ЛІ́КІЯ (грэч. Lykia),

старажытная краіна на Пд М. Азіі. У 1-м тыс. да н.э. заселена лікійцамі, якія да асіміляцыі грэкамі (3 ст. да н.э.) размаўлялі на адной з хета-лувійскіх моў і карысталіся да 5—4 ст. да н.э. літарным пісьмом. З 546 да н.э. пад уладай персаў, у канцы 4 ст. да н.э. ў дзяржаве Аляксандра Македонскага. У 295 да н.э. падпарадкавана Пталамеямі. У 197 да н.э. заваявана Антыёхам III, пасля перамогі над якім рымляне перадалі Л. Радосу. Пасля шматлікіх паўстанняў у 169 да н.э. лікійцы дамагліся незалежнасці ад Радоса, атрымалі аўтаномію ў складзе Рым. дзяржавы. З 43 да н.э. рым. правінцыя.

т. 9, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСА́Д,

1) гандлёва-рамесніцкая частка феад. горада ў 10—18 ст. (наз. таксама перадграддзе, прадмесце) у Кіеўскай Русі, Рас. дзяржаве і ВКЛ. З часоў Кіеўскай Русі многія П. падзяляліся на канцы 1 сотні, пазней у іх складзе з’явіліся гар. слабоды. Першапачаткова П. былі неўмацаванымі, пазней іх умацаваная частка, размешчаная каля дзядзінца (замка, крамля) наз. вакольным горадам. П. мелі ўсе гарады Беларусі. Напр., у Полацку ў 16 ст. было 6 П.

2) У Расіі ў 17—18 ст. гандл.-прамысл. цэнтр, які з моманту заснавання не меў крэпасці. Як і гандл.-рамеснае насельніцтва гарадоў, жыхары такіх П. адносіліся да пасадскіх людзей.

т. 12, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЙМ (польск. sejm, літ. saimas, чэш. sněm),

1) саслоўна-прадстаўнічая ўстанова ў саслоўных манархіях Польшчы, Вялікім княстве Літоўскім і ў іх аб’яднанай дзяржаве — Рэчы Паспалітай (гл. Сойм), у Чэхіі ў 13—пач. 20 ст. 2) Рус. назва парламента ў Вял. княстве Фінляндскім, якое ў 1809—1917 уваходзіла на правах аўтаноміі ў склад Рас. імперыі.

3) Аднапалатныя парламенты ў Літве ў 1922—40 і з 1992 (паводле канстытуцый 1922 і 1992), Латвіі ў 1922—34 і з 1993 (паводле канстытуцыі 1922, адноўленай у 1993); ніжэйшая палата парламента Польшчы ў 1921—39 і з 1989.

4) Вышэйшы орган дзярж. улады і адзіны заканад. орган у Польшчы ў 1947—88.

т. 14, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКУРА́ТАЎ-БЕ́ЛЬСКІ (Рыгор Лук’янавіч) (Малюта; ? — 1.1.1573),

адзін з кіраўнікоў апрычніны Івана IV Грознага у Рас. дзяржаве 16 ст., актыўны арганізатар апрычнага тэрору. Набыў вядомасць і ўплыў у 1569, калі ўдзельнічаў у следстве над стрыечным братам Івана IV кн. У.​А.​Старыцкім і ў яго смяротным пакаранні. У снеж. 1569.задушыў б. мітрапаліта Піліпа Колычава, у студз. 1570 кіраваў разгромам Ноўгарада, дзе забіў тысячы жыхароў. У 1571 вёў следства аб прычынах паражэння рус. войск у баі з ардой крымскага хана Дэўлет-Гірэя. Загінуў у баі ў час Лівонскай вайны. З яго імем гіст. традыцыя звязвае жорсткасці, забойствы і смяротныя пакаранні часоў Івана IV.

т. 14, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАКЧЭ́ЕЎШЧЫНА,

палітычны рэжым у Расіі ў 1815—25 (назва ад прозвішча А.А.Аракчэева). Устаноўлены для ўмацавання абсалютызму ва ўмовах пашырэння грамадскага руху пасля вайны 1812. У дзяржаве панавалі самавольства, паліцэйскі дэспатызм і дэспатычны парадак у арміі, жорстка каралася любая праява незадаволенасці. Для прадухілення рэв. руху ў гарадах размяшчаліся вайсковыя каманды. Узмацнілася памешчыцкая эксплуатацыя сялян, жорстка душыліся выступленні сялян, у т. л. ў Брэсцкім і Пружанскім пав., Мазырскім старостве. Узмацнілася рэакцыя ў галіне асветы і культуры: праследаваліся прагрэс, матэрыяліст. думка, прагрэс. навукоўцы, забаронена дзейнасць масонаў (1822), пачаліся ганенні на т-вы філаматаў і філарэтаў (1823). Метады аракчэеўшчыны захаваліся і ў перыяд царавання Мікалая I. Слова «аракчэеўшчына» стала сінонімам самавольства і паліцэйскіх метадаў кіравання.

т. 1, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВІ́ЛЕНСКІЯ ЯКАБІ́НЦЫ»,

група арганізатараў і ўдзельнікаў шляхецка-бурж. блока на Беларусі і ў Літве ў час паўстання 1794, якая выступала за рэв. сац.-паліт. пераўтварэнні. Да «віленскіх якабінцаў» належалі ў асн. вайскоўцы — пераважна афіцэры шляхецкага паходжання, часткова выхадцы з інш. саслоўяў, сярод іх: Я.Ясінскі, П.​Грасмані, А.​Гушкоўскі, Ю.​Гарноўскі, М.​Шульц, К.​Эльснер, М.​Карповіч. «Віленскія якабінцы» адкрыта падтрымлівалі мэты франц. рэвалюцыі 1789—94 і выказвалі надзею на дапамогу з боку рэв. Францыі. Выступалі за паступовую ліквідацыю прыгонніцтва, адмену саслоўных абмежаванняў для мяшчан, за рэсп. лад у дзяржаве, братэрства народаў. Яны ўвайшлі ў Найвышэйшую літоўскую раду, далі пачатак радыкальна-дэмакр. плыні ў вызв. руху на Беларусі.

У.​П.​Емяльянчык.

т. 4, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГАВО́Р 1449,

пагадненне паміж вял. князем ВКЛ Казімірам і вял. князем маскоўскім Васілём II Цёмным. Паводле дагавора Казімір абяцаў не падтрымліваць прэтэндэнта на маск. прастол Дзмітрыя Шамяку, не ўмешвацца ў міжусобную вайну ў Маскоўскай дзяржаве, не прэтэндаваць на Ноўгарад і Пскоў, нават калі тыя будуць «се... давати» Казіміру, і не ўдзельнічаць у магчымых сутыкненнях Ноўгарада і Пскова з Лівонскім ордэнам. Васіль II адмовіўся ад некат. наўгародскіх валасцей і прызнаў за разанскім вял. кн. Іванам Фёдаравічам права пераходу на службу да Казіміра. Дагаворам удакладнены межы паміж Маск. княствам і ВКЛ і фактычна спынена тэр. экспансія ВКЛ на У. Вынікам дагавора быў працяглы (да канца 15 ст.) мір паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай.

А.​В.​Белы.

т. 5, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРПО́Л (англ. International Criminal Police Organization),

скарочаная назва Міжнар. арг-цыі крымін. паліцыі. Рашэнне пра стварэнне І. прынята на кангрэсе ў Манака ў 1914. Першапачаткова створана ў 1923 як Міжнар. камісія крымін. паліцый (МККП) з цэнтрам у Вене, з 1938 у Берліне. Аднавіла дзейнасць у 1946 з цэнтрам у Сен-Клу каля Парыжа, з 1956 сучасная назва. І. выступае ў якасці міжнар. цэнтра рэгістрацыі злачынцаў, ажыццяўляе таксама каардынацыю пошукаў злачынцаў (падазроных; асоб, якія прапалі без вестак; выкрадзеных каштоўнасцей). Вышэйшы орган І. — Генеральная Асамблея, у якасці пастаянных спец. органаў дзейнічаюць Ген. сакратарыят і нац. цэнтральныя бюро. Членамі І. з’яўляюцца больш за 170 дзяржаў, у т. л. Рэспубліка Беларусь; у кожнай дзяржаве створана цэнтр. нац. бюро І.

т. 7, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ДАМСКАЯ КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 1505,

канстытуцыя «Нігель нові» (лац. «нічога новага»), заканадаўчы акт Польшчы, прыняты сеймам у г. Радам 30.3—14.6.1505. Забараняла каралю выдаваць законы без агульнай згоды палат сейма — Сената і Пасольскай Ізбы. Скасавала Мельніцкі прывілей 1501, якім кароль Аляксандр устанавіў кантроль Сената (г.зн. магнатаў) над каралеўскай уладай, і фактычна аддала ўладу Пасольскай Ізбе. Садзейнічала набыццю шляхтай статуса пануючага саслоўя ў дзяржаве. Пастанова сейма 1538 дадаткова забараняла каралю выдаваць законы без агульнай згоды сейма. Аднак пры гэтым не быў праведзены дакладны падзел кампетэнцыі караля, Сената і Пасольскай Ізбы, што ў спалучэнні з прынцыпам аднагалосся (ліберум вета) стала адной з прычын зрывання сеймаў. Канстытуцыя 1505 зацвердзіла таксама ўсе ранейшыя саслоўныя прывілеі і правы шляхты.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 13, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

спрыя́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. спрыяць.

2. Добра зычлівыя адносіны да каго‑, чаго‑н., добразычлівасць. — Можа, ваша школа мае якія-небудзь прэтэнзіі да валаснога праўлення? — у тым жа тоне спрыяння распытваў далей пісар. Колас.

•••

Прынцып найбольшага спрыяння — у міжнародным праве — адзін з найважнейшых прынцыпаў рэгулявання міждзяржаўных эканамічных адносін, адпаведна якому кожная з дагаворных дзяржаў абавязваецца прадастаўляць іншай тыя ж правы і льготы, што і любой трэцяй дзяржаве.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)