расквіта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Расплаціцца за што‑н., аддаць доўг каму‑н. Расквітацца за дапамогу. □ Да Вайтовіча падышоў каваль і напомніў: — Не развіталіся, пане. За фатыгу абяцалі на кілішак гарэлкі. Пальчэўскі. — Які яшчэ доўг? Я ўсё аддала вашай цётцы, расквіталася з вамі назаўсёды. Дубоўка. — Вялікую віну ўзяў я на сябе перад чыгункай, як расквітацца з ёй, і не ведаю... Шынклер. // Адпомсціць за ўчыненую крыўду, зло. Расквітацца мне з.. [фашыстамі] вельмі хацелася і за тое, што ў хляве сядзеў, і што галодны бадзяўся па лясах. Навуменка. — На фоне аснежаных палеткаў прыкмеціў сілуэты двух «фокераў». Думаў, што яны крадуцца да нашага аэрадрома, каб атакаваць нас на пасадцы і такім чынам расквітацца. Алешка.

2. Расстацца з кім‑, чым‑н. назаўсёды, пакінуць каго‑, што‑н., вызваліцца ад каго‑, чаго‑н., пазбавіцца ад чаго‑н. Вейс даўно расквітаўся з чыгункаю, выйшаў на пенсію, але па-ранейшаму не можа жыць без яе. Арабей. — Мне так і відаць, што хоча мая Тэкля жыць са мной у адно, расквітацца са сваім аднаасобніцтвам. Рылько. — Ды ты ж яшчэ з ім не расквіталася зусім, — намякнуў Некраш на тое, што Вікторыя яшчэ не развялося з Кругловым. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

счуць, счую, счуеш, счуе; зак.

Разм.

1. каго-што і з дадан. сказам. Улавіць на слых якія‑н. гукі, размову. Калі Ніна, счуўшы шагі ля сябе, узняла вочы ад акна, яна ўбачыла перад сабой Лявона. Галавач. Жур счуў, што гутарку трымаюць пра яго, і тапор свой уткнуў у бервяно. Баранавых. // Пачуць, прыслухацца. Як не счуюць мяне, я мацней загуду, Дам гучнейшы акорд песні новай... Чарот.

2. што. Атрымаць звесткі пра каго‑, што‑н.; даведацца (з размоў, чутак і пад.). Хто зманіў, хто звёў дзяўчыну? Счуў жаніх праз дзень прычыну, — Зганьбавала яго люба: Быў ён з ёй нібыта грубы. Ставер.

3. каго. Учуць (пра жывёл). На суседнім двары (мусіць, толькі прачнуўся), счуўшы чужых людзей, забрахаў сабака. Крапіва. Але дзе так схавацца, каб і пазіраць было зручна, і каб .. [казуля] не заўважыла або нюхам не счула? Ляўданскі.

4. што. Адчуць. Уніз, уніз! — не счуўшы болю. Уніз! — з грымотнага блакіту, Не на пасадачнае поле, А ў поле стоптанага жыта. Матэвушаў.

5. перан.; што і з дадан. сказам. Інтуітыўна адчуць, прадбачыць. А Бушмара і ў брата не знайшлі — счуўшы бяду, ён там застаўся прыхоўвацца. Чорны. Саўка зрабіў рашучае намаганне і сеў. Ён счуў — Бруй мае сказаць нешта такое, што варта паслухаць седзячы. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

know2 [nəʊ] v. (knew, known)

1. ве́даць;

as/so far as I know нако́лькі мне вядо́ма;

as you know як вам вядо́ма;

I wouldn’t know infml адку́ль мне ве́даць;

How do you know? Адкуль вы ведаеце?/Чаму вы так лічыце?

2. разуме́ць;

Do you know what I mean? Вы разумееце, што я маю на ўвазе?

3. быць знаёмым;

I know Mr Smith – he lives near me. Я ведаю пана Сміта – ён жыве недалёка ад мяне;

get to know знаёміцца;

I’m getting to know my neighbours. Я знаёмлюся з маімі суседзямі.

4. (by) пазнава́ць;

I knew him by his voice. Я пазнаў яго па голасе.

not know smb. from Adam infml зусі́м не ве́даць каго́-н.;

know smth. inside out ве́даць што-н. даскана́ла;

know smb. by sight ве́даць каго́-н. у твар (але не быць добра знаёмым);

Heaven/God/who knows infml бог/хто яго́ ве́дае

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

ужII

1. нареч. ужо́;

он уж не ма́ленький ён ужо́ не мале́нькі;

он уж давно́ здесь ён ужо́ даўно́ тут;

2. усилительная част. ужо́;

не так уж пло́хо не так ужо́ дрэ́нна;

о́чень уж мно́го де́ла ве́льмі ўжо шмат спраў (рабо́ты);

на что уж на што ўжо; кроме того, иногда переводится также другими част. и сочетаниями, в частности: (в знач. «право же») ужо́ ж.; (в знач. «уж и») ужо́ і;

уж я не зна́ю я ўжо і не ве́даю; (в сочетании с част. «вот» при восклицании) вось дык, вось гэ́та (дык) ужо́;

вот уж непра́вда! вось дык няпра́ўда!;

вот уж нет! вось гэ́та дык ужо́ не!; (при угрозе) вось, ж. (жа);

уж я тебя́ вось я табе́! я ж. табе́!

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

схава́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Пакласці так, каб нельга было знайсці; змясціць у патаемным месцы. На эмтээсаўскі двор прыгналі першы і пакуль што адзіны трактар, які ў пачатку вайны схаваў у лесе Кастусь Серада. Шахавец. У гэты ж дзень я схадзіў у лес, нарэзаў арэхавых вудзільнаў і схаваў іх за варыўнёй. Ляўданскі. // Прыкрыць што‑н. Адвярнуўшыся, моцна плакала Зіна. Яна схавала твар у хустку, каб не чуваць было рыданняў. Няхай. // перан. Не даць магчымасці каму‑н. заўважыць што‑н.; утаіць што‑н. (пачуцці, думкі і пад.). Схаваць радасць. Схаваць трывогу. Схаваць хваляванне. □ Употайку горка ён [Мікітка] плакаў, Каб слёзы схаваць ад людзей. Колас. Чаго ж маўчыш, сыночак? Што з табою? Ад маці не схаваеш дум сваіх. Прыходзька.

2. Пакласці, прыбраць куды‑н. для захаванасці. [Данік] узяў залатоўку, схаваў яе ў сумцы, тады ўжо сеў за стол і падсунуў да сябе місу з крупнікам. Брыль. [Арына] схавала ў шафу падарунак і заспяшалася на кухню. Карпаў. Сцёпка акуратненька злажыў Аленчын ліст і схаваў. Колас. // Даць чаму‑н. належнае месца. Дзед .. схаваў зброю за пояс. Лынькоў. — Маўчы, распусніца! — пані схавала ў сумачку люстэрка. Бажко.

3. Зрабіць нябачным, засланіўшы сабой. Дажджлівая заслона схавала ўсе горы. Маўр. Я нам няма ні шляхоў, ні дарог, Асака іх схавала і мох. Астрэйка. У паветры стаяла парнасць, хоць сонца ўжо схавалі хмары. Марціновіч. Хутка паварот дарогі схаваў постаці лыжнікаў ад вачэй настаўнікаў. Шыловіч.

4. Даць прыстанішча таму, хто хаваецца ад праследавання. Іх [разведчыкаў] .. шукалі ды так і не знайшлі толькі таму, што іх схавала старая жанчына. Брыль. Цяжка параненага Зыгмунта сябры схавалі ў маёнтку пані Касцялоўскай. Якімовіч.

5. Прыкрыць, засцерагчы ад чаго‑н. Схаваць ад рэзкага ветру. □ Як хутка дождж прагрымеў! Я не паспеў дабегчы нават — Цябе схаваць пад кроны дрэў, Пад іх аховаю ласкавай. Танк.

•••

Схаваць пад крыло — акружыць увагай, праявіць клопат аб кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыбра́ць, ‑бяру, ‑бярэш, ‑бярэ; ‑бяром, ‑бераце; заг. прыбяры; зак.

1. каго-што. Адзець прыгожа, лепш, чым звычайна. Прыбраць да шлюбу. □ — Прыбраць бы іх прыгожа, — сумна ўсміхаецца Люська, — якраз як сёстры Фёдаравы... Ракітны. // Пакрыць чым‑н. для ўпрыгожвання; упрыгожыць. Сцены прыбралі самымі прыгожымі дыванамі, якія ўмелі ткаць бярозаўскія жанкі. Васілевіч. З іх [дзяўчат] адна вянком удала Галаву сабе прыбрала. Танк. Мароз прыбраў, як майскай квеценню, Сады, палеткі і дамы. Астрэйка.

2. што і без дап. Прывесці ў парадак што‑н., навесці чысціню дзе‑н. Прыбраць у хаце. □ Старанна прыбрала.. [Ганна] кухню, змяла, выцерла кожную пылінку. Колас. Собіч даўно прыбраў стол, але чакаў, глянуўшы на Марыну: яна стаяла каля акна задумаўшыся. Скрыган.

3. што. Прыняць, зняць, знесці адкуль‑н. Прыбраць посуд са стала. Прыбраць камень з дарогі. □ Вясной перад іхнім домам разбілі газоны, заасфальтавалі тратуар, прыбралі хлуд. Лось. [Аканом] паклікаў усіх, хто забудаваўся з Гальвасавага лесу, і сказаў за лес заплаціць, а за самаўпраўства даць штраф. А хаты прыбраць з Гальвасавага поля. Чорны. // каго. Разм. Зняць, вызваліць. [Антон Васільевіч], відаць, дабіваецца, каб мяне прыбралі з пасады старшыні. Паслядовіч.

4. каго-што. Разм. Знішчыць, забіць. — Самі ведаеце, як тады жыццё наша калгаснае ішлося. Пабудовы спалены, зямля запушчана, ні цяпла, ні людзей... Усё вайна прыбрала. Сачанка. [Вінцук:] — Так то яно так, але поўзаюць жа па свеце такія гады. І не прыбярэ такую поскудзь ніхто. Машара. [Мікола-падпольшчык:] — Ваня, ты заставайся ў горадзе, прыбяры гада як мага хутчэй, пакуль ён не нарабіў бяды. Новікаў.

5. каго-што. Разм. Завалодаць чым‑н., прысвоіць каго‑, што‑н. Зямлю ж гектараў паўтара Прыбраў вясковы абдзірала, Прыслужнік панскага двара. Колас.

6. што. Разм. Сабраць (ураджай з поля, сена і пад.). — Збожжа прыбралі, азіміну пасеялі — чаму ж не пагасцяваць крыху ў добрага чалавека? Пянкрат. З поля прыбралі багаты ўраджай, сеялі жыта. Чорны. // Канчаткова зрабіць што‑н. на якой‑н. тэрыторыі. — Балота прыбралі ўжо? — Учора касілі ўсім сялом — скончылі! Краўчанка.

•••

Прыбраць да рук — а) захапіць сабе, прысвоіць; б) прымусіць каго‑н. быць паслухмяным. Вялая думка стала больш акрэсленай і перарасла ў рашэнне: прыбраць да рук гэтага.. ветрагона. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гэ́та

1. мест. указ., ж. и ср. э́та; э́то; см. гэ́ты;

2. в знач. сущ. э́то, то;

не г. я меў на ўва́зе — не э́то я име́л в виду́;

3. мест. указ. при отсутствующем сказ. э́то;

пра́ца — г. крыні́ца на́шага бага́цця — труд — э́то исто́чник на́шего бога́тства;

4. частица э́то;

хто г. гаво́рыць? — кто э́то говори́т?;

дзе г. ты прапада́ў? — где э́то ты пропада́л?;

як г. так? — как э́то так?;

5. частица усил. э́то;

што г. ён цяпе́р парабля́е? — что э́то он сейча́с поде́лывает?;

6. частица разг. (при припоминании забытого) бишь;

як г. яго́ заву́ць? — как бишь его́ зову́т?;

7. частица (в сочетании с частицей ж при восклицании) ведь;

г. ж вунь як ціка́ва! — ведь вот как интере́сно!;

г. зна́чыць — (сокращённо г.зн. —) союз пояснительный то есть (сокращённо т.е.);

вось г. я разуме́ю! — вот э́то я понима́ю!

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

вы́падак, ‑дку, м.

1. Тое, што здарылася, здарэнне; факт, з’ява. Выпадак з жыцця. □ З гэтым лесам было звязана ў мяне многа апавяданняў аб страхах і розных выпадках. Колас.

2. Пэўныя абставіны, стан рэчаў. [Ліда] ведала: у такіх выпадках самае галоўнае адбываецца ў першы момант. Пальчэўскі.

3. Зручны момант. Выпадак падвярнуўся сам і вельмі хутка. Васілевіч.

4. толькі адз. Тое, што не абумоўлена прычыннай залежнасцю; выпадковасць. Словам, тым самым шляхам выпадку, праз дзесяткі салдацкіх рук і торбаў, прыйшла да нас і Коласава паэма. Брыль.

•••

Ва ўсякім выпадку — пры любых абставінах.

З выпадку чаго — з прычыны якіх‑н. падзей, абставін.

На першы выпадак — для пачатку, для першага разу.

На ўсякі выпадак — на выпадак, калі спатрэбіцца.

Ні ў якім выпадку — ніколі, ні пры якіх умовах, ні за што.

У крайнім выпадку — калі не будзе іншага выхаду.

У лепшым выпадку — пры самых спрыяльных абставінах.

У тым выпадку, калі... — калі здарыцца так, што...

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папусці́ць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак.

1. што, у чым. Уступіць, адмовіцца ад чаго‑н. Я свайго не папушчу. □ Для Паходні касьба была першым сур’ёзным іспытам. Не дагледзець чаго, папусціць у дысцыпліне, пра якую вядзе размову штодня, — пойдзе так і ў жніво, і далей. Хадкевіч. // Разм. Тое, што і папусціцца (у 2 знач.). — О, як вы законы добра ведаеце, — сярдзіта крыкнуў Язэп, — скулу вам, а не штраф.. Гэта здзекі з мяне. Я не папушчу. Чарот.

2. што. Адпусціць, аслабіць, зрабіўшы даўжэйшым. Папусціць канцы вяроўкі. □ Я асцярожна ўзяў у рукі вудзільна і папусціў.. Але варта мне было аслабіць вуду, як паплавок кульнуўся і пайшоў на дно. Ляўданскі.

3. чым. Кінуць з размаху; запусціць. Папусціць каменем. □ [Чалавек] папусціў ламачынаю і якраз ўцэліў: востры сук сухой старадрэвіны разануў сабаку па баку. Чорны.

•••

Не папусціць у крыўду каго — тое, што і не даць у крыўду каго (гл. даць).

Папусціць лейцы — паслабіць увагу, патрабаванне, пільнасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лама́ць, ламлю, ломіш, ломіць; пр. ламаў, ламала; заг. ламі; незак., каго-што.

1. Згінаючы, удараючы з сілай, аддзяляць часткі чаго‑н. або раздзяляць што‑н. на часткі; крышыць. На балоце нікнуць лозы, Вецер ломіць гай. Колас. Капельмайстар узяў з абознай фурманкі паўбулкі хлеба і ламаў яе па кавалку таварышам. Брыль. / у безас. ужыв. Ад ракі далятаў няроўны гул: ламала лёд па парогах. Савіцкі.

2. Пашкоджваць часткі цела, косці; нявечыць, калечыць. Ламаць крылы. Ламаць рэбры.

3. Здабываць, разбіваючы, разломваючы якой‑н. прыладай. Ламаць вапняк ломам.

4. Разбіваючы, разбураючы, даводзіць да непрыгоднасці, псаваць. Ламаць плот. Ламаць дзверы. // перан. Парушаць, змяняць без патрэбы. Ламаць план. □ [Начальнік:] — Будзеш ведаць, як саставы затрымліваць, графікі ламаць. Нядзведскі.

5. (ужываецца звычайна ў форме інфінітыва або прошлага часу); перан. Разбураць, знішчаць што‑н. аджыўшае, традыцыйнае, прывычнае. Гістарычны прагрэс народных мас ламаў векавыя асновы, разбураючы ўсё тое, што перашкаджала руху наперад. Пшыркоў. Старую тэхналогію нам трэба ламаць неадкладна. «Звязда». // Рэзка, крута змяняць (характар, прывычкі, паводзіны чалавека). [Карызна:] — Трэба ламаць сябе, трэба выкрышваць з сябе гэтыя закамянелыя парасці дробнабуржуазнай псіхікі. Зарэцкі. // Разбураць, змяняць у горшы бок. Ламаць сям’ю. □ [Ляшчэня:] А можа сапраўды не трэба ламаць жыццё, калі кахаеце адзін другога? Губарэвіч.

6. (1 і 2 ас. не ужыв.); перан. Выклікаць хваравітае адчуванне ламоты. Гуло, звінела ў галаве, і рэзкі, тугі боль ламаў паясніцу. Сачанка. / у безас. ужыв. Было так ціха, што ламала скроні. Мележ.

7. Разм. Запрашваць за што‑н. высокую цану. Калі якая баба і вынесе на рынак кухан або піражок.., дык ломіць за яго без .. сораму і сумлення. Мехаў.

•••

Ламаць галаву над чым — біцца над рашэннем якой‑н. задачы, якога‑н. пытання; старацца зразумець што‑н. Доўга трымаў .. [генерал] Сцяпанава на сваім камандным пункце. Ламаў галаву, што зрабіць з гэтым вісусам. Алешка. Ніколі .. [Лене] яшчэ не даводзілася так ламаць галаву над жыццёвымі пытаннямі. Няхай.

Ламаць (разыгрываць) камедыю — прыкідвацца перад кім‑н., крывадушнічаць.

Ламаць коп’і — спрачацца аб чым‑н.; з запалам адстойваць што‑н., змагацца за што‑н.

Ламаць рукі (пальцы) — аб жэсце, якім выражаецца вялікае гора, ўзрушэнне. Што ж гэта будзе?.. — ламала сабе рукі маладзіца. Нікановіч.

Ламаць хрыбет каму — пераадольваць каго‑н. у барацьбе.

Ламаць шапку перад кім — уніжацца, ліслівіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)