ЛІНЕ́ЙКА,

1) інструмент для правядзення прамых ліній на плоскасці і выканання некаторых вымярэнняў. Чарцёжная Л. для правядзення паралельных ліній наз. рэйсшынай (бывае Т-падобная і механізаваная, з сістэмай ролікаў і нітак), для правядзення крывых ліній — лякала (гл. таксама Чарцёжна-канструктарская тэхніка).

2) Л. праверачная — стальная або чыгунная, для праверкі прамалінейнасці паверхняў дэталей станкоў, машын і інш. Даўж. да 4 м.

3) Лічыльны інструмент для інж. вылічэнняў — лагарыфмічная лінейка.

4) Шматмесны адкрыты конны экіпаж з падоўжнай перагародкай, у якім пасажыры сядзяць бокам да напрамку руху; гар. транспарт у 19 ст. ў Расіі.

т. 9, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАФІЛАМЕ́НТЫ (ад мікра... + позналац. filamentum ніткападобнае ўтварэнне, нітка),

скарачальныя ніткі ўнутрыклетачнага апорна-рухальнага апарату эўкарыёт — цыташкілета. Дыям. 4—7 нм. Маюць пераважна бялок актын, інш. скарачальныя бялкі (міязін, тропаміязін, актынін) і спец. бялкі (напр., вінкулін, фрагмін, філамін). Пад плазматычнай мембранай М. утвараюць суцэльнае спляценне, у цытаплазме клеткі фарміруюць пучкі з паралельна арыентаваных нітак або трохмерны гель. Забяспечваюць рухомасць нямышачных клетак (напр., нейтрафілаў, макрафагаў), удзельнічаюць у змене формы клеткі пры распластванні, прымацоўванні да субстрату, амёбападобным руху, эндамітозу, цыклозу (у раслінных клетках) і інш.

А.​С.​Леанцюк.

т. 10, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІЭТЫЛЕНТЭРЭФТАЛА́Т,

сінтэтычны палімер, складаны поліэфір тэрэфталевай (n-бензолдыкарбонавай) к-ты і этыленгліколю [—O(O)CC6H4C(O)OCH2CH2—]n, мал. м. (2—5)∙10​4. Цвёрдае бясколернае рэчыва, шчыльн. 1380—1400 кг/м³, tпл255—265 °C. Тэрмапласт. Не раствараецца ў вадзе, пры награванні да 40—150 °C раствараецца ў фенолах і іх алкіл- ці хлорвытворных. Характарызуецца высокай тэрмаўстойлівасцю расплаву (каля 290 °C), нізкай гіграскапічнасцю. Трывалы, зносаўстойлівы, добры дыэлектрык. Выкарыстоўваюць пераважна для вытв-сці валокнаў і нітак (гл. Поліэфірныя валокны), бутэлек для безалкагольных напіткаў і алею, а таксама плёнак, радыёдэталей, хім. абсталявання і інш.

т. 12, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЫ́Я ФАРБАВА́ЛЬНІКІ, субстантыўныя фарбавальнікі,

водарастваральныя арган. фарбавальнікі, здольныя афарбоўваць тэкстыльныя матэрыялы непасрэдна («прама», без пратраў) з водных раствораў. Сарбіруюцца валокнамі і ўтрымліваюцца на іх сіламі Ван-дэр-Ваальса, за кошт вадародных і інш. сувязей. Паводле хім. класіфікацыі — пераважна ды- і поліазафарбавальнікі (гл. Азафарбавальнікі), у т. л. металзмяшчальныя. Простыя для скарыстання, утвараюць афарбоўкі ўсіх колераў. Выкарыстоўваюць пераважна для афарбоўвання тэкст. матэрыялаў з цэлюлозных валокнаў (баваўняных швейных нітак, пражы, трыкатажнага палатна і інш.), радзей — з натуральнага шоўку і поліаміднага валакна. Пры дапамозе П.ф. можна афарбоўваць скуру і футравую аўчыну.

т. 13, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

навыця́гваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Разм. Выцягнуць, выняць, вырваць адкуль‑н. многа чаго‑н. Навыцягваць нітак з палатна. □ Віця падтрымліваў за руку Грышу Званкова, і той, павісшы над вадой, навыцягваў жоўтых кветак на тоўстых, нібы зялёныя алоўкі, мокрых сцяблінах. Нядзведскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

се́тка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так, ж.

1. Прыстасаванне з перакрыжаваных нітак, дроту, вяровак і пад. рознага прызначэння.

Плесці сетку на рыбу.

Валейбольная с.

С. пчаляра.

2. Сумка для нашэння прадуктаў, дробных рэчаў і пад., сплеценая з нітак, вяровак, шнуркоў і пад.

Злажыць у сетку яблыкі.

3. адз.; чаго або якая. Сукупнасць размешчаных дзе-н. і звязаных адзінай сістэмай устаноў, прадпрыемстваў, дарог, ліній сувязі і пад.

С. дамоў адпачынку.

С. бальніц.

Гандлёвая с.

4. Разлінееная, звычайна ў клетку, паверхня.

Градусная с.

Геаграфічная с. (лініі, якія абазначаюць даўготы і шыроты).

5. Расклад, схема, шкала (спец.).

Тарыфная с.

|| памянш. се́тачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж. (да 1 і 2 знач.).

|| прым. се́тачны, -ая, -ае (да 1, 2 і 5 знач.) і се́ткавы, -ая, -ае (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

шоўк, -у, мн. шаўкі́, шаўко́ў, м.

1. Ніткі, якія вырабляюцца з выдзяленняў вусеня шаўкапрада.

2. Тканіна з такіх нітак, а таксама са штучнага, сінтэтычнага валакна.

3. Адзенне з такой тканіны.

Хадзіць у шаўках.

У даўгу, як у шаўку (прымаўка: усім павінен).

4. перан. Пра што-н. мяккае, шаўкавістае.

Ш. валасоў.

|| прым. шаўко́вы, -ая, -ае (да 1, 2 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

віро́к, ‑рка, м.

1. Памянш. да вір (у 1 знач.); малы вір. На чорнай плыні ўсюль віры і віркі. Пташнікаў.

2. Прыстасаванне для звівання нітак. Часам мужчыны памагалі Ганне змотваць ручайкі. Тады ў хаце стаяў ціхі і аднастайны трэск вірка. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПЛЯЦЕ́ННЕ МАСТА́ЦКАЕ,

выраб рэчаў утылітарнага і дэкар. характару злучэннем палос эластычнага матэрыялу пад прамым ці косым вуглом; від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і народных мастацкіх промыслаў. Адрозніваюць П. ручное і машыннае. Матэрыялы для П. — лаза, салома, чарот, карані дрэў, лыка, мачала, бяроста, лучына, стружкі, дубцы арэшніку, ядлоўцу, рабіны, скура, ніткі і інш. У 1970—80-я г. шырока ўжываюцца і сінтэт. матэрыялы. Пашырана ў многіх народаў, папярэднічала ткацтву. Шырока вядома маст. пляценне народаў Усходу, а таксама пляценне карункаў у Расіі.

На Беларусі вядома з неаліту (выяўлены рэшткі сплеценых з лыка сетак, адбіткі плеценых вырабаў на гліне). Найб. захаваліся вырабы 19—1-й пал. 20 ст. Пашырана было пляценне з лазы. На Палессі з яе плялі агароджы (пляцень), сцены гасп. пабудоў. Простай, спіральнай, крыжовай, раброва-крыжовай тэхнікамі П. выраблялі лазовыя палукашкі для вазоў і саней, рыбалоўныя снасці (каробкі, бучы, венцеры), посуд на збожжа, агародніну (кашы, кашолкі, сявенькі, карзіны), мэблю (крэслы, калыскі, падстаўкі пад вазоны, карабы на бялізну) і інш. Разнастайным камбінаваннем тэхнік П. вызначаецца мэбля, кузавы выязных вазкоў. Каркас вязалі з тоўстых прутоў, якія скрыжоўваліся пад розным вуглом і ўтваралі розныя геам. фігуры, потым яго перапляталі тонкімі дубцамі, нярэдка чаргуючы белыя, ачышчаныя ад кары, з неакоранымі, таніравалі лазу ў больш цёмны колер, абпальвалі на агні, аздаблялі выпаленымі ўзорамі. Вырабамі мэблі з лазы славіліся майстры Магілёва, Гомеля, Суража (Віцебскі р-н), кузаваў — Давыд-Гарадка (Столінскі р-н), Лахвы (Лунінецкі р-н). З саламяных жгутоў, пераплеценых лазой, выраблялі шыяны, карабы, сявенькі, кублы, гарцы; з саломы плялі шкатулкі, цацкі, сумкі, капелюшы (гл. Саломка мастацкая). З сасновай лучыны (дранкі) выраблялі посуд на садавіну і гародніну, карабы для пераноскі сена (Паазер’е), з бяросты — заплечныя кашалі для збору грыбоў, сумкі, вярэнькі (Палессе), ёю ж апляталі ганчарны посуд для малака і малочных прадуктаў (берасцянкі). З рагозу (пераважна на Палессі) выраблялі лёгкія, эластычныя сумкі і кашолкі. Дробныя вырабы: каробачкі для рукадзелля, карзінкі, сумачкі, фруктоўніцы — плялі з карэньчыкаў хваёвых дрэў, арэшніку. З лыка, вяровак плялі лапці, са скуры дэталі конскай вупражы, бізуны. Узоры П. вызначаюцца прыгожым шахматным, спіральным, дыяганальным малюнкам. Вял. пашырэнне мела П. з тэкстыльных матэрыялаў: нітак, шнуроў, вяровак і інш. Найб. простым прыёмам з’яўляецца віццё (суканне) — злучэнне дзвюх ці болей пасмаў у шнур. Суканыя шнуры і вяровачкі выкарыстоўваліся як дэкар. элементы на адзенні (разнастайныя нашыўкі), абрусах, ручніках (для кутасоў, махроў). З каляровых нітак вілі шнуркі для завязак на адзенні і паяскоў. Плоскія пляцёнкі з трох (у выглядзе касы) і больш нітак выкарыстоўвалі для вырабу паясоў, завязак, шнуркоў, нашывак на адзенне. Больш складаны від пляцення засн. на выгінанні суцэльных нітак у петлі, якія пераплятаюцца паміж сабой удоўж і ўпоперак (вязанне). Разнастайныя рэчы утылітарнага і маст. характару вырабляліся ў тэхніцы вузельчыкавага П. — завязвання вузлоў рознай канфігурацыі. З дапамогай чаўнака (ігліцы) і дошчачкі вязалі рыбацкія сеткі (Паазер’е). Такім чынам сплеценыя сеткі, нацягнутыя на раму, прызначаныя для абрусаў, сурвэтаў, пакрывалаў, аздаблялі вышыўкай насцілам ці крыжыкам з каляровых шарсцяных нітак. З развіццём прамысловасці П. захоўваецца як від дэкар.-прыкладнога мастацтва і займае значнае месца ў маст. прамысловасці рэспублікі. Сурвэткі, абрусы, лазовыя кошыкі на садавіну і гародніну, цукерачніцы, хлебніцы, саламяныя капелюшы, шкатулкі і інш. плеценыя вырабы выпускаюць ф-кі маст. вырабаў. Некат. вытв. аб’яднанні вырабляюць мэблю з лазы. Шырокую папулярнасць набыло вузельчыкавае П. — макрамэ. Найб. вядомыя бел. майстры П.: Т.​Агафоненка, К.​Арцёменка, А.​Белановіч, С.​Галанчанка, В.​Гаўрылюк, Л.​Главацкая, М.​Кулак, Н.​Ліцюк, Л.​Лось, У.​Лук’янец, Г.​Сапун, Л.​Скрыпнічэнка, В.​Сташкевіч, Т.​Федаркова і інш.

Літ.:

Беларусы. Т. 1. Прамысловыя і рамесныя заняткі. Мн., 1995;

Сахута Я. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Пляценне мастацкае. Саламяны посуд. 1-я пал. 20 ст. Цэнтральная Беларусь.
Да арт. Пляценне мастацкае. Т.​Агафоненка. Маска «Казёл». 1978.
Да арт. Пляценне мастацкае. Посуд з сасновай лучыны. Вёска Шахноўшчына Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобл. 1982.

т. 12, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Абыдзе́ннік ’сувой палатна з нітак ільну, якія былі спрадзеныя за дзень’ (у адпаведнасці з ахвяраваннем цэлых вёсак у час засухі) да аб дзень.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)