ДО́ЙЗІ ((Doisy) Эдуард Адэлберт) (13.11.1893, г. Хума, штат Ілінойс, ЗША — 23.10.1986),

амерыканскі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША (1938). Скончыў Ілінойскі ун-т (1914). Д-р філасофіі (1920), праф. (1923). У 1914—17 працаваў у Гарвардскай мед. школе, з 1919 у Вашынгтонскім ун-це, у 1923—65 — у мед. школе пры Ун-це ў Сент-Луісе. Навук. працы па вывучэнні структуры вітамінаў і гармонаў. Вылучыў у крышталічнай форме жан. палавыя гармоны эстрон (1929) і эстрадыёл (1936). Адкрыў хім. структуру вітаміну K, ідэнтыфікаваў K1 і K2, сінтэзаваў вітамін K1 (1939). Нобелеўская прэмія 1943 (разам з Г.Дамам).

Э.Дойзі.

т. 6, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРА́НЕЦ (Аляксандр Валянцінавіч) (н. 31.1.1962, в. Харомск Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1987). Працаваў у творчай майстэрні скульптуры пры АМ СССР (1989—93), з 1996 выкладчык Бел. АМ. Творчасці ўласцівы багацце пластычнай мовы, цікавасць да славутых дзеячаў бел. гісторыі: «Кастусь Каліноўскі» і «Дунін-Марцінкевіч» (абодва 1985), праект помніка Цётцы (1987), памятныя дошкі Ф.​Скарыне на будынках Нац. АН Беларусі (1990) і чэш. Нац. бібліятэкі (Прага, 1996) і інш. Пераможца Рэсп. конкурсу праектаў помніка Ф.​Скарыне для Мінска (1990).

А.Дранец. Памятная дошка Ф.​Скарыне ў Празе на будынку Нацыянальнай бібліятэкі. 1996.

т. 6, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́РСКАЯ (Алена Сяргееўна) (н. 21.2.1950, пас. Цялякава Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),

бел. літ.-знавец і крытык. Канд. філал. н. (1982), дац. (1992). Скончыла БДУ (1972). У 1974 — 92 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1992 у Бел. дзярж. пед. ун-це. Друкуецца з 1967. Даследуе праблемы маст. пошукаў у сучаснай бел. паэзіі, пытанні паэтыкі (манаграфія «Адказнасць перад часам: Нарыс творчасці К.​Кірэенкі», 1986; арт. «Свабодны верш і сучасная беларуская паэзія», 1975; «Мастацкія пошукі лірыкі», 1980, і інш.). Аўтар кн. «Праблемы сучаснай беларускай крытыкі» (1996, з Л.​Гарэлік і Т.​Грамадчанка).

т. 5, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУСА́К (Мікалай Адамавіч) (н. 7.1.1940, в. Іванкаўшчына Мазырскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1988). Брат А.А.Гусака. Скончыў БДУ (1961). З 1961 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі, з 1987 у Міжгаліновым ін-це павышэння кваліфікацыі пры БПА (з 1989 праф.). Навук. працы па электраоптыцы і фізіцы паўправаднікоў. Распрацаваў электрааптычныя лінзы з аптычнай сілай, залежнай ад знешняга эл. поля, і электрааптычныя дыфлектары для адхілення лазернага пучка.

Тв.:

Релаксация заряда в анизотропном полупроводнике в квадрупольном электрическом поле // Ковариантные методы в теоретической физике. Оптика и акустика. Мн., 1986.

т. 5, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́СЕВА (Ларыса Нічыпараўна) (н. 8.8.1933, Мінск),

бел. літ.-знавец і крытык. Канд. філал. н. (1966), дац. (1979). Скончыла БДУ (1955). У 1956—68 у Ін-це л-ры АН Беларусі, у 1973—82 у БДУ (1968—72 у Нью-Йорку, 1982—88 у Аўстрыі). Друкуецца з 1964. Даследуе творчасць М.​Багдановіча, Я.​Коласа, К.​Чорнага, Я.​Брыля, сучасную прозу, традыцыі стараж. рус. і бел. л-р, пытанні тэксталогіі. Аўтар манаграфіі «Янка Брыль — мастак» (1968). Складальнік хрэстаматыі «Старажытная руская літаратура ў даследаваннях» (1979, з Л.​Кароткай), метадычнага дапаможніка «Гісторыя старажытнай рускай літаратуры і літаратуры XVIII ст.» (1982, з Кароткай).

т. 5, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМ ((Dam) Генрык Карл Петэр) (21.2.1895, Капенгаген — 17.4.1976),

дацкі біяхімік. Чл. Каралеўскай АН Даніі. Д-р філасофіі (1934), праф. біяхіміі (1941). Скончыў Капенгагенскі політэхн. ін-т (1920). З 1923 у Капенгагенскім ун-це. З 1940 выкладаў у ЗША і Канадзе, з 1942 працаваў у Рачэстэрскім ун-це, з 1946 у Капенгагенскім політэхн. ін-це, у 1956—62 у Дацкім савеце па даследаванні тлушчаў. Навук. працы па біяхіміі стэрынаў і вітамінаў. Вынайшаў вітамін K1 (філахінон). Вызначыў, што адсутнасць вітаміну Е у рацыёне жывёл выклікае мышачную дыстрафію. Нобелеўская прэмія 1943 (разам з Э.А.Дойдзі).

Г.Дам.

т. 6, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНЕ́ЦК,

горад на Украіне, цэнтр Данецкай вобл. Засн. ў 1869 як шахцёрскі пасёлак Юзаўка, у 1924—61 Сталіна. 1,2 млн. ж. (1995). Чыг. вузел. Цэнтр вугальнай прам-сці. Чорная і каляровая металургія, машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць горнашахтавага і для харч. прам-сці абсталявання, горнавыратавальнай апаратуры, кабелю, быт. тэхнікі — халадзільнікаў, веласіпедаў і інш.), коксахім., хім. (хім. рэактывы, пластмасы, гумава-тэхн. вырабы, фарбы і інш.), лёгкая (баваўняная), харч. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. Данецкі навук. цэнтр АН Украіны. 6 ВНУ, у т. л. ун-т. 3 т-ры. Краязнаўчы і маст. музеі.

т. 6, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎГАВЕ́ЧНАСЦЬ,

уласцівасць тэхн. вырабу (прыстасавання, збудавання) захоўваць працаздольнасць да надыходу гранічнага стану, пры якім далейшая эксплуатацыя яго павінна быць спынена з-за неадхільнага парушэння патрабаванняў тэхнікі бяспекі або выхаду параметраў за ўстаноўленыя межы. Адзін з асн. паказчыкаў надзейнасці вырабаў. Колькасна ацэньваецца рэсурсам — працягласцю функцыянавання вырабу (або аб’ёмам выкананай ім работы) ад пачатку эксплуатацыі да надыходу гранічнага стану. Для многіх вырабаў (электроннай тэхнікі і інш.) крытэрыем гранічнага стану з’яўляецца прыпыненне дзейнасці (гл. Безадказнасць). Д. вызначаецца разлікамі, спец. даследаваннямі з выкарыстаннем тэхнічнай дыягностыкі. На Беларусі праблемы Д. вывучаюцца ў Ін-це надзейнасці машын Нац. АН і інш.

т. 6, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ЛЬБЕРТ ((Hilbert) Давід) (23.1.1862, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 14.2.1943),

нямецкі матэматык. Замежны ганаровы чл. АН СССР (1934). Скончыў Кёнігсбергскі ун-т. З 1893 праф. Кёнігсбергскага, у 1895—1933 Гётынгенскага ун-таў. Навук. працы па тэорыі інварыянтаў, тэорыі лікаў, тэорыі функцый, асновах геаметрыі, дыферэнцыяльных і інтэгральных ураўненнях, матэм. фізіцы, матэм. логіцы і інш. Аўтар канцэпцыі фармалізму ў матэматыцы. Увёў паняцце гільбертавай прасторы, якім шырока карыстаюцца ў матэматыцы і тэарэт. фізіцы.

Тв.:

: Рус. пер. — Основания математики: Теория доказательств. М., 1982 (разам з П.​Бернайсам).

Літ.:

Проблемы Гильберта. М., 1969;

Рид К. Гильберт: Пер. с англ. М., 1977.

т. 5, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАЗЕНА́П (Сяргей Паўлавіч) (25.9.1848, с. Паўлаўскае Цвярской вобл., Расія — 12.4.1937),

расійскі астраном. Ганаровы чл. АН СССР (1929). Герой Працы (1932). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1870). У 1870—77 у Пулкаўскай абсерваторыі, з 1877 у Пецярбургскім ун-це (з 1889 праф.). Адзін з заснавальнікаў Рус. астр. т-ва. Навук. працы па вывучэнні руху спадарожнікаў Юпітэра, даследаванні падвойных і пераменных зорак, рэфракцыі святла ў зямной атмасферы. Прапанаваў спосаб вызначэння арбіт падвойных зорак. Пад яго кіраўніцтвам пабудавана абсерваторыя Пецярбургскага ун-та. Аўтар падручнікаў па астраноміі і матэматыцы.

Літ.:

Перель Ю.Г. Выдающиеся русские астрономы. М.; Л., 1951.

т. 5, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)