стажыро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.
1. Праходжанне выпрабавальнага тэрміну перад залічэннем на работу (на прадпрыемства, ва ўстанову і пад.). Чамусьці прыгадалася [Вячаславу], як упершыню трапіў сюды [на граніцу] і праходзіў стажыроўку на адной з застаў. Шыловіч.
2. Праходжанне навучэнцамі вытворчай практыкі для набыцця вопыту і якой‑н. спецыяльнасці. Штосьці падобнае Чарняхоўскі некалі адчуваў у Бабруйску, прыехаўшы туды з Акадэміі на стажыроўку. Мележ. Затым усе набылі па стажыроўцы ля пультаў Літоўскай ДРЭС. Гроднеў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падмачы́ць, ‑мачу, ‑мочыш, ‑мочыць; зак., каго-што.
Крыху, злёгку намачыць; даць падмокнуць. З тыдзень, можа, свякруха пашыла з ёю ў ладах, а потым не было таго дня, каб не грызла за што-небудзь: дождж падмочыць сена — нявестка вінавата, квахтуха рэшата скіне — зноў нявестка вінавата. Гроднеў.
•••
Падмачыць рэпутацыю — знізіць чый‑н. аўтарытэт, выставіць з нядобрага боку. І трэба прызнацца — Мікалай Мірлікійскі выставіў Мікіту таксама з нядобрага боку і што называецца падмачыў яго рэпутацыю сталага хлопца ў вачах затонскіх старадумаў. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падсо́бны, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны ў дапамогу каму‑, чаму‑н.; дапаможны; другарадны. Падсобны матэрыял. Падсобнае прадпрыемства. Падсобнае памяшканне. □ У Крайцах былі чатыры двухкватэрныя катэджы для супрацоўнікаў, добра абсталяваная лабараторыя, клуб, бібліятэка, заалагічны музей і вялікая падсобная гаспадарка. В. Вольскі. // Які выконвае дапаможную работу. Першыя два месяцы Дзяніс працаваў падсобным рабочым: памагаў упарадкоўваць тэрыторыю завода. Гроднеў. / у знач. наз. падсо́бны, ‑ага, м. [Надзейка:] — Лётаеш, і ўсюды ты навічок, добра яшчэ, што не падсобным бяруць, а па чацвёртаму разраду. Сапрыка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
но́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
1. Памянш. да ноша.
2. Ахапак, вязка (сена, саломы, дроў і пад.). Майскім вечарам Ірына несла на сабе з бліжняга алешніку ношку дроў. Даніленка. Пад’ёмны кран плаўна і лёгка апісаў дугу, быццам у яго клыках быў не дзевяцітонны груз, а ношка саломы. Гроднеў.
3. Здабыча пчалы за адзін вылет. Ліпавы цвет каштоўны не толькі тым, што ён дае мёд высокай якасці. З яго пчолы бяруць вельмі добрыя ношкі. Гавеман.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спецыя́льнасць, ‑і, ж.
1. Асобная галіна навукі, тэхнікі, мастацтва; сфера чыёй‑н. дзейнасці або вывучэння чаго‑н. [Гарлахвацкі:] І спецыяльнасць такую ўдружылі, з якой нікуды не паткнешся — палеанталогія. Крапіва. // Прафесія, асноўная кваліфікацыя. Механік па спецыяльнасці, Гнядкоў хутка пазнаў сакрэт мін і снарадаў і стаў камандзірам групы падрыўнікоў. Шамякін. Там жа, на Урале, Сцяпан займеў спецыяльнасць шахцёра. І працаваў не абы-як. Гроднеў. / у іран. ужыв. [Гаспадыня:] — Ён [Бычкавіцкі] мае спецыяльнасць выслужвацца ў начальства. Бядуля.
2. Уласцівасць спецыяльнага (у 2 знач.). Спецыяльнасць тэрміна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узва́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.
1. Вызначыць вагу, цяжар каго‑, чаго‑н. Па дарозе дадому стары прапанаваў зайсці ў краму і ўзважыць ляшча. Ляўданскі. Клара ўзяла скрутак, здзівілася яго лёгкасці, узважыла на руцэ і разгарнула. Хомчанка.
2. перан. Абдумаць, ацаніць што‑н. Паходня з брыгадзірамі ўзважыў усе магчымасці, улічыў нават кожнага падлетка, які мог быць карысны ў гэты час, каб управіцца з касьбой. Хадкевіч. Тамара не спала ўсю ноч, усё перадумала да драбніц, усё ўзважыла. Гроднеў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шко́днік, ‑а, м.
1. Жывёла, насякомае, якое прыносіць шкоду ў лясной, сельскай, складской, а таксама хатняй гаспадарцы. Да таго ж маці не раз гаварыла, што вожык нават вялікую карысць прыносіць чалавеку, бо знішчае ўсялякіх палявых шкоднікаў. Ляўданскі. Не заўважыць размнажэння лясных шкоднікаў — як гэта магло здарыцца з ім, Курчэвічам? Мяжэвіч.
2. Небяспечны чалавек, вораг; ненавіснік. Мінула некалькі дзён. Міліцыя і пракуратура так і не знайшлі шкодніка. Гроднеў. // Разм. Шкадлівы, шкодны чалавек. [Пан:] — Мельнік твой, Капіца, шкоднік па натуры. Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыпа́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. прыпарваць — прыпарыць (у 1 знач.).
2. Якое‑н. рэчыва, вадкае або цестападобнае, якое прыкладваецца гарачым да хворага месца. Маці яму і банькі ставіла і гарачыя прыпаркі рабіла, шкіпінарам націрала яго, а Лёньку з кожным днём усё больш і больш займала дух. Гроднеў.
3. перан. Разм. Лупцоўка; наганяй. — Ну і дасць жа табе бацька прыпарку, як раскажу. Пташнікаў.
•••
Як мёртваму прыпарка (паможа) — аб тым, што не можа дапамагчы, прынесці карысці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кво́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; незак.
1. Разм. Адчуваць сябе нядужым, хворым; крактаць, стагнаць. Лячылі .. [сваццю] там і ўсякімі мікстурамі, і парашкамі, і чаем, а яна ўсё крактала, усё кволілася. Кулакоўскі. — Ты сам ведаеш, хварэлі ўсю вясну, цяпер толькі на ногі сталі. Ды і то яшчэ меншае кволіцца. Лынькоў.
2. Абл. Жаліцца на нездароўе, болі ў чым‑н. Чалавек ён не вельмі дужага здароўя, але ж ніколі і ні на што не кволіўся. Сабаленка. У дзяцінстве [Дзяніс] кволіўся на ногі. Нібыта раматус быў. Гроднеў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разраўня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., што.
Зрабіць роўным, згладзіўшы складкі, згібы, няроўнасці. [Штаны] моршчацца гармонікамі, і ніякай сілай іх не разраўняеш. Адцягне Пецька рукамі штаніну ўніз — роўна, толькі за другую возьмецца, а першая — пстрык! — і зноў гармонікам. Сяркоў. У Глыбаве разраўнялі палетак вакол клуба, абнеслі прыгожым парканам. Кірэйчык. // Зняць, расправіць (складкі, няроўнасці і пад.). Разраўняць зморшчкі на спадніцы. // Зрабіць раўнамерным, аднолькавым слой чаго‑н. Верка перакінула салому цераз перагародку, перагнулася, каб яе там разраўняць. Гаўрылкін. Трэба было разраўняць грунт, утрамбаваць, падвесці пад ровень. Гроднеў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)