БІБЛІЯТЭ́КА БЕЛАРУ́СКАЯ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЯ імя І.С.Лупіновіча Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1961 у Мінску на базе б-кі Акадэміі с.-г. навук БССР. У 1961—62 Бел. рэсп. навук. с.-г. б-ка Мін-ва сельскай гаспадаркі БССР, з 1970 — імя Лупіновіча. Кніжны фонд (на 1.1.1996) 586 тыс. экз.

Праводзіць інфармац., даведачна-бібліягр. работу з нац., замежным і сусв. інфармац. фондамі пры дапамозе праграмна-тэхн. сродкаў. Мае 2 філіялы і з’яўляецца галіновым цэнтрам міжбібліятэчнага абанемента, з 1993 — нац. цэнтрам інфарм. сістэмы Камісіі ААН па харчаванні і сельскай гаспадарцы (AGRIS) і членам Міжнар. сеткі с.-г. б-к (AGLJVET).

т. 3, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Беларуская студыя оперы і балета 2/232; 7/221; 8/660; 10/375, гл. Беларускі тэатр оперы і балета

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ХРЫСЦІЯ́НСКАЯ ДЭМАКРА́ТЫЯ (БХД),

Беларускае нацыянальнае аб’яднанне (БНА), клерыкальная дэмакратычная бел. нац. партыя. Засн. ў маі 1917 у Петраградзе, дзейнічала на тэр. Зах. Беларусі да 1940. Да сярэдзіны 1920-х г. наз. Хрысціянская дэмакр. злучнасць (ХДЗ). Заснавальнікі і гал. ідэолагі БХД — бел. ксяндзы Ф.Абрантовіч, Л.Хвецка, А.Станкевіч, В.Гадлеўскі, Ф.Будзька, А.Зязюля (А.С.Астрамовіч), К.Сваяк (К.Стаповіч) і інш. Друкаваны орган — газ. «Беларуская крыніца». Заснаванне ХДЗ садзейнічала актывізацыі грамадска-паліт. дзейнасці каталіцкага духавенства непасрэдна на Беларусі. Як актыўны ўдзельнік Беларускага нацыянальнага камітэта, а потым і Вялікай беларускай рады ХДЗ-БХД падтрымлівала Часовы ўрад А.Ф.Керанскага, паступова заняла адмоўныя пазіцыі ў адносінах да сав. улады. На думку Станкевіча, «палітычны незалежны ідэал БХД лагічна выцякае з акта 25 сакавіка 1918 года, які абвясціў Беларусь незалежнай суверэннай дзяржавай». У аснову практычнай дзейнасці БХД была пакладзена тэорыя самабытнасці развіцця бел. нацыі, адмаўленне класавай барацьбы. Усе 5 праграм партыі, пачынаючы з 1920, адстойвалі асновы дэмакр. ладу, у т. л. прыватную ўласнасць. З 2-й пал. 1920-х г. БХД узяла курс на пераўтварэнне партыі ў грамадска-паліт. арг-цыю на грунце агульнахрысц. ідэалогіі, што знайшло адлюстраванне ў 5-й праграме (1936) і змене назвы на БНА. Аднак змена назвы партыі не мяняла яе сутнасці, а павінна была падкрэсліць незалежнасць ад кліру і прэтэнзію на аднаасобнае паліт. прадстаўніцтва бел. народа. Гал. паліт. мэту бачыла ў тым, «каб у незалежнай Беларусі быў створаны такі грамадскі лад, які, абапіраючыся на працу, грамадскую роўнасць і справядлівасць, не дапускаючы эксплуатацыі адных другімі, забяспечваў бы палітычна-грамадскія, культурныя і эканамічныя патрэбы грамадзян». Выступала за самастойнасць бел. народа на ўсіх яго землях, перадачу зямлі ва ўласнасць і без выкупу беззямельным і малазямельным сялянам, абавязковасць вывучэння рэлігіі ў школах, супраць аддзялення царквы ад дзяржавы, «дыктатуры капіталізму, фашызму і камунізму» і інш. З мэтай пашырэння сац. базы партыі ў чэрв. 1926 у Вільні быў адкрыты Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры як філіял БХД. Кіраўнікі БХД-БНА адмоўна сустрэлі прапанову ЦК КПЗБ пра стварэнне адзінага фронту барацьбы супраць польскіх улад, аднак удзельнічалі ў сумесных акцыях барацьбы за школу на роднай мове. Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР многія члены партыі былі рэпрэсіраваны.

У.Ф.Ладысеў.

Да арт. Беларуская хрысціянская дэмакратыя. Сядзяць (злева направа): А.Станкевіч, Я.Германовіч, В.Гадлеўскі; стаяць: П.Татарыновіч, С.Глякоўскі.

т. 2, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ЧЫГУ́НАЧНАЯ ГРАМАДА́ ў Маскве,

грамадска-паліт. і прафес. арг-цыя бел. чыгуначнікаў — бежанцаў 1-й сусв. вайны. Існавала ў 1918, зарэгістравана Беларускім нацыянальным камісарыятам 25.5.1918. Асн. задачы: нац.-культ. адраджэнне Беларусі, развіццё прам-сці, гандлю, асветы; беларусізацыя чыгункі, удасканаленне і развіццё чыг. сеткі і інш. шляхоў зносін на Беларусі. Паліт. платформа: федэрацыя дэмакр. Беларусі з Сав. Расіяй, роўнасць усіх нацый і рэлігій, роўнае выбарчае права, выбарнасць судовай адміністрацыі, права на арганізацыю нар. міліцыі, кантроль дзяржавы над вытв-сцю, свабода забастовак, 8-гадзінны працоўны дзень, аддзяленне царквы ад дзяржавы, адкрыццё на Беларусі сваіх ВНУ; увядзенне бел. мовы ў справаводства органаў мясц. самакіравання, судоў і навуч. устаноў.

Ю.Р.Васілеўскі.

т. 2, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ,

сярэдняя навучальная ўстанова ў Навагрудку (Зах. Беларусь) у 1919—34. Мела на мэце падрыхтоўку да паступлення ў ВНУ, захаванне бел. самабытнасці, павагі да нар. звычаяў і традыцый. Тэрмін навучання 8 гадоў. У Н.б.г. вучыліся беларусы, рускія, яўрэі, татары. У розны час дырэктарамі былі Р.Пяцэвіч, Я.Цеханоўскі, П.Скрабец. Выкладаліся: бел., польск., франц., лац. і ням. мовы, Закон Божы, гісторыя і геаграфія Беларусі і Польшчы, сусв. гісторыя і геаграфія, матэматыка, фізіка, хімія, прыродазнаўства, маляванне, спевы, ручная праца, фізкультура і інш. Дзейнічалі самадз. гурткі, аркестр, спарт. секцыі. Вучні выдавалі часопіс (на шапірографе). Сярод вучняў Л.А.Барысаглебскі, Б.У.Кіт, Я.Сажыч і інш. Закрыта польскімі ўладамі.

А.С.Анішчык.

т. 11, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ДРАМАТЫ́ЧНАЯ МАЙСТРО́ЎНЯ,

аматарская тэатральная студыя ў Вільні. Існавала ў 1922—25 (юрыдычна аформлена ў 1924). Мела на мэце папулярызацыю бел. тэатр. культуры ў Зах. Беларусі, стварэнне асновы для прафес. тэатра. Кіраўнікі М.Красінскі, А.Канчэўскі, А.Міхалевіч, Л.Родзевіч. Удзельнікі — навучэнцы і настаўнікі Віленскай бел. гімназіі, прадстаўнікі мясц. інтэлігенцыі. Работа па падрыхтоўцы спектакляў спалучалася з тэарэт. заняткамі па гісторыі тэатра, майстэрстве акцёра і інш. Наладжваліся спектаклі ў вёсках. У рэпертуары: «На папасе» і «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Рысь» («У зімовы вечар») паводле Э.Ажэшкі, «Лес шуміць» паводле У.Караленкі, «Апошняе спатканне» У.Галубка. Для паказаў выкарыстоўвалася форма беларускіх вечарынак.

Літ.:

Лабовіч А. Тэатр змагання. Мн., 1969. С. 21—28, 82—83, 94—96.

А.А.Лабовіч.

Праграма Беларускай драматычнай майстроўні.

т. 2, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ,

першая сярэдняя беларускамоўная навуч. ўстанова ў Мінску ў 1919—20. Створана 5.9.1919 на базе 3-га Мінскага пач. вучылішча. Дзейнічалі 4 класы. Выкладаліся бел. мова і л-ра, лац., рус., франц., ням: і польск. мовы, гісторыя Беларусі, прыродазнаўства, матэматыка, геаграфія, спевы, маляванне, ручная праца і інш. Існавалі фіз. кабінет, хім. лабараторыя; працавалі гурткі тэатр., прыгожага мастацтва. Многія навучэнцы былі чл. Мінскай бел. вучнёўскай грамады. Навучанне платнае. Дзеці бедных бацькоў і сіроты вызваляліся ад платы. Фінансавую дапамогу аказваў Часовы бел. нац. к-т. Дзейнасць гімназіі праходзіла пад наглядам польск. адміністрацыі. Сярод навучэнцаў паэты А.Александровіч, К.І.Жылка, матэматык Б.П.Дземідовіч, тэатр. дзеяч Я.Рамановіч. У 1920 пераўтворана ў 13-ю Мінскую сярэднюю школу 2-й ступені.

У.В.Ляхоўскі.

т. 10, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ПЕ́СЕННАЯ КАМІ́СІЯ.

Існавала ў 1923—24 пры Дзярж. ін-це муз. навукі ў Маскве. Створана з мэтай гарманізацыі бел. нар. песень, перададзеных Наркаматам асветы БССР (запісы А.Грыневіча, У.Тэраўскага, М.Янчука і інш.). У камісію ўваходзілі кампазітары М.Іпалітаў-Іванаў (старшыня), М.Аладаў, А.Аленін, А.Грачанінаў, А.Нікольскі, Я.Прохараў. Апрацавана больш як 250 мелодый для хору і салістаў, частка іх апублікавана ў зб. «Беларускія народныя песні. Сольныя і харавыя з акампанементам фп.» (вып. 1, 1928) і ў серыі «Беларускія народныя песні» (1929—30). Найб. каштоўныя апрацоўкі Грачанінава (для хору «Ішла каляда», «Перад Пятром», «Чаму селязень», «Перапёлка», «Ішоў раёк», для голасу з фп. «Зазвінела пчолачка», «Калыханка»), Аладава (харавыя «Ой, загуду», «Мужык жыту прадае», «На гары жораў круціўся»), Прохарава (харавыя «Ой, рана на Йвана», «Ах ты, зорка мая»).

І.І.Зубрыч.

т. 2, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ АКАДЭ́МІЯ ВЫЯЎЛЕ́НЧАГА МАСТА́ЦТВА (БелАВМ),

грамадская арг-цыя мастакоў. Засн. ў 1995 у Мінску па ініцыятыве бел. жывапісцаў, графікаў, скульптараў і рэстаўратараў. Асн. задача — падтрымліваць развіццё выяўл. мастацтва і маладых творцаў. Кірункі дзейнасці: кансультацыйны, выставачны, пед.-выхаваўчы, навук.-даследчы. Першым прэзідэнтам абраны Ф.Янушкевіч. У склад акадэміі ўваходзяць 20 мастакоў, у т. л. В.Альшэўскі, Г.Вашчанка, В.Шаранговіч, Л.Шчамялёў і інш.

Літ.:

Беларуская акадэмія выяўленчага мастацтва. Мн., 1996.

Л.Я.Дзягілеў.

т. 2, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЦАРКВА́, Беларускі экзархат,

кананічнае царк.-адм. аб’яднанне правасл. епархій у межах Беларусі. Гісторыя бел. царквы бярэ пачатак з заснавання ў 992 Полацкай епархіі. Да 13 ст. Беларускую праваслаўную царкву складалі 2 епархіі: Полацкая і Тураўская (1005), якія ўваходзілі ў Кіеўскую мітраполію. У сувязі з раздзяленнем гэтай мітраполіі на правасл. царкву ў межах Маскоўскага княства і правасл. царкву ВКЛ (Літоўская мітраполія, 1316) Полацкая, а з 1347 і Тураўская епархіі ўвайшлі ў склад апошняй. У 1459 адбылося канчатковае аддзяленне Кіеўскай (Літоўска-Наваградскай) мітраполіі ад Маскоўскай. У сярэдзіне 16 ст. ў склад Літоўска-Наваградскай мітраполіі (цэнтр у Навагрудку, потым у Вільні) уваходзіла 10 епархій: Полацкая, Тураўская з кафедрай у Пінску, Смаленская, Чарнігаўская, Галіцкая, Пярэмышльская, Холмская, Луцкая, Уладзімір-Валынская.

Вядомыя літоўска-наваградскія мітрапаліты: Грыгорый Балгарын (1458—75), Місаіл (1475—80), Сімяон (1481—88), Іона Глезна (1492—94), Макарый (1495—97), Іосіф І Балгарыновіч (1498—1501), Іона II (1503—07), Іосіф Солтан (1508—21), Іосіф III (1522—34), Макарый II (1534—55), Сільвестр (1556—67), Іона Пратасевіч (1568—77), Ілья Куча (1577—79), Анісіфар (1579—88), Міхаіл Рагоза (1589—95). Яны знаходзіліся ў кананічных і малітоўных сувязях з Усяленскім (Канстанцінопальскім) патрыярхам.

Пасля Брэсцкай уніі 1596 правасл. царква ў ВКЛ як кананічна цэлае перастала існаваць. Зноў засн. ў 1632 у Магілёве. Магілёўская (Беларуская) епархія была адзінай правасл. епархіяй у межах Беларусі да канца 18 ст. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 заснавана Мінская епархія. У 1833 адноўлена Полацкая, створаны Віленская (1840) і Гродзенская (1900) епархіі. У Брэсце, Беластоку, Слуцку, Гомелі, Коўне і Дзвінску існавалі кафедры вікарных епіскапаў. Усе епархіі ўваходзілі ў склад Грэка-рас. царквы і знаходзіліся пад юрысдыкцыяй Свяцейшага кіруючага Усерасійскага Сінода. Да пач. 1-й сусв. вайны ў 5 правасл. епархіях Беларусі былі 3552 храмы і 35 манастыроў, 3 духоўныя семінарыі. Кожная з епархій мела свае перыяд. выданні. У Зах. Беларусі, якая ў 1921 адышла да правасл. епархіі (Віленская, Гродзенская і Палеская) былі ў юрысдыкцыі Польскай аўтакефальнай царквы. У БССР у 1922 была ўтворана Бел. правасл. мітраполія на чале з мітрапалітам Мелхіседэкам Паеўскім (1920—27), які меў тытул «мінскі і беларускі». У складзе мітраполіі знаходзіліся Мінская, Бабруйская, Мазырская і Слуцкая епархіі. Аднак рэпрэсіўная палітыка сав. улад у адносінах да царквы (арышты, забойствы святароў, масавае закрыццё і руйнаванне храмаў і манастыроў) прыпыніла царк. жыццё. Не існавала ніводная з кананічных бел. правасл. епархій. У час акупацыі Беларусі ням. фашыстамі ў 1942 адноўлена 6 епархій: Мінская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Навагрудская і Смаленская. Беларускую праваслаўную царкву ўзначальваў мітрапаліт мінскі і ўсяе Беларусі Панцеляймон (Ражноўскі). У канцы 1941 у афіцыйных царк. дакументах упершыню была ўжыта назва «Беларуская праваслаўная царква». У час вайны Беларуская праваслаўная царква кананічна не падпарадкоўвалася ніякай іншай царкве. Спробы належным чынам аформіць яе аўтакефалію былі беспаспяховыя. Пасля вайны кіраўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы ажыццяўлялася праз Мінска-Бел. епархію, якая ўваходзіла ў склад Маскоўскага патрыярхату Рус. правасл. царквы. Створаныя раней епархіі не аднаўляліся. Кіруючы мінскі архірэй (насіў тытул «мінскі і беларускі») ажыццяўляў кіраўніцтва непасрэдна.

Кіруючыя мінска-бел. архірэі: архіепіскап Васілій (Ратміраў, 1944—45), мітрапаліт Піцірым (Свірыдаў, 1945—58), Гурый (Ягораў, 1958—61), Антоній (Крацэвіч, 16.3—17.7.1961), архіепіскап Варлаам (Барысевіч, 1961—63), мітрапаліты Нікадзім (Ротаў, 4.8—9.10.1963), Сергій (Пятроў, 1963—65), Антоній (Мельнікаў, 1965—78), Філарэт (Вахрамееў, з 1978).

У 1957 Беларуская праваслаўная царква мела 968 храмаў, з якіх 709 былі прыходскімі, 3 манастыры, 1 духоўную семінарыю. У выніку чарговых ганенняў на царкву ў канцы 1950 — пач. 1960-х г. засталося 369 царк. прыходаў і 1 манастыр; духоўная семінарыя была зачынена. У канцы 1980-х г. пачалося адраджэнне царк. жыцця. Да 1992 адноўлена 9 епархій: Полацкая, Магілёўская, Пінская, Брэсцкая, Гомельская, Навагрудская, Гродзенская, Тураўская, Віцебская. Усе ўваходзяць у Бел. экзархат. Вышэйшая заканад. і выканаўчая суд. ўлада ў экзархаце належыць Сіноду, у якім 5 кіруючых епіскапаў бел. епархій. З 1989 Сінод узначальвае мітрапаліт мінскі і слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт. З 1995 у Беларускай праваслаўнай царкве 10 епархій, 918 царк. Прыходаў, 3 мужчынскія і 6 жаночых манастыроў; дзейнічаюць Мінская вышэйшая духоўная семінарыя, Мінскае духоўнае вучылішча. Бел. экзархат выдае час. «Веснік Беларускага экзархата», «Минские епархиальные ведомости», «Праваслаўе ў Беларусі і ў свеце», газ. «Могилевские епархиальные ведомости», «Преображение», «Царкоўнае слова» і інш.

Літ.:

Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Ч. 1—3. Буэнос-Айрес, 1966 (репр. изд. Мн., 1990);

Карташев А.В. Очерки по истории русской церкви. Т. 1—2. Париж, 1959 (репр. изд М., 1991);

Макарий, архиепископ Литовский и Виленский. История Русской церкви. Т. 9, кн. 4. СПб., 1879.

Г.М.Шэйкін.

т. 2, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)