, кармавых культур і аграхіміі, прадзільных культур. У 1932 на базе Ін-та сацыяліст. рэканструкцыі сельскай гаспадаркі створаны 2 НДІ: саўгаснага і калгаснага будаўніцтва. Былі заснаваны свінагадоўчы, балотны, ветэрынарны, гідраметэаралагічны і інш. НДІ, 15 занальных станцый і шэраг апорных н.-д. пунктаў. У 1929 на базе хім. лабараторыі Савета нар.-гаспадаркі БССР створаны Ін-т прамысловасці з сектарамі: торфу, будматэрыялаў, мінер. угнаенняў, тэкстыльным, энергетычным, сапрапеляў, скуранога абутку, паперы і інш. У 1924 пачалі дзейнічаць НДІ: эпідэміялогіі і мікрабіялогіі; фізіятэрапіі, артапедыі і неўралогіі; у 1927 — санітарна-гігіенічны; земляробства і кармоў; геолагаразведачны; у 1928 — туберкулёзу; у 1930 — меліярацыі і лугаводства; у 1931 — аховы мацярынства і дзяцінства; глебазнаўства і аграхіміі; у 1932 — пералівання крыві; скурных і венерычных хвароб. У 1933 адкрыты Бел. ін-т нар. гаспадаркі, абнавіў дзейнасць Бел. політэхн. ін-т (былі аб’яднаны мінскія энергетычны, будаўнічы, тарфяны, хіміка-тэхнал., харчовай прам-сці і Горацкі водна-меліярац. ін-ты). У БССР працавалі філіялы ўсесаюзных НДІ, занальныя навук. станцыі. Да канца 1-й пяцігодкі ў БССР працавала больш за 50 н.-д. устаноў: у галіне прамысловасці 6, сельскай гаспадаркі 23, аховы здароўя 10, культурна-асветных 12, па нацыянальным будаўніцтве 5 і інш. У 1932 у БССР было 940 навук. супрацоўнікаў, у т. л. 23 акадэмікі, 118 прафесараў, 278 дацэнтаў, 521 асістэнт. У 1940 у 67 навук. установах (з ВНУ) працавала 2227 навук. супрацоўнікаў. У 1939/40 навуч. годзе падрыхтоўку педагагічных, навук. і інжынерна-тэхн. кадраў ажыццяўлялі 22 ВНУ.

Вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы навук. кадраў для Беларусі аказалі навуковыя і вышэйшыя навуч. ўстановы Масквы, Ленінграда, Кіева і інш. навук. цэнтраў СССР, дзе праходзілі падрыхтоўку бел. аспіранты. Многія з іх зрабілі значны ўклад у развіццё бел. навукі (М.​А.​Барысевіч, М.​М.​Паўлючэнка. А.​Н.​Сеўчанка, Ф.​І.​Фёдараў і інш.).

У даваенны час н.-д. ўстановы рэспублікі выканалі грунтоўныя даследаванні ў галіне геалогіі, батанікі, заалогіі, фізіялогіі, біяхіміі, фотасінтэзу, медыцыны, фіз.-матэм., тэхн., хім., мастацтвазнаўчых, эканамічных і інш. навук. Значны ўклад зроблены ў распрацоўку праблем здабычы, сушкі і спальвання торфу, вывучэнне хім. саставу торфу і сапрапеляў, асушэнне і асваенне балот і забалочаных зямель, вывядзенне новых сартоў бульбы, лёну, павышэнне ўраджайнасці с.-г. культур, выкарыстанне лясных рэсурсаў. У галіне грамадскіх навук вучоныя рэспублікі даследавалі гісторыю, эканоміку, культуру, фалькларыстыку Беларусі. Значныя даследаванні прысвечаны гістарыяграфіі, крыніца-, архіва- і краязнаўству, праблемам гісторыі Кастр. рэвалюцыі і грамадз. вайны. Даследаванні філосафаў былі сканцэнтраваны на вывучэнні заканамернасцей развіцця сацыяліст. грамадства. адносін сав. дзяржавы да культурнай спадчыны мінулага і інш. У 1936 Бел. акадэмія навук перайменавана ў Акадэмію навук БССР.

Пэўныя цяжкасці ў развіцці навукі ў БССР у гэты перыяд былі абумоўлены недахопам высокакваліфікаваных навук. кадраў, а таксама беспадстаўнымі рэпрэсіямі. Толькі ў АН БССР рэпрэсіравана больш за 140 супрацоўнікаў; сярод іх акадэмікі Я.​М.​Афанасьеў, Ц.​Л.​Бурстын, Г.​І.​Гарэцкі, П.​В.​Горын, А.​Д.​Дубах, В.​У.​Ластоўскі, Я.​Ю.​Лёсік, С.​Ю.​Матулайціс, С.​М.​Некрашэвіч, У.​І.​Пічэта, В.​А.​Сербента, І.​З.​Сурта, Б.​А.​Тарашкевіч, В.​К.​Шчарбакоў і інш. Гэта адмоўна адбілася на развіцці ўсіх навук. кірункаў, была згорнута падрыхтоўка кадраў (калі ў 1934 у Акадэміі навучаліся 139 аспірантаў, то ў 1938 — толькі 6). У 1938 рэарганізацыяй ці зліццём з інш. ўстановамі скасаваны ін-ты фізіка-тэхнічны, філасофіі і эканомікі. У выніку фактычна былі закрыты цэлыя навук. кірункі, што прычыніла вял. шкоду развіццю навукі. У Зах. Беларусі, якая ў 1921—39 уваходзіла ў склад Польшчы, навук. даследаванні канцэнтраваліся ў Віленскім ун-це, Бел. навук. таварыстве, Ін-це гаспадаркі і культуры.

У гады Вял. Айч. вайны ўсе НДІ і ВНУ Беларусі былі эвакуіраваны або знішчаны. Паводле рашэння Савета па эвакуацыі пры СНК СССР ад 7.7.1941 члены АН Беларусі і інш. высокакваліфікаваныя вучоныя накіроўваліся ў Ташкент на працу ў н.-д. і ВНУ. Значная частка супрацоўнікаў АН Беларусі ў час вайны працавала ў Маскве, у ін-тах АН СССР, інш. НДІ і ВНУ. У кастр. 1943 у Маскве аднавіў работу Прэзідыум АН Беларусі на чале з прэзідэнтам К.​В.​Горавым. Бел. вучоныя і ў гэты перыяд выканалі грунтоўныя навук. даследаванні па распрацоўцы новых тэхнал. працэсаў, зрабілі ўклад у вырашэнне пытанняў павелічэння ўрадлівасці с.-г. культур, павелічэння сыравінных рэсурсаў краіны. Б.​В.​Ерафееў распрацаваў і арганізаваў вытворчасць празрыстай брані з арганічнага шкла для авіяц. прамысловасці, С.​М.​Ліпатаў прапанаваў новы метад дээмульсацыі нафты, М.​Ф.​Ярмоленка — прынцып ачышчэння нафты ад серы. М.​С.​Акулаў займаўся ўдасканальваннем прыбораў неразбуральнага кантролю прамысл. прадукцыі, Ц.​М.​Годнеў — распрацоўкай метадаў захавання вітамінаў у прадуктах пры працяглым іх захоўванні, О.​К.​Кедраў-Зіхман — метадамі выкарыстання ўгнаенняў, А.​Я.​Пракапчук — вытворчасцю лекавых прэпаратаў.

У 1944 пасля вызвалення Беларусі ў АН БССР пачалі працаваць ін-ты: гісторыі; мовы, літаратуры і мастацтва; эканомікі; сацыяліст. сельскай гаспадаркі; геалогіі; тэарэтычнай і клінічнай медыцыны; торфу; хіміі; а таксама фізіка-тэхн. лабараторыя, водагаспадарчы сектар, батанічны сад і інш. У пач. 1950-х г. навуковы патэнцыял Беларусі быў практычна адноўлены; значную дапамогу ў гэтым аказалі АН СССР і акадэміі навук саюзных рэспублік У 1947 заснаваны ін-ты механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, філасофіі і права, фізіка-тэхнічны і біялогіі; у 1950 — ін-ты жывёлагадоўлі і лесу; у 1951 — мовазнаўства (на базе сектара мовы Ін-та мовы, літаратуры і мастацтва. зараз імя Я.​Коласа); у 1952 — энергетыкі (з 1963 Ін-т цепла- і масаабмену, зараз імя А.​В.​Лыкава); у 1953 — фізіялогіі (на базе Ін-та тэарэт. медыцыны); у 1955 на базе сектара фізікі і матэматыкі Фізіка-тэхн. ін-та — Ін-т фізікі і матэматыкі (у 1959 перайменаваны ў Ін-т фізікі, зараз імя Б.​І.​Сцяпанава); у 1957 на базе сектара мастацтвазнаўства Ін-та літаратуры і сектара этнаграфіі і фальклору Ін-та гісторыі — Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (зараз імя К.​Крапівы); буд-ва і архітэктуры (у 1963 перададзены ў Дзярж. камітэт СМ БССР па справах буд-ва), машыназнаўства і аўтаматызацыі (у 1963 перададзены ў Дзярж. камітэт па машынабудаванні пры Дзяржплане СССР, з 1965 у сістэме Мін-ва станкабуд. і інструментальнай прам-сці СССР пад назвай Эксперыментальны НДІ машыназнаўства, з 1971 у сістэме АН БССР як Ін-т праблем надзейнасці і даўгавечнасці машын (зараз — Ін-т механікі і надзейнасці машын). У 1958 створаны сектар геранталогіі, у 1959 — Аддзел заалогіі і паразіталогіі. У 1959 на базе лабараторыі матэм. профілю Ін-та фізікі і матэматыкі створаны Ін-т матэматыкі і вылічальнай тэхнікі (з 1965 Ін-т матэматыкі). У 1957 Ін-т літаратуры і мастацтваў перайменаваны ў Ін-т літаратуры (зараз імя Я.​Купалы). У 1959 на базе Ін-та хіміі створаны ін-ты фізіка-арганічнай хіміі і агульнай і неарганічнай хіміі. У 1963 Аддзел фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў пераўтвораны ў Ін-т фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў; створаны Аддзел фізікі неразбуральнага кантролю, на базе Ін-та біялогіі — Ін-т эксперыментальнай батанікі і мікрабіялогіі (з 1966 Ін-т эксперым. батанікі, зараз імя В.​Ф.​Купрэвіча); у 1966 — Аддзел мікрабіялогіі (з 1975 Ін-т мікрабіялогіі). З 1965 пачалі працаваць ін-ты: ядзернай энергетыкі (з 2002 Аб’яднаны ін-т энергетычных і ядзерных даследаванняў), генетыкі і цыталогіі, тэхн. кібернетыкі (з 2002 Аб’яднаны ін-т праблем інфарматыкі).

У 1930—60-я г. навуковую і навукова-арганізац. працу ў Акадэміі навук вялі яе прэзідэнты: П.​В.​Горын (1931—36), І.​З.​Сурта (1936—37), К.​В.​Гораў (1938—47), А.​Р.​Жэбрак (1947), М.​І.​Грашчанкаў (1947—51), В.​Ф.​Купрэвіч (1952—69); акадэмікі К.​М.​Міцкевіч, І.​С.​Лупіновіч, К.​К.​Атраховіч, Ц.​М.​Годнеў, М.​А.​Дарожкін, М.​Ф.​Ярмоленка, М.​М.​Нікольскі, А.​Н.​Сеўчанка, М.​В.​Турбін, В.​П.​Севярдэнка, І.​А.​Булыгін і інш. Значную ролю ў развіцці новых кірункаў фіз.-матэм. і тэхн. навук адыграў пераход на працу ў АН БССР і ВНУ рэспублікі вучоных Масквы і Ленінграда (Б.​І.​Сцяпанаў, М.​А.​Ельяшэвіч, АЖ. Красін, М.​М.​Сірата, А.​В.​Лыкаў, М.​П.​Яругін, У.​І.​Крылоў і інш.). У 1969 прэзідэнтам акадэміі выбраны М.​А.​Барысевіч (быў ім да 1987).

У 1970-я г. ў структуры Акадэміі навук утворана 5 новых ін-таў: у 1971 на базе лабараторый геахім. праблем АН СССР і Плешчаніцкай геафіз. станцыі АН БССР — Ін-т геахіміі і геафізікі; у 1973 — ін-ты электронікі і фотабіялогіі; у 1974 на базе Аддзела біяарганічнай хіміі Ін-та фізіка-арганічнай хіміі — Ін-т біяарганічнай хіміі; у 1975 на базе Аддзела мікрабіялогіі — Ін-т мікрабіялогіі. Акадэмічныя навук. цэнтры арганізаваны ў абласных гарадах. Аддзел механікі палімераў у Гомелі ў 1969 пераўтвораны ў Ін-т механікі металапалімерных сістэм; у 1970 у Гродне адкрыты Аддзел рэгуляцыі абмену рэчываў, у Магілёве — аддзяленні ін-таў фізікі і фізіка-тэхнічнага, у Віцебску — аддзяленне Ін-та фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў. Пазней гэтыя структурныя падраздзяленні пераўтвораны ў самаст. ін-ты: прыкладной оптыкі (1992) і тэхналогіі металаў (1992) у Магілёве, тэхн. акустыкі ў Віцебску (1975), біяхіміі ў Гродне (1985). У 1980 у Мінску пачаў дзейнічаць Ін-т заалогіі, у 1987 — Ін-т радыебіялогіі (з 2003 у Гомелі).

У канцы 1970-х г. у Акадэміі навук дзейнічала 5 аддзяленняў — грамадскіх, фіз.-матэм., фіз.-тэхн., біял., хім. і геалагічных навук, у якіх былі аб’яднаны 32 н.-д. ўстановы, працавала больш за 15,5 тыс. чалавек, у т. л. 204 дактары і больш за 1500 кандыдатаў навук, 54 акадэмікі і 70 членаў-карэспандэнтаў. Значныя поспехі былі дасягнуты ў развіцці оптыкі, квантавай электронікі і спектраскапіі (М.​А.​Барысевіч, В.​С.​Буракоў, М.​А.​Ельяшэвіч, У.​А.​Піліповіч, Б.​І.​Сцяпанаў, Ф.​І.​Фёдараў), матэматыкі (У.​І.​Крылоў, У.​П.​Платонаў, Дз.​А.​Супруненка, М.​П.​Яругін), цеплафізікі і энергетыкі (А.​К.​Красін, А.​В.​Лыкаў, А.​Р.​Мартыненка), генетыкі і цыталогіі (Л.​У.​Хатылёва), геалогіі (Р.​Г.​Гарэцкі, А.​С.​Махнач), лінгвістыкі (М.​В.​Бірыла), біяарганічнай хіміі (А.​А.​Ахрэм), грамадскіх навук (В.​К.​Бандарчык, К.​П.​Буслаў, М.​І.​Вядута, І.​Я.​Марчанка, Р.​М.​Суднік). Сфарміраваліся сусветна вядомыя навук. школы па мовазнаўстве, тэарэт. фізіцы, спектраскапіі, люмінесцэнцыі, лазернай фізіцы, электроніцы, цеплафізіцы, дыферэнцыяльных ураўненнях, алгебры і тэорыі лікаў, біяарган. хіміі, геалогіі, фізіялогіі, генетыкі і селекцыі, матэрыялазнаўстве і інш.

Многія вынікі навук. даследаванняў, атрыманыя ў АН БССР, выкарыстоўваліся ў нар. гаспадарцы СССР Некаторыя ін-ты з’яўляліся галаўнымі ў СССР па асобных праблемах. Значную ролю ў развіцці навукі ў гэтыя гады адыграла Пастанова ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР «Аб мерах па далейшаму развіццю навукі і ўмацаванню яе сувязей з вытворчасцю» (1970).

У 1970—80-я г. ўдасканальвалася арганізацыя навукі на Беларусі, значна павялічана колькасць ведамасных н.-д. устаноў рэсп. і саюзнага падпарадкавання. У адпаведнасці з патрэбамі нар. гаспадаркі з’явіліся новыя н.-д. ін-ты: эксперым. ветэрынарыі (1949, зараз імя С.​М.​Вышалескага); Мінскі н.-д. прыборабудаўнічы ін-т(1954), Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі (1956), Бел. НДІ эканомікі і арганізацыі сельскай гаспадаркі (1957), Навукова-даследчы і канструктарскі ін-т ліцейнай вытворчасці (1958), Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі (1958, з 1959 Бел. НДІ навукова-тэхн. інфармацыі); Мінскі канструктарска-тэхнал. эксперым. ін-т аўтамаб. прамысловасці (1960), Бел. НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (1960), Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў (1961), Бел. н.-д. дарожны ін-т (1962), Бел. ін-т інжынерных пошукаў (1964), НДІ эканомікі і эканоміка-матэм. метадаў планавання (1965), Бел. філіял Энергет. н.-д. ін-та (1965) і інш.

Навук. даследаванні пачалі праводзіцца ў новых ВНУ, адкрытых у абласных цэнтрах для падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў: Брэсцкім пед. ін-це (1950), Гродзенскім с.-г. ін-це (1951), Бел. ін-це інжынераў чыг. транспарту (1953, Гомель), Бел. ін-це меліярацыі сельскай гаспадаркі (1954), Гродзенскім мед. ін-це (1958), Мінскім радыётэхн. ін-це (1964), Віцебскім тэхнал. ін-це лёгкай прам-сці (1965), Гомельскім пед. ін-це (з 1969 Гомельскі ун-т). Усяго на Беларусі ў 1970 дзейнічалі 174 навук. ўстановы, у т. л. 21 ін-т у Акадэміі навук і 9 самаст. навук. падраздзяленняў. Пачалі дзейнічаць галіновыя навук. ўстановы: Бел. н-д. тэхнал. ін-т аўтамабільнага транспарту (1970), НДІ прам-сці першапачатковай апрацоўкі лубяных валокнаў (1970), НВА «Інтэграл» (1971), Бел. оптыка-механічнае аб’яднанне (1971, у складзе яго дзейнічае Навукова-даследчы і тэхнал. ін-т аптычнага станкабудавання), Бел. філіял Усесаюзнага НДІ галургіі (1971), Бел. НДІ аховы раслін (1971), Бел. НДІ рыбнай гаспадаркі (1971), НДІ ЭВМ (1972), Бел. філіял НДІ працы (1972), Магілёўскі праектна-канструктарскі ін-т спец. тэхнал. аснасткі, аўтаматызацыі і механізацыі (1974), Бел. дзярж. праектна-тэхнал. ін-т (1975), Бел. НДІ горадабудаўніцтва (1976), Бел. НДІ кардыялогіі (1977), Гомельскі філіял Растоўскага НДІ тэхналогіі машынабудавання (1979) і інш. У Мінску былі адкрыты: філіял Ін-та мед. генетыкі Акадэміі мед. навук СССР (1981), Навукова-даследчы канструктарска-тэхнал. ін-т прыкладной механікі (1981), Мінскі н.-д. ін-т радыёматэрыялаў (1982, падпарадкоўваўся Мін-ву прам-сці сродкаў сувязі СССР), НВА «Агат» (1986, у склад яго ўключаны НДІ сродкаў аўтаматызацыі і НДІ «Агат»); Усесаюзны н.-д. і праектна-канструктарскі ін-т мікрабіял. вытворчасцей (1986) і інш. На 1.1.1975 у Мін-ве сельскай гаспадаркі БССР працавалі 8 НДІ, 6 абласных доследных станцый, Ганусаўская доследна-селекцыйная станцыя па цукр. бураках і Палеская с.-г. доследная станцыя. У іх працавала 25 дактароў і 633 кандыдаты навук. У Мін-ве аховы здароўя — 9 НДІ (29 дактароў і 181 кандыдат навук). У сістэме Мін-ва прам-сці і на прамысл. прадпрыемствах дзейнічалі дзесяткі н.-д., тэхнал. і праектных ін-таў, канструктарскіх бюро і лабараторый, пры Дзяржплане БССР — НДІ эканомікі і эканоміка-матэм. метадаў планавання. Многія н.-д. ўстановы падпарадкоўваліся саюзным мін-вам і ведамствам, у т. л. Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў і Бел НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі Мін-ва меліярацыі і воднай гаспадаркі СССР, Цэнтр. н.-д. і праектна-тэхнал. ін-т арганізацыі і тэхнікі кіравання Мін-ва прыладабудавання, сродкаў аўтаматызацыі і сістэм кіравання СССР, Усесаюзны НДІ па вытворчасці прадуктаў харчавання з бульбы Мін-ва харчовай прам-сці СССР, Усесаюзны н.-д. і тэхнал. ін-т мантажу, эксплуатацыі і рамонту машын і абсталявання жывёла- і птушкагадоўчых ферм і інш.

У сувязі з высокімі тэмпамі развіцця і патрэбамі навукі і прам-сці ў рэспубліцы былі адкрыты: Гродзенскі ун-т (1977), Магілёўскі тэхнал. ін-т (1973), Наваполацкі політэхн. ін-т (1973), Мінскі ін-т культуры (1975), гомельскія кааператыўны (1980), політэхнічны (1980) і медыцынскі (1990) ін-ты, дзе навук. даследаванні праводзіліся ў 11 н.-д. сектарах, 10 праблемных, 13 галіновых лабараторыях, вылічальным цэнтры, дзесятках н.-д. лабараторый і на кафедрах. У сістэме Мін-ва адукацыі БССР пачалі дзейнічаць НДІ: пры БДУ — прыкладных фіз. праблем (1971, зараз імя А.​Н.​Сеўчанкі), фізіка-хім. праблем (1977), ядзерных праблем (1987); пры БПІ—НДІ парашковай металургіі (1972), які ў 1980 пераўтвораны ў міжгаліновае НВА парашковай металургіі (з 2002 у структуры Нац. АН Беларусі). Падрыхтоўка навук. кадраў у ВНУ вялася па такіх спецыяльнасцях і кірунках, як матэрыялазнаўства, паўправадніковая мікраэлектроніка, машынабудаванне, прыладабудаванне, электронная вылічальная тэхніка, аптычная і лазерная тэхніка, хім. тэхналогіі, тэхналогіі вытворчасці будматэрыялаў і інш.

У 1975 на Беларусі дзейнічалі 177 н.-д. устаноў (з ВНУ), дзе працавала 29,3 тыс. навук. работнікаў, у т. л. 600 дактароў і 7,9 тыс. кандыдатаў навук. У 1988 навук. даследаванні праводзіліся ў 99 н.-д. ін-тах, іх філіялах і аддзяленнях, у 33 ВНУ, 130 праектных, праектна-канструктарскіх і тэхнал. арганізацыях, 1675 лабараторыях, 675 канструктарскіх падраздзяленнях на вытворчасці. У іх працавала больш за 141 тыс. чал., з іх 44 тыс. навуковых і навукова-педагагічных супрацоўнікаў, у т. л. 1200 дактароў і 15 тыс. кандыдатаў навук. Навук. даследаванні ў галіне прыродазнаўчых і грамадскіх навук каардынавала АН БССР, сельскагаспадарчых — Мін-ва сельскай гаспадаркі, медыцынскіх — Мін-ва аховы здароўя, педагагічных — Мін-ва асветы, гісторыі КПБ — Ін-т гісторыі партыі пры ЦК КПБ. Для каардынацыі фундаментальных даследаванняў па тэхн., прыродазнаўчых і гуманітарных навуках пры Акадэміі навук у 1953 створаны Савет па каардынацыі навук. дзейнасці.

З мэтай больш эфектыўнага выкарыстання унікальнага навук. абсталявання і прыбораў на Беларусі былі створаны цэнтры калектыўнага карыстання. Адзін з першых у 1973 — Цэнтр аўтаматызаваных спектраскапічных вымярэнняў на базе Ін-та фізікі Акадэміі навук (зараз пры Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі). Усяго ў акадэміі ў розныя гады дзейнічала яшчэ 6 такіх цэнтраў. У 1974 пры Ін-це цепла- і масаабмену пачаў дзейнічаць Міжнар. цэнтр акадэмій навук сацыяліст. краін па павышэнні кваліфікацыі маладых вучоных па праблеме «Цепла- і масаабмен» (з 1991 — Міжнар. цэнтр павышэння кваліфікацыі навук. кадраў па праблеме «Цепла- і масаабмен»); з 1980 — Міжвузаўскі цэнтр па інфрачырвонай спектраскапіі і рэнтгенафазавым аналізе пры БПІ, Цэнтр па рэнтгенаструктурным аналізе і электроннай мікраскапіі пры БДУ. Пры НВА «Інтэграл» дзейнічае цэнтр «Белмікрааналіз».

У 1986—89 у рэспубліцы створана сістэма навук. забеспячэння праблем, звязаных з мінімалізацыяй наступстваў Чарнобыльскай катастрофы 1986: у Акадэміі навук адкрыты Ін-т радыебіялогіі (1987), у Мін-ве аховы здароўя — Ін-т радыяцыйнай медыцыны (1988), у Гомелі — Бел. філіял Усесаюзнага НДІ с.-г. радыялогіі (1986, з 1992 ін-т радыялогіі), Рэсп. навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека (2002). У міжрэспубліканскай праграме навук. даследаванняў, звязанай з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС, удзельнічалі 19 акадэмічных, 21 галіновы ін-т, 6 ВНУ.

С.​М.​Некрашэвіч — першы старшыня Інбелкульта (1922—24).
Будынак Інбелкульта (г. Мінск, 1920-я г.).

ВУЧОНЫЯ-ПРЫРОДАЗНАЎЦЫ, АДНЫ З ЗАСНАВАЛЬНІКАЎ БЕЛАРУСКАЙ НАВУКІ

М.​Пачобут-Адляніцкі (1728—1810).
З.​Урублеўскі (1845—88).
Я.​А.​Наркевіч-Ёдка (1848—1905).

ПРЭЗІДЭНТЫ АКАДЭМІІ НАВУК

У.​М.​Ігнатоўскі (1929—31)
П.​В.​Горын (1931—36)
І.​З.​Сурта (1936—37)
К.​В.​Гораў (1938—47)
А.​Р.​Жэбрак (1947).
М.​І.​Грашчанкаў (1947—51)
В Ф.​Купрэвіч (1952—69)
М.​А.​Барысевіч (1969—87)
У.​П.​Платонаў (1987—92)
Л.​М.​Сушчэня (1992—97)
А.​П.​Вайтовіч (1997—2001)
М.У Мясніковіч (з 2001)

НАВУКА Ў РЭСПУБЛІЦЫ БЕЛАРУСЬ.

Разбурэнне навуковых і навукова-гаспадарчых сувязей пасля распаду СССР негатыўна адбілася на стане навукі Беларусі. Тэмпы развіцця навук. патэнцыялу і яго эфектыўнасць у 1990-я г. рэзка знізілася ў сувязі са скарачэннем фінансавання навукі, старэннем яе матэрыяльна-тэхн. базы, нізкім узроўнем запатрабаванасці вынікаў навук. даследаванняў у нар. гаспадарцы. За 1990—98 у АН Беларусі колькасць навук. супрацоўнікаў зменшылася з 5967 да 4346 чал., у т. л. кандыдатаў навук з 2557 да 1959. Скарацілася колькасць маладых спецыялістаў, што прывяло да т.зв. «старэння» навукі. Разам з тым павялічылася колькасць кадраў вышэйшай кваліфікацыі — у 1998 працавала 465 дактароў навук.

Аднак і ў гэтых умовах навук. даследаванні не спыніліся. Усталяванне суверэнітэту Беларусі патрабавала адначасова з дзярж. будаўніцтвам стварэння адпаведных навук. інстытутаў і дзярж. структур для арганізацыі і развіцця нац. навукі. У 1991 АН БССР была перайменавана ў Акадэмію навук Беларусі. Быў прыняты шэраг мер па дзярж. падтрымцы навукі, якія абумовілі змены ў арганізацыі навукі, што пачалі адбывацца ў 2-й пал. 1990-х г. Для павышэння эфектыўнасці навукова-тэхн. дзейнасці створаны Дзярж. патэнтны камітэт (1992), Дзярж. камітэт па навуцы і тэхналогіях (1993). У 1993 Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў Закон «Аб асновах дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі», паводле якога адказнасць за развіццё фундаментальных навук. даследаванняў у краіне ўскладзена на АН Беларусі. У 1994—95 праведзена работа па фарміраванні нац. сістэмы падрыхтоўкі і атэстацыі навукова-пед. кадраў. У 1994 створана Вышэйшая атэстацыйная камісія (ВАК) Рэспублікі Беларусь, рэарганізаваны і адкрыты новыя саветы па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. За 1994—2002 колькасць дактароў навук у краіне павялічылася на 840 чал., кандыдатаў — на 3842 чал. Усяго на Беларусі ў розныя гады працавала амаль 3500 вучоных вышэйшай кваліфікацыі. У 1997 АН Беларусі нададзены новы статус — яна стала Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі (скарочаная назва паводле Статута — НАН Беларусі).

Для захавання навукова-тэхн. патэнцыялу ўдасканальвалася нарматыўна-прававая база навукі і тэхнікі, зацверджаны пералік і парадак фарміравання і выканання дзярж. навукова-тэхн. задач. З 1991 дзейнічае Бел. рэспубліканскі фонд фундаментальных даследаванняў, які аказвае на конкурснай аснове фінансавую падтрымку навук. калектывам і асобным вучоным. Для ўмацавання дзярж. падтрымкі інавацыйнай дзейнасці створаны Бел. інавацыйны фонд, які ў 2002 уключаны ў склад Нац. АН Беларусі. У 2002 падняты статус і пашыраны функцыі Савета па каардынацыі фундаментальных даследаванняў пры Нац. АН Беларусі, які перайменаваны ў Савет па каардынацыі фундаментальных і прыкладных даследаванняў. Дзярж. камітэтам па навуцы і тэхналогіях сумесна з інш. органамі дзярж. кіравання распрацавана і з 1997 пачала дзейнічаць праграма развіцця матэрыяльна-тэхн. базы навукі.

Для развіцця актуальных навук. кірункаў у 1990-я г. пачалі дзейнічаць новыя навук. ўстановы. У АН Беларусі арганізаваны: Інжынерны цэнтр «Плазматэг» (1990), Навукова-даследчы цэнтр праблем рэсурсазберажэння (1990, Гродна), Ін-т праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі (1990, на базе Ін-та торфу), Ін-т сацыялогіі і сацыяльных тэхналогій (1990), Аддзел аптычных праблем інфарматыкі (1991), Ін-т малекулярнай і атамнай фізікі (1992), ін-ты прыкладной оптыкі і тэхналогіі металаў (1992, Магілёў), Ін-т лесу (1992, Гомель), Ін-т тэхн. акустыкі (1999, Віцебск), Ін-т хіміі новых матэрыялаў (1998), Ін-т дзяржавы і права (1999), Аддзел праблем Палесся (2000). Ін-т ядзернай энергетыкі ў 1993 ператвораны ў Акадэмічны навукова-тэхнічны комплекс «Сосны» ў складзе трох ін-таў: праблем энергетыкі, радыяцыйных фізіка-хім. праблем і радыеэкалагічных праблем (створаны ў 1991). У 1992 прэзідэнтам АН Беларусі абраны Л.​М.​Сушчэня, у 1997 — А.​П.​Вайтовіч.

У сістэме міністэрстваў і ведамстваў створаны: Бел. НДІ экалагічнай і прафесійнай паталогіі (1990, Магілёў), Ін-т радыяцыйнай бяспекі (1991), Навук. цэнтр праблем механікі машын (1992), Дзярж. навукова-вытворчы канцэрн дакладнага машынабудавання «Планар» (1992, на базе КБ дакладнага электроннага машынабудавання, які існаваў у Мінску з 1962), Бел. цэнтр мед. тэхналогій, інфарматыкі, кіравання і эканомікі, аховы здароўя (1992), Бел. ін-т сістэмнага аналізу і інфармацыйнага забеспячэння навукова-тэхн. сферы, НДІ праблем аховы інфармацыі, Бел. НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы, Ін-т сацыяльна-паліт. даследаванняў пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (усе 1996), НДІ пажарнай бяспекі і праблем надзвычайных сітуацый (1999), Бел. НДІ лёну (2000). У 1992 створана Акадэмія аграрных навук Рэспублікі Беларусь (з 2002 у складзе Нац, АН Беларусі), якая аб’ядноўвала 15 НДІ і 9 доследных станцый. У 2000 у яе складзе было 17 акадэмікаў, 24 члены-карэспандэнты, 1740 навук. супрацоўнікаў, у т. л. 85 дактароў і 503 кандыдаты навук. Прэзідэнтам акадэміі абраны В.​С.​Антанюк. Асн кірункі яе дзейнасці: правядзенне фундаментальных і прыкладных даследаванняў, накіраваных на паскарэнне навукова-тэхн. прагрэсу ў аграпрамысловым комплексе; каардынацыя даследаванняў і навукова-метадычнае кіраванне гэтымі праблемамі, распрацоўка высокаэфектыўных рэсурсазберагальных экалагічных тэхналогій вытворчасці, перапрацоўкі і захавання прадукцыі сельскай гаспадаркі.

У 1996—2000 навук. даследаванні праводзіліся па 38 дзярж. праграмах фундаментальных даследаванняў у 130 навук. установах, у т. л.: 48 арганізацыях Нац. АН Беларусі, 13 ін-тах і цэнтрах Акадэміі аграрных навук, 32 ВНУ, 35 галіновых НДІ, 7 навук і навукова-тэхн. цэнтрах. У 2002 навук. даследаванні і распрацоўкі па розных галінах навукі і тэхнікі, прамысловасці і сельскай гаспадаркі вяліся ў 175 НДІ, 40 канструктарскіх і 5 праектных арганізацыях, 34 ВНУ, 31 н.-д. падраздзяленне на прамысл. прадпрыемствах, 8 доследных базах і інш. арганізацыях. У гэтым удзельнічалі 30 711 чал. (у 3,5 раза меней, чым у 1990), у т. л. 787 дактароў і 3472 кандыдаты навук (без уліку навукова-пед. работнікаў). У 58 ВНУ (у т. л. 14 недзяржаўных) працавалі каля 22,6 тыс. навукова-пед. супрацоўнікаў, у т. л. 1130 дактароў і 7336 кандыдатаў навук. Навук. даследаванні праводзіліся па машына- і станкабудаванні, металургіі, радыётэхніцы, электроннай, оптыкамех. і электратэхн. прам-сці, прыладабудаванні, камп’ютэрнай тэхніцы, сінтэзе новых рэчываў і матэрыялаў, ахове навакольнага асяроддзя, гуманітарных і сац. навуках і інш.

Станоўчыя змены адбыліся ў падрыхтоўцы навук. кадраў праз аспірантуру. Калі ў 1992 аспірантуру мелі 89 устаноў краіны, дзе вучыліся 2639 чал., то ў 2002—123 установы з 6053 аспірантамі, з іх 926 чал. у Нац. АН Беларусі. У 2002 аспірантуру скончылі 1152 чал., з іх 194 чал. ў Акадэміі навук.

У 2002 праведзены работы па ўдасканаленні структуры кіравання ў навукова-тэхн. сферы, укараненні распрацовак у нар. гаспадарку, каардынацыі розных этапаў стварэння і арганізацыі вытворчасці новай прадукцыі. Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5.3.2002 «Аб удасканаленні дзяржаўнага кіравання ў сферы навукі» ўстаноўлена, што Камітэт па навуцы і тэхналогіях (КНТ), ВАК і Нац. АН Беларусі ствараюць сістэму органаў дзярж. кіравання ў сферы навукі. КНТ (з 2004 Дзярж. КНТ) і Акадэмія навук паслядоўна рэалізуюць комплекс мер па арганізацыйна-эканам. рэгуляванні развіцця навуковай, навукова-тэхн. і інавацыйнай дзейнасці, абароне правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці. У 2001—03 КНТ, акадэміяй з удзелам Мін-ва адукацыі і інш. органаў дзярж. кіравання падрыхтаваны і ўнесены на разгляд СМ Рэспублікі Беларусь шэраг асноватворных дакументаў: «Канцэпцыя інавацыйнай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2003—2007 гг.» (зацверджана пастановай СМ ад 31.7.2003), «Канцэпцыя сістэмы аховы інтэлектуальнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь на 2003—2005 гг.», «Канцэпцыя далейшага развіцця навукі ў Рэспубліцы Беларусь». Для ўдасканалення сістэмы арганізацыі і правядзення навук. і прыкладных даследаванняў уведзены праграмна-мэтавы метад кіравання фундаментальнымі навук. даследаваннямі, пералік якіх на 2002—05 зацверджаны пастановай СМ ад 29.1.2002.

У 2002 навук. даследаванні вяліся па 32 дзярж., 9 галіновых, 6 рэгіянальных навукова-тэхн. праграмах, здзяйснялася навук. забеспячэнне 2 прэзідэнцкіх і 12 дзярж. народнагаспадарчых і сац. праграм. У 2003 па ініцыятыве Нац. АН Беларусі і пры падтрымцы КНТ ажыццёўлены кардынальныя змены ў арганізацыі н.-д. работ. У практыку кіравання навук. даследаваннямі ўведзены новыя формы іх выканання — дзярж. праграмы арыентаваных фундаментальных даследаванняў, дзярж. праграмы прыкладных даследаванняў, комплексныя праграмы навук. даследаванняў. Мэта новых праграм — атрыманне навук. вынікаў, арыентаваных на практычнае выкарыстанне. Пастановай СМ ад 2.5.2003 зацверджаны пералік дзярж. праграм фундаментальных і арыентаваных фундаментальных даследаванняў на 2003—05, а пастановай ад 26.9. 2003 — пералік 11 дзярж. праграм прыкладных навук. даследаванняў на 2003—05. Актывізавалася праца па фарміраванні навукова-тэхн. і інавацыйнай дзейнасці ў рэгіёнах Беларусі, асноўным механізмам здзяйснення якой з’яўляюцца рэгіянальныя навукова-тэхн. праграмы.

Навук. ўстановы і арганізацыі краіны выконваюць н.-д. і доследна-канструктарскія работы ў цесным кантакце з прадпрыемствамі з мэтай укаранення тэхнал. працэсаў, новай тэхнікі, матэрыялаў і практычных рэкамендацый, што дазваляе павысіць канкурэнтаздольнасць прадукцыі, садзейнічае вырашэнню праблем імпартазамяшчэння і экспарту ў розных галінах нар. гаспадаркі. Вынікі фундаментальных даследаванняў становяцца асновай навукаёмістых вытворчасцей, забяспечваюць развіццё сацыяльнай і культурнай сферы краіны. Аб гэтым сведчаць наступныя прыклады.

Фундаментальныя даследаванні па праграмах «Квант» і «Кагерэнтнасць» склалі аснову новых лазерных тэхналогій і абсталявання для машынабудавання, медыцыны. Новыя звышцвёрдыя, магнітныя, п’езакерамічныя і паўправадніковыя матэрыялы, распрацаваныя па праграме «Крышталяфізіка», дазволілі стварыць і выкарыстаць экалагічна чыстыя тэхналогіі вытворчасці парашкоў алмазу, кубічнага нітрыду бору, новыя ферытавыя і п’езакерамічныя вырабы для радыёэлектроннай прамысловасці.

Вынікі фундаментальных даследаванняў па праграмах «Інтэлект» і «Інфатэх» дазволілі стварыць прататыпы сістэм, пакетаў прыкладных праграм і макетаў устройстваў для ўводу, апрацоўкі і вываду відэаінфармацыі, аўтаматызацыі праектавання вырабаў у машына- і прыладабудаванні, апрацоўцы мед. інфармацыі, суперкамп’ютэрных сістэм.

Даследаванні ў галіне біяарганічнай хіміі прывялі да стварэння лячэбна-дыягнастычных прэпаратаў высокай сацыяльнай значнасці ў адпаведнасці з групамі рызыкі па захворваннях, арганізаваная вытворчасць якіх цалкам забяспечвае патрэбы краіны і ідзе на экспарт.

Многія прынцыповыя пытанні тэорыі крышталізацыі і зацвярдзення металаў і сплаваў (праграма «Ліццё») дазволілі стварыць высокаэфектыўныя тэхналогіі, абсталяванне і матэрыялы, якія шырока выкарыстоўваюцца на вытворчасцях Беларусі і за мяжой.

Фундаментальныя распрацоўкі па праграме «Біятэхналогія» дазволілі стварыць унікальныя прэпараты, якія не саступаюць замежным аналагам, для аховы пладова-ягадных культур ад хвароб.

На Нац. АН Беларусі як на вышэйшую навук. арганізацыю краіны ўскладзены функцыі правядзення, развіцця і каардынацыі фундаментальных і прыкладных навук. даследаванняў у галіне прыродазнаўчых, тэхн. і гуманітарных навук; павышэння эфектыўнасці выкарыстання навук. дасягненняў, падрыхтоўкі навук. кадраў вышэйшай адукацыі; павелічэння ўплыву навукі на развіццё эканомікі, адукацыі, культуры бел. народа.

Асновы і гарантыі дзейнасці акадэміі заканадаўча замацаваны ў законе Рэспублікі Беларусь «Аб Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» (5.5.1998), указах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у шэрагу інш. законаў, а таксама пастаноў СМ.

На 1.1.2004 у Нац. АН Беларусі працавала 16 625 чал., з іх 577 дактароў і 2145 кандыдатаў навук, у т. л. ў 73 н.-д. установах — 10 937 чал., у 2 навукова-вытворчых канцэрнах — 2681 чал., у канструктарскіх, доследна-вытворчых арганізацыях і прадпрыемствах — 1418 чал.; навук. даследаваннямі і распрацоўкамі заняты 6373 навук. супрацоўнікі. У персанальным складзе Акадэміі навук былі 94 акадэмікі, 100 членаў-карэспандэнтаў, 3 ганаровыя і 15 замежных членаў. За перыяд 1928—2004 у Акадэміі навук абраны: 252 акадэмікі, 223 члены-карэспандэнты, 11 ганаровых і 21 замежны член.

У складзе Нац. АН Беларусі 7 аддзяленняў: аграрных і біял. навук; гуманітарных навук і мастацтваў; мед. навук; фізіка-тэхн. навук; фізікі, матэматыкі і інфарматыкі; хіміі; навук аб Зямлі. З 2001 Акадэмію навук узначальвае М.​У.​Мясніковіч.

Навуковыя ўстановы і арганізацыі Акадэміі навук з’яўляюцца галаўнымі арганізацыямі-выканаўцамі работ па такіх навукова-тэхн. праграмах, як «Экалагічная бяспека», «Энергетыка-2004», «Тэхналогіі», «Будаўнічыя матэрыялы і тэхналогіі», «Белаўтатрактарабудаванне», «Энергазберажэнне». Акадэмія — дзяржзаказчык па такіх праграмах, як «Алмазы», «Новыя матэрыялы і ахова паверхняў», «Рэсурсазберажэнне 2005», «Лазерныя сістэмы», «Прылады для навуковых даследаванняў», «Інфармацыйныя тэхналогіі» і інш.

Вучоныя Беларусі праводзяць сумесныя навук. даследаванні з вучонымі інш. краін. У 2002 выконваліся 22 праекты ў рамках праграм міжнар. навукова-тэхн. супрацоўніцтва; у 2003 дзейнічала больш за 30 міжнар. міжурадавых дамоўленасцей у галіне навукі і тэхналогій (ЗША, Германія, Вялікабрытанія, Польшча, Кітай, Індыя, Іран, Сірыя і інш.). Акадэмічнымі ін-тамі ў 2003 выкананы навук. даследаванні і распрацоўкі па міжакадэмічных, міжінстытуцкіх пагадненнях і кантрактах з даследчымі цэнтрамі 52 краін Еўропы, Азіі, Аўстраліі, Паўн. і Паўд. Амерыкі. ВНУ выкананы кантракты і дагаворы з 25 краінамі. Ва ўзаемаадносінах з замежнымі краінамі ў апошнія гады зроблены акцэнт на актывізацыю інавацыйнай дзейнасці, падрыхтоўку высокакваліфікаваных кадраў, распаўсюджанне распрацовак бел. вучоных.

Нац. АН Беларусі развівае плённыя дзелавыя адносіны з замежнымі партнёрамі ва ўсім свеце і прадстаўляе Беларусь у такіх міжнар. навук. арганізацыях, як Міжнар. навук. савет (ICSU), Асацыяцыя еўрапейскіх акадэмій навук (ALLEA), Міжакадэмічная група па міжнар. праблемах (ІАР), Міжнар. цэнтр навуковай і тэхн. інфармацыі (МЦНТІ), Міжнар. кангрэс тэхн. таварыстваў па механіцы (ICÓMES), Міжнар. цэнтр па цепла- і масаабмене (ІСНМТ). Яна з’яўляецца членам Міжнар. асацыяцыі акадэмій навук (засн. ў 1993), дзейнасць якой накіравана на аднаўленне, захаванне і развіццё новых умоў навук. супрацоўніцтва. Бел. вучоныя ўдзельнічаюць у выкананні расійскіх навукова-тэхн. праектаў у галіне касмічных і авіяц. тэхналогій, атамнай энергетыкі, інфарматыкі і інш. Шэраг сумесных праектаў выконваецца з вучонымі Расійскай, Украінскай, Літоўскай, Балгарскай АН і інш.

З 1998 арганізацыі Нац. АН Беларусі ажыццяўляюць Міждзярж. праграмы Саюза Беларусі і Расіі: «Лазерныя тэхналогіі XXI стагоддзя», «Навукаёмістыя кампаненты агульнамашынабудаўнічага выкарыстання», «Суперкамп’ютэр», «Распрацоўка і выкарыстанне касмічных сродкаў і тэхналогій, апрацоўкі і адлюстравання касмічнай інфармацыі» («Космас-БР»), «Распрацоўка і выкарыстанне перспектыўных сродкаў і тэхналогій у інтарэсах эканамічнага і навукова-тэхнічнага развіцця Саюзнай дзяржавы» («Космас-СГ»), «Стварэнне высокаэфектыўных і біялагічна бяспечных лекавых прэпаратаў новага пакалення на аснове бялкоў чалавека, атрымліваемых з малака трансгенных жывёл» («БелРосТрансген», 2003—06).

Акадэмія мае шэраг двухбаковых пагадненняў аб навук. супрацоўніцтве з акадэміямі навук ці аналагічнымі ім навук. ўстановамі Арменіі, Аўстрыі, Балгарыі, Венгрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Егіпта, ЗША, Казахстана, Кітая, Кубы, Літвы, Македоніі, Малдовы, Паўд. Карэі, Польшчы, Расіі, Славакіі, Славеніі, Украіны, Фінляндыі, Францыі, Швецыі і інш., з сусветнымі лідэрамі ў галіне інфармацыйных тэхналогій — кампаніямі «Х’юлет-Пакард», «Дэл», «Оракл», «Эрыксан», «СІСКО». У 2003 паміж Нац. АН Беларусі і Т-вам Фраўнгофера (Германія) падпісана пагадненне пра ўтварэнне на базе Ін-та фізікі імя Б.​І.​Сцяпанава сумеснай лабараторыі для фундамент. і прыкладных даследаванняў у галіне оптыкі, дыягностыкі і неразбуральнага кантролю. Сумесная лабараторыя аптычнай дыягностыкі Фраўнгофера—Сцяпанава — першы ў СНД прыклад аб’яднанага міжнар. супрацоўніцтва ў навук. праграмах у гэтай галіне.

Вучоныя Акадэміі навук і ВНУ Беларусі ўдзельнічаюць у рэалізацыі міжнар. навук. праектаў пры фінансавай падтрымцы замежных навук. фондаў і арганізацый (МНТЦ, INTAS, IST, TACIS, ЮНЕСКА, МАГАТЭ і інш.).

Значная роля ў інфармацыйным забеспячэнні навукі адводзіцца бібліятэкам. Вялікая работа ў гэтым кірунку праводзіцца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы (ЦНБ) імя Я.​Коласа Нац. АН Беларусі (створана ў 1925 пры Інбелкульце). У яе фондзе больш за 3 млн. адзінак, у т. л. каля 1 млн. замежных выданняў. У апошнія гады тут арганізаваны анлайндоступ да электронных каталогаў многіх вядучых замежных навук. часопісаў. ЦНБ — адзіная ў краіне навукова-даследчая ўстанова па праблемах бібліятэказнаўства, бібліяграфазнаўства, гісторыі кнігі.

Дзеля рэалізацыі дзярж. палітыкі інфарматызацыі і кіравання нац. інфармацыйным рэсурсам у Акадэміі створаны Нац. цэнтр інфармацыйных рэсурсаў і тэхналогій (2002). Выдаюцца навук. часопісы: «Даклады Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», «Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» (у 7 серыях), «Веснік Фонду фундаментальных даследаванняў», «Вылічальныя метады ў прыкладной матэматыцы», «Інжынерна-фізічны часопіс», «Літасфера», «Матэрыялы. Тэхналогіі. Інструменты», «Нелінейныя з’явы ў складаных сістэмах», «Прыродныя рэсурсы», «Трэнне і знос», «Часопіс прыкладной спектраскапіі» і інш.

Вынікі некаторых навук. даследаванняў бел. вучоных прызнаны навук. адкрыццямі. Сярод аўтараў адкрыццяў А.​А.​Ахрэм (1975), М.​А.​Барысевіч (1977), У.​Р.​Барышэўскі (1979, 1988), Ф.​І.​Фёдараў (1980), В.​І.​Вацякоў (1986), Д.​М.​Гаркуноў, В.​Я.​Мацюшэнка, А.​А.​Палякоў і Г.​П.​Шпянькоў (1990), В.​А.​Лапіна (1991), В.​В.​Еўсцягнееў, У.​М.​Калешка, В.​С.​Пячкураў, В.​С.​Улашчык (1991).

Дасягненні бел. вучоных адзначаны высокімі дзярж. ўзнагародамі. Звання Героя Сац. Працы ўдастоены; Т.​М.​Шкурко (1948), П.​І.​Альсмік (1966), В.​Ф.​Купрэвіч (1969), М.​П.​Яругін (1969), А.​Н.​Сеўчанка (1971), П.​У.​Броўка (1972), Н.​Д.​Мухін (1973), Б.​І.​Сцяпанаў (1973), Т.​В.​Бірыч (1974), Я.​І.​Скурко (1974), К.​К.​Атраховіч (1975), Н.​Н.​Аляксандраў (1977), З.​І.​Азгур (1978), М.​А.​Барысевіч (1979), Т.​Н.​Кулакоўская (1979), Ф.​І.​Фёдараў (1979), І.​П.​Шамякін (1981). Званне заслужанага дзеяча навукі БССР і Рэспублікі Беларусь атрымалі больш за 310 вучоных, засл. дзеяча навукі і тэхнікі Беларусі — 70 чалавек. Ленінскія прэміі прысуджаны А.​К.​Красіну (1957), М.​Я.​Мацапуры (1962), Р.​І.​Салаухіну (1965), М.​А.​Ельяшэвічу (1966), Б.​Л.​Шапашніку (1976), У.​П.​Платонаву (1978), М.​А.​Барысевічу, В.​В.​Грузінскаму і В.​А.​Таўкачову (1980), Ю.​В.​Карніловічу і Г.​Д.​Смірнову (1983). 214 вучоных Беларусі адзначаны Дзярж. прэміямі СССР, больш за 800 вучоных і спецыялістаў — Дзярж. прэміямі БССР і Рэспублікі Беларусь. За дасягненні ў развіцці навукі і падрыхтоўцы кадраў ордэнамі СССР узнагароджаны АН Беларусі і яе 6 інстытутаў, 6 навук. устаноў мін-ваў і ведамстваў, 11 ВНУ.

Літ.:

Очерки истории науки и культуры Беларуси, IX — нач. XX в. Мн., 1996;

Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;

Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1966;

Знаменательные даты советской науки. Хроника важнейших научных событий и достижений // Советская наука: Итоги и перспективы. М., 1982;

Наука и техника СССР, 1917—1987 гг. Хроника. М., 1988;

Інстытут беларускай культуры. Мн., 1993;

Асветнікі зямлі беларускай: Энцыкл. давед. Мн., 2001;

Национальная академия наук Беларуси, 1929—1999. Мн., 1998;

Национальная академия наук Беларуси: Персон. состав. Мн., 2003.

А.​І.​Лесніковіч, В.​А.​Гапоненка.

Галоўны корпус Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
У зале Музея гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Чытальная зала прыродазнаўчых навук Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я.​Коласа.

т. 18, кн. 2, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУСЬ У СКЛАДЗЕ РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ

Тэрытарыяльна-адміністрацыйныя і палітычныя змены. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 да Рас. імперыі далучаны паўн.-ўсх. землі Беларусі, што раней уваходзілі ў склад Полацкага, Віцебскага і Мсціслаўскага ваяв. Гэта тэр. Беларусі ўвайшла ў склад Пскоўскай і Магілёўскай губ., якія былі аб’яднаны ў Беларускае ген.-губернатарства. У жн. 1776 замест Пскоўскай заснавана Полацкая губ. (з аддзяленнем яе ад велікарускіх правінцый). Вясной 1777 Магілёўская і Полацкая губ. падзелены на паветы, з 1778 губерні перайменаваны ў намесніцтвы. У 1783—85 праведзена Ген. межаванне, якое скасавала папярэднія правы на валоданне зямлёй і дакументальна аформіла правы новай улады на далучаныя землі.

Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 да Расіі, акрамя ўкраінскіх, адышлі бел. землі: рэшткі Полацкага ваяв. (на левым беразе Зах. Дзвіны); Віцебскага і Аршанскага пав. Віцебскага ваяв.; Мінскі, Мазырскі пав. Мінскага ваяв.; частка Рэчыцкага пав. (па правым беразе Дняпра); усх. часткі Навагрудскага і Слонімскага ваяв.; Сініцкі пав. Слуцкага княства; усх. часткі Браслаўскага і Ашмянскага пав. Віленскага і Пінскі пав. Брэсцкага ваяводстваў. Указам ад 13.4.1793 рэшткі Полацкага ваяв. далучаны да Полацкага намесніцтва, а ўсе землі ад яго мяжы да р. Бярэзіна — да Магілёўскага; Мазырскі пав. далучаны да Чарнігаўскай губ., а на астатняй тэр. ўтворана Мінская губ. Указам Сената ад 3.5.1793 заснавана Мінскае намесніцтва.

У сувязі з падаўленнем паўстання 1794 і канчатковым падзелам Рэчы Паспалітай Кацярына II загадала ліфляндскаму, эстляндскаму і літоўскаму ген.-губернатару кн. М.​В.​Рапніну падзяліць рэшткі Вял. княства Літоўскага на З часткі з цэнтрамі ў Вільні, Гродне і Коўне. У чэрв. 1795 у Гродне заснаваны часовы орган кіравання тэр. Літвы і Зах. Беларусі — Вярх. праўленне Літвы. 25.12.1795 новадалучаныя землі падзелены на Віленскую і Слонімскую губ. У жн. 1796 губерні перайменаваны ў намесніцтвы: Віленскае ў складзе 11 і Слонімскае — 8 паветаў. Такі падзел праіснаваў да канца 1796, калі Павел I правёў новую адм.-тэр. рэформу. Указам ад 12.12.1796 на гэр. Беларусі і Літвы створаны губерні: Беларуская (аб’яднала Магілёўскае і Полацкае намесніцтвы), Мінская (з далучаным да яе Рэчыцкім пав.) і Літоўская (увайшлі Слонімскае і Віленскае намесніцтвы). У выніку 3 падзелаў Рэчы Паспалітай да Расіі адышлі 468 тыс. км² тэр. з насельніцтвам больш чым 6 млн. чал.

У 1801—02 Аляксандр I увёў новы адм.-тэр. падзел. Беларуская губерня была падзелена на Магілёўскую і Віцебскую (абедзве губерні ўвайшлі ў Беларускае ген.-губернатарства); Літоўская — на Віленскую і Гродзенскую губ. (увайшлі ў склад Літоўскага ваен. губернатарства).

На новадалучаных землях царскі ўрад пачаў распаўсюджваць сваю сістэму мясц. дзярж. кіравання. Гал. асобай у губернях быў ген.-губернатар, які лічыўся намеснікам цара і ўзначальваў мясц. адміністрацыю падпарадкаваных яму тэрыторый. Фактычна ген.-губернатар быў надзелены неабмежаванымі паўнамоцтвамі. Яму былі падпарадкаваны ваен. і грамадз. губернатары (або правіцелі). У абавязак грамадз. губернатара, які камандаваў мясц. гарнізонам, уваходзіў нагляд за зборамі падаткаў, рэкрутаў, ходам следстваў, заключэннем казённых падрадаў і паставак, падтрыманнем грамадскага парадку і інш. Персанальны склад вышэйшай адміністрацыі набіраўся з рус. саноўнікаў і чыноўнікаў. Паколькі канчатковае рашэнне прымаў ген.-губернатар, то ўлада грамадз. губернатараў у канцы 18—1-й пал. 19 ст. была абмежаванай. Да таго ж адбываліся іх частыя персанальныя змены. У кожнай губерні дзейнічала губ. праўленне ў складзе «общего присутствия» і канцылярыі. Гасп. і фін. справамі кіравала казённая палата, якую ўзначальваў віцэ-губернатар. Яна займалася раскладам і зборам падаткаў, кіраваннем і наглядам за казённай маёмасцю і інш. У губернях дзейнічалі і інш. органы кіравання: рэкруцкія ўправы, прыказ грамадскай апекі, межавая кантора і інш. Гал. органам пав. улады лічыўся ніжні земскі суд, які адначасова выконваў адм.-паліцэйскія і судовыя функцыі. Узначальваў яго земскі спраўнік. У адрозненне ад цэнтр. рас. губерняў ён не выбіраўся, а прызначаўся Сенатам.

У сувязі з недахопам рус. чыноўнікаў Кацярына II дазволіла прызначаць на адм. пасады ў новаўтвораных губернях мясц. жыхароў. Мясц. шляхта атрымала правы выбіраць сваіх прадстаўнікоў у органы мясц. кіравання і суда, аналагічныя з правамі рас. дваранства. На бел.-літ. губерні была таксама распаўсюджана расійская (уведзеная яшчэ Пятром 1) 14-класная сістэма чыноў і рангаў.

У якасці судовага заканадаўства на далучанай тэрыторыі працягваў дзейнічаць Статут ВКЛ 1588, які ў 1780 быў перакладзены на рус. мову. Для найвышэйшай апеляцыі ў 1774 пры Юстыцкалегіі ліфляндскіх, эстляндскіх і фінляндскіх спраў Сената створаны Беларускі дэпартамент, які праіснаваў да 1780. Да гэтага часу вышэйшай апеляцыйнай установай у ВКЛ быў Гал. Літоўскі трыбунал, які знаходзіўся ў Вільні. З далучэннем Вільні трыбунал скасаваны, але ад часоў ВКЛ заставалася яшчэ шмат незакончаных спраў. Таму ў канцы 1796 для іх завяршэння створаны Грамадз. дэпартамент старых літоўскіх спраў. У лют. 1797 заснаваны Гал. літоўскі суд, які распаўсюджваў сваю дзейнасць на Літоўскую губ. Ён ажыццяўляў кантроль за дзейнасцю грамадз. і крымінальнага судаводства ніжэйшых судоў і таксама з’яўляўся апеляцыйнай інстанцыяй для магістратаў і ратуш. Пасля губ. рэформы 1801 у кожнай губерні былі створаны гал. суды ў складзе крымінальнага і грамадз. дэпартаментаў.

Паводле «Устанаўлення» 1775 на новадалучаных землях уводзіліся пав. суды са шляхецкай апекай, у губернях — верхнія земскія суды для шляхты; ніжэйшыя і верхнія расправы для вольных сялян; гарадавыя і губ. магістраты. Акрамя таго, у губ. гарадах існавалі крымінальная і грамадз. палата і губ. пракурор, які кантраляваў іх дзейнасць. Рас. ўрад адмяніў смяротнае пакаранне і не дазваляў судам разглядаць справы асоб, якія не мелі ў паветах нерухомай маёмасці. Замест земскіх судоў спачатку ва ўсх. Беларусі, а потым у інш. губернях былі створаны губ. і правінцыяльныя земскія суды, якія з 1773 называліся павятовымі. У далейшым ім перададзены і функцыі скасаваных гродскіх судоў. Падкаморскія суды, скасаваныя ва ўсх. Беларусі ў 1772, а на астатніх тэрыторыях — у 1795, былі ў 1797 адноўлены Паўлам I і праіснавалі да 1832. Спалучэнне бюракратычнага і саслоўнага элементаў у мясц. кіраванні найб. яскрава выявілася ў судовай сістэме. Урад прызначаў на пасады ў губ. і пав. судовых установах толькі саветнікаў і канцылярскіх чыноўнікаў. Усе астатнія пасады замяшчаліся па выбары дваранства, пры гэтым урад пільна сачыў, каб на пасады суддзяў, спраўнікаў, засядацеляў выбіраліся асобы, верныя рас. уладзе.

У канцы 18—1-й трэці 19 ст. ў бел.-літ. губернях сістэма судаводства захоўвала пэўныя адрозненні ад расійскай. У грамадз. судаводстве дзейнічалі нормы Статута ВКЛ, сеймавых канстытуцый, а справаводства вялося на польскай мове. Крымінальнае ж судаводства ажыццяўлялася паводле агульнаімперскіх законаў і на рус. мове.

З далучэннем да Рас. імперыі ўводзілася абавязковае пацвярджэнне вышэйшым саслоўям новадалучаных зямель сваіх правоў на прывілеі. Пачынаючы з 1772 шляхта была абавязана прадставіць у губ. гарады дакументы аб сваім паходжанні. Асобы, якія пацвердзілі сваё паходжанне, былі запісаны ў дваранскія родавыя кнігі.

Царскі ўрад, абвяшчаючы дваранства «пяршынствуючым» рас. саслоўем, юрыдычна замацаваў яго пануючыя пазіцыі ў сістэме абсалютысцкай дзяржавы. Сац., юрыд. і паліт. статус дваранскага саслоўя Рас. імперыі ўпершыню ў найб. поўным выглядзе быў зафіксаваны Кацярынай II у «Даравальнай грамаце дваранству» (1785). Асновай паліт. і эканам. магутнасці дваранства было валоданне не толькі зямлёй, але і прыгоннымі, на што не мелі правоў інш. саслоўі. Дваранства вызвалялася ад усялякіх падаткаў, цялесных пакаранняў і магло быць асуджана толькі роўнымі сабе. У новаўтвораных губернях і паветах дваранству дазвалялася кожныя 3—4 гады збіраць сходы (сеймікі). У іх функцыі ўваходзіла выбранне губ. і пав. прадвадзіцеляў дваранства (маршалкаў), а таксама прадстаўнікоў у саслоўныя суды і ўстановы, раскладка земскіх павіннасцей, вырашэнне гасп. і грамадскіх спраў мясц. жыцця.

У 1773 Сенат дапусціў да выбараў у дваранскія сходы асоб, якія валодалі не менш чым 10 рэвізскімі душамі. Права голасу і выбрання на пасаду мелі ўладальнікі 20 і больш сялян. У 1805 права голасу атрымалі дваране, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту, валодалі ў губернях маёнткамі не менш за 8 дамоў і атрымлівалі 150 руб. прыбытку за год. З 1817 у Гродзенскай губ. тэрмінам на 3 гады дазволілі ўдзельнічаць у выбарах дваранам, якія страцілі свае дакументы ў час вайны 1812 і не былі да гэтага часу запісаны ў дваранскія кнігі.

Гал. ролю сярод абраных асоб адыгрывалі дваранскія маршалкі. На пасадах іх зацвярджаў імператар з ліку 2 выбраных кандыдатаў. Асн. іх абавязкам было кіраванне справамі дваранскай карпарацыі. Пасады маршалкаў не аплачваліся, таму іх звычайна выбіралі з заможных памешчыкаў. Для прадстаўнікоў дробнай шляхты выбранне ў нізавыя выканаўчыя органы, суды і паліцыю з’яўлялася сродкам паправіць матэрыяльнае становішча, таму яны імкнуліся заняць адпаведныя пасады. Татарскай шляхце таксама было дазволена прымаць удзел у выбарах.

У выніку рэвізіі 1811 выявілася, што да шляхецкага саслоўя прыпісалася каля 200 тыс. чал., сярод якіх былі мяшчане, дваравыя, людзі невядомых саслоўяў з бел.-літ. губерняў. Адначасова ў гэтых жа губернях заставаліся людзі, якія пацвердзілі дваранскае паходжанне, але працягвалі плаціць падаткі ў казну. Таму пры правядзенні новай рэвізіі, згодна з указам Сената ад 20.1.1816, у дваранстве пакідаліся толькі тыя, хто быў запісаны да саслоўя ў 1795. Усім астатнім неабходна было пацвярджаць сваё паходжанне дакументальна. Паводле ўказа ад 23.8.1817 дробная шляхта, якая магла валодаць зямлёю, але без прыгонных або знаходзілася на службовых і чыншавых землях, трапіла ў спісы падатковага насельніцтва.

Беларусь у вайне 1812. 22.6.1812 Францыя аб’явіла Расіі вайну, а ў ноч на 24 чэрв. Паўн. групоўка «Вялікай арміі» пад камандаваннем Напалеона I (каля 213 тыс. чал.) пачала пераход расійскай граніцы пераправай цераз Нёман у раёне Коўна. Цэнтр. групоўка (каля 77 тыс. чал.) на чале з Э.​Багарнэ 29 чэрв.—2 ліп. перайшла Нёман у раёне Пілонаў. 27 чэрв. ў ваен. дзеянні ўключылася паўд. групоўка Ж.​Банапарта (каля 82 тыс. чал.), авангард якой праз дзень заняў Гродна. З ліп. каля в. Магільніцы цераз Зах. Буг пераправіліся гал. сілы дапаможнага аўстрыйскага корпуса К.​Ф.​Шварцэнберга. Пачынаючы вайну з Расіяй, Напалеон намагаўся прымусіць рас. камандаванне прыняць ген. бітву на тэр. Літвы, разбіць гал. сілы рас. армій паасобку ў памежных баях і пасля бліскучай перамогі вымусіць цара Аляксандра I заключыць мір на выгадных для Францыі ўмовах.

Адарваныя і расцягнутыя рас. арміі адыходзілі з ар’ергарднымі баямі ўглыб краіны для аб’яднання ў зручным месцы: 1-я Зах. армія М.​Б.​Барклая дэ Толі (каля 120 тыс. чал.) у напрамку на Дрысенскі лагер, потым, пакінуўшы корпус П.​Х.​Вітгенштэйна для прыкрыцця Пецярбургскага напрамку, да Полацка, Віцебска, Смаленска; 2-я Зах. армія П.​І.​Баграціёна (каля 49,5 тыс. чал.) — ад Ваўкавыска праз Слонім, Навагрудак, Нясвіж, Слуцк, Бабруйск да Магілёва, а пасля бітвы каля Салтанаўкі 21—23 ліп. — да Новага Быхава, Мсціслава і Смаленска. У час адыходу рас. войск адбыліся сутычкі і баі рознай напружанасці: каля Гродна, Ашмян, Друі, пад Віцебскам, пры Дзісне, в. Чарнова, Кукавячына, мяст. Казяны, Браславе і Леамполі, Астроўне, Карэлічах, Міры, Раманаве і інш.

Адносна незалежны характар мелі баявыя дзеянні на стратэгічных флангах. Пасля Клясціцкіх баёў (30 ліп. — 1 жніўня) паміж войскамі Вітгенштэйна і Н.​Ш.​Удзіно напалеонаўскія войскі адышлі да Полацка, куды падышоў баварскі корпус Л.​Гуўён Сен-Сіра. Узмоцненыя напалеонаўскія войскі перайшлі ў наступленне, 11 жніўня адбыўся бой на р. Свольна паміж авангардамі карпусоў Вітгенштэйна і Н.​Ш.​Удзіно. У выніку 1-й Полацкай бітвы (17—18 жніўня) войскі Вітгенштэйна адышлі да р. Дрыса.

У ліпені пачалі баявыя дзеянні войскі 3-й Рэзервовай абсервацыйнай арміі А.​П.​Тармасава. Пасля Кобрынскага бою 27 ліп. аб’яднаныя войскі К.​Ф.​Шварцэнберга і Ж.Л.​Э.​Рэнье ў выніку Гарадзечанскай бітвы (12 жніўня) вымусілі войскі А.​П.​Тармасава адступіць да Луцка. Паміж гэтымі буйнымі баямі адбыліся сутыкненні каля г. Пінск, Пружаны, мяст. Сялец, Сігневічы, в. Равяцічы і інш.

Абарону Бабруйскай крэпасці забяспечваў гарнізон і войскі корпуса Ф.​Ф.​Эртэля, размешчаныя каля Мазыра, якія ў ліп. — жніўні мелі сутычкі і баі з напалеонаўскімі войскамі паміж в. Брэжы і мяст. Парычы, пад Пінскам, Слуцкам, мяст. Лафа, Жлобінам, Казіміравам, с. Каменка і інш. 14 вер. авангардныя часці корпуса занялі Глуск, на наступны дзень у выніку ўпартага бою — в. Гарбацэвічы, а атрад А.​В.​Запольскага 16 вер. — Пінск. Аднак Эртэль не адважыўся развіваць поспех наступлення і 22 вер. вярнуўся ў Мазыр.

Напалеонаўскія войскі 28 чэрв. занялі Вільню, 8 ліп. — Мінск, 20 ліп. — Магілёў, 28 ліп. — Віцебск. Да пачатку жніўня асн. сілы «Вялікай арміі» выйшлі на лінію Дняпра і Зах. Дзвіны. Амаль уся Беларусь і Літва, акрамя Веліжскага, Люцынскага, Невельскага, Рэжыцкага, Себежскага пав. Віцебскай губ., Мазырскага, Рэчыцкага, часткі Бабруйскага пав. Мінскай губ., а таксама Беліцкага пав. Магілёўскай губ., была занята ці кантралявалася напалеонаўскімі войскамі, якія вымушаны былі перайсці на самаўтрыманне і забяспечваць свае патрэбы гал. чынам рэквізіцыйным шляхам за кошт мясц. харчова-фуражных рэсурсаў.

Паліт. арганізацыя і адм.-тэр. ўладкаванне занятых тэрыторый адпавядала дзярж. ўладкаванню напалеонаўскай імперыі. 1.7.1812 у Вільні створана Камісія Часовага кіравання (урада) Літвы (ВКЛ) — каардынацыйна-калегіяльны орган вышэйшай грамадз. улады для адм. кіравання тэр. Беластоцкай вобл., Віленскай, Гродзенскай, Мінскай губ., пазней перайменаваных у дэпартаменты. Камісіі падпарадкоўваліся цэнтр., рэгіянальныя і мясц. органы цывільнай адміністрацыі 4 дэпартаментаў. У кожным з іх, а пазней у Віцебскім і Магілёўскім дэпартаментах (не падпарадкаваных камісіі) арганізоўвалася адм. камісія з 3 членаў, прызначаных ці зацверджаных асабіста Напалеонам, пад старшынствам франц. інтэнданта, які выбіраўся з аўдытараў Дзярж. савета напалеонаўскай імперыі і падпарадкоўваўся імператарскаму камісару пры Камісіі Часовага ўрада. У адм. адносінах дэпартаменты падзяляліся на дыстрыкты на чале з падпрэфектамі. Па прыкладу Вільні арганізоўвалася структура муніцыпальнага (гарадскога) самакіравання ў дэпартаменцкіх цэнтрах і дыстрыктах. Адначасова была створана сістэма ваенна-адм. кіравання краем. У цэлым уладныя паўнамоцтвы камісіі пашыраліся на 4 дэпартаменты з плошчай 3787 міль​2 і насельніцтвам 2,5—3,5 млн. чал., падзеленыя на 32 дыстрыкты. Аднак рэальна пад уладаю было толькі каля 17 дыстрыктаў, бо астатнія кантраляваліся пэўны час рас. войскамі. Органы напалеонаўскай адміністрацыі пераважна займаліся арганізацыяй узброеных фарміраванняў, забеспячэннем войск, зборам грашовых сродкаў.

Ва ўмовах нестабільнага ваенна-паліт. становішча, кіруючыся палітыка-стратэгічнымі меркаваннямі, Напалеон адклаў пытанне аб аднаўленні ВКЛ да канца вайны з Расіяй. Захаваўшы ў непарушнасці прыгоннае права, ён спадзяваўся абаперціся на шляхту — гал. чынніка яго палітыкі, у свядомасці якой яшчэ не згасла ідэя ранейшай дзяржаўнасці.

Восенню 1812 у наступленне перайшлі рас. войскі, размешчаныя на флангах. Аб’яднаныя войскі 3-й і Дунайскай армій пад кіраўніцтвам П.​В.​Чычагова 12 кастр. занялі Брэст, атрад Я.​Чапліца 20 кастр. разбіў пад Слонімам полк Я.​Канопкі. Аднак толькі 30 кастр. часці Дунайскай арміі рушылі на Мінск. Пакінутая для аховы тылу вайсковая групоўка Ф.​В.​Остэн-Сакена пасля Ваўкавыскага бою 16 ліст. і паражэння пад Брэстам 25 ліст. адступіла на Валынь. Гэта дазволіла войскам К.​Ф.​Шварцэнберга заняць Слонім. Войскі Чычагова 13 ліст. пераправіліся цераз Нёман і пасля Койданаўскага бою 15 ліст. занялі Мінск, 21 ліст. — Барысаў. 24 ліст. атрад А.​П.​Ажароўскага заняў Магілёў.

Умацаваны корпус Вітгенштэйна пасля 2-й Полацкай бітвы (18—20 кастр.) вымусіў напалеонаўскія войскі адступіць да Лепеля. Корпус Ф.​Ф.​Штэйнгеля, дасланы з-пад Рыгі на дапамогу Вітгенштэйну, вёў баі з напалеонаўскімі войскамі на р. Ушача, пад Рудняй, 25 кастр. ў Кублічах. 7 ліст. атрад В.​І.​Гарпе ўвайшоў у Віцебск. Аб’яднаныя карпусы Н.​Ш.​Удзіно і К.​П.​Віктора 31 кастр. далі бой пад Чашнікамі войскам Вітгенштэйна, пасля чаго адышлі да Чарэі.

26—28 ліст. адбыліся баі па абодвух берагах ракі Бярэзіна. У ходзе Бярэзінскай аперацыі баяздольныя часці напалеонаўскай арміі (у т. л. гвардыя і значная частка афіцэрскага корпуса) здолелі каля в. Студзёнка пераправіцца цераз Бярэзіну. Аднак адчувальныя страты прадвызначылі немагчымасць працягваць актыўныя баявыя дзеянні. Гал. сілы «Вялікай арміі» адступалі на Вільню, ведучы ар’ергардныя баі: пры Зембіне і Плешчаніцах (30 ліст.), пры Даўгінаве і Латыгалі (2 снеж.), пад Маладзечнам (4—5 снеж.), пад Ашмянамі, Меднікамі. 5 снеж., даручыўшы кіраўніцтва арміяй І.​Мюрату, Напалеон з Смаргоні выехаў у Парыж. Войскі К.​Ф.​Шварцэнберга арганізавана адступалі ад Слоніма да Беластока. 10 снеж. авангард Я.​І.​Чапліца заняў Вільню, 20 снеж. атрад Дз.​В.​Давыдава — Гродна.

Бел. землі вынеслі асноўны цяжар ваен. дзеянняў. Найб. моцна пацярпелі мясціны, якія сталі арэнай шматлікіх баёў, прылеглыя да маршрутаў руху і раёнаў працяглай дыслакацыі вял. кантынгенту напалеонаўскіх і рас. войск. Амаль цалкам былі разбураны і знішчаны гарады Полацк, Відзы, Кобрын, Ваўкавыск. Голад, холад, хваробы і эпідэміі прадвызначылі гібель значнай часткі бел. насельніцтва. Колькасць рэвізскага насельніцтва, асабліва гарадскога, зменшылася на 12%. Вайна 1812 падарвала прадукцыйныя сілы сельскай гаспадаркі краю: рэзка зменшылася пагалоўе рабочай і прадукцыйнай жывёлы, амаль напалову скараціліся пасяўныя плошчы, разбурана ці знішчана шмат будынкаў.

Ва ўмовах панавання прыгонніцкай сістэмы працэс аднаўлення разбураных вайной памешчыцкіх і сял. гаспадарак расцягнуўся на доўгі час. Сац.-эканам. вынікі напалеонаўскіх войнаў на землях Беларусі абвастрылі і паскорылі крызіс прыгонніцкай сістэмы.

Сельская гаспадарка. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі царскі ўрад праводзіў тут палітыку насаджэння рус. памеснага землеўладання. Былыя дзярж. і духоўныя ўладанні, канфіскаваныя маёнткі мясц. памешчыкаў, якія адмовіліся прысягнуць на вернасць новай уладзе, а таксама ўдзельнікаў паўстання 1794, 1830—31 і рэв. руху раздаваліся рас. вяльможам, ваен. і грамадз. чыноўнікам. У 1772—1801 у 5 бел.-літ. губернях ім падаравалі 250,4 тыс. рэвізскіх (мужчынскіх) душ сялян. Да часу адмены прыгону ўдзельная вага панскай зямельнай уласнасці заставалася вельмі высокай. У 1859 у маёнтках сярэдне- і буйнапамесных уласнікаў (больш за 100 рэвізскіх душ прыгонных) 5 губерняў было 16 071,1 тыс. дзесяцін прыдатнай зямлі, або 66,8% усёй яе плошчы. Па адносных памерах панскай зямельнай уласнасці Беларусь у канцы 1860-х г. займала 1-е месца ў Еўрап. Расіі. Сярод панскай зямельнай уласнасці пераважала буйная, латыфундыяльная феад. ўласнасць (маёнткі, дзе было больш за 500 душ прыгонных). У апошняй чвэрці 18 ст. на яе долю ва ўсх. паветах прыпадала 74,6% прыватнаўласніцкай зямлі, у зах. і цэнтр. — у сярэднім 68,5%. У далейшым у сувязі з драбленнем і канфіскацыяй часткі латыфундыяльных уладанняў царскімі ўладамі памеры буйнапамеснай зямельнай уласнасці прыкметна зменшыліся. Рост таварнай прадукцыі ў панскай гаспадарцы, асабліва вытворчасці збожжа на продаж, патрабаваў пашырэння плошчы фальварковай ворнай зямлі, што абумовіла значнае ўзмацненне феад. прыгнёту сялянства, павелічэнне адпрацовачных павіннасцей. Колькасць ворнай зямлі павялічвалася не толькі за кошт асваення новых зямель, але і ў выніку захопу сял. угоддзяў.

Гал. прадукцыйнай сілай панскай гаспадаркі былі прыгонныя сяляне. У 5 бел.-літ. губернях у 1795 яны складалі 84,8% усяго сялянства, або 75,1% народанасельніцтва, у 1858 — адпаведна 70,9 і 57,6%. Змяншэнне ўдзельнай вагі іх тлумачыцца крызісам феад.-прыгонніцкай сістэмы і частымі неўраджаямі. Асновай гаспадаркі памешчыкаў было ворнае земляробства, пануючай сістэмай — папарнае трохполле. З пашырэннем пасеваў бульбы ў многіх маёнтках яно замянялася чатырохполлем. З развіццём танкаруннай авечкагадоўлі, гал. чынам на захадзе Беларусі, у некат. панскіх гаспадарках з’явілася шматполле з травасеяннем.

У абсалютнай большасці гаспадарак памешчыкаў апрацоўка зямлі і ўборка ўраджаю вяліся цяглавай сілай, прымітыўнымі прыладамі (саха, драўляная барана, серп, каса) і працай прыгонных сялян. Удасканаленыя прылады (плугі, жалезныя бароны), сеялкі, жняяркі, сенакасілкі сустракаліся рэдка. У 1840—50-я г. ў панскіх фальварках вял. пашырэнне атрымалі толькі малацілкі і веялкі. У канцы 18 ст. ў магнацкай сельскай гаспадарцы зах. Беларусі наёмная рабочая сіла складала 17,2%, усходняй — 7,4% усёй рабочай сілы. Выкарыстанне машын і наёмнай працы ў панскай сельскай гаспадарцы сведчыла пра фарміраванне капіталіст. ўкладу ў нетрах феадалізму, спробе перабудовы перадавых маёнткаў у бурж. кірунку. Аднак у эпоху позняга феадалізму наёмная праца не была яшчэ альтэрнатывай паншчыне, а толькі спадарожнічала ёй. Вынікам панавання папарнага трохполля і слабай тэхн. узброенасці земляробства былі пераважна збожжавы характар паляводства, невысокая ўраджайнасць.

Земляробства ўсё больш падпарадкоўвалася попыту ўнутр. і знешняга рынкаў, набывала таварны характар. Да канца 18 ст. з магнацкіх латыфундый зах. і цэнтр. паветаў на рынкі паступала больш за ​3/4 вытв-сці жыта. Самай таварнай галіной магнацкага прадпрымальніцтва было вінакурства. З магнацкіх маёнткаў усх. Беларусі вывозілі гал. чынам лён, пяньку, а таксама лес і прадукты перапрацоўкі драўніны.

2-й па значнасці галіной панскай гаспадаркі была жывёлагадоўля. Разводзілі пераважна прадукцыйную жывёлу (кароў, свіней, авечак). З ростам суконнай вытв-сці ў 1830—40-я г. ў зах. паветах значнае развіццё атрымала мерыносавая авечкагадоўля. Пашыралася і таварная мяса-малочная жывёлагадоўля. З развіццём рыначных, таварна-грашовых адносін на Беларусі паступова складвалася раённая спецыялізацыя сельскай гаспадаркі (лён у паўн., каноплі ва ўсх., бульба ў зах. і цэнтр. паветах, жывёлагадоўля на захадзе і Палессі).

Развівалася вотчыннае прадпрымальніцтва. У канцы 1820-х г. узніклі першыя панскія фабрыкі і заводы. На прамысл. прадпрыемствах выкарыстоўвалася як паншчынная праца прыгонных, так і наёмная праца (сваіх сялян і пабочных асоб).

Дзярж. зямельная ўласнасць на Беларусі значна саступала панскай. У апошняй чвэрці 18 ст. на яе долю прыпадала каля 18% усёй зямельнай уласнасці. З раздачай дзярж. зямель колькасць казённых сялян на Беларусі ў апошняй трэці 18 ст. зменшылася прыкладна ў 3 разы і склала 76,4 тыс. рэвізскіх душ, або 5,5% народанасельніцтва. У далейшым з пашырэннем дзярж. зямельнай уласнасці і натуральным прыростам насельніцтва колькасць іх тут вырасла. У 1866 яна дасягнула 266 тыс. душ мужчынскага полу, што складала 21,1% сялянскага, або 15,5% усяго насельніцтва. Амаль усе дзярж. маёнткі здаваліся з публічных таргоў у доўгатэрміновую арэнду (на 24 гады і больш) чыноўнікам, дробнай шляхце. Фальварковая гаспадарка вялася працай казённых сялян. Земляробства, жывёлагадоўля, уся гаспадарка дзярж. маёнткаў да 1840-х г. знаходзіліся на той жа ступені развіцця, што і ў панскіх фальварках.

Сяляне атрымлівалі ў карыстанне ад феадала зямельны надзел, за які абавязаны былі адбываць паншчыну або плаціць грашовы аброк. З развіццём фальваркова-паншчыннай гаспадаркі ішоў працэс абеззямельвання сялянства. У 1790-я г. ў зах. і цэнтр. Беларусі налічвалася 17,8 тыс., або 7% сялян (агароднікаў і халупнікаў), якія не мелі палявога надзелу. Напярэдадні рэформы 1861 у маёнтках сярэдне- і буйнапамесных уласнікаў 5 зах. губерняў землі, што знаходзіліся ў сял. карыстанні, складалі толькі 26,6% панскай зямлі. З развіццём таварна-грашовых адносін, абеззямельваннем часткі сял. двароў, пры розным забеспячэнні іх рабочай і прадукцыйнай жывёлай паглыблялася маёмасная дыферэнцыяцыя сялянства. У 2-й пал. 1850-х г. у маёнтках сярэдне- і буйнапамесных уласнікаў і дзярж. уладаннях Беларусі было больш за 100 тыс. беззямельных сялян-бабылёў абодвух полаў і прыкладна столькі ж малазямельных сялян-агароднікаў. Асн. крыніцай іх існавання з’яўлялася наёмная праца. З другога боку, вылучалася праслойка заможнага сялянства, якое мела вял. надзелы і значную колькасць жывёлы. Сац. расслаенне сялянства Беларусі пачалося ў 2-й пал. 18 ст. і да сярэдзіны 19 ст. дасягнула значнай велічыні.

З пашырэннем плошчы фальварковай ворнай зямлі адбываўся перавод сялян з аброчных у паншчынныя. З канца 18 да сярэдзіны 19 ст. ўдзельная вага паншчыннага сялянства ў маёнтках Беларусі павялічылася з 77 да 97%. Казённыя сяляне да 1840-х г. таксама адбывалі паншчыну. Гэта тармазіла разлажэнне феад.-прыгонніцкіх і развіццё капіталіст. адносін як у фальварковай, так і ў сял. гаспадарцы, але не магло спыніць іх. На працягу 1-й пал. 19 ст. памер паншчыны, што прыпадала на сял. гаспадарку, вырас у сярэднім у 1,5—2 разы. У 1830—40-я г. ў большасці маёнткаў найб. пашырана была паншчына 6 дзён на тыдзень з сял. гаспадаркі. Захоўваліся шматлікія павіннасці па абслугоўванні панскага двара і натуральны аброк (даніна).

Апрача павіннасцей за карыстанне зямлёй сяляне неслі дзярж. грашовыя (падушны падатак, земскі збор) і натуральныя (дарожная, кватэрная і інш.) павіннасці. Новым для Беларусі відам цяжкай павіннасці стала рэкруцкая павіннасць.

Сяляне, як і раней, займаліся рознымі промысламі. Шырокае распаўсюджанне атрымалі адыходныя промыслы — работы на будаўніцтве дарог, крэпасцей і асабліва сплаў лесу, возніцтва. Промыслы, асабліва адыходныя, садзейнічалі пранікненню таварных адносін у сял. гаспадарку.

У снеж. 1839 пачалася перабудова адм.-гасп. кіравання дзярж. вёскай зах. губерняў. Праводзілася люстрацыя, г.зн. падрабязнае апісанне маёнткаў і вызначэнне памераў сял. землекарыстання і павіннасцей. Уводзіўся падушны надзел, роўны 3 дзес. ворнай зямлі і 1 дзес. сенажацей. На аснове маёмаснай няроўнасці на дзярж. вёсцы сяляне былі падзелены на цяглых, паўцяглых, агароднікаў і бабылёў. Рэформа палепшыла становішча дзярж. сялян. У выніку праведзенай люстрацыі павіннасці казённых сялян Віцебскай і Магілёўскай губ. зменшыліся на 62—65%, Гродзенскай і Мінскай на 30—35%, а зямельныя надзелы ў апошніх губернях павялічыліся на 32—36 %, у Магілёўскай — на 15%. З 1844 у дзярж. уладаннях Беларусі фальваркі ліквідаваны, а сяляне пераведзены на грашовы аброк. Пазней адменены даніна і дадатковыя адпрацовачныя павіннасці, спынена і здача дзярж. маёнткаў у арэнду. У 1844 паводле палажэння Мікалая I ва ўсіх зах. губернях створаны губ. дваранскія к-ты для складання абавязковых інвентароў панскіх маёнткаў. Павіннасці сялян у іх вызначаліся адпаведна колькасці і якасці надзельнай зямлі, але не маглі перавышаць ​1/3 валавога даходу з пазямельных участкаў. Памешчыкам забаронена самавольна вызначаць згонныя дні і абкладаць сялян натуральнымі паборамі. У панскіх уладаннях зах. і цэнтр. Беларусі абавязковыя інвентары ўведзены ў 2-й пал. 1840-х г. Ва ўсх. паветах яны былі ўведзены ў частцы маёнткаў, некалькі разоў пераглядаліся і выпраўляліся. У цэлым інвентарная рэформа засталася незавершанай і не аблегчыла становішча панскіх сялян.

19.2.1861 Аляксандр II падпісаў Маніфест і зацвердзіў праекты «Палажэнняў» аб адмене прыгону ў Расіі. З адменай прыгону панскія сяляне сталі асабіста свабоднымі. Яны атрымалі шэраг грамадз. правоў: заключаць дагаворы, узбуджаць іскі, несці асабістую адказнасць перад судом і г.д. Аднак памешчыкі засталіся ўласнікамі ўсёй зямлі маёнткаў. Сяляне на працягу 9 гадоў па-ранейшаму былі прымацаваны да надзелаў. Да заключэння выкупных здзелак яны знаходзіліся на становішчы «часоваабавязаных», але і пасля заканчэння азначанага тэрміну селянін толькі з дазволу памешчыка меў права выкупу палявой зямлі. Памеры надзелаў вызначаліся канчаткова, сяляне пазбаўляліся права прырэзкі зямлі ў будучым.

Мясц. «Палажэнні» вызначалі парадак надзялення сялян зямлёй і выканання павіннасцей за карыстанне ёю. На Беларусі рэфармаваннем былі ахоплены 1860,3 тыс. (78%) душ абодвух полаў прыватнаўласніцкіх сялян. На Магілёўскую і Віцебскую (акрамя Дрысенскага і латгальскіх паветаў) губ. распаўсюджвалася мясц. «Палажэнне» для губерняў «вялікарасійскіх, новарасійскіх і беларускіх». У Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай, Мінскай губ., Дрысенскім і латгальскіх пав. Віцебскай губ. дзейнічала асобнае мясц. «Палажэнне».

Паводле мясц. «Палажэння» для рускіх, паўд.-ўкр. і ўсх.-бел. губерняў, у Віцебскай (8 паветаў) і Магілёўскай губ. быў устаноўлены душавы зямельны надзел. Для кожнай мясцовасці ўведзены вышэйшая і ніжэйшая яго нормы. Памеры вышэйшага душавога надзелу па асобных паветах вагаліся ад 4 да 5,5 дзес., ніжэйшага — ад 1,3 да 1,8 дзес. Калі дарэформенны надзел перавышаў вышэйшую норму, то памешчык меў права адрэзаць лішак зямлі на сваю карысць. У выпадку, калі ў памешчыка заставалася менш за ​1/3 агульнай плошчы ўгоддзяў маёнтка, ён мог утрымаць за сабой да трэці ўсіх прыдатных зямель. Са згоды сялян землеўласнік атрымаў права памяншаць надзел да чацвяртнога (​1/4 вышэйшага), што даваўся бязвыплатна («дармовы», або «жабрацкі», надзел). Скарачэнне памераў надзелаў, абеззямельванне сялянства пры ўвядзенні «Палажэнняў» ва ўсх. Беларусі практыкавалася ў значных памерах. Паводле мясц. «Палажэння» для Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай, Мінскай і часткі Віцебскай губ. за сял. грамадой замацоўваліся надзельныя землі, якія знаходзіліся ў пастаянным карыстанні сялян на 19.2.1861. Але калі памер надзелу быў вышэйшы за інвентарны ці ў памешчыка заставалася менш чым ​1/3 угоддзяў маёнтка, праводзілася адпаведная адрэзка сял. зямлі. Надзелы, дадзеныя сялянам паводле мясц. «Палажэння», у мностве панскіх уладанняў былі ўрэзаны. Памешчыкі імкнуліся пазбавіць сялян карыстання сервітутамі, у якіх сял. гаспадарка мела вял. патрэбу. У 1860-я г. зямельнымі сервітутамі і агульнымі пашамі карысталіся 56% двароў панскіх сялян цэнтр. і зах. Беларусі.

Мясц. «Палажэнне» для рус., паўд.-ўкр. і ўсх.-бел. губерняў вызначала памеры павіннасцей адпаведна велічыні душавога надзелу. Паводле яго сяляне павінны былі абкладацца аброкам да тых памераў, якія ён меў на час адмены прыгону. Паводле мясц. «Палажэння» для зах.-бел. і літ. губерняў у аснову вызначэння памераў аброку і паншчыны была пакладзена агульная вартасць павіннасцей з надзельнага ўчастка, азначаных у інвентары маёнтка. Гранічная велічыня сял. плацяжоў у параўнанні з інвентарнай некалькі зніжалася.

У зах. і цэнтр. Беларусі з адменай прыгону сяляне да зацвярджэння ўстаўных грамат павінны былі адбываць паншчыну ў памерах, устаноўленых інвентарамі панскіх маёнткаў.

Надзельную зямлю сяляне набывалі на аснове агульнага для ўсёй Рас. імперыі «Палажэння аб выкупе». Вартасць надзелу па выкупе вылічвалі шляхам капіталізацыі аброку з 6% гадавых. Выкупную аперацыю праводзіла дзяржава, якая выдавала сялянам выкупную пазыку. Пры згодзе сялян на выкуп, калі яны атрымлівалі поўны надзел, гэта пазыка складала 80% выкупной сумы, пры паменшаным надзеле — 75%. Астатнюю частку выкупной сумы (20—25%) сяляне павінны былі выплаціць памешчыку наяўнымі пры заключэнні выкупнога пагаднення. Выкупную пазыку сяляне абавязаны былі пагашаць на працягу 49 гадоў штогоднімі выкупнымі плацяжамі ў памеры 6% выкупнога доўгу. Фактычна выкуплялася не зямля, а феад. паншчынная і аброчная павіннасці сялян на карысць памешчыка.

Указам ад 1.3.1863 у Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Ковенскай губ., Дрысенскім і латгальскіх паветах Віцебскай губ. абавязковыя адносіны паміж сялянамі і памешчыкамі спыняліся з 1.5.1863. Уводзіўся абавязковы выкуп са зніжэннем аброчных і выкупных плацяжоў. Сялян, што адбывалі паншчыну, пераводзілі на аброк з памяншэннем яго на 20% супраць аброчных плацяжоў, вызначаных устаўнымі граматамі. 2.11.1863 выдадзены ўказ аб спыненні з 1.1.1864 часоваабавязаных адносін у Магілёўскай, бел. і рускіх паветах Віцебскай губ. Асн. маса панскіх сялян Беларусі перайшла з аброку на выкуп ужо ў пач. 1870-х г.

З мэтай адцягнення абеззямеленых сялян ад удзелу ў паўстанні, паводле цыркуляра віленскага ген.-губернатара М.​М.​Мураўёва ад 18.10.1863, у зах. і цэнтр. Беларусі, а таксама Літве ім павінны былі вярнуць землі, захопленыя памешчыкамі пасля 1857 (калі яны не паступілі ў надзел інш. прыгонным або не знаходзіліся ў арэндзе). Сяляне, пазбаўленыя зямлі ў 1846—56, атрымлівалі 3-дзесяцінны сямейны надзел. У зах. і цэнтр. паветах Беларусі зямлёй былі надзелены 19,2 тыс. двароў (каля 12,5% двароў панскіх сялян).

У выніку адзначаных мерапрыемстваў умовы рэформы на Беларусі сталі больш спрыяльнымі для сялян. Аднак яна па-ранейшаму мела грабежніцкі характар. Нягледзячы на значнае зніжэнне памераў выкупу, сялянства намнога пераплаціла за яго ў сувязі са спагнаннем высокіх працэнтаў па выкупной пазыцы. За 46 парэформенных гадоў дзяржава, праводзячы выкупную аперацыю, у 5 зах. губернях атрымала каля 100 млн. руб. прыбытку. Масавы сял. рух 1905 у Рас. імперыі прымусіў царскія ўлады з 1907 скасаваць выкупныя плацяжы.

16.5.1867 прыняты закон аб рэформе дзярж. вёскі Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны. Дзярж. сялян перавялі на абавязковы выкуп і прылічылі да т.зв. сялян-уласнікаў. За сялянамі замацоўваліся надзелы, якімі яны пастаянна карысталіся да часу рэформы 1867, дапускаліся прырэзка да сял. надзелаў з запасных і інш. свабодных дзярж. зямель і абмен сял. надзелаў на казённыя зямельныя ўчасткі. Але, як і панскія, дзярж. сяляне не мелі права павялічваць памеры надзелаў пасля рэформы.

У адрозненне ад панскіх сялян дзярж. сяляне не атрымлівалі ніякай пазыкі ад казны, што ўскладняла выкуп.

Пасля рэформы 1861 вызначальным фактарам эвалюцыі с.-г. вытв-сці стала развіццё таварна-грашовых, капіталіст. адносін. Рыначныя сувязі сельскай гаспадаркі раслі. Панская гаспадарка ўсё цясней звязвалася з рынкам, станавілася прадпрымальніцкай. Сял. гаспадарка таксама набывала бурж. характар. Развіццё капіталізму ў сельскай гаспадарцы выяўлялася найперш у пашырэнні вытв-сці, асабліва таварнай прадукцыі, у інтэнсіфікацыі і паглыбленні спецыялізацыі земляробства, узмацненні выкарыстання машын і ўдасканаленых прылад працы, паляпшэнні агракультуры, пашырэнні выкарыстання вольнанаёмнай рабочай сілы, выцясненні напаўпрыгонніцкіх форм гаспадарання капіталістычнымі, у сац.-класавай палярызацыі сялянства.

У канцы 19 ст. Беларусь, як і інш. рэгіёны Рас. імперыі, ахапіў агр. крызіс. Назіралася рэзкае паніжэнне цэн на збожжа, абумоўленае прытокам на еўрап. рынкі танных збожжавых тавараў з ЗША, Канады, Аргенціны, Аўстраліі. У гэтых умовах памешчыкі і сял. буржуазія пачалі перабудоўваць сваю гаспадарку на жывёлагадоўлю, найперш малочную, што прыносіла большы прыбытак. У выніку ў канцы 19 ст. вытв-сць збожжа на продаж у сельскай гаспадарцы Беларусі страціла пяршынствуючае значэнне. Ва ўмовах зніжэння цэн на збожжа, пры павелічэнні попыту на малочныя прадукты і павышэнні цэн на іх малочная жывёлагадоўля стала вядучай таварнай спецыялізаванай галіной сельскай гаспадаркі Беларусі. Развіццё малочна-мясной жывёлагадоўлі ўплывала на структуру пасяўных плошчаў, садзейнічала пашырэнню травасеяння, павелічэнню вытв-сці тэхн. і кармавых культур, сярод якіх першае месца займала бульба. Пашырэнне пасяўной плошчы пад бульбай вяло да паляпшэння тэхн. аснашчанасці с.-г. вытв-сці і павышэння ўзроўню агратэхнікі — замены архаічнага трохполля чатырохпольнымі севазваротамі. Рост гандл. бульбаводства быў абумоўлены ў першую чаргу развіццём вінакурнай вытворчасці (у 1881—94 у сярэднім штогод на вытворчасць спірту паступала 10,2 млн. пудоў бульбы, альбо ​1/3 яе валавога збору на гэтых землях). Рост вінакурства і інш. галін с.-г. прадпрымальніцтва (мукамольнага, масларобчага, сыраварнага, алейнага, суконнага і г.д.) адыгрываў важную ролю ва ўсталяванні капіталіст. адносін у сельскай гаспадарцы. Гандлёва-капіталіст. характар мела і льнаводства. У парэформенны перыяд у паўн. паветах Беларусі яно было адным з асн. кірункаў таварнай спецыялізацыі с.-г. вытв-сці.

Выключна важную ролю ва ўсталяванні капіталіст. адносін на вёсцы адыграла выкарыстанне машын і палепшаных прылад працы. У большасці маёнткаў меліся малатарні, веялкі. Часцей сталі выкарыстоўвацца сеялкі, жняяркі, сенакасілкі; глебу апрацоўвалі гал. чынам жалезнымі плугамі і баронамі. Разам з тым асн. частка бел. сялян карысталася старымі, прымітыўнымі земляробчымі прыладамі працы.

Адным з найб. істотных паказчыкаў усталявання капіталіст. адносін на вёсцы стала шырокае выкарыстанне памешчыкамі і сял. буржуазіяй наёмнай працы. У 1897 у 5 зах. губернях налічвалася 182,2 тыс. пастаянных наёмных с.-г. рабочых-парабкаў, з іх каля 130 тыс. чал. былі заняты ў с.-г. вытв-сці. Колькасць парабкаў тут была прыкладна роўная колькасці рабочых фабр.-заводскай, мануфактурнай і дробнакапіталіст. прам-сці.

Разам з тым ва ўсіх панскіх і вял. колькасці заможных сял. гаспадарак наёмная праца ў разнастайных формах цесна спалучалася з адпрацоўкамі. Па меры росту таварнай гаспадаркі і асабліва класавай дыферэнцыяцыі сялянства адпрацоўкі паступова выцясняліся вольнанаёмнай працай, але шырока практыкаваліся на Беларусі да канца 19 ст.

Найбуйнейшым перажыткам прыгонніцтва ў паслярэформеннай вёсцы была панская зямельная ўласнасць. Паводле афіц. даных, у 1877 на Беларусі памешчыкам належала 8760,5 тыс. дзес. (50,5%) прыдатнай зямлі. Вял. зямельныя масівы — 1650,7 тыс. дзес. (9,9%) — захавала за сабой феад. дзяржава. Бел. сяляне валодалі 5535,7 тыс. дзес. надзельнай прыдатнай зямлі, ці 33,4% усёй зямельнай плошчы. На кожнага памешчыка ў сярэднім прыпадала 1097 дзес., на сял. двор — 14,6 дзес. Анахранізмам феад. эпохі ў былой панскай вёсцы Беларусі былі зямельныя сервітуты і агульныя пашы, а таксама цераспалосіца, якая спалучалася з дробнапалоснасцю сял. угоддзяў, далёказямеллем. Саслоўны, паўпрыгонніцкі характар насіла пераважная большасць сял. падаткаў, плацяжоў і павіннасцей. Прамыя падаткі і павіннасці сялян падзяляліся на казённыя, земскія, грамадскія. Найбуйнейшым грашовым зборам з сялянства парэформеннай вёскі былі выкупныя плацяжы. Вял. цяжарам на плечы сялян клаўся таксама падушны падатак, які ў канцы 1860—1-й пал. 1880-х г. штогод складаў тут у сярэднім 2,8 млн. руб., ці больш за ​1/3 усіх сял. дзярж. падаткаў. Земскія павіннасці сялянства складаліся з земскіх грашовых збораў і натур. павіннасцей — дарожнай, падводнай (фурманачнай), паліцэйскай. Грамадскія павіннасці адбываліся сялянамі ў грашовай і натуральнай формах. Да іх належалі зборы на ўтрыманне валаснога праўлення і суда, сельскіх адм. асоб (ураднікаў, сельскіх стараст, ветэрынараў), рамонт сельскіх запасных магазінаў і інш. Розныя зборы з сялян паглыналі львіную долю сял. бюджэту, у канцы 19 ст. не меней за ​3/4 чыстага даходу з яе. У той жа час памешчыкі плацілі падатку ў сярэднім у 11,8 раза менш, чым сялянства.

Апрача прамых падаткаў сяляне плацілі вял. ўскосныя падаткі, што спаганяліся дзяржавай і прамыслоўцамі ў выглядзе дадатковай платы за тавары шырокага ўжытку (соль, тытунь, запалкі, гарэлка, цукар і інш.). Яны асабліва адбіваліся на немаёмных і маламаёмных пластах насельніцтва. Вял. цяжарам на плечы сялян клалася рэкруцкая, а з 1874 — усеаг. воінская павіннасць.

На сялян распаўсюджваліся асобыя законы, грамадз. правы іх былі абмежаваныя. Кожны селянін абавязкова прыпісваўся да сельскай ці валасной грамады, усе члены якой былі звязаны кругавой парукай пры выплаце падаткаў і адбыванні павіннасцей. Царскі ўрад таксама праводзіў палітыку абмежавання сял. перасяленняў. Сяляне падпарадкоўваліся саслоўнаму валасному праўленню, знаходзіліся пад асобай адм.-паліцэйскай апекай міравых пасрэднікаў.

З развіццём капіталіст. адносін на вёсцы, павелічэннем колькасці сельскага насельніцтва яго прадукцыйныя сілы раслі. Паляпшалася тэхн. аснашчанасць с.-г. вытворчасці. У 1910 памешчыкам належала 41,2 тыс. земляробчых машын (малатарань, веялак, сеялак, жняярак, конных грабель), сялянам (гал. чынам кулакам і заможным) — 32,5 тыс., амаль выключна малатарань і веялак. Кабальныя адпрацоўкі сялян паступова выцясняліся наёмнай рабочай сілай. Напярэдадні 1-й сусв. вайны ў параўнанні з 1897 колькасць парабкаў у маёнтках і гаспадарках сял. буржуазіі Бел. рэгіёна вырасла са 130 тыс. да 200 тыс. (53,8%).

За кошт «вымывання» серадняцкіх слаёў вёскі ў пач. 20 ст. назіралася далейшае паглыбленне класавай дыферэнцыяцыі сялянства на сял. буржуазію, гал. чынам дробную, і сельскі пралетарыят, пераважна з надзелам. З канца 19 ст. да 1-й сусв. вайны ўдзельная вага сял. серадняцкіх двароў зменшылася прыкладна з 30 да 20%, а бядняцкіх узнялася з 60 да 70%, сял. буржуазіі — з 8 да 11%. Класавая дыферэнцыяцыя сялянства была новай з’явай у сац. развіцці капіталіст. вёскі.

Рэвалюцыя 1905—07 прымусіла царызм зрабіць круты паварот у агр. палітыцы, стаць на шлях паскарэння капіталіст. развіцця вёскі. Рэформа П.​А.​Сталыпіна была адказам царскага самадзяржаўя на рэвалюцыю. Мэтай яе было, з аднаго боку, утварэнне класа кансерватыўнай сял. буржуазіі, якая стала б апорай царскага самадзяржаўя і саюзнікам памешчыка на вёсцы, з другога — ператварэнне асн. масы сялян у парабкаў і прамысл. рабочых. Акрамя таго, ставілася задача паскорыць рост прадукц. сіл земляробства, развіццё капіталізму ў сельскай гаспадарцы пры захаванні панскіх латыфундый. Такім спосабам урад імкнуўся прадухіліць агр.-сял. рэвалюцыю і ўзмацніць эканоміку краіны. Умовай правядзення рэформы з’яўлялася разбурэнне сельскай пазямельнай абшчыны. Паводле ўказа ад 9.11.1906, пры абшчынным землеўладанні кожны гаспадар дома, які меў у сваім карыстанні надзельную зямлю, атрымаў права выхаду з абшчыны і замацавання зямельнага надзелу ў асабістую ўласнасць. Пры выхадзе з абшчыны за сялянамі захоўвалася права карыстання надзельнымі землямі, што заставаліся ў агульным уладанні, — выганамі, пусткамі, ляснымі і інш. ўгоддзямі. Указ прадугледжваў таксама адвядзенне ім хутароў і адрубоў па магчымасці ў адным месцы, пераход цэлай грамады з абшчынным або падворным землеўладаннем да карыстання адрубамі пры згодзе ​2/3 членаў сельскага сходу. У кастр. 1908 гэты ўказ унесены на разгляд 3-й Дзярж. думы, якая зацвердзіла яго з некат. зменамі і папраўкамі. Затым ён быў ухвалены Дзярж. саветам, зацверджаны Мікалаем II і стаў называцца законам 14.6.1910 (дата зацвярджэння). Гэты закон паскорыў разбурэнне пазямельнай абшчыны і ўсталяванне сял. прыватнай уласнасці на зямлю. Калі ўказ ад 9.11.1906 дазваляў добраахвотны выхад з абшчыны, то закон ад 14.6.1910 рабіў яго абавязковым для бесперадзельных сельскіх абшчын.

Непасрэднае ажыццяўленне рэформы было ўскладзена на губ. і пав. землеўпарадкавальныя камісіі, створаныя ўрадам яшчэ ў сак. 1906. Імкнучыся фарсіраваць ліквідацыю пазямельнай абшчыны, урад выдаў 29.5.1911 новы закон, паводле якога землеўпарадкаванне магло праводзіцца незалежна ад таго, замацавана зямля ва ўласнасць ці не. Значна пашыраліся правы і функцыі землеўпарадкавальных камісій. Яны маглі прымусова рассяляць сялян на хутары і адрубы. На хутары і адрубы ішлі гал. чынам крайнія групы сялянства — сял. буржуазія і бедната. Агр. рэформа П.​А.​Сталыпіна садзейнічала абеззямельванню найбяднейшай часткі вёскі і канцэнтрацыі зямлі ў руках сял. буржуазіі. Сяляне-беднякі, часцей за ўсё хутаране, не маючы магчымасці весці гаспадарку, прадавалі свае надзелы. У 1907—14 па 5 зах. губернях прадалі зямлю, атрыманую ва ўласнасць, 40,8 тыс. гаспадароў дамоў, або 35,8% усіх хутарскіх і адрубных двароў. Рэформа паскорыла рост бурж. і скарачэнне панска-паўфеадальнага землеўладання. За названы перыяд у 5 губернях дваранскае землеўладанне зменшылася на 1099,1 тыс. дзес. (12,7%), а сял. прыватнае землеўладанне павялічылася на 1105,8 тыс. дзес. (56,1%).

Важная роля ў ажыццяўленні агр. палітыкі адводзілася Сял. пазямельнаму банку, на які была ўскладзена задача продажу сялянам дваранскіх зямель, нарэзаных хутарамі, на выгадных для іх уладальнікаў умовах. Банк садзейнічаў выпампоўванню грашовых сродкаў з вёскі на карысць памешчыкаў, дапамагаў апошнім у перабудове іх гаспадаркі на капіталіст. пачатках, насаджаў сял. хутарское землекарыстанне. Пазыковая палітыка банка была падпарадкавана хутарызацыі. У выніку дзейнасці Сял. пазямельнага банка, з аднаго боку, расла зямельная ўласнасць, умацоўвалася хутарская гаспадарка заможных вярхоў сялянства, з другога — узмацняліся згаленне большасці сялян, кабала і ліхвярства на вёсцы. Землеўпарадкавальныя камісіі і земскія ўстановы аказвалі фін.-эканам. падтрымку рэформе, асігноўвалі сродкі на стварэнне паказальных хутароў, агранамічную дапамогу сялянам, стваралі с.-г. склады, забяспечвалі сялян новай земляробчай тэхнікай, палепшаным насеннем і інш., што ўплывала на павышэнне культуры сял. земляробства, хоць для сельскай беднаты мела нязначныя вынікі.

Састаўной часткай рэформы з’яўлялася перасяленне сялян на ўскраіны краіны, найперш у Сібір. Такім шляхам меркавалася зняць вастрыню малазямелля ў цэнтры. У 1907—14 з 5 зах. губерняў у Сібір і на Д. Усход перасялілася 335,4 тыс. чалавек, што складала 11,6% перасяленцаў па Еўрап. Расіі. Асн. катэгорыю перасяленцаў складала вясковая бедната. Эканам. становішча перасяленцаў было не лепшае, чым на радзіме. Цяжкае матэрыяльнае становішча ўзмацнялася суровым, нязвыклым кліматам усх. рэгіёнаў, адсутнасцю ўрачэбнай дапамогі, масавымі хваробамі і ў выніку высокай смяротнасцю сярод перасяленцаў. Нацярпеўшыся нягод, значная частка іх вярталася ў родныя мясціны. У 1907—14 у 5 зах. губерняў з Сібіры і Д. Усходу вярнулася 36,5 тыс. (10,9%) перасяленцаў.

Сталыпінская агр. рэформа пацярпела няўдачу, бо праводзілася пры захаванні ўлады памешчыкаў, асноў панскай зямельнай уласнасці, за кошт згалення сял. мас. Яна не прывяла да карэнных змен у грамадскім ладзе Рас. імперыі. Ломка першабытнага абшчыннага землеўладання была эканамічна прагрэсіўная, але яна праводзілася ў рэакцыйных мэтах — захавання землеўладання памешчыкаў, іх даходаў, паліт. улады.

Прамысловасць. Гандаль. Гарады і мястэчкі. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай эканоміка Беларусі апынулася ў новых паліт. і гасп. умовах. У канцы 18 — пач. 19 ст. ў фін.-грашовай сістэме Рас. імперыі склалася цяжкая сітуацыя. Увядзенне ў 1769 папяровых грашовых знакаў — асігнацый — прывяло да нарастання інфляцыйных працэсаў. На бел. губерні вольнае абарачэнне банкаўскіх асігнацый было распаўсюджана ўказам ад 8.2.1795. Курс асігнацый у адносінах да сярэбранай манеты падаў з кожным годам. У 1814—15 ён знізіўся да 20 кап. серабром. Інфляцыя стрымлівала развіццё капіталіст. адносін, гандлю і крэдыту. Грашовая рэформа 1839—43 усталявала сістэму сярэбранага монаметалізму з абарачэннем устойлівых папяровых грашовых знакаў. Яна амаль на 10 гадоў стабілізавала грашовае абарачэнне і стала імпульсам хуткага развіцця таварна-грашовых адносін.

Уніфікацыі бел. і рас. рынкаў садзейнічала ўвядзенне адзіных мер і вагаў. Хаця атрыманне ўзорных мер і вагаў зацягнулася аж да пач. 1830-х г., агульнарас. адзіныя меры вымярэння паступова ўвайшлі ў побыт бел. губерняў. Афіц. палітыка абароны правоў вытворцаў шляхам дзярж. зацвярджэння прамысл. клеймаў была накіравана супраць пранікнення на рынак падробак і няякаснай прадукцыі. З 1830 па 1860 права на клеймаванне сваёй прадукцыі атрымаў 51 бел. прадпрымальнік. Увядзенне адзіных мер вымярэння, разам з абаронай правоў вытворцаў, паклала пачатак стандартызацыі — неад’емнай рысы індустр. грамадства.

У прам-сці Беларусі канца 18—1-й пал. 19 ст. найб. эканам. поспехі былі дасягнуты ў сферы дваранскага прадпрымальніцтва. У апошняй чвэрці 18—1-й чвэрці 19 ст. новыя прадпрыемствы адчынялі буйныя землеўласнікі, гал. чынам рас. паходжання. Графу Р.​Пацёмкіну ў Крычаўскім графстве належала суднаверф, канатная і парусінавая мануфактуры, у Дубровенскім старостве — адна з першых у Рас. імперыі гадзіннікавая мануфактура, суконная мануфактура і мануфактура па вытворчасці пазументаў. Граф С.​Зорыч заснаваў у Шклоўскім маёнтку гарбарную, канатную, парусінавую, суконную і шаўкаткацкую мануфактуры. Правадз. тайны саветнік М.​Навасільцаў трымаў у Слоніме суконную і дывановую мануфактуры. Дзярж. канцлер, граф М.​Румянцаў меў у Гомельскай эканоміі 2 вінакурныя з-ды, 3 гуты, 3 ткацкія фабрыкі, 2 піваварні, медны, ліцейны, свечачны, гарбарны, ільнотрапальны, цагельны, вапнавы і кафляны з-ды, сыраварню, шматлікія млыны, кузні і лесапільні. 2-і перыяд дваранскага прадпрымальніцтва пачаўся ў 1820-я г. У ім актыўна ўдзельнічалі сярэднія і дробныя землеўладальнікі, шляхта мясц. паходжання. Гэты перыяд характарызаваўся спецыялізацыяй вытв-сці, узнікненнем новых галін прам-сці, укараненнем удасканаленага абсталявання і паравых машын, спалучэннем мануфактуры і фабрычных форм арганізацыі вытв-сці, цеснай сувяззю са знешнім і ўнутр. гандлем. Дваранскія прадпрыемствы такога тыпу былі падрыхтаваны да дзейнасці ва ўмовах капіталіст. грамадства.

Другарадную ролю ў агульным развіцці прам-сці адыгрывалі эканам. намаганні купцоў і мяшчан. Ім належалі дробныя і сярэднія прадпрыемствы; адзінкавымі выключэннямі былі Альбрэхтаўскі стэарынава-свечачны і млынавы з-ды, пінскі паравы млын, слонімская медзеапрацоўчая ф-ка.

Дробныя прадпрыемствы на Беларусі ў 1796 складалі прыкладна 99%, у 1860—96% усіх прадпрыемстваў. У 1860 налічвалася 7,8 тыс. дробных капіталіст. прадпрыемстваў з 23,4 тыс. рабочых і сумай вытв-сці 14,1 млн. руб. Рамеснікі працавалі ў асн. на заказ. Прадукцыя дробнатаварнай вытв-сці паступала на мясц. гар., местачковыя і сельскія таргі і базары. Паступова ішоў працэс накаплення купецка-мяшчанскага капіталу.

Далейшае пашырэнне вытв-сці патрабавала новай энергетыкі, а ўдасканаленне тэхналогіі — непарыўнасці вытв. працэсу. На Беларусь прыйшоў час прамысл. перавароту. Яго сутнасць заключалася ў выцясненні ручной працы сістэмай машын і механізмаў. 1-ы паравы рухавік з’явіўся на Хомскай ф-цы (Кобрынскі пав.) памешчыка В.​Пуслоўскага. У 1818 граф М.​Румянцаў пачаў буд-ва паравой лесапільні і парахода. Да сярэдзіны 1850-х г. паравыя машыны меліся ва ўсіх галінах бел. прам-сці. У 1860 дзейнічала 76 прадпрыемстваў з паравымі рухавікамі і паравымі катламі і сумай вытв-сці 1926 тыс. руб. Хаця на ф-ках працавала ў 2 разы менш рабочых, чым на мануфактурах, фабр. прадукцыя па кошце амаль на 20% пераўзыходзіла мануфактурную. У адрозненне ад цэнтр. губерняў Рас. імперыі, дзе прамысл. пераварот пачаўся ў баваўнянай прам-сці, на Беларусі лідэрам тэхн. прагрэсу ў 1-й пал. 19 ст. былі асобныя прадпрыемствы суконнай і харч. прам-сці.

Прам-сць Беларусі ў канцы 18—1-й пал. 19 ст. ў асноўным абапіралася на мясц. сыравінную базу, што вызначыла развіццё яе вядучых галін — харчасмакавай і тэкстыльнай. Гал. галіной прам-сці дарэформеннай Беларусі было вінакурства. Новай і выключна дваранскай галіной харчовай прам-сці стала вытв-сць цукру. У мукамольнай прам-сці былі прадстаўлены ўладальнікі прадпрыемстваў з усіх саслоўяў і ўсе формы арганізацыі вытв-сці: дробнатаварная, мануфактурная і фабрычная. У 1796 дзейнічалі 1184 мукамольныя прадпрыемствы з 1400 рабочымі і гадавым перамолам 843 тыс. пудоў збожжа. Да 1860 іх колькасць вырасла да 1834, а гадавы перамол — да 2956 тыс. пудоў. У 1841 пачаў працу 1 -ы на Беларусі паравы млын (Магілёў). Пазней такія млыны з’явіліся ў Пінску і Віцебску. Тытунёвыя прадпрыемствы належалі купцам і мяшчанам і размяшчаліся толькі ў гарадах. Хутка развіваліся свечачныя і мылаварныя прадпрыемствы. Па памерах вытв-сці і дасканаласці тэхн. абсталявання вылучаліся Альбрэхтаўскі стэарынава-свечачны і мылаварны (каля Пінска) з-ды варшаўскага купца Р.​Ботэ. У тэкстыльнай прам-сці ў канцы 18 — пач. 19 ст. панавала вытв-сць палатняных, з 1820-х г. — ваўняных тканін. Да лепшых прадпрыемстваў Беларусі належалі Альбярцінская суконная ф-ка В.​Пуслоўскага (Слонімскі пав.) і Парэцкая суконная ф-ка А.​Скірмунта (Пінскі пав.).

Попыт на метал. вырабы разам з высокімі коштамі на прывазное жалеза прывёў да кароткачасовага ўздыму бел. чорнай металургіі. З 1828 па 1860 колькасць выплаўленага і пераробленага на Беларусі жалеза вырасла з 5,3 да 245 тыс. пудоў, а сума вытв-сці з 10,8 да 569,1 тыс. руб. Найб. стабільна працавалі металургічныя і металаапрацоўчыя прадпрыемствы Храптовіча ў Вішневе (Ашмянскі пав.), Барысаўшчынскі металургічны завод (Барысаўскі пав.), Старынкаўскі чыгунаплавільны і машынабуд. з-ды памешчыка Бенкендорфа (Чэрыкаўскі пав.).

На перапрацоўцы лясных багаццяў Беларусі базіраваліся шматлікія галіны лясной прам-сці: лесапілаванне, вытв-сць буд. гонту, суднабудаўніцтва, экіпажнае майстэрства, паташныя, дзягцярныя, смалакурныя і шкіпінарныя прадпрыемствы.

Бел. губерні, у параўнанні з інш. рэгіёнамі Рас. імперыі, мелі больш развітую сістэму шляхоў зносін, што з’явілася вынікам інтэнсіўнага буд-ва водных і сухапутных шляхоў. Да 1860-х г. праз Беларусь прайшлі важныя сухапутныя шляхі: шаша Брэст—Варшава, Масква—Брэст, Віцебск—Смаленск, Магілёў—Бабруйск. Шаша з Пецярбурга ў Кіеў атрымала афіц. назву Бел. тракту.

У 1799 пачаліся работы па паляпшэнні Агінскага канала. Быў рэканструяваны і Каралеўскі канал, які паводле ўказа ад 9.12.1846 наз. Дняпроўска-Бугскім. У 1797 імператар Павел I зацвердзіў праект буд-ва Бярэзінскай сістэмы, якая злучыла басейны Дняпра і Зах. Дзвіны. У 1824—39 пабудавана Аўгустоўская водная сістэма на стыку бел. і польскіх губерняў, якая злучыла басейны Нёмана і Віслы. У выніку ў 1-й пал. 19 ст. амаль што ўсе буйныя рэкі Беларусі былі злучаны штучнымі воднымі шляхамі. Да пач. 1860-х г. даўжыня суднаходных шляхоў па 5 бел. губернях складала каля 4 тыс. км, а сплаўных — прыкладна ўдвая больш. Будаваліся і новыя сродкі зносін — параходы. У дарэформенны перыяд па бел. рэках плавала 20 паравых суднаў.

Гандл. адносіны ў канцы 18—1-й пал. 19 ст. характарызаваліся нарастаннем крызісу сярэдневяковых форм гандлю, адначасова яго спецыялізацыяй і з’яўленнем новага тыпу ўдзельнікаў рынку, больш цесна звязаных з вытв-сцю. Гэта сведчыла пра заняпад натур. феад. гаспадаркі і развіццё капіталіст. рынку. У 1-й пал. 19 ст. гандаль ажыццяўляўся ў асн. па водных шляхах. У 1844 па рэках Беларусі было перавезена грузаў на 8,8 млн. руб., у 1860 — на 18 млн. руб. Асабліва павялічыўся сплаў лесу — асн. экспартнага тавару Беларусі. Па колькасці кірмашоў вылучаліся Магілёўская, Мінская і Гродзенская губ. Віцебская губ. саступала ім па колькасці кірмашоў, але па суме прададзеных тавараў стаяла нароўні з інш. губернямі. Буйнейшымі на ўсходзе былі Бешанковіцкі і Гомельскі, у цэнтры — Мінскі, на захадзе — Прыбараўскі, Зэльвенскі і Свіслацкі кірмашы.

Важнай мерай, якая падтрымлівала развіццё гандлю і ўсёй эканомікі, была дзярж. мытная палітыка. Пратэкцыянісцкі курс, якога Рас. імперыя прытрымлівалася ў 1822—50, павінен быў садзейнічаць станаўленню капіталіст. тэндэнцый у развіцці гаспадаркі і ўмацаваць уплыў яе знешнегандлёвых сувязей на сусв. рынку. У той жа час паміж Царствам Польскім і асн. часткай Рас. імперыі існавала мытная мяжа. Менавіта яе адмена ў 1850 прывяла да значнага памяншэння абаротаў самых буйных кірмашоў на захадзе Беларусі ўздоўж мытнай мяжы.

Развіццё капіталіст. адносін на Беларусі мела свае характэрныя рысы і нац. асаблівасці. Зыходнай базай для эвалюцыі эканомікі з’яўляліся сельская гаспадарка і вёска. Менавіта там былі сканцэнтраваны эканам. ініцыятыва, асноўныя фін., сыравінныя і прац. рэсурсы. У сельскай мясцовасці разгортвалася і атрыманая ў спадчыну ад феадалізму гандл. дзейнасць у форме перыяд. кірмашовага гандлю. Гарады і гар. эканоміка ў працэсе зараджэння капіталізму ў Беларусі адыгрывалі дапаможную ролю. Бел. «мадэль» генезісу капіталізму рэалізавалася ва ўмовах адсутнасці ўласнай нац. дзяржавы і, адпаведна, уласнай дзярж. эканам. ініцыятывы.

Асн. зрухі ў жыцці бел. гарадоў у канцы 18 — сярэдзіне 19 ст. звязаны са зменай іх адм. статусу. Паводле законаў Рас. імперыі яе гарады падзяляліся на губ., пав. і т.зв. заштатныя. Шматлікія змены ў адм. падзеле бел. зямель вялі да істотных перамен у становішчы бел. гарадоў. Брэст, Мсціслаў і Навагрудак атрымалі статус пав. гарадоў. Стараж. Полацк і Слонім, першапачаткова выдзеленыя як губернскія, у хуткім часе таксама апынуліся ў ліку павятовых. Нясвіж, нядоўга прабыўшы пав. горадам, перайшоў у разрад заштатных. Захавалася значэнне Вільні як агульнага цэнтра Беларусі і Літвы, чаму садзейнічаў статус Віленскага ген.-губернатарства і канцэнтрацыя ў ім адм. улады і культ. жыцця.

Разам з гарадамі істотную ролю ў эканам. жыцці Беларусі адыгрывалі мястэчкі. Ад вёсак іх адрознівала права на вядзенне гандлю, рамёстваў і кірмашовую дзейнасць, ад гарадоў — адсутнасць сістэмы гар. самакіравання і гар. правоў для местачковага насельніцтва. У параўнанні з гарадамі мястэчкі наогул не адыгрывалі адм. ролі, значна саступалі ім па развіцці прам-сці. Аднак местачковае рамяство ў агульным выглядзе можна параўнаць з гарадскім, а гандл. значэнне шэрагу з іх іншы раз перавышала памеры гар. гандлю (Бешанковічы, Зэльва, Прыбарава, Свіслач, Стоўбцы, Целяханы).

У адносінах да юрыд. становішча гарадоў і гараджан новыя рас. ўлады праводзілі даволі непаслядоўную палітыку, у канчатковым выніку накіраваную на уніфікацыю бел. гар. самакіравання з агульнарасійскім. У 1858 у гарадах Беларусі налічвалася 15,6 тыс. рамеснікаў. З улікам местачковых рамеснікаў іх агульная колькасць складала прыкладна 32—33 тыс., пераважна яўрэяў (да ​2/3 ад агульнай колькасці). Асн. частка рамеснікаў гарадоў і мястэчак працавала на заказ. У астатніх галінах эканомікі гар. прам-сць не адыгрывала значнай ролі і не вытрымлівала канкурэнцыі з прам-сцю, якая базіравалася ў сельскай мясцовасці, развівалася за кошт эканам. ініцыятывы дваран і была набліжана да танных сыравінных і прац. рэсурсаў. Разам з ліквідацыяй прыватнаўласніцкіх гарадоў і паслабленнем паліт. і эканам. магутнасці магнацкіх родаў у поўны заняпад прыйшлі і тыя бакі гар. жыцця, якія былі разлічаны на абслугоўванне патрэб феад. двара (ювелірнае майстэрства, вытв-сць зброі і прадметаў раскошы).

У канцы 18—1-й пал. 19 ст. адбывалася карэнная рэканструкцыя гарадоў. У лют. 1778 Кацярына II зацвердзіла планы 22 гарадоў Магілёўскага і Полацкага намесніцтваў. На гарады Беларусі паступова распаўсюджвалася рэгулярная арх.-планіровачная арганізацыя на ўзор гарадоў Рас. імперыі. Дзеля гэтага былі зруйнаваны крапасныя валы ў Мінску, Магілёве, Пінску і інш. гарадах, што садзейнічала стварэнню выразнай вулічнай сеткі. Спецыфікай бел. горадабудаўніцтва канца 18—1-й пал. 19 ст. з’яўляецца праектаванне і буд-ва Бабруйскай і Брэсцкай крэпасцей і комплексная забудова шэрагу бел. гарадоў як гарадоў-рэзідэнцый. Новыя ўладальнікі бел. маёнткаў стваралі палацава-сядзібныя ансамблі, выразна змяніўшы аблічча стараж. бел. гарадоў. У канцы 18 ст. такія комплексы пабудавалі С.​Зорыч у Шклове, Р.​Пацёмкін у Крычаве, З.​Чарнышоў у Чачэрску, Румянцавы і Паскевічы ў Гомелі.

Дробнатаварная, мануфактурная і фабрычная вытв-сць, што склалася ў дарэформеннай Беларусі, пасля адмены прыгоннага права і рэформ 1860—70-х г. захавалася і атрымала далейшае развіццё. Пры гэтым значна пабольшала роля фабр.-заводскай прам-сці, якая ўпэўнена стала дамінуючай у прамысл. сектары бел. эканомікі. Яна з’яўлялася лідэрам тэхн. прагрэсу, выключна на ёй базіраваліся новыя для Беларусі вытв-сці прамысл. тавараў. Мануфактурная і дробнатаварная вытв-сць, хаця і саступала фабр.-заводскай па тэхн. узбраенні і ступені канцэнтрацыі прадукцыйных сіл, у агульным памеры вытв-сці займала значнае месца. Паралельнае існаванне, а не замена рамяства мануфактурай і мануфактуры фабрыкай, не сведчыла аб адсталасці бел. прам-сці. Тэхн. ўзровень не дазваляў весці машынную перапрацоўку ўсіх сыравінных рэсурсаў, а наяўнасць значнага лішку танных прац. рук стрымлівала тэхн. прагрэс, што тлумачыла трываласць у эканоміцы Беларусі дробнатаварнай вытв-сці і мануфактуры. У дробнатаварнай і мануфактурнай прам-сці назіраліся і некат. рысы канцэнтрацыі вытв-сці. Так, мяст. Смаргонь Віленскай губ. стала цэнтрам гарбарнай прам-сці, мяст. Дуброўна Магілёўскай губ. спецыялізавалася на вытворчасці талесаў (яўрэйскіх малітоўных шаляў), Копысь Магілёўскай губ. — кафлі.

Асабліва бурна развіваліся ф-кі і з-ды Беларусі ў канцы 19 ст. Гэты перыяд можна лічыць пачаткам індустрыялізацыі. На працягу 1880—90-х г. на Беларусі пабудавана ў 4 разы больш прадпрыемстваў, чым за 2 папярэднія дзесяцігоддзі. Важкім паказчыкам індустрыялізацыі быў рост энергет. узброенасці прам-сці. У пач. 1890-х г. на Беларусі дзейнічалі 294, у 1900—527 паравых рухавікоў. У 1889 пры Добрушскай папяровай ф-цы пачала працаваць 1-я на Беларусі электрастанцыя. За 40 парэформенных гадоў сума фабр.-заводскай вытв-сці на Беларусі вырасла з 1,9 да 72,1 млн. руб. (у 38 разоў), мануфактурнай — у 14 разоў, дробнатаварнай — у 3,1 раза, колькасць фабрык і з-даў у 15 разоў (з 76 да 1137), мануфактур — у 5,4 раза, дробных прадпрыемстваў — у 1,2 раза. У 1900 на бел. ф-ках і з-дах выраблена больш як 46% прамысл. прадукцыі, на мануфактурах — 15%.

Пры захаванні традыц. галіновай структуры бел. прам-сці ў ёй адбыліся колькасныя змены і якаснае паляпшэнне. Вядучае месца засталося за рознымі галінамі харчасмакавай прам-сці. Другараднае значэнне мелі тэкстыльная, гарбарная, шкляная, сілікатна-будаўнічая і інш. прамысл. галіны. Якасныя змены адбываліся ў лясной прам-сці. Побач з вывазам сырога лесу, які павялічваўся з кожным годам, на Беларусі ўзніклі прадпрыемствы па глыбокай перапрацоўцы драўніны. Лідэрам у гэтай галіне стала Добрушская папяровая ф-ка, якая мела першакласнае тэхн. абсталяванне, увяла новыя тэхналогіі і да 1900 давала штогод да 317,5 т паперы на суму 1601 тыс. руб. Даволі вял. папяровыя ф-кі дзейнічалі каля Чашнікаў у Лепельскім пав. («Скіна», засн. ў 1885) і Шклове (засн. ў 1890). Буйныя запалкавыя ф-кі дзейнічалі ў Барысаве, Койданаве, Мазыры, Пінску, Навабеліцы. Шматлікія прадпрыемствы лясной прам-сці Беларусі выраблялі дошкі, гонту, паркет, шпалы, запалкавую саломку, драўняную масу, кардон. Відавочным сведчаннем канцэнтрацыі вытв-сці ў лесахімічнай прам-сці былі буйныя з-ды сухой перагонкі драўніны ў Аршанскім, Рагачоўскім і Сенненскім пав. Гарбарная, шкляная і сілікатна-буд. галіны прам-сці паступова павялічвалі памеры вытв-сці, аднак тэхн. прагрэс пакуль што слаба закрануў іх.

Новай з’явай у эканоміцы Беларусі 2-й пал. 19 ст. было буд-ва асобных прадпрыемстваў, якія займалі часта манапольнае становішча ў адпаведнай вытв-сці: алоўкавая ф-ка ў Гродне, 1-я ў Рас. імперыі ф-ка акуляраў і аптычных прылад у Віцебску, суднабудаўнічы завод у Пінску.

Вял. значэнне для развіцця эканомікі Беларусі мела інтэнсіўнае чыг. буд-ва, якое разгарнулася з 1860-х г. Праз Гродна ў 1862 прайшла чыгунка Пецярбург—Варшава. У 1866—68 Віцебск і Полацк сталі станцыямі Рыга-Арлоўскай чыгункі. У 1871 з усходу на захад Беларусь перасекла чыгунка Масква—Брэст. Праз 2 гады пачаўся рух на бел. участку (Смаргонь—Маладзечна—Мінск—Асіповічы—Бабруйск—Жлобін—Гомель) Лібава-Роменскай чыгункі; праз Брэст прайшла чыгунка з Украіны да мяжы з Прусіяй. Такім чынам, бел. губерні атрымалі надзейны сродак зносін з Пецярбургам і Масквой, Украінай, партовымі гарадамі Рыгай і Лібавай, Варшавай і Зах. Еўропай. 8.8.1887 на станцыі Гомель урачыста адзначалася завяршэнне буд-ва сеткі казённых Палескіх чыгунак. Іх агульная даўжыня складала больш за 1400 вёрст. Кожны рэгіён Беларусі, праз які праходзіла чыгунка, атрымліваў моцны стымул для эканам. росту. За першыя 25 гадоў эксплуатацыі Палескіх чыгунак іх грузаабарот вырас у 50 разоў. Калі ў 1885 на Палессі было ўсяго 6 лесапільных з-даў з агульнай вытв-сцю 150 тыс. руб. за год, то ў 1909—48 з агульнай вытв-сцю больш за 2 млн. руб. Колькасць гарбарных з-даў вырасла з 24 да 100, іх гадавая вытв-сць павялічылася да 500 тыс. руб. Агульная колькасць усіх фабрык і з-даў у раёне Палескіх чыгунак вырасла з 674 да 4000 з гадавой вытв-сцю каля 60 млн. руб.

Індустрыялізацыя ахапіла і водны транспарт. За 1860—1900 колькасць паравых суднаў па рэках Беларусі вырасла з 20 да 164, а агульны грузаабарот чыг. і воднага транспарту краю — амаль у 18 разоў.

У 1881—85 ва ўсіх бел. губ. гарадах арганізаваны аддз. Дзярж. банка Рас. імперыі. Па колькасці ўлічаных вэксаляў Мінскае аддз. Дзяржбанка на мяжы стагоддзяў займала 5-е месца ў Рас. імперыі. У якасці саслоўных крэдытных устаноў дзейнічалі іпатэчныя дзярж. банкі — Сял. пазямельны банк (з 1883), Дваранскі зямельны банк (з 1885) і прыватныя акцыянерныя зямельныя банкі — Віленскі, Маскоўскі і Пецярбургска-Тульскі, якія мелі на Беларусі свае філіялы. Новы дзярж. курс у галіне фін.-крэдытных адносін выявіўся ў дазволе на дзейнасць прыватных банкаў. 8.1.1870 падпісаны сенацкі ўказ аб усталяванні ў Гомелі грамадскага банка. Больш дробныя гар. банкі дзейнічалі ў Полацку (з 1874), Віцебску (з 1882), Барысаве (з 1900), Ігумене (з 1904) і Магілёве (з 1908). У 1873 пачаў сваю дзейнасць Мінскі камерцыйны банк — буйнейшы прыватны банк Беларусі. У перыяд прамысл. ўздыму 1890-х г. банк адкрыў 11 філіялаў, у т. л. 9 за межамі бел. губерняў. Дробнае і кароткачасовае крэдытаванне ажыццяўлялі банкірскія і банкаўскія канторы. У канцы 19 ст. 37 такіх крэдытных устаноў існавалі ў 16 нас. пунктах Беларусі, у т. л. ў Ваўкавыску, Кобрыне, Ляхавічах, Нясвіжы, Пружанах, Слоніме. У 1874 з’явіліся першыя т-вы ўзаемнага крэдыту — Мінскае і Магілёўскае. Актыўна дзейнічалі на тэр. Беларусі агульнарас. і рэгіянальныя прыватныя камерц. банкі: Пецярбургска-Азоўскі, Арлоўскі, Варшаўскі, Рыжскі, Адэскі, Віленскі, Беластоцкі і інш.

У гандлі імкліва меншала значэнне кірмашоў. У 1868 на іх прададзена тавараў удвая менш, чым у 1860. Заняпад кірмашовага гандлю непасрэдна звязаны з развіццём чыг. транспарту, сродкаў сувязі і выхадам на рынак вял. колькасці прамысл. прадукцыі. Гэта дазваляла весці гандаль больш раўнамерна на працягу года і не прыстасоўвацца да прыродных умоў. Кірмашы, якія захаваліся, набывалі рысы гандл. біржаў, дзе ішоў не столькі непасрэдны гандаль таварамі, колькі адбываліся гандл. аперацыі, заключаліся здзелкі. Рост урбанізацыі Беларусі прывёў да значнага пашырэння рознічнага гандлю. У канцы 19 ст. гандаль у крамах сканцэнтраваў 95% усяго гар. ўнутр. гандлёвага абароту. У 1900 гандл. абарот больш за 1 млн. руб. мелі 14 бел. гарадоў. Тавараабарот у сельскай мясцовасці быў нізкі і значна адставаў ад гарадскога. Па паказчыках на душу насельніцтва ў 1900 ён быў меншы за тавараабарот у гарадах у 7 разоў.

Хаця пераважная колькасць прадпрыемстваў Беларусі размяшчалася ў сельскай мясцовасці, эканам. роля гарадоў павялічылася. Цэнтрамі фабр.-заводскай прам-сці сталі ўсе губ. гарады, а таксама Пінск, Гомель, Брэст, Барысаў, Бабруйск. Значныя змены адбыліся ў гар. камунальнай гаспадарцы. У 1898 пачаўся трамвайны рух у Віцебску. Гар. эканоміку дапоўнілі гар. электрастанцыі (1-я пачала працаваць у Мінску ў 1895) і бойні.

Да пач. 20 ст. на Беларусі быў завершаны прамысл.-тэхн. пераварот і ў асн. галінах прам-сці і транспарту канчаткова зацвердзілася перавага машыннай індустрыі. З 1900 па 1913 колькасць прадпрыемстваў цэнзавай прам-сці вырасла з 799 да 1280. Як і раней, працавалі шматлікія мануфактуры, дробныя прадпрыемствы, майстэрні, якія ў асн. арыентаваліся на мясц. спажыўца. Амаль у кожнай прамысл. галіне адбываліся перамены, ішла тэхнал. перабудова, расла энергаўзброенасць праз укараненне не толькі паравых рухавікоў, але і рухавікоў унутр. згарання і электрарухавікоў. Гэты працэс ахапіў і буйныя, і параўнальна невял. прадпрыемствы, напр., друкарні і тыпалітаграфіі.

Поруч з лесам лён пачаў выступаць на рынку не толькі як першапачатковая сыравіна. Выраб ачэсанай суравой і беленай ільняной пражы ў 1900 пачала льнопрадзільная ф-ка «Дзвіна» ў Віцебску, у 1902 — у сяле Высачаны Аршанскага пав. Адкрыццё ў 1901 ткацкай ф-кі ў мяст. Дуброўна па вырабе баваўняных, шаўковых і джутавых тканін прывяло да структурных змен у тэкстыльнай прам-сці — доля суконных прадпрыемстваў скарацілася. Працягвалі дзейнічаць Альбярцінская (Слонімскі пав.) і Лахазвянская (Навагрудскі пав.) шоўкакруцільныя ф-кі. У шкляной прам-сці разгарнулася вытв-сць хрусталёвага і лямпавага шкла, шкляных электраізалятараў. На з-дзе ў Альбярціне ў 1913 пачаўся выраб электралямпачак. У харчасмакавай прам-сці буйнейшым прадпрыемствам заставалася Гродзенская тытунёвая ф-ка Шарашэўскага. Аднак у гэтай галіне быў самы нізкі ўзровень канцэнтрацыі вытв-сці. Крыху паменшылася колькасць вінакурных з-даў, але іх вытв-сць павялічылася за кошт узбуйнення прадпрыемстваў і паляпшэння тэхналогіі. Напярэдадні 1-й сусв. вайны Мінская губ. выйшла на 1-е месца ў Рас. імперыі па вытв-сці спірту.

Прыкметнай эканам. з’явай на мяжы стагоддзяў сталі акц. кампаніі. Акцыянерна-паявыя прадпрыемствы існавалі ва ўсіх галінах бел. эканомікі, асабліва дзе ўзнікала патрэба хуткай мабілізацыі фін. сродкаў. Гэта маглі быць і сярэднія прадпрыемствы, і буйныя ф-кі і з-ды, прадпрыемствы трансп. і камунальнай сферы. Да першых адносіліся завод у мяст. Прапойск Быхаўскага пав. (засн. ў 1906, належаў т-ву Паўн.-Зах. канатна-драцяной вытв-сці), Акцыянернае т-ва ф-кі канторскіх кніг, пераплётных вырабаў і тыпалітаграфіі «Браты І. і М. Харыны», што дзейнічала з 1902 у Гродне. У форме акц. капіталу ў эканоміку Беларусі ішлі найб. буйныя замежныя інвестыцыі: бельгійскія акц. т-вы з’яўляліся ўладальнікамі віцебскага трамвая і льнопрадзільнай ф-кі «Дзвіна», франц. капіталу належалі 2 шоўкакруцільныя ф-кі і ф-ка грабянёў у Мінску.

Сведчаннем канцэнтрацыі і манапалізацыі вытв-сці стала з’яўленне сіндыкатаў і манапалістычных аб’яднанняў. У 1905 створаны сіндыкат кафельных заводчыкаў у Копысі, у 1906 — сіндыкат піваварных заводчыкаў Паўн.-Зах. краю ў Оршы, у 1911 — сіндыкат «Прадакон», куды ўвайшлі ўладальнікі канвертавых ф-к Брэста, Вільні і Адэсы (праўленне размяшчалася ў Мінску). У 1905 у Мінску пры аддз. Паўн. банка створаны «Камітэт запалкавых фабрыкантаў Заходняга краю», у 1908 бел. запалкавыя ф-кі ўвайшлі ў склад новаўтворанага «Рускага таварыства запалкавага гандлю». Бел. прадпрымальнікі часам выступалі ініцыятарамі агульнарас. манапольных аб’яднанняў.

Пасля некат. перапынку на Беларусі зноў пачалося інтэнсіўнае чыг. буд-ва, якое вялося з улікам паліт. і стратэгічных інтарэсаў Рас. імперыі. Але ў мірны час чыгункі працавалі на бел. эканоміку і былі яе сістэмаўтваральнай часткай. У 1902 пабудавана чыг. лінія Віцебск—Жлобін (праз Магілёў), у 1907 — Полацк—Сядлец (590 вёрст, прайшла праз Вілейку, Маладзечна, Ліду, Масты, Ваўкавыск, Свіслач). Для абслугоўвання мясц. патрэб будаваліся чыг. адгалінаванні ад асн. магістралей (Асіповічы—Старыя Дарогі—Урэчча, Вярэйцы—Градзянка, Васілевічы—Хойнікі). Не спыняліся і мясц. ініцыятывы па буд-ве чыгунак. У 1909—10 праводзіліся дэталёвыя пошукі трасы Бранск—Магілёў, Рослаўль—Магілёў, Магілёў—Мінск—Гродна; праект атрымаў назву Беларуская чыгунка. У 1901—13 здадзена ў эксплуатацыю амаль трэцяя частка чыг. палатна, якое мелася на Беларусі напярэдадні 1-й сусв. вайны. У 1913 насычанасць Беларусі чыгункамі была ў 1,8 раза вышэйшая, чым па еўрап. частцы Рас. імперыі.

Развіваліся водныя шляхі зносін. Быў дэталёва распрацаваны праект Чарнаморска-Балт. воднага шляху (Херсон—Рыга), часткай якога павінна была стаць рэканструяваная Бярэзінская водная сістэма. Новым сродкам транспарту стаў аўтамабіль. У 1909—14 некат. бел. гарады і населеныя пункты звязвалі рэгулярныя аўтамаб. маршруты.

Гандаль у пач. 20 ст. адлюстроўваў пашырэнне рэгіянальнага, унутрыбел. рынку, яго цесную сувязь з агульнарас. і замежнымі рынкамі. Мясц. прам-сць паспяхова забяспечвала насельніцтва таварамі. Калі заможныя слаі грамадства часткова выкарыстоўвалі прывазныя тавары, то бел. селянін аддаваў перавагу танным рамесна-саматужным мясц. вырабам, што стварала эканам. падмурак для досыць трывалага захавання традыцыі рамеснай вытв-сці. У такіх умовах гандаль і мясц. прам-сць выбіралі для сябе аптымальныя варыянты развіцця, што рабіла рыначныя адносіны больш трывалымі.

У цэлым Беларусь мела экспартнаарыентаваную эканоміку. Пераважаў вываз с.-г. прадукцыі і лесаматэрыялаў. Адбыліся змены і ў структуры экспарту. Устойлівым попытам на знешнім рынку сталі карыстацца не толькі бел. сыравіна (лён, мяса і жывёла, птушка, яйкі, шчацінне, сыры лес), але і вырабы с.-г. прам-сці (масла, сыр, крухмал), а таксама фабр.-заводскай вытв-сці (папера, запалкі, дыхта, ільняная пража, апрацаваныя скуры). Як і раней, Беларусь заставалася раёнам развітога вінакурства, чыя прадукцыя перавышала патрэбу мясц. рынку і ў значнай колькасці ішла за межы бел. губерняў. У пач. 20 ст. Беларусь ператварылася ў раён увозу збожжавых грузаў. Вываз збожжа за мяжу быў нязначны. Асн. маса бел. збожжа ішла на ўнутр. рынак для спажывання мясц. насельніцтвам і на патрэбы вінакурнай і піваварнай прам-сці. У 1901—13 на Беларусь прыпадала 10,4% усерас. вывазу льновалакна. Штогод вывозілася каля 1530 тыс. пудоў ільнянога семя. Вываз малочных прадуктаў (у сярэднім за год) у 1911—13 у параўнанні з 1901—05 павялічыўся больш чым у 2 разы (з 261 тыс. пудоў да 538,5 тыс. пудоў). У 1901—13 з Беларусі штогод адпраўлялася прыкладна 40—50 тыс. галоў жывёлы.

Новай з’явай у арганізацыі гандлю стала ўзнікненне біржаў. У 1904 зацверджаны статут Мінскай лясной біржы. У 1906 пачала дзейнічаць Гродзенска-Лібаўская гандл.-прамысл. біржавая арцель, з 1912 — Віцебская гандл. біржа. Буйныя прадпрыемствы мелі свае гандл. аддзяленні ў розных гарадах.

У 1914 на Беларусі было 45 гарадоў, у іх ліку 4 губернскія (Віцебск, Гродна, Магілёў, Мінск), 31 павятовы (Ашмяны, Бабруйск, Барысаў, Брэст, Вілейка, Ваўкавыск, Гомель, Гарадок, Горкі, Дзісна, Дрыса, Ігумен, Клімавічы, Кобрын, Лепель, Ліда, Мазыр, Мсціслаў, Навагрудак, Орша, Пінск, Полацк, Пружаны, Рэчыца, Рагачоў, Слонім, Слуцк, Стары Быхаў, Сянно, Чавусы, Чэрыкаў) і 10 заштатных (Адэльск, Бабінавічы, Відзы, Докшыцы, Друя, Копысь, Нясвіж, Радашковічы, Смаргонь, Сураж). Гарадавое палажэнне 1892 распаўсюджвалася ў поўным аб’ёме на 15 гарадоў (Бабруйск, Брэст, Віцебск, Гомель, Гродна, Мінск, Магілёў, Мсціслаў, Орша, Пінск, Полацк, Рагачоў, Слонім, Чавусы, Чэрыкаў). Астатнія 30 гарадоў з-за недастатковасці сродкаў і іх гандл.-прамысл. развіцця атрымалі згаданае палажэнне ў спрошчаным выглядзе (без абрання гар. дум, а толькі ўпраў). Развіццё шляхоў зносін, прам-сці, гандлю набліжалі некат. мястэчкі і чыг. станцыі да ўзроўню гарадоў, але ўлады гэта не ўлічвалі. Толькі Смаргонь у 1904 атрымала статус горада. Астатнія просьбы жыхароў шэрагу населеных пунктаў Беларусі аб наданні ім гар. правоў засталіся безвыніковымі. Па колькасці, складу і занятках насельніцтва, ролі ў прам-сці, гандлі і трансп. зносінах, на афіцыйны гар. статус і, адпаведна, гар. самакіраванне, маглі прэтэндаваць такія населеныя пункты, як Баранавічы, Глыбокае, Дуброўна, Жлобін, Маладзечна, Шклоў.

У цэлым урбанізацыя на Беларусі выявіла тэндэнцыю да павелічэння ролі буйных гарадоў у жыцці грамадства, вакол іх складваліся урбанізаваныя зоны. Аднак гэты паказчык не быў выключнай і лакальнай з’явай, а толькі завяршаў урбанізацыйную піраміду Беларусі, аснову якой складалі дробныя гарады і буйныя мястэчкі. У іх канцэнтравалася больш за палову гараджан.

Грамадскі і палітычны рух у 19 ст. Паўстанні 1830—31 і 1863—64. Пач. 19 ст. стаў часам нараджэння практыкі публічнасці і фарміравання першых добраахвотных грамадскіх аб’яднанняў. Працэс самаарганізацыі грамадскіх сіл ішоў пераважна ў асяроддзі дваранства, а грамадская самадзейнасць развівалася пераважна ў сферы дабрачыннасці і навук. дзейнасці. Былі заснаваны дабрачынныя т-вы ў Брэсце, Гродне, Вільні, Мінску, Навагрудку і інш. гарадах. Актывізацыя грамадскага жыцця суправаджалася адыходам ад чыста навуковай ці літ. дзейнасці і ўзмацненнем цікавасці да «грамадскіх пытанняў». Развіццё незалежнай камерцыйнай прэсы, пашырэнне «практыкі чытання» фарміравалі ўмовы для ідэалаг. дыскусій, асн. зместам якіх было супрацьстаянне рацыяналіст. і клерыкальнага светапоглядаў, у выніку чаго пачаўся працэс афармлення ліберальных і кансерватыўных пазіцый.

Вынікі Венскага кангрэса 1815, прадастаўленне аўтаноміі і канстытуцыі Царству Польскаму выклікалі ў адукаваных колах Літвы і Беларусі спадзяванні на далучэнне бел.-літ. зямель да Царства Польскага. Гэтыя надзеі падмацавала стварэнне ў 1817 асобнага Літоўскага корпуса з ураджэнцаў бел.-літ. і ўкр. губерняў. У канцы 1817 сярод студэнтаў Віленскага ун-та ўзнікла тайнае патрыят. т-ва філаматаў, у якое ўвайшлі І.​Дамейка, Т.​Зан, А.​Міцкевіч, Я.​Чачот, Ю.​Яжоўскі і інш. Яны стварылі шэраг легальных і паўлегальных аб’яднанняў з мэтай уплыву на моладзь («Саюз сяброў», «Саюз прамяністых», «Саюз філарэтаў», «Саюз літаратараў», «Саюз натуралістаў» і інш.). Мэтай т-ва была падрыхтоўка і аб’яднанне сіл для аднаўлення Рэчы Паспалітай. У 1819 створаны 2 т-вы вучнямі Свіслацкай гімназіі, у пач. 1820-х г. у піярскім вучылішчы Полацка заснавана «Таварыства філарэтаў». У 1823 т-ва філаматаў раскрыта афіц. ўладамі, арыштавана каля 100 чал., з іх 20 чал. паводле прысуду 1824 высланы ў інш. губерні Расіі, найб. актыўныя ўдзельнікі зняволены. У 1823 па ініцыятыве былога філамата М.​Рукевіча ў Беластоцкім пав. ўтворана тайнае т-ва «Ваенныя сябры», якое аб’яднала афіцэраў Літ. корпуса, мясц. шляхту і вучнёўскую моладзь. Кіраўнікі «Ваенных сяброў» раней належалі да навагрудскай масонскай ложы «Вузел адзінства». У 1819 у Царстве Польскім заснавана тайная арг-цыя «Нацыянальнае масонства», якая ставіла за мэту падрыхтоўку да аднаўлення незалежнасці Польшчы і правядзення ў ёй рэформ. Арг-цыя аб’ядноўвала да 200 чал. і стварыла правінцыяльныя ложы. У 1821 на яе аснове ўзнікла «Патрыятычнае таварыства». На базе віленскага «Нацыянальнага масонства» таксама створана «Патрыятычнае таварыства».

У пач. 1820-х г. многіх дзекабрыстаў лёс звязаў з бел. землямі, частка іх праходзіла тут вайск. службу. Кіраўнік Паўн. т-ва М.​М.​Мураўёў напісаў у Мінску варыянт праекта канстытуцыі. Членамі дзекабрысцкіх арг-цый быў шэраг афіцэраў Бабруйскай крэпасці. У рус. дзекабрысцкіх арг-цыях «польскае пытанне» выклікала вострую дыскусію. Тэр. пытанне ставілася і пры перагаворах паміж дзекабрыстамі і польскім «Патрыятычным таварыствам». Аднак і тыя, і другія адмаўлялі Беларусі ў самаст. існаванні.

У снеж. 1825 Літоўскі піянерны батальён па ініцыятыве кіраўнікоў «Ваенных сяброў» К.​Ігельстрома і А.​Вягеліна адмовіўся прысягаць імператару Мікалаю I. За гэта дзярж. злачынства і за ўдзел у тайных т-вах К.​Ігельстром, А.​Вягелін, М.​Рукевіч, М.​Вільканец і інш. былі засуджаны да смяротнай кары, пазней замененай на розныя тэрміны катаргі ці службы на Каўказе.

Разгром дзекабрыстаў у Расіі прывёў да росту апазіц. руху ў Царстве Польскім. У 1827 у Вільні створана тайнае т-ва «Сармацкае племя», або «Прыхільнікі Айчыны». Яго заснавальнікі студэнты А.​Тшаскоўскі, Грантоўскі, Ф.​Лісоўскі, К.​Зах ставілі за мэту аднаўленне Рэчы Паспалітай. У 1828 т-ва раскрыта ўладамі, яго члены пакараны цялесна і аддадзены ў салдаты на Каўказ.

Рэвалюцыя ў Францыі, нац.-вызв. рухі ў Бельгіі, Італіі паскорылі паўстанне ў Царстве Польскім. У ноч на 29.11.1830 пачалося паўстанне ў Варшаве, падрыхтаванае тайнымі арг-цыямі, у т. л. «Патрыятычным таварыствам» і Т-вам падхарунжых. У Варшаве быў сфарміраваны Часовы ўрад, у які ўвайшлі А.​Чартарыйскі, І.​Лялевель, Ю.​Нямцэвіч і інш. Урад аб’явіў аб скліканні сейма і ўстанаўленні дыктатуры галоўнакамандуючага польскіх войск Ю.​Хлапіцкага. 20.12.1830 польскі сейм апублікаваў «Маніфест польскага народа», у якім абвясціў мэты паўстання і заклікаў насельніцтва далучыцца да яго. Калі Ю.​Хлапіцкі зняў з сябе паўнамоцтвы дыктатара, 29 студз. створаны Нац. ўрад на чале з А.​Чартарыйскім, а галоўнакамандуючым польскага войска прызначаны М.​Радзівіл. Царскі ўрад прыняў меры, каб абмежаваць пашырэнне паўстання ў зах. губернях. 13.12.1830 уведзена ваен. становішча ў зах. Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне, павялічана колькасць войска.

Для падрыхтоўкі паўстання ў Беларусі і Літве ў студз.-лют. 1831 утвораны Віленскі цэнтр. паўстанцкі камітэт, у які ўвайшлі С.​Шумскі, А.​Гарэцкі, М.​Балінскі, В.​Пяткевіч, М.​Замбжыцкі, Э.​Ромер, Ю.​Храбніцкі. Паўстанне ў Літве і зах. Беларусі пачалося ў канцы сак. 1831. Віленскі к-т не змог кантраляваць яго ход. У кожным павеце быў створаны свой пав. ўрад, якія ўзначальвалі мясц. памешчыкі. У крас. паўстанне ахапіла ўсю Віленскую губ. і пачало пашырацца на Мінскую губ. Збіралі зброю і стваралі атрады памешчыкі Барысаўскага пав., да сярэдзіны мая паўстанне ахапіла Мазырскі і Рэчыцкі пав. У канцы мая на тэр. бел.-літ. губерняў уступіў атрад ген. Д.​Хлапоўскага (820 чал.), да якога далучылася частка паўстанцкіх атрадаў, пасля чаго ў атрадзе было каля 5 тыс. чалавек. Неўзабаве з Польшчы прыйшоў і 12-тысячны корпус ген. А.​Гелгуда і Г.​Дэмбінскага, які пачаў наступленне на Вільню, куды накіроўваўся і атрад Д.​Хлапоўскага. Камандаваў аб’яднанымі войскамі А.​Гелгуд. 11.6.1831 ён сфарміраваў Часовы паўстанцкі ўрад (старшыня Т.​Пінкевіч). 19.6.1831 пачаўся штурм Вільні. Рас. войска нанесла паражэнне аб’яднаным сілам паўстанцаў, якія адступілі, у сярэдзіне ліп. перайшлі прускую граніцу і склалі зброю.

У маі-жніўні 1831 у Гродзенскай губ. паўстанцкім рухам былі ахоплены Лідскі, Навагрудскі, Пружанскі, Кобрынскі і Слонімскі пав. Атрады паўстанцаў Я.​Кашыца, Г.​Дэмбінскага, Ю.​Незабытоўскага і інш. злучыліся ў раёне Белавежскай пушчы, дзе ўжо дзейнічалі атрады К.​Нямцэвіча, Я.​Дылінскага і інш.

Туды ж у сярэдзіне ліп. прыбыў атрад Д.​Хлапоўскага. Супраць іх былі накіраваны ўзмоцненыя сілы рас. войска. Не маючы надзеі на поспех, аб’яднаныя сілы паўстанцаў 19 ліп. рушылі ў Польшчу. Некалькі атрадаў (М.​Гедройца, М.​Шыманскага, С.​Панкоўскага) яшчэ дзейнічалі ў Налібоцкай пушчы. Але вестка аб узяцці рас. войскамі 8 вер. Варшавы, 9 кастр. — Модліна, а 21 кастр. Замосця вымусілі паўстанцаў, якія яшчэ заставаліся ў лясах, разысціся.

Рэпрэсіўныя меры супраць асоб, якія прымалі ўдзел у ваен. дзеяннях на баку паўстанцаў, пачаліся яшчэ да падаўлення паўстання. Згодна з указам Мікалая I ад 22.3.1831 шляхту, якая прымала ўдзел у паўстанні са зброяй, належала судзіць ваен. судом і прыгавор выконваць на месцы, маёнткі браць у казну, а дзяцей асуджаных аддаваць у ваен. кантаністы. Прадстаўнікоў падатных саслоўяў адпраўлялі на вайск. службу ў Сібір. Сялянам, якія пасля выхаду ўказа вярталіся да свайго памешчыка, давалася дараванне. Указам 6.5.1831 падзялялі «злачынцаў» на 3 разрады: кіраўнікі, удзельнікі баявых дзеянняў, усе іншыя. Маёнткі абвінавачаных секвестраваліся. Да следства за ўдзел у паўстанні ў бел.-літ. губернях было прыцягнута 2878 чал.

Паўстанне 1830—31 выклікала рэзкую перамену паліт. курсу царскага ўрада ў Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне. У вер. 1831 створаны Зах. к-т для выпрацоўкі палітыкі ўрада ў 9 зах. губернях у галіне кіравання, суда, асветы, культуры, шляхецкага саслоўя і інш. Было забаронена выкарыстанне польскай мовы ў справаводстве і яе выкладанне. У 1832 зачынены Віленскі ун-т, у 1840 адменена дзеянне Статута ВКЛ ва ўсіх галінах гасп. і паліт. жыцця.

Разам з тым паўстанне 1830—31 і «вясна народаў» стымулявалі крышталізацыю грамадскай думкі. Адбылося размежаванне кансерватыўна (Г.​Ржавускі, К.​Буйніцкі) і ліберальна (Р.​Падбярэзскі, Э.​Жалігоўскі) настроеных публіцыстаў. У ліберальным асяроддзі акрэсліліся радыкальны (Ф.​Савіч, Ю.​Бакшанскі, А.​Незабытоўскі) і памяркоўны (Ф.​Далеўскі, У.​Спасовіч) кірункі. Кансерватыўныя колы падзяліліся на «эвалюцыяністаў» (А.​Замойскі, В.​Старжынскі) і «непрымірымых» традыцыяналістаў (Г.​Ржавускі, А.​Дамейка). У перыяд т.зв. мікалаеўскай рэакцыі асветніцкія традыцыі Віленскага ун-та працягвалі Віленскае мед. т-ва і гімназічныя вучнёўскія гурткі. У 1830—40-я г. створаны дэмакр. т-ва студэнтаў Віленскай мед.-хірургічнай акадэміі, Братні саюз літоўскай моладзі, Саюз літоўскай моладзі ў Мінску, Саюз літоўскай моладзі ў Пецярбургскім ун-це і інш.

З сярэдзіны 1850-х г. на Беларусі, як і ва ўсёй Рас. імперыі, назіралася ажыўленне грамадскай дзейнасці, звязанае з абмеркаваннем праектаў адмены прыгоннага права, вяртаннем са ссылкі ўдзельнікаў паўстання 1830—31 і членаў нелегальных маладзёжных гурткоў і інш. У пач. 1860-х г. на Беларусі ствараліся публічныя б-кі і нядзельныя школы, шырокай падтрымкай бел. грамадскасці карысталіся т-вы цвярозасці, ажыццёўлены шэраг выдавецкіх праектаў, фарміраваліся цэнтры аб’яднання прыхільнікаў розных кірункаў грамадскай думкі. Вакол «Камітэта», ці «Арганізацыі грамадзян» (Я.​Гейштар, Ф.​Далеўскі, Ю.​Карповіч, Я.​Пянкоўскі) групаваліся памяркоўныя лібералы. У выніку дзейнасці к-та створана паўлегальная сетка дэпутатаў-памешчыкаў, якія ўзначальвалі рэфарматарскую эканам. і асветніцкую дзейнасць у краі. Супраціўнікі самастойнай дзейнасці грамадскасці, кансерватары А.​Чапскі, М.​Агінскі, А.​Дамейка, А.​Плятэр выступалі супраць «Арганізацыі грамадзян» і лічылі, што яна імкнецца падмяніць сабой органы царскай адміністрацыі. Радыкальна настроеная частка грамадства Беларусі і Літвы аб’ядналася вакол «Камітэта руху» (пазней Літоўскі правінцыяльны к-т, ЛПК), у які ўваходзілі Л.​Звяждоўскі (старшыня), К.​Каліноўскі, З.​Чаховіч, Э.​Вярыга і інш. Хоць яны і былі сац. радыкаламі, але далей ліберальнай праграмы (звяржэнне самаўладдзя, скасаванне прыгону) іх патрабаванні не ішлі. Разам з тым прыхільнікі «Камітэта руху» падкрэслівалі неабходнасць «кулачнай рэвалюцыі», а не рэфарматарскай дзейнасці. Сувязі з дэмакр. эміграцыяй і рус. рэв. рухам спрыялі выяўленню сацыяліст. тэндэнцый у светапоглядзе асобных прадстаўнікоў радыкалізму.

Восенню 1861 члены «Камітэта руху» пачалі падрыхтоўку паўстання. У кастр. 1862 старшынёй ЛПК абраны К.​Каліноўскі. Неафіц. органам ЛПК была газ. «Мужыцкая праўда», якая выдавалася К.​Каліноўскім, В.​Урублеўскім і Ф.​Ражанскім з лета 1862 да лета 1863 (выйшла 7 нумароў). Нечаканае абнародаванне 22.1.1863 Часовым нац. урадам (да гэтага Цэнтр. нац. к-т у Варшаве) Маніфеста і агр. дэкрэтаў і абвяшчэнне паўстання без узгаднення з ЛПК стварыла крытычную сітуацыю. ЛПК даволі доўга вагаўся, як рэагаваць на дзеянні Варшавы. 1.2.1863 Віленскі к-т выдаў свой маніфест, у якім абвясціў правы і свабоды, вызначаныя польскім нац. урадам, яго агр. праграму і заклікаў падтрымаць паўстанне ў Польшчы. Гэта азначала, што левыя ў ЛПК на чале з Каліноўскім для адзінства дзеянняў фактычна поўнасцю падпарадкоўваліся польскаму нац. ўраду. У лют. 1863 Н.​Дзюлёран, выключаны раней з ЛПК, дамовіўся з лідэрамі віленскіх «белых» А.​Аскеркам і Я.​Гейштарам аб захопе ўлады ў паўстанцкай арг-цыі Літвы — Беларусі і атрымаў згоду на гэта ад варшаўскага ўрада. 11.3.1863 яны адхілілі ад улады Часовы ўрад Літвы і Беларусі на чале з К.​Каліноўскім і замянілі яго Аддзелам кіраўніцтва правінцыямі Літвы, які ўзначаліў Я.​Гейштар. З прычыны слабасці рэв.-дэмакр. сіл К.​Каліноўскі вымушаны быў супрацоўнічаць з шляхецкімі рэвалюцыянерамі, а фактычна — падпарадкавацца іх цэнтрам.

Першыя паўстанцкія атрады з’явіліся на Беларусі з Польшчы ў студз.—лют. 1863. Буйнейшы з іх атрад Р.​Рагінскага, які з баямі прайшоў праз Пружанскі пав. да Пінскага, дзе каля в. Боркі ў лют. быў разбіты. Фарміраванне мясц. атрадаў і выхад іх у месцы збору пачаліся ў сак.—крас. 1863. Але ў адзінаборстве з магутнай рас. арміяй паўстанцы былі асуджаны на паражэнне. З прычыны несуразмернасці сіл баявыя дзеянні паўстанцаў, узброеных у большасці косамі, пікамі і паляўнічымі стрэльбамі, з самага пачатку мелі характар партыз. барацьбы: атрады пазбягалі сутычак з больш моцнымі сіламі. На тэр. Беларусі з лют. па жн. 1863 зафіксавана 46 баёў і баявых сутычак паўстанцаў з царскімі войскамі. З іх ​2/3 адбыліся на Гродзеншчыне і Віленшчыне. Разгром многіх паўстанцкіх атрадаў, шматлікія страты ў выніку баявых дзеянняў, пасіўнасць «белых» у падп. структурах прымусілі Н.​Дзюлёрана зноў запрасіць у Вільню К.​Каліноўскага. Разам з ім у пач. чэрв. 1863 у склад віленскага паўстанцкага цэнтра, які стаў наз. Выканаўчым аддзелам Літвы, увайшлі У.​Малахоўскі і Ю.​Каліноўскі. Дзякуючы ім дзейнасць Аддзела прыкметна актывізавалася і радыкалізавалася. З 31 ліп. К.​Каліноўскаму перададзены паўнамоцтвы старшыні Выканаўчага аддзела Літвы, а з 22 жн. — і паўнамоцтвы камісара варшаўскага ў Вільні. Да канца лета 1863 у яго руках сканцэнтравалася ўся паўната ўлады ў паўстанцкай арг-цыі на тэр. Беларусі і Літвы, аднак дамагчыся пералому ў барацьбе ён не здолеў: да пач. вер. 1863 паўстанне ў Літве і Беларусі практычна было падаўлена.

З пачаткам паўстання ў Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губ. уведзена ваен. становішча. У маі 1863 Віленскім ген.-губернатарам прызначаны ген. М.​Мураўёў, якому падпарадкоўваліся ваен. губернатары і начальнікі паветаў, узбр. сілы, жандармерыя і паліцыя, следчыя камісіі і ваен.-палявыя суды. Прыгаворы апошніх пасля зацвярджэння ваен. губернатарамі і ген.-губернатарам выконваліся неадкладна, смяротныя пакаранні — публічна, на плошчах гарадоў. Усяго ў краі 128 чал. пакарана смерцю, павешаны ці расстраляны, 12 483 чал. адпраўлены на катаргу і пасяленне ў Сібір, у арыштанцкія роты і г.д. К.​Каліноўскага ваен.-палявы суд прыгаварыў да расстрэлу, але М.​Мураўёў выказаўся за павешанне. Маёнткі памешчыкаў, што ўдзельнічалі ў паўстанні, падлягалі секвестру і канфіскацыі ў казну, усе астатнія мясц. памешчыкі былі абкладзены кантрыбуцыяй. У Беларусі і Літве быў устаноўлены рэжым выключных законаў, накіраваны на памяншэнне польскага і ўзмацненне рус. ўплыву.

Указ аб спыненні паліт. спраў, якія тычыліся «польскага паўстання», і палажэнне аб абмежаванні падсуднасці асоб грамадз. ведамства ваен. суду ў Паўн.-Зах. краі (май 1867) сведчылі пра памякчэнне рэжыму выключных законаў. З 1870 да 1901 на Беларусі створана 19 т-ваў сельскай гаспадаркі, 5 мед., 11 культ.-асв., 8 спарт. аб’яднанняў. Амаль у кожным губ. горадзе існавалі аддзяленні агульнарас. т-ваў: абароны жанчын, Чырв. Крыжа і інш. У канцы 19 ст. ствараліся касы і т-вы ўзаемнай дапамогі рамеснікаў і рабочых, якія з цягам часу апынуліся пад уплывам рэв. элементаў і сталі тым асяроддзем, адкуль рабочыя траплялі ў нелегальныя гурткі.

У 1870—90-х г. грамадскія арг-цыі сталі гал. месцам дзейнасці лібералаў. С.-г. т-вы аб’ядноўвалі памешчыкаў і служачых, якія імкнуліся спрыяць прагрэсіўным зменам у сельскай гаспадарцы. На Беларусі, дзе не было земстваў, гэтыя т-вы, асабліва Мінскае і Магілёўскае, часам выконвалі іх грамадскія функцыі. Пашырэнню ліберальных ідэй садзейнічалі шматлікія культ.-асв., навук. і гуманітарныя арг-цыі (Мінскае т-ва аматараў прыгожых мастацтваў). Ліберальныя ідэі абмяркоўваліся ў т.зв. хатніх гуртках. Кансерватыўныя колы Беларусі не лічылі грамадскую дзейнасць асн. сродкам дасягнення сваіх мэт. Яны лічылі, што свае ўяўленні аб дзярж. парадку, стане саслоўяў, адносінах да ўласнасці трэба даводзіць да ведама ўрада, які сам паклапоціцца аб прыняцці неабходных мер. Такія адносіны да рэальнай дзейнасці і адсутнасць на Беларусі дваранскіх сходаў сталі прычынамі таго, што паліт. кансерватызм тут не набыў акрэсленай формы.

З 1870-х г. расла цікавасць да сацыяліст. ідэй, што было звязана з ростам грамадз. актыўнасці, развіццём рабочага руху і з аслабленнем рэпрэсіўнай палітыкі царызму на Беларусі. У 1-й пал. 1880-х г. актыўную дзейнасць на Беларусі разгарнулі «Чорны перадзел», потым паўн.-зах. арг-цыя «Народнай волі» і польская партыя «Пралетарыят», што не дало магчымасці групе «Гоман» аб’яднаць гурткі Беларусі на аснове агульнай тэарэт. праграмы.

У канцы 19 ст. марксісцкае ўяўленне аб сацыялізме прынята ў якасці асноўнага для сацыяліст. рухаў Еўропы, таму значная частка сацыялістычна арыентаваных груп і гурткоў Беларусі перайшла на с.-д. пазіцыі. У рамках с.-д. аб’яднанняў ствараліся дапаможныя структуры: асв.-культ., узаемадапамогі і інш., усталёўваліся кантакты з прафсаюзамі, у выніку чаго фарміраваўся новы тып арг-цый — паліт. партыі. Першымі з іх на Беларусі былі партыі сацыяліст. кірунку. У 1897 у Вільні створаны Агульнаяўрэйскі рабочы саюз Літвы і Польшчы (Бунд). Менавіта ён у 1898 быў тэхн. арганізатарам I з’езда РСДРП у Мінску. У 1903 у Гомелі створаны Палескі, у 1904 у Вільні — Паўн.-Зах. к-ты РСДРП. У 1900 у Мінску на з’ездзе прадстаўнікоў Рабочага саюза Літвы і Сацыял-дэмакратаў Польшчы створана Сацыял-дэмакр. партыя Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ), у 1901 у Мінску — Яўр. незалежная рабочая партыя. У 1902 ідэйна і арганізацыйна аформіліся ППС у Літве і Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР). ППС у Літве выставіла лозунгі барацьбы за незалежнасць Літвы і Беларусі і ўсталяванне сацыяліст. ладу; найб. значныя яе арг-цыі існавалі ў Вільні, Гродне і Брэсце. ПСР выступала за знішчэнне самадзяржаўя і памешчыцкага землеўладання, за ўстанаўленне ў Расіі федэратыўнай дэмакр. рэспублікі, сацыялізацыю зямлі. Выключнае значэнне ў барацьбе з царызмам партыя надавала індывідуальнаму тэрору. У 1904 эсэраўскія арг-цыі Мінска, Віцебска, Гомеля, Вільні і інш. аб’ядналіся ў Паўн.-Зах. абл. арг-цыю ПСР. У 1902—03 створана Бел. рэв. грамада (пазней Бел. сацыяліст. грамада). У яе праграме, прынятай на 1-м з’ездзе (1903), партыя характарызавалася як сац.-паліт. арг-цыя бел. працоўнага народа. Сваёй канчатковай мэтай яна абвясціла знішчэнне капіталіст. ладу і пераход у грамадскую ўласнасць зямлі, сродкаў вытв-сці і камунікацый.

Рэвалюцыя 1905—07. Іскрай, што выклікала рэв. выбух у Рас. імперыі, стаў расстрэл 9.1.1905 у Пецярбургу масавых мірных шэсцяў рабочых, якія накіраваліся да Зімняга палаца з петыцыяй аб паляпшэнні становішча народа. Выступленні пратэсту пракаціліся па ўсёй імперыі, у т. л. на Беларусі, дзе студзеньскія паліт. стачкі ахапілі 25, а з улікам дэманстрацый і масовак — 30 гарадоў і мястэчак. Большасцю выступленняў кіравалі мясц. арг-цыі РСДРП і Бунда, якія, як правіла, дамаўляліся аб правядзенні агульных выступленняў, найперш стачак. Для гэтага на кааліцыйнай аснове ствараліся часовыя стачачныя камісіі. Агульнымі стачкамі з удзелам практычна ўсіх мясц. рабочых былі ахоплены Смаргонь, Гродна, Брэст, Мазыр, Полацк, Ашмяны, Слонім, Ветка, Дуброўна, Талачын, Парычы, Шчадрын. Аднак у Мінску, Гомелі, Пінску, Віцебску да іх не ўдалося далучыць найбуйнейшыя прадпрыемствы. Выступленнямі ў Гродне і Брэсце кіравалі мясц. к-ты Бунда і ППС у Літве. У шэрагу гарадоў (Магілёў, Гомель, Горкі) паліцыя і салдаты выкарыстоўвалі супраць удзельнікаў дэманстрацый і маніфестацый агнястрэльную зброю. Пахавальная працэсія ў Гомелі з удзелам 8 тыс. чалавек ператварылася ў антыўрадавую дэманстрацыю.

У лют.—сак. хваля паліт. выступленняў рэзка знізілася, але разгарнулася барацьба рабочых з прадпрымальнікамі за паляпшэнне свайго эканам. становішча. Некат. буйныя эканам. стачкі суправаджаліся антыўрадавымі маніфестацыямі. Агульная колькасць эканам. стачачнікаў у лютым 1905 дасягала 5,4, а ў сакавіку — 5,8 тыс., што значна перавышала сумарны паказчык за ўвесь 1904. Высокі ўзровень актыўнасці рабочых у эканам. барацьбе захоўваўся і ў наступныя месяцы. Нярэдка выступленні ахоплівалі ўсе прадпрыемствы пэўнай галіны вытв-сці ў маштабах горада. Як правіла, выступленні заканчваліся ўступкамі прадпрымальнікаў — поўнымі ці частковымі. У некат. выпадках рабочыя дамагліся ўстанаўлення 8-гадзіннага прац. дня.

Рэзкі ўздым паліт. барацьбы рабочых пачаўся ў сярэдзіне красавіка (па старым стылі) у сувязі са святкаваннем 1 Мая. У красавіцкіх паліт. стачках удзельнічала каля 51 тыс. чалавек, паліт. выступленнямі рабочых былі ахоплены 47 гарадоў і мястэчак. У чэрв.—ліп. 1905 шырокі размах на Беларусі набылі выступленні пратэсту супраць крывавых рэпрэсій царызму ў Лодзі, Варшаве, Адэсе, Іванаве-Вазнясенску. У пач. ліпеня яны спалучаліся з выступленнямі, на якіх ушаноўвалася памяць ахвяр «крывавай нядзелі» ў Пецярбургу і паўгадавіны рэвалюцыі. У Мінску, Бабруйску, Віцебску адбыліся ўзбр. сутычкі з паліцыяй і казакамі, мелі месца чалавечыя ахвяры. Сотні людзей былі арыштаваны.

Пад уздзеяннем рабочага руху актывізаваўся рух сялянства супраць памешчыкаў і мясц. адміністрацыі. У студз.—сак. адбыліся 53 сял. выступленні. Пераважную большасць іх складалі высечкі панскіх лясоў. У крас.—чэрв. сумарны паказчык сял. выступленняў дасягнуў 237, з іх 175 прыпала на чэрвень. Пад уплывам агітацыі мясц. арг-цый РСДРП, ПСР, а таксама Бунда, ППС у Літве і БСГ у сял. руху ў вяснова-летні перыяд 1905 хутка пашырыліся новыя для яго формы — забастоўкі, паліт. сходы і мітынгі. Іх удзельная вага ў параўнанні з традыц. формамі ўзнялася да 35,5%.

Першым найб. значным і арганізаваным выступленнем новага для вёскі тыпу з’явілася агульная забастоўка сялян-падзёншчыкаў і парабкаў, якая ў пач. чэрв. 1905 ахапіла амаль усе маёнткі Навагрудскага, а ў канцы чэрв. — Ваўкавыскага і Гродзенскага пав. Шырокі размах набылі с.-г. забастоўкі ў Мінскім, Бабруйскім, Рэчыцкім, Слуцкім, Брэсцкім, Горацкім, Аршанскім, Гомельскім і Рагачоўскім пав. Гал. мэтай сял. руху па-ранейшаму заставалася ліквідацыя панскага землеўладання. З традыц. форм сял. барацьбы самымі распаўсюджанымі былі патравы памешчыцкіх угоддзяў (18,2%) і высечка лесу (9%). 10% складалі сутычкі сялян з паліцыяй і войскамі. Імі звычайна завяршаліся найб. вострыя выступленні. Разгромаў і падпалаў панскіх двароў у Беларусі было няшмат (адпаведна 0,4 і 2,5% выступленняў). Пад уплывам рабочага і сял. руху хваляванні ахапілі і армію. У ліп. 1905 у Мінску салдаты Баранавіцкага чыг. батальёна выказалі пратэст супраць адпраўкі іх на Д. Усход. С.-д. агітацыя вялася ў гарнізонах Бабруйска, Гродна, Брэста і інш. гарадоў.

Пасля падзей 9 студз. ў Пецярбургу паліт. апазіцыя царызму ўзнікла і ў асяроддзі ліберальнай буржуазіі. У зале Мінскай думы 12 студз. абвешчана рэзалюцыя з патрабаваннем паліт. свабоды. У чэрв. 1905 Мінская гар. дума прыняла пастанову, у якой хадайнічала аб хутчэйшым скліканні нар. прадстаўнікоў. Прыкметную паліт. актыўнасць праяўляла і ліберальная інтэлігенцыя Мінска, што групавалася вакол Т-ва аматараў прыгожых мастацтваў. Каб аслабіць рэв. націск і знайсці падтрымку ў ліберальных колах грамадства, Мікалай II 6.8.1905 зацвердзіў законапраект аб выбарах у Дзярж. думу. Паводле яго выбарчая сістэма грунтавалася на саслоўным прынцыпе. Ад удзелу ў выбарах адхіляліся ўсе наёмныя рабочыя, якія не адпавядалі ўстаноўленым цэнзам па маёмасці і аселасці. Статус Думы вызначаўся як законадарадчы. Ніякіх рэальных правоў і паўнамоцтваў яна не атрымлівала.

Такі царскі «падарунак» не супакоіў ахопленую рэвалюцыяй краіну. Усе левыя, с.-д. і народніцкія, агульнарас. і нац. партыі разгарнулі шырокую агітацыю за байкот выбараў, за далейшае разгортванне масавай рэв. барацьбы за звяржэнне самадзяржаўя шляхам узбр. нар. паўстання і ўсталявання дэмакр. рэспублікі праз скліканне выбранага дэмакр. шляхам Устаноўчага сходу. Лозунг байкоту новай Думы падтрымала частка ліберальных прафесійна-паліт. саюзаў інтэлігенцыі. Аднак хваля рэв. выступленняў рабочых і сялян Беларусі ў жн. — вер. рэзка знізілася.

Новы ўсерас. ўздым рабочага руху пачаўся ў Маскве, дзе ў канцы вер. 1905 асобныя стачкі рабочых перараслі ў агульнагар. паліт. забастоўку, якая суправаджалася вулічнымі маніфестацыямі і сутыкненнямі рабочых з паліцыяй і войскам. У развіцці падзей выключную ролю адыграў Усерас. чыг. саюз, створаны ў крас. 1905. Цэнтр. бюро саюза 7 кастр. па тэлеграфе заклікала рабочых і служачых усіх чыг. майстэрняў далучыцца да ўсеаг. забастоўкі. На працягу наступнага тыдня чыг. рух у імперыі быў спынены. Адначасова па закліку рэв. партый у гарадах забаставалі прамысл. прадпрыемствы, гандл., навуч., банкаўскія і інш. ўстановы.

У ходзе Кастр. паліт. стачкі ў Пецярбургу, Маскве і інш. гарадах Расіі сфарміраваліся Саветы рабочых дэпутатаў ці выбарныя агульнагар. стачачныя к-ты. Абапіраючыся на ўзбр. баявыя дружыны рабочых, яны дзейнічалі ў пэўнай меры як органы ўлады. На Беларусі агульнагар. стачкамі кіравалі кааліцыйныя саветы, к-ты, камісіі, у якія на аснове пагаднення ўваходзілі прадстаўнікі РСДРП, Бунда, ПСР. Вядучую ролю ў Кастр. паліт. стачцы адыгралі чыгуначнікі. На важнейшых чыг. станцыях (Орша, Мінск, Баранавічы, Гомель, Пінск і інш.) рух цягнікоў быў спынены 10—12 кастр. Чыгуначнікаў падтрымалі рабочыя фабрык і з-даў, друкарняў, рамесных майстэрняў, работнікі гандлю, служачыя многіх устаноў, вучнёўская моладзь. Штодзённа праводзіліся масавыя мітынгі, маніфестацыі і дэманстрацыі, якія нярэдка заканчваліся сутычкамі з паліцыяй і войскам.

Агульнарас. стачка прымусіла царызм пайсці на прынцыповыя паліт. ўступкі. 17 кастр. Мікалай II падпісаў Маніфест, паводле якога ў краіне ўводзіліся «непарушныя асновы грамадзянскай свабоды на прынцыпах сапраўднай недатыкальнасці асобы, свабоды сумлення, слова, сходаў і саюзаў», значна пашырыўся кантынгент тых, хто атрымаў права ўдзелу ў выбарах Дзярж. думы, а сама Дума атрымала заканадаўчыя паўнамоцтвы. Прадстаўнікі рэв. арг-цый заклікалі не верыць Маніфесту і працягваць барацьбу за звяржэнне самадзяржаўя і скліканне Устаноўчага сходу. На гэта ўрад адказаў новымі рэпрэсіямі. 18.10.1905 расстраляны мітынгі ў Віцебску і Мінску; сутычкі з паліцыяй адбыліся ў Полацку і Смаргоні, яўр. пагромы — у Гомелі, Рэчыцы, Оршы.

Кастр. паліт. стачка ахапіла 32 населеныя пункты Беларусі, а з улікам дэманстрацый, мітынгаў і маніфестацый — 53 гарады і мястэчкі. Агульная колькасць стачачнікаў толькі ў прам-сці дасягала 66 тыс. На вёсцы глыбокі спад у вер. (18 выступленняў) змяніўся ажыўленнем у кастр. (54), ліст. (154) і снежні (286 выступленняў). Павялічылася ўдзельная вага разгромаў і падпалаў панскіх двароў, сутыкненняў з паліцыяй і войскам, паліт. сходаў, мітынгаў і дэманстрацый. Значна ўзмацніліся хваляванні ў войску. Выступленні салдат адбыліся ў Гродне, Бабруйску, Брэсце.

У выніку Кастр. паліт. стачкі ў Расіі склалася адносная раўнавага сіл рэвалюцыі і контррэвалюцыі. Рэв.-дэмакр. сілы не змаглі звергнуць самадзяржаўе, але прымусілі яго пайсці на істотныя паліт. ўступкі і фактычна заваявалі свабоду слова, сходаў, друку, саюзаў. Адкрыта дзейнічалі Саветы рабочых дэпутатаў, нізавыя структуры рэв. партый, прафесійна-паліт. саюзы (чыгуначнікаў, паштова-тэлеграфных служачых, настаўнікаў, сялян і інш.), прафес. саюзы рабочых прамысл. прадпрыемстваў і інш. Выдаваліся газеты розных ідэйна-паліт. кірункаў.

Кастр. стачка прымусіла мабілізавацца ўсе кансерватыўныя сілы з мэтай захавання самадзяржаўя, памешчыцкага землеўладання. У выніку ўзнік шэраг крайне правых груповак («Саюз рускага народа», «Савет аб’яднанага дваранства», «Айчынны саюз» і інш.), якія па сутнасці не прызнавалі «Маніфест 17 кастрычніка». Найб. актыўны ў барацьбе з рэвалюцыяй быў «Саюз рускага народа». Члены гэтых груповак былі вядомы як «чорная сотня». У дні Кастр. стачкі чарнасоценцы наладжвалі вулічныя шэсці з іконамі, царкоўнымі харугвамі і партрэтамі цара, арганізоўвалі забойствы рэвалюцыянераў і яўр. пагромы (Орша, Полацк, Рэчыца).

У кастр. 1905 утварыўся праваліберальны «Саюз 17 кастрычніка», які цалкам салідарызаваўся з царскім маніфестам і імкнуўся супрацоўнічаць з урадам. Да лют. 1906 арг-цыі акцябрыстаў аформіліся і дзейнічалі ў Вільні, Гродне, Вілейцы, Свянцянах, Дзвінску, Віцебску, Мінску, Бабруйску, Гомелі. Ініцыятыва стварэння іх, як і чарнасоценных арг-цый, зыходзіла ад чыноўнікаў і правасл. духавенства.

У час Усерас. паліт. стачкі створана леваліберальная Канстытуцыйна-дэмакр. партыя (кадэты). Яе праграма прадугледжвала роўнасць усіх рас. грамадзян перад законам; свабоду сумлення, слова, друку, сходаў і саюзаў; недатыкальнасць асобы і жылля, незалежнасць і публічнасць суда; выбранне ўсерас. заканадаўчага нар. прадстаўніцтва і мясц. органаў самакіравання ўсеаг., роўным, простым і тайным галасаваннем; адказнасць міністраў перад сходам нар. прадстаўнікоў; прадастаўленне права кожнай народнасці на культ.-нац. аўтаномію. Сялянам кадэты абяцалі павелічэнне плошчы землекарыстання, рабочым — права на стачкі, 8-гадзінны працоўны дзень і інш. Да мая 1906 групы гэтай партыі, у якую ў асн. уваходзілі прадстаўнікі ліберальнай інтэлігенцыі, сфарміраваліся ў Вільні, Магілёве і Пінску. Нягледзячы на нешматлікасць, папулярнасць кадэтаў у краі была вялікая. Яе праграму цалкам падтрымлівалі ўсе плыні сіянізму, каталіцкі касцёл і часткова (за выключэннем вырашэння агр. пытання) — польска-бел. землеўласнікі. Саюзніцай кадэтаў стала Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі, створаная ў канцы 1905 — пач. 1906 па ініцыятыве віленскага каталіцкага біскупа барона Э.​Ропа. Асн. рэгіёнам яе дзейнасці сталі Віленшчына і частка Гродзеншчыны, дзе пераважала каталіцкае насельніцтва.

У пачатку снеж. 1905 царскі ўрад паспрабаваў авалодаць становішчам у краіне. Былі закрыты ўсе дэмакр. газеты, арыштаваны члены выканкома і дэпутаты Пецярбургскага Савета, забаронены чыг. саюзы. У адказ 7.12.1905 ад імя Савета рабочых дэпутатаў, РСДРП, ПСР і Бунда была выдадзена адозва «Да ўсяго народа», якая фактычна заклікала да ўзбр. паўстання. У Маскве ў той жа дзень пачалася ўсеаг. паліт. стачка, усерас. чыг. стачку аб’явілі прадстаўнікі 29 чыгунак і Цэнтр. бюро Усерас. чыг. саюза. Пралетарыят Масквы ў ноч на 10 снеж. ўзняўся на ўзбр. паўстанне.

На Беларусі снежаньскую стачку, як і раней, пачалі чыгуначнікі, якія ўжо 8—9 снеж. затрымлівалі цягнікі. У тыя ж дні Мінскі кааліцыйны савет, Гомельскі рэв., Пінскі, Мазырскі і інш. стачачныя к-ты заклікалі працоўных да ўсеаг. паліт. забастоўкі. Стачка ахапіла на Беларусі 17 гарадоў і мястэчак, яе падтрымалі дэманстрацыямі, мітынгамі, сутыкненнямі з паліцыяй і войскам яшчэ ў 11 населеных пунктах. У ёй удзельнічала каля 44 тыс. рабочых прамысл. прадпрыемстваў і рамеснікаў. Па напале і напружанасці барацьбы сітуацыя ў асобных гарадах была блізкая да ўзбр. паўстання.

2.12.1905 цар выдаў указ аб адмене крымінальнай адказнасці за ўдзел у эканам. мірных стачках, а 11 снеж. — новы закон аб выбарах у Дзярж. думу. У той час як бурж.-ліберальныя партыі падтрымалі гэтыя рашэнні і заклікалі спыніць рэв. выступленні, партыі рэв.-дэмакр. кірунку выступалі за працяг барацьбы. У студз. 1906 рабочыя 13 гарадоў стачкамі адзначылі гадавіну рэвалюцыі, сял. рух выліўся ў 135 выступленняў. З мэтай аслаблення рэв. націску царскія ўлады склікалі Дзярж. думу. Большасць месц у 1-й Дзярж. думе заваявалі кадэты.

Пачатак дзейнасці Думы ў крас. 1906 супаў з новым уздымам рэв. руху. У сувязі з днём 1 Мая забастоўкі адбыліся ў 40 нас. пунктах Беларусі. У арганізацыі эканам. барацьбы рабочых усё больш прыкметную ролю адыгрывалі прафсаюзы. Веснавыя выступленні рабочых актыўна падтрымалі сяляне. Летам 1906 удзельная вага паліт. выступленняў бел. сялян перавысіла паказчыкі 1905. Асабліва вылучаліся Навагрудскі і Пружанскі пав.

Пасля роспуску 1-й Дзярж. думы 9.7.1906 прадпрымальнікі ўзмацнілі наступ на рабочых, арганізоўвалі лакауты. Услед за спадам рабочага руху знізілася і колькасць сял. выступленняў.

Ва ўмовах спаду рэвалюцыі ўсе партыі левага, дэмакр. лагера вырашылі выкарыстаць думскую трыбуну для актывізацыі барацьбы. Яны прынялі актыўны ўдзел у выбарах у 2-ю Дзярж. думу. Апошняя насуперак спадзяванням урада была больш левай за 1 -ю Думу і выходзіла з-пад яго кантролю. З.6.1907 2-я Дзярж. дума разагнана; арыштавана с.-д. фракцыя. Выбарчы закон, прыняты ў адпаведнасці з Маніфестам 17 кастр., быў зменены.

Грамадскі і палітычны рух пасля паражэння рэвалюцыі. У выніку паражэння рэвалюцыі ў Расіі ўсталяваўся т.зв. трэцечэрвеньскі рэжым, які ў сваёй палітыцы абапіраўся на дзве большасці ў 3-й Дзярж. думе — чарнасоценна-акцябрысцкую і акцябрысцка-кадэцкую і лавіраваў паміж імі. Паводле выбарчага закона ад 3.6.1907 у Беларусі да ранейшага саслоўна-класавага падзелу насельніцтва, дапушчанага да выбараў, уводзіліся нац. курыі — «руская», «польская» і «яўрэйская» з асобнымі квотамі прадстаўніцтва. Існаванне бел. этнасу цалкам ігнаравалася. У 5 зах. губернях на выбарах у 3-ю Дзярж. думу чарнасоценцы і акцябрысты заваявалі 29 месц з 36, бел.-польскія аўтанамісты («краёўцы») атрымалі 6 месц. З падобнымі вынікамі прайшлі выбары і ў 4-ю Дзярж. думу.

У ходзе наступлення контррэвалюцыі і рэакцыі многія арг-цыі левых партый былі ліквідаваны ці вельмі аслаблены. Назіраўся масавы адток з іх інтэлігенцыі. Спробы аднаўлення парт. арг-цый, як правіла, заканчваліся беспаспяхова. Усяго некалькі месяцаў пратрымалася адноўленая ў лют. 1908 Мінская група РСДРП, у сярэдзіне таго ж года ліквідаваны Браслаўская, Капыльская, Старадарожская і Хоцімская групы РСДРП. Не быў адноўлены Паўн.-Зах. саюз РСДРП, рэзка скарацілася колькасць прафес. саюзаў. Сярод меншавікоў і бундаўцаў пашырылася ліквідатарская плынь, якая дамагалася легалізацыі РСДРП шляхам адмовы ад падп. дзейнасці. На такія пазіцыі стала і БСГ, якая згарнула свае падп. структуры і як партыя часова перастала існаваць. Кіраўнікі БСГ засяродзіліся на легальнай дзейнасці ў газ. «Наша ніва». Бальшавікі-ленінцы выступалі за спалучэнне падп. і легальнай дзейнасці. Маштабы і характар рабочага руху істотна змяняліся. Практычна немагчымымі сталі адкрытыя антыўрадавыя выступленні — дэманстрацыі, мітынгі, маніфестацыі. Рэзка скарацілася колькасць стачак. Прыкметы ажыўлення ў рабочым руху Беларусі з’явіліся ў 1911—12, а адносны ўздым заўважыўся ў 1913, калі ў забастоўках прынялі ўдзел 8,8 тыс. чал. (у 4 разы больш, чым у 1910). Скарацілася колькасць сял. выступленняў (1907—161, 1908—132, 1909—92).

Вельмі аслаблены быў і ліберальна-апазіцыйны цэнтр, вядучай сілай якога заставаліся кадэты. Іх Магілёўская і Пінская арг-цыі распаліся, скарацілася колькасць друкаваных органаў. У гэты перыяд ішло «размыванне» ліберальнай традыцыі: паколькі яе фундамент. прынцып — жыццёва неабходны мінімум правоў асобы, у розных паліт. плынях фарміраваліся розныя праграмы з патрабаваннем эканам., сац., рэліг. і інш. правоў. Ліберальныя патрабаванні ставілі і Саюз дасягнення раўнапраўя яўрэяў у Расіі, і Польскі саюз краёўцаў, і Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі. Аднак да 1917 моцная ліберальная апазіцыя на Беларусі так і не склалася.

Культура. Адукацыя. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай на Магілёўшчыне і Віцебшчыне працягвала існаваць традыц. сістэма адукацыі. У Віцебску, Полацку, Магілёве, Мсціславе, Оршы дзейнічалі езуіцкія калегіумы; у Сянне і Сакольніках — францысканскія, у Віцебску — піярская, Талачыне — базыльянская, Забелах — дамініканская школы. Выкладанне вялося на лац. і польскай мовах.

У канцы 1780 — пач. 1790-х г. стала пашырацца рас. сістэма адукацыі. Гал. нар. вучылішчы адкрыты ў Магілёве і Віцебску, малыя — у Полацку, Оршы, Чавусах, Мсціславе, Копысі, Чэрыкаве, дзе выкладанне вялося на рус. мове.

Пасля 2-га і 3-га падзелаў Рэчы Паспалітай стракатую сетку навуч. устаноў дапоўнілі акад. акруговыя школы (створаныя яшчэ Адукацыйнай камісіяй Рэчы Паспалітай), якія знаходзіліся ў Гродне, Мінску, Брэсце і Навагрудку і акад. павятовыя — у Нясвіжы, Слуцку, Бабруйску, Пінску, Мазыры, Слоніме, Вішневе, Ваўкавыску, Халопенічах, Драгічыне, Паставах. Акрамя таго, навучанне ішло ў прыкляштарных вучылішчах і ў пратэстанцкіх школах у Кейданах і Слуцку. Да сярэдніх навуч. устаноў адносіліся невялікія прыватныя пансіёны, а таксама яўр. рэліг. школы (хедэры і ешывы).

У 1803 Гал. Літ. школа атрымала статус імператарскага Віленскага ун-та, які ўзначаліў новаўтвораную Віленскую навуч. акругу. У яе ўвайшлі навуч. ўстановы Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай, Кіеўскай (пазней вылучаны з акругі), Валынскай, Падольскай губ. і з 1810 Беластоцкай вобл. Куратарам акругі прызначаны князь А.​Чартарыйскі. Віленская навуч. акруга кіравалася ўласным статутам, польская мова засталася асн. мовай навучання. Па колькасці школ і навучэнцаў яна была лідэрам сярод навуч. акруг Расіі. У пач. 1820-х г. у яе ўстановах набывала веды 30,2% усёй вучнёўскай моладзі рас. дзяржавы.

Вышэйшую духоўную адукацыю можна было атрымаць у Гал. каталіцкай семінарыі пры Віленскім ун-це і Полацкай езуіцкай акадэміі (закрыта ў 1820).

Пасля паўстання 1830—31 сістэма адукацыі ў Віленскай акрузе была радыкальна зменена. У 1832 Віленскі ун-т закрыты, а замест яго ў Вільні створаны мед.-хірургічная і духоўная рымска-каталіцкая акадэміі. У пач. 1840-х г. яны пераведзены адпаведна ў Кіеў і Пецярбург. Школы і вучылішчы Магілёўскай і Віцебскай губ. перададзены ў падпарадкаванне Пецярбургскай навуч. акрузе і пераведзены на рус. мову. У хуткім часе яны вылучаны ў асобную Беларускую навуч. акругу, якая праіснавала да 1850, калі навуч. ўстановы Беларусі зноў былі падзелены паміж Віленскай і Пецярбургскай навуч. акругамі. Новы школьны статут 1828 зафіксаваў існаванне 3-ступеннай сістэмы сярэдняй адукацыі, але больш жорстка замацаваў саслоўны прынцып адукацыі. Гімназіі прызначаліся толькі для дваранства і чыноўніцтва, пав. вучылішчы — для мяшчан, купцоў і рамеснікаў, прыходскія — для ніжэйшых саслоўяў. Рэпрэсіўныя дзеянні ў сістэме адукацыі выявіліся ў скасаванні прыкляштарных вучылішчаў, а яўр. рэліг. навуч. ўстановы замяняліся дзярж. з напаўсвецкімі праграмамі навучання. Абавязковым патрабаваннем да ўладальнікаў усіх свецкіх прыватных жаночых пансіёнаў стала веданне рус. мовы і добранадзейнасць. Падтрымку мелі толькі нешматлікія на Беларусі прыватныя жан. ўстановы рус. арыентацыі (напр., дзявочы пансіён у Прапойску). З канца 1830-х г. на Беларусі ствараліся дзярж. і паўдзярж. («узорныя») жаночыя пансіёны ў Мінску, Гродне, Магілёве, Віцебску, Полацку. У 1841 у Беластоку пачаў дзейнічаць дзярж. ін-т шляхетных дзяўчат на ўзор Смольнага ін-та.

У пачатку царавання Аляксандра II на Беларусі адкрыты новыя гімназіі, пашырылася пач. адукацыя, у т. л. для сялян. Пры гімназіях адкрываліся агранамічныя, землямерныя, каморніцка-таксатарскія класы. У 1835 адкрыты Полацкі кадэцкі корпус — сярэдняя навуч. ваен. ўстанова закрытага тыпу, у 1840 — Горы-Горацкая земляробчая школа (з 1848 — інстытут).

У 1860—90-я г. пануючае месца ў сістэме адукацыі Беларусі займала пач. школа, якая ўключала нар. вучылішчы, царк.-прыходскія школы і школы граматы, у гарадах прыходскія пав. і гар. вучылішчы. Ва ўсіх губ. цэнтрах, а таксама ў Брэсце, Гомелі і Слуцку дзейнічалі мужч. гімназіі, у Бабруйску, Мазыры — прагімназіі. Рэальныя вучылішчы меліся ў Мінску, Магілёве, Пінску. Пад уплывам сац. змен у 2-й пал. 19 ст. пашырылася сетка жан. навуч. устаноў, у большасці прыватных. Да канца стагоддзя яны з’явіліся ў Брэсце, Бабруйску, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Мазыры, Слоніме, Слуцку. Дзяўчынак сталі прымаць у нар. вучылішчы нароўні з хлопчыкамі, у Гомелі адкрылася жан. гімназія.

Настаўнікаў для пач. школ рыхтавалі ў настаўніцкіх семінарыях: Маладзечанскай (1-я ў Расіі, засн. ў 1864), Полацкай (1872), Нясвіжскай (1875) і Свіслацкай (1876).

У 1905 на Беларусі было 10 мужч. і 12 жан. гімназій, камерцыйнае, 5 рэальных вучылішчаў, прагімназія (мужчынская), 16 мужч. і 47 жан. прыватных навуч. устаноў. З 1905 па 1914 колькасць пач. (народных) вучылішчаў значна павялічылася.

Развіццё капіталіст. адносін запатрабавала ўдасканалення прафес.-тэхн. адукацыі. Да пач. 20 ст. сетка сярэдняй і ніжэйшай спец. і прафес.-тэхн. адукацыі складалася з сярэдніх і ніжэйшых вучылішчаў, рамесных вучылішчаў і школ, настаўніцкіх і духоўных семінарый. Асобнае месца ў сістэме прафес.тэхн. адукацыі займалі сярэднія спец. навуч. ўстановы — фельчарскія школы, настаўніцкія семінарыі і ін-ты. Пры адсутнасці на тэр. Беларусі ВНУ яны з’яўляліся мясц. цэнтрамі падрыхтоўкі кадраў спецыялістаў.

Навука. Далучэнне бел. зямель да Рас. імперыі дало імпульс развіццю гуманіт. навук. Пачалося комплекснае даследаванне гісторыі, мовы, матэр. і духоўнай культуры бел. этнасу, абумоўленае паліт. і эканам. інтарэсамі рас. улад. У канцы 18 і пач. 19 ст. з’явіліся першыя навук. публікацыі пра Беларусь рас. акадэмікаў І.​І.​Ляпёхіна і В.​М.​Севергіна, апублікаваны вынікі дзейнасці дзярж. устаноў, якія ажыццяўлялі Ген. межаванне зямельнага фонду Беларусі. Працы ў галіне беларусазнаўства выдалі польск. даследчыкі (Л.​Галамбёўскі, А.​Глінскі), рас. навукоўцы (І.​Снегіроў, А.​Афанасьеў, І.​Кірэеўскі), еўрап. славісты (П.​Шафарык).

Пачалі руплівую працу па збіранні і сістэматызацыі гіст.-этнагр., філал., фалькл. матэрыялу і прадстаўнікі самой Беларусі. Вынікам сталі гіст. даследаванні праф. Віленскага ун-та І.​Даніловіча, І.​Анацэвіча, М.​Баброўскага. У 1-й трэці 19 ст. ў віленскім і пецярбургскім перыяд. друку з’явіліся публікацыі бел. даследчыкаў М.​Чарноўскай, І.​Шыдлоўскага, К.​Фалютынскага і інш. У 1840—50-я г. выйшлі ў свет грунтоўныя працы А.​Рыпінскага, Я.​Чачота, Р.​Зянькевіча, Я.​Тышкевіча, П.​Шпілеўскага, Л.​Паўлоўскай, І.​Насовіча. У 2-й пал. 19 ст. з узнікненнем Паўн.-Зах. аддзялення Рус. геагр. т-ва вывучэнне Беларусі набыло дадатковы імпульс. У 1880—90-я г. ў айч. этнаграфіі з’явіўся шэраг фундаментальных работ, выкананых на высокім навук. і метадычным узроўні: І.​Насовіча, Е.​Раманава, М.​Нікіфароўскага, М.​Доўнар-Запольскага, М.​Янчука, А.​Багдановіча.

Навук. асяродкі і калектывы ў 1-й трэці 19 ст. канцэнтраваліся ў Віленскім ун-це. Тут у розныя часы выкладалі такія вядомыя вучоныя, як астраном Я.​Снядэцкі і яго брат, натураліст А.​Снядэцкі, медыкі І.​Франк і Г.​Балнус, гісторыкі І.​Анацэвіч, І.​Лялевель, багаслоў М.​Баброўскі, гісторык права І.​Даніловіч і інш. Пры ун-це працавалі мед., ветэрынарная, агранамічная школы, абсерваторыя, навуковы калектыў аднаго з багацейшых у Еўропе батанічнага саду, заалагічны музей, багатая б-ка, клінікі і аптэка.

Літаратура. Асновай духоўнага нац.-культ. развіцця беларусаў з’яўляўся найбагацейшы фальклор і гісторыя краю, а маст. апрацоўка вуснай нар. творчасці садзейнічала зараджэнню новай бел. літ. мовы і станаўленню нац. л-ры. Ля вытокаў бел. л-ры стаялі А.​Міцкевіч, Я.​Чачот, Я.​Баршчэўскі, А.​Рыпінскі, А.​Вярыга-Дарэўскі, У.​Сыракомля, В.​Дунін-Марцінкевіч, Р.​Падбярэскі, Т.​Лада-Заблоцкі. Выдатную ролю ў гэтым працэсе адыгралі ананімныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас па Парнасе». У 2-й пал. 19 ст. пачала развівацца грамадз. і публіцыст. лірыка (Ф.​Багушэвіч, А.​Гурыновіч), паглыблялася асваенне сатыр. жанраў (А.​Абуховіч, Ф.​Тапчэўскі). Важную ролю ў развіцці лірычна-філас. кірунку ў паэзіі адыграў Я.​Лучына. Закладзены асновы нац. школы перакладу (А.​Гурыновіч, Я.​Лучына, З.​Трашчкоўская). Гал. тэмамі бел. л-ры пач. 20 ст. былі сац. і нац. вызваленне, барацьба супраць самадзяржаўя, адраджэнне Бацькаўшчыны і роднай мовы, сцвярджэнне чалавечай годнасці, правоў народа на вольнае гіст. развіццё. У гэты бурны час бліскуча раскрыўся талент Я.​Купалы, Я.​Коласа, Цёткі (А.​Пашкевіч), М.​Багдановіча, А.​Гаруна, Ц.​Гартнага, З.​Бядулі, К.​Буйло, Я.​Журбы, С.​Палуяна і інш.

Вял. ролю ў развіцці бел. культуры і асабліва л-ры адыграла з’яўленне газет і часопісаў на бел. мове. У 1906 у Вільні выдаваліся газ. «Наша доля», у 1906—15 — «Наша ніва», у 1912—14 — часопісы «Маладая Беларусь», «Крапіва», «Лучынка»; у Петраградзе — «Раніца», «Думкі беларускай студэнцкай моладзі». Дзякуючы рэвалюцыі 1905—07 атрымала права на легальнае існаванне і кнігадрукаванне на бел. мове. У Вільні рэдакцыяй газ. «Наша ніва» заснавана выд-ва «Наша хата», у 1906—14 дзейнічалі выд-вы «Мінчук», «Палачанін», «Саха», «Вясёлка». Найб. ўклад у развіццё бел. кнігадрукавання зрабіла суполка «Загляне сонца і ў наша аконца», заснаванае ў 1906 у Пецярбургу.

Музычнае і сцэнічнае мастацтва ў 19 ст. было неад’емнай часткай свецкага жыцця і гар. культуры. Папулярнымі былі публічныя відовішчы на патрэбы дабрачыннасці. У канцы 18 і 1-й трэці 19 ст. прафес. тэатр на Беларусі прадстаўлялі оперныя і драм. трупы, капэлы, аркестры, якія ўтрымлівалі магнаты і высокапастаўленыя царскія чыноўнікі. Еўрап. вядомасць мелі прыватныя тэатры Радзівілаў у Нясвіжы і Слуцку, Агінскага ў Слоніме, Тышкевічаў у Свіслачы і Плешчаніцах, Зорыча ў Шклове, Чарнышова ў Магілёве і Чачэрску. Пры тэатрах існавалі балетныя і інш. школы. Да сярэдзіны 19 ст. тэатры такога тыпу на Беларусі зніклі, пачасціліся гастролі рус., польскіх і ўкр. калектываў, пад уплывам якіх у 1840—50-я г. нараджаўся бел. нац. тэатр. Ініцыятыва яго стварэння зыходзіла ад В.​Дуніна-Марцінкевіча і гуртка блізкай да яго бел. і польскай інтэлігенцыі. У 1852 у мінскім гар. тэатры пастаўлена камічная опера «Сялянка» С.​Манюшкі і К.​Кжыжаноўскага на лібрэта В.​Дуніна-Марцінкевіча. У гэты перыяд здзейснены пастаноўкі твораў гэтых жа кампазітараў «Каспер Хаўзер», «Латарэя», «Канторшчыкі», «Рэкруцкі набор».

Рэпрэсіі пасля паўстання 1863—64 цяжка адбіліся на тэатр. мастацтве. Былі забаронены сцэнічныя пастаноўкі на польскай мове. У такіх абставінах новае развіццё атрымала аматарскае тэатр. мастацтва, якое мела выразна дэмакр. кірунак.

Уздым вызв. руху ў пач. 20 ст. актывізаваў і культ. жыццё. Пачалі дзейнічаць нар. тэатры ў Мінску, Гродне, Полацку, Слуцку, Капылі, Дзісне, Давыд-Гарадку, Радашковічах, Карэлічах і г.д. Інтэлігенцыя ў гарадах і мястэчках наладжвала «беларускія вечарынкі», на якіх выконваліся бел. нар. песні і танцы, дэкламаваліся вершы Ф.​Багушэвіча, Я.​Купалы, Я.​Коласа, Цёткі, ставіліся п’есы бел., укр. і рус. аўтараў. У гэты час узнік маст. калектыў пад кіраўніцтвам І.​Буйніцкага. Ён згуртаваў вакол сябе таленавітых спевакоў, танцораў, музыкантаў, дэкламатараў і ў 1907 стварыў у Палевічах (Дзісенскі пав.) аматарскі тэатр.

У развіцці бел. выяўленчага мастацтва ў 1-й пал. 19 ст. вял. ролю адыграла Віленская школа жывапісу, якая за 25 гадоў сваёй дзейнасці падрыхтавала больш за 250 мастакоў, гравёраў і скульптараў. Для выяўл. мастацтва гэтага перыяду характэрна хуткае развіццё партрэтнага жанру, звязанае з імёнамі мастакоў В.​Ваньковіча, К.​Рыпінскага, І.​Хруцкага і інш. Адным з найб. вядомых партрэтыстаў быў І.​Аляшкевіч. Значнай фігурай у жывапісе быў Я.​Дамель, які ў сваіх палотнах імкнуўся адлюстраваць кульмінацыйныя моманты гіст. развіцця краіны. На яго творах выхоўваліся бел. мастакі: Я.​Сухадольскі, А.​Шэмеш, К.​Рыпінскі, Ю.​Карчэўскі. У пейзажным жанры найб. ярка раскрыўся талент В.​Дмахоўскага.

Закрыццё Віленскага ун-та адмоўна адбілася на маст. жыцці Беларусі, пачаўся адток таленавітых мастакоў у Пецярбург, Маскву і за мяжу. Толькі ў 1886 заснавана Віленская рысавальная школа, якая давала першапачатковую маст. адукацыю і рыхтавала выкладчыкаў для мясц. гімназій.

У 1870-я г. бел. жывапісец К.​Альхімовіч стварыў шэраг палотнаў на гіст. тэмы. Да гіст. сюжэтаў, асабліва гісторыі ВКЛ, звяртаўся і Ф.​Дмахоўскі. У 2-й пал. 19 ст. атрымалі развіццё пейзаж (А.​Гараўскі), партрэтны жывапіс (Н.​Сілівановіч). Пачаў развівацца графічны жанр (Р.​Гаўрылаў, С.​Кудраўцаў, П.​Баркоўскі). Бел. мастакі-графікі ў сваёй большасці былі выхадцамі з сялян і бедных пластоў гар. насельніцтва, што адбілася ў асн. сюжэтах. Прыкметны след у бел. выяўл. мастацтве пакінуў Дз.​Струкаў. Жыццё бел. народа, краявіды гарадоў, помнікі архітэктуры знайшлі адлюстраванне ў творах Э.​Паўловіча і М.​Кулеша.

Фарміраванню маст. культуры ў гэты перыяд спрыяла збіральніцкая дзейнасць бел. мецэнатаў, якія не толькі падтрымлівалі мастакоў, але і фарміравалі маст. калекцыі. У маёнтках Пуслоўскіх у Слоніме, графа Храптовіча ў Шчорсах, графа Тышкевіча ў Лагойску, Слізеня ў Бортніках (каля Навагрудка) былі вял. зборы жывапісу, скульптуры і графікі.

У 1890-я г. ўзніклі прыватныя маст. школы — Ю.​Пэна ў Віцебску, Я.​Кацэнбогена ў Мінску, наладжваліся маст. выстаўкі ў Віцебску (1890), Мінску (1891). Пачало дзейнасць новае пакаленне мастакоў — Ю.​Пэн, Я.​Кругер, Ф.​Рушчыц, У.​Бялыніцкі-Біруля і інш.

Канфесіянальная палітыка. У канцы 18 ст. на землях ВКЛ, якія адышлі да Рас. імперыі, пражывала каля 39% уніятаў, 38% рыма-католікаў, 10% іудзеяў, 6,5% праваслаўных, 4% старавераў, 2,5% пратэстантаў, мусульман і караімаў. На далучаных землях царскі ўрад дазволіў дзейнасць усіх канфесій. Але замест панаваўшага каталіцтва ён імкнуўся зацвердзіць пануючае ў Рас. імперыі праваслаўе. Палітыка Рас. імперыі, скіраваная на ўмяшанне свецкай улады ў справы царквы з мэтай ператварэння царк. структуры ў разнавіднасць дзярж. апарату, стала распаўсюджвацца і на тэр. бел.-літ. губерняў. Адбывалася гэта шляхам стварэння сеткі прыходаў, набліжэння межаў епархій да межаў губерняў, падпарадкавання царк. структур духоўным праўленням і кансісторыям. Праваслаўныя і стараверы былі падпарадкаваны Свяцейшаму Урадаваму Сіноду, а ўсе астатнія (у канчатковым выніку) — Дэпартаменту духоўных спраў замежных веравызнанняў Мін-ва ўнутр. спраў.

Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай на тэр. ўсх. Беларусі працягвалі сваю дзейнасць Полацкае уніяцкае архіепіскапства і Магілёўская (Бел.) правасл. епархія. Паколькі рымска-каталіцкія парафіі гэтай тэрыторыі ўваходзілі ў склад Віленскага каталіцкага біскупства (цэнтр якога заставаўся па-за межамі імперыі), то для іх у 1773 утворана Бел. рымска-каталіцкая епархія з цэнтрам у Магілёве, а ў 1782 — Магілёўскае архібіскупства.

З далучэннем у 1793 новых тэрыторый заснавана Мінская правасл. епархія, а пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 — Інфлянцкая (на месцы Віленскай) і Пінская каталіцкія епархіі. У 1798 замест іх на тэр. Міншчыны, Віленшчыны і Гродзеншчыны ўтвораны новыя Мінская і Віленская каталіцкія епархіі. У тым жа годзе на тэр. Мінскай і Літоўскай губ. створана Брэсцкае уніяцкае епіскапства. У 1810 тэр. структура уніяцкай царквы набыла наступны выгляд: мітрапаліцкая з цэнтрам у Вільні, архіепіскапская — у Полацку і епіскапская — у Брэсце.

Адносіны паміж найбольшымі хрысціянскімі канфесіямі (правасл., уніяцкай, рыма-каталіцкай) на бел. землях былі складаныя. У 1780-я г. ўлады дазволілі правасл. святарам займаць месцы ва уніяцкіх прыходах, што было скарыстана для схілення уніятаў у праваслаўе, асабліва ў прыходах, дзе ўладальнікамі сталі рускія памешчыкі. 22.4.1794 Кацярына II выдала ўказ аб ліквідацыі перашкод да вяртання уніятаў у правасл. веру. У 1795 у Магілёўскай правасл. епархіі да праваслаўя далучана 105 уніяцкіх цэркваў з 34 святарамі і амаль 120 тыс. прыхаджан, у 1795—96 у Мінскай епархіі праваслаўнымі сталі 124 уніяцкія царквы, 39 капліц, 15 святароў і каля 85 тыс. прыхаджан.

Духоўная ўлада над уніяцкай царквой практычна была перададзена ў рукі рымска-каталіцкага мітрапаліта С.​Богуша-Сестранцэвіча, што прывяло да масавых пераходаў уніятаў у каталіцтва. Гэтаму садзейнічалі і памешчыкі-католікі. У 1803 у Полацкай уніяцкай епархіі перайшло ў каталіцтва каля 100 тыс. (па іншых звестках, каля 200 тыс.) уніятаў, у Дзісенскім і Вілейскім пав. Мінскай губ. — каля 20 тыс. і г.д. Рэскрыптам ад 4.7.1803 Аляксандр I забараніў пераходы ў каталіцтва. Шматлікія паўторы гэтых забарон сведчылі пра невялікую іх эфектыўнасць. 8.8.1810 выдадзены ўказ аб тэрміне даўнасці для тых, хто пакінуў уніяцтва.

Рэлігійная спецыфіка ў бел.-літ. губернях заключалася ў тым, што ўсё каталіцкае, мусульманскае, кальвінісцкае, частка уніяцкага і правасл. духавенства належала да дваранскага саслоўя і карысталася яго правамі. Сярод вышэйшага каталіцкага і уніяцкага духавенства былі прадстаўнікі магнатаў і буйной шляхты (І.​Масальскі, Ю.​Касакоўскі, І.​Булгак). Астатняя частка прыходскага уніяцкага, правасл. і лютэранскага духавенства належала да духоўнага саслоўя, якое ў гэты перыяд канчаткова сфарміравалася як прывілеяванае і даволі закрытае. Апошняе найперш тычылася правасл. і уніяцкіх святароў, бо свае прыходы яны атрымлівалі ў спадчыну ад бацькі да сына або дзякуючы шлюбу з дачкой свяшчэнніка.

Міжканфесіянальныя адносіны выяўляліся ў распаўсюджанасці на тэр. Беларусі змешаных шлюбаў і цесна звязаных з імі пераходаў з аднаго веравызнання ў іншае. З 1777 рус. чыноўнікам, якія прыязджалі на службу ў новыя губерні, дазвалялася браць змешаныя шлюбы толькі з дазволу Св. Сінода, паводле якога дзеці ад такіх шлюбаў павінны былі выхоўвацца выключна ў правасл. веры. «Спакушэнне» ў нехрысціянскае веравызнанне каралася пазбаўленнем усіх правоў, маёмасці і катаржнымі работамі тэрмінам ад 8 да 10 гадоў. Толькі пануючай канфесіі дазвалялася права агітаваць да пераходу.

У канцы 1827—пач. 1828 з’явіўся праект скасавання уніяцкай царквы. Асн. яго ідэямі былі: адрыў уніятаў ад уплыву каталіцтва шляхам скасавання часткі базыльянскіх кляштараў, стварэнне асобнай грэка-уніяцкай духоўнай калегіі, адкрыццё новых навуч. устаноў для падрыхтоўкі юнакоў у правасл. традыцыях. Указам ад 28.4.1828 заснавана асобная ад каталіцкай грэка-уніяцкая духоўная калегія. Адначасова замест 4 уніяцкіх епархій ствараліся 2 — Бел. і Літоўская. Забаранялася накіроўваць юнакоў-уніятаў на вучобу ў Рым і Гал. каталіцкую семінарыю ў Вільні; тыя, хто там ужо вучыліся, былі адкліканы.

За ўдзел базыльянскіх манахаў у паўстанні 1830—31 ​2/3 іх кляштараў былі ліквідаваны, адначасова скасоўвалася ўлада правінцыялаў ордэна. Урад дазволіў манахам скасаваных кляштараў, якія раней былі католікамі, вярнуцца ў каталіцызм. Да 1836 з ордэна адышло каля 200 базыльян.

Наступным крокам было стварэнне ў 1836 Сакрэтнага к-та па уніяцкіх справах. Пасля смерці ў 1838 уніяцкага мітрапаліта І.​Булгака, які быў апошняй перашкодай у справе скасавання уніі, грэка-уніяцкую калегію ўзначаліў літоўскі епіскап І.​Сямашка, які сумесна з епіскапамі В.​Лужынскім і А.​Зубко падтрымалі ідэю ліквідацыі уніяцтва. 12.2.1839 у Полацку ў прысутнасці вышэйшага уніяцкага духавенства падпісаны Саборны акт з просьбай аб далучэнні уніяцкай царквы да праваслаўнай. Пастанова Св. Сінода была зацверджана Мікалаем I. У выніку канфесіянальнай палітыкі канца 18—1-й пал. 19 ст. большая частка насельніцтва Беларусі стала праваслаўнай. У пач. 1860-х г. у 5 бел. губернях пражывала 2645,7 тыс. праваслаўных (разам са стараверамі), 1333,8 тыс. католікаў, 10,8 тыс. пратэстантаў, 463,2 тыс. іудзеяў, 3,7 тыс. мусульман.

У мэтах замацавання правасл. веры было вырашана адрадзіць брацкі рух. У 1864 зацверджаны асн. правілы для заснавання правасл. царкоўных брацтваў, найб. вядомыя з іх брацтвы ў Полацку, Магілёве, Віцебску. Правасл. манастыры садзейнічалі аднаўленню брацтваў, стварэнню брацкіх школ, вялі выдавецкую дзейнасць, адчынялі прытулкі і багадзельні.

Для ўзмацнення пазіцый правасл. царквы ў бел.-літ. губернях хуткімі тэмпамі будаваліся і рамантаваліся правасл. храмы, пераводзіліся з унутр. губерняў святары. Для правасл. цэркваў прыстасоўвалі зачыненыя пасля паўстання 1863—64 касцёлы. За некалькі гадоў пасля паўстання ў Літоўскай епархіі (ахоплівала Віленскую, Гродзенскую і Ковенскую губ.) праваслаўнымі сталі 30 тыс. католікаў, у Мінскай епархіі — адпаведна 37 тыс. Паводле перапісу 1897 колькасць правасл. і аднаверцаў складала 60% ад агульнай колькасці насельніцтва 5 губерняў (па 35 бел. паветах — 70,8%).

Каталіцкая царква ў адрозненне ад правасл. страчвала свой уплыў на Беларусі. У час паўстання 1863—64 большасць каталіцкага духавенства апынулася на баку паўстанцаў. За гэта ўрад павёў на Беларусі мэтанакіраваную і жорсткую лінію ў адносінах да каталіцкай царквы. За ўдзел у паўстанні на Літве і Беларусі 8 каталіцкіх святароў былі пакараны смерцю, прычым кожны другі — толькі за чытанне рэв. маніфеста. Дзесяткі ксяндзоў сасланы ў Сібір або ва ўнутр. губерні Расіі, пазбаўлены сану, панеслі інш. пакаранні. Закрываліся касцёлы і кляштары. За 1864—67 у Віленскай і Гродзенскай губ. іх скасавана 140. З мэтай паслаблення ўплыву каталіцкіх святароў на бел. народ быў распрацаваны план «распалячвання касцёла», сутнасць якога зводзілася да ўжывання ў каталіцкіх касцёлах бел. губерняў рус. мовы замест польскай.

У 1860—70-я г. ўрад дазволіў прыхільнікам т.зв. «менш шкодных» сектаў, у т. л. стараверам (стараабраднікам) ствараць школы граматы, пасылаць дзяцей у агульныя навуч. ўстановы без абавязковага вывучэння Закона Божага, чыніць грамадскую малітву, выконваць адправы і набажэнствы па сваіх абрадах. Відаць, гэтым пераменам садзейнічалі не толькі агульныя абставіны правядзення бурж. рэформ, але і адносіны старавераў да паўстання 1863, якія выявіліся ў падтрымцы царскага ўрада. Паводле ўказа ад 3.5.1863 члены ўсіх «стараверскіх» сектаў, акрамя скапцоў, атрымлівалі пашпарты і маглі перамяшчацца ўнутры Рас. імперыі на агульных умовах. Ім дазвалялася займацца гандлем і промысламі, займаць службовыя пасады і г.д.

У пач. 1860-х г. у 5 губернях пражывала 19 951 чал. пратэстанцкага веравызнання. Найб. іх колькасць (гал. чынам лютэран) знаходзілася ў Віцебскай губ. У 1860—90-я г. колькасць пратэстантаў на Беларусі павялічылася, узнікла некалькі іх новых плыней. У 1870-я г. ў Гомельскім пав. выяўлены штундысты, у 1880-я г. яны з’явіліся ў Рагачоўскім пав., Віцебскай губ. і інш. У 1894 штундызм аб’яўлены ў Рас. імперыі па-за законам, ён пайшоў на спад і з цягам часу зліўся з баптызмам. Баптысцкія абшчыны былі заснаваны на Гомельшчыне, у Слуцкім і Пінскім пав., пазней — у Мінску, Віцебскай губ. Крыху пазней на Беларусі з’явілася евангелічнае хрысціянства. У пач. 20 ст. на Беларусі пачало распаўсюджвацца адвентысцкае веравучэнне.

Даволі значную групу ў колькасных адносінах складалі іудзеі. У пач. 1860-х г. у 5 бел. губернях пражывала 463 217, паводле перапісу 1897—1 209 815 іудзеяў. Палітыка царызму ў бел. краі наклала адбітак і на яўр. насельніцтва. Ім забаранялася насіць яўр. адзенне, у яўр. навуч. установах уводзілася абавязковае вывучэнне рус. мовы. Нягледзячы на насцярожаныя адносіны да гэтага з боку меламедаў і трымальнікаў хедэраў, цяга яўр. насельніцтва да ўспрыняцця рус. мовы і культуры была вялікая. Яўр. абшчыны стваралі школы рус. граматы, арганізоўвалі прыватнае вывучэнне рус. мовы для дзяцей, час ад часу рус. мова гучала і ў сінагогах. Яўр. адукацыя набывала ўсё больш свецкі характар, моладзь імкнулася вучыцца ў гімназіях, ун-тах, адыходзіла ад рэлігіі сваіх продкаў. Яўр. пагромы, якія пракаціліся па імперыі ў пач. 1880-х г., вымусілі многіх змяніць свае погляды. Нават тыя, хто раней выступаў за брацтва народаў, пачалі пісаць і гаварыць аб тым, што «трэба заставацца яўрэямі».

У пач. 1860-х г. у Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губ. пражывала 6196 татараў-мусульман, у 1897—13 877 чал. Адносіны ўлад да іх былі лаяльныя. Паводле заканадаўства Рас. імперыі духоўныя асобы мусульман і мячэці ўтрымліваліся на сродкі саміх прыхаджан. Сярод татараў-мусульман пэўны час захоўвалася тэндэнцыя выкарыстання польскай мовы як больш «сацыяльна прэстыжнай». З сярэдзіны 19 ст. яна пачала выцясняцца рускай.

17(29).4.1905 у Рас. імперыі прыняты ўказ, паводле якога праваслаўным дазвалялася пераходзіць у інш. хрысціянскія веравызнанні, што і было скарыстана многімі вернікамі. Паводле звестак Дэпартамента духоўных спраў замежных веравызнанняў, у 1905—09 з праваслаўя ў каталіцтва ў Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Кіеўскай, Падольскай, Валынскай, Віленскай, Ковенскай, Гродзенскай, Люблінскай, Сядлецкай і Сувалкаўскай губ. перайшлі 211 566 чал. (30 862 сям’і). 18.8.1905 Мін-ва ўнутр. спраў выдала часовыя правілы пераходу з правасл. веравызнання ў інш. хрысціянскае і вяртання з праваслаўя ў нехрысціянскую веру. Дазволіўшы свабодны пераход з аднаго веравызнання ў іншае (і гал. — з праваслаўя), гэты ўказ толькі ўскосна аслабляў дзейнасць старых юрыд. норм, дзярж. законы, як і раней, лічылі правасл. веру «первенствующей и господствующей».

Нацыятворчыя працэсы. Першую фазу працэсу фарміравання бел. нацыі можна аднесці на пач. 19 ст., калі абуджалася цікавасць да гіст. культуры мясц. этналінгвістычных супольнасцей. У той час, калі Варшава страчвала моц дзярж. ўплыву на Беларусь, а Пецярбург такую моц у адносінах да яе яшчэ толькі набіраў, у асяроддзі шляхты ўмацоўваліся настроі і пачуцці «мясцовага» патрыятызму.

Праявай такога патрыятызму стала захапленне фальклорам, мовай, звычаямі і традыцыямі простага народа. З часам многія прыхільнікі і шукальнікі нар. песень пераходзілі да самаст. творчасці, выкарыстоўваючы нар. сюжэты, стыль і мову. Імкненне да сур’ёзнага іх вывучэння было асновай дзейнасці і творчасці пісьменнікаў, этнографаў, фалькларыстаў Я.​Баршчэўскага, В.​Рэута, В.​Дуніна-Марцінкевіча, У.​Сыракомлі, Я.​Чачота, А.​Кіркора, П.​Шпілеўскага і інш. Зварот да фалькл. спадчыны быў важным крокам на шляху сцвярджэння нац. самасвядомасці, усведамлення свайго гіст. аблічча, месца ў свеце.

На гэтай фазе «культурнага накаплення», «залатога часу» лексікографаў, граматыкаў, філолагаў і літаратараў бел. мова стала гал. элементам нац. ідэнтычнасці, а нац. ідэя найперш грунтавалася на сцверджаннях пра старажытнасць, спрадвечнасць этнічнай культуры, на імкненні спраецыраваць існаваўшыя этнакультурныя межы як мага глыбей у мінулае, ідэнтыфікаваць продкаў са славутымі народамі, вядомымі па старажытных пісьмовых і фалькл. крыніцах.

Моўны крытэрый быў пакладзены і ў аснову вызначэння этнічных межаў рассялення беларусаў. Першая спроба ў гэтым належыць чэшскаму славісту П.​Шафарыку. Выкарыстаўшы матэрыялы П.​Кепена, А.​Бадзянскага, З.​Даленгі-Хадакоўскага, а таксама свае асабістыя веды, ён склаў карту рассялення слав. народаў. У тэрыторыю кампактнага пражывання беларусаў ён уключаў Мінскую і Магілёўскую губ. (цалкам), большую частку Віцебскай і Гродзенскай, часткова Віленскую губ. Усяго на гэтых абшарах на той час пражывала 2726 тыс. беларусаў, з якіх 2376 тыс. (87,2%) былі праваслаўнымі і каля 350 тыс. (12,8%) католікамі. На поўначы мяжа рассялення беларусаў даходзіла да г. Люцын, уключаючы Невельскі, Веліжскі, Себежскі пав.; на захадзе — за Беласток, да г. Бельск. Недахоп звестак не дазволіў Шафарыку вызначыць дакладную мяжу бел. этнасу на ўсходзе, поўдні і паўн. захадзе, таму на гэтых напрамках яна была праведзена па былых граніцах ВКЛ.

У канцы 18—1-й пал. 19 ст. пачалі складвацца эканам. перадумовы фарміравання бел. нацыі: працэсы урбанізацыі, фарміраванне рынку і сеткі дарог. У 2-й пал. 19 ст. нацыятворчыя працэсы развіваліся ў яшчэ больш цеснай сувязі з сур’ёзнымі трансфармацыямі эканам. жыцця. Стварэнне чыг. сеткі, рост гандлю, пашырэнне рыначных адносін, узмацненне сац. мабільнасці, развіццё сродкаў камунікацыі актывізавалі працэсы этнакультурнай кансалідацыі. Калі канец 18—1-я пал. 19 ст. толькі стваралі эканам. ўмовы фарміравання бел. нацыі, то 2-я пал. 19 ст. забяспечыла эканам. глебу для яе станаўлення, а пач. 20 ст. выканаў ролю эканам. складаючай нац. дзяржаўнасці.

Рынак не толькі аб’ядноўваў эканам. намаганні асобных індывідаў, ён ставіў іх перад неабходнасцю засваення «высокай» (пісьмовай) культуры на агульнанац. мове. Але ў часы, калі «высокая» беларускамоўная культура толькі нараджалася, ролю моўнага інтэгратара мясц. соцыуму ў значнай ступені бралі на сябе рус. альбо польская мовы. Гэта сур’ёзна дэфармавала працэс кансалідацыі бел. этнасу ў нацыю, было прычынай асіміляцыйных тэндэнцый. Важныя сац. наступствы мела нараджэнне фабр.-заводскай прам-сці і чыг. сістэмы, фарміраванне пралетарыяту і буржуазіі, у т. л. і яго эліты — прадпрымальнікаў. Пры гэтым на Беларусі названыя сац. пласты рэкрутаваліся пераважна з небел. паводле этнічнай ідэнтыфікацыі асяроддзя і з’яўляліся хутчэй апанентамі, чым удзельнікамі працэсу фарміравання бел. нацыі. Адсутнасць дзярж., мытных і нават адм. межаў паміж бел. этнічнай тэрыторыяй і суседнімі рэгіёнамі мела вынікам тое, што інтэграцыя соцыуму рынкам адбывалася ў больш шырокіх межах, яна хутчэй размывала, чым выяўляла тэр. і сацыякультурныя характарыстыкі бел. нацыі.

Усе гэтыя працэсы прывялі да актывізацыі нац. руху. Разам з тым ён набываў больш папулісцкі характар, што было выклікана рэакцыяй ніжэйшых пластоў насельніцтва на рэаліі мадэрнізацыі развіцця капіталіст. адносін. Бел. нац. рух набываў форму лідэрства інтэлектуалаў, якія імкнуліся ўзрушыць сілы народа і скіраваць іх на падтрымку нац. ідэі.

У 2-й пал. 1850-х г., у час грамадскага абуджэння ў Рас. імперыі, назіралася далейшае развіццё бел. нац.-культ. руху сярод інтэлігенцыі Вільні, Мінска, Віцебска (гурткі А.​Кіркора, В.​Дуніна-Марцінкевіча, А.​Вярыгі-Дарэўскага). Захапленне элітай бел. народнай культурай і мовай атрымала саркастычную назву «хлапаманія». Бел. нац. пытанне — у сувязі с польскім, літоўскім, украінскім — ставілася на сходках зямляцтваў і гурткоў рэв. моладзі. Падаўленне паўстання 1863—64 і масавыя рэпрэсіі ў адносінах да яго ўдзельнікаў, жорсткі рэжым выключных законаў надоўга затрымалі развіццё нац. руху. На мяжы 1870—80-х г. у вышэйшых установах Пецярбурга і інш. гарадоў утварыліся гурткі студэнтаў-беларусаў рэв.-дэмакр. і ліберальнага кірункаў (напр., асветніцкая арг-цыя «Крывіцкі вязок»). Яны падпольна выдалі шэраг публіцыст. твораў, дзе абвяшчалі існаванне беларусаў як «асобнай галіны славянскага племені».

У 1891 Ф.​Багушэвіч у прадмове да зб. «Дудка беларуская» сфармуляваў бел. нац. ідэю, якая грунтавалася на гіст. традыцыі ВКЛ і асэнсаванні бел. мовы як вызначальнага індыкатара бел. нацыі. У канцы 1890-х г. сярод навучэнцаў Мінска па ініцыятыве А. і І. Луцкевічаў утварыўся гурток з мэтай вывучэння Беларусі і распрацоўкі бел. нац. пытання. У 1902 В.​Іваноўскі і браты Луцкевічы заснавалі «Круг беларускай народнай прасветы і культуры» ў Пецярбургу. Зімой 1902—03 на аснове нац.-культ. гурткоў бел. моладзі Мінска, Вільні, Пецярбурга ўтворана Бел. сацыяліст. грамада (І. і А. Луцкевічы, А.​Пашкевіч, К.​Кастравіцкі, А.​Бурбіс, В.​Іваноўскі, Ф.​Умястоўскі). Легальным органам БСГ стала газ. «Наша доля», якая пачала друкавацца ў Вільні з вер. 1906 кірыліцай і лацінкай (адно выданне прызначалася для беларусаў праваслаўных, другое — для католікаў), але яна была забаронена ўладамі ў студз. 1907. У ліст. 1906 БСГ пачала выдаваць газ. «Наша ніва», якая амаль дзесяцігоддзе з’яўлялася паліт. і культ. цэнтрам нацыятворчага працэсу. Важную ролю ў развіцці бел. нац.-культ. руху адыграла дзейнасць кнігавыдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца», заснаванай у маі 1906 у Пецярбургу па ініцыятыве Б.​І.​Эпімах-Шыпілы.

Менавіта вакол БСГ, «Нашай нівы» і бел. выдавецтваў гуртаваліся нац. свядомыя бел. сілы. Ідэя дзяржаўнасці Беларусі як гарантыі вольнага развіцця народа, яго культуры стымулявала творчасць вядучых культ. дзеячаў Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, Я.​Лёсіка, А.​Гаруна, В.​Ластоўскага. Важны ўклад у вывучэнне нар. культуры і мовы зрабілі Е.​Раманаў, Я.​Карскі, М.​Нікіфароўскі, М.​Доўнар-Запольскі. Паступова і мэтанакіравана намаганнямі бел. інтэлігенцыі стваралася навук. беларусазнаўства.

Бел. нац. ідэя вызначала і культ.-асветніцкую дзейнасць інтэлігенцыі, якая актывізавалася пасля рэвалюцыі 1905—07. Дзякуючы яе намаганням з’явіўся бел. тэатр і друк. У 1908—14 дзейнічала 6 бел. выд-ваў, выйшлі ў свет 77 бел. кніжак агульным тыражом 600. У пач. 20 ст. з’явілася значная колькасць тэкстаў, якія ствараюць канон нац. культуры, і было пабудавана ўласнае бачанне гісторыі народа.

Такім чынам, на мяжы 19 — пач. 20 ст. практычна склаўся ўвесь «будаўнічы набор» бел. нацыі. Але некат. яго элементы пакуль толькі пазначылі сваю прысутнасць і існавалі хутчэй як патэнцыял, не выяўляючы ў поўнай меры ні свае магчымасці, ні рэальную сілу. Сваю ролю тут адыгралі палітызацыя канфесіянальных падзелаў (праваслаўя і каталіцтва), канфлікт буйных паліт. сіл — польскага і рас. нацыяналізму. Прычым за апошнім стаяла моц Рас. імперыі, для якой фарміраванне бел. (як і ўкр.) нацыі было крайне непажаданым, бо ставіла пад пагрозу адзінства яе этнакульт. ядра. Да таго ж этнічныя і культ. характарыстыкі беларусаў нярэдка станавіліся аб’ектам дыскусій нац. актывістаў. Усё гэта ўскладняла працэс ідэнтыфікацыі лакальнай супольнасці.

На мяжы 19—20 ст. бел. нац. ідэя канкурыравала з канцэпцыямі «заходнерусізму» і «краёвасці», кожная з якіх стварыла сваю іерархію ідэнтычнасцей і каштоўнасцей. Сутнасць заходнерусізму вызначаецца словамі М.​Каяловіча: «Расійскі народ складаецца з трох пляменьняў: вялікарусаў, маларосаў і беларусаў. Гэта — факт расійскага жыцця; даўно ён існуе, і, безумоўна, будзе існаваць далей, пакуль у Расіі будзе просты народ... Бязглузда было б нам дзяліцца на племянныя групы. А тым больш праводзіць гэты падзел у народ». Сутнасным элементам гэтай канцэпцыі з’яўлялася таксама ўпэўненасць у тым, што паліт. незалежнасць Беларусі — гэта шкодная утопія.

Асн. пастулатам краёвай ідэалогіі было сцвярджэнне, што ўсе карэнныя народы «Беларуска-літоўскага краю» ўтвараюць адзіную нацыю, да якой належыць кожны, хто адчувае сябе грамадзянінам краю незалежна ад сац. паходжання і культ. арыентацыі. З прапагандай краёвых поглядаў выступілі Р.​Скірмунт, К.​Скірмунт, М.​Ромер і інш. Кіраўнікі бел. руху браты Луцкевічы і Ластоўскі прынялі гэтую ідэю і актыўна яе прапагандавалі. А.​Луцкевіч спадзяваўся, што папулярызацыя ідэі паліт. нацыі на польскай і рус. мовах паспрыяе далучэнню да бел. руху як русіфікаваных, так і паланізаваных беларусаў.

Адным з актаў краёўцаў было ўтварэнне ў канцы 1915 у акупіраванай немцамі Вільні Часовай рады Канфедэрацыі Вял. княства Літоўскага. Гэтая арг-цыя аб’ядноўвала дзеячаў розных нац.-культ. рухаў, а ініцыятыва яе стварэння належала беларусам. Аднак выпрабавання часам яна не вытрымала. Абвастрэнне міжэтнічных адносін (асабліва польска-літоўскіх) і радыкалізацыя бел. руху, якая адбылася пасля Лют. рэвалюцыі 1917, знішчылі падмурак канфедэрацыі. БСГ, якая адрадзілася ў 1917, успрымала бел. этнас як сял.-рабочы, прадстаўнікам іншых колаў амаль немагчыма было заваяваць давер сацыялістаў. Аднак ідэя дзяржаўнасці гіст. Літвы яшчэ ў 1917 дамінавала ў бел. руху на захад ад лініі фронту. Такім чынам, на пач. 20 ст. ідэя паліт. нацыі не стала падмуркам бел. руху, хаця вельмі актыўна выкарыстоўвалася беларусамі.

Суіснаванне канфліктуючых уяўленняў аб гіст. лёсе бел. нацыі вызначала ў гэты перыяд логіку і тэмпы фарміравання нац. свядомасці, шырэй — нац. кансалідацыі. Паміж момантам, калі нацыя была «ўяўлена» прадстаўнікамі эліты, і момантам, калі адпаведная гэтаму нац. ідэнтычнасць зацвердзілася сярод супольнасці і атрымала паліт. афармленне, прайшоў пэўны час, што спарадзіла меркаванні асобных даследчыкаў аб «замаруджаным» развіцці бел. нацыі. Трэба адзначыць, што ў 2-й пал. 19 ст. бел. нацыяналізм толькі ўсталёўваўся як мабілізацыйны рэсурс паліт. дзеяння ў барацьбе са старымі (рэліг. і дынастычны) і новымі (класавая барацьба) формамі паліт. дыскурсу. Толькі з часу падзей 1917 праблемы Беларусі як асобнай этнатэр. адзінкі («беларускае пытанне») выносяцца ў фокус грамадскай барацьбы. Менавіта гэты час стаў лёсавызначальным для нац.культ. ідэнтыфікацыі бел. этнасу і яго паліт.-дзярж. самавызначэння.

Літ.:

Бутурлин Д.П. История нашествия императора Наполеона на Россию в 1812 году. Ч. 1—2. СПб., 1823—24;

Богданович М.И. История Отечественной войны 1812 года по достоверным источникам. Т. 1—3. СПб., 1859—60;

Тройницкий А.П. Крепостное население России по X народной переписи. СПб., 1861;

Ратч В. Сведения о польском мятеже 1863 года в Северо-Западной России. Вильно, 1867;

Gillez A. Historia Powstania Narodu Polskiego w 1861—1864 r. T. 1. Paryż, 1867;

Яблочков М. История дворянского сословия в России. СПб., 1876;

Вержбовский Ф. К истории тайных обществ и кружков среди литовско-польской молодежи в 1819—1823. Варшава, 1898;

Краснянский В.Г. Минский департамент Великого княжества Литовского. СПб., 1902;

Корф С.А. Дворянство и его сословное управление за столетие 1762—1855 годов. СПб., 1906;

Довнар-Запольский М.В. Народное хозяйство Белоруссии 1861—1914 гг. Мн., 1926;

Лушчыцкі І. Нарысы па гісторыі грамадска-палітычнай і філасофскай думкі Беларусі ў другой палове XIX ст. Мн., 1958;

Корнейчик Е. Белорусский народ в Отечественной войне 1812 г. Мн., 1962;

Шабуня К.И. Аграрный вопрос и крестьянское движение в Белоруссии в революции 1905—07 гг. Мн., 1962;

Улащик Н.Н. Предпосылки крестьянской реформы 1861 г. в Литве и Западной Белоруссии. М., 1965;

Чепко В.В. Сельское хозяйство Белоруссии в первой половине XIX века. Мн., 1966;

Яе ж. Города Белоруссии в первой половине XIX века: (Экон. развитие). Мн., 1981;

Кацер М.С. Изобразительное искусство Белоруссии дооктябрьского периода. Мн., 1969;

Абезгауз З.Е. Развитие промышленности и формирование пролетариата Белоруссии во второй половине XIX века. Мн., 1971;

Мохнач Н. Идейная борьба в Белоруссии в 30—40-е годы XIX века. Мн., 1971;

Бич М. Развитие социал-демократического движения в Белоруссии 1883—1903. Мн., 1973;

Яго ж. Рабочее движение Белоруссии 1861—1904. Мн., 1983;

Дробов Л.М. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;

Болбас М.Ф. Промышленность Белоруссии, 1860—1900. Мн., 1978;

Корелин А.П. Дворянство в пореформенной России, 1861—1904 гг. М., 1979;

Самбук С.М. Политика царизма в Белоруссии во второй половине XIX века. Мн., 1980;

Kumor B. Ustrój i organizacja kościola polskiego w okresie niewoli narodowej, 1772—1918. Kraków, 1980;

Лосинский Н. Революционно-народническое движение в Белоруссии (1870—1884). Мн., 1983;

История рабочего класса Белорусской ССР. Т. 1. Мн., 1984;

Яніцкая М.М. Беларускае мастацкае шкло: XIX — пачатак XX ст. Мн., 1984;

Gach P.P. Kasaty zakonów na ziemiach dawniej Rzeczypospolitej i Sląśka, 1773—1914. Lublin, 1984;

Асвета і педагагічная думка ў Беларусі са старажытных часоў да 1917 г. Мн., 1985;

Зайончковский П.А. Правительственный аппарат самодержавной России в XIX в. М., 1987;

Философская и общественно-политическая мысль Беларуси и Литвы: (Дооктябрьский период). Мн., 1987;

Филяков В.Г. Революционные связи рабочих Белоруссии и России в конце XIX — начале XX в. Мн., 1987;

Лютый А.М. Социально-экономическое развитие городов Белоруссии в конце XVIII — первой половине XIX в. Мн., 1987;

Калиновский К. Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988;

Блинова Т.Б. Иезуиты в Белоруссии. Мн., 1990;

Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг. Мн., 1990;

Яго ж. Наемный труд в сельском хозяйстве Беларуси 1861—1914 гг. Мн., 1996;

Sikorska-Kulesza J. Drobna szlachta w zachodniej Białorusi na Litwie w XIX w. Warszawa, 1990;

Думін С.У., Канапацкі І.Б. Беларускія татары: Мінулае і сучаснасць. Мн., 1993;

Крук У.П. Сялянскі рух на Беларусі, 1864—1900 гг. Мн., 1993;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994;

Очерки истории науки и культуры Беларуси. Мн., 1996;

Litak S. Kościół laciński w Rzeczypospolitej około 1772 roku. Lublin, 1996;

Анішчанка Я.К. Беларусь у часы Кацярыны II. Мн., 1996;

Яго ж. Генеральнае межаванне на Беларусі. Мн., 1996;

Яго ж. Черта оседлости. Мн., 1998;

Яго ж. Інкарпарацыя. Літоўская правінцыя ў падзелах Рэчы Паспалітай. Мн., 2003;

Луговцова С.Л. Политика российского самодержавия по отношению к дворянству Белоруссии в конце XVIII — первой половине XIX века. Мн., 1997;

Шыбека З.В. Гарады Беларусі: (60-я гг. XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1997;

Канфесіі на Беларусі: (Канец XVIII — XX ст.). Мн., 1998;

Снапкоўская С.В. Адукацыйная палітыка і школа на Беларусі ў канцы XIX — пачатку XX стст. Мн., 1998;

Гарбацкі А.А. Стараабрадніцтва на Беларусі ў канцы XVII — пачатку XX ст. Брэст, 1999;

Горизонтов Л.Е. Парадоксы имперской политики: поляки в России и русские в Польше. М., 1999;

Забаўскі М.М. Расійская Дзяржаўная дума ў грамадска-палітычным жыцці Беларусі (1906—1917 гг.). Мн., 1999;

Капилов А.Л., Ахвердова Е.И. Музыкальная культура Беларуси XIX — нач. XX веков. Мн., 2000;

Куль-Сяльверстава С. Беларусь на мяжы стагоддзяў і культур. Мн., 2000;

Сосна У.А. Фарміраванне саслоўна-групавога складу сялянства Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. Мн., 2000;

Бейлькин Х.Ю. Аграрный кризис конца XIX века и структурная реконструкция сельского хозяйства Беларуси. Мн., 2001;

Гарбачова В.В. Паўстанне 1830—1831 гг. на Беларусі. Мн., 2001;

Смалянчук А. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй: Пол. рух на бел. і літ. землях, 1864—1917. Гродна, 2001;

Швед В.В. Паміж Польшчай і Расіяй: грамадска-палітычнае жыццё на землях Беларусі (1772—1863 гг.). Гродна, 2001;

Гісторыя сялянства Беларусі: Са стараж. часоў да нашых дзён. Т. 2. Мн., 2002;

Киштымов А.Л. Экономические достижения Беларуси в XIX — начале XX в. // Гісторыя Беларусі ў еўрапейскім кантэксце. Мн., 2002;

Марозава С. Уніяцкая царква ў этнакультурным развіцці Беларусі (1596—1839). Гродна, 2002;

Соколова М. Общественные объединения и движения в Беларуси в конце 18 — начале 20 века: проблемы становления гражданского общества. Мн., 2002;

Філатава А.М. Саслоўная палітыка царскага ўраду ў Беларусі, 1772—1860 гг. // Гіст. альманах. Гародня, 2002. Т. 6;

Яноўская В.В. Хрысціянская царква ў Беларусі ў 1863—1914 гг. Мн., 2002;

Жытко А.П. Дваранства Беларусі перыяду капіталізму: 1861—1914 гг. Мн., 2003;

Люты А.М. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў другой палове XVIII — першай палове XIX стагоддзя. Мн., 2004.

Н.​В.​Анофранка, А.​У.​Ерашэвіч, А.​Л.​Кіштымаў, М.​А.​Сакалова, В.​П.​Панюціч, А.​М.​Філатава., Г.​Філякоў, В.​В.​Яноўская.

Бітва пры Клясціцах каля Полацка. Ліпень 1812. Мастак П.​Гес.
Каля Бярэзіны. Лістапад 1812 г. Гравюра 1-й чвэрці 19 ст.
Беларуская вёска 19 — пач. 20 ст. Бел. дзярж. музей нар. архітэктуры і побыту.
Гомель. З гравюры 19 ст.
Вадзяны млын на р. Лясная каля в. Клейнікі Брэсцкага раёна. Пач. 20 ст.
Пінскі рачны порт. Гравюра 19 ст.
Мінск. З малюнка 19 ст.
Новагародак. Малюнак Н.​Орды. 1878.
Будынак упраўлення Лібава-Роменскай чыгункі ў Мінску. Пач. 20 ст.
Прыбыццё цягніка на вакзал у Брэсце. Канец 19 ст.
Будынак чыгуначнага вакзала ў Гомелі. Пач. 20 ст.
Лепель. Паштоўка з выявай шлюза Бярэзінскай воднай сістэмы. Пач. 20 ст.
Мястэчка Глыбокае Пач. 20 ст.
Адкрыццё аўтамабільнага руху ў Слуцку. Паштоўка. Пач. 20 ст.
Т.​Зан. Гравюра Р.​Жукоўскага.
А.​Міцкевіч. Літаграфія. 1827.
Спражка паўстанцаў 1830—31.
Паўстанец 1831 з-над Нёмана. Тагачасная гравюра.
Кастусь Каліноўскі. З карціны А.​Гугеля і Р.​Кудрэвіч 1958
Э.​Плятэр.
Газета «Мужыцкая праўда». №1. 1862.
«Ліст з-пад шыбеніцы» К.​Каліноўскага. Аўтограф. 1864.
Вокладка час. «Гоман». 1884.
Выхад паўстанцаў з Гродна на зборны пункт. З карціны невядомага мастака. 1863.
Маніфестацыя каля дома губернатара на Саборнай плошчы ў Мінску 18.10.1905.
Вызваленне палітычных вязняў з мінскай турмы 18.10.1905.
Выступленне рабочых і салдат у Баранавічах у снежні 1905. Малюнак С.​Раманава 1955.
А.​І.​Каменскі. Мітынг. З серыі «Дух рэвалюцыянера».
Навучанне ў царкоўнапрыходскай школе ў Мсціслаўскім павеце Канец 19 ст.
І.​Лялевель.
Медаль «Перамога праваслаўя», прысвечаны скасаванню уніяцкай царквы. Аверс і рэверс. Медзь. 1839.
Віленская інтэлігенцыя каля рэдакцыі газ. «Наша ніва».

т. 18, кн. 2, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)