КІРЭ́ЕЎСКІ (Іван Васілевіч) (3.4.1806, Масква — 23.6.1856),
расійскі філосаф, літ. крытык, публіцыст, адзін з ідэолагаў славянафільства. Брат П.В.Кірэеўскага. З 1822 слухаў лекцыі ў Маскоўскім ун-це; адзін з заснавальнікаў гуртка «Таварыства любамудраў». У 1830 у Германіі слухаў лекцыі філосафаў Ф.Шлеермахера, Г.Гегеля, Ф.В.Шэлінга і інш. У 1832 пачаў выданне час. «Европеец» (забаронены пасля выхаду двух нумароў). У 1830—50-я г. развіваў тэарэт. аснову славянафільства. Асн. творы: «Пра характар асветы Еўропы і пра яго адносіны да асветы ў Расіі» (1852), «Пра неабходнасць і магчымасць новых пачаткаў для філасофіі» (1856). Яго ўяўленні пра арыгінальнасць і глыбіню рус.правасл.культуры склаліся як своеасаблівая рэакцыя на ўласнае першапачатковае «заходніцтва». Супрацьпастаўленне Расіі і Еўропы ён ажыццяўляў і на макраўзроўні (2 тыпы асветы, або «адукаванасці»: еўрапейскі секулярызаваны і абстрактны, рускі, які атрыманы ад Візантыі і грунтуецца, на думку К., на асновах брацтва і пакоры), і на мікраўзроўні (аднабакова адукаванаму зах. чалавеку — носьбіту духу адмаўлення, г.зн. эгаізму і індывідуалізму супрацьпастаўляў чалавека рус.культуры — носьбіта цэласнай свядомасці, саборнага, «абшчыннага духу»). Адзін з першых зрабіў спробу замацаваць рус. філасофію на падмурку праваслаўя як аснове нац. духу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРУПІ́ЦКІЯ МУЗЫ́КІ»,
бел. фальклорны ансамбль. Створаны ў 1982 пры Крупіцкім цэнтр. Доме культуры Мінскага р-на, у 1986 нададзена званне народнага. Арганізатар і маст. кіраўнік У.Гром, балетмайстар Г.Чорны. Уключае інстр. ансамбль (16 музыкантаў), вак. (5 спевакоў) і танц. (12 выканаўцаў) групы. Сярод нар. інструментаў басэтля, колавая ліра, дуда, акарына, «салавей» і інш. У рэпертуары апрацоўкі нар. песень і танцы розных рэгіёнаў Беларусі, у т. л. «Крупіцкая полька», «Журавель», «Герань», харэаграфічная замалёўка «Пава», мініяцюра «Люстэрка», творы муз. спадчыны 18—19 ст. (А.Абрамовіча, А. і М. Ельскіх, В.Казлоўскага, Мацея Радзівіла, Ю.Шадурскага), сучасных бел. кампазітараў. Зрабіў больш за 100 запісаў на Бел. радыё. Даследуе і захоўвае бел.нар.муз. інструменты (больш за 100 інструментаў). Займаецца дабрачыннай дзейнасцю: з яго ўдзелам у в. Крупіца пабудаваны сучасны Цэнтр здароўя. Пра яго зняты кіна- і відэафільмы. Удзельнік 1-й Сусв. фалькларыяды (г. Брунсюм, Галандыя, 1996), Дзён бел.культуры ў Японіі (г. Нагоя, 1995). Лаўрэат і дыпламант многіх міжнар.фалькл. фестываляў, у т. л. ў Італіі (г. Сабаўдыя, 1988, Гран пры), Югаславіі (г. Нові-Сад, 1984). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1990.
І.Дз.Назіна.
Інструментальная група ансамбля «Крупіцкія музыкі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКАЛЕ́ВІЧ (Леанард Віктаравіч) (н. 5.12.1936, в. Казлоўка Светлагорскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1985). Праф.міжнар. Акадэміі архітэктуры ў Маскве (з 1997). Скончыў БПІ (1961). Працаваў у ін-тах «Брэстграмадзянпраект», «Мінскпраект», у апараце ЦККПБ. З 1976 нам. старшыні Дзяржбуда Беларусі, адначасова (з 1990) кіраўнік персанальнай творчай майстэрні. Асн. работы: у Брэсце — б. Дом палітасветы (1964, цяпер культ. цэнтр), комплекс політэхн. ін-та (1965), жылыя 10-павярховыя дамы па вул. Маскоўскай (1964—75, абодва ў сааўт.), Палац культуры ў калгасе «Савецкая Беларусь» Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. (1968); у Мінску — пансіянат СМ Беларусі на Заслаўскім вадасховішчы (1968, цяпер рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), комплекс Бел. ун-та культуры (1975) і Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (1978, усе ў сааўт.), муз. вучылішча імя М.Глінкі (1976), Нацыянальны выставачны цэнтр «БелЭкспа», Палац рэспублікі (1999, будуецца), жылыя дамы па вуліцах Багдановіча з магазінам «Несцерка» (1974), Караля (1970-я г.), Л.Бяды, Някрасава (1990-я г.), помнікі М.Багдановічу (1982), У.І.Леніну ў г. Орша Віцебскай вобл. (1984); серыі тыпавых жылых дамоў і блок-секцый для малых гарадоў Беларусі (1984) — усе ў сааўт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЮКО́Ў (Павел Мікалаевіч) (27.1.1859, Масква — 31.3.1943),
расійскі гісторык і паліт. дзеяч. Скончыў Маскоўскі ун-т (1882). Чытаў лекцыі ў Маскоўскім, Сафійскім і Чыкагскім ун-тах. Адзін з заснавальнікаў Канстытуцыйна-дэмакратычнай партыі, з 1907 старшыня яе ЦК і рэдактар газ. «Речь». Дэпутат Дзярж. думы 3-га і 4-га скліканняў. Пасля Лют. рэв. 1917 міністр замежных спраў у Часовым урадзе (да 2.5.1917). У грамадз. вайну адзін з арганізатараў Добраахвотніцкай арміі на Доне, пазней у Камітэце вызвалення Расіі ў Лондане. З 1920 у Парыжы, з 1921 рэдактар газ. «Последние новости» (друкаваліся І.А.Бунін, М.І.Цвятаева, У.У.Набокаў і інш.). У 2-ю сусв. вайну выступаў супраць супрацоўніцтва рус. эміграцыі з Германіяй, вітаў перамогі Сав. Арміі. Даследаваў гісторыю рус. эканомікі 15—18 ст., гісторыю грамадска-паліт. думкі, культуры, гістарыяграфію. Аўтар прац «Галоўныя плыні рускай гістарычнай думкі» (1898), «З гісторыі рускай інтэлігенцыі» (1902), «Расія на пераломе» (т. 1—2, 1927) і інш.
Тв.:
Воспоминания. М., 1991;
Очерки по истории русской культуры. Т. 1—3. М., 1993—95.
Літ.:
Думова Н.Г., Трухановский В.Г. Черчилль и Милюков против Советской России. М., 1989;
Думова Н.Г. Либерал в России: трагедия несовместимости: Ист. портрет П.Н.Милюкова. Ч. 1. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́РКВА (Daucus),
род кветкавых раслін сям. парасонавых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў Міжземнамор’і, Паўд. Еўропе, Зах. і Сярэдняй Азіі, Амерыцы, Афрыцы і Аўстраліі. У культуры вядома з 2 ст. да н.э., у Еўропе — з 14 ст.н.э. На Беларусі 1 дзікарослы від (D. carota) з тонкім неядомым караняплодам зрэдку трапляецца ў хмызняках, на схілах, каля дарог. Культывуецца М. пасяўная (D. sativus).
Двух-, зрэдку адна- і шматгадовыя травы з галінастым сцяблом выш. да 100 см. Караняплоды рознай формы і колеру. Лісце перыста-рассечанае. Дробныя кветкі ў складаным парасоніку. Плод — віслаплоднік. Насенне, асабліва дзікіх відаў, мае спецыфічны пах і багатае эфірнымі алеямі. М. пасяўная — адна з асн. агароднінных раслін, вырошчваецца таксама на корм. У культуры двухгадовая расліна, з патоўшчаным сакавітым караняплодам аранжавага, жоўтага, белага, ружовага і фіялетавага колеру. Аранжавыя карані багатыя правітамінам A — карацінам. Лек., харч., кармавая, меданосная расліна.
Літ.:
Переднев В.П. Как вырастить и сохранить морковь. Мн., 1986;
Переднев В.П., Макаревич А.И. Морковь на грядке, на столе и в народной медицине. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫЯ ІНТАРЭ́СЫ,
інтарэсы дзяржавы, супольнасці або групы, аб’яднанай спецыфічнымі сувязямі і ўзаемаадносінамі генет. і культ. аднароднасці. Разнастайныя аб’ектыўныя і суб’ектыўныя патрэбнасці, матывы і стымулы дзейнасці нац. супольнасцей ва ўзаемаадносінах паміж народамі трансфармуюцца ў Н.і. Яны, у сваю чаргу, аб’ектывуюцца ў праграмах нац. руху, дзярж. палітыцы і ў інш. формах. Н.і. функцыянуюць на асобасным, надасобасным і групавым узроўнях і характарызуюцца складанай структурай, якая вызначаецца спецыфічным палажэннем нац. супольнасцей у сістэме грамадскага жыцця ў якасці суб’ектаў калект. свядомасці і псіхалогіі, культуры, традыцый, мовы, самавызначэння. У структуру асаблівых патрэб нац. суб’екта ўключаюцца прадметныя і духоўныя каштоўнасці, што ўвайшлі ў нац. свядомасць, спосаб і стыль жыцця (экалагічна чыстае прыроднае асяроддзе, месца ў падзеле працы, генет. і гіст., культ. і лінгвістычныя сувязі, ідэйная блізкасць і інш.). Вылучаюць эканам., паліт., дзярж., тэрытарыяльныя, культ. і інш. разнавіднасці Н.і. Часам яны аб’ядноўваюцца ў адзінае цэлае, у агульныя Н.і., якія падпарадкоўваюцца важнай нац. мэце. Для Беларусі нац. прыярытэтам з’яўляюцца: умацаванне незалежнасці і суверэнітэту краіны, братнія адносіны з Расіяй і інш. народамі, захаванне міру і стабільнасці ў міжнар. адносінах, абарона правоў грамадзян краіны, сац. справядлівасці, развіццё бел.нац. самасвядомасці, мовы і культуры. Гл. таксама Нацыянальная бяспека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАІ́НЧЫК (Васіль Пятровіч) (н. 7.3.1950, в. Чарапы Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. кампазітар, піяніст. Засл. арт. Беларусі (1982). Нар.арт. Беларусі (1995). Скончыў Бел. кансерваторыю па кл.фп. (1974, кл. В.Шацкага) і кампазіцыі (1981, кл. Я.Глебава). З 2000 праф.Бел. ун-та культуры. З 1974 маст. кіраўнік вак.-інстр. ансамбля «Верасы», адначасова з 1998 маст. кіраўнік дзіцячага ансамбля «Верасяты»; з 1997 муз., з 2000 маст. кіраўнік маладзёжнага т-ра эстрады пры Бел. ун-це культуры. Выканаўца і аўтар шматлікіх твораў на фп., электронных муз. інструментах. Стварыў шэраг стылявых інтэрпрэтацый, аранжыровак, электронных кампазіцый, якія вызначаюцца яркім меладыйным малюнкам, свежымі тэмбравымі фарбамі, неардынарнасцю структуры. Піша музыку для сімф. аркестра, эстрады, камерна-інстр. творы, песні. Сярод твораў: балет «Крылы над Расіяй» (паст. 1987); араторыя «Хлапчыш-Кібальчыш» (сл. У.Някляева, 1984); арк. музыка — для сімф.арк. «Сімфанічныя варыяцыі» (1980), для эстр.арк. «Варыяцыі», «Балеро», «Карнавал» (усе 1984); п’есы для электронных інструментаў «Назад да зорак» (1985), «Жыццё артыста» (1986); музыка да спектакля «Голы кароль» (1993); песні, у т. л. «Зорка кахання», «Горад юнацтва», «Так не бывае». Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБЕ́ЛЬ,
вёска ў Столінскім р-не Брэсцкай вобл., на р. Чаква. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на ПнУ ад г. Столін, 263 км ад Брэста, 26 км ад чыг. ст. Гарынь. 4138 ж., 1350 двароў (2001). Ільнозавод. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Успенская царква (1996). Малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Рубельская Міхайлаўская царква. Каля вёскі селішча і могільнік зарубінецкай культуры.
Вядома з 1458 пад назвай Любра (Любер), якая да канца 18 ст. эвалюцыяніравала ў Рубля, Рубель. У 16—18 ст. вёска ў Пінскім пав. Брэсцкага ваяв.ВКЛ, належала Зышчынічам, Пашкевічам, Разановічам. З 1793 у Рас. імперыі, у Хорскай воласці Мазырскага пав. Мінскай губ. У 1886—450 ж., 146 двароў, царква. З 1921 у Польшчы. у Хорскай гміне Столінскага пав. У 1932—4166 ж. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр сельсавета Давыд-Гарадоцкага р-на Пінскай, з 1954 Брэсцкай абл. У Вял.Айч. вайну ням. фашысты спалілі вёску, загубілі 122 яе жыхары. З 1961 у Столінскім р-не. У 1959—4668 ж., у 1970—5565 ж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
тэндэ́нцыя
(с.-лац. tendentia, ад лац. tendere = накіроўваць, імкнуцца)
1) напрамак развіцця чаго-н. (грамадства, эканомікі, культурыі інш.), імкненне, свядомы намер (напр. т. да прагрэсу, дэмакратычныя тэндэнцыі);
2) асноўная думка, ідэя, накіраванасць мастацкага, навуковага твора (напр. т. рамана);
3) прадузятая думка, якую імкнуцца навязаць чытачу, гледачу, слухачу (напр. п’еса з тэндэнцыяй).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
геро́й, ‑я, м.
1. Чалавек, які зрабіў подзвіг, робіць подзвігі. Герой грамадзянскай вайны. Слава героям. □ Народ таго заве героем, хто б’е фашыстаў смертным боем.З нар.
2. Галоўная дзеючая асоба літаратурна-мастацкага твора. Героі рамана. Героі апавяданняў Коласа. Герой кінааповесці.
3.чаго. Чалавек, які з’яўляецца тыповым прадстаўніком пэўнай эпохі, асяроддзя. Герой нашага часу.
4.чаго. Пра таго, хто чым‑н. вылучыўся, звярнуў на сябе ўвагу. Герой дня. Героі пяцігодкі. □ Героя працы — бацьку, машыніста Насіла моладзь на руках.А. Александровіч.