помнік архітэктуры позняга барока. Пабудаваны ў 1529 у в. Геранёны (Іўеўскі р-н Гродзенскай вобл.) на заказ віленскага ваяводы Альбрэхта Гаштольда. У 1779 пасля пажару адрамантаваны на сродкі Яна Гераніма Пробача. Складаецца з прамавугольных у плане невял. асн. аб’ёму, алтарнай апсіды і больш нізкіх сіметрычных сакрысцій і тамбура. Усе аб’ёмы маюць асобныя дахі. Тарцы дахаў на гал. фасадзе і над сакрысціямі закрыты высокімі атыкавымі франтонамі. Фасады сціпла дэкарыраваны пілястрамі і прафіляванымі карнізамі. Вокны з лучковымі завяршэннямі. Мураваныя алтары (цэнтр. 2-ярусны і 2 бакавыя) выкананы ў стылі класіцызму. Дэкор аргана мае рысы стылю ракако. У выніку шматлікіх перабудоў архітэктура касцёла набыла своеасаблівы рознастылявы характар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭ́ТЛЕР, Батлер (Butler) Сэмюэл (8.2.1612, каля г. Вустэр, Вялікабрытанія — 25.9.1680), англійскі паэт-сатырык эпохі Рэстаўрацыі. Аўтар іроікамічнай, антыпурытанскай паэмы ў стылі барока «Гудыбрас» (ч. 1—3, 1663—78, не скончана). Бэтлер звяртаецца да «Дон Кіхота» М.Сервантэса (рыцар пурытанізму Гудыбрас выпраўляецца ў падарожжа са сваім верным «збраяносцам» — кручкатворам і крывадушнікам Ральфа) і парадзіруе куртуазныя (рыцарскія) раманы. У паэме створана цэласная сатыр. карціна англ. жыцця 17 ст.Гал. зброя сатыры Бэтлера — іронія і гратэск. Яго вершаваныя сатыры і эпіграмы сабраны ў «Розных думках» (выд. 1759).
Тв.:
Рус.пер. — [Стихи] // Европейская поэзия XVII в. М., 1977.
Літ.:
Самарин М.Р. Бэньян;
Бетлер // История всемирной литературы. М., 1987. Т. 4;
Ступников И.В. Литература эпохи Реставрации // История зарубежной литературы XVII в. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЯЎЛЕ́ВІЧ Фама, бел. пісьменнік і педагог 1-й пал. 17 ст. Нарадзіўся ў Магілёве. Вучыўся ў Магілёўскай брацкай школе, у Ягелонскім ун-це (Кракаў, сярэдзіна 1620-х г.). У канцы 1620 — пач. 1630-х г. рэктар Кіеўскай брацкай школы. З 1632 педагог у магілёўскім, у 1640-я г. ў слуцкім брацтвах. Аўтар паэмы «Лабірынт» (Кракаў, 1625, на польск. мове). У паэме, прасякнутай ідэямі асветніцтва, услаўляў неабмежаваныя магчымасці чалавечага розуму, асвету, навуку, заклікаў да адзінства слав. народаў у грамадска-паліт. і культ. жыцці. Твор І. — узор экспрэсіўна-метафарычнай паэзіі барока.
Літ.:
Голенченко Г.Я. Новые материалы по истории культурных связей Белоруссии с Украиной и Россией в конце XVI — первой половине XVII в // Книга в Белоруссии: Книговедение, источники, библиогр., Мн. 1983. Вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛФ ((Kalf) Вілем) (хрышчаны 3.11.1619, г. Ротэрдам, Нідэрланды — 31.7.1693),
галандскі жывапісец. Прадстаўнік амстэрдамскай школы нацюрморта. Як каларыст зазнаў уплыў Рэмбранта. У 1642—46 у Парыжы, дзе стварыў большасць сваіх работ, у якіх адлюстроўваў вясковыя сцэны з выявамі посуду і рэчаў хатняга ўжытку («Інтэр’ер хаціны», «Двор сялянскай хаты» і інш.). З 1643 пісаў нацюрморты з залатымі і сярэбранымі рэчамі, даспехамі, рэдкаснымі прадметамі (ракавіны, каралы; «Дэсерт», каля 1659, і інш.). Творы вылучаюцца дакладнасцю распрацоўкі фактуры матэрыялаў, спалучэннем вытанчаных тонаў і моцнымі святлоценявымі кантрастамі («Сняданак» і інш.). З 1646 у Галандыі (з 1653 у Амстэрдаме). Разам з інш. мастакамі паклаў пачатак новаму кірунку ў галандскім жывапісе, які стаў проціпастаўленнем суроваму манахромнаму стылю ў нацюрморце і прадвеснікам пышнасці мастацтва барока.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДУХО́ЎНАЕ ПРЫЧА́СЦЕ СВЯТЫ́Х БАРЫ́СА І ГЛЕ́БА»,
польска-бел. школьная драма эпохі барока. Аўтар невядомы. Уваходзіць у рукапісны зб. канца 17 ст.«Аршанскі кодэкс». Паст. ў Полацку і, магчыма, у Оршы да 1693. У аснове сюжэта падзеі 11 ст. ў Полацку і Кіеве (феад. міжусобіцы, пашырэнне хрысціянства). Рэчаіснасць і вобразы гал. герояў святых Барыса і Глеба пададзены ўмоўна. Твор уключае антыпралог, пралог і 4 інтэрмедыі. У інтэрмедыях адлюстравана жыццё бел. грамадства канца 17 ст. Дзейныя асобы драмы селянін («хлоп»), гарбар, салдат, яўрэй, хлопцы-парабкі, якія гавораць па-беларуску, прадстаўлены людзьмі абмежаванымі. Мяркуючы па змесце, аўтар — католік-езуіт, прыхільнік ідэалогіі пануючых класаў. Твор апубл. І.Ляванскім у «Старапольскай драматургіі» (Варшава, 1963. Т. 6).
Літ.:
Мальдзіс АІ. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 175—192.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕНО́ТР, Ле Нотр (Lenôtre, Le Nôtre) Андрэ (12.3.1613, Парыж — 15.9.1700), французскі архітэктар; майстар садова-паркавага мастацтва. Вучыўся ў С.Вуэ, Ш.Лебрэна і, магчыма, у Ф.Мансара. З 1657 ген. кантралёр пабудоў Людовіка XIV. Развіў прынцып геам. планіроўкі і падстрыгання насаджэнняў, характэрны для італьян. садоў эпохі Адраджэння. Спалучаў рацыяналізм класіцызму з прасторавым размахам барока, стварыў сістэму пабудовы вял. рэгулярнага («французскага») парку з геам. сеткай алей, правільнымі абрысамі газонаў, басейнаў, баскетаў. Кіраваў работамі ў парку Во-ле-Віконт (з 1653), у каралеўскіх парках Сен-Жэрмен, Фантэнбло, Шантыйі, Сен-Клу (1660-я г.) — усе ў Парыжы. Аўтар паркаў Версаля. Спраектаваў Сент-Джэймспарк у Лондане і парк у г. Грынвіч (абодва 1662). Сістэма Л. была дамінуючай у еўрап. паркабудаўніцтве да сярэдзіны 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСА́Ж ((Lesage) Ален Рэнэ) (8.5.1668, г. Сарзо, Францыя — 17.11.1747),
французскі пісьменнік; прадстаўнік Асветніцтва. У сатыр. камедыях «Крыспэн — сапернік свайго гаспадара» (1707) і «Цюркарэ» (1709) прадоўжыў традыцыі Мальера. У сац.-быт. раманах «Кульгавы д’ябал» (1707), «Гісторыя Жыль Бласа з Сантыльяны» (1715—35) яскравыя сатыр. карціны франц. жыцця прасякнуты рысамі асветніцкага класіцызму, барока і ранняга ракако. Аўтар раманаў «Прыгоды Роберта Шэвалье...» (1732), «Гісторыя Эстэбаніла Гансалеса» (1734), «Саламанкскі бакалаўр» (1736), сатыр. аповесці «Дзень Парак» (1735), зб-каў камічных опер «Кірмашовы тэатр, або Камічная опера» (т. 1—10, 1721—37), п’ес «Іспанскі тэатр» (1700) і інш. Паўплываў на развіццё быт. і сатыр. рамана на рубяжы 18—19 ст. у Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСВІ́РСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРМЕЛІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры пач. 18 ст. Пабудаваны ў 1713—14 у в. Засвір (Мядзельскі р-н Мінскай вобл.) у стылі барока. Касцёл — мураваны 1-нефавы храм з 2-вежавым гал. фасадам і паўкруглай алтарнай апсідай, накрыты высокім 2-схільным дахам. Дэкар. аздоба сканцэнтравана на гал. фасадзе: плоскія прамавугольныя і паўцыркульныя нішы, трохвугольны атыкавы франтон і фігурныя завяршэнні вежаў. З Пн да касцёла прылягае мураваны П-падобны ў плане 1-павярховы будынак кляштара, які ўтварае замкнёны ўнутраны двор. У баку ад касцёла стаіць невял. мураваная брама і вежа-званіца. У 1865—1920 касцёл быў перабудаваны пад царкву. У 1994 касцёл і частка кляштара адноўлены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎСКІ ФА́РНЫ КАСЦЁЛ, касцёл Марыі,
помнік архітэктуры стылю барока. Пабудаваны ў 1774 у цэнтры г. Заслаўе (Мінскі р-н) на месцы драўлянага храма. Мураваны 1-нефавы прамавугольны ў плане асн. аб’ём з паўцыркульнай апсідай і 2 бакавымі сакрысціямі. Гал. фасад, аздоблены пілястрамі і круглымі блендамі, завяршаўся франтонам. У 1868 касцёл перабудаваны пад царкву Раства Багародзіцы. Быў разбураны франтон, у цэнтры гал. фасада пабудавана чацверыковая вежа-званіца, над гал. аб’ёмам узведзены вял. купал на светлавым барабане. Сцены на 2 узроўнях прарэзаны вял. аконнымі праёмамі з паўцыркульным завяршэннем. Да гал. ўвахода вядзе мураваная лесвіца з тэрасай. Інтэр’ер зальны, сцены ўпрыгожаны пілястрамі карынфскага ордэра. Дэкар. афармленне інтэр’ера не захавалася. З 1989 касцёл на рэстаўрацыі.
Заслаўскі фарны касцёл. Здымак пач. 20 ст.Заслаўскі фарны касцёл. Сучасны выгляд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МПЕР ((Semper) Готфрыд) (29.11.1803, г. Гамбург, Германія — 15.5.1879),
нямецкі архітэктар і тэарэтык мастацтва. Вучыўся ў Мюнхене (1825—26) і Парыжы (1826—28). У 1834—49 праф.АМ у Дрэздэне. У рацыянальных па арганізацыі плана пабудовах З. эклектычна ўжыты дэкар. матывы італьян. Адраджэння і барока: Оперны т-р (1838—41 і 1871—78) і Карцінная галерэя (1847—49) у Дрэздэне; «Бургтэатр» (1874—88, з К.Хазенаўэрам) у Вене. У сваіх тэарэт. працах разглядаў стыль як гістарычна складзеную з’яву; прычыны заняпаду архітэктуры і рамёстваў у 19 ст. бачыў у раз’яднанні тэхнікі і мастацтва, у адрыве аздаблення ад канструкцыі. Яго погляды паўплывалі на канцэпцыі архітэктуры, маст. прам-сці і маст. канструявання канца 19 — пач. 20 ст.