МАСЮКО́ЎШЧЫНСКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ (шталаг № 35 2, Лясны лагер) у Вялікую Айчынную вайну. Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў ліп. 1941 каля в. Масюкоўшчына Мінскага р-на для масавага знішчэння сав. ваеннапалонных і насельніцтва; пасля вер. 1943 (выхаду Італіі з гітлераўскай кааліцыі) сюды прывозілі італьян. салдат. Меў 22 філіялы і аддзяленні ў Мінску і больш за 90 на чыг. станцыях Беларусі. Лагер быў абгароджаны калючым дротам, вязні размяшчаліся ў летніх бараках і паўразбураных памяшканнях. За суткі вязень атрымліваў 100—200 г эрзацхлеба і 1/3л баланды; існавала суровая сістэма катаванняў і масавых забойстваў. Да 3.7.1944 тут загублена больш за 80 тыс.чал. На месцы масавых пахаванняў вязняў помнік-манумент з вечным агнём і ратонда, у якой зберагаецца кніга з выяўленымі прозвішчамі ахвяр (больш за 9 тыс.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІН,
дынастыя кіт. імператараў у 1368—1644. Заснавана Чжу Юаньчжанам (Тайцзу)
[1368—98],
адным з кіраўнікоў нар. паўстання, якое скінула манг. дынастыю Юань. У час праўлення М. створана найб. цэнтралізаваная сістэма кіравання ў параўнанні з папярэднімі дынастыямі. Пры Чжу Дзі (Чэнцзу) [1402—24] сталіца краіны перанесена ў Пекін, арганізаваны шэраг марскіх экспедыцый у Індыйскі ак. на чале з Чжэн Хэ. З пач. 16 ст. ўсталяваны гандл. адносіны з еўрапейцамі (партугальцамі). Да пач. 17 ст. ўлада імператараў М. падарвана барацьбой розных груповак кіруючых вярхоў, ваен. знаці і дварцовых еўнухаў. Хуткі рост насельніцтва, недахоп зямлі вялі да голаду і масавага жабрацтва, што пагаршалася карупцыяй мясц. улад. Масавая незадаволенасць прывяла ў 1620-я г. да нар. паўстання, адзін з кіраўнікоў якога — Лі Цзычэн — заняў у 1644 Пекін і скінуў дынастыю М.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖА́РНЫ НАГЛЯ́Д,
сістэма мерапрыемстваў па нагляду за выкананнем правіл і норм пажарнай бяспекі. Ажыццяўляюць дзярж. органы П.н., якія праводзяць пажарна-тэхн. абследаванне прадпрыемстваў, устаноў і арг-цый, робяць заключэнне аб наяўнасці парушэнняў і даюць рэкамендацыі па іх ліквідацыі і ўзмацненні проціпажарнай аховы аб’ектаў, распрацоўваюць і зацвярджаюць правілы пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі збудаванняў і правядзенні буд. работ; таксама накладаюць спагнанні за парушэнні правіл і патрабаванняў пажарнай бяспекі: часова прыпыняюць ці забараняюць эксплуатацыю прамысл. аб’ектаў (асобных памяшканняў, абсталявання), што працуюць з парушэннямі, выпуск і рэалізацыю прадукцыі, якая не адпавядае проціпажарным патрабаванням. На Беларусі П.н. ажыццяўляе Мін-ва па надзвычайных сітуацыях (створана ў 1999), якому падпарадкаваныя тэр. (абл.) і мясц. органы (пажарныя аварыйна-выратавальныя атрады, часці і пасты ў гарадах, раёнах, на асобных аб’ектах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУДО́Н (Proudhon) П’ер Жазеф (15.1.1809, г. Безансон, Францыя — 19.1.1865),
французскі філосаф, сацыёлаг, эканаміст, тэарэтык анархізму, заснавальнік пруданізму. У сваёй сінт. філасофіі спалучаў антытэізм (засн. на тэзісе «Бог — гэта зло») і прызнанне трансцэндэнтнага пачатку ў прыродзе і грамадстве, валюнтарызм і тэалагічны правідэнцыялізм. Гісторыю грамадства разглядаў як барацьбу ідэй. У кн. «Што такое ўласнасць?» (1840) абвяшчаў буйную ўласнасць крадзяжом, адстойваў уласнасць, не звязаную з эксплуатацыяй чужой працы. У працы «Сістэма эканамічных супярэчнасцей, ці Філасофія жабрацтва» (т. 1—2, 1846) прапаноўваў мірную перабудову грамадства шляхам рэформ у галіне абарачэння (безграшовы абмен таварамі, беспрацэнтны крэдыт і інш.); крытыкаваў камунізм як «абсурдную ідэалогію», «згуртаванне зла і тыраніі», «рэлігію жабрацтва». Дзяржаву лічыў гал. сродкам расколу грамадства, паразітызму і прыгнёту, прапанаваў праекты яе ліквідацыі ці федэратыўнай перабудовы, накіраванай на раздрабленне цэнтралізаваных дзяржаў на дробныя аўтаномныя вобласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭЗІДЭ́НЦКАЯ РЭСПУ́БЛІКА,
адзін з 2 асн. (разам з парламенцкай рэспублікай) відаў рэспубліканскага дзярж. ладу. Характарызуецца захаваннем прынцыпу падзелу ўлад, канцэнтрацыяй у руках прэзідэнта паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы і кіраўніка ўрада, пазапарламенцкім выбраннем прэзідэнта. Ўрад фарміруецца прэзідэнтам незалежна ад раскладу сіл у парламенце. Прэзідэнт не мае права распускаць парламент. У класічнай П.р. (ЗША, Мексіка, Бразілія, Калумбія, многія інш.лац.-амер. і афр. краіны) вышэйшыя органы ўлады (прэзідэнт, парламент, вярх. суд) незалежныя адзін ад аднаго і маюць магчымасць рэальна ўздзейнічаць адзін на аднаго (сістэма «стрымак і супрацьвагаў»). Да П.р., за выключэннем некат. фармальных адрозненняў (наяўнасць прэм’ер-міністра, права прэзідэнта распускаць парламент), блізкія паліт. сістэмы Рас. Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь. Змешаныя, з рысамі парламенцкай і прэзідэнцкай рэспублікі, паліт. сістэмы (т.зв. паўпрэзідэнцкая рэспубліка) маюць Францыя, Чэхія, Польшча, Балгарыя, Украіна, Літва і многія інш. дзяржавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАНІМА́ЦЫЯ (ад рэ... + лац. animatio ажыўленне), ажыўленне арганізма,
сістэма мерапрыемстваў пры тэрмінальных станах (шок, агонія, клінічная смерць). Накіравана на прадухіленне незваротнага пашкоджання нейронаў лобных аддзелаў кары вял. паўшар’яў галаўнога мозга. Пры спыненні дыхання і работы сэрца тэрмінова пачынаюць практычныя мерапрыемствы па ажыўленні: штучная вентыляцыя лёгкіх (метад рот у рот, або рот у нос), аднаўленне кровазвароту (вонкавы масаж сэрца). Р. можа ўключаць інтубацыю трахеі, ускрыццё трахеі з увядзеннем асобай трубкі, артэрыяльнае нагнятанне крыві для аднаўлення спантаннага кровазвароту, дэфібрыляцыю сэрца (спыненне разрозненых скарачэнняў сардэчнай мышцы моцным эл. разрадам), пункцыю поласцей сэрца для ўвядзення лек. рэчываў, крыві і кровазаменнікаў і інш. Неэфектыўная Р. пры гібелі нерв. клетак кары вял. паўшар’яў, што адбываецца праз 3—5 мін пасля спынення кровазабеспячэння мозга, астаноўкі спынення* сэрца і дыхання (перыяд клінічнай смерці). Вывучае рэаніматалогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПРАВАЗДА́ЧНАСЦЬ,
сістэма паказчыкаў, якая характарызуе вынікі работы прадпрыемства (установы, арг-цыі, фірмы) за пэўны перыяд. Дае магчымасць рабіць абагульняльныя вывады пра эканам. дзейнасць галіны, рэгіёна і ўсёй нар. гаспадаркі краіны, весці кантроль за гасп. і фін. дзейнасцю дзярж. прадпрыемстваў. Падаецца вышэйшым галіновым арг-цыям, а таксама органам статыстыкі, Мін-ву фінансаў і Нацбанку Рэспублікі Беларусь. Адрозніваюць С.: статыстычную (па асобных відах дзейнасці) і бухгалтарскую (па ўсёй дзейнасці), унутрыгадавую (пяцідзённую, дэкадную, месячную, квартальную, паўгадавую) і гадавую. Статыстычная С. падзяляецца на агульнадзяржаўную, унутрыведамасную, тыпавую і спецыялізаваную. Агульнадзяржаўная — абавязковая для прадпрыемстваў і арг-цый усіх мін-ваў і ведамстваў рэспублікі; унутрыведамасная (галіновая) ужываецца толькі ў межах пэўнай галіны; тыпавая — агульная для ўсіх галін эканомікі; спецыялізаваная ўжываецца ў галінах, якія маюць спецыфічныя асаблівасці. Гл. таксама Баланс, Бухгалтарскі ўлік, Інвентарызацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРУМІ́ЛІН (сапр.Струміла-Петрашкевіч) Станіслаў Густававіч (29.1.1877, с. Дашкаўцы Ліцінскага р-на Вінніцкай вобл., Украіна — 25.1.1974). расійскі вучоны-эканаміст. Акад.АНСССР (1931). Герой Сац. Працы (1967). Скончыў Пецярбургскі політэхн.ін-т (1914). У 1921—36, 1943—51 у Дзяржплане СССР (нам. старшыні, нам.нач.Цэнтр. планавага бюро, Цэнтр. ўпраўлення нар.-гасп. ўліку). У 1921—23 у Маскоўскім ун-це. У 1929—30 у Ін-це нар. гаспадаркі. У 1931—57 у АНСССР, адначасова ў 1931—50 у Маскоўскім эканам. ін-це. Навук. працы па праблемах палітэканоміі, планавання нар. гаспадаркі, статыстыкі, эканомікі працы і дэмаграфіі, сацыялогіі, эканам. гісторыі і сусв. эканомікі. Пад яго кіраўніцтвам распрацавана сістэма матэрыяльных балансаў. Дзярж. прэмія СССР 1942. Ленінская прэмія 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУПЕРПАЗІ́ЦЫІ ПРЫ́НЦЫП, прынцып накладання, 1) у класічнай фізіцы — тэарэтычнае дапушчэнне, паводле якога вынік некалькіх незалежных адначасовых уздзеянняў на пэўны фіз. аб’ект з’яўляецца сумай эфектаў, выкліканых кожным уздзеяннем паасобку. Напр., напружанасць эл. поля сістэмы зарадаў (q1, q2, ... , qn) у выбраным пункце назірання роўная вектарнай суме напружанасцей эл. палёў (, , ..., ), створаных кожным зарадам незалежна:
. Выконваецца для сістэм, якія апісваюцца лінейнымі ўраўненнямі, і адыгрывае важную ролю ў механіцы, электрадынаміцы, тэорыі палёў і вагальных працэсаў.
2) У квантавай механіцы С.п. адносіцца да хвалевых функцый і сцвярджае: калі фіз.сістэма можа знаходзіцца ў станах, якія характарызуюцца дзвюма (або некалькімі) хвалевымі функцыямі, то яна таксама можа знаходзіцца ў стане, які характарызуецца лінейнай камбінацыяй гэтых функцый (прынцып суперпазіцыі станаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕКІРАВА́ННЕ,
кіраванне аб’ектамі на адлегласці з дапамогай спец. тэлемех. сродкаў; састаўная частка тэлемеханікі. Выкарыстоўваецца ў прам-сці, на транспарце, у энергетыцы, ваен. справе і інш.
Найб. пашыраны сістэмы Т. з перадачай дыскрэтных двух- (напр., тыпу «ўключана» — «выключана») і шматпазіцыйных каманд, а таксама з перадачай неперарыўных каманд (тэлерэгуляванне; напр., Т. касм. апаратамі). На дыспетчарскім пункце сістэмы Т. ўстаноўлены органы аўтам. ці ручнога кіравання аб’ектамі, кадзіравальнае і перадавальнае прыстасаванні. На аб’екце кіравання — прыёмнае і дэкадзіравальнае прыстасаванні, выхадны сігнал з якіх праз пераўтваральнік уздзейнічае на адпаведны выхадны ланцуг. Т. суправаджаецца кантролем выканання каманд сродкамі тэлесігналізацыі і тэлевымярэння. Сістэма Т. ў спалучэнні са сродкамі аўтаматыкі дае магчымасць ажыццяўляць аўтам. кіраванне на адлегласці машынамі і ўстаноўкамі без дзяжурнага персаналу і ствараць вытв. комплексы з цэнтралізаваным кіраваннем. Гл. таксама Тэлекантроль.