ГРАПТАЛІ́ТЫ (Graptolithina),

падтып вымерлых марскіх каланіяльных жывёл тыпу паўхордавых, 2 класы: стэрэасталанаты (Stereostolonata) і грапталаідэі (Graptoloidea). Каля 180 родаў. Бентасныя, планктонныя або псеўдапланктонныя (прымацаваныя да водарасцей) арганізмы. Існавалі ад сярэдняга кембрыю да карбону, росквіт у ардовіку — сілуры і ніжнім дэвоне. На Беларусі выяўлены ў адкладах ардовіку і сілуру ў паўн.-зах. і паўд.-зах. раёнах.

Шкілет хіцінавы, мелі галінастую, сеткападобную і інш. будову, з цвёрдымі сталонамі або без іх. Планктонныя грапталіты мелі пнеўматафор (паплавок з газам) для падтрымання ў тоўшчы вады.

т. 5, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПРАФА́ГІ [ад грэч. kopros памёт, кал + фаг(і), арганізмы, якія жывяцца экскрэментамі. Да іх належаць многія малашчацінкавыя чэрві (алігахеты), насякомыя, лічынкі двухкрылых, грызуны, зайцападобныя і інш. Многія беспазваночныя жывёлы (напр., тэрміты, ва ўсіх фазах свайго развіцця) — факультатыўныя К., якія набываюць карысную мікрафлору, калі паядаюць экскрэменты дарослых асобін. У фауне Беларусі сярод К. пераважаюць жукі-гнаевікі і лічынкі мух, з інш. К. пашыраны дажджавыя чэрві, кляшчы-арыбатыды і інш. сапрафагі. К. паскараюць распад арган. рэшткаў, спрыяюць працэсам гуміфікацыі глеб, павышаюць іх урадлівасць.

т. 8, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСМАПАЛІ́ТЫ ў біялогіі,

віды (або інш. таксоны) раслін і жывёл, якія трапляюцца амаль па ўсёй Зямлі. К. — арганізмы з вял. адаптыўнымі здольнасцямі, шырокай экалагічнай пластычнасцю. На ўзроўні віду К. нямнога. З раслін — водныя і балотныя, напр., рагоз, раска, урэчнік, або пустазелле — драсён птушыны, мятліца аднагадовая, стрэлкі, трыпутнік вялікі і інш.; з жывёл — гар. верабей, шэры пацук, пакаёвая муха і інш. Часцей К. — таксоны больш высокага рангу. З раслін — злакі і складанакветныя, з жывёл — калаўроткі, прэснаводныя ракападобныя, ціхаходкі і інш. Гл. таксама Эндэмікі.

т. 8, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІТРЫФІКУ́ЮЧЫЯ БАКТЭ́РЫІ,

бактэрыі, якія пераўтвараюць аміяк і аманійныя солі ў нітраты. Пашыраны ў глебе, вадаёмах. У 1-й фазе нітрыфікацыі бактэрыі з родаў нітразамонас, нітразацысціс, нітразалобус, нітразаспіра акісляюць NH3 да нітрытаў; у 2-й — нітратныя бактэрыі (роды нітрабактэр, нітраспіна, нітракокі) акісляюць нітрыты да нітратаў. Паміж імі існуюць метабіятычныя адносіны: бактэрыі, якія акісляюць NH3, забяспечваюць субстратам бактэрыі, якія акісляюць нітрыты.

Клеткі сферычныя, спіральныя, палачка- і эліпсападобныя, рухомыя. Грамадмоўныя. Строгія аэробныя арганізмы, хемасінтэзуючыя аўтатрофы. Прымаюць удзел у кругавароце азоту ў прыродзе.

Л.​І.​Ерашоў.

т. 11, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСЕЎДАМО́НАС (Psendomonas),

род няспораўтваральных бактэрый сям. псеўдаманад. Больш за 200 відаў. Пашыраны ў паветры, глебе, марскіх і прэсных вадаёмах, сцёкавых водах, газавых і нафтавых радовішчах. Выяўляюцца на харч. прадуктах, целах жывёл і раслін, таксама ў гнойных ранах і экскрэментах хворых млекакормячых жывёл і чалавека.

Пераважна адзіночныя клеткі ў выглядзе дробных палачак з палярна размешчанымі жгуцікамі. Аэробныя арганізмы, грамадмоўныя, гетэратрофы. Некат. віды сінтэзуюць пігменты, вітаміны, антыбіётыкі або таксіны. Ёсць патагенныя і ўмоўна патагенныя для чалавека, жывёл і раслін.

А.​І.​Ерашоў.

т. 13, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

мегалапланкто́н

(ад мегала- + планктон)

самыя буйныя (больш за 1 м) арганізмы планктону.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гетэратро́фы

(ад гетэра- + -трофы)

арганізмы, якія жывяцца гатовымі арганічнымі рэчывамі (параўн. аўтатрофы).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

сімбіе́нты

(гр. symbion, -ontis = які жыве разам)

арганізмы, якія ўдзельнічаюць у сімбіёзе.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

аўтатро́фны

(ад аўта- + -трофны);

а-ае возера — возера, вада якога забяспечвае арганізмы, што ў ёй жывуць, пажыўнымі рэчывамі, утворанымі ў сваім вадаёме;

а-ыя арганізмы — тое, што і аўтатрофы (параўн. гетэратрофны).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БІЯФІ́ЛЬТР (ад бія... + фільтр),

збудаванне для біялагічнай ачысткі сцёкавых водаў і шкодных газаў з дапамогай арганізмаў-ачышчальнікаў (напр., мікраарганізмаў, водарасцяў, чароту і інш.). Прынцып дзеяння біяфільтра заснаваны на паступовым праходжанні забруджанай вады ці газаў праз тоўшчу фільтравальнага матэрыялу (шлак, гравій, керамзіт і інш.), які мае на паверхні актыўную мікрабіял. плеўку (мікраарганізмы і прасцейшыя). Плеўка адсарбіруе, акісляе і мінералізуе арган. рэчывы. У інш. выпадках ролю біяфільтра адыгрываюць ніжэйшыя і вышэйшыя арганізмы, здольныя выбіральна акумуляваць ці раскладаць забруджвальныя рэчывы — т.зв. біяфільтратары (напр., асцыдыі, пласціністашчэлепныя малюскі, некаторыя ракападобныя, водарасці і інш.). Гл. таксама Аэратэнк.

т. 3, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)