КАР (Carr) Джэралд (н. 22.8.1932, г. Дэнвер, ЗША),
касманаўт ЗША. Скончыў Паўднёва-Каліфарнійскі ун-т (1954). З 1949 у ВМС ЗША. З 1966 у групе касманаўтаў НАСА. 16.11.1973—8.2.1974 з Э.Гібсанам і У.Поўгам здзейсніў касм. палёт на арбітальнай станцыі «Скайлэб» (як камандзір 3-га экіпажа), у час якога тройчы выходзіў у адкрыты космас (агульны час 15 гадз 48 мін). Правёў у космасе 84,04 сут. Залаты медаль «Космас» (ФАІ).
т. 8, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ПЕС (López) Франсіска Салана (24.7.1826, Асунсьён, — 1.3.1870),
дзяржаўны і ваенны дзеяч Парагвая. Узначаліў першае парагвайскае пасольства ў Еўропу (1853—54), у час якога адстойваў эканам. і паліт. суверэнітэт краіны. Прэзідэнт у 1862—70; заахвочваў развіццё нац. эканомікі і культуры, абмежаваў буйное землеўладанне. У 1865—70 у час вайны Парагвая з кааліцыяй Аргенціны, Бразіліі і Уругвая (гл. Парагвайская вайна) камандаваў парагвайскай арміяй і паказаў сябе таленавітым палкаводцам. Загінуў у баі.
т. 9, с. 344
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРА́ЖНІК,
шляхецкі ўрад (пасада) у ВКЛ. Узнік у 16 ст. як С. польны. Яго абавязкам было назіранне за бяспекаю межаў, з Маскоўскай дзяржавай. Прызначаўся гетманам, з часоў Аўгуста III [1733—63] зацвярджаўся каралём. У 1635 заснаваны ўрад С. вялікага, абавязкам якога было ў час знаходжання караля ў войску кіраваць пярэдняй стражай і загадваць каравулам у час пастояў. Падобныя функцыі ў дачыненні да павятовага паспалітага рушэння мелі С. павятовыя.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
т. 15, с. 193
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯШКЕ́ВІЧ Васіль Антонавіч (28.1.1893, в. Еськавічы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 18.7.1972),
адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў грамадз. вайну. У час герм. акупацыі Беларусі арганізатар і камісар партыз. атрада ў Слуцкім пав., у час польскай інтэрвенцыі камісар партыз. атрада М.А.Кухарчыка (дзейнічаў у ваколіцах Ляхавіч і Клецка), арганізатар партыз. атрада імя III Інтэрнацыянала ў Бабруйскім пав. Удзельнік барацьбы супраць войскаў Булак-Балаховіча.
т. 1, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМІНА́ННЕ,
сшытак (спіс) з імёнамі памерлых або жывых, якіх святар павінен памянуць у час набажэнства; таксама царкоўны рытуал, у час якога святар памінае імёны, уключаныя ў памінальны сшытак (спіс). У правасл. царкве П. памерлых робіцца на 3-і, 9-ы, 40-ы дзень і ў гадавіну смерці. Існуюць агульныя дні П. памерлых: дзяды (2 лістапада), бацькоўская субота, субота напярэдадні Сёмухі і інш. Гл. таксама Культ продкаў.
т. 12, с. 33
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ТЛЕН (Bethlen) Габар (1580, г. Ілія, Румынія — 15.11.1629),
князь Трансільваніі (Семіграда) у 1623—29, кароль Венгрыі [1620—21]. Кіраўнік антыгабсбургскага руху ў Венг. каралеўстве (з 1619). У час Трыццацігадовай вайны 1618—48 разам з Чэхіяй выступіў супраць ням. імператара і караля Венгрыі Фердынанда II, заняў значную частку Венг. каралеўства і быў абраны каралём. Час кіравання Бетлена называюць залатым векам Трансільваніі (развіваліся гаспадарка, адукацыя і мастацтва).
т. 3, с. 129
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́НДА,
1) беларускі народны звычай частаваць блізкіх і аднавяскоўцаў свежыной, а таксама хлебам, садавіной, агароднінай новага ўраджаю. Дзяліліся мясам свойскай і здабытай у час палявання дзікай жывёлы, рыбай, мёдам. Звычай сведчыць пра існаванне ў старажытнасці абшчыннай гаспадаркі і грамадскай уласнасці. У наш час страціў сваю назву, але па-ранейшаму захоўваецца як нар. традыцыя калектыўных узаемаадносін.
2) Старадаўняя назва пасагу, запасу грошай, адзення.
т. 3, с. 212
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСЛАКА́ЦЫЯ ваенная,
размяшчэнне (раскватараванне) сухапутных войск і ваен. устаноў у мірны час у адведзеных для іх месцах (ваен. гарадках, лагерах і інш.); размяшчэнне вайсковых часцей і злучэнняў на фронце, злучэнняў ВПС па аэрадромах базіравання, караблёў ВМФ па партах для пастаяннага базіравання або на зімовы час. Пры Д. бярэцца пад увагу неабходнасць забеспячэння ўзбр. сіламі аховы інтарэсаў краіны на выпадак вайны.
т. 6, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙДЭЛО́ТЫ, вейдалоты,
язычніцкія жрацы старадаўняй Літвы, хавальнікі вечнага агню бога Перуна (Перкунаса). Вайдэлоткі ахоўвалі вечны агонь пры храме багіні Праўрымы, прыносілі ахвяры багам. У час баляў і на святы вайдэлоты спявалі і ўслаўлялі подзвігі продкаў, расказвалі пра барацьбу з іншаземнымі заваёўнікамі. Песні і легенды вайдэлотаў доўгі час бытавалі ў народаў ВКЛ і пасля прыняцця хрысціянства.
т. 3, с. 450
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
пазы́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што і чаго.
1. Даць каму‑н. што‑н. у доўг. [Язэп:] — Калі вам так патрэбны грошы, дык я вам пазычу. Бядуля.
2. Узяць у каго‑н. што‑н. у доўг, на час. Маці кінулася да суседзяў, каб пазычыць у каго сена. Якімовіч. Тым часам бацька бегаў па хатах, каб дзе пазычыць калёсы на жалезным хаду. Сабаленка.
•••
У сабакі вачэй пазычыць (пазычыўшы) — згубіць сумленне, пачуццё сораму, уласнай годнасці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)