АДЭНАКАРЦЫНО́МА (ад адэна... + грэч. karkiōma пухліна), залозісты рак,

злаякасная пухліна, якая можа развівацца з залозістага эпітэлію. Гісталагічна выяўляюцца ўнутрыклетачныя парушэнні ядзерна-плазматычных суадносін (павелічэнне ядра), полімарфізм клетак і інш. Характарызуецца інвазіўным ростам — за межы базальнай мембраны, без пэўнай мяжы. Найб. частыя адэнакарцынома малочнай залозы, страўніка, кішэчніка. Лячэнне камбінаванае: хіміка-прамянёвая тэрапія і хурургічнае.

т. 1, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РХНІ ЕГІ́ПЕТ,

раён Егіпта, які ўключае даліну р. Ніл ад мяжы з Суданам на Пд да шыраты г. Эль-Мінья на Пн. У старажытнасці Верхнім Егіптам называлася ўся асвоеная егіпцянамі даліна Ніла ў адрозненне ад Ніжняга Егіпта, які быў размешчаны ў дэльце Ніла. Мяжа паміж імі праходзіла ў раёне сучаснага г. Каір.

т. 4, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЬНЯ, Вілейка,

рака ў Гродзенскай вобл. Беларусі і ў Літве, левы прыток Віліі (Нярыс). Даўж. 82 км, у межах Беларусі 13 км. Пл. вадазбору 633 км². Пачынаецца на ПнЗ ад в. Кемяны Ашмянскага р-на. У вярхоўі цячэ на мяжы Астравецкага і Ашмянскага р-наў Беларусі з Літвой, 69 км на тэр. Літвы.

т. 4, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖУНГА́РСКІЯ ВАРО́ТЫ,

горны пра ход паміж хрыбтамі Джунгарскі Алатау на З і Барлык на У, у Казахстане, паблізу мяжы з Кітаем. Злучае. Балхаш-Алакольскую катлавіну і Джунгарскую раўніну. Даўж. каля 50 км, шыр. да 10 км, выш. 300—400 м. Пераважае паўпустынны ландшафт. У старажытнасці Дж.в. служылі праходам для качэўнікаў Цэнтр. Азіі і Казахстана.

т. 6, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАДАХО́С (Badajoz),

горад на ПдЗ Іспаніі, у аўтаномнай вобласці Эстрэмадура, на р. Гвадыяна. Адм. ц. правінцыі Бадахос. Засн. рымлянамі ў 1 ст. 127 тыс. ж. (1990). Транзітны гандлёвы пункт каля мяжы з Партугаліяй. Гарбарная, тэкст., фаянсавая, мылаварная прам-сць, вінаробства. Араб. замак (11 ст.), гатычны сабор (13 ст.), арачны мост (16 ст.).

т. 2, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАРА́Т [тур. (Büyük) Aĝri Daĝi, арм. Масіс],

самы высокі вулкан Армянскага нагор’я на У Турцыі каля мяжы з Арменіяй і Іранам. Два злучаныя асновамі конусы — Вялікі Арарат (выш. 5165 м) і Малы Арарат (выш. 3925 м). Складзены з базальтаў. На схілах каля 30 ледавікоў. Лічыцца месцам прычальвання Ноевага каўчэга.

Да арт. Арарат. Гара Вялікі Арарат.

т. 1, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫ́ЖНЯ, Пастовіцкі канал,

рака ў Беларусі, у Старадарожскім раёне Мінскай вобласці і на мяжы Асіповіцкага з Глускім раёнам Магілёўскай вобласці, правы прыток Пцічы (басейн Прыпяці). Даўжыня 24 км. Плошча вадазбору 176 км. Пачынаецца за 1,8 км на Паўднёвы Захад ад вёскі Дубное Старадарожскага раёна, цячэ па паўночнай частцы Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае.

т. 2, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ВІНГСТАНА ВАДАСПА́ДЫ,

некалькі дзесяткаў парогаў і вадаспадаў у ніжнім цячэнні р. Конга, паміж гарадамі Кіншаса і Матады ў Дэмакр. Рэспубліцы Конга (часткова на мяжы з Рэспублікай Конга). Утвараюцца пры прарыве ракой Паўд.-Гвінейскага ўзв. Даўж. парожыстага ўчастка 360 км, агульнае падзенне 220 м. У абход Л.в. пабудавана чыгунка. Буйная ГЭС Інга. Названы ў гонар Д.Лівінгстана.

т. 9, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЬПІ́ГІЕВЫЯ САСУ́ДЫ (ад імя М.Мальпігі),

выдзяляльныя і осмарэгулявальныя органы ў павукападобных, мнаганожак і насякомых; трубчастыя сляпыя вырасты кішэчніка на мяжы сярэдняй і задняй кішак. У М.с. прадукты абмену (напр., мачавая к-та) адсарбіруюцца з поласці цела, пераводзяцца ў стрававальны тракт, дзе абязводжваюцца, і разам з неператраўленымі рэшткамі ежы выводзяцца праз анальную адтуліну.

А.​С.​Леанцюк.

т. 10, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МЁРТВЫ ЛЁД»,

маса нерухомага ледавіковага лёду, якая адарвалася ад крыніцы свайго жыўлення. Трапляецца каля ніжняга краю актыўнага ледавіковага языка і часта не мае выразнай мяжы з ім. Таўшчыня да некалькіх дзесяткаў метраў. У гарах «Мл.» звычайна ўкрыты магутным слоем марэны, што служыць прычынай яго працяглага захавання. Пры дэградацыі плейстацэнавых ледавікоў узнікалі значныя масы «Мл.».

т. 10, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)