УНІТА́РНАЯ ДЗЯРЖА́ВА,
форма тэрытарыяльнай будовы дзяржавы, пры якой яе тэрыторыя падзяляецца на адм.-тэр. адзінкі — вобласці, раёны, акругі. Ад федэрацыі адрозніваецца адсутнасцю федэратыўных адзінак — штатаў, зямель. У складзе У.дз. могуць быць асобныя аўт. нац.-дзярж. ўтварэнні, якія маюць атрыбуты ўласнай дзяржаўнасці (напр., у складзе унітарнай Украіны знаходзіцца Рэспубліка Крым). Ва У.дз. адна канстытуцыя, адно грамадзянства, адна сістэма органаў дзярж. улады. Адм.-тэр. адзінкі кіруюцца законамі, што прымаюцца цэнтр. органамі; іх тэрыторыя можа быць зменена агульнадзярж. законам без згоды мясц. органаў і мясц. насельніцтва. Існуюць У.дз. дэцэнтралізаваныя (рэгіянальныя органы фарміруюцца незалежна ад цэнтр. органаў, узаемаадносіны паміж імі будуюцца на пачатках дэцэнтралізацыі; Вялікабрытанія, Новая Зеландыя, Іспанія, Італія, Японія) і цэнтралізаваныя (падначаленне рэгіянальных органаў цэнтру ажыццяўляецца праз службовых асоб, якія назначаюцца цэнтр. уладай; Беларусь, Казахстан, Узбекістан).
Ю.Я.Савельеў.
т. 16, с. 236
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УНУ́ТРАНАЯ САКРЭ́ЦЫЯ,
утварэнне і выдзяленне спецыялізаванымі клеткамі і органамі (залозамі ўнутранай сакрэцыі) непасрэдна ў кроў і лімфу біялагічна актыўных рэчываў. Тэрмін «У.с.» ўведзены ў 1855 К.Бернарам, які прапанаваў асобна вылучыць групу залоз, што не маюць вывадных праток у знешняе асяроддзе. Характэрна пераважна для пазваночных жывёл. У млекакормячых У.с. функцыянуе як цэласная рэгулятарная сістэма, што забяспечвае падтрыманне пастаянства ўнутр. асяроддзя арганізма і каардынацыю дзейнасці яго органаў і сістэм. Функцыя У.с. не тоесная ўласцівасці любога органа аддаваць у кроў прадукты абмену. Яна мае спецыфічны рэгулятарны характар, які забяспечвае хуткае паступленне да органаў і тканак з кроўю невял. колькасці біялагічна актыўнага рэчыва, што ўзбуджае або тармозіць працэсы жыццядзейнасці. Паяўленне У.с. ў ходзе эвалюцыі з’явілася адлюстраваннем патрэбы арганізма ў дыстантнай рэгуляцыі. Гл. таксама Гармоны, Залозы, Сакрэцыя.
А.С.Леанцюк.
т. 16, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІ́НСКАЯ МО́ВА,
адна з фіна-угорскіх моў (прыбалтыйска-фінская група). Мова фінаў, афіц. мова Фінляндыі (разам са шведскай мовай). Пашырана таксама ў Карэліі, Швецыі, Нарвегіі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Германіі і інш. На тэр. Фінляндыі мае 8 асн. дыялектаў: паўд.-зах. (уласна фінскі, ці суомі), емскі (хяме), пераходныя паміж імі паўд.-, сярэдне- і паўн.-батнічны, паўн., савоскі (саво), паўд.-ўсходні. Ф.м. — аглюцінатыўная мова намінатыўнага ладу з элементамі флектыўнасці. Ёй уласцівы: у фанетыцы — багатая сістэма галосных, малая колькасць зычных, націск на 1-м складзе; у марфалогіі — адсутнасць катэгорый грамат. роду і трывання; у сінтаксісе — пераважна свабодны парадак слоў. Пісьмовыя помнікі з 13 ст. Пісьменства на аснове лац. алфавіта.
Літ.:
Хакулинен Л. Развитие и структура финского языка: Пер. с фин. Ч. 1—2. М., 1953—55.
А.С.Суркова.
т. 16, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРЭЗМІ́ (аль-Харэзмі) Мухамед бен Муса
(787, г. Хіва — каля 850),
сярэднеазіяцкі вучоны. Навук. працы па матэматыцы, астраноміі, геаграфіі, гісторыі. Аўтар асноватворных трактатаў па арыфметыцы і алгебры («Кніга аб узнаўленні і проціпастаўленні» — «Кітаб аль-джэбр ва-л-мукабала»), пераклад якіх на лац. мову ў 12 ст. паўплываў на развіццё матэматыкі ў Зах. Еўропе. Упершыню разгледзеў алгебру як самаст. дысцыпліну, прапанаваў правілы дзеянняў з алг. велічынямі і правілы рашэння ўраўненняў. Ад уведзенага Х. тэрміна «аль-джэбр» паходзіць назва «алгебра». З прац Х. ў навук. ўжытак у Еўропе ўведзена дзесятковая сістэма лічэння, якая ўзнікла ў Індыі, і арабскія лічбы. Імя аль-Х. (лац. Algorithmi) увайшло ў матэматыку як агульная назва сістэмы вылічэнняў (алгарытм).
Тв.:
Рус. пер. — Математические трактаты. Ташкент, 1964.
Літ.:
Юшкевич А.П. История математики в средние века. М., 1961.
т. 16, с. 558
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХО́БСАН, Гобсан (Hobson) Джон Аткінсан (6.7.1858, г. Дэрбі, Вялікабрытанія — 1.4.1940), англійскі эканаміст. Скончыў каледж Лінкальна ў Оксфардзе (1878). З 1887 выкладаў у Оксфардзе і Лонданскім ун-це. З 1897 займаўся публіцыстыкай, выступаў з крытыкай капіталізму канца 19 — пач. 20 ст. і афіц. англ. паліт. эканоміі той эпохі (Кембрыджская школа). Прапанаваў праграму сац. рэформ, якая прадугледжвала ўстанаўленне мінімуму заработнай платы і высокіх прагрэс. падаткаў на прадпрымальнікаў, жорсткі дзярж. кантроль над манаполіямі. Эканам. спады тлумачыў недаспажываннем і лічыў, што ад нестабільнасці і крызісаў развітыя краіны можа выратаваць толькі экспарт лішняга капіталу ў менш развітыя рэгіёны. Прапаноўваў вярнуцца да класічнай мадэлі капіталізму, заганы якога, на яго думку, можна выкараніць з дапамогай парламенцкай дэмакратыі. Асн. працы: «Імперыялізм» (1902), «Індустрыяльная сістэма» (1904), «Праца і багацце» (1914).
Н.К.Мазоўка.
т. 17, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТРАЛІ́ЗМ,
сістэма кіравання, заснаваная на прынцыпе безумоўнага падпарадкавання мясц., перыферыйных органаў улады вышэйшым, размешчаным у адным цэнтры. Выкарыстоўваецца ў дзярж. рэгуляванні эканомікай, у дзейнасці паліт. партый, грамадскіх арг-цый і заключаецца ў засяроджанні ўладных і кіраўніцкіх паўнамоцтваў у адзіным вышэйшым цэнтры (манарх, прэзідэнт, кіраўнік урада, федэрацыя, мін-ва, к-т, кіраўніцтва карпарацыі, праўленне, рада паліт. партыі, грамадскай арг-цыі). Выступае ў дэмакр., бюракратычнай, канстытуцыйнай і інш. формах, якія адрозніваюцца паводле крытэрыя размеркавання ўлады паміж цэнтрам і перыферыяй, а таксама паводле характару адносін паміж імі, што замацоўваецца ў канстытуцыях, законах, статутах, палажэннях і на практыцы. Адметная рыса дэмакр. Ц. — спалучэнне падпарадкавання вышэйшым органам і агульнай дысцыпліне з прызнаннем канструктыўных ініцыятыў з месцаў і рэгіёнаў, права апошніх прымаць удзел у выпрацоўцы важных паліт. рашэнняў, у выбарах кіруючых органаў і інш.
В.І.Боўш.
т. 17, с. 167
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯБЛО́НСКІ Анаталь Іосіфавіч (20.4.1928, в. Багданава Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 4.2.1995),
бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1972), праф. (1975). Скончыў БДУ (1951). З 1956 у Ін-це матэматыкі АН Беларусі (з 1963 заг. лабараторыі). З 1977 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі (у 1977—92 заг. кафедры). Навук. працы па тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў. Даследаваў аналіт. ўласцівасці рашэнняў сістэм дыферэнцыяльных ураўненняў, праблему агульнай класіфікацыі сістэм нелінейных дыферэнцыяльных ураўненняў паводле характару іх рухомых пунктаў, распрацаваў метады іх класіфікацыі. Вывучаў уласцівасці рашэнняў дыферэнцыяльных ураўненняў з экспаненцыяльнай правай часткай.
Тв.:
Решение второго уравнения Пенлеве, продолжимое на всю вещественную ось // Дифференциальные уравнения. 1971. Т. 7, №6;
Сістэма дыферэнцыяльных ураўненняў у комплексным абсягу. Гродна, 1999 (у сааўт.).
Літ.:
А.И.Яблонский // Дифференциальные уравнения. 1995. №5.
М.П.Савік.
т. 18, кн. 1, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ленд-лі́з
(англ. lend-lease ад lend = пазычаць + lease = здаваць у арэнду)
сістэма перадачы ЗША ў пазыку або арэнду зброі, боепрыпасаў, сыравіны, харчавання краінам антыгітлераўскай кааліцыі ў час 2-й сусветнай вайны.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
атле́тыка
[гр. athletike (techne) = спартыўнае (майстэрства)]
сістэма гімнастычных практыкаванняў, якія развіваюць сілу, спрыт, вынослівасць;
лёгкая а. — бег, хадзьба, скачкі, кіданне кап’я, дыска, штурханне ядра і інш.;
цяжкая а. — бокс, барацьба, падняцце цяжару.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
анімалькулі́зм
(ад лац. animalculum = звярок)
сістэма поглядаў біёлагаў 17—18 ст., якія лічылі, што ў сперматазоідзе змяшчаецца ў мініяцюры сфарміраваны арганізм, а яго развіццё зводзіцца толькі да павелічэння ў памерах (параўн. авізм).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)