участак прыроднага ці культ. ландшафту, які абрамляе гіст. помнік ці арганізаваны на месцы гіст. падзеі. Ствараецца ў гонар выдатных дзеячаў навукі і культуры, нац. герояў (напр., парк імя Я.Купалы ў Мінску); прысвячаецца значным гіст. падзеям: вызваленню, перамозе, юбілею і інш. (паркі Перамогі ў Мінску, С.-Пецярбургу, Трэптаў-парк у Берліне, парк Міру ў г. Нагасакі, Японія і інш.). У П.м. змешанага тыпу (гіст., мемарыяльна-этнагр., парк з музеямі і экспазіцыямі на адкрытым паветры) размяшчаюцца мемарыялы і збудаванні, якія па часе могуць адносіцца да розных гіст. падзей. Пры стварэнні П.м. выкарыстоўваюць сродкі і метады ландшафтнай архітэктуры.
Т.П.Вадап’янава.
Да арт.Парк мемарыяльны. Фрагмент парку імя Я.Купалы ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́НЗІЯС ((Penzias) Арна Алан) (н. 26.4.1933, г. Мюнхен, Германія),
амерыканскі астрафізік і спецыяліст у галіне інфарм. тэхналогій. Чл.Нац.АН ЗША (1975), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1974). З 1940 у ЗША. Скончыў Калумбійскі ун-т (1958). З 1961 у н.-д. фірме «Бел тэлефон лаборатарыс» (з 1981 віцэ-прэзідэнт), з 1998 у кампаніі «Нью энтэрпрайс асашыэйтс». Навук. працы па радыёастраноміі, спадарожнікавай сувязі, касмалогіі, хіміі міжзоркавага рэчыва, патэнты ў галіне тэлекамунікацыйных і камп’ютэрных тэхналогій. Адкрыў эксперыментальна разам з Р.В.Вільсанам мікрахвалевае фонавае выпрамяненне (рэліктавае выпрамяненне; 1965) і міжзоркавы дэйтэрый (1973). Нобелеўская прэмія 1978 (з Вільсанам).
Тв.:
Рус.пер. — Происхождение элементов // Успехи физ. наук. 1979. Т. 129, вып. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЛ ((Perl) Марцін Льюіс) (н. 24.6.1927, Нью-Йорк),
амерыканскі фізік. Чл.Нац.АН ЗША (1990), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1997). Бацька нарадзіўся ў г. Пружаны Брэсцкай вобл. Скончыў Політэхн.ун-т у Брукліне (1948). З 1950 у Калумбійскім, з 1955 у Мічыганскім ун-тах, з 1963 праф. Стэнфардскага лінейнага паскаральнікавага цэнтра (у 1991—97 дэкан ф-та фізікі высокіх энергій). Навук. працы па фізіцы элементарных часціц. Эксперыментальна адкрыў цяжкі τ-лептон (1975). Нобелеўская прэмія 1995 (разам з Ф.Райнесам).
Тв.:
Рус.пер. — Открытие новой элементарной частицы — тяжелого τ-лептона // Успехи физ. наук. 1979. Т. 129, вып. 4;
Размышления об открытии τ-лептона // Там жа. 1996. Т. 166, вып. 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРС ((Peirce) Чарлз Сандэрс) (10.9.1839, г. Кеймбрыдж, штат. Масачусетс, ЗША — 19.4.1914),
амерыканскі філосаф, логік, матэматык і прыродазнавец, адзін з заснавальнікаў прагматызму і семіётыкі. Чл.Амер.АН і мастацтваў (1877), Нац.АН ЗША (1879). Скончыў Гарвардскі ун-т (1859). Праф. Кембрыджскага, Гарвардскага, Балтыморскага, Бостанскага ун-таў. Распрацаваў шэраг асноватворных ідэй агульнай і матэм. логікі. Імкнуўся спалучыць навук. даследаванні з рэліг. верай. Гал. прынцып прагматызму выклаў у працах «Як зрабіць нашы ідэі выразнымі» (1876), «Замацаванне вераванняў» (1877). Лічыў, што змест паняццяў поўнасцю вычэрпваецца ўяўленнем аб яго магчымых практычных выніках; адсюль вызначэнне ісціны як веры, якая выклікае дзеянне, што вядзе да пастаўленай мэты. Яго тэзіс «існаваць — значыць быць карысным» (т.зв. «прынцып 11.») стымуляваў распрацоўку ідэаліст. філасофіі прагматызму У.Джэмсам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЯТНЁЎ (Міхаіл Васілевіч) (н. 14.4.1957, г. Архангельск, Расія),
расійскі піяніст, дырыжор. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1979), з 1981 у ёй выкладае. Вучань Я.Фліера, Л.Уласенкі і інш. З 1978 саліст Маскоўскай філармоніі. З 1990 заснавальнік, маст. кіраўнік і гал. дырыжор Рас.нац.сімф. аркестра. У рэпертуары творы кампазітараў розных эпох і стыляў, асабліва вылучаюцца інтэрпрэтацыі П.Чайкоўскага. Яго выканальніцтва адметнае бліскучай віртуознасцю, багаццем тэмбравай палітры, арганізаваным і адначасова гнуткім рытмам, яснасцю выканальніцкай задумы. Аўтар муз. твораў розных жанраў. «Гран пры» конкурсу муз. моладзі (Парыж, 1974), 1-я прэмія V Усесаюзнага конкурсу піяністаў (Ленінград, 1977), 1-я прэмія Міжнар. конкурсу піяністаў імя Чайкоўскага (Масква, 1978). Дзярж. прэміі Расіі 1982, 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІРЫТМІ́Я (ад полі... + рытм),
адначасовае спалучэнне ў розных галасах ці групах галасоў муз. твора двух ці некалькіх рытмічных малюнкаў з неаднародным драбленнем пэўных метрычных адзінак (напр., у адным голасе дуёлі, у другім — трыёлі); у шырокім сэнсе — спалучэнне ў шматгалоссі розных рытмічных малюнкаў. Адна з пашыраных форм арганізацыі П. — поліметрыя. П. — неабходная ўмова поліфаніі, а таксама нарматыўная якасць класічнай і сучаснай музыкі. Уласціва музыцы розных нац. культур, у т. л.бел., заснаванай на сінтэзе класічных і народна-песенных тыпаў метрарытмічнай арганізацыі музыкі. У бел. музыцы найб. складаныя тыпы П. ёсць у некат. творах М.Аладава, Я.Глебава, У.Дарохіна, У.Дамарацкага, А.Мдывані, Ф.Пыталева, Дз.Смольскага, Л.Шлег і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РТЭР ((Porter) Родні Роберт) (8.10.1917, г. Ньютан-ле-Уілаўс, Вялікабрытанія — 7.9.1985),
англійскі імунолаг і біяхімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1964). Ганаровы замежны чл.Амер. акадэміі мастацтваў і навук. Адукацыю атрымаў ва ун-тах Ліверпуля і Кембрыджа. З 1949 у Нац. ін-це мед. даследаванняў у Лондане, з 1960 праф.мед. школы пры бальніцы Сент-Мэры ў Лондане, з 1967 праф. Оксфардскага ун-та, з 1970 чл. Савета мед. даследаванняў. Навук. працы па хім. структуры антыцел. Высветліў першасную структуру нармальных і анамальных гамаглабулінаў, распрацаваў метад расшчаплення малекул антыцел на фрагменты, прапанаваў схему іх будовы і гіпотэзу аб трацічнай структуры іх актыўнага цэнтра. Нобелеўская прэмія 1972 (разам з Дж.М.Эдэльманам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ЖСКІЯ АРТЫ́КУЛЫ 1420,
першапачаткова сумесная праграма памяркоўнага (чашнікі) і радыкальнага (табарыты) крыла гусітаў (прыхільнікаў ідэй Я.Гуса), прынятая ў ліп. 1420 у Празе ў пачатку гусіцкіх войнаў. Былі сфармуляваны ў выглядзе 4 артыкулаў: секулярызацыя царк. зямель, свабода гусіцкіх пропаведзяў, ліквідацыя выключнага становішча каталіцкага духавенства, пакаранне асоб, вінаватых у «смяротных грахах», пад якімі табарыты разумелі і сац. прыгнёт. Чашнікі, якія на першы план ставілі барацьбу супраць каталіцкага духавенства і нац. прыгнёту, імкнуліся звесці П.а. да патрабавання «таннай царквы». Не згодныя з гэтым табарыты 5.8.1420 прапанавалі ўласную праграму («Дванаццаць пражскіх артыкулаў»), П.а. засталіся праграмай чашнікаў і былі ў асн. рэалізаваны імі ў пагадненнях 1433 і 1436 з феад.-каталіцкім лагерам (т.зв. «Пражскія кампактаты»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫШЫВА́ЛКА (Анатоль Пятровіч) (3.11.1924, в. Нізгалава Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. — 16.10.1997),
бел. фізік. Д-рфіз.-матэм.н. (1981), праф. (1984). Скончыў БДУ (1955). З 1955 у Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі (у 1963—70 нам. дырэктара, у 1982—94 заг. лабараторыі). Навук. даследаванні па оптыцы рассейвальных і паглынальных асяроддзяў. Распрацаваў метады разліку рассеяння і паглынання святла (у т. л. лазернага выпрамянення) неаднароднымі часцінкамі з улікам іх награвання і разбурэння.
Тв.:
Отражение света от поглощающих сред. Мн., 1963;
Оптические и тепловые поля внутри светорассеивающих частиц. Мн., 1983;
Рассеяние и поглощение света неоднородными и анизотропными сферическими частицами. Мн., 1984 (разам з В.А.Бабенкам, У.М.Кузьміным).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭ́МЧАНД (сапр.Дханпатрай Шрывастаў; 31.7.1880, Ламхі, каля г. Варанасі, Індыя — 8.10.1936),
індыйскі пісьменнік. Скончыў Алахабадскі каледж (1904). Пісаў на мовах урду і хіндзі. Творчасць П. развівалася пад уздзеяннем інд.нац.-вызв. руху. Аўтар рэаліст. раманаў «Прытулак» (1918), «Прыстанак кахання» (1922), «Арэна» (1925), «Поле бітвы» (1932), «Ахвярная карова» (1936) і інш. Апавяданні (зб-кі «Сем лотасаў», 1914, «Ратны шлях», 1932, «Саван», 1937) і публіцыстыка адзначаны антыкалан. і антыфеад. накіраванасцю.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Дрэва вады. Мн., 1959;
Рус.пер. — Избранное. М., 1989;
Рассказы. Нирмала. М., 1958;
Ратный путь: Рассказы. М., 1969.
Літ.:
Рахбар Х. Жизнь и творчество Премчанда: Пер. с хинди. М., 1963;