НЕАБХО́ДНЫ ПРАДУ́КТ,

частка створанага работнікам прадукту, прызначаная для задавальнення жыццёвых патрэб непасрэдных вытворцаў і непрацуючых членаў іх сем’яў. Ствараецца на працягу неабходнага рабочага часу, пакрывае расходы на харчаванне, утрыманне жылля, задавальненне культ. і сац. патрэб і інш. На выпрацоўку Н.п. затрачваецца неабходная праца. Велічыня Н.п. вызначаецца ўзроўнем развіцця прадукцыйных сіл і прадукцыйнасці працы.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 11, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕШАТА́ЕЎ (Барыс Мікалаевіч) (н. 9.9.1947, г. Кудымкар Пермскай вобл., Расія),

бел. географ. Д-р геагр. н. (1992), праф. (1994). Скончыў Пермскі ун-т (1971). З 1995 у Магілёўскім ун-це (заг. кафедры). Навук. працы па ландшафтазнаўстве, геаэкалогіі, геамарфалогіі і гіст. геаграфіі.

Тв.:

Развитие долинно-речных систем в позднем плейстоцене и голоцене. Киев, 1989;

Историко-географический анализ региона. Киев, 1992.

т. 11, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ЙМАЙР, Неймайр (Neumayr) Мельхіёр (24.10.1845, г. Мюнхен; Германія — 29.1.1890), аўстрыйскі палеантолаг-эвалюцыяніст і геолаг. З 1873 праф. ун-та ў Вене. Навук. працы па галаваногіх малюсках і палеагеаграфіі юрскага і мелавога перыядаў. Распрацоўваў праблемы палеанталогіі і геалогіі на аснове дарвінізму.

Тв.:

Рус. пер. — История земли. Т. 1—2. СПб., 1903—04;

Корни животного царства. М., 1919.

т. 11, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯДЗЁШАЎ Іван Аляксеевіч, адзін з першых даследчыкаў (19 ст.) бел. мовы. Некаторы час жыў у г. Замасць (Польшча). Аўтар працы «Гістарычны агляд найважнейшых гукавых і марфалагічных асаблівасцей беларускіх гаворак» («Русский филологический вестник», Варшава, 1884, т. 12), у якой вызначаў геагр. межы бел. мовы, разглядаў гісторыю гукаў і форм на падставе аналізу помнікаў бел. пісьменнасці 16—17 ст.

т. 11, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́ДЭРСЕН ((Pedersen) Чарлз) (3.10.1904, г. Пусан, Рэспубліка Карэя — 26.10.1989),

амерыканскі хімік-арганік. Па паходжанні нарвежац. Скончыў Масачусецкі тэхнал. ін-т (1927). У 1927—69 у канцэрне «Дзюпон дэ Немур энд компані». Навук. працы па арган. сінтэзе. Атрымаў (1962) і распрацаваў метады сінтэзу макрагетэрацыклічных злучэнняў, названых ім краўн-эфірамі. Нобелеўская прэмія 1987 (разам з Д.​Дж.Крэмам, Ж.М.Ленам).

Ч.Педэрсен.

т. 12, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́НІ,

невялікія коні, выведзеныя на астравах Брытанскіх, Готланд, Ісландыя, Корсіка, Сіцылія, Хакайда. Больш за 20 парод, у т. л. спецыялізаваныя верхавыя і запражныя, разнастайнай масці. Рост 80—140 см. Гадаваліся для працы ў дробных сял. гаспадарках, на шахтах, для перавозу грузаў у гарах і інш. Выкарыстоўваюцца ў парках для запрэжкі ў прагулачныя і дзіцячыя экіпажы, пад сядло.

Поні.

т. 12, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХАЛАГІ́ЧНАЯ СЛУ́ЖБА,

практычнае выкарыстанне псіхалогіі для вырашэння задач псіхал. экспертызы, дыягностыкі, кансультацый у вытв-сці, адукацыі, ахове здароўя і інш. Дапамагае асобным людзям, арг-цыям і г.д. Станаўленне П.с. абумоўлена патрэбамі грамадства і ўзроўнем развіцця фундаментальных і прыкладных даследаванняў у галіне псіхалогіі сацыяльнай, псіхалогіі працы, педагагічнай псіхалогіі і г.д. У навук.-практычнай дзейнасці П.с. выкарыстоўвае дасягненні розных навук. дысцыплін.

т. 13, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ГАЛЕЎ (Аляксандр Фёдаравіч) (н. 27.12.1956, г. Гомель),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1997). Скончыў Гомельскі ун-т (1980) і выкладае ў ім. Працы па бел. тапаніміцы: «Этнатапанімія Беларусі: (На фоне этнічнай гісторыі)» (1993), «Белая Русь і беларусы: (У пошуках вытокаў)» (1994) і інш.

Тв.:

От Гомеюка до Гомеля: Городская старина в фактах, именах, лицах. Гомель 1993.

т. 13, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫСЕ́ВІЧ (Мікалай Аляксандравіч) (н. 21.9.1923, пас. Лучны Мост Бярэзінскага р-на Мінскай вобл.),

бел. фізік. Акад. АН Беларусі (1969), АН СССР (1981, з 1992 Рас. АН) і шэрагу замежных АН. Д-р фізіка-матэм. н. (1965), праф. (1967). Засл. дз. нав. Беларусі (1994). Герой Сац. Працы (1978). Скончыў БДУ (1950). З 1955 нам. дырэктара Ін-та фізікі, у 1969—87 прэзідэнт АН Беларусі. З 1992 ганаровы прэзідэнт АН Беларусі і старшыня камісіі па гісторыі навукі. Навук. працы па люмінесцэнцыі і спектраскапіі складаных малекул, квантавай электроніцы і інфрачырвонай тэхніцы. Даследаваў рассеянне выпрамянення дысперснымі сістэмамі, стварыў (разам з супрацоўнікамі) новы клас аптычных фільтраў для інфрачырвонай вобласці спектра. Адкрыў (разам з Б.​С.​Непарэнтам) з’яву стабілізацыі-лабілізацыі электронна-ўзбуджаных шмататамных малекул (зарэгістравана ў 1977). Ленінская прэмія 1980. Дзярж. прэмія СССР 1973.

Тв.:

Возбужденные состояния сложных молекул в газовой фазе. Мн., 1967;

Инфракрасные фильтры. Мн., 1971 (разам з В.​Р.​Верашчагіным, М.​А.​Валідавым).

М.А.Барысевіч.

т. 2, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІШНЕ́ЎСКІ (Аляксандр Аляксандравіч) (24.5.1906, г. Казань, Расія — 19.11.1975),

савецкі хірург. Акад. АМН СССР (1957), ген.-палк. мед. службы (1963). Герой Сац. Працы (1966). Сын і вучань А.В.Вішнеўскага. Скончыў Казанскі ун-т (1929). Працаваў у ім, з 1931 у Ваенна-мед. акадэміі (Ленінград), з 1933 ва Усесаюзным ін-це эксперым. медыцыны. З 1948 дырэктар Ін-та хірургіі імя А.​В.​Вішнеўскага АМН СССР і адначасова (з 1956) гал. хірург Сав. Арміі. Навук. працы па мясц. анестэзіі, абязбольванні, гіпатэрміі і штучным кровазвароце пры аперацыях на сэрцы і лёгкіх, праблемах нерв. трофікі ў хірургіі, выкарыстанні палімераў у хірургіі. Упершыню ў свеце выканаў пад мясц. анестэзіяй аперацыю на сэрцы (1953), першую ў СССР аперацыю на «адкрытым сэрцы» ва ўмовах штучнага кровазвароту (1957). Ленінская прэмія 1960. Дзярж. прэмія СССР 1970.

Тв.:

Дневник хирурга. Великая Отечественная война 1941—1945 гг. М., 1967;

Избранные работы по хирургии и пограничным областям. Т. 1—2. М., 1970.

А.А.Вішнеўскі.

т. 4, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)