ліцэ́нзія

(лац. licentia = права, дазвол)

1) дазвол кампетэнтнага дзяржаўнага органа на прывоз тавараў або іх вываз за граніцу;

2) дазвол на выраб якой-н. прадукцыі, выкарыстанне вынаходніцтва, арганізацыю якога-н. віду дзейнасці.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

гімн, ‑а, м.

1. Урачыстая песня, прынятая як сімвал дзяржаўнага або класавага адзінства. Дзяржаўны гімн Савецкага Саюза. «Інтэрнацыянал» — міжнародны пралетарскі гімн, партыйны гімн КПСС і іншых камуністычных партый. □ Вялікае пашырэнне гімны атрымалі ў перыяд французскай буржуазнай рэвалюцыі канца XVIII ст. Выключнай папулярнасцю тады карысталася «Марсельеза» Ружэ дэ Ліля, якую французскі Канвент прызнаў нацыянальным гімнам рэспублікі. А. Макарэвіч.

2. Увогуле хвалебная песня або музычны твор у гонар каго‑, чаго‑н. Гімн жыццю. Гімн чалавеку працы. □ Паэт спяваў гімн свабодзе народа і ўсім палымяным сэрцам сваім заклікаў на бой за яе. Майхровіч.

[Грэч. hýmnos.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

руль, ‑я, м.

1. Прыстасаванне для кіравання рухам судна, самалёта, аўтамабіля і пад. у зададзеным кірунку. Руль камбайна. Руль трактара. □ Дзядзя шафёр трымаецца за руль і глядзіць толькі наперад, у акно. Брыль. Назар заняў сваё ранейшае месца за рулём і ўпэўнена павёў машыну ўзнімаць новыя скібы. Паслядовіч.

2. перан. Кніжн. Пра органы кіравання, кіраўніцтва чаго‑н. Руль дзяржаўнага кіравання. □ О Беларусь мая, ён [Ленін] даў тваім сынам Дзяржаўны руль, братэрскай дружбы сілу, А мове, песням іх — узмах арліны крылаў. А. Александровіч.

•••

Лева руля гл. лева.

Права руля гл. права.

[Ад гал. roer.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скульпту́ра, ‑ы, ж.

1. Від выяўленчага мастацтва — стварэнне аб’ёмных вобразаў (барэльефаў, статуй і пад.) з гліны, каменя, металу і пад. Займацца скульптурай. □ Праца.. з’яўляецца вядучай тэмай савецкага выяўленчага мастацтва — жывапісу, графікі, скульптуры. «Беларусь». На аддзяленні скульптуры Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута быў аб’яўлены конкурс на лепшы праект мемарыяла. «Помнікі».

2. Твор гэтага віду мастацтва. На кожным кроку кідаліся ў вочы манастыры, кляштары, касцёлы, цэрквы, кірхі і капліцы са своеасаблівымі скульптурамі каталіцкіх святых. Колас. Праходзячы міма скульптуры студэнта, схіленага над разгорнутай кнігай. Максім Сцяпанавіч зноў захваляваўся. Карпаў. // зб. Сукупнасць такіх твораў. Беларуская скульптура.

[Лац. sculptura.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ МУЗЕ́Й ГІСТО́РЫІ РЭЛІ́ГІІ.

Засн. ў 1978 у Гродне як Рэспубліканскі музей атэізму і гісторыі рэлігіі. З 1989 сучасная назва. Адкрыты для наведвальнікаў 15.1.1985. Размяшчаўся ў будынках б. Гродзенскага базыльянскага жаночага манастыра (у 1978—85 зроблена рэстаўрацыя і арх. комплекс прыстасаваны пад музей). Меў 15 экспазіц. і 3 выставачныя залы (агульная пл. 2200 м²). Экспазіцыя асвятляла гісторыю развіцця духоўнай культуры на Беларусі ад узнікнення рэліг. вераванняў да нашых дзён. У сувязі з паступовай перадачай з 1992 будынкаў музея дзеючаму манастыру Раства Багародзіцы экспазіцыя ў 1994 закрыта. Музею перададзены будынак 18—19 ст. па вул. Замкавай — б. палац Храптовіча, Тызенгаўза, Ляхніцкага. У снеж. 1994 у адрэстаўрыраванай частцы палаца адкрыты экспазіцыя «Эпоха, час, будынак», выставачная і канцэртная залы (пл. 300 м²). У фондах музея захоўваюцца творы выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва (12—20 ст.), кнігі (16—20 ст.), археал. знаходкі і этнагр. экспанаты (на 1.1.1995 агульны фонд 57 тыс. прадметаў). Пры музеі створана навук. б-ка (больш за 13 тыс. тамоў). З 1983 працуе рэстаўрацыйная майстэрня.

Л.​А.​Карнілава.

Будынак Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі.
Беларускі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі. Выстаўка «Барока на Беларусі».

т. 2, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ ХАРЭАГРАФІ́ЧНЫ КАЛЕ́ДЖ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.

Засн. ў Мінску ў 1945 як Бел. дзярж. харэаграфічнае вучылішча, з 1996 сучасная назва. Яго стварэнне падрыхтавана развіццём прафес. харэаграфічнай адукацыі на Беларусі, якая бярэ пачатак ад харэаграфічнага класа пры Бел. муз. тэхнікуме (з 1928), Бел. студыі оперы і балета (1930—33), балетнай школы пры Дзярж. т-ры оперы і балета БССР (з 1934), харэаграфічнага аддзялення ў тэатр. вучылішчы (з 1939). Арганізатар і першы маст. кіраўнік З.Васільева (да 1949). У 1996/97 навуч. г. працавала аддзяленне класічнага танца з 8-гадовым тэрмінам навучання (прымаюцца дзеці на базе 4 класаў агульнаадук. школы). Навучанне дзённае. Да 1992 існавала таксама аддзяленне нар. танца з 5-гадовым тэрмінам навучання. Сярод педагогаў: А.Калядэнка, В.​Лапо, К.Малышава, Н.​Нікалаева, М.Пятрова, Г.​Сінельнікава, В.Швяцова. Маст. кіраўнік Ю.Траян (з 1995). У розны час у каледжы працавалі: маст. кіраўнікі А.Нікалаева, І.Савельева; педагогі Л.Бржазоўская, Я.Глінскіх, В.Давыдаў, В.​Дудко, А.Карзянкова, У.Камкоў, Р.Красоўская, М.Красоўскі, Н.​Малахава, Н.Младзінская, Н.Лаўлава, Р.​Сінёва, Л.Чахоўскі і інш. У 1995—96 у каледжы выдаваўся час. «Вестник» (па праблемах балетнага мастацтва; выйшла 8 нумароў).

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балет. Мн., 1966.

А.​І.​Калядэнка.

Будынак Дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа Рэспублікі Беларусь.

т. 6, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖЫ́НСКІ (Фелікс Эдмундавіч) (11.9.1877, б. маёнтак Дзяржынава Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. — 20.7.1926),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч, удзельнік польскага і рас. рэв. руху. Гімназістам у Вільні ў 1894 уступіў у с.-д. гурток, з 1895 чл. арг-цыі «Літоўская сацыял-дэмакратыя», з 1896 прафес. рэвалюцыянер. Адзін з кіраўнікоў рэвалюцыі 1905—07 у Варшаве. З 1907 чл. ЦК РСДРП. У 1910—12 працаваў у парт. арг-цыях Варшавы, Чанстаховы і інш. 6 разоў быў арыштаваны і засуджаны. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Маскоўскай арг-цыі бальшавікоў. Удзельнік падрыхтоўкі і правядзення Кастр. ўзбр. паўстання ў Петраградзе. З 1917 старшыня ВЧК па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам. У 1919—23 нарком унутр. спраў РСФСР. Адзін з арганізатараў «чырвонага тэрору» і ініцыятараў стварэння т.зв. папраўча-прац. лагераў. З 1919 на Усх. фронце. У жн.вер. 1920 у Мінску, чл. РВС Зах. фронту. З 1921 нарком шляхоў зносін. З 1924 старшыня ВСНГ, адначасова старшыня Аб ’яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення пры СНК СССР. Чл. ЦК з 1918, канд. у чл. Аргбюро з 1920, канд. у чл. Палітбюро ЦК ВКП(б) з 1924. У г.п. Івянец Валожынскага р-на адкрыты музей Дз., на б. хутары Дзяржынава — яго філіял.

т. 6, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗІНЕ́Ц (Міхаіл Антонавіч) (н. 18.5.1938, в. Цынцавічы Вілейскага р-на Мінскай вобл.),

бел. дырыжор, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1978), нар. арт. Беларусі (1987). Скончыў Бел. кансерваторыю (цяпер Бел. акадэмія музыкі) па класах баяна (1965) і оперна-сімф. дырыжыравання (1973), з 1966 выкладае ў ёй (праф. з 1990, рэктар з 1985). З 1972 дырыжор, з 1975 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І.​Жыновіча. У рабоце з аркестрам вял. ўвагу аддае пытанням строю, збалансаванасці гучання розных арк. груп, нюансіроўцы, тэмбравай маляўнічасці. К. — першы інтэрпрэтатар многіх твораў бел. музыкі, у т. л. кантаты для хору, салістаў і нар. аркестра «Родныя песні» Ю.​Семянякі, Канцэрта для фп. і нар. аркестра Г.​Вагнера, «Святочнай паэмы» і «Юбілейнай уверцюры» Я.​Глебава, 2-га канцэрта для цымбалаў і аркестра і Рапсодыі для 2 цымбалаў і аркестра Дз.​Смольскага, Сімфаньеты і уверцюры «Беларускія вячоркі» К.​Цесакова, Канцэрта для аркестра нар. інструментаў В.​Іванова, фрэскі-карціны «Зямля бацькоў» і уверцюры «Свята ўраджаю» В.​Войціка, сімфоніі «Памяць Зямлі», муз. карціны «На Купалле», канцэрціна «Народныя гульні», апрацовак нар. мелодый «Бульба», «Крыжачок», «Саўка ды Грышка» А.​Мдывані і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1984.

М.А.Казінец.

т. 7, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВАТО́РАЎ (Генадзь Панцеляймонавіч) (н. 11.3.1929, Масква),

расійскі і бел. дырыжор, педагог. Нар. арт. Расіі (1981). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю па кл. фп. ў А.​Тальдэнвейзера (1952) і дырыжыравання ў А.Гаўка (1956). З 1960 дырыжор, гал. дырыжор у муз. т-рах Расіі, у т. л. Маскоўскага т-ра імя К.​Станіслаўскага і У.​Неміровіча-Данчанкі, Ленінградскага Малога т-ра оперы і балета, Адэскага т-ра оперы і балета і інш. У 1984—89 гал. дырыжор Дзярж. акад. Вял. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1994 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Мінскага духавога аркестра «Няміга», з 1998 гал. дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь. З 1986 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1994 праф.). На сцэне т-ра імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі аднавіў оперу «Кацярына Ізмайлава» Дз.​Шастаковіча (1963, запіс адзначаны Гран-пры ў Парыжы, 1966). Гал. працы на бел. сцэне: оперы «Вайна і мір» С.​Пракоф’ева (1985), «Кавалер руж» Р.​Штрауса (1987), «Візіт дамы» С.​Картэса (1995); балеты «Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага, «Вясна свяшчэнная» І.​Стравінскага (абодва 1986), «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева (1988), «Страсці» («Рагнеда») А.​Мдывані (1995) і інш. Сярод вучняў П.​Вандзілоўскі, В.​Чарнуха. Дзярж. прэмія Беларусі 1997.

А.​Л.​Карацееў.

т. 12, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сіньяры́я

(іт. signoria = улада)

1) орган дзяржаўнага самакіравання ў італьянскіх гарадах-камунах у 13—14 ст.;

2) форма палітычнага ладу рада гарадоў Італіі ў 13—16 ст., пры якой уся паўната грамадзянскай і ваеннай улады засяроджвалася ў руках аднаго правіцеля — сіньёра.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)