КАСЦЯ́НКА,

сакавіты плод раслін з рэзкай дыферэнцыяцыяй слаёў каляплодніка. Мае ў сабе тонкі скурысты пазаплоднік, сакавіты міжплоднік і адраўнелы ўнутрыплоднік (эндакарпій), які ўтварае костачку, дзе знаходзіцца семя. Аднакасцянка ў вішні, слівы, міндаля, шматкасцянка ў малін, ажын, крушыны (іх плод складаецца з многіх дробных К., якія знаходзяцца на агульным кветаложы). Вядомы сухія К. са скурыстым (міндаль, грэцкі арэх) ці валакністым (какосавая пальма) міжплоднікам.

т. 8, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РЫСТА-КУЧАВЫ́Я ВО́БЛАКІ [міжнар. назва Cirrocumulus (Cc)],

грады або слаі тонкіх белых воблакаў у верхняй трапасферы. Складзеныя з вельмі дробных элементаў у выглядзе зерняў, камякоў або рабізны, суцэльных або адасобленых, часткова па краях валакністыя. Утвараюцца пераважна з ледзяных крышталёў. Узнікаюць у выніку канвекцыйных і хвалевых рухаў, а таксама ў сувязі з франтамі, асабліва халоднымі. Ападкаў не даюць. Гл. Воблакі, Воблачнасць.

т. 12, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пінцэ́т

(фр. pincette)

спружынныя шчыпчыкі для брання вельмі дробных прадметаў; выкарыстоўваецца ў медыцыне, гадзіннікавай справе і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГАЛЬМІРО́ЛІЗ (ад грэч. halmyros салёны + lysis распад),

падводнае выветрыванне, хіміка-мінералагічнае пераўтварэнне першасных адкладаў на дне мора пад уздзеяннем працэсаў растварэння, акіслення і інш. Гальміролізам тлумачаць паходжанне некаторых мінералаў, што ўтвараюцца толькі ў марскіх адкладах (глаўканіт, шамазіт і інш.), падводнае змяненне вулканічных туфаў, якое прыводзіць да ўтварэння бентаніту і інш. разнавіднасцей паглынальных глін. Асабліва спрыяльныя для гальміролізу месцы павольнага адкладання на марскім дне дробных часцінак.

т. 4, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

шплінт, ‑а, М ‑нце, м.

Спец. Дэталь у выглядзе невялікага драцянога стрыжня, якая выкарыстоўваецца ў машынабудаванні для замацавання на вале дробных дэталей і папярэджвання самаадкручвання гаек. — Ну! Віцька гайку адкруціў і шплінт дастаў. Вось, кажа, праз гэты шплінт зламалася важная дэталь. Трэба, маўляў, усё развінчваць. Савіцкі.

[Ням. Splint.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчэ́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Невялікая тонкая пласцінка, кавалак, адколаты па слаі дрэва; трэска. Напалавіну ў шчэпкі пакрышыла, Напалавіну полымем пайшла. Як быццам хата ў тым і саграшыла, Што гэтак доўга хатаю была. Чэрня. [Алёшка:] — Глядзі вунь [Грышка], колькі дробных шчэпак ля камля. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пясо́к, -ску́, м.

1. Сыпкія часцінкі кварцу або іншых цвёрдых мінералаў.

Рачны п.

Жоўты п.

Будаваць на пяску што-н. (перан.: на ненадзейнай аснове). П. сыплецца з каго-н. (перан.: пра вельмі старога чалавека; разм.).

2. мн. -скі́, -ско́ў. Прасторы, пакрытыя пяском.

Зыбкія пяскі.

Цукровы пясок — цукар у дробных крупінках у адрозненне ад пілаванага, колатага.

|| памянш. пясо́чак, -чку, м. (да 1 знач.).

|| прым. пясо́чны, -ая, -ае (да 1 знач.).

П. колер (карычнева-жоўты).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ВАДЗЯНО́Е КО́ЛА,

прыстасаванне ў выглядзе кола з лопасцямі, якое прыводзіцца ў дзеянне энергіяй патоку вады; самы просты гідраўлічны рухавік. Бывае ніжнябойнае (падліўное), сярэднябойнае і верхнябойнае (наліўное). Магутнасць да дзесяткаў кілават. Выкарыстоўваецца са стараж. часоў у сістэмах арашэння (Егіпет, Індыя, Кітай і інш.), на Беларусі — для прыводу ў дзеянне вадзяных млыноў, машын і механізмаў дробных вытв-сцяў.

Вадзяное кола: 1 — рэгулявальная заслонка; 2 — коўш; 3 — рабочы вал; 4 — апора.

т. 3, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУЦЭ́ЛЫ (Brucella),

род дробных патагенных шара- або палачкападобных бактэрый, якія выклікаюць бруцэлёз чалавека і жывёл. Бруцэлы — нерухомыя, грамадмоўныя клеткі (0,3—0,4×0,4—3,0 мкм), якія не ўтвараюць спораў, маюць эндатаксін, аэробы. Высокаўстойлівыя да неспрыяльных фактараў вонкавага асяроддзя; захоўваюць жыццяздольнасць у глебе ад 2—3 да 100 і больш сутак, у вадзе — 6—90 і больш сутак. У вільготным асяроддзі гінуць пры т-ры 60 °C праз 30 мін, пры кіпячэнні — імгненна.

т. 3, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗУРЫ́Т (ад франц. azur лазур, блакіт),

мінерал з класа карбанатаў, Cu3[(OH)CO3]2. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Мае 53,3% медзі. Утварае шчоткі і друзы пераважна дробных крышталёў, агрэгаты, канкрэцыі, шчыльныя масы, зямлістыя скопішчы. Колер цёмна-сіні, васільковы, блакітны. Бляск шкляны. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 3,5—4. Шчыльн. 3,8 г/см³. Тыповы мінерал зон акіслення меднарудных жылаў. Пры далейшым акісленні ператвараецца ў малахіт. Другасная руда медзі. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці сіняй фарбы.

Азурыт.

т. 1, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)