«МАЖЫНО́ ЛІ́НІЯ»,

сістэма доўгатэрміновых фартыфікацыйных умацаванняў і загарод на паўн.-ўсх. граніцы Францыі. Пабудавана ў 1929—36 (удасканальвалася да 1940) па ініцыятыве ваен. міністра А.​Мажыно. Агульная працягласць па фронце 400 км і на глыб. 6—8 км. Мела з боку граніцы паласу забеспячэння глыб. 4—14 км. У час 2-й сусв. вайны ням. войскі ў маі 1940 ударам праз Бельгію прарвалі фронт франц. арміі на паўн. флангу, дзе буд-ва «М.л.» не было скончана, і выйшлі ў яе тыл. Пасля адыходу франц. палявых армій ад «М.л.», ням. войскі пераадолелі яе на вузкім участку.

т. 9, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКІЁНАК Іван Андрэевіч (15.7.1914, в. Гарадзілавічы Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 28.3.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). У Чырв. Арміі з 1936. З 1941 на Чарнаморскім флоце, удзельнік абароны Севастопаля, вызвалення Марыупаля, Новарасійска, Бярдзянска. Нам. камандзіра аддзялення аўтаматчыкаў асобнага батальёна марской пяхоты старшына 2-й стацці М. вызначыўся ў час дэсантнай аперацыі ў г. Мікалаеў (Украіна): у ноч на 26.3.1944 атрад дэсантнікаў (68 чал.), у складзе якога быў М., па р. Паўд. Буг зайшоў у тыл ворага, высадзіўся ў порце, 2 сутак вёў з праціўнікам няроўны бой (адбіта 18 контратак). Загінуў у гэтым баі.

І.А.Макіёнак.

т. 9, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРГЕ́ЛАЎ Сцяпан Прохаравіч (28.3. 1902, в. Расохавічы Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 16.6.1938),

бел. вучоны ў галіне геаграфіі. Канд. эканам. н. (1934), праф. (1930). Скончыў БСГА (1927). У 1933—35 у Ін-це нар. гаспадаркі (заг. секцыі, заг. кафедры), у 1930—37 у Ін-це эканомікі АН Беларусі (вучоны сакратар). Рэпрэсіраваны ў 1937. Рэабілітаваны ў 1957. Працы па размяшчэнні прам-сці, сельскай гаспадарцы, па народанасельніцтве Беларусі. Удзельнічаў у складанні плана 2-й пяцігодкі, у рэдагаванні Вял. Сав. Атласа, у эканам. абследаванні раёнаў Беларусі.

Тв.:

Да пытання аб рэсурсах Палесся БССР. Мн., 1933;

Эканамічная геаграфія БССР. Мн., 1936 (у сааўт.).

т. 10, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСІНІ́СА (лац. Masinissa, 238—149 да н.э.),

цар Нумідыі [201—149 да н.э.]. Сын цара ўсх. Нумідыі. Адукацыю атрымаў у Карфагене. У час 2-й Пунічнай вайны (218—201; гл. Пунічныя войны) з 213 ваяваў на баку карфагенян супраць рымлян, разам з Гасдрубалам заваяваў зах. Нумідыю. Каля 206 падтрымаў рымлян і з іх дапамогай стаў правіцелем усёй Нумідыі (усх. яе частку атрымаў у спадчыну пасля смерці бацькі каля 205). Пры М. Нумідыйскае царства пашырыла сваю тэрыторыю, выраслі гарады, замацаваліся гандл. сувязі з Міжземнамор’ем. Пасля смерці М. рымляне падзялілі царства паміж 3 яго сынамі.

т. 10, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДЭЛЫ́Н (Medellín),

горад на ПнЗ Калумбіі, у адгор’ях Цэнтр. Кардыльеры. Адм. ц. дэпартамента Анцьёкія. Засн. ў 1675. Каля 3,5 млн. ж. з прыгарадамі (1997). Важны трансп. вузел на Панамерыканскай шашы. Міжнар. аэрапорт. Буйны эканам. цэнтр краіны. Цэнтр горназдабыўной (золата, серабро, плаціна, каменны вугаль) і тэкст. (каля 80 % прадукцыі галіны ў краіне) прам-сці. Развіты таксама чорная металургія, хім., гарбарна-абутковая, харч., буд. матэрыялаў прам-сць. Цэнтр гандлю кавай. 5 ун-таў. Музеі. У 2-й пал. 20 ст. месца знаходжання адной з буйнейшых арг-цый калумбійскай наркамафіі, т.зв. медэльінскага картэля (знішчаны ў 1993).

т. 10, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МЕТАФІЗІ́ЧНАЯ ШКО́ЛА»,

адна з асноўных (разам з «каралінскай школай») паэт. школ англ. барока 1-й пал. 17 ст. Яе пачатак у лірыцы Дж.Дона. Названа метафізічнай за паглыблены філас. характар, імкненне асэнсаваць складаныя праблемы быцця (жыццё і смерць, час і вечнасць, Бог і чалавек), спасцігнуць трансцэндэнтнае. Творчасці паэтаў-метафізікаў (Дж. і Э.​Херберты, Р.​Крэша, Г.​Воген, Э.​Марвел) уласцівы напружанасць думкі і пачуцця, спалучэнне аналітызму мыслення і містычнай экзальтацыі, мудрагелістая метафарычнасць, зварот да тэм і вобразаў Свяшчэннага пісання. Найб. яскрава манера «М.ш.» выявілася ў творчасці Дж.​Херберта (зб. «Храм духоўных вершаў», 1633).

Г.​В.​Сініла.

т. 10, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ пастаянныя аб’яднанні міжурадавага і няўрадавага характару, якія ствараюцца на аснове міжнар. пагаднення (статута або інш. ўстаноўчага дакумента) з мэтай садзейнічання вырашэнню міжнар. праблем і развіццю ўсебаковага супрацоўніцтва дзяржаў. Пачалі ўзнікаць у 19 ст., найб. пашырыліся пасля 2-й сусв. вайны. Маюць устаноўчы дакумент, які рэгламентуе структуру, асн. мэты і кірункі дзейнасці, пастаянны або рэгулярны характар дзейнасці. У якасці асн. метаду дзейнасці выкарыстоўваюць шматбаковыя перагаворы і абмеркаванні праблем. Рашэнні прымаюцца шляхам галасавання або кансенсусу. Іх рашэнні, як правіла, маюць сілу рэкамендацый. Адрозніваюць міжнародныя міжурадавыя арганізацыі і міжнародныя няўрадавыя арганізацыі, а таксама сусветныя і рэгіянальныя арг-цыі.

т. 10, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНАМЁТ,

артылерыйская безадкатная гармата, якая страляе мінамі. Прызначаны для навясной стральбы па адкрытых цэлях і з-за ўкрыцця, а таксама для разбурэння інж. збудаванняў. Мае высокую скарастрэльнасць і дакладнасць стральбы, малую масу і простую канструкцыю. Адрозніваюць дульна- і казназарадныя; гладкаствольныя (большасць) і наразныя; пераносныя, перавозныя, буксіровачныя, самаходныя і інш. Створаны і выкарыстаны пры абароне Порт-Артура ў рус.-яп. вайне 1904—05. Знаходзяцца на ўзбраенні армій шэрагу дзяржаў, у т. л. Рэспублікі Беларусь.

82-мм аўтаматычны мінамёт 269-й сістэмы 2К21 пры стральбе прамой наводкай.
Да арт. Мінамёт: 1 — дульназарадны мінамёт (у краінах СНД); 2 — самаходны мінамёт XM106 (ЗША).

т. 10, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕЗІ́НГЕРЫ (ням. Minnesinger ад Minne каханне + Singer спявак),

нямецкія рыцарскія паэты-спевакі. Мастацтва М. узнікла ў 2-й пал. 12 ст. пад уплывам лірыкі правансальскіх трубадураў. Апявалі рыцарскае каханне, служэнне прыгожай даме, Богу і сюзерэну, ваен. жыццё рыцараў і крыжовыя паходы. Найб. вядомыя паэты-М. — Вольфрам фон Эшэнбах, Гартман фон Аўэ, Вальтэр фон дэр Фогельвайдэ. З крызісам рыцарскай культуры і ўзнікненнем т.зв. сельскага мінезангу паэзія М. заняпала і ў 14 ст. на змену ёй прыйшоў бюргерскі майстэрзанг (гл. Майстэрзінгеры). Вобраз М. ўвасоблены ў оперы Р.​Вагнера «Тангейзер і спаборніцтва спевакоў у Вартбургу» (1845).

т. 10, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА АХО́ВЫ ЖАНЧЫ́Н.

Існавала ў 1901—14 у Мінску. Засн. гар. галавой К.​Э.​Чапскім. Знаходзілася пад уплывам дзеячаў ліберальна-апазіцыйнага руху. У рабоце т-ва ўдзельнічалі пераважна жонкі чыноўнікаў і прадпрымальнікаў. Мела юрыд. аддзел, прысяжныя павераныя якога давалі бясплатныя юрыд. кансультацыі, бюро па арганізацыі лекцый. Жанчыны-ўрачы вялі курс жаночай гігіены, выкладчыкі гімназіі К.​В.​Фальковіча чыталі лекцыі па астраноміі, гісторыі і л-ры. У 1904—05, 1912—13 пры т-ве дзейнічалі нядзельныя школы, быў адкрыты прытулак для дзяцей рабочых. Спыніла дзейнасць з пачаткам 1-й сусв. вайны.

З.​В.​Шыбека.

т. 10, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)